тэорыя паходжання дзяржавы, прапанаваная галандскім вучоным Г.Гроцыем. Упершыню трактоўка дзяржавы як дагавору паміж людзьмі прапанавана Эпікурам. Асаблівае пашырэнне мела ў эпоху бурж. рэвалюцый 18—19 ст. (Д.Дзідро, Т.Гобс, Ж.Ж.Русо). Прыхільнікі грамадскага дагавору лічылі, што дзяржава ўзнікла ў выніку дагавору паміж людзьмі, у якім прадугледжвалася добраахвотнае адмаўленне асобных з іх ад сваіх натуральных правоў на карысць дзярж. улады, закліканай абараняць уласнасць і бяспеку грамадзян. У розных варыянтах гэту ідэю развівалі Дж.Лілберн і Дж.Мільтан у Вялікабрытаніі, І.Кант і І.Фіхтэ ў Германіі, Т.Пейн у Амерыцы. Ідэя грамадскага дагавору ляжыць у аснове паліт. поглядаў А.М.Радзішчава. Яна значна паўплывала на фарміраванне паліт. светапогляду дзекабрыстаў («Руская праўда» П.Пестэля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМО́ВІЧ (Уладзімір Пятровіч) (н. 30.9.1948, Мінск),
бел. акцёр т-ра лялек. Засл. арт. Беларусі (1979). З 1967 працуе ў Дзярж. т-ры лялек Беларусі. Яго персанажы-лялькі арганічныя, выразныя, каларытныя. У спектаклях для дзяцей сыграў ролі: Дзед («Дзед і Жораў» В.Вольскага), кот Максім («Граф Глінскі-Папялінскі» А.Вольскага), Першы прыдворны («Салавей» паводле Х.К.Андэрсена), Іван («Канёк-Гарбунок» паводле П.Яршова). Жак («Кот у ботах» Г.Уладычынай). Найб. поўна раскрылася індывідуальнасць акцёра ў рэпертуары для дарослых: Адам («Боская камедыя» І.Штока), Іван («Да трэціх пеўняў» В.Шукшына), Іван Бяздомны («Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава), Апалон («Цудоўная Галатэя» С.Дарваша і Б.Гадар), Гаспадар таверны («Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» паводле П.Нэруды) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАШО́ВЫЯ НАКАПЛЕ́ННІ,
чысты даход (прыбытак) грамадства, які ствараецца на прадпрыемствах і рэалізуецца ў грашовай форме. Паводле формы ўяўляе сабой розніцу паміж цаной (коштам), па якой тавары або паслугі рэалізуюцца пакупнікам, і іх поўным сабекоштам. Адрозніваюць грашовыя накапленні на мікра- і макраўзроўнях. Першыя ўключаюць у асноўным прыбытак як фін. вынік дзейнасці эканамічна адасобленых суб’ектаў гаспадарання і накіроўваюцца на расшырэнне і ўдасканаленне вытв-сці, вырашэнне сац. задач. Другія аб’ядноўваюць т.зв. цэнаўтваральныя падаткі (падатак на дабаўленую вартасць, акцызы), якія ўносяцца ў бюджэт, а таксама абавязковыя плацяжы і адлічэнні ў пазабюджэтныя фонды (на ўтрыманне пажарнай службы, ведамаснага жылля і да т.п.). Іх выкарыстоўваюць на фінансаванне дзярж. Выдаткаў (нар. гаспадаркі, сац.-культ. расходаў, органаў кіравання і інш.) і адпаведныя мэтавыя праграмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́БІН (Натан Барысавіч) (27.3.1893, г. Крамянчуг, Украіна — 17.1.1945),
дырыжор і педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1940). Прафесар. Скончыў Петраградскую кансерваторыю (1917, клас кампазіцыі Я.Вітала). У 1925—37 і 1941—45 у т-рах оперы і балета Харкава, Свярдлоўска, Куйбышава, Пярмі, Ташкента. У 1938—41 гал. дырыжор Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Выкладаў у Бел. (1940—41) і Ташкенцкай (1941—45) кансерваторыях. Муз. кіраўнік пастановак нац. опер «У пушчах Палесся» А.Багатырова (1939), «Кветка шчасця» А.Туранкова (1940). З іншых работ на бел. сцэне: «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава (1938), балет «Лебядзінае возера» (1938) і «Пікавая дама» (1941) П.Чайкоўскага, «Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха (1941), «Трыльбі» А.Юрасоўскага (1940). Аўтар камерна-інстр. твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ШЫН (Ігар Мікалаевіч) (н. 19.4.1933, Мінск),
бел. вучоны ў галіне хірургіі. Акад.Бел. акадэміі мед.н. (1997). Д-рмед.н. (1975), праф. (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1989). Акадэмік і прэзідэнт Бел. акадэміі мед.н. (1997). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1957). З 1973 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1978 заг. кафедры і кіраўнік Рэсп. цэнтра клінічнай і эксперым. хірургіі). Навук. працы па хірургіі стрававода, крывяносных сасудаў, печані і жоўцевывадных шляхоў, падстраўнікавай залозы, эндакрыннай сістэмы, хірург. гастраэнтэралогіі і практалогіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1993 1992.
Тв.:
Клиническая ангиология и ангиохирургия. Т. 1—2. Мн., 1980—81 (разам з А.М.Саўчанкам);
Разрывы аневризм брюшной аорты и их лечение. Мн., 1987 (разам з І.А.Давідоўскім, М.П.Бацяном);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШАДКІ,
вёска ў Стадолішчанскім с/с Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. За 20 км ад горада і чыг. ст. Гарадок, 60 км ад Віцебска. 79 ж., 41 двор (1996). Вайсковыя могілкі. Археал. помнік — гарадзішча ранняга жал. веку і курганны могільнік крывічоў 10—11 ст.
Упершыню ўпамінаюцца ў 1570 як сяло дзярж. Усвяцкай вол. Віцебскага ваяв.ВКЛ. З 1633 ва ўладанні Рудамінаў-Дусяцкіх. З 1772 у Рас. імперыі, цэнтр прыватнага маёнтка, які належаў памешчыку фон Крузе. Вышадкі ўваходзілі ў Суражскі пав., з 1866 — цэнтр воласці Гарадоцкага пав. Віцебскай губ.; царква, 3 кірмашы на год. З 1923 у Віцебскім пав., з 1924 у Межанскім, з 1931 у Гарадоцкім р-не. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў жн. 1942 спалілі вёску, загубілі 12 жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫВО́ЦІНАЎ (Барыс Уладзіміравіч) (н. 14.3.1922, г. Вольск Саратаўскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне неўралогіі. Д-рмед.н. (1973), праф. (1976). Ганаровы акад.Бел. акадэміі мед. навук (1997). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1950) і працуе ў ім. Навук. працы па хваробах перыферычнай нерв. сістэмы, астэахандрозе пазваночніка, рэўматызме мозга ў дзяцей, выкарыстанні выліч. метадаў і аўтаматызаваных сістэм для ранняй дыягностыкі, прагназавання неўралагічных праяў астэахандрозу пазваночніка і інш. хвароб нервовай сістэмы. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.
Тв.:
Неврологические нарушения при поясничном остеохондрозе. Мн., 1979;
Прогнозирование и диагностика дискогенного пояснично-крестцового радикулита. Мн., 1982 (разам з Я.А.Луп’янам);
Поражение нервной системы при эндокринных болезнях. Мн., 1989 (разам з М.З.Клябанавым).
Літ.:
Б.В.Дривотинов: (к 75-летию со дня рождения) // Здравоохранение. 1997. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ЛАВА (Вера Георгіеўна) (н. 27.1.1910, Масква),
расійская арфістка, педагог. Нар.арт. Расіі (1966), нар.арт.СССР (1976). Дачка скрыпача Г.Дулава. Вучылася ў Маскоўскай кансерваторыі (1920—22 у К.Эрдэлі, 1922—25 у М.Карчынскай), з 1943 выкладала ў ёй (праф. з 1958). У 1929—31 салістка Маскоўскай філармоніі, у 1932—84 — аркестра Вял.т-ра. З 1930-х г. гастраліравала, у т. л. за рубяжом. З яе ўдзелам напісана шмат твораў для арфы (у т. л. канцэрты С.Васіленкі, А.Масалова, санаціны Л.Кніпера, А.Балціна, «Усходні танец» А.Хачатурана). Аўтар апрацовак для арфы, у т. л. твораў франц. клавесіністаў і інш., кн. «Мастацтва ігры на арфе» (1975). Сярод вучняў Э.Масквіціна, Н.Шамеева. Дзярж. прэмія СССР 1973.
грузінскі пісьменнік. Скончыў Тбіліскі ун-т (1950). Друкаваўся з 1948. Першая кніга — зб. гумарыстычных апавяданняў «Вясковы хлапчук» (1958). Раманы «Я, бабуля, Іліко і Іларыён» (1960), «Я бачу сонца» (1962, за абодва прэмія Ленінскага камсамола 1967) прысвечаны жыццю груз. вёскі ў гады Вял.Айч. вайны. У раманах «Сонечная ноч» (1967), «Белыя сцягі» (1972, Дзярж. прэмія Грузіі імя Ш.Руставелі 1975), «Закон вечнасці» (1978, Ленінская прэмія 1980), аповесці «Кукарача» (1980) і інш. разглядае актуальныя сац.-этычныя праблемы Грузіі. Творы адметныя спалучэннем камічнага з драматычным, нац. гумару з глыбокім лірызмам. Асобныя творы экранізаваны, інсцэніраваны. На бел. мову творы Д. перакладалі В.Нікіфаровіч, У.Сіўчыкаў, М.Стральцоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУРАНІ́ЙСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
афганская дзяржава ў 1747—1818. Створана ў выніку ваен. паходаў Ахмад-шаха Дурані (1747—73), які да 1761 аб’яднаў афг. (пуштунскія) землі (тэр. ядро дзяржавы — Кандагар, Газні, Кабул, Пешавар, Герат), заваяваў Паўн.-Зах. Індыю (у т. л. Кашмір), Усх. Іран, Паўд. Туркестан. Сталіца — г. Кандагар, з 1773 Кабул (перанесена пры сыне і пераемніку Ахмад-шаха Цімур-шаху, які правіў у 1773—93). Эканам. аснову дзяржавы складала феад.-дзярж. ўласнасць на зямлю (зямельныя падаткі з падуладных тэрыторый). Найб. прывілеяванае становішча ў ёй мела афг. племя абдалі (дурані; да яго належаў і вярх. правіцель — шах), якое было вызвалена ад падаткаў. Распалася ў выніку сепаратызму ханаў афг. плямён і нац.-вызв. паўстанняў падуладных неафг. народаў.