МСЦІСЛА́ЎСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,

установа ордэна езуітаў у Мсціславе: у 1690—1711 місія (першая спроба заснаваць місію была зроблена, паводле некат. звестак, у 1616 мсціслаўскім старостам П.​Пацам па загадзе караля Жыгімонта III), у 1711—79 рэзідэнцыя, у 1779—1820 калегіум. У 1691 пры місіі адкрыта ніжэйшая школа. Пасля пераўтварэння школы ў калегіум яго праграма набыла характар сярэдняй навуч. установы, выкладаліся таксама франц., ням. і рус. мовы. У 1725 пры калегіуме адкрыта муз. бурса, у 1740 — аптэка, меліся канвікт (пансіён) і б-ка. Першыя драўляныя будынкі не захаваліся. У 1730—48 пабудаваны мураваны касцёл Міхаіла Архангела — 3-нефавая мураваная базіліка з трансептам і 2-вежавым гал. фасадам. Цэнтр. неф завершаны масіўнай паўкруглай алтарнай апсідай. 2-ярусныя крылы трансепта ўрэзаны ў высокія бакавыя нефы. Гал. фасад падзелены на 2 ярусы вузкім карнізам і завершаны развітым антаблементам са ступеньчатым атыкам у цэнтры і чацверыковымі вежамі па баках (верхнія ярусы не зберагліся); (у касцёле знаходзіўся абраз Маці Божай, які лічыўся цудатворным). У 1764—79 пабудаваны (у 1796 рэканструяваны) 2-павярховы прамавугольны ў плане навуч. корпус, які прылягаў да касцёла з Пд з боку апсіды. У 1820 калегіум закрыты. Будынкі захаваліся. Цяпер тут школа-інтэрнат для глухіх дзяцей.

А.​А.​Ярашэвіч.

Будынак Мсціслаўскага езуіцкага калегіума.

т. 10, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,

помнік архітэктуры 18—19 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Касцёл пабудаваны ў 1765—86 з цэглы ў стылі барока (з 1830-х г. Варварынская царква) на месцы драўлянага касцёла пач. 18 ст. Прамавугольны ў плане аднанефавы храм з паўкруглай алтарнай апсідай. Гал. фасад аздоблены пілястрамі, карнізамі, нішамі і завершаны 3-лопасцевым франтонам. Перспектыву інтэр’ера замыкае размалёўка апсіды ў тэхніцы грызайль. Захаваўся помнік іканапісу 16 ст. — абраз «Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская». У пач. 19 ст. побач узведзены мураваны 2-павярховы корпус кляштара (у 1832 скасаваны; у 1858—75 тут размяшчаўся правасл. Пінскі Варварынскі манастыр, у 1993 адноўлены).

Драўляны касцёл Міхаіла Архангела пабудаваны ў 1712 у прадмесці Пінска Каралін па фундацыі М.​Вішнявецкага і яго жонкі Кацярыны з Дольскіх. Аднанефавы прамавугольны ў плане будынак быў накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад з трохвугольным франтонам і арачным парталам увахода фланкіравалі 2 трох’ярусныя вежы (2 ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні васьмерыковы, завершаны купалком). Побач стаяў невял. 1-павярховы драўляны будынак кляштара. Касцёл і кляштар адлюстраваны на карце бернардзінскіх кляштараў літ. правінцыі, выгравіраванай Г.​Ляйбовічам у 1750—60-я г.

Р.​В.​Баравы, Ю.​А.​Якімовіч, А.​А.​Ярашэвіч.

Пінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. Варварынская царква. Здымак 2000.

т. 12, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ВЕ́РХНІ ЗА́МАК.

На правым беразе р. Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Палата. Умацаваны цэнтр Полацка 11—17 ст. Займаў узвышша пл. 9,44 га. Быў абкружаны валам з У, па краі пляцоўкі стаялі драўляныя сцены — гародні з вежамі. Схілы пляцоўкі неаднаразова ўмацоўваліся — «тамаваліся» (паводле археал. звестак, упершыню каля 1363). Паводле «Полацкай рэвізіі 1552 г.», на замку было 9 вежаў, у сярэдзіне 17 ст. — 10. Першае паселішча на тэр. замка ўзнікла ў канцы 9 — пач. 10 ст. У сярэдзіне 11 ст. з мыса на левым беразе Палаты сюды перанесены ўмацаваны дзядзінец горада, пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. У 12 ст. каля Сафійскага сабора збудаваны храм Архангела Міхаіла, у паўн. частцы замка — княжацкія палаты. Замак як адм. цэнтр горада існаваў да 17 ст. У сувязі з развіццём ваен. справы ён страціў фартыфікацыйныя, а потым і паліт. функцыі. Археал. даследаванні П.В.з. праводзілі А.​М.​Ляўданскі (1928), М.​К.​Каргер (1957), А.​Ф.​Мітрафанаў (1959—60), В.​Р.​Тарасенка (1961—62), Г.​В.​Штыхаў (1967, 1980), В.​А.​Булкін (1975—79), С.​В.​Тарасаў (1989). Даследавана каля 2 тыс. м² плошчы.

Літ.:

Штыхов Г.В. Древний Полоцк IX—XIII вв. Мн., 1975;

Тарасаў С.В. Полацк IX—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. Мн., 1998.

С.​В.​Тарасаў.

Да арт. Полацкі Верхні замак. Полацкія замкі. Фрагмент малюнка С.​Пахалавіцкага «Аблога Полацка 29.8.1579».

т. 12, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЛІШСКІ КАСЦЁЛ І КЛЕ́ШТАР АЎГУСЦІ́НЦАЎ,

помнік архітэктуры ранняга барока ў в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. Кляштар засн. ў 1622 рэферэндарыем ВКЛ Я.​Ц.​Бжастоўскім, які аддаў кляштару фальварак Рудашаны, а яго сын Цыпрыян Павел — Мілашуны і Буйвідзы. Быў філіялам Віленскага кляштара аўгусцінцаў. У 1839 кляштар закрыты. У 1653 (паводле інш. звестак у 1662) тут пабудаваны мураваны касцёл Міхаіла Архангела (арх. К.​Пенс) — 2-вежавы 1-нефавы храм з 5-граннай апсідай і нізкімі бакавымі сакрысціямі, накрыты 2-схільным (над апсідай вальмавым) дахам. Нязначны перапад вышынь зальнай ч., апсіды і вежаў стварае ступеньчатую кампазіцыю сілуэта будынка. Гал. фасад завершаны чацверыковымі вежамі з шатровымі дахамі і шчытом з трохвугольным франтонам паміж імі, раскрапаваны нішамі. Вежы падзелены на 2 ярусы карнізам, які праходзіць па ўсім перыметры касцёла. Пры ўваходзе невысокі паўкруглы ў плане прытвор-барбакан. Бакавыя плоскасныя сцены прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. У ніжніх ярусах вежаў — капліцы, паміж якімі на шырокай арцы галерэя хораў. Інтэр’ер дэкарыраваны 8 стукавымі рэльефнымі алтарамі і пано, 12 скульпт. выявамі апосталаў на кансолях, пуцці, маскаронамі, картушамі, лісцем аканта і інш. (выкананы ў канцы 17 ст. арцеллю італьян. і мясц. майстроў на чале з П.​Перці і М.​Жылевічам). Бакавыя алтары акаймаваны барэльефнай арнаментальнай вяззю з лісця аканта з укампанаванымі ў завіткі выявамі міфалагічных істот. Багатым дэкорам з пазалочанага разнога дрэва ўпрыгожаны амбон з балдахінам. У капліцах каваныя рашоткі 18—19 ст. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 касцёл пашкоджаны, у 1920-я г. адноўлены. Іл. гл. таксама да арт. Акант, Барока, Вязь.

А.​М.​Кулагін, Л.​Г.​Лапцэвіч, А.​Л.​Ярашэвіч.

Міхалішскі касцёл і кляштар аўгусцінцаў. Касцёл.

т. 10, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКІ РАЁН,

на ПдЗ Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,1 тыс. км². Нас. 39,1 тыс. чал. (1996), гарадскога 42%. Сярэдняя шчыльн. 57 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Ваўкавыск; гар. пасёлкі Краснасельскі і Рось, 194 сельскія нас. пункты. Падзяляецца на 9 сельсаветаў: Ваўкавыскі, Воўпаўскі, Вярэйкаўскі, Гнезнаўскі, Ізабелінскі, Падароскі, Рэплеўскі, Субацкі, Шылавіцкі.

Раён размешчаны на Ваўкавыскім узвышшы. Паверхня хвалістаплатопадобная. Пераважаюць выш. 140—200 м, найвыш. пункт 234 м (на У ад г. Ваўкавыск). Карысныя выкапні: мел (цэментны і на выраб вапны), гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф, пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -4,9 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 530 мм за год. Вегетац. перыяд 200 сут. Найб. р. Рось з прытокамі Ваўпянка, Нятупа, Харужаўка, рэкі Верацейка (прыток Свіслачы) і Зальвянка. Пашыраны дзярнова-падзолістыя глебы. Лясы займаюць 23% тэр. раёна, пераважна хваёвыя. Помнік прыроды — агаленне адорвеня верхнемелавых парод (каля чыг. ст. Рось). Ваўкавыскі заказнік.

На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 73,3 тыс. га, з іх асушана 7 тыс. га. У раёне 10 калгасаў, 9 саўгасаў, 2 с.-г. прадпрыемствы («Зара» і «Шылавічы»). Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінагадоўля). Пасевы цукр. буракоў. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэмент, шыфер, вапна, азбестацэментныя трубы, цэгла сілікатная), дрэваапр. (драўніна, піламатэрыялы), камбікормавай, харч. прам-сці. Ваўкавыск — вузел чыгунак на Баранавічы, Масты, Пагранічны, Шчучын, Слонім, Ружаны; аўтамаб. шаша Баранавічы—Пагранічны. У раёне 14 сярэдніх, 11 базавых і 7 пач. школ, 24 дашкольныя ўстановы, 44 клубы, 40 б-к, 7 бальніц, 23 фельч.-ак. пункты, санаторый «Рось», 3 прафілакторыі. Помнікі архітэктуры: касцёл Яна (1773) у в. Воўпа, касцёл Міхаіла Архангела (1524) і сядзіба 2-й пал. 19 ст. ў в. Гнезна, Міхайлаўская царква канца 18 ст. і Петрапаўлаўскі касцёл (1778) у в. Ізабелін, сядзіба 19 — пач. 20 ст. ў в. Краскі, царква Аляксандра Неўскага сярэдзіны 19 ст. ў в. Кузьмічы, сядзіба сярэдзіны 19 ст. ў в. Падароск. Вылаецца газ. «Наш час».

С.​І.​Сідор.

т. 4, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЁЛ (ад лац. castellum невял. крэпасць),

1) польск. і бел. назва рымска-каталіцкага храма. Паводле царк. дагматыкі К. з’яўляецца домам Бога і месцам малітвы. Паводле прызначэння бываюць: базілікі (К. са спец. папскімі прывілеямі, асноўныя ў Рыме); кафедральныя (К., дзе ёсць кафедра епіскапа і знаходзяцца кафедральны капітул); калегіяты (К., якім нададзены спец. ганаровы статус, ёсць свой калегіяцкі капітул); кляштарныя; парафіяльныя (прыходскія, фарныя); філіяльныя (у складзе прыхода); капліцы. На Беларусі К. пачалі сістэматычна будаваць пасля Крэўскай уніі 1385, найб шырока — пасля Брэсцкай уніі 1596.

Унутраная прастора К. падзяляецца на 3 традыц. для хрысц. храма часткі: бабінец (прытвор, нартэкс), цэнтр. частку і прэсбітэрый (алтарную частку). У адрозненне ад правасл. храма (царквы) у К. алтаром наз. не частка прасторы, а ўзвышанае ахвярнае месца з распяццем, абразом або статуяй святога. Гал., часта шматфігурны, алтар размяшчаецца ў прэсбітэрыі (звычайна аддзелены ад цэнтр. часткі невысокай агароджай). У К. можа быць некалькі дадатковых бакавых алтароў у цэнтр. частцы, там таксама знаходзяцца кафедра для ксяндза, спавядальня, лаўкі для вернікаў. На сценах жывапісныя або скульпт. сцэны з крыжовага шляху Ісуса Хрыста (стацыі), дадатковыя абразы, эпітафіі і помнікі фундатарам (іх тут часта хавалі), месца для хароў, арган і інш. Пры прэсбітэрыі размяшчаюцца сакрысція і часам касцельная б-ха. Інтэр’ер К. звычайна багата ўпрыгожаны. Вял. К. будавалі з крыптай.

Першыя мураваныя К. (15 ст.) мелі рысы готыкі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл, Уселюбскі касцёл). У 16 ст. будавалі К. трохчасткавай кампазіцыі з адной магутнай вежай пры ўваходзе (Гнезнаўскі касцёл Міхаіла архангела). Першы К. у стылі барока — Нясвіжскі касцёл езуітаў. Найб. пашыраны тып К. ў 17—18 ст. — базіліка з 2-вежавым фасадам (Міхалішскі касцёл аўгусцінцаў, Княжыцкі касцёл і кляштар дамініканцаў). Шматлікія каталіцкія ордэны манаскія ў Гродне, Слоніме, Пінску, Оршы, Мінску, Полацку, Віцебску і інш. стваралі ансамблі будынкаў кляштара і К. з выразнай барочнай пластыкай гал. фасадаў. Архітэктура драўляных К. імітавала формы мураваных храмаў. З пач. 19 ст. К. будавалі ў стылях класіцызму і несапраўднай готыкі (Мінскі Чырвоны касцёл, Сар’ёўскі касцёл, Відзаўскі Троіцкі касцёл і інш.).

2) Тэрмін для абазначэння рымска-каталіцкай царквы як рэліг. арг-цыі ў Польшчы.

Т.​В.​Габрусь (архітэктура).

Касцёл у г. Ліманова (Польшча). 1918.
Касцёл Сымона і Алены (Чырвоны) у Мінску.

т. 8, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛА́Й II (18.5.1868, Царскае Сяло, цяпер г. Пушкін, Расія — 17.7.1918),

апошні расійскі імператар [1894—17]. З дынастыі Раманавых. Старэйшы сын Аляксандра III. Ганаровы чл. Пецярб. АН (1878). Палкоўнік. Яго праўленне супала з імклівым прамысл.-эканам.

развіццём краіны. Як прыхільнік непарушнасці самаўладдзя ва ўнутр. палітыцы рабіў стаўку на спалучэнне рэпрэсіўнай дзейнасці з «паліцэйскім сацыялізмам» (гл. Зубатаўшчына). Пры ім у 1895—97 праведзена грашовая рэформа (гл. ў арт. Вітэ С.Ю.), у 1897 — усерасійскі перапіс насельніцтва; у 1896 Расія атрымала канцэсію на буд-ва і эксплуатацыю кітайскай усх. чыгункі, у 1898 — на 25 гадоў парты Порт-Артур, Таліенван. Рус.-яп. вайна 1904—05 скончылася паражэннем Расіі, што стала адной з прычын рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У ходзе рэвалюцыі прыняты Маніфест 17 кастрычніка 1905, дзе былі абвешчаны паліт. свабоды, дазвалялася ствараць паліт. партыі. Былі ўтвораны заканадаўчая Дзяржаўная дума, урадавы орган — Савет Міністраў. М. II санкцыяніраваў правядзенне шэрагу рэформ, у т. л. Сталыпінскай аграрнай рэформы. У 1911 у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай губ. і на Правабярэжнай Украіне ўведзены земствы (земская рэформа ў Віленскай і Гродзенскай губ. адкладвалася з-за боязі ўзмацнення тут уплыву польскіх землеўладальнікаў). Урад М. II не перашкаджаў распальванню нацыяналізму і шавінізму (гл. «Саюз рускага народа», «Саюз Міхаіла Архангела»). Знешняя палітыка арыентавалася на саюз з Германіяй (гл. Б’ёркскі дагавор). У 1907 Расія стала чл. Антанты, у складзе якой уступіла ў 1-ю сусв. вайну 1914—18. У жн. 1915 М. II узяў на сябе вярх. галоўнакамандаванне ўзбр. сіламі Расіі і выехаў у Стаўку (размяшчалася ў Магілёве). У час Лютаўскай рэвалюцыі 1917 15 сак. М. II адрокся ад трона, 21 сак. арыштаваны Часовым урадам і адпраўлены ў Табольск, пасля Кастр. рэв. 1917 — у Екацярынбург. Паводле пастановы прэзідыума Уральскага абл. Савета ў ноч на 17.7.1918 разам з усёй сям’ёй і слугамі расстраляны чэкістамі. У 1998 астанкі М. II і яго сям’і перапахаваны ў Петрапаўлаўскім саборы Санкт-Пецярбурга.

Літ.:

Бьюкенен Дж. Мемуары дипломата: Пер. с англ. 2 изд. М., 1991;

Воейков В.Н. С царем и без царя: Воспоминания последнего дворцового коменданта государя императора Николая II. М., 1995;

Ольденбург С.С. Царствование императора Николая II. М., 1992;

Боханов А. Николай II. М., 1997.

В.​В.​Сяргеенкава.

Мікалай II.

т. 10, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ІКАНАПІ́СНАЯ ШКО́ЛА,

самабытная нац. жывапісная школа пач. 16 — пач. 19 ст. Склалася на аснове традыцый візантыйскага і стараж.-рус. мастацтва пад уплывам ідэй Адраджэння. Творы вызначаюцца вернасцю канону, умоўнасцю і сімвалізмам выяўл. мовы, характэрнасцю тыпажу, шырокім выкарыстаннем этнагр. элементаў, імкненнем адлюстраваць навакольную рэчаіснасць. Адметная рыса бел. абразоў — узорыстасць, багатая і разнастайная арнаментоўка, разны раслінны арнамент фону, мажорнасць агульнага эмацыянальнага ладу. У найб. ранніх творах 16 ст. спалучаюцца асн. рысы сярэдневяковага мастацтва з элементамі рэнесансу: светлы каларыт, арнаментыка, якая дапамагае выявіць аб’ём, лірычнасць вобразнага ладу («Маці Божая Іерусалімская» з Брэстчыны). У творах 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маст. традыцый Адраджэння з’яўляецца імкненне да перадачы прасторы, аб’ёму, натуральнасці формаў, прапарцыянальнасці ў выяве чалавека і асяроддзя («Нараджэнне Багародзіцы» з Брэстчыны; «Параскева Пятніца» са Случчыны, «Апосталы Лука і Сымон», «Пакланенне вешчуноў» з Брэстчыны). Для Беларускай іканапіснай школы 17 ст. характэрны аб’ёмнасць, дэталіроўка, паказ асобных персанажаў у тагачаснай вопратцы [«Тройца старазапаветная» з Брэстчыны, «Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая», сярэдзіна 18 ст., з в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Успенне», 1650, з в. Олтуш Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Узнясенне Марыі (Асунта)», канец 17 ст.]. Іканапіс 18 ст. стаў своеасаблівай формай барацьбы за нац. самавызначэнне, што абумовіла яго непасрэдную сувязь з нар. вытокамі, усебаковае пранікненне нар. светапогляду і фалькл. матываў у прафес. мастацтва; значны ўплыў на яго зрабіла мастацтва барока (абразы басценавіцкага майстра, 1723—28; «Ушэсце» Паўла Клачковіча, 1751, з Брэстчыны). Шырокае развіццё набыло т.зв. «наіўнае барока», або народны «прымітыў» («Разасланне апосталаў» з Брэстчыны, «Тройца новазапаветная» з Віцебшчыны). У іканапісе 18 ст. прасочваецца імкненне спасцігнуць непаўторнасць і самабытнасць чалавечага характару, што збліжае яго з тагачасным свецкім партрэтным жывапісам. Пачынаючы з 17 ст. ў Беларускай іканапіснай школе, захаваўшы асн. агульнанац. рысы, выразнымі мясц. нюансамі вылучаўся іканапіс Віцебшчыны, Магілёўшчыны і найб. Брэстчыны — насычаным колерам, падкрэсленым малюнкам, устойлівымі формамі, характэрным палескім тыпажам («Мікола», сярэдзіна 17 ст., «Варвара-пакутніца», 18 ст., Яна Васілевіча з Кобрына; «Сабор архангела Міхаіла», 1751, «Тройца» В.​Маркіянавіча, 1761). У канцы 18 — пач. 19 ст. бел. іканапіс паступова страціў сваю самабытнасць і перастаў існаваць як маст. школа. У 20 ст. ідзе спроба аднаўлення бел. іканапіснай школы.

Літ.:

Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў: Фрэска, абраз, партрэт. Мн., 1980.

Э.​І.​Вецер.

Да арт. Беларуская іканапісная школа. Маларыцкі майстар. Успенне. 1650.
Да арт. Беларуская іканапісная школа. Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая. Сярэдзіна 18 ст.
Да арт. Беларуская іканапісная школа. В.​Маркіянавіч. Тройца. 1761. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Да арт. Беларуская іканапісная школа. Узнясенне Марыі (Асунта). Канец 17 ст. Музей старажытнабеларускай культуры ІМЭФ АН Беларусі.

т. 2, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЧА́ТКА, пячаць,

рэч з выразанымі знакамі для адбітку іх на гліне, сургучы, воску, паперы і інш., а таксама адбітак гэтых знакаў, зроблены, каб надаць якому-н. дакументу верагоднасць і юрыд. сілу. Вывучае П. сфрагістыка.

П. вядомы з 4-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. У Стараж. Грэцыі і Рыме П. рабілі з каштоўнага каменю — т.зв. гемы, як узоры мастацтва іх вывучае гліптыка. Рымляне карысталіся таксама П.-пярсцёнкамі. З канца 4 ст. ў Рыме былі віслыя П. — булы (адціскаліся на свінцовых, сярэбраных, залатых пласцінках і прывешваліся на шнурках да дакументаў), у канцы 10 ст. праз Візантыю трапілі на Русь. Найб. колькасць віслых П. знойдзена ў Ноўгарадзе, а свінцовых П. для тавараў (пломбаў) — у Драгічыне на р.

Буг (цяпер у Падляскім ваяв., Польшча). Знойдзены полацкія П. кн. Ізяслава Уладзіміравіча (канец 10 ст.), Ефрасінні Полацкай і яе маці Софіі. епіскапаў Дыянісія і Міны (12 ст.). П. з выявамі расквітнеўшага крыжа і св. Глеба належала менскаму кн. Глебу Усяславічу. У Тураве знойдзена П. кіеўскага мітрапаліта Кірылы (13 ст.). У 1-й пал. 14 ст. ў Полацку карысталіся свінцовымі буламі, у канцы 14—15 ст. ужываліся віслыя і прыкладныя васковыя П. Паводле тыпаў П. 14—15 ст. былі княжацкія. епіскапскія, гарадскія, баярскія і інш. У Польшчы і ВКЛ у 15—18 ст. ужываліся асабістыя П.-пярсцёнкі (сыгнеты). З прыняццем магдэбургскага права ў 14—17 ст. многія бел. гарады мелі П. з выявамі гербаў. Стараж. адбіткі П. падзяляюцца на металічныя (10—15 ст.), васковыя (14—17 ст.), сургучныя (з канца 17 ст.), куродымныя (18—19 ст.). У канцы 19 ст. ўзніклі каўчукавыя штэмпелі і спец. масціка, каб рабіць адбітак на паперы.

У Рэспубліцы Беларусь П. гербавыя і простыя. На гербавай назва дзярж. арг-цыі ці органа, якія яе выкарыстоўваюць, і выява Герба дзяржаўнага Рэспублікі Беларусь. На простых П. няма выявы герба, імі звычайна карыстаюцца грамадскія арг-цыі, недзярж. прадпрыемствы і асобы (напр., урачы). Адзін з відаў простай П. — вуглавы і інш. штампы.

Літ.:

Янин В.Л. Актовые печати Древней Руси X—XV вв. Т. 1—3. М., 1970—98 (т. 3 разам з П.​Р.​Гайдуковым);

Цітоў А. Пячаткі старажытнай Беларусі: Нарысы сфрагістыкі. Мн., 1993;

Трофимов А.И. Об атрибуции брестской печати XI в. // Гербовед. 1997. № 3.

Г.​В.​Штыхаў.

Да арт. Пячатка. Віслыя свінцовыя двухбаковыя пячаткі: 1 — полацкага кн. Ізяслава Уладзіміравіча (канец 10 ст.); 2 — кіеўскай вял. княгіні Алісавы з Пінска (11 ст.); 3 — полацкай княгіні Софіі (12 ст.); 4 — Ефрасінні Полацкай (12 ст.); 5 — пячатка з Ваўкавыска; 6 — полацкага епіскапа Дыянісія (12 ст.); 7 —полацкага епіскапа Міны (12 ст.); 8 — пячатка з Ваўкавыска з выяваю св. Сімяона; 9 — пячатка з Полацка з выявамі Божай Маці і архангела Міхаіла (канец 12 — пач. 13 ст.).

т. 13, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ТЫКА (італьян. gotico літар. гоцкі ад назвы герм. племя готаў),

гатычны стыль, мастацкі стыль, пашыраны ў краінах Зах., Цэнтр., часткова Усх. Еўропы паміж сярэдзінай 12 і 15—16 ст. Вылучаюць перыяды готыкі: ранняй (12 ст.), сталай (13—14 ст.) і позняй («палымянай») з моцнымі дэкар. тэндэнцыямі (15 ст.). Прыйшла на змену раманскаму стылю, ад якога ўнаследавала вяршэнства архітэктуры ў сістэме мастацтваў і традыц. тыпы культавых будынкаў. Развіццё мастацтва готыкі адлюстравала змены ў структуры сярэдневяковага грамадства: пачатак фарміравання цэнтралізаваных дзяржаў, рост і ўзмацненне гарадоў, якія сталі буйнымі заказчыкамі арх. твораў, больш высокі ўзровень развіцця рамёстваў і тэхнікі, аслабленне асноў сярэдневяковых рэліг.-дагматычных светапоглядаў і інш.

Стыль готыкі ўзнік на Пн Францыі. Найб. спецыфічная готыка ў Італіі (зберагліся моцныя ант. традыцыі) і Іспаніі. Канструкцыйны прынцып культавага дойлідства готыкі — каркас з каменю, які пазбавіў пабудовы грувасткасці раманскіх сабораў. Унутр. слупы гатычных сабораў накшталт пучка тонкіх калон пераходзілі ўверсе ў стральчатыя аркі нясучых рэбраў (нервюраў) вельмі тонкага крыжовага скляпення. Вонкавыя паўаркі — аркбутаны перадавалі распор скляпення на спец. апорныя вонкавыя слупы — контрфорсы. Гатычныя саборы вылучаліся вял. вышынёй і былі добра асветлены вокнамі з каляровымі вітражамі (Шартрскі сабор). Гал. фасады сабораў звычайна ўпрыгожвалі карункамі рознага разнога дэкору, ажурнымі вежамі, глыбокімі «перспектыўнымі» парталамі, у цэнтры часта рабілі вял. круглае акно (ружу). Гал. відам выяўл. мастацтва готыкі была скульптура, якой упрыгожвалі фасады сабораў і іх інтэр’еры (скульптура «Коннік» у кафедральным саборы ў г. Бамберг, 1235, Германія). Найб. значныя помнікі царк. готыкі: Парыжскай Божай Маці сабор, Рэймскі сабор, Кёльнскі сабор, саборы ў Ам’ене, Страсбуры (Францыя), Кентэрберы, Уэльсе, Вестмінстэрскім абацтве ў Лондане, капэла Каралеўскага каледжа ў Кембрыджы (Англія), саборы ў Фрайбургу, Ульме, Вене (Цэнтр. Еўропа), Мілане, Сіене (Італія), Бургасе (Іспанія), Кракаве, Гнезна, Познані, Гданьску (Польшча), Празе (Чэхія), касцёлы св. Ганны і бернардзінцаў у Вільнюсе, Рыжскі Домскі сабор і інш. Сярод грамадз. і абарончых збудаванняў: ратушы ў гарадах Арас і Камп’ень (Францыя), Бруге і Брусель (Бельгія), шэраг ісп. феад. замкаў, італьян. палацца, гар. умацаванні Таліна. У творах выяўл. мастацтва пабольшала цікавасць да складанага духоўнага свету чалавека, багацця яго перажыванняў, свету прыроды.

На Беларусі готыка адлюстравана пераважна ў архітэктуры 15—16 ст. Але тут сфарміраваўся своеасаблівы стыль, характэрны гарманічным спалучэннем рыс готыкі і рэнесансу, традыцый стараж.-рус. манум. дойлідства і ўплываў рус.-візант. стылю, што ўзбагаціла бел. готыку, надало яе помнікам непаўторны каларыт і маст. каштоўнасць. Аб’ёмы пабудоў тут вырашаны скульптурна, з мяккай прарысоўкай ліній, арх. дэкор адыгрывае другарадную ролю (Ішкалдскі Троіцкі касцёл). Асн. дэкар. элементы — абрамленні парталаў і аконных праёмаў, разнастайныя па малюнку нішы і аркатура (Навагрудская Барысаглебская царква). Нярэдка завяршэнні праёмаў і парталаў мелі не спецыфічную для готыкі спічастую, а паўцыркульную форму. Маляўнічасць будынкам надавала 2-колернае вырашэнне фасадаў: заглыбленыя часткі бялілі, а выступы не атынкоўвалі, пакідалі натуральны колер чырв. цэглы (Мураванкаўская царква-крэпасць). Тэндэнцыю развіцця культавых абарончых збудаванняў у 16 ст. яскрава адлюстроўвае Сынковіцкая царква-крэпасць, якая мае стройную і гарманічную арх. кампазіцыю, створаную з гатычных, рэнесансавых і стараж.-рус. формаў. Інш. кампазіцыйныя прыёмы развіваліся ў 1-нефавых храмах з вежай-званіцай на гал. фасадзе. Манум.-кампактныя аб’ёмы, умацаваныя контрфорсамі, кантраставалі з высокімі яруснымі верт. вежамі, якія надавалі будынкам рысы дынамічнай асіметрыі (Гнезнаўскі касцёл Міхаіла архангела, Дзераўноўскі касцёл Благавешчання). Арх. формы, канструкцыі і буд. тэхніка готыкі найб. характэрны для замкавага дойлідства 16—17 ст. (Гродзенскі Стары замак, Навагрудскія замкі, Мірскі замкава-паркавы комплекс). У драўляным дойлідстве асобныя элементы готыкі захоўваліся да 18 ст. У канцы 18 — пач. 20 ст. канструкцыйныя прыёмы, формы і элементы готыкі сталі аб’ектам пераймання і стылізацыі, што выявілася ў архітэктуры неаготыкі.

Літ.:

Всеобщая история архитектуры. Т. 4. Л.;

М., 1966;

Всеобщая история искусств. Т. 2, кн. 1. М., 1960;

Лясковская О.А. Французская готика, XII—XIV вв. М., 1973;

Кушнярэвіч А.М. Культавае дойлідства Беларусі XIII—XVI стст. Мн., 1993;

Svoboda K.M. Die Spätgolik. Wien, 1978;

Rüdiger W. Die gotische Kathedrale: Architektur und Bedeutung. Köln, 1979.

Ю.​А.​Якімовіч.

Да арт. Готыка. Сабор Нотр-Дам у Парыжы. 1163—1257. Бакавы фасад.
Да арт. Готыка. Партал сабора ў Шартры (Францыя). 1145—70.
Да арт. Готыка. Нервюрныя скляпенні трансепта сабора ў Ам’ене (Францыя). 13 ст.
Да арт. Готыка. Джэнтыле да Фабрыяна. Пакланенне вешчуноў. 1423.
Да арт. Готыка. Міланскі сабор. 1386—1856.
Да арт. Готыка. Скульптура конніка ў кафедральным саборы ў Бамбергу (Германія). 1235.
Да арт. Готыка. Скульптура партала сабора ў Страсбуры (Францыя). 1220.
Да арт. Готыка. Сабор у Сіене (Італія). Будаўніцтва пачата ў 12 ст., завершана ў 1284—99. Праект Дж. і Н.​Пізана.
Да арт. Готыка. Дэталь вітража сабора ў Шартры (Францыя). 13 ст.
Да арт. Готыка. Троіцкі касцёл у вёсцы Ішкалдзь Баранавіцкага раёна 1472.

т. 5, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)