ЗІМО́ВЫЯ ВІ́ДЫ СПО́РТУ,
віды спорту (спарт. гульняў) на каньках, лыжах і рознага тыпу санках, спаборніцтвы па якіх праводзяцца на лёдзе і снезе. Да З.в.с. належаць: біятлон, бобслей, буерны спорт, гарналыжны спорт, канькабежны спорт, лыжны спорт, санны спорт, фігурнае катанне на каньках, фрыстайл, хакей з мячом, хакей з шайбай.
Існуюць нац. З.в.с.: гонкі на аленевых і сабачых запрэжках, кёрлінг і інш. Вельмі пашыраны мотагонкі на лёдзе. Найб. развіццё З.в.с. атрымалі ў многіх краінах Еўропы, у т. л. на Беларусі, таксама ў Расіі, ЗША, Канадзе, Японіі і інш. Па З.в.с. праводзяцца сусв. і еўрап. чэмпіянаты, першынствы краін. З 1924 арганізуюцца зімовыя алімпійскія гульні.
т. 7, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,
спаборніцтвы на лыжах, адзін з зімовых відаў спорту. Уключае лыжныя гонкі, скачкі на лыжах з трампліна, лыжнае дваябор’е, гарналыжны спорт, біятлон, фрыстайл, таксама спарт. арыентаванне на лыжах, спуск на скорасць, паралельны слалам, спуск на адной лыжы, палёты на лыжах з трампліна, зімовы віндсёрфінг, лыжнае дваябор’е-спрынт, камандная гонка біятланістаў, лыжны балет і інш.
Першыя спаборніцтвы па Л.с. адбыліся ў Нарвегіі (1767). Л.с. сфарміраваўся ў канцы 19 — пач. 20 ст. Міжнар. лыжная федэрацыя (ФІС) заснавана ў 1924. У Расіі першыя спаборніцтвы па Л.с. адбыліся ў 1894 (С.-Пецярбург). Праводзяцца спаборніцтвы па Л.с.: зімовыя Алімпійскія гульні (з 1924), чэмпіянаты свету (з 1929; з 1950 — раз у 4 гады) і інш.
На Беларусі першыя аматарскія гурткі па Л.с. створаны ў пач. 1920-х г. у Віцебску. Першы чэмпіянат адбыўся ў 1928. Нац. федэрацыя Л.с. створана ў 1992. Гал. база падрыхтоўкі — рэсп. спарт. комплекс «Раўбічы».
т. 9, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЫНА́МА»,
беларускае фізкультурна-спарт. т-ва. Аб’ядноўвае супрацоўнікаў і ваеннаслужачых Мін-ва ўнутр. спраў, Камітэта дзярж. бяспекі, мытні, пагран., унутр. войск, навуч. устаноў. Арганізавана ў 1923. Культывуецца 20 алімп. відаў спорту. Мае калектывы «Юны дынамавец», «Юны сябра міліцыі», «Юны сябра пажарных», падлеткавыя клубы. Падрыхтаваны 61 засл. майстар спорту, 280 майстроў спорту міжнар. класа, 2312 майстроў спорту. Выхаванцы «Д.» заваявалі 57 алімп. медалёў, з іх 22 залатыя, і 891 медаль на Кубках, чэмпіянатах, першынствах свету і Еўропы. Найб. вядомыя выхаванцы: Т.Самусенка, А.Бялова, А.Раманькоў (фехтаванне), У.Парфяновіч, В.Рэнейскі, У.Раманоўскі, А.Масяйкоў (веславанне), Л.Петрык (спарт. гімнастыка), М.Лобач (маст. гімнастыка), В.Яноўскі (бокс), І.Шылава, К.Лукашык (кулявая стральба), А.Партноў (скачкі ў ваду), А.Папоў (біятлон) і інш. Званне «Заслужаны трэнер» маюць 246 чал. Спарт. базы: стадыён «Дынама», комплекс з лёгкаатлетычным манежам, спецыялізаваныя спартзалы і аднаўленчыя цэнтры ў Мінску, Гомелі, Брэсце, базы ў Стайках і Раўбічах.
Дз.А.Ашмянскі.
т. 6, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)