НАВІГАЦЫ́ЙНЫ КО́МПЛЕКС,

сукупнасць бартавых навігацыйных прылад і апаратуры прыёму сігналаў ад навігацыйных сістэм, прызначаных для судна- і самалётаваджэння, эфектыўнага выкарыстання зброі ваен. лятальных апаратаў (ЛА) і караблёў. Аб’яднанне навігацыйных сістэм і прылад рознага прызначэння ў адзіны Н.к. робіцца з дапамогай ЭВМ, што павышае дакладнасць і надзейнасць іх работы, аўтаматызуе рашэнне навігацыйных задач. Н.к. — асн. тэхн. сродак навігацыі паветранай і марской навігацыі.

Выкарыстоўваюцца з канца 1950-х г. у сувязі са з’яўленнем ракетна-ядз. зброі. У 1970-я г. атрымалі пашырэнне аўтаматызаваныя Н.к., у склад якіх уваходзяць: інерцыяльная навігацыйная апаратура, інфармацыйна-вымяральныя прылады, спец. ЭВМ з выліч. і праграмнымі прыстасаваннямі, сродкі карэкцыі работы апаратуры, органы кіравання, прыстасаванні індыкацыі, трансляцыі і кантролю. Інфармацыйна-вымяральныя прылады даюць значэнні курсу, скорасці, пройдзенай адлегласці, вугла зносу (адхілення), вышыні палёту (глыбіні), вуглы крэну і тангажу (бартавой і кілевай гайданкі) і інш.; выліч. прыстасаванне аўтаматычна вызначае каардынаты аб’екта, робіць іх карэкцыю, улічвае уплыў ветру і цячэння, вызначае параметры манеўра і даныя для выкарыстання зброі; праграмнае прыстасаванне захоўвае навігацыйную інфармацыю, напр., каардынаты наземных станцый радыёнавігацыйных сістэм. У якасці сродкаў карэкцыі Н.к. выкарыстоўваюцца радыёнавігацыйныя сістэмы, бартавыя радыёлакацыйныя станцыі, астр., астранавігацыйныя і гідраакустычныя сістэмы. Спалучэнне Н.к. з аўтапілотам (пуцявым аўтаматам, аўтарулявым) забяспечвае паўаўтам. або аўтам. кіраванне ЛА (караблём) па зададзеным шляху, выкананне манеўраў і інш. У ваен. авіяцыі для навігацыі і выкарыстання зброі выкарыстоўваюць прыцэльна-навігацыйныя сістэмы.

В.​В.​Латушкін, П.​М.​Шумскі.

т. 11, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

чарга́, -і́, ДМ -рзе́, мн. чэ́ргі і (з ліч. 2, 3, 4) чаргі́, чэ́рг і -аў, ж.

1. Парадак, паслядоўнасць у руху каго-, чаго-н.

Стаяць у чарзе за білетамі.

2. Чыё-н. месца ў такім парадку.

Прапусціць сваю чаргу.

3. Людзі, якія размясціліся паслядоўна адзін за адным з якой-н. мэтай.

У касу была вялікая ч.

4. Спіс асоб, якія павінны атрымаць што-н. у парадку чарговасці.

Ч. на атрыманне кватэры.

5. Пэўная колькасць патронаў, выпушчаных кулямётам, аўтаматам за адзін прыём.

Аўтаматная ч.

Жывая чарга — чарга, якая патрабуе абавязковай прысутнасці ўсіх, хто заняў яе.

Заняць чаргу — стаць або запісацца ў чаргу за чым-н.

У сваю чаргу — са свайго боку; адпаведна.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

се́мя, семя і семені, Д семю і семені, В семя, Т семем і семенем, М (аб) семі і (аб) семені, н.

1. Зачатак расліны, які складаецца з зародка і абалонкі. // зб. Зародкі расліны, якія ўжываюцца ў ежу ці для якіх‑н. патрэб. Ільняное семя.

2. перан. Зародак, пачатак, крыніца чаго‑н. Навукі семя засявай! Колас.

3. Уст. Патомства, род. Не, не пакіну я гэтай штукі, — Трафімыч патрос аўтаматам, — аж пакуль да канца не вынішчу дурное семя [фашыстаў]. Краўчанка. // Разм. лаянк. Вырадак. Чортава семя.

•••

Цытворнае семя — тое, што і цытвора.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагража́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Абяцаць зрабіць каму‑н. зло, непрыемнасці, выяўляць варожыя намеры, грозячы або пужаючы чым‑н. Пагражаць вайной. □ Дарэмна я пагражаў, што пайду на фронт самавольна, без дазволу. Мне «аўтарытэтна» заявілі, што мяне сілком вернуць з дарогі і нават будуць судзіць. Лупсякоў. Дзед Піліп Мурашка, прызначаны за вартаўніка гідрастанцыі, пагражаў .. [хлопцам] кіем. Шамякін. // Рабіць пагражальныя жэсты рукамі, прадметамі і пад. Пагражаць кулаком. Пагражаць аўтаматам.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), каму-чаму. З’яўляцца пагрозай, ствараць пагрозу для каго‑, чаго‑н. Міша не ведаў, ні што такое гангрэна, ні што такое ампутацыя. Адно толькі зразумеў, што лейтэнанту пагражае нешта страшнае. Курто.

3. Утрымліваць, несці нейкую пагрозу. Рака пагражае разлівам. □ Здрадлівая дрыгва пагражала зацягнуць у сваю багну кожнага, хто аступіцца або зробіць неасцярожны крок. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)