ГО́РСКІ (Канстанцін Канстанцінавіч) (13.6.1859, г. Ліда Гродзенскай вобл. — 31.5.1924),
скрыпач, кампазітар, педагог. Ігры на скрыпцы вучыўся ў А.Концкага ў Варшаве. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1881, клас Л.Аўэра), па кампазіцыі займаўся ў М.Рымскага-Корсакава. Выкладаў у муз. вучылішчах Саратава, Харкава, Тбілісі і інш. Канцэртаваў (у 1893 выканаў у Харкаве канцэрт для скрыпкі з аркестрам П.Чайкоўскага пад кіраўніцтвам аўтара). З 1919 у Польшчы, канцэртмайстар аркестра опернага т-ра ў Познані. Аўтар оперы «Маргер» (паводле У.Сыракомлі, клавір выд. 1905, паст. 1927), сімф. паэмы, п’ес для скрыпкі і фп., арганнай фантазіі, песень, духоўнай музыкі і інш.
Літ.:
Wrocki E. Konstanty Gorski: Życie i działalność. 1859—1924. Warszawa, 1924.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФЕР ((Hofer) Андрэас) (22.11.1767, г. Сан-Леанарда-ін-Пасірыя, Італія — 20.2.1810),
кіраўнік узбр. выступлення супраць баварскага панавання ў аўстр. Ціролі ў 1809. Карчмар. У пач. 1809 наведаў Вену, дзе ўзгадніў план паўстання. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы (пераважна сяляне) тройчы вызвалялі Ціроль ад баварскіх і саюзных ім франц. войск (поспеху паўстанцаў спрыялі падзеі аўстра-франц. вайны 1809). У жн. — кастр. 1809 Гофер — фактычны правіцель Ціроля. Пасля заключэння 14.10.1809 Шонбрунскага міру паміж Аўстрыяй і Францыяй паўстанне задушана ваен. сіламі французаў. У выніку здрады Гофер трапіў у палон, паводле загаду Напалеона I расстраляны.
Літ.:
Пристер Е. Краткая история Австрии: Пер. с нем. М., 1952. С. 325, 328—330.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФМАН ((Hofmann) Аўгуст Вільгельм фон) (8.4.1818, г. Гісен, Германія — 5.5.1892),
нямецкі хімік-арганік; адзін з заснавальнікаў ням. прам-сці сінт. фарбавальнікаў. Скончыў Гісенскі ун-т (1840), дзе і працаваў. З 1845 дырэктар Каралеўскага хім. каледжа ў Лондане, з 1865 праф. Берлінскага ун-та. Навук. даследаванні па хіміі араматычных злучэнняў (фарбавальнікаў). Вылучыў з каменнавугальнай смалы бензол, з якога атрымаў нітрабензол, а яго аднаўленнем — анілін (1845, удасканаліў рэакцыю М.М.Зініна). Адкрыў спосаб сінтэзу аліфатычных амінаў уздзеяннем галагеналкілаў на аміяк (рэакцыя Гофмана, 1850), спосаб атрымання першасных амінаў з амідаў карбонавых к-т (перагрупоўка Гофмана, 1881).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЦАЛІ ((Gozzoli) Беноца) (сапр.ды Лезе ды Сандра; di Lese di Sandro; 1420, г. Фларэнцыя, Італія — 1497),
італьянскі жывапісец эпохі ранняга Адраджэння. Вучыўся ў Л.Гіберці і Анджэліка. Працаваў у Фларэнцыі, Пізе і інш. гарадах Італіі. У вял. фрэскавых цыклах (сцэны з жыцця св. Аўгусціна ў царкве Сант-Агасціна ў Сан-Джыміньяна, 1463—67; фрэска «Шэсце вешчуноў» у капэле палаца Медычы-Рыкардзі ў Фларэнцыі, 1459) спалучаў паэт.-казачную, па сутнасці свецкую трактоўку сюжэтаў і тонкасць жывога назірання з «дывановасцю» кампазіцыі, умоўнасцю прасторавых вырашэнняў, дэкар. маляўнічасцю каларыту.
Літ.:
Padoa Rizzo A. B.Gozzoli pittore fiorentino. Firenze, 1972.
Б.Гоцалі. Фрэска «Шэсце вешчуноў» у капэле палаца Медычы-Рыкардзі ў Фларэнцыі. Фрагмент. 1459.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДЧАНКА (Таіса Канстанцінаўна) (н. 1.12.1951, р.п. Градзянка Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. крытык і літ.-знавец. Канд.філал.н. (1980). Скончыла БДУ (1976). У 1979—92 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1992 у Бел.дзярж.пед. ун-це імя М.Танка. Друкуецца з 1979. Даследуе творчасць бел. пісьменнікаў 1920—30-х г. (Б.Мікуліч, В.Каваль), сучасных бел. празаікаў (манаграфія пра І.Чыгрынава «Жывая памяць народа», 1984; кн. «Перад праўдай высокай і вечнай: Беларуская проза сёння», 1991, і інш.). Аўтар даследавання «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1996, з Л.Гарэлік і А.Гурскай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́Т (Пятрусь) (сапр.Івашэвіч Іван Пятровіч; 24.1.1909, в. Зачэпічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 14.1.1980),
бел.паэт. Скончыў Навагрудскае пед. вучылішча (1950). Удзельнік рэв.-вызв. барацьбы ў Зах. Беларусі і партыз. руху на Беларусі ў Айч. вайну. З 1927 працаваў брукаром. У 1939—41 старшыня сельсавета, у 1945—71 настаўнік. Друкаваўся з 1933. Большасць вершаў — публіцыстычныя творы, насычаныя бытавымі рэаліямі, у якіх выкрываў палітыку сац. і нац. ўціску польскіх улад. Захапленне жыццём у пасляваен. творах. Свет роднай прыроды эмацыянальна раскрыў у зб. для дзяцей «Сцяжынка» (1978).
Літ.:
Наднёманскія былі. Мн., 1968. С. 66—70;
Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982. С. 248—253.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНО́ЎСКІ (Цімафей Мікалаевіч) (21.3.1813, г. Арол, Расія — 16.10.1855),
расійскі гісторык, адзін з лідэраў заходнікаў. Д-ргіст.н. (1849). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1835). Праф. гісторыі Маскоўскага ун-та (1839—55). Чытаў публічныя лекцыі па гісторыі зах.-еўрап. сярэдневякоўя, параўнальнай гісторыі Англіі, Францыі і інш. З 1847 кіраўнік гуртка маскоўскіх заходнікаў. Лічыў гал. рухавіком гіст. працэсу натуральныя фактары (геагр., этнагр., антрапал. і фізіял. ўмовы існавання чалавека), а яго асновай — імкненне ўсіх народаў да свабоды і гармоніі; падкрэсліваў агульнае ў гіст. развіцці Расіі і краін Зах. Еўропы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́БАР ((Gábor) Андар) (24.1.1884, в. Уйнеп, Венгрыя — 20.1.1953),
венгерскі пісьменнік. Скончыў Будапешцкі ун-т. У 1920—50 у эміграцыі, у 1933—45 у СССР. Літ. дзейнасць пачаў у 1900. Аўтар зб-каў вершаў «Арговань» (1920), «Таму што ганьба жыць і не заклікаць» (1923), рамана «Доктар Ніхто» (т. 1—2, 1946), сатыр. п’есак і фельетонаў («Пешцкія рыданні. Кніга пра вялікі горад», 1912) і інш. Пераклаў на венг. мову бел.нар. песні «Маё жаданне», «З-за лесу сонца ўсходзіць...», вершы Я.Купалы «Абвілася краіна...», «А хто там ідзе?», «Выйдзі...», «Выпраўляла маці сына», «Хвалююцца морскія хвалі...», «Гэй наперад!» і інш. Аўтар арт. «Янка Купала, беларускі паэт» (1941).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎЧАНКА (Надзея Іванаўна) (30.9 1905, г. Керч, Украіна — 5.7.1990),
бел. графік. Скончыла Віцебскі маст. тэхнікум (1931) і Маскоўскі маст.ін-т імя Сурыкава (1948). Выкладала ў Мінскім маст. вучылішчы (1950—60). Працавала пераважна ў тэхніцы акварэлі. Аўтар твораў, якія вылучаюцца актыўным, дасканалым малюнкам, гарманічным колерам, дакладнасцю характарыстыкі персанажаў: аўтапартрэт (1944), партрэты «Лётчык», «Герой Савецкага Саюза» (абодва 1946), «Брыгадзір Макаранка» (1953), Я.Маўра (1956), І.Мележа (1957), П.Глебкі, М.Міхалапа (абодва 1958) і інш. Сярод інш. работ: «Ліст ад унука», шэраг пейзажаў.
Літ.:
Н.І.Галоўчанка / Аўтар тэксту Т.Ф.Ляўкова. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУА́ ((Galois) Эварыст) (26.10.1811, г. Бур-ла-Рэн, Францыя — 30.5.1832),
французскі матэматык, заснавальнік сучаснай алгебры. Вучыўся ў ліцэі Луі-дэ-Гран, к моманту заканчэння якога ўжо вёў творчую працу па матэматыцы. У 1830 паступіў у Вышэйшую нармальную школу; у 1831 выключаны з яе за ўдзел у паліт. барацьбе супраць каралеўскага рэжыму Францыі. Загінуў на дуэлі. Стварыў агульную тэорыю рашэння алг. ураўненняў; Галуа тэорыю. Увёў паняцці групы, поля. Ідэі Галуа пачалі разумець толькі ў 1870-я г.
Літ.:
Инфельд Л. Эварист Галуа. Избранник богов: Пер. с англ.М., 1965;
Дальма А. Эварист Галуа, революционер и математик: Пер. с фр. 2 изд. М., 1984.