ВЫРАША́ЛЬНЫ ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК у аналагавых вылічальных машынах,

узмацняльнік пастаяннага току з ланцугамі адмоўнай адваротнай сувязі. Прызначаны для выканання матэм. аперацый (напр., складання, інтэгравання, дыферэнцыравання) над аналагавымі велічынямі. Пры нелінейных ланцугах адваротнай сувязі дае магчымасць выконваць нелінейныя аперацыі (падвышэнне да ступені, множанне, лагарыфмаванне). Вырашальны ўзмацняльнік без ланцугоў адваротнай сувязі наз. аперацыйным узмацняльнікам (мае каэфіцыент узмацнення больш за 10​6; выпускаецца ў выглядзе інтэгральнай схемы). Выкарыстоўваецца таксама ў сістэмах аўтаматыкі, радыё- і вымяральнай тэхнікі.

т. 4, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кі́барг

[ад кіб(ернетыка) + арг(анізм)]

прыстасаванне, у якім у пэўнай меры здзейснены сімбіёз фізічных і інтэлектуальных здольнасцей чалавека і тэхнічных сродкаў аўтаматыкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КРУ́ГЛІКАЎ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 26.8.1933, в. Яблачнае Хахольскага р-на Варонежскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне аўтаматыкі. Д-р тэхн. н. (1978), праф. (1980). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча ППА (1956). З 1956 у Ваен. акадэміі Беларусі. Навук. працы па аўтаматызаваных сістэмах кіравання зенітных войск, распрацоўцы аптымальных адаптыўных сістэм.

Тв.:

Самонастраивающиеся системы управления с эталонными моделями. Мн., 1970 (разам з Я.​А.​Санкоўскім); Справочное пособие по теории систем автоматического регулирования и управления. Мн., 1973 (у сааўт.).

т. 8, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОТЛААГРЭГА́Т,

комплекс устройстваў для атрымання пад ціскам пары або гарачай вады за кошт спальвання паліва. Складаецца з топачнай камеры і газаходаў, у якіх размешчаны паверхні нагрэву (параперагравальнік, вадзяны эканамайзер, паветранагравальнік). Бываюць з шматразовай натуральнай або прымусовай цыркуляцыяй і праматочныя. Выкарыстоўваюцца на цеплавых электрастанцыях, у прамысл. і ацяпляльных кацельных, у суднавых і інш. кацельных устаноўках. У энергет. К. для павышэння эканамічнасці выкарыстоўваюцца схемы з другасным (прамежкавым) перагрэвам пары. Аснашчаны сродкамі аўтаматыкі, прыладамі і прыстасаваннямі кантролю, кіравання і аховы. Гл. таксама Паравы кацёл.

т. 8, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДРА́ЎЦАЎ (Іван Фёдаравіч) (н. 10.3.1922, в. Лезвіна Аленінскага р-на Цвярской вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне электратэхнікі і аўтаматыкі. Д-р тэхн. н. (1968), праф. (1969). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1987). Скончыў Маскоўскі ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1948). З 1957 у Бел. агр. тэхн. ун-це. Распрацаваў бескантактавыя сістэмы кіравання с.-г. электрапрыводам, тэарэт. асновы энергазберажэння ў с.-г. электрапрыводных устаноўках.

Тв.:

Электрооборудование и автоматизация сельскохозяйственных агрегатов и установок. М., 1988 (у сааўт.).

Л.​В.​Бароўка.

т. 8, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́МПАВАЯ СТА́НЦЫЯ,

комплекс збудаванняў, машын, прыстасаванняў для напорнага перамяшчэння вадкасцей. Звычайна ўключаюць прыёмныя збудаванні (водазабор), усмоктвальныя і напорныя трубаправоды, помпы, рухавікі, пускавое, ачышчальнае і размеркавальнае абсталяванне, сродкі аўтаматыкі і тэлекіравання. Бываюць наземныя, заглыбленыя (ніжэй узроўню зямлі), глыбокія (шахтавага тыпу) і плывучыя (на пантонах, баржах); стацыянарныя і перасоўныя (самаходныя, прычапныя, навясныя), якія выкарыстоўваюцца пераважна для падачы вады ў дажджавальныя машыны і ўстаноўкі.

Перасоўная помпавая станцыя: 1 — усмоктвальны трубаправод; 2 — помпа з рухавіком; 3 — разборны напорны трубаправод; 4 — эжэктар для запаўнення ўсмоктвальнай лініі.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тэлеаўтама́тыка

(ад тэле- + аўтаматыка)

галіна аўтаматыкі, якая ахоплівае тэорыю і прынцыпы пабудовы сістэм кіравання з выкарыстаннем метадаў і сродкаў тэлемеханікі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БРЫШ (Аркадзь Адамавіч) (н. 14.5.1917, Мінск),

савецкі вучоны ў галіне прыладабудавання. Д-р тэхн. н. (1958), праф. (1965). Герой Сац. Працы (1983). Скончыў БДУ (1940). З 1941 у Ін-це хіміі АН БССР, з 1944 у навук. установах Масквы, з 1964 гал. канструктар Усерас. НДІ аўтаматыкі. Навук. працы па выбуховых працэсах і ўзбуджэнні дэтанацыі, па распрацоўцы спец. метадаў даследавання хуткапераменных працэсаў і нейтронным ініцыіраванні атамных зарадаў. Дзярж. прэмія СССР 1955, Ленінская прэмія 1960.

Літ.:

Военные судьбы: Сотрудники АН Беларуси — участники Великой Отеч. войны. Мн., 1995. С. 16.

М.​У.​Токараў.

А.А.Брыш.

т. 3, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБНА́,

горад у Расіі, у Маскоўскай вобл., на р. Волга, пры ўпадзенні р. Дубна. Засн. ў 1956. 67,4 тыс. ж. (1992). 2 чыг. станцыі. Іванькаўская ГЭС. Каля Д. пачынаецца канал імя Масквы. Філіял НДІ ядз. фізікі Маскоўскага ун-та, філіял Маскоўскага ін-та радыётэхнікі, электронікі і аўтаматыкі. Аб’яднаны ін-т ядз. даследаванняў, засн. ў 1956 на падставе пагаднення, падпісанага 10 краінамі-заснавальнікамі (мэтай стварэння ін-та было ажыццяўленне супольных тэарэт. і эксперым. прац у галіне фізікі высокіх энергій; ін-т мае сінхрацыклатрон і сінхрафазатрон).

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЧЫ́ЛЬНІК,

1) лічбавы механізм, з дапамогай якога выконваюцца арыфм. аперацыі. Мае сістэму зубчастых колаў (аднаразрадных рэгістраў), злучаных міжразраднымі пераносамі. Пры запаўненні аднаго разраду бліжэйшы вышэйшы рэгістр павялічвацца на 1, а дадзены пераводзіцца ў нулявое становішча. Выкарыстоўваюцца ў прам-сці, на транспарце, у камунальнай гаспадарцы для ўліку работы розных машын і прылад, падліку колькасці рэчыва, энергіі, пройдзенага шляху і інш. Гл. таксама Лічыльнік электрычны.

2) Прылада для рэгістрацыі імпульсаў у розных сродках аўтаматыкі, тэлемеханікі і інш. Часта выкарыстоўваецца як блок лічбавай выліч. машыны. Гл. таксама Лічыльнікі ядзернага выпрамянення.

т. 9, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)