адсвянца́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Разм. Адсцябаць, адлупцаваць. [Вадзік:] — Калі ты зараз жа не сціхнеш, дык я цябе так адсвянцаю, што свету не ўбачыш. Асіпенка. [Міхал:] — Як адсвянцаю разоў сто, Як адлуплю — тры дні не сядзе! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адхваста́ць, ‑хвашчу, ‑хвошчаш, ‑хвошча; зак., каго-што.

1. Разм. Адсцябаць, адлупцаваць (дубцом, бізуном, пугай і пад.). // перан. Бязлітасна, рэзка пакрытыкаваць, вылаяць.

2. Хвошчучы, адбіць, аддзяліць бруд. Дождж сек са злосцю і ахвотай, здавалася, ён шалеў ад вялікай радасці, што змог нарэшце адхвастаць, абмыць засмужаную пасля бруднага верхаводдзя зямлю. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ад... (ада..., ад’...), прыстаўка.

1. Утварае дзеясловы са знач.:

а) канца, спынення, канчатковага выканання дзеяння, напр.: адпрацаваць, аддзяжурыць, адгрымець;

б) устаранення чаго-н., рух убок, напр.: адклеіць, адштурхнуць, ад’ехаць;

в) інтэнсіўнасці дзеяння, напр.: адмабілізаваць, адпрацаваць, адсцябаць;

г) давядзення да непажаданага стану, напр.: адтаптаць, адсядзець, адляжаць;

д) з марфемай «цца» — дзеяння, учыненага з мэтай ухілення ад чаго-н., напр.: адпісацца, адкараскацца;

е) з марфемай «цца» — заканчэння працяглага дзеяння, напр.: адваявацца, адбіцца.

2. Утварае назоўнікі са знач. аддалення, напр.: адгалосак.

3. Утварае прыметнікі са знач. утварэння, паходжання ад чаго-н., напр.: аддзеяслоўны, адыменны.

4. Утварае прыслоўі, напр.: адгэтуль, адусюль.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

усы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак.

1. што і чаго. Насыпаць чаго‑н. куды‑н.; высыпаць. Андрэй, як і Алёша, расцёр на далоні колас, прадзьмуў зерні і ўсыпаў у рот. Лобан. Маці знайшла торбу і ўсыпала ў яе з гарнец бульбы. Якімовіч.

2. што. Пакрыць усю паверхню чым‑н. сыпучым. Снег усыпаў зямлю. □ Апалыя лісты ўсыпалі сцежкі і мокрую траву. Грахоўскі. // перан. З’явіцца на паверхні чаго‑н. у вялікай колькасці. Гракі ўсыпалі ўсё ржышча, і яно здавалася жывым, нібы рухалася. Хомчанка. Зоры чыстыя, буйныя ўсыпалі неба. Карпаў.

3. каму. Разм. Пабіць або вылаяць каго‑н. [Ян:] — От здыму папругу ды як усыплю, то навучышся і сеяць і са старэйшымі гаварыць. Чарнышэвіч. // Узяць пад арышт. — Што з ім [Іванам] рабіць? Мо паклікаць участковага, хай усыпле сутак пятнаццаць? — ні то папытаў, ні то прапанаваў вусаты дзядзька Мікалай. Місько. // Нанесці ўдар па ворагу. [Мірановіч] успамінаў апошні свой бой, і тады то дакараў сябе, што не ўбярогся, то адчуваў задаволенасць, што ўсё ж немцам усыпалі і што ён сам падбіў танк... Марціновіч.

•••

Усыпаць бярозавай кашы каму — тое, што і даць бярозавай кашы (гл. даць).

Усыпаць гарачых (бізуноў) — пакараць каго‑н., адсцябаць, выхвастаць.

усыпа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да усы́паць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зрэ́заць, зрэжу, зрэжаш, зрэжа; зак., каго-што.

1. Аддзяліць якім‑н. рэжучым інструментам. Зрэзаць кветкі з клумбы. Зрэзаць мазоль. □ Шура зрэзаў дзве арэшыны, аздабляе палкі ўзорамі. Навуменка. // Спілаваць. Зрэзаць сасну. // Збіць, сарваць, аддзяліць (ударам, стрэлам, выбухам і пад.). Адна міна, выбухнуўшы паблізу акопчыка, як касой, зрэзала палову алешыны. Мележ. Ноччу раптам сарваліся з прычала плыты, як брытвай, зрэзалі адзіны праз раку пантонны мост. Асіпенка. // Зняць няроўнасць або частку якой‑н. паверхні, зрабіць выемку ці скос на чым‑н. У гэтых курганах мы і зрабілі цір, ці, як называе яго Сяргей, палігон. Зрэзалі рыдлёўкамі схіл аднаго кургана, паставілі дошкі, абгарадзілі пляцоўку чырвонымі сцяжкамі. Жычка. // перан. Разм. Скараціць ці паменшыць памеры чаго‑н. Зрэзаць ліміты. □ На лаўках у куце лаяліся, відаць, рабочыя леспрамгасцы ў замасленых.. і старых фуфайках, — некаму недзе зрэзалі прагрэсіўку. Пташнікаў.

2. Пакрыць паглыбленнямі, палоскамі; спаласаваць. Канавы зрэзалі ўсё поле. □ Там, дзе гай бярозавы З песняй салаўінаю, Хтосьці ўсю дарожаньку Зрэзаў каляінамі. Дзеружынскі.

3. Парэзаць усё, многае для якой‑н. мэты. Зрэзаць салому на корм жывёле.

4. перан. Забіць стрэлам. — Падпусціў я іх як мага бліжэй, — лясь! — і няма аднаго. Другі назад кінуўся, але не дабег да траншэі, яго сержант Леўкін зрэзаў. Корбан.

5. Моцна збіць, адсцябаць. — То глядзі ж, — паўтарыў .. [бацька] яшчэ раз, — каб ні гуку, бо зрэжу да смерці... Дайліда.

6. Разм. Паставіць нездавальняючую адзнаку. Юзіку таксама хацеў [бацька] даць.. прафесію, але таго «зрэзалі» на выпускных экзаменах. Пальчэўскі.

7. Падаць мяч рэзаным ударам. Зрэзаць падачу.

•••

Зрэзаць круг (паваротку) — пайсці напрасткі, каб скараціць шлях. Чалавек другі раз ідзе па той самай дарозе. Ён зрэжа павароткі, дзе што пераступіць, а дзе што абыдзе. Ермаловіч.

Зрэзаць на горкі яблык — тое, што і збіць на горкі яблык (гл. збіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збіць, саб’ю, саб’еш, саб’е; саб’ём, саб’яце; зак., каго-што.

1. Ударам, рэзкім рухам аддзяліць што‑н. ад чаго‑н., прымусіць адваліцца, зваліцца. Збіць снег з ботаў. Збіць попел з папяросы. □ Васіль знайшоў на антонаўцы пераспелы яблык, збіў яго. Гаўрылкін. Салдат штурхнуў яго ў бок, і толькі па версе галавы перабежчыка слізгануў кулак Сяргея Карагі і збіў шапку. Колас. // Патушыць (агонь, полымя). Самалёт загарэўся. Збіць агонь пікіраваннем не ўдалося. Матрунёнак. Вось вецер пайшоў на таполі І полымя збіў з верхавін. Кірэенка.

2. Ударам, штуршком паваліць, прымусіць упасці. Збіць з ног. □ Цімошка затрымаў дух, як бы над ім узнялі булаву, каб збіць яго адным махам. Колас. // Падстрэліўшы, падбіўшы на ляту, прымусіць упасці. Збіць самалёт. Збіць птушку.

3. Ударам, рэзкім рухам ссунуць, перамясціць каго‑, што‑н. з належнага месца. Музыка не спяшаючыся сеў, закінуў нагу на нагу, збіў на левае вуха шапку-вушанку, падміргнуў Пецю і шырока расцягнуў чырвоныя мяхі тальянкі. Сіняўскі. Сімен не паспеў адказаць: хлынуўшы натоўп збіў .. [яго і Рыгора] з месца і адапхнуў на некалькі крокаў назад. Гартны. // Ссунуўшы, парушыць правільнасць чаго‑н. Збіць прыцэл. // З боем адцясніць, выбіць адкуль‑н. Збіць ворага з пазіцыі. // Прымусіць сысці з правільнага напрамку. Збіць з курсу. Збіць з дарогі. □ Толік уважліва паглядзеў наперад. — Яны тут... Глядзі, сляды пасыпаюць нечым... — Гэта каб сабаку збіць са следу, — шэптам растлумачыў Васілёк. Зуб. // Прымусіць зрабіць што‑н. насуперак сваім намерам, меркаванням. — Ужо два тыдні дыхнуць [бацька] не дае — усё ўгаворвае мяне ісці ў прымы к Іллюкевічу. Усё думае — мяне тым саб’е, што там хутар багаты. Чорны.

4. Моцна пабіць, знявечыць пабоямі. Збіць да смерці. □ Усіх сялян [казакі] моцна збілі бізунамі. □ Ягору адсеклі правую руку, каб другі раз не чапаў панскага дабра. Скрыпка. Сварыўся .. [бацька] з людзьмі, і, мусіць, аднойчы збілі яго. Лужанін.

5. Ударамі сапсаваць, зрабіць непрыгодным. Збіць лязо. Збіць падковы. // Разм. Стаптаць, знасіць (абутак). Косцік за вясну збіў бацінкі. □ Валі туфлі цесныя зрабіліся. Васілевіч. // Разм. Здзерці, абадраць скуру аб што‑н. Збіць калена. □ [У Леаніда] шчыміць барада, дзе збіў скуру. Намацаць пальцамі, — здаецца, прыгаілася. Пташнікаў.

6. Прыбіць адно да другога, змацаваць адно з другім цвікамі. Збіць дошкі. □ Румам у нас называюць тое месца, куды вывозяць зімою калоды з лесу, каб вясною збіць іх у плыты і сплаўляць па рэчцы. Колас. // Зрабіць, вырабіць што‑н., прыбіваючы адну частку да другой. Збіць стол. Збіць скрынку.

7. Дамагчыся знікнення або рэзкага памяншэння чаго‑н. Збіць тэмпературу ў хворага. // Выклікаць зніжэнне, падзенне чаго‑н. Збіць цану. // перан. Разм. Прымусіць знізіць, зменшыць праяўленне чаго‑н. Старшыня добра ведаў вось такіх, раззлаваных, якія ішлі з яўным намерам пакрычаць, пасварыцца, і ўмеў улагодзіць іх ці хаця б збіць ваяўнічы запал. Шамякін.

8. Зблытаць, прымусіць памыліцца. Не заходзячы ў хату, [Аўгіння] заскочыла да Лукаша ў клуню і накрычала на яго, што ён, не святкуе і яе збіў і ўвёў у грэх. Колас. // Выклікаць замяшанне, прымусіць разгубіцца. — Пранюхваеш? — насмешліва спытаў Сяўрук з яўным разлікам збіць ціхага чалавека, не прывыкшага выступаць. Кулакоўскі. Гэтая абыякавасць Гардзея зусім збіла Насцю. Мележ.

9. Зблытаць, змяць (валасы, шэрсць і пад.). Замест ложкаў ці нараў у бараку ўздоўж сцяны была паслана салома. Яе збілі, перацерлі на мякіну. Якімовіч. // Палажыць, паблытаць, стаптаць (аб пасевах). Летась град збіў жыта. Васілевіч.

10. Прыгатаваць што‑н., узбіваючы, узбоўтваючы. Збіць масла. Збіць мус.

11. Разм. Б’ючы, таўкучы, зрабіць што‑н. глінабітнае. Збіць печ. Збіць сцяну.

•••

Збіць гонар — прымусіць каго‑н. не задавацца.

Збіць з (правільнай) дарогі — прымусіць адступіць ад правільных думак, меркаванняў; штурхнуць на што‑н. нядобрае.

Збіць з панталыку (з толку, з тропу) — а) выклікаць замяшанне, заблытаць; б) тое, што і збіць з дарогі.

Збіць (зрэзаць) на горкі яблык — моцна пабіць, адсцябаць.

Ногі збіць — тое, што і ногі адбіць (гл. адбіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)