АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ТРА́НСПАРТ,

від транспарту па перавозцы грузаў і пасажыраў аўтамабілямі. Уключае аўтатранспартныя сродкі, аўтамабільныя дарогі і рамонтна-эксплуатацыйную службу ў аўтагаспадарках і на аўтадарогах. Паводле прызначэння бывае грузавы, пасажырскі (аўтобусы, легкавыя аўтамабілі, у т. л. таксаматоры), спецыяльны (аўтацыстэрны, аўтакраны, аўтапагрузчыкі, сан., пажарныя машыны і інш.); паводле формаў уласнасці — дзярж., ведамасны, муніцыпальны (гарадскі), прыватны. Адрозніваюць унутрыгар. (мясцовыя), міжгароднія і міжнар. перавозкі грузаў і пасажыраў. Для забеспячэння парадку і бяспекі работы аўтамабільнага транспарту ўведзены правілы дарожнага руху, нумарныя і знакі дарожныя, створана сістэма дзярж. аўтаінспекцыі (ДАІ).

Аўтамабільны транспарт пачаў фарміравацца з канца 19 ст. з развіццём аўтамабільнай прамысловасці і буд-вам аўтамаб. дарог. У 1900 у краінах свету было 11 тыс. аўтамабіляў, у 1940 — 46 млн., у 1950 — 70,4 млн., у 1990 — 430 млн., у 1994 — 472 млн. У 1993 аб’ём перавозак грузаў у краінах свету дасягнуў 50,6 млрд. т, а грузаабарот 3564,6 млрд. т∙км, агульны пасажыраабарот склаў 10,1 млрд. пасажыра-км. Найб. колькасць легкавых і грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў у ЗША — адпаведна 141, 42,2, 0,6 млн.; у ФРГ — 26,2, 4,7, 0,07 млн. (1988). У ЗША найб. і працягласць шашэйных дарог (6235 тыс. км), з іх 5637 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; у ФРГ адпаведна 2003 тыс. км і 1803 тыс. км (1987). У Расіі ў 1913 было 8,8 тыс. аўтамабіляў, пераважна легкавых, у 1994 — 2,92 млн. грузавых і 11,5 млн. легкавых аўтамабіляў, 1,29 млн. аўтобусаў; працягласць шашэйных дарог 925 тыс. км, у т. л. 726 тыс. км з цвёрдым пакрыццём.

На Беларусі ў 1910 было 65 аўтамабіляў, крыху больш за 1 тыс. км дарог з цвёрдым пакрыццём (8 км дарогі на 1000 км² плошчы). У час ваен. дзеянняў 1914—20 большасць дарог з цвёрдым пакрыццём разбурана. Развіццё аўтамабільнага транспарту пачалося ў сав. час (гл. табліцу). У 1994 тут было 230 тыс. грузавых, 708 тыс. легкавых аўтамабіляў, 33 тыс. аўтобусаў. Унутрыгасп. і прыгарадны аўтатранспарт функцыянаваў у 111 гарадах, дзейнічала 3450 унутрырэсп. аўтобусных ліній і 80 ліній за межы Беларусі, 105 аўтастанцый, 37 аўтавакзалаў. На тэр. Беларусі дзейнічае разгалінаваная сетка аўтамабільных дарог (гл. карту-схему), у складзе якой і аўтамагістралі міжнар. значэння. З 1990-х г. ажыццяўляецца структурная перабудова аўтамабільнага транспарту: побач з дзярж. груза- і пасажыраперавозкамі інтэнсіўна развіваюцца міжнар. грузавыя перавозкі камерц. структурамі, павялічваецца доля арэнднага і прыватнага аўтапарка.

В.​С.​Міленькі.

Развіццё аўтамабільнага транспарту на Беларусі
1 1940 1960 1980 1990 1994
Перавезена грузаў, млн. т 15 213,6 736,7 987,6 472,5
Грузаабарот, млн. т км 199 2939 16 806 22 361 12 488
Перавезена пасажыраў, млн. чал. 10,5 306,6 1583 2399 1794,4
Пасажыраабарот, млн. пасажыра-км 88 2045 14 382 19 787 12 012

т. 2, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Магілёўскі аўтамабільны завод 1/594, 597; 2/447; 4/151; 5/91; 6/502, 504—505 (укл.), 508—509; 9/566; 12/293, 690

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Беларускі аўтамабільны завод (Жодзіна) 1/594, 596, 597, 609; 2/237, 445; 4/419; 5/91; 7/233; 9/604; 11/162; 12/288—289 (укл.), 290, 293, 692

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Мінскі аўтамабільны завод 1/593—594, 596, 597, 609; 2/445, 541; 3/172; 5/91; 7/217, 239, 240—241 (укл.), 574; 11/162; 12/290, 293, 681

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д імя С.​М.​Кірава (МаАЗ). Пабудаваны ў 1932—35 у Магілёве як аўтарамонтны з-д. У 1940—41 пераабсталяваны ў авіяматорны. У Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў г. Самара. У 1944 на базе б. аўтарамонтнага з-да ўтвораны з-д № 795 Мін-ва авіяцыйнай прам-сці СССР, які ў 1946 пераўтвораны ў лакамабільны з-д. З 1956 з-д пад’ёмна-трансп. абсталявання па выпуску эл.-маставых кранаў. З 1966 МаАЗ у вытв. аб’яднанні «БелаўтаМАЗ». З 1976 працуе сталеліцейны цэх. Асн. прадукцыя (1999): скрэперы самаходныя, аўтапаязды, аўтасамазвалы, аўтапагрузчыкі, аўтабетоназмяшальнікі, смеццявозы, бульдозеры.

Магілёўскі аўтамабільны завод. Зборка самазвальнага аўтапоезда.

т. 9, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д (БелАЗ). Створаны ў 1947—50 непадалёку ад чыг. ст. Жодзіна

(цяпер г. Жодзіна Мінскай вобл.) як з-д тарфянога машынабудавання, з 1951 з-д «Дармаш» (выпускаў дарожныя каткі, снегаачышчальнікі, дрэнажныя машыны і інш.). З 1958 аўтамаб. з-д, даў першую прадукцыю. У 1975—94 у ВА «БелаўтаМАЗ». Спецыялізуецца на выпуску кар’ерных самазвалаў для гарнаруднай і буд. прам-сці (у 1993 выпушчана больш за 14 тыс. шт.),

аўтапаяздоў з самазвальнымі прычэпамі, аэрадромных цягачоў, калёсных трансп. сродкаў для металургічнай прам-сці. Асн. прадукцыя (1995): кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю 30 т, 42, 80, 120, 180 і 200 т, шлакавозы і аэрадромныя цягачы. За распрацоўку і серыйны выпуск (з 1965) велікагрузных самазвалаў БелАЗ 11 супрацоўнікам з-да прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1968.

А.​С.​Рукцяшэль.

Да арт. Беларускі аўтамабільны завод. Шматтонны БелАЗ у вугальным кар’еры.

т. 2, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д (МАЗ). Засн. ў 1944 у Мінску, з 1975 галаўное прадпрыемства вытв. аб’яднання па выпуску велікагрузных аўтамабіляў «БелаўтаМАЗ». Першы аўтамабіль МАЗ-205 сышоў з канвеера ў 1947. За час існавання з-да асвоена вытв-сць 5 сем’яў аўтамабіляў — МАЗ-200, МАЗ-500, МАЗ-500А, МАЗ-5335, МАЗ-6422. У 1996 пачаты выпуск аўтамабіляў серыі МАЗ-64221, а з 1997 аўтамабіляў сям’і МАЗ-6430, якія адпавядаюць сучасным міжнар. патрабаванням. Асн. прадукцыя (1999): бартавыя трансп. аўтамабілі, седлавыя цягачы, поўнапрывадныя грузавыя і лесавозныя аўтамабілі, самазвалы, аўтамабілі-шасі. Імпарцёрамі прадукцыі прадпрыемства з’яўляюцца каля 80 краін. Пры з-дзе заснаваны філіялы па вытв-сці аўтобусаў («МАЗ») і прычэпаў («Белаўтапрычэп»). МАЗ стаў родапачынальнікам Беларускага аўтамабільнага завода, Магілёўскага аўтамабільнага завода, мінскіх з-даў колавых цягачоў і рысорнага, Баранавіцкага і Асіповіцкага аўтаагрэгатных з-даў, прадпрыемства «Туртранс» па выпуску прычэпаў-дач і гандл. кузаваў. На міжнар. выстаўках і кірмашах (у Бруселі, 1958; Лейпцыгу, 1980; Плоўдзіве, 1985) аўтамабілі МАЗа адзначаны вышэйшымі ўзнагародамі.

Узоры прадукцыі Мінскага аўтамабільнага завода: 1 — аўтамабільны трохвосевы прычэп МАЗ-3РР59; 2 — седлавы цягач МАЗ-54329; 3 — цягач лесавозны МАЗ-64255; 4 — аўтамабіль бартавы МАЗ-63172; 5 — аўтамабільны двухвосевы паўпрычэп-самазвал МАЗ-9506; 6 — аўтамабіль-сартыментавоз МАЗ-6303-26.

т. 10, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

автомоби́льный аўтамабі́льны.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

аўтамабілі́зм, -у, м.

Аўтамабільная справа; аўтамабільны спорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

аўтатра́нспарт, -у, М -рце, м.

Аўтамабільны транспарт.

|| прым. аўтатра́нспартны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)