аэрано́мія
(ад аэра- + -номія)
навука аб атамных і малекулярных узаемадзеяннях у высокіх слаях атмасферы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
НЕЙТРО́Н (англ. neutron ад лац. neuter ні той, ні іншы),
электранейтральная элементарная часціца са спінам 1/2 і масай, блізкай да масы пратона. Эксперыментальна адкрыты Дж.Чэдвікам у 1932. Адкрыццё Н. дало штуршок для развіцця фізікі атамнага ядра, фізікі дзялення атамных ядраў, нейтроннай фізікі, фізікі нейтронных зорак і інш.
Адносіцца да класа адронаў і ўваходзіць у групу барыёнаў; мае магн. момант µн ≈ 2μя, дзе μя — адз. магнетон, і накіраваны процілегла спіну. Паміж Н. і пратонам дзейнічаюць ядзерныя сілы, што вядзе да ўтварэння ядраў атамных. Свабодны (па-за межамі атамных ядраў) Н. нестабільны і распадаецца на пратон, электрон і электроннае антынейтрына. Сярэдні час жыцця τ = 887 ± 2 с (у вакууме; у шчыльных рэчывах ад адзінак да соцень мікрасекунд). Удзельнічае ва ўсіх відах узаемадзеянняў элементарных часціц. Характар узаемадзеяння Н. з рэчывам вызначаецца іх кінетычнай энергіяй, што прывяло да іх умоўнага падзелу на павольныя нейтроны і хуткія нейтроны. Вял. эфектыўнасць узаемадзеяння Н. з ядрамі мае шматлікія дастасаванні ў ядз. энергетыцы, вытв-сці радыеактыўных ізатопаў, пры даследаваннях уласцівасцей рэчыва, у геолагаразведцы для пошуку карысных выкапняў.
У.Р.Барышэўскі.
т. 11, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МА-СПЕКТРАСКАПІ́Я,
раздзел ядзернай спектраскапіі, які вывучае энергет. спектры гама-выпрамянення з дапамогай гама-спектрометраў. Метадамі гама-спектраскапіі даследуюць уласцівасці ўзбуджаных станаў атамных ядраў, пераходы паміж ядз. ўзроўнямі энергіі, а таксама гама-выпрамяненне ў выніку радыеактыўнага распаду і ядз. рэакцый. Гл. таксама Спектраскапія.
т. 5, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТАМНЫЯ СПЕ́КТРЫ,
спектры, якія ўзнікаюць пры выпрамяненні і паглынанні фатонаў свабоднымі ці слаба ўзаемадзейнымі атамамі (атамнымі газамі, парай невял. шчыльнасці). Лінейчастыя, складаюцца з асобных спектральных ліній, кожная з якіх адпавядае пераходу электрона паміж двума адпаведнымі ўзроўнямі энергіі атама.
Спектральныя лініі характарызуюцца пэўнымі значэннямі частаты ваганняў святла ν, хвалевага ліку ν/c і даўжыні хвалі , дзе c — скорасць святла ў вакууме. Для найбольш простых атамных спектраў, якімі з’яўляюцца спектры атама вадароду і вадародападобных іонаў, месцазнаходжанне спектральных ліній вызначаецца па формуле:
, дзе En — энергія ўзроўню, h — Планка пастаянная, R — Рыдберга пастаянная, Z — атамны нумар, n — галоўны квантавы лік. Спектральныя лініі аб’ядноўваюцца ў спектральныя серыі, адна з якіх (пры , ) наз. серыяй Бальмера; адкрыццё яе ў 1885 дало пачатак выяўленню заканамернасцяў у атамных спектрах. Спектры атамаў шчолачных металаў, якія маюць адзін знешні электрон, падобны да спектра атама вадароду, але зрушаны ў бок меншых частот, колькасць спектральных серый павялічана, заканамернасці ў спектрах апісваюцца больш складанымі формуламі. Атамы, у якіх дабудоўваюцца dw- і f-абалонкі (гл. ў арт. Перыядычная сістэма элементаў Мендзялеева), маюць найб. складаныя спектры (многа соцень і тысяч ліній).
Тэорыя атамных спектраў заснавана на характарыстыцы электронаў у атаме квантавымі лікамі n і 1 і дазваляе вызначыць магчымыя ўзроўні энергіі. Вывучаны спектры вял. колькасці нейтральных і іанізаваных атамаў, расшчапленне спектральных ліній атамаў у магнітным (Зеемана з’ява) і ў электрычным (Штарка з’ява) палях. З дапамогай атамных спектраў вызначаецца састаў рэчыва (спектральны аналіз).
Літ.:
Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскоп я. М., 1962;
Фриш С.Э. Оптические спектры атомов М.; Л., 1963;
Собельман И.И. Введение в теорию атомных спектров. М., 1977.
М.А.Ельяшэвіч.
т. 2, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
радыеакты́ўнасць
(ад радые- + актыўнасць)
здольнасць некаторых атамных ядзер самаадвольна распадацца, вылучаючы элементарныя часціцы — электроны, пазітроны і інш.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
КРА́СІН (Андрэй Капітонавіч) (21.5.1911, г. Томск, Расія — 28.3.1981),
бел. вучоны ў галіне атамнай энергетыкі. Акад. АН Беларусі (1960), д-р фіз.-матэм. н. (1955), праф. (1957). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1968). Скончыў Томскі ун-т (1934). У 1945 працаваў у лабараторыі І.В.Курчатава, з 1946 у Обнінскім фіз.-энергет. ін-це. З 1961 у Ін-це энергетыкі, у 1965—77 дырэктар Ін-та ядз. энергетыкі, адначасова ў 1962—69 акад. сакратар Аддз. фіз.-тэхн. навук, з 1977 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі. Навук. даследаванні па распрацоўцы і буд-ве атамных электрастанцый, вадароднай энергетыцы. Удзельнічаў у стварэнні першай у свеце Обнінскай, Белаярскай і рухомай атамных электрастанцый. Ленінская прэмія 1957.
Тв.:
Атомные электростанции. М., 1959;
Реакторы атомных электростанций. Мн., 1971;
Мирное использование ядерной энергии. Мн., 1982 (разам з Р.Ф.Красінай).
т. 8, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУКЛІ́Д (ад лац. nucleus ядро),
тэрмін для пазначэння сукупнасці ядзер (адпаведна атамаў) з пэўным лікам пратонаў (зарадам Z) і масавым лікам A. Пры абазначэнні Н. выкарыстоўваюць назву хім. элемента, да якой праз дэфіс далучаюць значэнне A, або сімвал элемента, побач з якім уверсе злева паказваюць A (напр., кісларод-16 ці 16O, ёд-131 ці 131І, уран-235 ці 235U), Н., якія маюць аднолькавыя Z, наз. ізатопамі. Маса Н., выражаная ў атамных адзінках масы, акруглена роўная A; маса толькі аднаго Н. — вуглярод-12 дакладна роўная 12.
Падзяляюць на стабільныя (іх агульная колькасць каля 270) і радыеактыўная Н. (радыенукліды). Радыенукліды вядомыя практычна для ўсіх элементаў; некаторыя (каля 50) трапляюцца ў прыродзе. Большасць вядомых радыенуклідаў (каля 1700) атрымана штучна. Найб. пашыраны ў зямной кары 16O: у прыроднай сумесі ізатопаў кіслароду іх 99,762% (атамных). Са стабільных Н. найменш пашыраны гелій-3 (гл. Гелій).
т. 11, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КРАН (Akron),
горад на ПнУ ЗША, у штаце Агайо. 227 тыс. ж., з прыгарадамі 650 тыс. ж. (1990). Трансп. вузел. Сусветны цэнтр гумавай прам-сці. Металаапр., маш.-буд. (станкі, аўтамабілі, дарожна-буд. машыны, падшыпнікі, ракетныя рухавікі, сілавыя ўстаноўкі да атамных падводных лодак), хім. (сінт. каўчук, смала і інш.), шынная, паліграф. прам-сць. Ун-т.
т. 1, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІМІ́ТРАЎГРАД,
горад у Расіі, цэнтр раёна ва Ульянаўскай вобл. Вядомы з пач. 18 ст., (да 1972 Мелекес). 132,2 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтаагрэгаты, хім. машынабудаванне і інш.), дрэваапр., лёгкая (выраб дываноў, ільноперапрацоўка), харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. АЭС. НДІ атамных рэактараў. Драм. т-р. Краязнаўчы музей.
т. 6, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бэ́та-радыеакты́ўнасць
(ад бэта + радыеактыўнасць)
ператварэнне атамных ядзер ізатопаў адных хімічных элементаў у іншыя ў выніку пасылання бэта-часціц.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)