ГА́ЛІЙ (лац. Gallium),

Ga, хімічны элемент III групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 31, ат. м. 69,72. Прыродны складаецца з 2 стабільных ізатопаў ​69Ga (61,2%) і ​71Ga (38,8%). У зямной кары 1,8∙10​−3 % па масе. У прыродзе рассеяны (мінерал галіт CuGaS2 вельмі рэдкі), спадарожнік алюмінію. Адкрыты ў 1875 франц. хімікам П.​Э.​Лекокам дэ Буабадранам, названы ў гонар Францыі (лац. Gallia).

Светла-шэры легкаплаўкі (tпл 29,76 °C) метал з вял. тэмпературным інтэрвалам існавання ў вадкім стане (tкіп 2205 °C), шчыльн. (кг/м³) цвёрдага 5903,7 (29,6 °C), вадкага 6094,8 (пры зацвярдзенні аб’ём галію павялічваецца). У паветры пры звычайнай т-ры пакрыты ахоўнай плёнкай аксіду. Раствараецца ў мінер. к-тах і шчолачах, утварае адпаведна солі галію і галаты — солі ортагаліевай Ga(OH3) ці H3GaO3 і метагаліевай HGaO2 к-т. Найб. пашыраны солі галію: трыхларыд GaCl3, бясколерныя крышталі, tпл 77,8 °C; сульфат Ga2(SO4)3, які з сульфатамі шчолачных металаў і амонію ўтварае галын. Пры сплаўленні з фосфарам, мыш’яком і сурмой галій утварае крышт. паўправадніковыя злучэнні, адпаведна фасфід GaP (жоўта-аранжавы, tпл 1790 °C), арсенід GaAs (цёмна-шэры з фіялетавым адценнем, tпл 1238 °C), антыманід GaSb (светла-шэры, tпл 712 °C).

Выкарыстоўваюць у вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў, для «халоднай пайкі» керамічных і металічных дэталей у радыёэлектроніцы, люстраў з высокай адбівальнай здольнасцю, высокатэмпературных (900—1600 °C) тэрмометраў, манометраў.

І.​В.​Боднар.

т. 4, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫ́ЧНЫЯ ГУ́КІ,

гукі чалавечай мовы, пры вымаўленні якіх на шляху паветра, што выдыхаецца з лёгкіх, узнікае перашкода. У бел. мове якасці З.г. залежаць ад характару перашкоды і яе месца ў галасавым тракце.

Пры ўтварэнні шумных зычных асн. з’яўляецца шумавая або імпульсна-шумавая крыніца гуку, што ўзнікае ў раёне перашкоды для паветр. плыні. Калі дзейнічае толькі шумавая крыніца, узнікаюць глухія фрыкатыўныя зычныя «ф», «с», «ш», «х», пры адначасовым дзеянні галасавых звязак — звонкія фрыкатыўныя тыпу «з», «ж», «г»; калі дзейнічае імпульсна-шумавая крыніца, узнікаюць глухія выбухныя «п», «т», «к», пры папярэднім уключэнні галасавых звязак — адпаведныя ім звонкія «б», «д», «г» (выбухны). Афрыкаты «дз», «ц», «дж», «ч» характарызуюцца рэзкім пачаткам (як выбухныя) і больш працяглым шумам (як фрыкатыўныя). Пры ўтварэнні санорных «р», «л», «й», «м», «н», «в», «ў» гукавая хваля галасавой крыніцы як у галосных гукаў сустракае перашкоду (як у шумных) з адначасовым узнікненнем пабочнага свабоднага праходу для яе. Санорныя ніколі не аглушаюцца. У залежнасці ад месца перашкоды гукавой хвалі З.г. падзяляюцца на губныя «п», «б», «ф», «в», «ў», «м», зубныя «т», «д», «с», «з», «ц», «дз», «н», «л», «р», пярэдне-сярэднепаднябенныя «ш», «ж», «ч», «дж», сярэднепаднябенны «й», заднепаднябенныя «к», «г» (выбухны і фрыкатыўны), «х». З.г. акрамя «дж», «ж», «р», «ц», «ч», «ш» маюць адпаведныя парныя мяккія. Гук «й» не мае адпаведнага парнага цвёрдага.

Літ.:

Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973.

А.​І.​Падлужны.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЯГЕ́ННАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна тэхнікі, звязаная з атрыманнем, захоўваннем і выкарыстаннем крыягенных т-р (ніжэй за 120 К; гл. Нізкія тэмпературы). Да сродкаў К.т. адносяцца ўстаноўкі і апараты для звадкавання газаў (азоту, кіслароду, вадароду, гелію і інш.) і раздзялення ізатопаў і газавых сумесей нізкатэмпературнымі метадамі, крыягенныя вакуумныя помпы, ёмістасці для захоўвання і транспарціроўкі звадкаваных газаў (Дзьюара пасудзіны, крыястаты, крыярэфрыжэратары і інш. халадзільныя машыны).

Сродкі і метады К.т. выкарыстоўваюцца ў касм. і ракетнай тэхніцы (стварэнне глыбокага вакууму для касм. трэнажораў і аэрадынамічных труб, атрыманне крыягеннага паліва і акісляльнікаў для ракетных рухавікоў), энергетыцы (звышправодныя крыягенныя генератары, электрарухавікі, трансфарматары, кабелі, устройствы для атрымання звышмагутных магнітных палёў — звышправодныя магніты, саленоіды), электроніцы і вылічальнай тэхніцы (сродкі крыяэлектронікі, квантавыя ўзмацняльнікі і генератары, крыятроны на аснове звышправодных элементаў для апрацоўкі і запамінання інфармацыі, крыя-ЭВМ), медыцыне (сродкі крыятэрапіі. крыяхірургічныя інструменты, сродкі кансервацыі крыві, тканак і інш.), біялогіі (гл. Крыябіялогія), навуцы (прылады крыяскапіі, пузырковыя камеры, прыёмнікі інфрачырвонага выпрамянення), металургіі, сельскай гаспадарцы, харч. прам-сці і інш.

На Беларусі праблемамі К.т. займаюцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава» Нац. АН, БДУ і інш.

Літ.:

Фастовский В.Г., Петровский Ю.В., Ровинский А.Е. Криогенная техника. 2 изд. М., 1974;

Околотин В.С. Сверхзадача для сверхпроводников. М., 1983.

В.​У.​Гіль.

Да арт. Крыягенная тэхніка. Схема атрымання крыягенных (ніжэй за 120 К) тэмператур: 1 — пасудзіна Дзьюара; 2 — кандэнсатар; 3 — кампрэсар; 4 — цеплаабменнік; 5 — турбадэтандэр.

т. 8, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАРО́Д, гідраген (лац. Hydrogenium),

H, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 1, ат. м. 1,00794. Прыродны вадарод складаецца з 2 ізатопаў ​1H (протый, 99,98% па масе) і ​2H ці Д (дэйтэрый, 0,02%), атрыманы штучныя радыеактыўныя ​3H ці T (трытый) і вельмі няўстойлівы ​4H. У паветры колькасць вадароду 3,5∙10​−6% па масе, у літасферы і гідрасферы — 1%, у вадзе — 11,19%, у складзе арганічных злучэнняў вадароду маюць усе раслінныя і жывёльныя арганізмы. Самы пашыраны элемент у космасе, складае каля палавіны масы Сонца, большасці зорак. Газ без колеру і паху, tпл -259,1 °C, tкіп -252,6 °C, шчыльн. вадкага 70,8 кг/м³ (-235 °C). Вадарод і яго сумесі з паветрам і кіслародам (гл. Грымучы газ) пажара- і выбухованебяспечныя.

Малекула вадароду двухатамная. Пры звычайных умовах узаемадзейнічае толькі з фторам і хлорам (на святле), пры павышаных т-рах у прысутнасці каталізатараў — з кіслародам (гл. Вада), галагенамі (гл. Галагенавадароды), азотам (гл. Аміяк). Са шчолачнымі і шчолачназямельнымі металамі, элементамі III—IV груп перыяд. сістэмы ўтварае гідрыды. Аднаўляе аксіды і галагеніды металаў да металаў, ненасычаныя вуглевадароды (гл. Гідрагенізацыя). Лёгка аддае электрон, у водных растворах пратон H​+ існуе ў выглядзе іона гідраксонію, утварае вадародную сувязь. У прам-сці атрымліваюць канверсіяй метану: CH4 + 2H2O = 4H2 + CO2; пры газіфікацыі вадкага і цвёрдага паліва (гл. Вадзяны газ).

Газападобны вадарод выкарыстоўваюць для сінтэзу аміяку, хлорыстага вадароду, метылавага і вышэйшых спіртоў, вуглевадародаў, для гідрагенізацыі тлушчу, таксама для зваркі і рэзкі металаў вадародна-кіслародным полымем, вадкі — як гаручае ў ракетнай і касм. тэхніцы, ізатопы — у атамнай энергетыцы.

І.​В.​Боднар.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ДКІЯ КРЫШТАЛІ́,

стан рэчыва, прамежкавы паміж цвёрдым крышталічным і ізатропным вадкім. Характарызуецца цякучасцю і поўнай ці частковай адсутнасцю трансляцыйнага парадку ў структуры пры захаванні арыентацыйнага парадку ў размяшчэнні малекул (гл. Далёкі і блізкі парадак). Вадкія крышталі маюць пэўны тэмпературны інтэрвал існавання.

Пераходы цвёрдага крышталічнага рэчыва ў вадкі крышталь і далей у ізатропную вадкасць і адваротныя працэсы з’яўляюцца фазавымі пераходамі. Паводле спосабу атрымання вадкія крышталі падзяляюцца на ліятропныя (утвараюцца пры растварэнні шэрагу злучэнняў у ізатропных вадкасцях; напр., сістэма мыла — вада) і тэрматропныя (узнікаюць пры плаўленні некаторых рэчываў). Па арганізацыі малекулярнай структуры адрозніваюць вадкія крышталі нематычныя (з вылучаным напрамкам арыентацыі малекул — дырэктарам і адсутнасцю трансляцыйнага парадку), смектычныя (з пэўнай ступенню трансляцыйнага парадку — слаістасцю) і халестэрычныя (нематычныя, у якіх дырэктары сумежных слаёў утвараюць паміж сабою вугал, з-за чаго ўзнікае вінтавая структура). Узаемная арыентаванасць малекул абумоўлівае анізатрапію фіз. уласцівасцей вадкіх крышталёў: пругкасці, электраправоднасці, магн. успрымальнасці, дыэлектрычнай пранікальнасці і інш., што выкарыстоўваецца для выяўлення і рэгістрацыі фіз. уздзеянняў (эл. і магн. палёў, змены т-ры і інш.). Многія арган. рэчывы чалавечага арганізма (эфіры халестэрыну, міэлін, біямембраны) знаходзяцца ў стане вадкіх крышталёў.

Вадкія крышталі выкарыстоўваюцца ў інфарм. дысплеях (калькулятары, электронныя гадзіннікі, вымяральныя прылады і інш.), пераўтваральніках відарысаў, прыладах цеплабачання, мед. тэрмаіндыкатарах і інш. На Беларусі даследаванні вадкіх крышталёў праводзяцца ў БДУ, Мінскім і Віцебскім мед. ін-тах, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, навук.-вытв. аб’яднанні «Інтэграл» і інш.

Літ.:

Чандрасекар С. Жидкие кристаллы: Пер. с англ. М., 1980;

Текстурообразование и структурная упорядоченность в жидких кристаллах. Мн., 1987.

В.​І.​Навуменка.

Тыпы вадкіх крышталёў: а — нематычны; б — смектычны; в — халестэрычны.

т. 3, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЭЛЕ́КТРЫКІ (ад дыя... + англ. electric электрычны),

рэчывы, якія практычна не праводзяць электрычны ток і могуць палярызавацца ў знешнім эл. полі (гл. Палярызацыя дыэлектрыкаў). Бываюць цвёрдыя (напр., бурштын, слюда, шкло, эбаніт), вадкія (вада, трансфарматарнае масла) або газападобныя (усе газы). Падзяляюцца на непалярныя (малекулы маюць сіметрычную будову і цэнтры «цяжару» дадатных і адмоўных зарадаў супадаюць), палярныя (малекулы пры адсутнасці знешняга эл. поля маюць адрозны ад 0 дыпольны момант) і іонныя крышталі (крышталічная рашотка з правільным чаргаваннем іонаў розных знакаў і ўтварэннем 2 іонных падрашотак). Адпаведна адрозніваюць электронную (дэфармацыйную), арыентацыйную (дыпольную) і іонную палярызацыю. Механізмы палярызацыі Д. розныя і залежаць ад характару хім. сувязей. Асн. характарыстыкі Д.: дыэлектрычная пранікальнасць, дыэлектрычная ўспрыімлівасць і эл. трываласць (гл. Прабой дыэлектрыкаў). У тэхніцы выкарыстоўваюцца як электраізаляцыйныя матэрыялы, у кандэнсатарах служаць для павелічэння ёмістасці; у паўправадніковай электроніцы (у т. л. мікраэлектроніцы) выкарыстоўваюцца дыэл. плёнкі (аморфныя, шклопадобныя, палімерныя) для ўтварэння структур метал—Д.—метал, метал—Д.—паўправаднік і інш. На аснове кантактаў у выглядзе тонкага слоя Д., які раздзяляе 2 звышправаднікі (кантакты Джозефсана; гл. Джозефсана эфект) створаны маламагутныя ЗВЧ генератары, хуткадзейныя элементы памяці ЭВМ, квантавыя інтэрферометры і інш.

На Беларусі даследаванні па фізіцы Д. пачаліся ў 1935 у БПІ (М.А.Безбародаў). З 1959 вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН, Бел. політэхн. акадэміі і інш.

Літ.:

Сканави Г.И. Физика диэлектриков (область слабых полей). М.; Л., 1949;

Яго ж. Физика диэлектриков (область сильных полей). М., 1958;

Рез И.С., Поплавко Ю.М. Диэлектрики: Основные свойства и применения в электронике. М., 1989.

А.​У.​Шэлег.

т. 6, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ХАРАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 11.7.1916, г. Атэртан, Аўстралія),

расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў квантавай электронікі. Акад. Рас. АН (1966, чл.-кар. 1960). Замежны чл. Нац. АН Беларусі (1995), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1972) і АН інш. краін. Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1986). Скончыў Ленінградскі ун-т (1939). У 1939-41 і 1944—82 у Фіз. ін-це АН СССР (з 1968 нам. дырэктара). Адначасова з 1954 праф. Маскоўскага ун-та, з 1973 заг. кафедры Маскоўскага фіз.-тэхн. ін-та, у 1973—92 акад.-сакратар Аддз. агульнай фізікі і астраноміі Рас. АН, у 1982—98 дырэктар Ін-та агульнай фізікі Рас. АН (з 1998 ганаровы дырэктар). З 1969 старшыня Навукова-рэд. савета выд-ва «Вялікая Расійская энцыклапедыя»; у 1969—78 гал. рэдактар 3-га выд. Вял. Сав. Энцыклапедыі. Навук. працы па тэорыі нелінейных ваганняў, фізіцы сінхратроннага выпрамянення, радыёспектраскапіі, квантавай электроніцы, фізіцы цвёрдага цела і магн. з’яў, радыёфізіцы, нелінейнай і валаконнай оптыцы, лазернай фізіцы і тэхніцы, дастасаваннях лазераў у прам-сці, медыцыне, сувязі і інш. Разам з М.Г.Басавым стварыў першы квантавы генератар — мазер (1954), прапанаваў метад стварэння асяроддзяў з адмоўным паглынаннем (1955), які выкарыстаны ў першым лазеры. Прапанаваў адкрыты рэзанатар для субміліметровых хваль (1958). Нобелеўская прэмія 1964 (разам з Басавым, Ч.Таўнсам). Ленінская прэмія 1959. Дзярж. прэмія СССР 1980. Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР (1988).

Тв.:

Методы изготовления астрономической оптики. М., 1980 (разам з Э.​А.​Вітрычэнкам, Я.​В.​Трушыным);

Научные основы прогрессивной технологии. М., 1982 (у сааўт.);

Квантовая электроника. М., 1996.

Літ.:

А.​М.​Прохоров. М., 1989.

М.​М.​Касцюковіч.

Аляксандр Міхайлавіч Прохараў.

т. 13, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁТЭ́ХНІКА,

навука аб метадах генерацыі, распаўсюджвання ў прасторы, прыёму і выкарыстання радыёхваль; галіна тэхнікі, якая ажыццяўляе распрацоўку, выраб і выкарыстанне радыёапаратуры. Асн. прынцып — выкарыстанне энергіі эл.-магн. поля для перадачы інфармацыі. Грунтуецца на дасягненнях фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела, тэорыі ваганняў і інш., а таксама тэхналогіі вакуумных і паўправадніковых прылад, вытв-сці крыніц электрасілкавання, тэхнікі высокачастотных вымярэнняў і інш.

Даследаванні М.Фарадэя эл. і магн. палёў (1831) далі пачатак вучэнню аб распаўсюджванні эл.-магн. поля без правадоў. На іх аснове Дж.​К.​Максвел абгрунтаваў аднолькавасць прыроды светлавых і эл.-магн. хваль (1864), што пацверджана эксперыментальна Г.Герцам (1888). У 1895 А.С.Папоў прадэманстраваў сістэму перадачы — прыёму радыёсігналаў, прыдатную для практычнага выкарыстання. На пач. этапе развіцця Р. створаны прасцейшыя перадавальныя і прыёмныя радыёапараты для забеспячэння радыёсувязі. Далёкасць і якасць радыёсувязі істотна выраслі з пераходам на слыхавы прыём сігналаў і выкарыстаннем дэтэктара. Вынаходства электронных лямпаў дало магчымасць стварыць магутныя радыёперадатчыкі, высакаякасныя радыёпрыёмнікі і інш. радыёапаратуру, значна павялічыць далёкасць радыёсувязі, развіць радыётэлефанію і радыёвяшчанне, перадаваць відарыс — фотатэлеграфію і тэлебачанне. Дасягненні Р. садзейнічалі ўзнікненню новых галін навукі і тэхнікі: радыёастраноміі, радыёметэаралогіі, радыёспектраскапіі і інш. На аснове Р. і электронікі ўзнікла радыёэлектроніка. Павышэнню эфектыўнасці радыётэхн. апаратуры садзейнічала выкарыстанне паўправадніковых прылад, інтэгральных схем, малекулярных і параметрычных генератараў і ўзмацняльнікаў, квантавых генератараў і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах Р. вядуцца ў Ін-тах фізікі, электронікі Нац. АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БДУ і інш.; працуюць радыётэхн. з-ды, якія выпускаюць радыёпрыёмнікі, тэлевізары і інш. радыётэхн. апаратуру.

Літ.:

Бытовая радиоэлектронная техника: Энцикл. справ. Мн., 1995.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 13, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫШВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна навукі і тэхнікі, якая вывучае і выкарыстоўвае ўласцівасці эл.-магн. хваль у дыяпазоне ад 300 МГц да 3000 ГГц. У залежнасці ад тыпу вырашальных задач сістэмы і прылады З.т. падзяляюць на інфармацыйныя (радыёсувязь, тэлебачанне, радыёлакацыя, радыёнавігацыя і інш.) і энергетычныя (прамысл. тэхналогіі, быт. прылады, мед., біял. і хім. абсталяванне, перадача энергіі і інш.). Прылады і сістэмы З.т. выкарыстоўваюцца ў навук. даследаваннях па радыёспектраскапіі, фізіцы цвёрдага цела, ядз. фізіцы, радыёастраноміі, у апаратуры і абсталяванні ваен. прызначэння і інш.

ЗВЧ хвалі па сваіх уласцівасцях набліжаюцца да светлавых, што дазваляе выкарыстоўваць іх для накіраванай перадачы сігналаў. У дыяпазоне ЗВЧ да 10 ГГц страты ў атмасферы Зямлі нязначныя, а хвалі з частатой больш за 30 МГц праходзяць праз іанасферу без адбіцця. Таму ЗВЧ дыяпазон выкарыстоўваецца для далёкай і блізкай (спадарожнікавай) касм. сувязі, даследаванняў радыёвыпрамянення Сонца і інш. касм. аб’ектаў. Перыяд ЗВЧ ваганняў сувымерны з часам пралёту электронаў у міжэлектроднай прасторы звычайных электравакуумных прылад, што вымагае выкарыстанне ў апаратуры ЗВЧ іх спец. тыпаў (клістронаў, магнетронаў, лямпаў бягучай хвалі, мазераў на цыклатронным рэзанансе, гіраконаў і інш.), а таксама паўправадніковых прылад (тунэльных, лавінапралётных, Гана дыёдаў, ЗВЧ транзістараў і інш.). Пашыраны спец. лініі перадачы (напр., дыэл. і поўныя хваляводы прамавугольнага, круглага ці інш. сячэння, палоскавыя, шчылінныя ці кампланарныя лініі), а таксама фільтры ЗВЧ, накіраваныя адгалінавальнікі, цыркулятары, рэзанатары (як вагальныя сістэмы). У ЗВЧ дыяпазоне можна размясціць значна большую колькасць каналаў сувязі, чым на больш нізкіх частотах, што дазваляе ажыццяўляць многаканальную тэлеф., радыё- і тэлевізійную сувязь.

Літ.:

Лебедев И.В. Техника и приборы СВЧ. Т. 2. 2 изд. М., 1972;

Кураев А.А. Мощные приборы СВЧ: Методы анализа и оптимизации параметров. М., 1986.

А.​А.​Кураеў.

т. 7, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРО́ННАЯ ФІ́ЗІКА,

галіна ядзернай фізікі, якая ахоплівае даследаванні розных з’яў з удзелам нейтронаў. Вывучае ўзаемадзеянне нейтронаў з рэчывам (ядз. рэакцыі, дыфузію, запавольванне і інш.), даследуе ўласцівасці саміх нейтронаў (структуру, працэсы распаду, эл.-магн. характарыстыкі і інш.). Праяўленні хвалевых уласцівасцей нейтронаў даследуюцца ў нейтроннай оптыцы. Мае шматлікія дастасаванні пры вызначэнні структуры рэчыва (гл. Нейтронаграфія, Нейтронная спектраскапія).

Пачала развівацца пасля адкрыцця нейтрона (1932). Першыя эксперыменты з нейтронамі, праведзеныя ў 1934—40, прывялі да адкрыцця працэсу дзялення ядраў нейтронамі і магчымасці ажыццяўлення ланцуговай ядзернай рэакцыі і на яе аснове стварэння ядз. зброі і ядз. рэактараў. Некаторыя ядз. рэакцыі, выкліканыя нейтронамі, выкарыстоўваюцца для вытв-сці радыеактыўных ізатопаў, у т. л. для перапрацоўкі радыеактыўных адходаў ядз. рэактараў пераўтварэннем доўгачасовых (з вял. перыядам паўраспаду) ізатопаў у кароткачасовыя. Ствараюцца спецыялізаваныя крыніцы нейтронаў: імпульсныя і даследчыя ядз. рэактары, а таксама розныя буйнатокавыя паскаральнікі зараджаных часціц (пратонаў, электронаў, дэйтронаў), якія выкарыстоўваюцца для даследаванняў і атрымання адз. паліва ў прамысл. маштабах. Важным кірункам даследаванняў Н.ф. з’яўляецца вывучэнне законаў прыроды пры люстраным адбіцці прасторы і пры змене знака часу. У шматлікіх эксперыментах даказана адсутнасць люстраной сіметрыі ўзаемадзеянняў элементарных часціц, у прыватнасці, паказана залежнасць каэфіцыента паглынання нейтронаў у аднародным і ізатропным рэчыве ад арыентацыі спіна нейтрона адносна яго імпульсу. Адным з выяўленняў неінварыянтнасці часу з’яўляецца меркаванне аб наяўнасці ў нейтрона эл. дыпольнага моманту.

На Беларусі даследаванні па асобных пытаннях Н.ф. праводзяцца ў НДІ ядз. праблем пры БДУ, Ін-це фізікі і Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН.

Літ.:

Гуревич И.И., Тарасов Л.В. Физика нейтронов низких энергий. М., 1965;

Крупчицкий П.А. Фундаментальные исследования с поляризованными медленными нейтронами. М., 1985;

Александров Ю.А. Фундаментальные свойства нейтрона. 3 изд. М., 1992.

У.​Р.​Барышэўскі.

т. 11, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)