СЕРЭНГЕ́ЦІ (Serengeti),

нацыянальны парк (з 1951) у Танзаніі на аднайм. плато (выш. 1000—2000 м). Засн. ў 1940 як рэзерват. Пл. каля 13 тыс. км². У 1959 вылучаны асобны рэзерват Нгарангора, які ўключае гіганцкі кратэр і плато. Пераважаюць травяністыя саванны з участкамі хмызнякоў і асобнымі дрэвамі; у рачных лагах — галерэйныя лясы. У парку каля 1,5 млн. буйн. млекакормячых, пераважна капытных (антылопа гну, газелі Томсана і Гранта, зебра, насарог, кафрскі буйвал, жырафа і інш.), звычайныя афр. слон, леў, гепард, леапард. Больш за 200 відаў птушак, у т. л. фламінга, венцаносны журавель, бусел-ябіру. Міжнар. НДІ і мемарыяльная лабараторыя імя ням. заолага М.​Гржымека.

Да арт. Серэнгеці. Антылопы гну ў рэзерваце Нгарангора.

т. 14, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРЫ́НКІН Іван Яфімавіч (26.11.1919, в. Тратны Вугал Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна ў Маскве (1952). У 1939—71 служыў у Сав. Арміі (з 1958 у газ. «Во славу Родины»), у 1972—85 у выд-ве «Беларусь». Друкуецца з 1950. Піша на рус. мове. Аўтар кніг нарысаў «Завешчана бацькамі» (1974), і «Пра што шумяць сосны» (1980), «Залатая карона з Клімавічаў» (1998), дакумент. аповесцей «Мацней за сталь» (1978), «Тугія вятры» (1983), «У смузе палігоннай» (1984), аповесці «Права весці ў бой» (1980). Асн. тэматыка яго творчасці — мужнасць і гераізм у гады Вял. Айч. вайны, мірныя будні воінаў.

Тв.:

Резерв комбата: Док. повести. Мн., 1988;

Гибель маршала в Кремле. Мн., 1999.

т. 14, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́РЫКАЎ Мікалай Мікалаевіч (н. 19.11.1957, г. Гомель),

бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Гомельскае муз. вучылішча (1978), Бел. кансерваторыю (1983, кл. С.​Асколкава). З 1985 саліст Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Г.​Цітовіча, з 1988 саліст-вакаліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі. Валодае моцным прыгожым голасам, тэмбр якога пашыраецца ад мяккага лірычнага барытона да аксамітнага драм. баса. Яго выкананню характэрны тэмперамент, драм. майстэрства, глыбокае пранікненне ў муз. вобраз. У канцэртным рэпертуары значнае месца займаюць песні бел. кампазітараў, у т. л. І.​Лучанка, Э.​Зарыцкага, Л.​Захлеўнага, У.​Будніка. Лаўрэат 1-га Усесаюзнага радыёконкурсу «Новыя імёны» (1987), Гран-пры Міжнар. конкурсу «Музыка свету» (1998, Італія).

В.​З.​Анісовіч.

т. 14, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫГА́НАЎ Вікенцій Васілевіч (22.6.1903, в. Надзейкавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 26.1.1945),

генерал-маёр (1944), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў пях. школу (1925), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1938). У Чырв. Арміі з 1920, удзельнік грамадз. вайны і баёў з інтэрвентамі на Зах. і Паўд. франтах. Да 1935 у войсках БВА. камандзір батарэі, нам. нач. штаба брыгады, нач. артылерыі палка. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Зах., Паўд., Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім, Паўд.-Зах., 3-м, 2-м і 1-м Укр. франтах: нам. камандзіра, камандзір стралк. дывізіі. Стралк. дывізія на чале з ген.-маёрам С. вызначылася на тэр. Польшчы, дзе за 11 дзён прайшла з баямі 264 км, фарсіравала Одэр. Памёр ад ран.

В.В.Скрыганаў.

т. 14, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЛО́ВА І СПРА́ВА ГАСУДА́РАВА»,

сістэма паліт. вышуку ў Расіі 17—18 ст. Пашырылася з часоў царавання Міхаіла Фёдаравіча [1613—45). Кожны падданы пад страхам смерці абавязаны быў даносіць уладам пра вядомыя яму злыя намеры супраць цара або членаў яго сям’і, аб знявазе царскага імя і тытула, аб дзярж. здрадзе. Пры гэтым ужываўся ўмоўны выраз: «Слова і справа гасударава!» або проста «Слова і справа!». Даносчыка і абгавораных ім людзей падвяргалі перакрыжаваным допытам і катаванням. Такія справы разглядалі ў Разрадным, Разбойным, Стралецкім і інш. прыказах; з 1702 — у Праабражэнскім прыказе, у 1721—26 — у Тайнай канцылярыі, у 1731—62 — у Канцылярыі тайных і вышуковых спраў. Адменена ў 1762.

Літ.:

Семевский М.И. Тайная служба Петра I. Мн., 1993.

т. 15, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТЫ́ЎНА-СТРАЛКО́ВЫ КО́МПЛЕКС імя маршала Сав. Саюза С.​К.​Цімашэнкі, спартыўнага камітэта Міністэрства Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, асноўная база падрыхтоўкі нац. зборных каманд па стралк. спорце. Пабудаваны ў Мінску ў 1972 (рэканструяваны ў 1978); пл. 12 га.

Мае гал. павільён для стральбы з 4 закрытымі цірамі (10-, 25- і 50-метровыя, 10-метровы «бягучы дзік») і адкрытыя ціры (25-, 50- і 300-метровыя, 4 асобныя 50-метровыя «бягучы дзік», цір для стэндавай стральбы з 2 круглымі і 1 траншэйным стэндамі). Ціры абсталяваны для стральбы з усіх відаў спарт. стралк. зброі. Маюць мех. і электронныя ўстаноўкі з дыстанцыйным кіраваннем. Інфармацыя пра вынікі стральбы выдаецца на электроннае табло. Праводзяцца міжнар. і рэсп. спаборніцтвы.

т. 15, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУЧКО́ВА Раіса Сцяпанаўна (н. 5.10.1925, Масква),

расійская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1959). Праф. (1978). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1944). З 1944 салістка, у 1978—81 балетмайстар-рэпетытар Вял. т-ра ў Маскве. З 1995 маст. кіраўнік кафедры харэаграфіі Рас. акадэміі тэатральнага мастацтва. Сярод партый класічнага і сучаснага рэпертуару: Аўрора («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Папялушка, Джульета («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Марыя, Жанна («Бахчысарайскі фантан», «Полымя Парыжа» Б.​Асаф’ева), Тао Хоа, Параша («Чырвоны мак», «Медны коннік» Р.​Гліэра). Знялася ў фільме-балеце «Хрустальны чаравічак» і ў тэлеэкранізацыі балетаў «Паручнік Кіжэ», «Тваё імя». Яе творчасці прысвечаны тэлефільм «Танцуе Раіса Стручкова» і дакумент. фільм «Раіса Стручкова».

Р.Стручкова ў ролі Папялушкі.

т. 15, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУНДУКЯ́Н Габрыэл Мкртычавіч (11.7.1825, Тбілісі — 29.3.1912),

армянскі драматург, пісьменнік; адзін з арганізатараў арм. т-ра. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1850). Аўтар п’ес «Начное чыханне — на дабро» (паст. 1863), «Перапалох» («Хатабала»), «Аскан Пятровіч на тым свеце» (абедзве паст. 1866), «Іншыя, або Новы Дыяген» (паст. 1869), «Яшчэ адна ахвяра» (паст. 1870), «Пэпа» (паст. 1871), «Разбураны ачаг» (паст. 1873), «Муж і жонка» (паст. 1888), «Каханне і свабода» (1910), «Завяшчанне» (1912). С. вывеў жанр камедыі з рамак быт. вадэвіля і ўзняў да ўзроўню сац. абагульненняў. Аўтар аповесці «Вараньчын вечар» (1877), публіцыст. фельетонаў «Гутаркі Амала» і «Гутаркі Адыда». Імя С. нададзена Арм. драм. т-ру (Ерэван).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1953.

Літ.:

Абов Г. Габриел Сундукян. Ереван, 1956.

т. 15, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ША Якуб (свецкае імя Ян; 1610, Мінск — 4.3.1685),

бел. грамадскі і рэліг. дзеяч. Д-р тэалогіі. Вучыўся ў мінскай базыльянскай школе, у Пултуску (Польшча), Оламаўцы (Чэхія), Рыме. У 1626 прыняў манаства. Выкладаў філасофію і тэалогію ў базыльянскіх манастырах. З 1652 архіепіскап холмскі. У 1661 выбраны генералам ордэна базыльян. Пісаў пераважна на лац. мове. Аўтар твораў «Уваскрэслы фенікс...», «Аб дзеяннях уніятаў...» (абодва 1646), «Савел і Павел» (1666). Яму прыпісваецца твор «Пра іерэйскія павіннасці» (1670, на стараж.-бел. літ. мове). Творы С. насычаны вытрымкамі з пастаноў, лістоў дзярж. і рэліг. дзеячаў; яны сведчаць пра эрудыцыю і веды аўтара. Некат. яго творы перавыдадзены ў Парыжы і Лейпцыгу ў сярэдзіне 19 ст.

У.​Г.​Кароткі.

т. 15, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭ́БРАНЫ Іосіф Аляксандравіч (25.4.1907, г. Гарадня Чарнігаўскай вобл., Украіна — 12.8.1979),

расійскі жывапісец. Нар. маст. СССР (1977). Чл.-кар. АМ СССР (1947). Вучыўся ў Ленінградскім вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1927—31). Выкладаў у Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1948—51 і з 1954). Аўтар твораў, прысвечаных Вял. Айч. вайне («Партызаны-лесгафтаўцы», 1942; «Канцэрт Ленінградскай філармоніі ў 1942 годзе», 1957), партрэтаў («Партызан В.​С.​Цімачоў», 1943), плакатаў («А ну, узялі!...», 1944). У партрэтах 1960—70-х г. псіхалагічнасць вобраза спалучаецца з манум. значнасцю кампазіцыі: «Партрэт кампазітара Дз.​Шастаковіча» (1964), «Хірург П.​Купрыяновіч» (1965), «С.​Рыхтэр» (1972).

Літ.:

Никифоровская И.В. И.​А.​Серебряный. Л., 1976.

І.Сярэбраны. Партрэт кампазітара Дз.​Шастаковіча. 1964.

т. 15, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)