БЛОК НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ МЕ́НШАСЦЯЎ,

аб’яднанне паліт. партый і арг-цый нац. меншасцяў у Польшчы ў 1922—28. Створаны для сумеснай дзейнасці напярэдадні выбараў у сейм і для работы ў ім. У блок уваходзіў і Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт. На выбарах у сейм у 1922 атрымаў 1398 тыс. (16%) галасоў, 66 пасольскіх і 22 сенатарскія мандаты. У Зах. Беларусі за кандыдатаў блока было аддадзена 286 тыс. (28%) галасоў. Па спісе блока ў сейм прайшлі 11 дэпутатаў-беларусаў, у сенат — 3 сенатары (А.​Аўсянік, В.​Багдановіч, С.​Баран, У.​Каліноўскі, М.​Кахановіч, П.​Мятла, А.​Назарэўскі, В.​Рагуля, С.​Рак-Міхайлоўскі, А.​Станкевіч, Б.​Тарашкевіч, А.​Уласаў, С.​Якавюк, Ф.​Ярэміч) і ўтвораны Беларускі пасольскі клуб.

т. 3, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ ВЕРШ,

у франц. паэзіі — 12-складовы верш з націскам на 6-м і 12-м складах, цэзурай пасля 6-га склада і парнай рыфмоўкай; у ням. і рус. вершаскладанні перадаецца 6-стопным ямбам з цэзурай пасля 3-й стапы. Назву звязваюць з франц. паэмай пра Аляксандра Македонскага (12 ст.), напісанай такім вершам. У рус. паэзію александрыйскі верш увёў В.​Традзякоўскі, асаблівае пашырэнне атрымаў у творчасці А.​Пушкіна. У бел. паэзіі александрыйскім вершам карыстаўся М.​Багдановіч (вершы «Перапісчык», «Летапісец»).

т. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІКЕ́ЙЧЫК (Анатоль Аляксандравіч) (11.7.1932, г. Барысаў — 3.2.1989),

бел. скульптар, педагог. Нар. мастак Беларусі (1972). Праф. (1981). Скончыў Бел. тэатр. маст. ін-т (1959; вучань А.А.Бембеля і А.К.Глебава), выкладаў (з 1978) у гэтым ін-це. Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Для яго творчасці характэрна імкненне да гісторыка-рамант. трактоўкі тэм і вобразаў: помнікі землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну ў в. Хвойнікі Чэрвеньскага р-на (1967), М.​Ф.​Гастэлу і яго экіпажу каля г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на (1976), А.​М.​Матросаву ў в. Чарнушкі на Пскоўшчыне (1978, у сааўт.); фантаны «Юнацтва» каля касцёла на пл. Незалежнасці і «Купалінкі» ў парку імя Я.​Купалы ў Мінску (1972). Стварыў значныя творы на тэму Вял. Айч. вайны — мемарыялы «Прарыў», «Праклён фашызму». Вял. месца ў творчасці Анікейчыка займаў вобраз Я.​Купалы: надмагілле паэта (1971, з А.​Заспіцкім) на Вайсковых могілках у Мінску, помнікаў у Мінску (1972, з Л.​Гумілеўскім, Заспіцкім; Дзярж. прэмія Беларусі 1974), у Ляўках Аршанскага р-на (1982), бронзавы бюст (1973) у Араў-парку ў Нью-Йорку, кампазіцыя «Восень паэта» (1980). Стварыў кампазіцыю «Сны пра Радзіму. М.​Багдановіч» (1981), партрэты Л.​Бетховена (1968), П.​М.​Машэрава, кампазітара Л.​Гідравічуса (абодва 1980), Г.​Ахматавай (1982); надмагіллі С.​В.​Прытыцкага (1975), М.​Лынькова (1978), П.​М.​Машэрава (1983), У.​Караткевіча (1986). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967.

Літ.:

Крэпак Б.А. А.​А.​Анікейчык. Мн., 1980.

Э.​Л.​Петэрсон.

А.А.Анікейчык.
А.Анікейчык. Сны пра Радзіму. М.​Багдановіч. 1981.

т. 1, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМІ́ЧНАЯ ГЕАЛО́ГІЯ,

адзін з кірункаў геалогіі, што вывучае знешнія і ўнутр. геал. працэсы, якія бесперапынна змяняюць састаў, структурна-тэкстурныя асаблівасці горных парод, будову зямной кары і формы зямной паверхні. З Д.г. вылучыліся асобныя галіны ведаў: тэктоніка, вулканалогія, сейсмалогія, геамарфалогія і інш. Найважнейшыя метады Д.г. — назіранне сучасных геал. працэсаў і іх мадэліраванне ў лабараторных умовах. Як навука ўзнікла ў 19 ст. Вял. ўклад у развіццё Д.г. зрабілі вучоныя англ. Ч.​Лаель, аўстрыйскі Э.​Зюс, рас. К.​І.​Багдановіч, І.​В.​Мушкетаў, У.​А.​Обручаў, У.​У.​Белавусаў, Ю.​Д.​Буланжэ, В.​Я.​Хаін і інш., бел. Р.​Я.​Айзберг, З.​А.​Гарэлік, Р.​Г.​Гарэцкі, Г.​У.​Зінавенка, В.​С.​Канішчаў, Г.​І.​Каратаеў, Э.​А.​Ляўкоў, А.​В.​Мацвееў і інш.

т. 6, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТО́РЫН (сапр. Хаймовіч) Фелікс Барысавіч

(н. 5.2.1948, Мінск),

бел. паэт, перакладчык. Піша на бел. і яўр. (ідыш) мовах. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1972). Працуе ўрачом. Друкуецца з 1968. Аўтар паэт. зб-каў «Раніца» (1981), «Зялёны тралейбус» (1986), «Я дрэва пасадзіў» (1991). У баладах адлюстраваў гіст. асоб (лагойскі граф Тышкевіч, М.​Гусоўскі, В.​Вашчыла, С.​Налівайка, К.​Каліноўскі, А.​Вярыга-Дарэўскі, М.​Багдановіч і інш.), эпізоды бел. гісторыі. На бел. мову перакладае паэзію і прозу з рус., ням. і ідыш.

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

відне́ць, ‑ее; незак.

1. безас. Світаць; святлець. На ўсходзе ўжо віднела. □ [Тодар:] — А цяпер мне ўжо і на дамоўку пара, скора віднець пачне. Кулакоўскі.

2. Віднецца, станавіцца відным, бачным. Віднеюць неба, горы, поле Праз лісцяў сець. Багдановіч. А там далей доўгі шнур віднее з жытцом. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАРЫСЁНАК (Барыс Васілевіч) (н. 22.7.1934, г. Беразіно Мінскай вобл.),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1956). Працуе ў Т-ры юнага гледача Беларусі. Яго мастацтва адметнае арганічнасцю, мяккасцю, пластычнай выразнасцю і дакладнасцю знешняга малюнка роляў: Максім Багдановіч («Зорка Венера» М.​Алтухова і Б.​Бур’яна), Адась, Васіль («Папараць-кветка» і «Над хвалямі Серабранкі» І.​Козела), Максім Кутас («Прымакі» Я.​Купалы ў спектаклі «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець...»), Бобчынскі («Рэвізор» М.​Гогаля), а таксама ролі ў спектаклях-казках. Удзельнічае ў тэле- і радыёпастаноўках.

т. 2, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛЬНІК,

від верша, своеасаблівая пераходная форма ад сілаба-танічнай да танічнай сістэм вершаскладання. У ім выяўляецца чаргаванне моцных націскаў (іктаў) і міжіктавых інтэрвалаў. Колькасць іктаў у радках звычайна ўрэгулявана, міжнаціскныя ж інтэрвалы не аднолькавыя (1,2 склады), могуць быць пропускі іктаў. Калі колькасць т.зв. адступленняў ад памеру нязначная, Д. набліжаецца да сілаба-танічнага верша, калі іх колькасць павялічваецца — да танічнага. Аналагічныя віды верша існуюць у англ., ням., рус. і інш. паэзіях. У бел. паэзіі Д. карысталіся Цётка, М.​Багдановіч, Я.​Колас, А.​Куляшоў, П.​Панчанка, У.​Караткевіч і інш.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬМА́ЕВА (Людміла Міхайлаўна) (н. 3.8.1946, Мінск),

бел. плакатыст, графік, жывапісец. Скончыла Дзярж. маст. ін-т Эстоніі (1973). Выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це (1975—92). Стварыла шэраг тэатр. і грамадска-паліт. плакатаў («Не тапчы!», 1975; «Рукі залатыя», 1976; «Паўлінка», 1979; «М.​Багдановіч», 1981; «Мастацкія промыслы Беларусі», 1983), афіш да спектакляў бел. т-раў. Працуе і ў станковай графіцы. Акварэлі адметныя тонкім каларыстычным вырашэннем, псіхалагічнасцю (серыя «Аголеныя», 1990-я г.). Жывапісныя творы вызначаюцца складанай маст. тэхнікай: серыі «Казкі на паліцы», «Цырк», «Музыкі» і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

Л.Кальмаева. Цырк. 1996.

т. 7, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЙ-ХМА́РА (Міхайла) (сапр. Драй Міхайла Панасавіч; 10.10.1889, с. Малыя Каніўцы Чаркаскай вобл., Украіна — 19.1.1939),

укр. паэт, перакладчык, літ.-знавец. Скончыў Кіеўскі ун-т (1913), дзе ў 1926—33 быў прафесарам. У 1935 рэпрэсіраваны. Загінуў на Калыме. Аўтар зб. вершаў «Прорасць» (1926), манаграфіі «Леся Украінка» (1926), даследаванняў па гісторыі ўкр., серб., польск., бел. л-р. Пераклаў на ўкр. мову вершы і паэмы А.​Пушкіна, М.​Лермантава, А.​Міцкевіча, П.​Верлена, Ш.​Бадлера, карэла-фінскі эпас «Калевала» і інш., зб. М.​Багдановіча «Вянок» (1929). Аўтар арт. «Паэт беларускага адраджэння Максім Багдановіч» (1928), «Жыццё і творчасць Максіма Багдановіча» (1929), «Фрагменты Мінскага пергаментнага апракаса XIV ст.» (1931).

Тв.:

Вибране. Київ, 1989.

Літ.:

Рагойша В. І нясе яна дар... Мн., 1977. С. 141—146.

В.​А.​Чабаненка.

т. 6, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)