РА́ХЛІН Натан Рыгоравіч (10.1.1906, г. Шчорс Чарнігаўскай вобл., Украіна — 28.6.1979),

украінскі і рас. дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1948). Скончыў муз.-драм. ін-т імя М.​В.​Лысенкі. Вучань А.​І.​Арлова. У 1931—37 маст. кіраўнік, гал. дырыжор сімф. аркестраў Харкава і Данецка (Украіна). У 1937—62 (з перапынкамі) гал. дырыжор дзярж. сімф. аркестра Украіны, у 1941—45 СССР, у 1966—79 Татарстана. Адначасова ў 1946—66 праф. Кіеўскай, у 1967—79 Казанскай кансерваторый. Дырыжорскае майстэрства, артыстызм, тэмперамент Р. найб. выявіліся пры выкананні твораў І.​С.​Баха, Л.​Бетховена, Г.​Берліёза, П.​Чайкоўскага, С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча. Першы выканаўца шматлікіх твораў сучасных кампазітараў. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 13, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОС (Ross) Рональд (13.5.1857, г. Алмора, Індыя — 16.9.1932),

англійскі паразітолаг, мікрабіёлаг і ўрач. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў мед. школу пры Лонданскім шпіталі (1879). З 1881 працаваў урачом у Індыі, з 1899 кіраваў мед. экспедыцыяй у Зах. Афрыцы з мэтай вывучэння малярыі. У 1902—17 праф. школы трапічнай медыцыны ў Ліверпулскім ун-це, з 1926 дырэктар Ін-та трапічных хвароб у Лондане (цяпер Ін-т імя Р.). Навук. працы па вывучэнні прычын узнікнення і заканамернасцях распаўсюджвання малярыі. Ажыццявіў эксперым. заражэнне птушак трапічнай малярыяй праз укусы камароў, што дазволіла вызначыць цыкл развіцця ўзбуджальніка гэтай хваробы ў чалавека і ролю камароў роду анофелес у пераносе ўзбуджальнікаў ліхаманкі і малярыі. Нобелеўская прэмія 1902.

А.​Ю.​Маніна.

Р.Рос.

т. 13, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫСКУ́ЛАЎ Муратбек (23.11.1909, с. Чаек Нарынскай вобл., Кыргызстан — 1.2.1974),

кіргізскі акцёр. Нар. арт. СССР (1958). З 1936 у трупе Кірг. муз.-драм. т-ра, з 1941 у Кірг. драм. т-ры ў г. Фрунзе. Сярод лепшых роляў: Тэйітбек, Каныбек («Курманбек», «Каныбек» К.​Джантошава), Акылбек («Лёс бацькі» Б.​Джакіева), Шэрмат («Хто смяецца апошнім» Т.​Абдумамунава), Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Фамусаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Атэла, кароль Лір (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра). Здымаўся ў кіно: «Салтанат», «Песня табуншчыка», «Тактагул», «Неба нашага дзяцінства» і інш. Дзярж. прэмія Кыргызстана імя Тактагула 1969.

Літ.:

Иманкулов Д. Наш Муратбек. Фрунзе, 1970;

Брудный Д. Муратбек Рыскулов. М., 1974.

т. 13, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАЛО́Ў Уладзімір Мікалаевіч (18.4.1928, г. Ліхаслаўль Цвярской вобл., Расія — 24.1.1997),

рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1952). Друкаваўся з 1948. Першая кніга — «Раніца ў дарозе» (1953). У зб-ках вершаў і паэм «На сонечным баку» (1961), «Змена дзён» (1965), «Розныя гады» (1966), «Снег у верасні» (1968), «Другая маладосць» (1971), «Гарадскія вершы», «Позняя раніца» (абодва 1977), «Дзякуй, музыка» (1978), «Сюжэт» (1980, Дзярж. прэмія СССР 1983), «Новыя часы» (1986), «Наведванне» (1992) і інш. паэтызацыя штодзённага, непарыўнасць грамадзянскага і асабістага, тэмы горада, прыроды, кахання, узаемаадносін творцы і мастацтва, творцы і жыцця.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1981;

Избранное. М., 1989;

Стихотворения. Поэмы. М., 1987;

Стихи Марианне. М., 1996.

т. 14, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛТУ́К Алег Уладзіміравіч (н. 25.8.1946, в. Рыжэнькі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1967). Настаўнічаў, працаваў ва ўшацкай раённай газеце. З 1999 у газ. «Віцебскі рабочы». У 1980—99 сакратар Віцебскага абл. аддзялення Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1964. Асн. тэмы твораў — мінулае і сучаснае роднай зямлі і народа, яго гераічная памяць, даследаванне нашага складанага і супярэчлівага часу. Вершы С. вылучаюцца пафасам неспакою, любові да свайго краю; цэнтральны вобраз у іх — зямля-карміцелька (зб-кі «Пачатак дня», 1974; «Працяг», 1977; «Святло зямлі», 1982; «На далонях жыцця», 1988; «Трывога лёсу», 1996). Літ. прэмія імя У.​Караткевіча 2000.

Тв.:

Святло зямлі. Мн., 1992.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМБУ́К Іван Елісеевіч (28.7.1919, в. Рог Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 27.5.1979),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Томскае артыл. вучылішча (1945), Ваенна-інж. радыётэхн. акадэмію ППА імя Говарава (1956). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну з жн. 1941 на Паўд., Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Агнявы ўзвод артыл. палка на чале са старшым сяржантам С. вызначыўся ў ліп. 1943 у баях на Арлоўска-Курскім напрамку, дзе 3 дні адбіваў контратакі варожых танкаў і пяхоты, у час фарсіравання Дзясны, Дняпра і Прыпяці агнём гармат садзейнічаў пераправе і наступленню палка. Да 1960 у Сав. Арміі, потым на выкладчыцкай рабоце. Гаўбіца, разлікам якой камандаваў С., экспануецца ў Бел. дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. вайны.

т. 14, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНДЗЕ́ЦКІС (Sondeckis) Саўлюс (н. 11.10.1928, г. Шаўляй, Літва),

літоўскі дырыжор, скрыпач, педагог. Нар. арт. Літвы (1974). Нар. арт. СССР (1980). Скончыў Літ. кансерваторыю (1952). У 1955—86 выкладчык Вільнюскай школы мастацтваў імя М.​Чурлёніса і кіраўнік яе струннага аркестра. Адначасова з 1957 выкладчык Літ. кансерваторыі (з 1977 праф., у 1959—87 заг. кафедры); з 1971 кіраўнік студэнцкага камернага аркестра. З 1960 маст. кіраўнік і дырыжор арганізаванага ім Літ. камернага аркестра. З 1992 кіруе створаным ім камерным аркестрам «Санкт-Пецярбург—Камерата». Творчасці С. ўласцівы вытанчаны мастацкі густ, эрудыцыя, пачуццё стылю муз. твораў. Аўтар транскрыпцый для камернага аркестра, музыказнаўчых артыкулаў. Дзярж. прэмія Літвы 1971. Дзярж. прэмія СССР 1987.

Л.​А.​Шымановіч.

С.Сандзецкіс.

т. 14, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САР’ЯНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў жн. 1941 — чэрв. 1942 у в. Сар’я Дрысенскага (цяпер Верхнядзвінскага) р-на Віцебскай вобл. Налічвала спачатку 6 чал. (кіраўнік Б.​А.​Жук), потым далучыліся патрыёты навакольных вёсак Громаўкі (А.​А.​Воранаў), Дзегцярова (В.​І.​Аўсюк), Мушына (А.​Ф.​Ліпскі), Шунькі (П.​К.​Пілюшкін), якія рыхтавалі людзей да партыз. барацьбы. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, зрывалі збор акупантамі прадуктаў харчавання, вываз насельніцтва на работу ў Германію, збіралі зброю, боепрыпасы, рабілі напады на дробныя ням. гарнізоны, арганізоўвалі засады. У сувязі з пагрозай выкрыцця падпольшчыкі (каля 30 чал.) пайшлі ў лес, дзе стварылі партыз. атрад імя Пархоменкі. У барацьбе з акупантамі загінула 11 падпольшчыкаў.

Б.​П.​Шымук.

т. 14, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦУ́РА Мікалай Уладзіміравіч (н. 2.6.1952, в. Пагост Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. артыст эстрады. Засл. дз. маст. Беларусі (1997). Скончыў Гомельскае муз. вучылішча імя Н.​Сакалоўскага (1971), Мінскі ін-т культуры (1987). Вучань Я.​Глебава. З 1975 артыст і муз. кіраўнік вак.-інстр. ансамбля «Сябры». Музыцы ўласцівы фалькл. традыцыі. Аўтар песень «Раздолле» (словы С.​Астравога), «Шлях да Беларусі» (словы Н.​Гілевіча), «Сцежачка», «Дзева Марыя» (абедзве на словы А.​Лягчылава), «Саперніца» (словы Г.​Бураўкіна), «Перажывём», «Нашы песні — наша жыццё», «Чырвонае і белае» (усе на словы В.​Кавальчука), «На каляды» (словы Л.​Дранько-Майсюка), «Свет у вакне» (словы А.​Папярэчнага), «Бабыль» (словы Л.​Ашаніна). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.

Л.​В.​Баравікоў.

т. 14, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІРЫ́ДАЎ Уладзімір Пятровіч (7.12.1897, в. Казулічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 3.5.1963),

генерал-лейтэнант артылерыі (1943). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1930) і Генштаба (1938). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. 1918—20 войнаў. З 1931 служыў у ваен. акругах. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн., Ленінградскім, 2-м і 3-м Прыбалт. франтах: нач. артылерыі фронту, нам. камандуючага фронтам, камандуючы арміямі; удзельнік абароны і прарыву блакады Ленінграда, баёў пад Ноўгарадам, Псковам, у Прыбалтыцы. Да 1957 на камандных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1950—54. Адзін з аўтараў кн. «Бітва за Ленінград, 1941—1944» (1962).

т. 14, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)