аб..., прыстаўка (гл. а... ​1).

1. Ужываецца замест «а... ​1»: 1) перад галоснымі: абысці, абыграць, абымшыць, абумовіць, абучыць, абярнуцца; 2) у некаторых выпадках перад зычнымі: абняць, абдумаць, абвешаць, абвесці, абжаць.

2. Ужываецца ў некаторых выпадках нароўні з прыстаўкай «а... ​1» перад зычнай: абгарадзіць, абкарыць, абпаліць, абкантаваць, (параўн. агарадзіць, акарыць, апаліць, акантаваць).

3. Ужываецца для ўтварэння дзеясловаў са значэннем прычыніць страту каму‑н. у працэсе дзеяння: абважыць, абмераць, аблічыць, абхітрыць.

4. Ужываецца для ўтварэння дзеясловаў са значэннем не ўлічыць, абысці каго‑, што‑н. пры размеркаванні чаго‑н.: абдзяліць, абмінуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакары́ць 1, ‑кару, ‑корыш, ‑корыць; зак., каго-што.

1. Сілай, прымусам падпарадкаваць сваёй уладзе; заваяваць. Лютым ворагам не ўдасца Ланцугамі, чорнай здрадай, Пакарыць, закуць навекі Слаўных сокалаў Элады. Танк. // перан. Асвоіць што‑н., авалодаць чым‑н. Глыбіню азёр і сілу рэк, Нават сонца яснае і зоры — Пакарыў упарты чалавек. Броўка.

2. Моцна ўздзейнічаць, падпарадкаваць сабе. Зморанага, пасля душэўных пакут, .. [Пятра] вельмі расчуліла і пакарыла ласкавасць Любы і гаспадыні. Шамякін. — Вось яна, сіла праўды і ўпэўненасці, якая павінна пакарыць увесь свет, — нібы сам сабе прамовіў Карэджы. Маўр. // перан. Выклікаць сімпатыю, давер. Хлопцы і не падазравалі, што радыстка мяне пакарыла больш як каго, толькі я гэта старанна хаваў. Карпюк.

пакары́ць 2, ‑кару, ‑корыш, ‑корыць; зак., што.

Акарыць усё, многае. Пакарыць усё бярвенне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

а... 1, (а таксама аб..., аб’..., аба...), прыстаўка.

Абазначае: 1) пашырэнне дзеяння на ўсю паверхню прадмета, накіраванасць яго вакол або па краях прадмета: агарадзіць, агледзець, абяліць, акарыць, атынкаваць, ахапіць, акаваць, ахінуць, абпаліць, аб’ехаць, абабіць; 2) накіраванасць руху міма прадмета, абмінанне яго: абысці (лужыну), абагнуць (балота); 3) ахоп дзеяннем многіх асоб, прадметаў, пашырэнне дзеяння на ўсе прадметы, на ўсіх асоб: абабегаць (усе хаты), адарыць, абдзяліць (падарункамі); 4) празмернасць якога‑н. дзеяння: аб’есціся, абпаіць, абкарміць; 5) перавагу над кім‑, чым‑н. пры выкананні дзеяння: абагнаць, апярэдзіць; 6) (з часціцай ‑ся) наяўнасць недахопу, памылкі ў дзеянні: агаварыцца, абмовіцца; 7) забеспячэнне чым‑н. у працэсе дзеяння: абвадніць, аблясіць (сухія стэпы), аснасціць, абдзернаваць; 8) ператварэнне ў каго‑, што‑н., станаўленне кім‑н., наданне якіх‑н. уласцівасцей, якасцей (у выніку дзеяння): аграмадзіць, ашчаслівіць, ажаніць, ажывіць, абрадаваць; 9) дасягненне выніку дзеяння, стану: адзічэць, адубець, аўдавець, абрыдзець, апасці, асесці, ажывіцца, аблезці.

а... 2, (а таксама ан...), прыстаўка.

Абазначае адсутнасць прыметы, уласцівасці, паказанай у асноўная частцы слова (без прыстаўкі): амаральны, апалітычнасць, алагічны, анаэробы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)