вы́смеяць, ‑смею, ‑смееш, ‑смее; зак., каго-што.

Выставіць каго‑, што‑н. у смешным выглядзе, абсмяяць. І песні, і жарты, і танец «зялёнага асла» мелі на мэце — высмеяць местачковы мяшчанскі быт з усімі яго цырымоніямі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пагу́дка ’чутка, размова, звестка’ (ТСБМ, Яруш., Др.-Падб.), ’напеў, мелодыя, песня’ (ТСБМ), ’ганьба, асуджэнне’. Укр. погу́дка ’асуджэнне’, рус. погу́дка ’мелодыя, напеў, прыгаворка’. З суф. ‑ка ад пагудзець < гудзець (гл.). Параўн. яшчэ пагу́дзіць ’паганьбіць, асудзіць’ (Шат.), ’абсмяяць’ (Сл. ПЗБ), ’палаяць, пакрычаць’ (Сцяшк. МГ). Апошні дзеяслоў з польск. pogudzić ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГРАДА́ЦЫЯ

(лац. gradatio ад gradus ступень),

стылістычная фігура, якая заключаецца ў тым, што словы ці выразы ў вершаваных радках групуюцца з нарастаннем (клімакс) або аслабленнем (антыклімакс) іх эмацыянальна-сэнсавай выразнасці. Градацыя ўзмацняе экспрэсію выказвання, узвышае яго тон. Напр., радкі з «Беларускай песні» У.Караткевіча:

Ты — наш сцяг, што нікому,

         нікому на свеце, нікому

Не дамо абсмяяць, апаганіць,

         забыць ці мячом зваяваць.

Часам градацыя кладзецца ў кампазіцыйную аснову ўсяго твора. Так, у першай палавіне 6-строфнага верша М.Танка «Калі мне сказалі» — градацыя нарастаючая, у другой — спадаючая.

т. 5, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

wydrwić

зак.

1. высмеяць; абсмяяць; падняць на смех;

2. перан. вымантачыць; выдурыць; выцыганіць;

wydrwić podstępnie co od kogo — вымантачыць хітрасцю (што ад каго)

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

працягну́ць, -ягну́, -я́гнеш, -я́гне; -ягні; -я́гнуты і -я́гнены; зак.

1. каго-што. Цягнучы, перамясціць.

П. сані па снезе.

2. што. Нацягнуць на якой-н. адлегласці або ўздоўж чаго-н., пракласці на якую-н. адлегласць.

П. тэлефонную лінію.

3. што. Выцягваючы, выставіць у якім-н. напрамку.

П. рукі.

П. ногі (таксама перан.: памерці; разм.).

4. што. Прапусціць праз вузкую адтуліну, уцягнуць у што-н.

П. нітку ў іголку.

5. што. Дамагчыся прыняцця недазволенымі метадамі (разм., неадабр.).

П. рэзалюцыю на сходзе.

6. што. Зрабіць даўжэйшым, павялічыць тэрмін чаго-н.

П. лінію алоўкам.

П. заняткі.

7. што. Прымусіць доўга гучаць; вымавіць павольна, працяжна.

П. ноту.

8. што. Прадоўжыць, узнавіць пасля перапынку.

П. сход.

9. перан., каго (што). Раскрытыкаваць, публічна абсмяяць (разм.).

П. у газеце.

10. Праіснаваць, пражыць (разм.).

Гэты хворы доўга не працягне.

|| незак. праця́гваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—6, 8 і 9 знач.).

|| наз. праця́г, -у, м. (да 8 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

wystawić

wystaw|ić

зак.

1. выставіць, паставіць;

~ić przed dom — выставіць перад домам;

2. паказаць, экспанаваць;

3. выставіць, паставіць;

~ić stopnie — паставіць адзнакі;

~ić pomnik — паставіць помнік;

~ić na pośmiewisko — выставіць на смех, абсмяяць;

~ić do wiatru разм. ашукаць;

~ić na próbę — выпрабаваць, праверыць;

~ić na niebezpieczeństwo — паставіць пад небяспеку;

wystawić sobie — уяві сабе

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

вы́ставіць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго-што.

1. Выняць устаўленае. [Юрка:] — О, ужо і ў вас падвойныя вокны вынялі! [Лаўрэн:] — Вясна, Юрка! — Вясна, дзядзька Лаўрэн. — І смяецца: — А я свае яшчэ тыдні два назад быў выставіў. Ракітны.

2. Падаць, высунуць уперад. Выставіць перад сабою рукі. □ — Во, сіла ў мяне яшчэ ёсць, — выставіў.. [Гардзіенка] свае пудовыя кулакі. С. Александровіч. Падышоў Мартын трохі бліжэй да лесу, паднёс да губ трубу, выставіў крыху наперад левую нагу і затрубіў. Колас.

3. Паказаць, высунуць што‑н. адкуль-небудзь. Выставіць галаву з-за дзвярэй. // перан. Утаропіўшы, спыніць на кім‑, чым‑н. вочы. Доктар і адвакат выставілі на.. [Язэпа] здзіўленыя вочы. Бядуля.

4. Перамясціць што‑н. за межы чаго‑н.; вынесці. Выставіць вазоны з пакоя на балкон. // Паставіць на віду, дастаючы адкуль‑н. Буфетчыца выставіла на стол бутэльку крэм-соды. Асіпенка. // перан. Разм. Выдаліць, выгнаць. Выставіць за дзверы. □ [Дзядок:] — Старшынстваваў Якім у адным калгасе ў суседнім раёне. .. Але выставілі яго адтуль. Корбан.

5. Вылучыць для якой‑н. мэты пэўную колькасць асоб. [Сяльчонак:] — Каб сабраць гэтае сена, мы павінны выставіць сотні касцоў, бо касілкі ўсюды не пусцім. Асіпенка. // Паставіць, размясціць (варту і пад.). Выставіць вартавых. □ [Партызаны] занялі рад .. суседніх вёсак, выставілі заслоны. Казлоў.

6. перан. Выказаць прапанову, патрабаванне. Сход пастанавіў арыштаваць стражнікаў і ўрадніка і выставіў патрабаванне аб скасаванні пасады земскага начальніка. «Весці».

7. перан. Назваць, прапанаваць для якой‑н. ролі. Выставіць сведку.

8. Змясціць для агляду. Выставіць напаказ. □ Паны, распісваючы нас, Не шкадавалі чорнай фарбы, А мы ўзялі на гэты раз Ды нашы выставілі скарбы. Крапіва.

9. перан. Падаць у якім‑н. выглядзе. [Алесь:] — Можа, думаеш, прыемна, калі цябе выставяць вось гэтакім даўгавухім ішаком? Шыцік. // Паказаць, пахваліць сябе. Ваўчок пакідае ўражанне чалавека энергічнага, кемлівага, але занадта самаўпэўненага, схільнага парысавацца, выставіць самога сябе на пярэдні план. Хадкевіч.

•••

Выставіць на смех (на пасмешышча) каго — прымусіць каго‑н. аказацца ў смешным становішчы; абсмяяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

працягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак.

1. каго-што. Цягнучы, перамясціць у якім‑н. напрамку або на якую‑н. адлегласць. Працягнулі трохі валы дубовыя сані па пяску ды сталі, як укапаныя. Якімовіч. / у безас. ужыв. І ўсё ж удар быў нечаканы — Мікола адразу ж паваліўся і яго трохі працягнула па глыбокім снезе. Новікаў.

2. што. Выцягнуць, выпрастаць (руку, нагу і пад.). Ладуцька працягнуў руку і лёгка тузануў Зайцава за край гімнасцёркі. Кулакоўскі. // Паднесці, падаць выцягнутай рукой. — Вось, вазьмі, Андрэйка, — працягнула мне дзяўчына невялікі пакунак. Даніленка. А праз некалькі дзён, у нядзелю, прыйшоўшы з мястэчка, бацька паклікаў мяне з двара і працягнуў новенькі жоўты буквар. Ляўданскі.

3. што. Пацягнуць, расцягнуць упоперак чаго‑н. або ў якім‑н. напрамку. Мітынг адкрыў Васіль Лазавенка.. Дзяніс Гоман і Максім у гэты момант працягнулі на мастку істужку. Шамякін. // Правесці, пракласці. Працягнуць тэлефонную лінію. Працягнуць дарогу. □ Намаганні Максіма хутчэй працягнуць лінію да Лядцаў былі дарэмныя. Шамякін. Мікола зрабіў столік пад бачкі і ванначкі, выпрасіў у мамы і перанёс туды невялічкі куфэрак, працягнуў электраправодку. Шыловіч.

4. каго-што. Прапусціць, правесці праз што-н; уцягнуць у што‑н. Працягнуць нітку ў іголку. □ Не заўсёды ўдавалася працягнуць лодку цераз гэтыя заломы. Прыходзілася рассякаць бярвенні, што збіліся тут у кучу, або з дапамогай агню прапальваць у іх праходы. Гавеман. // што. Дамагчыся прыняцця недазволенымі метадамі (пастановы, рашэння і пад.). Працягнуць рэзалюцыю на сходзе. // Спец. Вырабіць, прапускаючы метал праз адтуліну патрэбнага памеру. Працягнуць дрот.

5. што. Спец. Апрацаваць дэталь працяжкай (у 2 знач.).

6. чым. Правесці чым‑н. па якой‑н. паверхні. Хомчык устаў. Па салдацкай звычцы працягнуў пальцамі па поясу і паправіў гімнасцёрку. Пестрак. Сыпаліся слёзы, Беглі над прыполам, Быццам хто па сэрцу Працягнуў нажом. Броўка.

7. што. Прымусіць доўга гучаць. Працягнуць ноту. // Працяжна вымавіць, сказаць што‑н. — Тпру-у, — працягнула Вера. Кулакоўскі. — Я хачу сма-а-ч-нага-а — працягнула .. [дзяўчынка]. Васілевіч.

8. што. Прадоўжыць, узнавіць пасля перапынку. [Ладынін:] — Таварышы, аб усім іншым пасля. Працягнем наш сход. Шамякін. Ну дык зноў працягнем наш паядынак, яшчэ і яшчэ раз уп’ёмся радасцю барацьбы. Гарбук.

9. каго-што. Разм. Раскрытыкаваць, абсмяяць (звычайна ў друку). — Кабеты, Чаго стаім? Не час, У вусную газету Яшчэ працягнуць нас. Калачынскі.

10. Пражыць, праіснаваць некаторы час. «Не працягне бацька больш дня», — падумаў Васіль і адчуў, што на вачах закіпелі слёзы. Даніленка. — На нішчымніцы доўга не працягне, ды пры такой яшчэ цяжкай рабоце... Пальчэўскі.

•••

Ногі працягнуць (выцягнуць, выпруціць, выпрастаць) — памерці.

Працягнуць руку дапамогі каму — тое, што і падаць руку дапамогі каму (гл. падаць).

Як руку працягнуць — вельмі блізка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)