ДЭЗАДАРА́ЦЫЯ,

пазбаўленне ад непрыемнага паху цела чалавека, памяшканняў і хім. рэчываў з дапамогай спец. саставаў (дэзадарантаў). Дасягаецца вентыляцыяй памяшканняў, выкарыстаннем дэзадарантаў (у ветэрынарыі — торф, драўняны вугаль, марганцавакіслы калій, фармалін, хлорная вапна, азон і інш), своечасовай фіз. і хім. апрацоўкай адходаў і нечыстот. Да дэзадарантаў цела часта дабаўляюць касметычныя сродкі — ласьёны, крэмы, пасты і інш. Д. папярэднічае гігіенічная апрацоўка.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

азана́тар

(ад азон)

прыбор для атрымання азону, для азанавання паветра.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

азаніза́цыя

(ад азон)

ачышчэнне азонам з мэтай ліквідацыі дрэннага паху.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АЛАТРО́ПІЯ (ад ала... + грэч. tropos паварот, уласцівасць),

існаванне аднаго і таго хім. элемента ў выглядзе двух або некалькіх простых рэчываў (алатропных мадыфікацый), якія адрозніваюцца па сваіх фіз. і хім. уласцівасцях. Можа быць вынікам утварэння малекул з рознай колькасцю атамаў, напр., азон (O3) і кісларод (O2) або крышталёў розных мадыфікацый, напр., алмаз і графіт. Прыватны выпадак полімарфізму. Вядома каля 400 алатропных мадыфікацый хім. элементаў.

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́НА ((Molina) Марыо Хасэ) (н. 19.3.1943, Мехіка),

амерыканскі фізікахімік. Скончыў Мекс. нац. ун-т і ун-т у г. Фрайбург (Германія, 1968). У 1968—79 у Каліфарнійскім ун-це. З 1989 праф. Масачусецкага тэхнал. ун-та. Навук. працы па хіміі атмасферы. Устанавіў, што атм. азон раскладаецца фрэонамі, якія шырока выкарыстоўваюцца як холадагенты (разам з Ш.Роўландам, 1974). Нобелеўская прэмія 1995 (разам з П.Крутцэнам, Роўландам).

Б.​В.​Корзун.

т. 10, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

азанасфе́ра

(ад азон + сфера)

слой у межах стратасферы з павышанай канцэнтрацыяй азону.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

антыазана́нты

(ад анты- + азон)

хімічныя рэчывы, якія павышаюць устойлівасць гумы да разбурэння (растрэсквання) пад уздзеяннем атмасфернага азону.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АКІСЛЕ́ННЕ ў хіміі,

працэс злучэння якога-н. рэчыва з кіслародам; хімічная рэакцыя, пры якой адбываецца адыманне электронаў ад атамаў, пераразмеркаванне электроннай шчыльнасці паміж атамамі (гл. Акісленне-аднаўленне). Ступень акіслення не заўсёды адпавядае валентнасці атама і можа быць адмоўнай або дадатнай велічынёй. Сярод працэсаў акіслення вылучаюцца: акісленне арган. злучэнняў, у т. л. нафтапрадуктаў, акісленне металаў і акісленне біялагічнае. Сучаснае разуменне механізма акіслення арган. злучэнняў засн. на пераксіднай тэорыі, паводле якой з кіслародам рэагуюць злучэнні, што папярэдне перайшлі ў актыўны стан (гл. Пераксіды арганічныя). Пачатковая стадыя акіслення — ланцуговая хімічная рэакцыя. Актыўныя акісляльнікі — кісларод O2, азон O3, пераксід вадароду H2O2, хлор Cl2, фтор F2, перманганат калію KMnO4 і інш.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

азані́ды

(ад азон + гр. eidos = выгляд)

арганічныя злучэнні, якія ўзнікаюць пры далучэнні да азону падвойнай сувязі паміж атамамі вугалю; з’яўляюцца моцнымі акісляльнікамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВОДААЧЫ́СТКА,

комплекс тэхнал. працэсаў, які забяспечвае давядзенне якасці вады, што паступае ў водаправодную сетку з крыніцы водазабеспячэння, да ўстаноўленых вытв. паказчыкаў. Ажыццяўляюць на водаачышчальных збудаваннях, дзе выкарыстоўваюць рэагентныя і дэзінфекцыйныя ўстаноўкі, адстойнікі, градзірні і інш.

Воды паверхневых крыніц (рэк, азёр) да падачы ў водаправод асвятляюць (выдаляюць завіслыя і калоідныя часцінкі), пазбаўляюць колеру і абеззаражваюць (знішчаюць патагенныя бактэрыі і вірусы). Для асвятлення і пазбаўлення колеру праводзяць каагуляцыю, адстойванне, фільтрацыю. Для абеззаражвання вады выкарыстоўваюць вадкі хлор, хлорную вапну ці азон. Падземныя воды пры здавальняючым хім. саставе толькі абеззаражваюць хлорам ці ультрафіялетавымі прамянямі. Для змякчэння (выдалення празмернай колькасці солей кальцыю і магнію) ваду апрацоўваюць вапнаю, содай ці прапускаюць праз іанітныя фільтры (гл. Іаніты). Аэрацыяй з далейшым фільтраваннем памяншаюць колькасць солей жалеза. Газы (серавадарод, метан, радон, вуглякіслы і інш.) выдаляюць аэрацыяй, радыеактыўныя рэчывы — дэзактывацыяй. Дэзадарацыю вады ажыццяўляюць сорбцыяй рэчываў, якія абумоўліваюць прысмак і пах, актываваным вугалем ці акісленнем азонам, дыаксідам хлору, перманганатам калію.

У.​М.​Марцуль.

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)