шва́гер, ‑гра, м.

Брат жонкі або муж сястры ці швагеркі. Застаўся ў тыле — дзейны і жывы — Юхімаў швагер і аднавясковец. Астапенка. Ніну паставілі зменшчыцай да сваяка — швагра Васіля Вяляўскага. Кухараў.

[Ням. Schwager.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напрэ́гчы, ‑прагу, ‑пражэш, ‑пражэ; ‑пражом, ‑пражаце; пр. напрог, ‑прагла і ‑прагла, ‑прагла і ‑прагло; заг. напражы; зак., чаго.

Тое, што і напражыць. Да вечарыны многа смачных страў Насмажыла і напрагла суседка. З. Астапенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

удо́ўжкі, прысл.

Тое, што і удоўж (у 1 знач.). Па свеце і ўдоўжкі, і ўшыр Шчаслівая слава пайшла. Купала. Вось звіць бы пугу ўдоўжкі на вярсту — Яна страляла б, як пярун з-пад хмары! Астапенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКІ КЛУБ у Маскве.

Існаваў з лют. 1922 да восені 1938 (?). Напачатку насіў імя С.​Булата. Адкрыты па ініцыятыве студэнтаў-беларусаў, пераважна членаў Беларускай культ.-навук. асацыяцыі пры Пятроўскай с.-г. акадэміі, Галоўпалітасветы Наркамата асветы БССР і паўнамоцнага прадстаўніка БССР у РСФСР М.​Марозава. З восені 1923 работай клуба кіравала Цэнтр. бюро Бел. пралетарскага студэнцкага зямляцтва. Меў бел. б-ку (1200 кніг). Пры клубе дзейнічалі маскоўскі філіял літ. аб’яднання «Маладняк», гурткі беларусазнаўства. Працаваў таксама літ. гурток (кіраўнік паэт М.​Дуброўскі). У 1920-я г. клуб наведвалі Г.​Гарэцкі, Ю.​Гаўрук, У.​Дубоўка, М.​Міцкевіч; на пач. 1930-х г. — літаратары З.​Астапенка, А.​Звонак, М.​Лужанін і інш.

т. 2, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗАРАЎ (Пётр Пятровіч) (13.4.1878, Масква — 24.4.1942),

расійскі фізік і бія-геафізік. Акад. АН СССР (1917). Скончыў Маскоўскі ун-т (1903). У 1912—25 праф. Маскоўскага вышэйшага тэхн. вучылішча. З 1920 дырэктар арганізаванага ім Дзярж. біяфіз. ін-та. З 1931 ва Усесаюзным ін-це эксперым. медыцыны, з 1938 — дырэктар біяфіз. лабараторыі АН СССР. Заснавальнік і рэдактар (1918—24) час. «Успехи физических наук». Навук. працы па фізіцы, фіз. хіміі, біягеафізіцы, гісторыі дакладных навук. Стварыў іонную тэорыю ўзбуджэння, даследаваў працэсы фізіял. адаптацыі, распрацаваў методыку прымянення законаў тэрмадынамікі да біял. працэсаў. Кіраваў даследаваннямі Курскай магнітнай анамаліі.

Тв.:

Соч. Т. 1—3. М.; Л., 1950—57.

Літ.:

Шулейкин В.В. П.​П.​Лазарев // Основатели советской физики. М., 1970.

А.​У.​Астапенка.

т. 9, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРА́ДУ ЗАХАВА́ННЯ ЗАКО́Н,

адзін з асн. законаў прыроды, паводле якога алгебраічная сума зарадаў электрычных замкнутай (эл. ізаляванай) сістэмы застаецца нязменнай пры любых працэсах унутры гэтай сістэмы. Устаноўлены ў 18 ст.

Адкрыццё электрона ў канцы 19 ст. і пратона ў пач. 20 ст. даказала, што эл. зарад звязаны з часціцамі (з’яўляецца іх унутранай уласцівасцю) і ёсць цэлы лік, кратны зараду элементарнаму. З.з.з. — вынік захавання колькасці часціц у тых працэсах, дзе няма іх узаемапераўтварэнняў. Напр., пры электрызацыі макраскапічных цел зараджаныя часціцы пераносяцца з аднаго цела на другое. У фізіцы элементарных часціц, для якой характэрна ўзаемапераўтварэнне часціц, нараджэнне «новай» часціцы суправаджаецца знікненнем «старой» з такім жа зарадам або нараджэннем яшчэ адной часціцы з зарадам процілеглага знака (напр., працэс нараджэння пары часціца—антычасціца).

А.​У.​Астапенка.

т. 6, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

спусце́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які стаў пустым; апусцелы. У раскулачаны спусцелы дом Прыйшоў Андрэй да кінутай дзяўчыны. З. Астапенка. Чахнуць спусцелым гнёздам Пахмурай парой асенняй. Грачанікаў. // перан. Які страціў маральныя сілы, адчувае душэўную пустату. Доўга ляжала [Ганна] без слёз, ціхая, стомленая, спусцелая. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іржы́шча і ржы́шча, ‑а, н.

1. Астаткі сцяблоў ад зжатага збожжа на полі. Яна скалола ў кроў Іржышчам жорсткім босенькія ногі. З. Астапенка. Заворвалася ржышча, якое не паспела яшчэ падсохнуць. Нікановіч.

2. Зжатае поле. Паабапал шашы.. цягнуліся .. палі: іржышча з невялікімі сціртамі, пасохлая.. кукуруза. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разле́зціся, ‑лезецца; пр. разлезся, ‑лезлася; зак.

Разм. Распасціся на часткі, разваліцца, звычайна намокшы, прамокшы. [Газета] размокла і разлеглася. Шматкі яе пачапляліся за вядро і папрыліпалі. Мурашка. Хацеў памыць .. [кашулю], але яна Разлезлася ў руках яго шматкамі. З. Астапенка. [Юзік] падумаў, што ў Зосі таксама палатаныя чаравікі, зараз зусім разлезуцца. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗАРА́ДАВАЯ ЦО́ТНАСЦЬ, C-цотнасць,

квантавы лік сапраўды нейтральнай элементарнай часціцы (сістэмы часціц), які вызначае паводзіны яе хвалевай функцыі пры зарадавым спалучэнні. У працэсах, абумоўленых гравітацыйнымі, эл.-магн. або моцнымі ўзаемадзеяннямі, З.ц. захоўваецца (не мяняецца).

Пры зарадавым спалучэнні хвалевая функцыя сапраўды нейтральнай часціцы не мяняецца (дадатная З.ц.) або мяняе знак (адмоўная З.ц.). Для фатона З.ц. адмоўная: C = −1, гэта вынікае з таго, што пры зарадамі спалучэнні эл. зарады, а значыць, і эл.магн. палі, квантамі якіх з’яўляюцца фатоны, мяняюць знак. Для π​0− і η​0− мезонаў, якія распадаюцца на 2 γ-кванты, C = 1. Сапраўды нейтральнай сістэмай з’яўляецца пазітроній (звязаны стан электрона і пазітрона), для якога C = (−1)​J+l, дзе J — поўны спін сістэмы, l — арбітальны момант іх адноснага руху. Гэтай формулай вызначаецца таксама З.ц. сапраўды нейтральных мезонаў, пабудаваных з кварка і адпаведнага антыкварка.

Літ.:

Окунь Л.Б. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.

А.​У.​Астапенка.

т. 6, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)