ЗМЕЕГАЛО́ЎНІК (Dracocephalum),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 45 відаў. Пашыраны ў Еўропе, нетрапічнай Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды — З. Руйша (D. ruyschiana; занесены ў Чырв. кнігу) і З. чабаракветны (D. thymiflorum). Трапляюцца ў лясах і хмызняках, на насыпах. 7 відаў — З. аўстрыйскі (D. austriacum), малдаўскі (D. moldavica), безбароды (D. imberbe), шматколерны (D. multicolor), вузлаваты (D. nodulosum), паніклы (D. nutans) і іншаземны (D. peregrinum), — інтрадукаваны Цэнтр. бат. садам Нац. АН Беларусі.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты з прамастойнымі ці ўзыходнымі сцёбламі. Лісце ланцэтна-лінейнае або сэрцападобнае. Кветкі двухполыя, рознага колеру, з двухгубым вяночкам, у несапраўдных кальчаках, збліжаных у агульныя суквецці ў пазухах верхняга лісця. Плод — чатырохарэшак. Лек., тэхн., меданосныя і дэкар. расліны, выкарыстоўваюць у парфумерыі і харч. прам-сці.

Г.​У.​Вынаеў.

Змеегалоўнік аўстрыйскі.

т. 7, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЕР (Payer) Юліус (1.9.1842, Шонаў, каля г. Цепліцы, Чэхія — 30.8.1915),

аўстрыйскі палярны даследчык. У 1872—74 узначаліў разам з К.Вайпрэхтам экспедыцыю на судне «Тэгетгоф», у час якой быў адкрыты архіпелаг, названы Зямлёй Франца-Іосіфа.

Тв.:

Рус. пер. — 725 дней во льдах Арктики. Л., 1935.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЎДА (Lauda) Нікалаўс (н. 22.2.1949, Вена),

аўстрыйскі спартсмен (аўтагонкі). На працягу 18 гадоў удзельнічаў у 296 гонках. Чэмпіён свету ў класе гоначных аўтамабіляў «Формула-1» (1975, 1977, 1984), 25-разовы пераможца спаборніцтваў «Гран-пры» (стартаваў 171 раз). У 1978 засн. авіякампанію «Лаўда Эр» (узначальвае з 1985).

т. 9, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́СЦІЛЬ (Klestil) Томас (н. 4.11.1932, Вена),

аўстрыйскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат, эканаміст. Скончыў Венскі эканам. ун-т. У 1960-я г. сакратар федэральнага канцлера І.​Клаўса. З 1969 на дыпламат. службе. У 1978—82 прадстаўнік Аўстрыі пры ААН, да 1987 пасол у ЗША. З 1992 федэральны прэзідэнт Аўстрыі, садзейнічаў уступленню краіны ў Еўрап. саюз (1.1.1995).

Т.Клесціль.

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЙМАЙР, Неймайр (Neumayr) Мельхіёр (24.10.1845, г. Мюнхен; Германія — 29.1.1890), аўстрыйскі палеантолаг-эвалюцыяніст і геолаг. З 1873 праф. ун-та ў Вене. Навук. працы па галаваногіх малюсках і палеагеаграфіі юрскага і мелавога перыядаў. Распрацоўваў праблемы палеанталогіі і геалогіі на аснове дарвінізму.

Тв.:

Рус. пер. — История земли. Т. 1—2. СПб., 1903—04;

Корни животного царства. М., 1919.

т. 11, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДЛЕР (Adler) Гвіда (1.11.1855, Іванчыцэ, Славакія — 15.2.1941),

аўстрыйскі музыказнавец; адзін з заснавальнікаў сучаснага музыказнаўства. Асн. працы па метадалогіі гісторыі музыкі, тэорыі муз. стыляў, эстэтыцы. Удзельнічаў у выданні «Квартальніка музычнай навукі» (з 1884) і серыі «Помнікі музычнага мастацтва ў Аўстрыі» (1894—1938). Адзін з заснавальнікаў Акадэмічнага вагнераўскага т-ва (1870-я г.) і ініцыятараў стварэння Міжнароднага таварыства музыказнаўства, з 1927 яго ганаровы старшыня.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НШУЦ (Anschütz) Генрых (8.2.1785—29.12.1865),

аўстрыйскі акцёр. Адзін з заснавальнікаў сцэнічнага рэалізму ў аўстр. т-ры. Працаваў у т-рах Германіі (Нюрнберг, Лейпцыг і інш.), з 1821 у «Бургтэатры» (Вена). Акцёр моцнага тэмпераменту, высокай культуры сцэнічнага слова. З аднолькавым поспехам выконваў камедыйныя і трагедыйныя ролі: Лір, Фальстаф («Кароль Лір», «Генрых IV» У.​Шэкспіра), Антон («Марыя Магдаліна» К.​Ф.​Гебеля) і інш.

т. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́БЕК (Fibek) Франц (н. 1960, Вена),

першы аўстрыйскі касманаўт. Скончыў Вышэйшы тэхн. ун-т (1985). З 1989 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 2—10.10.1991 здзейсніў (як касманаўт-даследчык) палёт у складзе экіпажаў касм. карабля (КК) «Саюз ТМ-13» і арбітальнай станцыі «Мір» (пасадка на КК «Саюз ТМ-12») па праграме «Аўстрамір». У космасе правёў 7,9 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 16, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РАНІ (Bárány) Роберт (22.4.1876, Вена — 8.4.1936),

аўстрыйскі отарыналарынголаг; адзін з заснавальнікаў атыятрыі. Скончыў Венскі ун-т (1900). У 1903—11 у клініцы вушных захворванняў. У 1914—18 ваен. ўрач. З 1917 заг. кафедры ва ун-це г. Упсала (Швецыя). Навук. працы па фізіялогіі і паталогіі вестыбулярнага апарата, метадах яго даследавання і хірург. лячэння. Нобелеўская прэмія 1914.

В.​Ф.​Ермакоў.

Р.Барані.

т. 18, кн. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕС (Hess) Віктар Франц (24.6.1883, замак Вальдштайн, каля г. Фронляйтэн, Аўстрыя — 17.12.1964),

аўстрыйскі фізік. Чл. Аўстрыйскай АН (1933). Скончыў ун-т у г. Грац (1906), дзе і працаваў з перапынкамі да 1938 (з 1925 праф.). У 1938—56 праф. Фордхемскага ун-та (ЗША). Навук. працы па фізіцы касм. прамянёў, радыеактыўнасці, атамнай фізіцы і оптыцы. Адкрыў касм. прамяні (1912) і даследаваў варыяцыі іх інтэнсіўнасці. Нобелеўская прэмія 1936.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)