МАГІЛЁЎСКІ ЛІТАРАТУ́РНА-МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К Існаваў у Магілёве ў 1905—14. Аб’ядноўваў мясц. інтэлігенцыю
(у 1912 каля 300 чал.). Меў у сваім складзе сімф. аркестр (дырыжор У.Крэвінг),
хор (кіраўнікі М.Фідзюноў, В.Зубоўскі), вял. групу прафес. музыкантаў (спевакі С.Мігай, Ю.Рэйдэр, Я.Казанская, Е.Калабазіна, піяністы В.Багалюбава і А.Боркус, скрыпач С.Дзісман, музыказнаўцы С.Вяржбіцкі, Ю.Дрэйзін). Удзельнікі гуртка наладжвалі канцэрты і муз. вечары (больш за 10 у сезон), чыталі лекцыі пра жыццё і творчасць выдатных кампазітараў, пісьменнікаў і паэтаў, ставілі асобныя дзеі і акты, выконвалі уверцюры, арыі, ансамблі, хары, у т. л. з опер «Жыццё за цара» і «Руслан і Людміла» М.Глінкі, «Пікавая дама» і «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага і інш.
А.Л.Капілаў.
т. 9, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКАМЕ́ННАЯ ТУНГУ́СКА, Сярэдняя Тунгуска.Чулакан,
рака, правы прыток р. Енісей, пераважна ў Эвенкійскай аўт. акрузе Расіі. Даўж. 1865 км, пл. басейна 240 тыс.км². Цячэ ў межах Сярэднесібірскага ’пласкагор’я. У вярхоўях (пад назвай Катанга) цячэ ў шырокай і глыбокай даліне, ад вусця р. Тэтэрэ даліна звужаецца, у рэчышчы шматлікія шыверы і парогі. За 250 км ад вусця даліна расшыраецца да 20—23 км, у рэчышчы шмат перакатаў. Гал. прытокі: Тэтэрэ, Чуня (справа), Вельма (злева). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 1560 м³/с. Разводдзе ад пач. мая да канца чэрв., у нізоўях да пач. ліпеня. Ледастаў з канца кастр. да сярэдзіны мая. Суднаходная ў разводдзе ад с. Ванавара (1146 км), для вял. суднаў — ад с. Байкіт (571 км).
т. 11, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРО́ЎСКІ (Фёдар Васілевіч) (1855, с. Падольскае Краснасельскага р-на Кастрамской вобл. — 13.8.1903),
бел. археолаг. Чл.-кар. Маскоўскага археал. т-ва (1893). Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1879). З 1879 выкладаў у Мінскім, з 1880 — у Віленскім духоўных вучылішчах. У 1884—1902 хавальнік Віленскага музея старажытнасцей, склаў апісанне яго фондаў. Праводзіў археал. даследаванні на тэр. Беларусі, паўд.-ўсх. Літвы і Кастрамской губ.
Склаў археал. карты Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губ. Прымаў удзел у падрыхтоўцы і правядзенні 9-га археал. з’езда (Вільня, 1893). Узнагароджаны вял. сярэбраным медалём Рус. археал. т-ва. Асн. творы: «Археалагічная карта Віленскай губерні» (1893), «Археалагічная карта Гродзенскай губерні» (1895), «Курганы на мяжы сучаснай Літвы і Беларусі» (1895), «Да даследавання басейна Віліі ў археалагічных адносінах» (1899).
т. 11, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́БСКАЯ МО́ВА,
мёртвая мова; належыць да зах.-слав. моў (гл. Славянскія мовы). Была пашырана да 1-й пал. 18 ст. па левым беразе р. Лаба (Эльба; цяпер тэр. зямлі Ніжняя Саксонія, Германія). Адметныя рысы П.м.: захаванне насавых галосных, аорыста і імперфекта, рэшткаў парнага ліку, рухомы націск, спрашчэнне скланення, вял. колькасць ням. запазычанняў у лексіцы і інш. Пісьменства не мела, але ў 17—18 ст. было складзена некалькі слоўнікаў і запісаны некаторыя тэксты на П.м. Асн. помнікі палабскага пісьменства — нататкі палабскага селяніна Я.П.Шульцэ і ням.-палабскі слоўнік К.Хеніга на 5 тыс. слоў. Сярод даследчыкаў П.м. — Т.Лер-Сплавінскі, К.Палянскі (этымалагічны слоўнік П.м.), А.Я.Супрун і інш.
Літ.:
Супрун А.Е. Полабский язык. Мн., 1987.
А.В.Зінкевіч.
т. 11, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛКАВО́ДЗЕЦ,
ваенны дзеяч, военачальнік, які ўмела кіруе ўзбр. сіламі дзяржавы або буйнымі вайсковымі фарміраваннямі (аператыўна-стратэг.) у час вайны. Гэта таленавітыя, з творчым мысленнем асобы, якія валодаюць майстэрствам падрыхтоўкі і вядзення ваен. дзеянняў, воляй і рашучасцю, арганізатарскімі і інш. якасцямі, што дазваляюць ім з найб. эфектыўнасцю выкарыстоўваць наяўныя сілы і сродкі для дасягнення перамогі. Кожная гіст. эпоха, вял. вайна вылучаюць сваіх П. У час 2-й сусв. вайны ў СССР найб. таленавітымі П. былі Г.К.Жукаў, А.М.Васілеўскі, К.К.Ракасоўскі, І.Д.Чарняхоўскі, сярод саюзнікаў — Б.Мантгомеры, Д.Эйзенхаўэр і інш. Сярод беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі асобай адзнакі П. — «Маршальскай зоркі» ўдастоены 12 чал., у т. л. А.І.Антонаў, В.Д.Сакалоўскі, І.І.Якубоўскі і інш.
т. 12, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬМ ((Palm) Маці-Іаханес) (н. 13.1.1942, Талін),
эстонскі спявак (высокі бас), педагог. Нар. арт. Эстоніі (1980). Скончыў Талінскую кансерваторыю (1968), з 1976 выкладае ў ёй. З 1969 саліст Нац. оперы «Эстонія». Валодае моцным голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Сярод партый: Барыс Гадуноў і Пімен, Іван Хаванскі («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), кароль Рэне («Іаланта» П.Чайкоўскага), Барыс Цімафеевіч («Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча), Філіп II, Атыла («Дон Карлас», «Атыла» Дж.Вердзі), Галандзец («Лятучы галандзец» Р.Вагнера), Мефістофель («Мефістофель» А.Бойта), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Асмін («Выкраданне з сераля» В.А.Моцарта), Ваха («Вікерцы» Э.Аава), Мехіс («Агні помсты» Э.Капа) і інш. Выступае як камерны спявак. Прэмія Міжнар. конкурсу вакалістаў імя Ф.Віньяса Дордаля (Барселона, 1972). Дзярж. прэмія СССР 1983.
т. 12, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́МПА, пампасы (ісп. pampa, множны лік pampas, з мовы індзейцаў кечуа),
субтрапічная стэпавая расліннасць, якая займае раўніны на Пд Паўд. Амерыкі. Прадстаўлена злакамі і разнатраўем. П. называюць таксама некаторыя раўнінныя тэр. ў Паўд. Амерыцы з пераважаннем аднайм. травяністай расліннасці. Уласна П. — прыродная вобласць у цэнтр. частцы Аргенціны. Акумулятыўная раўніна з лёсавым покрывам, якая паступова ўздымаецца на З, да перадгор’яў Анд. На ПдУ горныя масівы выш. да 1243 м. Клімат субтрапічны. Ападкаў ад 300—500 мм (на З) да 800—950 мм (на У) за год. Характэрны штармавыя вятры пампера. Гал. рака — Парана. Прыродная разнатраўна-злакавая расліннасць захавалася на асобных мясцінах. П. — адзін з асн. эканам. раёнаў краіны. Вял. колькасць гарадоў; пасевы пшаніцы і кукурузы; на З — пашы.
т. 12, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНФІ́ЛАЎЦЫ,
воіны 316-й стралк. дывізіі, якія пад камандаваннем ген.-маёра І.В.Панфілава гераічна змагаліся супраць герм. войск у час Маскоўскай бітвы 1941—42 у Вял. Айч. вайну. 7—10 кастр. 1941 дывізія перакінута на Валакаламскі напрамак. 16 кастр. ў час чарговага наступлення праціўніка на Маскву каля раз’езда Дубасекава (на У ад г. Валакаламск) 28 байцоў 4-й роты 2-га батальёна 1075-га стралк. палка на чале з малодшым палітруком В.Г.Клачковым у 4-гадзінным баі падбілі 18 варожых танкаў. Амаль усе абаронцы загінулі. 21.7.1942 удзельнікам гэтага бою было прысвоена званне Героя Сав. Саюза. 18 ліст. 1941 316-я дывізія атрымала найменне 8-й гвардз., 23 ліст. ёй прысвоена імя Панфілава (загінуў 18.11.1941).
т. 12, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫРНЫЯ БАЯ́РЫ, панцырныя паны—баяры,
ваеннаслужылыя людзі ў ВКЛ у 1-й пал. 15—18 ст. Рэкрутаваліся з зямян, сельскіх мяшчан і вольных людзей, якія атрымлівалі ад вял. князя за службу зямлю (у асноўным на Віцебскім, Полацкім і Смаленскім памежжы). На ўмовах бясплатнага карыстання зямлёй і інш. правамі неслі вайсковую службу (памежную варту), падпарадкоўваліся ўраду мясц. замка. Мелі прывілеі: судзіць іх мог толькі суд; захоўвалі маёнткі, падараваныя папярэднімі каралямі; забаранялася браць у П.б. падводы, коней і выкарыстоўваць на інш. службе, акрамя ваеннай; дазвалялася займацца рамёствамі, промысламі і гандлем нароўні з купцамі і мяшчанамі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Сенат Рас. імперыі ў 1780 залічыў П.б. у разрад сялян дварцовай канцылярыі і пакінуў за імі ўсе землі і льготы казакоў.
М.А.Ткачоў.
т. 12, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАМАРФІ́ЧНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
пароды, якія ўтварыліся ў выніку метамарфізму. Адрозніваюць пара- і ортаметамарфічныя пароды, што ўзніклі адпаведна пры метамарфізме асадкавых і магматычных парод. М.г.п. падзяляюцца на рэгіянальна-метамарфічныя (утвараюцца вял. аб’ёмы парод, вызначаюцца фацыяльнымі адрозненнямі: гранулітавая і амфібалітавая фацыі пры высокіх т-рах і ціску, зялёнасланцавая — пры нізкіх т-рах, нязначных глыбінях і цісках; а таксама сланцавымі і слаістымі структурамі, напр., амфібаліты, крышталічныя сланцы, гнейсы) і кантактава-метамарфічныя (малыя аб’ёмы, вакол магматычных цел, на невял. глыбінях, пры лакальна высокіх т-рах, канцэнтрычная занальнасць, характэрны рагавікі, мармуры, скарны, грэйзены, наждакі і інш.). Паводле хім. асаблівасцей М.г.п. падзяляюцца на вытворныя гліназёмістых (метапеліты), асноўных магматычных (метабазіты), асадкавых (парагнейсы, параамфібаліты) і карбанатных (кальцыфіры, мармуры) парод. Пры дыслакацыйным метамарфізме ўзнікаюць катаклазіты, міланіты, бластаміланіты і інш.
І.В.Найдзянкоў.
т. 10, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)