устанаўленне, раскрыццё зместу якога-небудзь паняцця. Дае магчымасць фармуляваць крытэрыі вылучэння аб’екта, які вывучаецца, сярод іншых аб’ектаў, а таксама магчымасць фармуляваць або ўдакладняць значэнне тэрмінаў (слоў, словазлучэнняў). Вызначэнні фармулююцца ў працэсе навук. даследавання ў наяўным выглядзе і складаюць найважнейшую частку навук. тэорый і іх фрагментаў, адносна завершаных разважанняў. Адлюстроўваючы аб’екты ў іх істотных прыкметах, вызначэнні скарачаюць складаныя апісанні і замяняюць іх больш простымі.
узмацняльнік пастаяннага току з ланцугамі адмоўнай адваротнай сувязі. Прызначаны для выканання матэм. аперацый (напр., складання, інтэгравання, дыферэнцыравання) над аналагавымі велічынямі. Пры нелінейных ланцугах адваротнай сувязі дае магчымасць выконваць нелінейныя аперацыі (падвышэнне да ступені, множанне, лагарыфмаванне). Вырашальны ўзмацняльнік без ланцугоў адваротнай сувязі наз.аперацыйным узмацняльнікам (мае каэфіцыент узмацнення больш за 106; выпускаецца ў выглядзе інтэгральнай схемы). Выкарыстоўваецца таксама ў сістэмах аўтаматыкі, радыё- і вымяральнай тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТО́К РАКІ́,
месца, ад якога назіраецца пастаяннае цячэнне вады ў рэчышчы вадацёку. Вытокам ракі могуць быць крыніца, балота, возера, ледавік; для рэк, што выцякаюць з возера, — месца перасячэння берагавой лініі вадаёма з рэчышчам вадацёку. Нярэдка вытокам ракі лічыцца месца, дзе зліваюцца 2 ракі з рознымі назвамі, або гал. лічыцца больш мнагаводная ці тая, выток якой найб. аддалены ад вусця ракі. У шэрагу выпадкаў тэрыторыі вакол вытокаў рэк абвяшчаюцца ахоўнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРКУЛЕ́С (Dynastes hercules),
насякомае сям. пласцініставусых жукоў. Пашыраны ў тропіках Цэнтр. і Паўд. Амерыкі.
Даўж. самца да 15,5 см, самкі 8—9 см. Самец бліскучы, чорны, надкрылы аліўкава-зялёныя з чорнымі плямамі; самка — аднакаляровая, матава-чорная. У самца 2 рагі: адзін на лбе, доўгі, тоўсты, вышчарблены; другі — на пярэдняспінцы, больш доўгі (амаль напалавіну даўжэйшы за цела). Самка без рагоў (прыклад палавога дымарфізму). Лічынкі развіваюцца ў гнілой драўніне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАКРА́ТАВЫ СЕ́РПІКІ,
тры фігуры, абмежаваныя дугамі і хордамі акружнасцей, для якіх з дапамогай цыркуля і лінейкі можна пабудаваць роўнавялікія (па плошчы) прамалінейныя фігуры. Знойдзены Гіпакратам Хіёскім пры спробах рашыць задачу пра квадратуру круга. Плошчы Гіпакратавых серпікаў выражаюцца квадратычнымі ірацыянальнасцямі хордаў, на якіх яны будуюцца. Плошча аднаго з серпікаў роўная плошчы роўнабаковага трохвугольніка ABC. Інш. Гіпакратавы серпікі будуюцца больш складана.
Да арт.Гіпакратавы серпікі: плошча трохвугольніка ABC роўная плошчы зафарбаванага серпіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГНЯВА́Ш», «Гнеўка», «Загневаны»,
бел.нар. танец. Муз. памер . Тэмп павольны. Выканаўцы (дзяўчына і хлопец) у тэатралізаванай форме паказваюць сварку і прымірэнне закаханых, часта ў суправаджэнні песні («Дзяўчына мая заручоная, чаго так ходзіш засмучоная...»). Больш пашыраны ў зах. абласцях Беларусі. На Магілёўшчыне бытаваў варыянт «Гняваша», які выконвалі толькі мужчыны.
Літ.:
Народные песни местечка Селец Пружанского уезда Полесского воеводства (Западная Белоруссия) / Сост. И.К.Зданович. М., 1931.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ВАГОНАРАМО́НТНЫ ЗАВО́Д.
Засн. ў 1874 як Гомельскія галаўныя майстэрні Лібава-Роменскай чыгункі. У 1928 перайменаваны ў Гомельскі паравозавагонарамонтны завод. У гады Вял.Айч. вайны разбураны. У ліп. 1944 аднавіў вытворчасць. З 1945 спецыялізуецца на рамонце. Асн.вытв. дзейнасць: пераабсталяванні пасажырскіх вагонаў (у тэхн.-службовыя, мостадаследчыя, флюараграфічныя, лятучай сувязі, бізнес-класныя, радыёстанцыйныя). Вырабляе больш за 1000 найменняў запчастак для чыг. транспарту, а таксама тавары нар. ўжытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРЫФ»,
прыватнаўласніцкі герб, якім у Беларусі, Украіне, Літве і Польшчы карысталася больш за 220 родаў, у т. л. Асоўскія, Бяліцкія, Браніцкія, Быкоўскія, Закрэўскія, Канарскія, Квяткоўскія, Путкамеры. На чырвоным полі выява стаячага на задніх лапах сярэбранага грыфа — фантаст. істоты з тулавам ільва, галавой і крыламі арла, дзюба і капцюры залатыя. Клейнод — верхняя палавіна грыфа без лап і залатая труба. Вядомы з 13 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУСЬКІ́»,
бел.нар. гульня. На краі круглай ледзяной пляцоўкі дыяметрам 10—15 м выбіваюць «гнёзды» (ямкі дыяметрам 25—30 см). Удзельнікі маюць калкі (палкі даўж. 1—1,2 м, раздвоеныя на канцы) і гуські (цуркі памерам 12×4 см). Кожны па чарзе кладзе гусёк у цэнтр пляцоўкі. Па сігнале астатнія гульцы ад сваіх «гнёздаў» бягуць да цэнтра і ўдарамі калкоў стараюцца загнаць гусёк у сваё «гняздо». Перамагае той, хто загоніць больш гуськоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДАЛІ́ВА»,
прыватнаўласніцкі герб. У блакітным полі сярэбраная перавязь з левага верхняга кута ў ніжні правы, на перавязі 3 чырвоныя 4-пялёсткавыя (або 5-пялёсткавыя) ружы; клейнод — 2 чорныя валовыя рагі, паміж імі 3 пастаўленыя адна над адной ружы. Існуе варыянт герба: поле чырвонае. Паводле падання, узнік у пач. 11 ст. У ВКЛ існаваў з пач. 15 ст. Гербам карысталіся больш за 130 шляхецкіх родаў Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны.