АБАРА́ЙРСКАЯ БІ́ТВА 451,

адбылася паміж паўстаўшымі армянамі на чале з палкаводцам Варданам Маміканянам і арміяй Сасанідскага Ірана (спрабаваў навязаць сваю рэлігію) 26 мая на Аварайрскім полі (Цэнтр. Арменія). Абодва бакі панеслі вял. страты, у бітве загінуў Маміканян. Перамога іранцаў, армія якіх была ўтрая большая, не была канчатковая — барацьба працягвалася, пакуль Іран не прызнаў права армян на хрысціянскае веравызнанне.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СХОД,

1) назва ўстаноўчага сходу ў Францыі ў 1789, 1848, 1871 і ў Германіі ў 1848 і 1919.

2) У Францыі ў 1840—1940 — аб’яднанае пасяджэнне абодвух палат парламента, якое выбірала прэзідэнта рэспублікі.

3) У шэрагу краін (Арменія, Беларусь, Бенін, В’етнам, Туніс, Францыя і інш.) назва парламента або адной з яго палат (Габон, Мадагаскар, Маўрытанія і інш.).

т. 11, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЮРДЖА́Н (Габрыэл Мікаэлавіч) (24.4.1892, г. Артвін, Турцыя — 1987),

армянскі жывапісец. Нар. мастак Арменіі (1945). Скончыў Пензенскія вышэйшыя маст.-пед. майстэрні (1920). З 1922 у Арменіі. Выкладаў у Ерэванскім маст. ін-це (1945—58). Пераважна пейзажыст: «Шыракскі канал» (1926), «Севан. Зангбуд» (1936), «Ерэван у дні Айчыннай вайны» (1942), «Збор бавоўны» (1949), «Руіны сярэдневяковай крэпасці Севан» (1958), «Жніво ў калгасе. Арменія» (1969) і інш.

т. 5, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЛАМАЗЯ́Н (Марыям Аршакаўна) (20.10.1907, с. Баш-Шырак, каля г. Кумайры, Арменія — ?),

жывапісец і графік. Нар. мастак Арменіі (1965). Вучылася ў маскоўскім Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1928—30), у Ленінградскім ін-це пралетарскіх выяўл. мастацтваў (1930—32). Прадстаўнік арм. школы дэкар. нацюрморта («Армянскі нацюрморт», 1955; «Горная сімфонія Арменіі», 1976); аўтар пейзажаў, партрэтаў, тэматычных карцін, дэкар. вырабаў з керамікі.

Літ.:

Сарабьянов А. Мариам Асламазян: [Альбом]. М., 1979.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДАЯ́Н (Аляксандр Арсенавіч) (н. 24.5.1925, с. Хот Гарыскага р-на, Арменія),

бел. матэматык. Канд. фізіка-матэм. н. (1965), праф. (1983). Скончыў Азерб. ун-т (1955). З 1966 у Бел. пед. ун-це. Навук. працы па тэнзарным аналізе і рыманавай геаметрыі. Аўтар навуч. дапаможнікаў для тэхнікумаў і ВНУ.

Тв.:

Алгебра и геометрия. Мн., 1989 (разам з У.​А.​Дударэнкам);

Математический анализ. Мн., 1990 (з ім жа).

т. 6, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРПА́, Усходні Арпачай,

рака ў Арменіі і Нахічэванскай Рэспубліцы, левы прыток Аракса. Даўж. 128 км, пл. бас. 2630 км². Пачынаецца на схілах Зангезурскага хрыбта, у сярэдняй ч. цячэ па міжгорнай катлавіне. Сярэдні расход вады 11,5 м³/с (каля г.п. Ехенадзор, Арменія). Выкарыстоўваецца на арашэнне, таму летам воды Арпы не даходзяць да р. Аракс. Для перакіду водаў Арпы ў воз. Севан пабудаваны тунэль (48,6 км). У вярхоўях Арпы курорт Джэрмук.

т. 1, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКУ́НЦ (Аксел) (сапр. Тэвасян Аляксандр Сцяпанавіч; 25.6.1899, г. Гарыс, Арменія — 8.7.1937),

армянскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі с.-г. ін-т (1923). Удзельнік (1917—18) баёў за Зах. Арменію. У 1936 рэпрэсіраваны. Друкаваўся з 1918. Зб-кі аповесцяў і апавяданняў «Цёмная цясніна» (1927), «Сейбіты чорных барознаў» (1933) прысвечаны гіст.-рэв. тэматыцы, у зб-ках «Белы конь» (1929), «Дождж» (1935) адлюстраваны прырода, духоўная прыгажосць чалавека. Аўтар сатыр. аповесцяў «Аўнатан Марч» (1927), «Кёрэс» (1935), незакончаных раманаў «Чырвоная гара», «Сын грому», «Хачатур Абавян».

С.​Арзуманян, Д.​Гаспаран.

т. 2, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАГАСЯ́Н (Мікалай Багратавіч) (н. 2.12.1918, с. Налбандзян, Арменія),

армянскі скульптар. Нар. маст. СССР (1982). Скончыў Маскоўскі маст. ін-т (1947). Працуе ў Маскве. Творчасці ўласцівы спалучэнне вострага псіхалагізму з шматграннасцю раскрыцця характару мадэлі, жывапіснасцю лепкі з абагульненасцю манументалізаванай формы. Аўтар партрэтаў І.​Баграмяна (1945), Х.​Абавяна (1948), Э.​Ісабекяна (1951), Т.​Макаравай (1952), А.​Хачатурана (1954), А.​Ісаакяна (1955), С.​Марцінсона (1967), А.​Абрамяна (1982), помніка Ісаакяну ў г. Гюмры (1976). Дзярж. прэмія СССР 1977.

М.Нікагасян. Партрэт А.​Ісаакяна. 1955.

т. 11, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСАКЯ́Н (Нарайр Марціросавіч) (25.1.1907, г. Аштарак, Арменія — 12.3.1966),

расійскі біяхімік. Акад. АН СССР (1960, чл.-кар. 1953). Акад. АН Арм. ССР (1965). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.​А.​Ціміразева (1932). З 1935 у Ін-це біяхіміі АН СССР. Навук. працы па вывучэнні ролі ферментаў у працэсах абмену рэчываў, біяхіміі засухаўстойлівасці і глебавым жыўленні раслін, тэхн. біяхіміі, касм. біялогіі. Дзярж. прэмія СССР 1952. Яго імем названы кратэр на Месяцы.

Тв.:

Биохимия обмена веществ. М., 1954.

Літ.:

Н.​М.​Сисакян. М., 1967.

т. 14, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАР’Я́Н (сапр. Аракелян) Стафан

(16.9.1890, с. Каракліс, Арменія — 15.10.1968),

армянскі пісьменнік. Друкаваўся з 1909. У зб. апавяданняў «Сумныя людзі» (1918), апавяданнях і аповесцях 1918—25 паказаў духоўны свет суайчыннікаў, складаныя сац. працэсы тагачаснасці. Гераічнаму мінуламу Арменіі прысвяціў гіст. трылогію «Цар Пап» (1944), «Армянская крэпасць» (1959), «Вараздат» (1968). Аўтар аўтабіягр. рамана «Гісторыя аднаго жыцця» (т. 1—2, 1934—38). Пераклаў на арм. мову раман Л.​Талстога «Вайна і мір», творы І.​Тургенева і інш. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі М.​Татур, М.​Гіль.

т. 6, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)