Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́МАЧНАЯ АНТЭ́НА,
накіраваная антэна ў выглядзе аднаго ці некалькіх плоскіх віткоў проваду, якія ўтвараюць рамку квадратнай, круглай або прамавугольнай формы. Перыметр рамкі, як правіла, значна меншы за даўжыню выпрамененай ці прынятай эл.-магн. хвалі. Максімум прынятага сігналу адпавядае выпадку, калі плоскасць рамкі ляжыць у напрамку на перадавальную станцыю. Выкарыстоўваецца ў радыёпеленгатарах, радыёкомпасах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯПАЗО́ННАЯ АНТЭ́НА,
тып антэны, асн.эл. параметры якой (дыяграма накіраванасці, уваходнае супраціўленне і інш.) застаюцца практычна нязменнымі ў шырокім дыяпазоне частот (без падстройкі). Такая ўласцівасць Д.а. абумоўлена выбарам схем і канструктыўных памераў; яе маюць рамбічныя, рупарныя, спіральныя і інш. антэны. Выкарыстоўваюць для радыёсувязі, тэле- і радыёвяшчання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ПАРНА-ЛЮСТРА́НАЯ АНТЭ́НА накіраваная антэна ў выглядзе спалучэння рупара з адным ці больш люстэркамі. Сферычная хваля, узбуджаная на вяршыні рупара, пераўтвараецца ў плоскую хвалю пасля адбіцця люстэркамі. Найб. пашырана рупарна-парабалічная антэна, дзе рупар аб’яднаны з парабалічным люстэркам, у фокусе якога размешчана вяршыня рупара. Такія антэны выкарыстоўваюцца ў радыёрэлейных лініях сувязі, для сувязі з ШСЗ і інш.
Рупарна-люстраная антэна: 1 — рупарны апрамяняльнік; 2 — фронт хвалі, што падае на люстэрка; 3 — фронт адбітай хвалі; 4 — люстэрка; F — фокус люстэрка.