ЗВЯРЫ.

На Беларусі сучасная тэрыяфауна набыла асн. рысы ў пасляледавіковы перыяд. Мае мяшаны характар, генетычна звязана з тэрыяфаунай Зах. і Паўд. Еўропы, сумежных і больш далёкіх ўсх. і паўн. тэрыторый. Уключае 76 абарыгенных і акліматызаваных відаў з 6 атр.: насякомаедных 11, рукакрылых 17, грызуноў 26, зайцападобных 2, драпежных звяроў 15, парнакапытных 5 відаў. За апошнія 500 гадоў на Беларусі вынішчаны алень высакародны, зубр белавежскі, кот дзікі еўрапейскі, пясец, расамаха, собаль, тарпан, або конь лясны, тур, хахуля. У сярэдзіне 19 ст. рэакліматызаваны алень высакародны, у 20 ст. — зубр белавежскі. У выніку акліматызацыі на Беларусі з’явіліся 4 новыя віды: андатра, норка амерыканская, янотападобны сабака, янот-паласкун. якія рассяліліся па ўсёй тэр. і дасягнулі прамысл. колькасці за выключэннем янота-паласкуна. Вял. група відаў характэрна для фауны еўрап. шыракалістых лясоў (вожык, зубр белавежскі, куніца лясная, кутора малая, мыш жаўтагорлая, норка еўрапейская, палёўка рыжая, соні арэшнікавая, вялікая, лясная, садовая, тхор лясны і інш.). Шмат звяроў жыве ў лясах розных тыпаў (буразубкі звычайная і малая. вавёрка звычайная, заяц-бяляк, кутора вадзяная, лось, мядзведзь буры, палёўкі вадзяная і эканомка і інш.). Сярод стэпавых і лесастэпавых звяроў: белазубка малая, заяц-русак, суслік рабы, хамяк звычайны. Частку тэрыяфауны складаюць сінантропныя звяры: мыш дамавая, пацукі шэры і чорны. Ёсць шэраг відаў, жыццё якіх не звязана з пэўнымі прыроднымі зонамі (барсук, воўк, гарнастай, ласка, ліс звычайны). Сярод звяроў Беларусі 24 віды з’яўляюцца аб’ектамі палявання (алень высакародны, дзік, зайцы бяляк і русак, еўрапейская казуля, лось і інш.) і промыслу (андатра, бабёр, крот, куніца, норка амерыканская і інш.). Драпежнікі (воўк, ліс, янотападобны сабака і інш.) наносяць шкоду паляўнічай фауне і жывёлагадоўлі, некат. інш. віды (зайцападобныя, парнакапытныя і інш.) — раслінаводству. Мышападобныя грызуны пераважна шкоднікі с.-г. вытворчасці і з’яўляюцца пераносчыкамі ўзбуджальнікаў небяспечных хвароб. Карысныя віды — рукакрылыя. З сярэдзіны 20 ст. разводзяць пушных звяроў у няволі (ліса, норку, пясца, тхара, янота-паласкуна і інш.). Для захавання і ўзбагачэння тэрыяфауны ствараюцца ахоўныя тэрыторыі, праводзяцца акліматызацыя і рэакліматызацыя, біятэхн. мерапрыемствы; у 2-е выданне Чырв. кнігі Беларусі ўключаны 14 відаў. Адстрэл паляўнічых відаў звяроў дазваляецца толькі па ліцэнзіях (бабёр, дзік, казуля, лось).

П.​Р.​Козла.

Звяры. 1 Вавёрка-палятуха. 2. Соня арэшнікавая 3. Соня садовая. 4. Соня вялікая. 5. Еўрапейская шыракавушка 6 Буры мядзведзь. 7. Барсук 8. Еўрапейскі зубр. 9. Сярэднееўрапейскі лясны кот. 10. Рысь. 11. Еўрапейская норка. 12. Хахуля.

т. 18, кн. 2, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБЫ.

У іхтыяфауне вадаёмаў Беларусі адзначана 58 відаў рыб з 18 сямействаў, з іх 13 відаў завезены з мэтай акліматызацыі і развядзення, 8 з іх трапляюцца і цяпер — амур белы, сазан амурскі, сіг, сомікі амерыканскі і канальны, стронга радужная, таўсталобікі белы і стракаты. Некаторыя віды прадстаўлены падвідамі і морфамі. Напр., кумжа звычайная (стронга) у вадаёмах Беларусі прадстаўлена морфай — стронгай ручаёвай. Іхтыяфауна вадаёмаў у межах зоагеагр. акруг характарызуецца розным якасным і колькасным складам. У вадаёмах Зах. акругі 43 віды, Усх. — 37, Чарнаморскай — 49 відаў рыб. Асаблівасцю вадаёмаў Балтыйскай правінцыі з’яўляецца разнастайнасць ласасёвых рыб, Понта-Каспійска-Аральскай — вял. разнастайнасць карпавых рыб. З 46 відаў-абарыгенаў 24 віды пашыраны ў азёрах і рэках, 18 відаў — у рэках і толькі выпадкова могуць заходзіць у праточныя азёры. З рачных рыб галец, гальян звычайны, стронга ручаёвая, харыус насяляюць пераважна вярхоўі рэк і ручаёў з чыстай халоднай вадой, белавочка, бычок-пясочнік, джгір-насар, сцерлядзь — больш цеплалюбівыя і жывуць на раўнінных участках рэк; прамежкавае становішча займаюць быстранка, вусач, галавень, ялец, якія жывуць на ўчастках з цёплай вадой, але абавязкова на цячэнні. Чыста азёрнымі з’яўляюцца рапушка (сялява) і сняток, што жывуць у глыбокіх мезатрофных азёрах бас. Зах. Дзвіны і Віліі. З прадстаўнікоў сучаснай іхтыяфауны толькі ў бас. Дняпра водзяцца белавочка, бычок-пясочнік, джгір-насар, сінец і сцерлядзь. Тыповыя формы вусача і падуста, якія жывуць у Нёмане і Зах. Бугу, у бас. Дняпра маюць падвіды. На працягу апошніх 10 гадоў у бас. Дняпра адзначаны бычок-ганец, бычок-кругляк, ратан-галавешка, чабачок амурскі, у бас. Зах. Буга — бычок-ганец. Спецыфічнымі для вадаёмаў Балтыйскага м. з’яўляюцца вугор, ласось высакародны (сёмга), сіг, сняток, рапушка (сялява), харыус. Звычайнымі аб’ектамі сажалкавага рыбаводства сталі карась сярэбраны, карп, акліматызаваныя амур белы, таўсталобікі белы і стракаты. У азёрах гадуюць вугра, у стронгавых гаспадарках — радужную стронгу. Многіх рыб разводзяць у акварыумах для дэкаратыўных мэт. Праводзяцца мерапрыемствы па ахове рыб (ахова вадаёмаў, месцаў нерасту ад забруджванняў, будаўніцтва рыбаахоўных збудаванняў і прыстасаванняў), мэтанакіраваная рэканструкцыя іхтыяфауны (акліматызацыя, вырошчванне і інтрадукцыя рыб). У 2-й пал. 20 ст. з вадаёмаў Беларусі зніклі асятры атлантычны і рускі, бялуга, выразуб, прахадныя корушка і сіг, сазан, рыбец. У 2-е выданне Чырв. кнігі Беларусі ўключана 5 відаў.

Літ.:

Жуков П.И. Рыбы Белоруссии. Мн., 1965;

Яго ж. Рыбные ресурсы Белоруссии. Мн., 1983;

Яго ж. Рыбы. Мн., 1989.

Т.​М.​Шаўцова.

Рыбы. 1. Рапушка еўрапейская (сялява). 2. Вусач. 3. Ласось-таймень (кумжа). 4. Харыус звычайны. 5. Рыбец. 6. Стронга радужная. 7. Корушка азёрная (сняток) 8 Ласось высакародны (сёмга). 9. Падуст. 10. Сцерлядзь.

т. 18, кн. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАЛОГІЯ

Асобныя экалагічныя даследаванні на Беларусі вяліся з 1920-х г. Вывучаліся лясная, лугавая і балотная расліннасць у сувязі з якасцямі глеб (У.​У.​Адамаў, І.​Г.​Васількоў, В.​С.​Палянская, Н.​М.​Савіч і інш.), дынаміка і геаграфічнае пашырэнне паляўнічай фауны (У.​У.​Стачынскі, І.​М.​Сяржанін, А.​У.​Фядзюшын). У 1930-я г. экалогія сфарміравалася ў самастойную навук. дысцыпліну.

У НДІ эксперыментальнай батанікі АН Беларусі даследавана і праведзена прыродна-гістарычнае раянаванне тэр. Беларусі (І.​С.​Лупіновіч); дадзена дэталёвая характарыстыка глеб краіны як асноўнага экалагічнага фактара (М.​П.​Булгакаў, А.​Р.​Мядзведзеў, В.​І.​Пашын, У.​М.​Пілько, П.​П.​Рагавой), тыпалагічная характарыстыка лясоў (У.​С.​Адзярыха, В.​С.​Гельтман, Дз.​С.​Голад, М.​Ф.​Лоўчы, А.​З.​Цюцюноў, І.​Д.​Юркевіч). Распрацаваны экалагічныя падыходы да інтрадукцыі дрэвавых парод і вылучаны інтрадукцыйныя рэгіёны Беларусі (А.​Ф.​Іваноў, Л.​У.​Краўчанка, Г.​І.​Маргайлік, М.​Дз.​Несцяровіч, А.​У.​Панамарова, Л.​І.​Рахцеенка і інш.). Вывучана экалогія лугавой і балотнай расліннасці (Н.​А.​Буртыс, Е.​А.​Круганава, І.​М.​Сцепановіч). Даследаваны заканамернасці ўзаемаадносін раслін у згуртаваннях (Г.​І.​Калашнікава, І.​А.​Каураў, Л.​А.​Крот, Б.​С.​Мартыновіч, І.​Ф.​Мінько, І.​Н.​Рахцеенка, Б.​І.​Якушаў і інш.), уплыў гасп. дзейнасці чалавека на дынаміку флоры і расліннасці (Н.​Ф.​Казлоўская, Г.​А.​Кім, А.​М.​Маслоўскі, В.​І.​Парфёнаў, Г.​Ф.​Рыкоўскі і інш.), асаблівасці росту і развіцця дрэвавых парод на балотах, шляхі павышэння прадукцыйнасці балотных лясоў (В.​А.​Іпацьеў, Л.​П.​Смаляк). Даследуюцца пытанні індустрыяльнай экалогіі (В.​Р.​Анціпаў, Н.​У.​Гетко, Я.​А.​Сідаровіч, М.​У.​Смольскі, С.​А.​Сяргейчык, К.​Дз.​Чубанаў і інш.).

У Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі даследаваны асобныя пытанні экалогіі жывёл: пашырэнне найб. важных груп жывёл у сувязі з умовамі асяроддзя, акліматызацыя каштоўных прамысловых жывёл, складаныя фауністычныя комплексы, пытанні аховы, аднаўлення і рэканструкцыі жывёльнага свету Беларусі (І.​Ц.​Арзамасаў, М.​С.​Долбік, П.​Р.​Козла, М.​Я.​Нікіфараў, М.​М.​Пікулік, А.​Я.​Пленін, Л.​М.​Сушчэня, І.​М.​Сяржанін і інш.).

Асаблівая ўвага звяртаецца на вывучэнне праблем, звязаных з радыеактыўным забруджваннем раслін і глеб прыродных фітацэнозаў у сувязі з Чарнобыльскай катастрофай. Вывучаны маштабы радыеактыўнага забруджвання, заканамернасці акумуляцыі і міграцыі радыенуклідаў; распрацаваны прагноз уздзеяння радыеактыўных выкідаў на расліннасць. Рэкамендацыі па выкарыстанні расл. рэсурсаў зон радыеактыўнага забруджвання даны ў працах А.​І.​Забалотнага, С.​А.​Дзмітрыевай, Б.​С.​Мартыновіча, В.​І.​Парфёнава, Б.​І.​Якушава і інш. (Ін-т эксперыментальнай батанікі Нац. АН Беларусі), У.​Ф.​Багінскага, І.​М.​Булавіна, В.​А.​Іпацьева (Ін-т лесу Нац. АН Беларусі) і інш. Праводзяцца даследаванні па экалогіі прыродных радыеактыўных ізатопаў калію-40 і урану-238 (Ж.​М.​Анісава, М.​М.​Карсека, Б.​І.​Якушаў).

Створаны ў 1990 Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі вырашае комплекс задач па выпрацоўцы біясферна сумяшчальнай тактыкі прыродакарыстання ў сучасных умовах. Вывучана класіфікацыя біясферных функцый балотных экасістэм (М.​М.​Бамбалаў, В.​А.​Раковіч). Праведзена ацэнка эмісіі і сцёку вуглякіслага газу ў атмасферу рознымі экасістэмамі (В.​В.​Каляда, У.​Ф.​Логінаў, Р.​І.​Сачок), уздзеяння ўстойлівых арганічных забруджвальнікаў (С.​В.​Какарэка, Т.​І.​Кухарчык). Вывучаны ўдзельныя выкіды розных вытворчасцей і трансгранічны перанос забруджвальнікаў (С.​В.​Какарэка, Т.​І.​Кухарчык, В.​С.​Хоміч), заканамернасці змянення кліматычных умоў краіны пад уплывам прыродных і антрапагенных фактараў (Г.​П.​Кузняцоў, І.​Р.​Логінаў, У.​С.​Мікуцкі). Праведзена ацэнка адаптацыі шэрагу галін эканомікі да змен параметраў клімату. Вывучаны заканамернасці размеркавання цяжкіх металаў у розных відах элементарных ландшафтных адзінак (Л.​І.​Васільева, В.​Б.​Кадацкі, І.​П.​Самсоненка). Распрацоўваюцца пытанні экалогіі гарадоў і экалагічнай сістэмы «горад—прыгарад» (М.​І.​Струк, В.​С.​Хоміч), ствараецца праектная база для развіцця новых гарадскіх комплексаў. Сумесна з ін-тамі Нац. АН Беларусі, мін-вамі прыродных рэсурсаў і эканомікі распрацаваны прагноз змен навакольнага асяроддзя ў Беларусі на 2010—2020 (У.​Ф.​Логінаў, М.​І.​Струк).

Праблемы экалогіі даследуюцца таксама ў БДУ, Бел. тэхналагічным універсітэце, запаведніках і інш.

Літ.:

Сущеня Л.М., Пикулик М.М. Совершенствование принципов и методов охраны и рационального использования животного мира. Мн., 1990;

Радиоактивное загрязнение растительности Беларуси в связи с аварией на Чернобыльской АЭС. Мн., 1995;

Ипатьев В.А., Багинский В.Ф. и др. Лес. Человек. Чернобыль. Гомель, 1999;

Логинов В.Ф., Калинин М.Ю., Иконников В.Ф. Современное антропогенное воздействие на водные ресурсы. Мн., 2000;

Природная среда Беларуси. Мн., 2002;

Какарека С.В., Кухарчик Т.И., Хомич В.С. Стойкие органические загрязнители: источники и оценка выбросов. Мн., 2003;

Изменения климата Беларуси и их последствия. Мн., 2003.

Б.​І.​Якушаў, Л.​С.​Ліс.

т. 18, кн. 2, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)