ЖЭ́РАХ (Aspius aspius),

рыба сям. карпавых. Пашыраны ў бас. Паўночнага, Балтыйскага, Чорнага, Каспійскага і Аральскага мораў. Жыве на раўнінных ч. рэк, радзей у праточных азёрах. Трымаецца адзін, у невял. чародкі збіраецца ў час нерасту і ўвосень. На Беларусі трапляецца ва ўсх. вял. і сярэдніх рэках, некат. праточных азёрах. Нар. назвы: шэрах, бялізна, бялюга, беляспер, дзяляпер, шэраспер, жэраспер, жэрасель, жэрасць, белясць.

Даўж. цела да 80 см, маса да 12 кг. Цела светлае, серабрыстае, прадаўгаватае, пляскатае. Спінны і хваставы плаўнікі шэрыя з цёмнымі канцамі, астатнія чырванаватыя. Палаваспелы ў 4—5 гадоў. Маляўкі кормяцца ракападобнымі, доннымі беспазваночнымі; дарослы — драпежнік: корміцца рыбай і інш. дробнымі жывёламі. Аб’ект рыбалоўства.

Жэрах.

т. 6, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЖО́РА, інгры,

народ прыбалтыйска-фінскай этнамоўнай групы, які насяляў тэр. басейна р. Нява і частку паўд. узбярэжжа Фінскага заліва (гл. Іжорская зямля). Упершыню ў летапісах згадваецца пад 1228. На думку даследчыкаў, назва паходзіць ад левага прытока Нявы р. Іжора (Inkere, Ingere) або ад асабістага княжацкага імя Ігар ці Інгвар. Моўныя даследаванні даюць падставу меркаваць, што І. з’яўляецца часткай карэлы. У 11—1-й пал. 12 ст. землі І. ўвайшлі ў склад Наўгародскай зямлі, потым паводле дагавора 1617 адышлі да Швецыі, у 1702—03 вернуты ў склад Расіі. Асн. заняткі — рыбалоўства, земляробства, жывёлагадоўля. Да пач. 20 ст. захоўвалі сваю мову, моцна асіміляваны.

А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРВЕ́ЖСКАЕ МО́РА,

ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., паміж Скандынаўскім п-вам і а-вамі Шэтлендскімі, Фарэрскімі, Ісландыя, Ян-Маен, Мядзведжы. Абмывае зах. берагі Нарвегіі. Пл. 1340 тыс. км². Найб. глыб. 3970 м. Аддзелена ад Атлантычнага ак. падводным хрыбтом, на якім размешчаны Фарэрскія і Шэтлендскія а-вы; найб. глыб. над хрыбтом не перавышае 600 м. Каля берагоў Нарвегіі водмелі (Лафатэнскія банкі і інш.). Т-ра вады ў лют. 2—7 °C, у жн. 8—12 °C. Салёнасць 34—35,2%». Праз Н.м. ідзе цёплае Нарвежскае цячэнне, якое абумоўлівае яго незамярзальнасць. Прылівы паўсутачныя (да 3,3 м). Рыбалоўства. Гал. парты: Тронхейм, Нарвік, Тромсё (Нарвегія).

т. 11, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСІ́ДСКІ ЗАЛІ́Ў.

На ПнЗ Індыйскага ак., каля берагоў Паўд.-Зах. Азіі. Адасоблены Аравійскім п-вам. На У, праз Армузскі прал. і Аманскі зал., злучаецца з Аравійскім м. Пл. 240 тыс. км². Даўж. 926 км, шыр. 180—320 км, глыб. да 115 м. Каля берагоў шмат астравоў (Бахрэйн і інш.), у паўд. ч. — каралавых рыфаў. Упадае р. Шат-эль-Араб. Рыбалоўства. Здабыча жэмчугу. На шэльфе і ў раёнах, прылеглых да П.з., — вял. паклады нафты (гл. Персідскага заліва нафтагазаносны басейн). Гал. парты: Фао, Басра (Ірак), Абадан, Бендэр-Хамейні (Іран), Эль-Кувейт (Кувейт), Рас-Танура (Саудаўская Аравія), Манама (Бахрэйн), Ум-Саід (Катар), Абу-Дабі, Дубай, (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты).

т. 12, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЙДА,

горад на Пд Лівана. Адм. ц. мухафазы Паўд. Ліван. Вядомы з 4-га тыс. да н.э.; адзін з найстараж. фінікійскіх гарадоў-дзяржаў. Да 16 ст. наз. Сідон. Каля 300 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Порт на Міжземным м., канцавы пункт нафтаправода з Саудаўскай Аравіі, вузел аўтадарог. Прам-сць нафтаперапр. і харчовая. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (цытрусавыя, аліўкі, вінаград, збожжавыя). Рыбалоўства. Археал. музей. Арх. помнікі: руіны фінікійскага храма і некропаля (10—5 ст. да н.э.); руіны замка св. Людовіка (12 ст.) і замка крыжаносцаў (13 ст.); вял. мячэць, караван-сарай (16—18 ст.). У горадзе і наваколлі — лагеры палесцінскіх бежанцаў.

т. 14, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́КАН (Yukon),

тэрыторыя на ПнЗ Паўн. Амерыкі (Канада), каля ўзбярэжжа Паўн. Ледавітага акіяна. Мяжуе на З з Аляскай (ЗША). Пл. 536,4 тыс. км². Нас. 28,7 тыс. чал. (2001). Адм. і эканам. цэнтр — г. Уайтхарс. Займае ўсх. ч. плато Юкан. Клімат субарктычны, кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -20 да -26 °C, ліп. 7—13 °C. Ападкаў 250—300 мм за год. Гал. р. Юкан з прытокамі Пелі, Порк’юпайн. Пераважаюць хвойныя лясы, на Пн — тундравая расліннасць. Асваенне Ю. звязана з адкрыццём у 1896 радовішчаў золата («залатая ліхаманка» Клондайка). Аснова эканомікі — горназдабыўная прам-сць: здабыча медзі, серабра, поліметалаў, золата, вальфраму, азбесту. Рыбалоўства.

т. 18, кн. 1, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЫЯТЫ́ЧНАЕ МО́РА (італьян. Mare Adriatico),

паўзамкнёнае мора, частка Міжземнага мора, паміж Апенінскім і Балканскім п-авамі. Злучаецца з Іанічным м. пралівам Отранта (шыр. да 75 км). Абмывае берагі Італіі, Славеніі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Югаславіі, Албаніі. Пл. 114 тыс. км². Найб. глыб. 1230 м. Усх. берагі гарыстыя, зах. нізінныя, месцамі лагунныя. Буйнейшыя залівы: Венецыянскі, Трыесцкі, Манфрэдонія. Каля ўсх. ўзбярэжжа Далмацінскія а-вы. Тэмпература вады на паверхні ў лютым 7—13 °C, у жн. 24—26 °C. Салёнасць 35—38‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 1,2 м). Развіта рыбалоўства (сардзіны, скумбрыевыя). На шэльфе здабываюць нафту і газ. Галоўныя парты: Трыест, Венецыя (Італія), Рыека, Спліт, Дубраўнік (Харватыя), Дурэс, Влёра (Албанія). На ўзбярэжжы шмат курортаў.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́СМАРКА АРХІПЕЛА́Г (Bismark Archipelago), Новая Брытанія,

група астравоў на З Ціхага ак., у Меланезіі, тэр. Папуа—Новай Гвінеі. Нас. 347 тыс. (1987). Пл. каля 50,5 тыс. км². Складаецца з 2 вял. а-воў Новая Брытанія і Новая Ірландыя, а-воў Адміралцейства і шэрагу дробных каралавых. Буйныя астравы гарыстыя (выш. да 2300 м), штат вулканаў, ёсць дзеючыя (Улавун). Частыя землетрасенні. Вільготныя трапічныя лясы. Плантацыі какосавай пальмы, бананаў, цукр. трыснягу. Рыбалоўства. Гал. горад — Рабаул (на в-ве Новая Брытанія). Адкрыты ў 1616 галандцамі В.​Схаўтэнам і Я.​Лемерам. Анексіраваны Германіяй (1884), падмандатная тэр. Аўстраліі (1920), захоплены Японіяй у 2-ю сусв. вайну; частка тэр. Новай Гвінеі, падмандатнай ААН да 1975. Названы ў гонар О.Бісмарка.

т. 3, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРСА́ЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1783.

Падпісаны 3.9.1783 у Версалі паміж Вялікабрытаніяй з аднаго боку і Францыяй, Іспаніяй, Нідэрландамі — з другога. Разам з мірным пагадненнем паміж Вялікабрытаніяй і ЗША (гл. Парыжскі мір 1783) завяршыў Вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, у якой Францыя, Іспанія і Нідэрланды ўдзельнічалі на баку Злучаных Штатаў. Замацаваў папярэднія пагадненні аб міры паміж бакамі. Паводле Версальскага мірнага дагавору Вялікабрытанія ўступіла Францыі в-аў Табага ў Вест-Індыі і Сенегал у Афрыцы, Іспаніі — Фларыду і в-аў Менорка, але атрымала ад Нідэрландаў порт Нагапатынам на Пд Індыі. Акрамя таго, былі пашыраны правы Францыі на рыбалоўства каля берагоў Ньюфаўндленда, скасавана забарона французам будаваць умацаванні ў г. Дзюнкерк.

т. 4, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РХНЯЕ ВО́ЗЕРА (Lake Superior),

возера ў сістэме Вялікіх азёр Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Найб. глыбокае з Вял. азёр і самае буйное з прэснаводных азёр у свеце. Размешчана на выш. 183 м. Пл. 82,4 тыс. км². Даўж. 613 км, шыр. каля 256 км, глыб. да 393 м. Паўн. берагі скалістыя і высокія, паўднёвыя — пераважна нізінныя і пясчаныя. Буйны в-аў Айл-Роял. Сцёк у воз. Гурон па р. Сент-Мэрыс. У раёне Верхняга возера радовішчы жал. руды і медзі. Верхняе возера — важнае звяно воднага шляху, які злучае ўнутр. раёны Паўн. Амерыкі з Атлантычным ак. Рыбалоўства. Нац. Паркі Айл-Роял (ЗША), Пукаскуа (Канада). Гал. парты: Дулут, Сьюпірыёр, Ашленд, Маркет (ЗША), Тандэр-Бей (Канада).

т. 4, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)