ЛАЎРО́Ў Георгій Лаўрэнцьевіч (10.1. 1896, в. Балахнята Сафонаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 24.5.1967),

расійскі і бел. архітэктар. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1926). Працаваў у Маскве, у 1928—34 у Мінску. Работы на Беларусі: гал. корпус і карпусы ф-таў БДУ (1928—31), клінічны гарадок (1931), Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Беларуская політэхнічная акадэмія, лабараторны корпус і друкарня імя Ф.​Скарыны Нац. АН Беларусі (1934) — усе ў Мінску, інтэрнат і навук. корпус Бел. с.-г. акадэміі ў г. Горкі Магілёўскай вобл. (1930—33), будынак кінатэатра ў Оршы (1932). Сярод інш. работ: кінастудыі ў г. Алматы, Ашгабаце, Бішкеку (1956—59, у сааўт.), кінатэатры ў Бухарэсце (1956), Сафіі (1958) і інш.

А.​А.​Воінаў.

т. 9, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРО́Ў Георгій Сцяпанавіч (22.4. 1910, в. Заполле Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.11.1993),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў драм. курсы ў Мінску (1932). У 1932—41 працаваў у БДТ-3, т-рах юнага гледача імя Крупскай, Палескім абл. драматычным. З 1945 акцёр Белдзяржэстрады. У 1956—70 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, выконваў характарныя, драм. і камед. ролі: Пытляваны («Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Бяссудны і Беркутаў («На бойкім месцы» і «Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Астраў («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), Ілья («Пяць вечароў» А.​Валодзіна).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 9, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕЎ Сяргей Аляксеевіч (2.11.1902, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 3.7.1974),

сав. вучоны ў галіне электратэхнікі і вылічальнай тэхнікі. Акад. АН СССР (1953) і АН УССР (1945). Герой Сац. Працы (1956). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1928). Працаваў ва Усесаюзным электратэхн. ін-це, у 1946—51 дырэктар Ін-та электратэхнікі АН УССР, у 1953—73 дырэктар Ін-та дакладнай механікі і вылічальнай тэхнікі АН СССР. Навук. працы па праблемах устойлівасці і аўтаматызацыі энергет. сістэм, вылічальнай тэхніцы, тэорыі лічыльных прыстасаванняў. Пад яго кіраўніцтвам у 1950 створана першая ў СССР ЭВМ «МЭСМ», шэраг хуткадзейных ЭВМ. Ленінская прэмія 1966, Дзярж. прэміі СССР 1950, 1969. У 1977 АН УССР устанавіла прэмію імя С.​А.​Лебедзева.

С.А.Лебедзеў.

т. 9, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСІ́ЦЫН Міхаіл Аркадзевіч (Майсей Айзікавіч; н. 2.7.1920, г. Віцебск),

бел. музыкант, дырыжор, педагог. Засл. работнік культуры Беларусі (1972). Скончыў Бел. кансерваторыю (1951). З 1946 артыст Дзярж. нар. аркестра Беларусі, у 1948—63 — секстэта домраў Бел. радыё і тэлебачання. У 1963—92 выкладаў у Мінскім пед. ін-це імя М.​Горкага. Кіраўнік аркестраў, у т. л. нар. аркестра нар. інструментаў БДУ (1953—80). Аўтар аранжыровак для аркестра нар. інструментаў твораў муз. класікі і бел. кампазітараў (у т. л. галоп, вальс і танец з оперы «Калючая ружа» Ю.​Семянякі, «Палеская сюіта» Я.​Глебава, «Святочная уверцюра» А.​Багатырова, «Мой родны кут» І.​Лучанка, «Кадрыля» Я.​Цікоцкага, «Полька» М.​Чуркіна і інш.).

З.​А.​Танклеўскі.

т. 9, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫНЬКО́Ў Рыгор Ціханавіч (1909, чыг. будка каля в. Старое Сяло Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 1941),

бел. паэт, перакладчык, публіцыст. Брат М.Лынькова. Працаваў заг. хаты-чытальні, у газ. «Камуніст» (Бабруйск), у 1936—41 адказны сакратар газ. «Літаратура і мастацтва». Удзельнік Вял. Айч. вайны, прапаў без вестак. Друкаваўся з 1925. Адзін з псеўд. Рыгор Суніца. Вострае адчуванне часу, багацце і разнастайнасць паэтычных форм — асн. рысы яго твораў. Пісаў артыкулы, на бел. мову пераклаў паэму У.​Маякоўскага «Добра!» (з В.​Віткам), асобныя яго вершы, п’есу М Святлова «Казка» (паст. Бел. т-рам юнага гледача імя Н.​К.​Крупскай, 1941), паасобныя творы А.​Пушкіна, М.​Някрасава, А.​Блока, П.​Тычыны, А.​Міцкевіча, Э.​Вайнерта і інш.

Р.Ц.Лынькоў.

т. 9, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБАМУ́ДРАЎ Павел Канстанцінавіч (30.8.1916, С.-Пецярбург — 27.2.1984),

бел. графік, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Праф. (з 1972). Скончыў Маст. ін-т імя Сурыкава ў Маскве (1949). Выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це (1957—83). Працаваў пераважна ў станковай графіцы ў тэхніках літаграфіі, шклаграфіі, акварэлі, лінагравюры.

Сярод твораў: серыя «Сталінград» (1949), лісты «Дні і ночы» (1957), «Лета» (1958, 1964), «Роздум», «Зноў у родных краях» (абодва 1967), «Цяжкая хвіліна» (1970), «У парку», «Чаканне», «Першы снег» (усе 1971), «Жаночы партрэт» (1973), серыя пейзажаў Мінска — «Сакавік» (1958), «Вецер» (1969), «Мінск. Зімовы дзень (эпізод Айчыннай вайны)» (1970), «Плошча Перамогі ў Мінску» (1971), «У 1941-м» (1975), «Раніца», «Матыў старога Мінска» (абодва 1980) і інш.

т. 9, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБЧА́НСКІЯ БАІ́ 1944.

Адбыліся паміж партызанамі брыгады імя Дзяржынскага і ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Любча Вілейскага р-на Мінскай вобл. 3 і 6—8 ліп. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон у Любчы (каля 450 гітлераўцаў) прыкрываў адступленне гітлераўскіх войск. Партызаны спланавалі яго ліквідацыю. 3 ліп. штурмам авалодалі гар. пасёлкам, захапілі шмат варожага ўзбраення. Выбітыя з пасёлка гітлераўцы пачалі канцэнтраваць сілы ў в. Нягневічы, каб знішчыць партызан і авалодаць пасёлкам. 6 ліп. пры падтрымцы танкаў і артылерыі яны пачалі наступленне. 3-за пагрозы акружэння брыгада вымушана была пакінуць Любчу. Але пасля 2 дзён жорсткіх баёў 8 ліп. партызаны зноў захапілі пасёлак і ўтрымлівалі яго да падыходу Чырв. Арміі.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 9, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГО́Н Эрман Якаўлевіч (15.10.1899, Гольдынгенскі пав., Латвія — 11.8.1941),

удзельнік абарончых баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1941). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928). Удзельнік грамадз. вайны на тэр. Беларусі. У Вял. Айч. вайну на чале 45-га стралк. корпуса 13-й арміі Зах. фронту 25 дзён вёў абарончыя баі на Дняпры, Проні, Сажы ў раёне Быхава, Прапойска (Слаўгарада), Крычава. 7—9 ліп. ў баі каля Быхава воіны пад яго камандаваннем знішчылі 8 танкаў, пераправіліся на правы бераг Дняпра, разграмілі праціўніка і прымусілі адступіць; у жн. пад Клімавічамі М. без страт вывеў свой корпус з акружэння. Загінуў у баі ў в. Малашкавічы Клімавіцкага р-на. Пахаваны ў Клімавічах. На месцы гібелі пастаўлены абеліск.

т. 9, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ АБЛАСНЫ́ АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА Існаваў у 1945—62 у г. Маладзечна Мінскай вобл. Створаны на базе агітатрада імя М.​Горкага, які пасля вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў працягваў дзейнасць пад назвай Партыз. ансамбль Вілейскай вобл. З 1946 прафес. калектыў, у 1947 папоўнены артыстамі расфарміраванага Мазырскага (Палескага) ансамбля песні і танца. Кіраўнікі: А.​С.​Нікалаеў і Ф.​Р.​Ягадзінскі, з 1952 А.І.Білібін. Манера выканання акадэмічная. Выступаў у суправаджэнні баяністаў. У рэпертуары апрацоўкі бел. («Ой, ляцелі гусі з броду»), рус. і ўкр. нар. песень, творы муз. класікі, арыгінальныя вак.-харэаграфічныя кампазіцыі «Партызанскія танцы», «Ураджайная». Расфарміраваны.

Літ.:

Николаев А.С., Ягодинский Ф.Г. Лесные артисты // Люди Нарочанского края. Мн., 1975.

Г.​І.​Цітовіч.

т. 9, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЯ́Н Давід Мелкумавіч (17.4.1904—17.7.1976),

армянскі акцёр. Нар. арт. Арменіі (1942). Нар. арт. СССР (1974). Скончыў Арм. драм. студыю пад кіраўніцтвам А.​Бурджаляна ў Тбілісі (1923). З 1924 у Дзярж. т-ры Арменіі імя Г.​Сундукяна. Акцёр вял. ўнутр. драматызму. Яго творчасці ўласцівы лаканізм, дакладны адбор выразных сродкаў, глыбіня псіхал. характарыстык: Рустам («Намус» А.​Шырванзадэ), Тусян («Забіты голуб» Нар-Доса), Клаўдзій («Гамлет» У.​Шэкспіра), Паратаў («Беспасажніца» А.​Астроўскага), Лапахін («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Карэнін («Жывы труп» Л.​Талстога) і інш. Выступаў як рэжысёр. З 1926 здымаўся ў кіно: «Горны марш» (1939), «Асабіста вядомы» (1958), «Народжаныя жыць» (1961) і інш. Аўтар кн. «Людзі і сустрэчы» (1974). Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952.

т. 10, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)