АНТЫПІРЭ́НЫ (ад анты... + грэч. pyr агонь),

рэчывы або сумесі, якія зніжаюць гаручасць матэрыялаў арган. паходжання (драўніны, пластмасаў, тканін і інш.). Падзяляюцца на інертныя і актыўныя (уступаюць у хім. рэакцыю з матэрыяламі). Найб. пашыраны гідраксід алюмінію, злучэнні бору, фосфару (фасфаты), хлор- і бромвытворныя аліфатычных і араматычных вуглевадародаў. Выкарыстоўваюць як растворы для прамочвання матэрыялаў, у саставе фарбаў.

т. 1, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФЕРМЕ́НТЫ (ад анты... + ферменты),

спецыфічныя бялкі з групы антыметабалітаў, якія затрымліваюць або блакіруюць дзеянне ферментаў праз утварэнне з імі неактыўных комплексаў. Наяўнасць антыферментаў у органах і тканках ахоўвае іх ад разбуральнага ўздзеяння пэўных ферментаў (напр., сценкі страўніка і кішэчніка ад уздзеяння стрававальных ферментаў). Штучна сінтэзаваны лек. прэпараты, якія маюць уласцівасці антыферментаў, напр. эзерын, празерын, факурыт (дыякарб), трасілол і інш.

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫПО́ДЫ [ад анты... + грэч. pus (podos) нага],

1) жыхары дыяметральна процілеглых пунктаў на паверхні зямнога шара. У пераносным сэнсе — людзі з процілеглымі поглядамі, густамі або рысамі характару.

2) Антыподы ў біялогіі — клеткі, размешчаныя ў процілеглым яйцаваму апарату (яйцаклеткі і сінергіды) краі зародкавага мяшка пакрытанасенных раслін. Колькасць іх ад 1 да 300 (часцей 3). Нярэдка антыподы моцна разрастаюцца і садзейнічаюць перадачы пажыўных рэчываў з тканак семязавязі зародку.

т. 1, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГІ́РАВАНЫ ЧЫГУ́Н,

чыгун, у які ўводзяць т. зв. легіруючыя элементы для надання пэўных уласцівасцей (гл. Легіраванне).

Бывае нізкалегіраваны (легіруючых элементаў да 3%), сярэдне- (ад 3 да 10%) і высокалегіраваны (больш за 10%); гарачатрывалы і гарачаўстойлівы (гл. Гарачатрывалыя матэрыялы, Гарачаўстойлівыя матэрыялы), анты фрыкцыйны, зносаўстойлівы, немагнітны і інш. Чыгун, у які легіруючыя элементы пераходзяць з руды, наз. прыродналегіраваным. Л.ч. ідзе на блокі цыліндраў, поршні, каленчатыя валы, падшыпнікі, дэталі вузлоў трэння і інш.

т. 9, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Анты 1/366; 4/246; 9/556, 577; 10/444

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫКААГУЛЯ́НТЫ [ад анты... + лац. coagulans (coagulantis) які вядзе да згусання] у медыцыне, лекавыя сродкі, якія памяншаюць скорасць згусання крыві і перашкаджаюць утварэнню тромбаў. Уплыў антыкаагулянтаў прамога дзеяння (гепарын, гірудзін і інш.) адбываецца праз зніжэнне актыўнасці трамбіну ў крыві, антыкаагулянты ўскоснага дзеяння (дыкумарын, пелентан, фенілін і інш.) — праз парушэнне працэсаў утварэння трамбіну ў печані. Выкарыстоўваюцца пры інфарктах, тромбафлебітах, трамбатычных і эмбалічных інсультах, пасля хірург. ўмяшання і інш. Проціпаказаны пры цяжарнасці, язвавай і нырачнакамянёвай хваробах, схільнасці да крывацёкаў.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФРЫ́З (ад анты... + лац. freeze замярзаць),

вадкасць з нізкай тэмпературай замярзання, прызначаная для ахаладжэння рухавікоў унутр. згарання, радыёэлектроннай апаратуры, прамысл. цеплаабменнікаў, якія працуюць пры нізкіх т-рах. Як антыфрыз выкарыстоўваюць водныя растворы этыленгліколю, гліцэрыны, спіртоў (метылавага, этылавага і ізапрапілавага), неарган. соляў (пераважна хлорыстага кальцыю); т-ра замярзання залежыць ад прыроды і канцэнтрацыі рэчываў і можа быць ад -10 да -75 °C. У тэхніцы выкарыстоўваюць 52,6 і 66%-ныя растворы этыленгліколю з т-рай замярзання -40 і -65 °C адпаведна.

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫ́МАНЕН Анты Мікалаевіч (1.5.1915, в. Лусалма, Карэлія — 1990),

карэльскі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1956). Працаваў журналістам, настаўнікам. Друкаваўся з 1931. Пісаў на фін. і рус. мовах. Першы зб. апавяданняў «Аэраплан» (1933). Тэма вайны ў аповесці «Ад Карэліі да Карпат» (1948) і ў зб. «У навальніцу і пад сонцам» (1964). Сац. праблемы, гіст. лёс карэльскага народа ў раманах «Белакрылая птушка» (1959—60), «Тут мой дом» (1965), «Мы — карэлы» (1969), «Жыхары пакінутай вёскі» (1977).

т. 18, кн. 1, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫДЭПРЭСА́НТЫ (ад анты... + лац. depressio прыгнечанасць),

лекавыя псіхатропныя сродкі для папярэджання або нейтралізацыі псіхічных і фіз. расстройстваў, якія суправаджаюць стан дэпрэсіі. Паляпшаюць настрой, здымаюць трывогу і напружанасць, павышаюць псіхічную актыўнасць, нармалізуюць агульны тонус, сон, страваванне, рухомасць арганізма. Многія з іх несумяшчальныя з асобнымі відамі ежы, асабліва з ужываннем у час лячэння спіртных напіткаў (магчыма развіццё калапсу). Асобныя антыдэпрэсанты на пач. этапе выкарыстання запавольваюць скорасць рэакцыі і ўспрымання сітуацый, таму пры назначэнні выключаюць магчымасць кіравання трансп. сродкамі або выканання складаных тэхн. аперацый.

т. 1, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ГАРАН (грэч. megaron літар. вял. зала),

адзін з тыпаў жылля, пашыранага ў краінах бас. Эгейскага мора (3—2-е тыс. да н.э.). У Гамера М. — парадная ці жылая частка дома, пераважна царскага палаца. У плане прамавугольная пабудова, часам з абсідай, складаецца з гал. памяшкання (уваход з тарцовага боку праз сумежныя з гал. памяшканнем анты) і порціка. У гал. памяшканні знаходзілася агнішча. М. вядомы ў Мікенах, Троі, Кносе, Сескла, Дыміні, Тырынфе і інш. М. паслужылі прататыпам храмаў Стараж. Грэцыі архаічнага і класічнага часу.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)