АСТЭАМІЭЛІ́Т (ад астэа... + грэч. myelos мозг),

інфекцыйнае запаленне касцявога мозгу і ўсіх слаёў косці. Неспецыфічны астэаміэліт выклікаецца гнаяроднымі мікробамі, спецыфічны туберкулёзнай, бруцэлёзнай, сіфілітычнай і інш. палачкамі. Узбуджальнікі астэаміэліту трапляюць у косць праз кроў (гематагенным шляхам) з аддаленага гнойнага ачага (фурункула, абсцэсу і інш.), праз пашкоджаныя тканкі (адкрытыя пераломы, раненні), з інфіцыраваных тканак (гнойнае запаленне суседняга сустава). Захворванню садзейнічаюць траўмы, пераахаладжэнні, ператамленні, авітамінозы і інш. Пры астэаміэліце ў косці парушаецца кровазварот, закупорваюцца сасуды (трамбоз); косць, пазбаўленая жыўлення, мярцвее. Участкі амярцвелай тканкі паступова адрываюцца і выдаляюцца праз свішчы з гноем. Адрозніваюць астэаміэліт востры гематагенны і хранічны. Востры астэаміэліт пачынаецца раптоўна: высокая тэмпература, дрыжыкі, ірвота, часты пульс, зацямненне свядомасці. Там, дзе пашкоджана косць, узнікае прыпухласць, чырванее скура. Калі гной прарываецца, тэмпература спадае, агульны стан хворага паляпшаецца. Ускладненні: гнойныя запаленні суставаў (артрыты), пераломы касцей, вывіхі, сепсіс, пашкоджанні ўнутр. органаў. Востры астэаміэліт можа пераходзіць у хранічны з перыядычнымі абвастрэннямі. Лячэнне вострага астэаміэліту — тэрапеўтычнае, хранічнага — хірургічнае, фізіятэрапеўтычнае.

А.​У.​Руцкі.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

астэаартапатало́гія

(ад астэа- + гр. arthron = сустаў + паталогія)

раздзел медыцыны, які вывучае паталагічныя змены ў касцях і суставах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

астэало́гія

(ад астэа- + -логія)

раздзел анатоміі, які вывучае форму і структуру касцей ва ўзаемасувязі з іх функцыяй.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

астэакла́сты

(ад астэа- + гр. klasis = зламанне)

клетачныя ўтварэнні, якія пры развіцці касцявой тканкі ўдзельнічаюць ў рассысанні асноўнага рэчыва косці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

астэамаля́цыя

(ад астэа- + гр. malakia = мяккасць)

размякчэнне і дэфармацыя касцей у выніку збяднення арганізма солямі кальцыю, фосфарнай кіслаты і вітамінамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

астэадысплазі́я

(ад астэа + дысплазія)

прыроджанае парушэнне развіцця касцей, якое суправаджаецца іх дэфармацыяй у сувязі з замяшчэннем касцявой тканкі храстковай або фібрознай.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

астэахандрапа́тыя

(ад астэа- + гр. chondros = храсток + -патыя)

захворванне касцей пераважна ў дзіцячым і юнацкім узросце, якое характарызуецца болямі, мясцовай пухлінай і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

астэахандро́з

(ад астэа- + гр. chondros = храсток)

запаленчыя і незапаленчыя хваробы падхрастковага аддзела доўгіх трубчастых касцей шкілета; характарызуецца болямі, абмежаваннем рухаў у суставах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)