Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс)
dewizowy
dewizow|y
валютны;
dochody ~e — валютныя даходы;
gospodarka ~a — валютная гаспадарка;
polityka ~a — дэвізная (валютная) палітыка
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
БРО́КЕР (англ. broker),
пасрэднік пры заключэнні здзелак паміж зацікаўленымі бакамі — кліентамі. Ролю брокера выконваюць асобы, фірмы і арг-цыі, якія найчасцей дзейнічаюць па даручэнні і за кошт кліента (могуць дзейнічаць і ад свайго імя), атрымліваюць плату ў выглядзе камісійных (пэўнага працэнта ад сумы здзелак).
Брокеры бываюць: біржавыя (ажыццяўляюць пасрэдніцкія аперацыі з каштоўнымі памерамі і таварамі на біржах), страхавыя (знаходзяць кліентам патрэбную фірму паводле пэўнага віду страхавання), суднавыя (арганізуюць заключэнне дагавораў па фрахтаванні суднаў), валютныя (купля-продаж замежных валют). Могуць аказваць кліентам і дадатковыя паслугі (у вывучэнні рынку, у рэкламе, даваць крэдыты). Брокера на фондавых біржах Вялікабрытаніі наз. сток-брокер, на англасакскіх біржах — джобер. Пасрэднікі, якія з’яўляюцца членамі фондавых біржаў і займаюцца перапродажам каштоўных папер, наз. дылерамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
сукупнасць эканам., прававых і арганізац. мерапрыемстваў дзярж. органаў, цэнтр. банкаўскіх і фінансавых устаноў у сферы валютных адносін з мэтай уздзеяння на плацежны баланс, валютныя курсы, канкурэнтаздольнасць нац. вытв-сці; састаўная частка эканам. палітыкі краіны. Валютная палітыка бывае бягучая і доўгатэрміновая. Бягучая мае на мэце аператыўнае рэгуляванне валютна-рыначнай кан’юнктуры і дзейнасці валютнага рынку, забеспячэння ўпарадкаванага функцыянавання механізмаў нац. і сусв.валютных сістэм; ажыццяўляецца пераважна ў 2 формах: дыскантнай (змена ўліковай стаўкі працэнта для ўздзеяння на аб’ём крэдыту ў краіне, тэмпы інфляцыі, стан плацежнага балансу і валютны курс) і дэвізнай (рэгуляванне валютнага курсу з дапамогай валютнай інтэрвенцыі і валютных абмежаванняў). Мэта доўгачасовай валютнай палітыкі — ажыццяўленне структурных змен у міжнар. валютным механізме (роля золата, рэзервовых валют, СДР і інш. лікавых адзінак у міжнар. разліках, рэжым валютных парытэтаў і курсаў і інш.); рэалізуецца перагаворамі краін на рэгіянальным узроўні і міждзяржаўнымі (найперш у межах міжнар. валютнага фонду).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НКАЎСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ,
аперацыі, што ажыццяўляюць банкі пры выкананні сваіх функцый. Бываюць пасіўныя (па фарміраванні рэсурсаў банка), актыўныя (па размяшчэнні гэтых рэсурсаў) і пасрэдніцкія (камісійныя).
Найб. пашыраныя з банкаўскіх аперацый: дэпазітныя (па залучэнні грашовых сродкаў ва ўклады ў банк ці пераводзе наяўных сродкаў банка ва ўклады ў інш. банках), крэдытныя (па прадастаўленні крэдыторам пазыкі пазычальніку), разліковыя (паслугі па разліках, пераводах па даручэнні кліента, афармленні плацежных дакументаў, выпісак з рахункаў і інш.), валютныя (па афармленні здзелак з валютнымі каштоўнасцямі), эмісійна-касавыя (звязаныя з выпускам грошай, каштоўных папераў, арганізацыяй іх абарачэння, выдачай і прыёмам наяўных грошай), фондавыя (аперацыі з каштоўнымі паперамі), факторынгавыя (па набыцці грашовых запатрабаванняў, перадачы права банку на спагнанне даўгоў з плацельшчыка), траставыя, ці даверныя (па распараджэнні маёмасцю або грашовымі сродкамі кліента паводле яго даручэння), інвестыцыйныя (па доўгачасовым крэдытаванні прадпрыемстваў і насельніцтва, укладванні сродкаў у каштоўныя паперы, удзел у інвестыцыйнай дзейнасці юрыдычных асоб у ролі інвестараў, укладчыкаў, крэдытораў), лізінгавыя (калі банк выступае арэндадаўцам ці пасрэднікам паміж арэндадаўцам і арандатарам, крэдытуе лізінгадаўцу і выступае гарантам здзелкі), залогавыя (па крэдытаванні пад залог рухомай і нерухомай маёмасці, каштоўных папераў), міжбанкаўскія (аперацыі на дагаворнай аснове паміж банкамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ,
найбольш цяжкія злачынствы, якія пасягаюць на важнейшыя інтарэсы дзяржавы. Паводле КК Рэспублікі Беларусь падзяляюцца на асабліва небяспечныя і іншыя. Асабліва небяспечнымі закон прызнае дзеянні (або бяздзеянні), якія накіраваны на звяржэнне, падрыў або паслабленне дзярж. ладу Рэспублікі Беларусь, на шкоду яе суверэнітэту, тэр. недатыкальнасці, абараназдольнасці. Да іх адносяцца здрада дзяржаве, змова з мэтай захопу дзярж. улады, шпіянаж, тэрарыстычныя акты, дыверсія, заклікі да звяржэння або змены канстытуцыйнага ладу дзяржавы або на ўчыненне асабліва небяспечных З.дз., прапаганда вайны, арганізацыйная дзейнасць, накіраваная на ўчыненне асабліва небяспечных З.дз., а таксама ўдзел у антыдзярж. арг-цыі. Да інш. З.дз. адносяцца парушэнне нац. і расавага раўнапраўя, выдаванне дзярж. тайны, страта дакументаў, якія змяшчаюць дзярж. тайну, перадача замежным арг-цыям звестак, якія складаюць службовую тайну, бандытызм, кантрабанда, масавыя беспарадкі, ухіленне ад прызыву на ваен. службу, мабілізацыі, выканання ў ваен. час павіннасцей ці выплаты падаткаў, незаконнае перасячэнне дзярж. граніцы, парушэнне правіл міжнар. палётаў, бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту, пашкоджанне шляхоў зносін і трансп. сродкаў, валютныя злачынствы і інш. За асабліва небяспечныя З.дз. (здрада, шпіянаж, дыверсія, бандытызм і інш.) суд можа назначыць смяротную кару. За некаторыя З.дз. прадугледжана пазбаўленне волі на непрацяглыя тэрміны, а ў некаторых выпадках — папраўчыя работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць грашова-крэдытных адносін, што склаліся на аснове інтэрнацыяналізацыі вытв.-гасп. дзейнасці, развіцця сусв. рынку і замацаваны ў дагаворных і дзяржаўна-прававых нормах. Бывае нац., сусв. і міжнар. (рэгіянальная). Нац. Валютная сістэма — сукупнасць эканам., грашова-крэдытных адносін, мэта якіх забяспечыць функцыянаванне валюты для знешнеэканам. сувязяў краіны; форма арганізацыі і рэгулявання валютных адносін на аснове заканадаўчых актаў і міждзярж. пагадненняў краіны. Асн. яе элементы: нац.валюта, аб’ём і састаў валютных рэзерваў, умовы канверсаванасці, парытэт і курс нац. валюты, валютнае рэгуляванне і кантроль, асн. формы і метады валютных абмежаванняў, рэгламентацыя выкарыстання міжнар. крэдытных сродкаў абарачэння, рэжым нац. валютнага рынку, статус органаў па рэгуляванні валютных адносін краіны. Сусв. Валютная сістэма — сукупнасць валютна-эканам. адносін, абумоўленых сусв.гасп. сувязямі. Асн. элементы: пэўны набор міжнар. плацежных сродкаў (нац., замежныя і калектыўныя міжнар. валюты), умовы канверсаванасці і абмену валют (уключаючы валютныя курсы і парытэты), уніфікацыя і рэгламентацыя формаў і правіл выкарыстання міжнар. плацежных сродкаў, крэдытавання і разлікаў, рэжым сусв. валютных рынкаў і рынкаў золата, міжнар. арг-цыі па міжнар. валютным рэгуляванні.
З 19 ст. ў аснове сусв. валютнай сістэмы быў «залаты стандарт» (курс і вартасці валют вызначаліся колькасцю ў іх золата), які з 1913 пачаў разбурацца. У 1944 распрацаваны прынцыпы брэтанвудскай сусв. валютнай сістэмы, ці золата-валютнага стандарту (устанаўленне цвёрдых валютных курсаў на аснове золата і долара ЗША), існавала да 1971—73. Сучасная (ямайская) сусв. валютная сістэма дзейнічае з 1976 (поўная дэманетызацыя золата, пераход да выкарыстання ў якасці сусв. грошай нац. валют і міжнар. разліковых грашовых адзінак ЭКЮ і СДР), мае на мэце права выбару краінай рэжыму валютнага курсу, прызнанне сістэмы плаваючых валютных курсаў, захаванне за золатам ролі фонду ліквіднасці актываў і яго куплю-продаж па рыначных цэнах. Існуе таксама міжнар. (рэгіянальная) валютная сістэма, якая аб’ядноўвае некалькі краін-удзельніц (напр., Еўрапейскі валютны саюз) і мае некаторыя адметныя элементы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РЖА (ням. Börse ад грэч. byrsa кашалёк),
форма рэгулярна дзеючага аптовага рынку заменных тавараў, каштоўных папер і замежнай валюты. Адпаведна бываюць таварныя біржы, фондавыя біржы і валютныя біржы. Сама біржа не выступае ў якасці аднаго з бакоў у гандл. аперацыях, а толькі забяспечвае найб. спрыяльныя ўмовы для гэтых аперацый: устанаўлівае для ўсіх удзельнікаў агульныя прынцыпы заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння кантрактаў і прадастаўляе месца для іх заключэння ў пэўны час. Членамі біржы могуць быць толькі пэўныя асобы, у т. л. давераныя прадстаўнікі кампаній. Кіруе біржай савет дырэктараў, якому падначалены розныя камітэты (фін., арбітражны і інш.). Пасрэднікам паміж пакупнікамі і прадаўцамі выступаюць брокеры — пэўныя асобы ці фірмы (брокерскія канторы). Біржавыя органы ажыццяўляюць біржавую каціроўку — рэгіструюць курс валют і каштоўных папер, цэнаў на тавары, што стыхійна склаліся на біржы. Кожная біржа вядзе ўлік і сістэматызацыю такіх каціровак і публікуе іх у спец. бюлетэнях. Біржавая каціроўка — адзін з паказчыкаў біржавай кан’юнктуры, індыкатар дзелавой актыўнасці ў розных сектарах эканомікі.
Зачаткі таварнай і вэксальнай (валютнай) біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у гарадах Італіі (Венецыя, Генуя, Фларэнцыя). Важнымі этапамі ў развіцці біржавага гандлю стала заснаванне Антверпенскай (1531) і Амстэрдамскай (1608) біржаў. У Расіі першая біржа засн. ў 1705 у Санкт-Пецярбургу. Росквіт біржавай дзейнасці прыпадае на 2-ю пал. 19 ст. і звязаны з развіццём капіталіст. вытв-сці, транспарту, сувязі, гандлю і акц. т-ваў. На сучасным этапе пераважная частка біржавага абароту сканцэнтравана ў вядучых гандл. і фін. цэнтрах ЗША, Вялікабрытаніі і Японіі (больш за 90% аб’ёму біржавых здзелак з таварамі ў вартасным выражэнні, з іх больш за 80% прыпадае на ЗША, дзе знаходзіцца гіганцкая фондавая біржа ў Нью-Йорку).
На Беларусі ў пач. 20 ст. існавалі 2 біржы, якія спынілі дзейнасць у 1-ю сусв. вайну. У 1920-я г. біржавы гандаль аднавіўся, але ў 1927 ліквідаваны. Аднаўленне біржы як адной з найважнейшых структур рыначнай эканомікі пачалося ў 1991.