Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБУ́ТУ-СЕ́СЕ-СЕ́КА (Mobutu Sese Seko; да 1973 Альберт; Albert),
возера ва Угандзе і Дэмакр. Рэспубліцы Конга, у бас.р. Ніл. Размешчана ў тэктанічнай катлавіне на выш. 619 м, у сістэме Зах.-Афр. грабена. Пл. 5,6 тыс.км², даўж. 160 км, шыр. каля 40 км, глыб. да 58 м. Берагі расчлянёныя, б.ч. стромкія, дно плоскае. Упадаюць рэкі Семлікі і Вікторыя-Ніл, выцякае р.Альберт-Ніл. Рыбалоўства. Суднаходства. Парты: Бутыяба (Уганда), Касеньі (Дэмакр. Рэспубліка Конга). Адкрыта ў 1864 С.У.Бейкерам. Названа ў гонар Мабуту Сесе Сека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРА-ІТАЛЬЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1848—49,
вайна за вызваленне Італіі ад аўстрыйскага панавання. Пачалася ў час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. У выніку нар. паўстання з Ламбардыі і Венецыі былі выгнаны аўстр. войскі. Кароль Сардзініі Карл Альберт аб’явіў вайну Аўстрыі. У баях удзельнічалі добраахвотныя атрады Дж.Гарыбальдзі. Здрадніцкая палітыка кіруючых колаў Італіі прывяла да паражэння італьян. Арміі пры Кустоце. Аўстр. войскі захапілі Мілан. Пасля пагаднення Карла Альберта з аўстрыйцамі Ламбардыя зноў адышла да Аўстрыі. 20.3.1849 Карл Альберт аднавіў ваен. дзеянні, аднак пацярпеў паражэнне, адрокся ад трона і ўцёк з Італіі. Яго сын Віктар Эмануіл 26.3.1849 заключыў з аўстрыйцамі перамір’е. Паводле Міланскага міру (6.8.1849) Ламбардыя і Венецыя засталіся пад уладай Аўстрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙМ ((Heim) Альберт) (12.4.1849, г. Цюрых, Швейцарыя — 31.8.1937),
швейцарскі геолаг. Праф. ун-та ў Цюрыху (з 1875). Прэзідэнт геал. камісіі Швейцарскага прыродазнаўчага т-ва, швейц. школы гляцыёлагаў. Асн. працы па геалогіі, тэктанічнай будове (прыхільнік шырокага распаўсюджвання покрываў) і зледзяненні Альпаў. Механізм гораўтварэння разглядаў з пазіцый пашыранай у 19 ст. кантракцыйнай гіпотэзы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБА́ ((Gobat) Шарль Альберт) (21.5.1834, г. Трамлан, Швейцарыя — 16.3.1914),
швейцарскі паліт. дзеяч. Д-р права (1867). У 1889 уключыўся ў міжнар. рух за мір. З 1891 дырэктар Міжпарламенцкага бюро, якое каардынавала дзейнасць Міжпарламенцкага саюза ў розных краінах. З 1906 дырэктар Міжнар. бюро міру. Аўтар кн. «Еўрапейскі кашмар» (1911) аб небяспецы гонкі ўзбраенняў. Нобелеўская прэмія міру 1902 (разам з Э.Дзюкаменам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАНА́САЎ ((Atanassoff) Сірыл) (н. 30.6.1941, Пюто, каля Парыжа),
французскі артыст балета. Вучыўся ў балетнай школе пры Парыжскай оперы, з 1957 у трупе гэтага т-ра. Танцоўшчык героіка-рамант. плана. Яго выкананню ўласцівы эмацыянальнасць і элегантнасць. Сярод партый: Альберт («Жызэль» А.Адана), Шчаўкунок, Зігфрыд («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Франц («Капелія» Л.Дэліба), Цар Іван («Іван Грозны» на муз. С.Пракоф’ева), у балеце «Агон» І.Стравінскага. Прэмія В.Ф.Ніжынскага (Парыж, 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЛІЗА́РАЎ (Альберт Сцяпанавіч) (н. 13.1.1937, г. Архангельск, Расія),
бел. вучоны ў галіне прыладабудавання. Д-ртэхн.н. (1972), праф. (1977). Скончыў Ленінградскі ін-тавіяц. прыладабудавання (1960). З 1975 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па радыёвымяральных прыладах. Распрацаваў вектарныя аналізатары радыётэхн. ланцугоў звышвысокачастотнага дыяпазону і на іх аснове новыя віды ўзроўнямераў.
Тв.:
Автоматизация измерений параметров линейных невзаимных СВЧ четырехполюсников. М., 1978;