ЛАНЦУГО́ВЫЯ ХІМІ́ЧНЫЯ РЭА́КЦЫІ,
хімічныя рэакцыі, у якіх узнікненне прамежкавай актыўнай часціцы (атама, свабоднага радыкала, іона) і яе рэгенерацыя (узнаўленне) у кожным элементарным акце рэакцыі выклікаюць вялікую колькасць (ланцуг) пераўтварэнняў зыходных рэчываў у прадукты рэакцыі. Тыповыя Л.х.р. — тэрмічны крэкінг, піроліз, акісленне, радыкальная полімерызацыя, галагеніраванне.
Л.х.р. складаецца з некалькіх элементарных стадый: зараджэнне ланцуга (ініцыіраванне) — утварэнне актыўных часціц (АЧ), якое адбываецца, напр., у выніку дысацыяцыі малекул; працяг ланцуга — узаемадзеянне АЧ з зыходнымі рэчывамі, якое прыводзіць да ўтварэння малекул прадукту рэакцыі і новых АЧ; абрыў ланцуга («знікненне» АЧ) у выніку рэкамбінацыі свабодных радыкалаў, узаемадзеяння АЧ са сценкамі пасудзін ці з інгібітарамі. Адрозніваюць Л.х.р. неразгалінаваныя і разгалінаваныя. У неразгалінаваных на кожную АЧ, якая расходуецца пры працягу ланцуга, узнікае адна актыўная часціца, напр., рэакцыя хларыравання вадароду. Пры ініцыіраванні ўтвараецца свабодны атам хлору (Cl), які ўзаемадзейнічае з малекулай вадароду H2(Cl+H2 → HCl+H) з утварэннем малекулы хлорыстага вадароду HCl і свабоднага атама вадароду, які ўзаемадзейнічае з малекулай Cl2(H+Cl2 → HCl+Cl), і г.д. У разгалінаваных Л.х.р. на адну АЧ, расходаваную пры працягу ланцуга, узнікае некалькі АЧ (2 і больш), адна з іх працягвае першы ланцуг, а інш. пачынаюць новыя, што прыводзіць да разгалінавання. Калі скорасць разгалінавання меншая за скорасць знікнення АЧ, разгалінаваная Л.х.р. адбываецца ў стацыянарным рэжыме. Пры нестацыянарным рэжыме (скорасць знікнення АЧ меншая за скорасць разгалінавання) агульная скорасць ланцуговага працэсу імкліва ўзрастае. Пераход да нестацыянарнага рэжыму адбываецца скачком і разглядаецца як самазагаранне рэакцыйнай сумесі ці ланцуговы выбух. Значны ўклад у развіццё тэорыі Л.х.р. М.М.Сямёнава і С.Н.Хіншэлвуда. Гл. таксама Кінетыка хімічная.
Літ.:
Семенов Н.Н. О некоторых проблемах химической кинетики и реакционной способности. 2 изд. М., 1958;
Яго ж. Развитие теории цепных реакций и теплового воспламенения. М., 1969.
Дз.І.Мяцеліца.
т. 9, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫФТ (англ. rift трэшчына, разлом),
буйная лінейна выцягнутая (на сотні кіламетраў, часта больш за 1 тыс. км, шыр. ад 5—20 да 200—400 км) адмоўная шчылінападобная або ровападобная структура расцяжэння зямной кары глыбіннага паходжання, абмежаваная разломамі скідавага тыпу. Тэрмін прапанаваны англ. геолагам Дж.Грэгары ў 1896. Сучасныя Р. выражаны ў рэльефе ў выглядзе глыбокіх далін; стараж. пахаваныя Р. запоўнены магутнымі тоўшчамі асадкавых парод. Р. звычайна складаецца з серыі разрываў, сярод якіх пераважаюць скіды. Нахіл паверхні скідаў 60—70°, верт. амплітуда перамяшчэнняў па іх дасягае 5 км. У межах Р. часта ўтвараюцца горсты і грабены. Адрозніваюць Р. ўнутрыкантынент, сучасныя (Байкальская, Усх.-Афрыканская рыфтавыя сістэмы і інш.) і стараж. пахаваныя (Прыпяцка-Данецкі, Пачалмскі і інш.), міжкантынент. (Чырвонага м., Адэнскага і Каліфарнійскага зал.) і ўнутрыакіянічныя, што ўскладняюць восевыя ч. сярэдзіннаакіянічных хрыбтоў. Вельмі вял. Р. наз. рыфтавымі паясамі або сістэмамі. Сукупнасць такіх структур утварае на паверхні Зямлі адзіную сусветную сістэму. Працэс фарміравання Р. звязаны з глыбіннай дыферэнцыяцыяй рэчыва мантыі Зямлі, утварэннем астэналітаў і лінз анамальнай разагрэтай і расшчыльненай мантыі ў падэшве літасферы і замяшчэннем ёю рэчыва ў ніжняй ч. літасферы. Гэта прыводзіць да тэрмічнага расшырэння літасферы, ізастатычнага падняцця і стварэння напружанняў расцяжэння. Існуе некалькі гіпотэз паходжання Р.: утварэнне іх у восевай ч. скляпенневага падняцця за кошт напружанняў расцяжэння, што ўзнікаюць пры выгінанні скляпення; рассоўванне зямной кары пры гарыз. перамяшчэнні пліты; разрыў зямной кары ў выніку аднабаковага цячэння рэчыва яе ніжняй пластычнай ч. ў бок акіяна (на фронце цячэння ў паслабленай зоне); утварэнне Р. над глыбінным мантыйным астэналітам з расцяканнем яго рэчыва ў падэшве кары ў процілеглыя бакі, што прыводзіць да яе расцяжэння. З працэсамі фарміравання Р. звязаны развіццё і дэструкцыя кантынент. і акіянічнай літасферы, утварэнне акіянаў, нараджэнне новай акіянічнай кары.
В.С.Конішчаў.
т. 13, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯДО́МАСЦЬ І СТЫХІ́ЙНАСЦЬ,
філасофскія катэгорыі, якія характарызуюць працяканне працэсаў у грамадстве і прыродзе. Свядомасць характэрна для дзейнасці чалавека і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пастаўленымі мэтамі, стыхійнасць — для спантанных, ненаўмысных дзеянняў. У дзейнасці людзей яны спалучаюцца. У штодзённай практыцы дзейнасць чалавека, калектыву ці арг-цыі, накіраваная на задавальненне патрэбнасцей, носіць свядомы характар. У маштабах грамадства ўвогуле развіццё набывае стыхійны характар у сувязі з несупадзеннем інтарэсаў асобных людзей, сац. груп і рознай накіраванасцю іх дзейнасці. Вынікі рознанакіраваных стыхійных працэсаў у грамадстве непрадказальныя і часам могуць прыводзіць да разбуральных працэсаў (эканам., экалагічныя, паліт., духоўныя і інш. крызісы, войны, тэрарызм, рост злачыннасці, нац. і рэліг. экстрэмізм і інш.). Уласцівае прыродзе стыхійнае развіццё паслужыла асновай для з’яўлення высокаарганізаваных відаў раслін, жывёл, а потым і чалавека. Кожны арганізм развіваецца стыхійна і адначасова ўпарадкавана (у адпаведнасці з праграмай, закладзенай у малекулах ДНК клетачных ядраў). Пазітыўныя стыхійныя працэсы часта характэрны і для грамадства. Стыхійнасць у прыродзе і грамадстве звязана з іх здольнасцю да самаарганізацыі. Згодна з даследаваннямі ў галіне сінергетыкі, павышэнне арг-цыі ў самаарганізавальных сістэмах адбываецца спантанна, у пераломныя моманты якасных пераўтварэнняў, пад уплывам выпадковых абставін прыводзіць да стварэння новых арганізаваных структур. Эвалюцыю самаарганізавальных працэсаў дакладна прагназіраваць немагчыма. Стыхійныя працэсы самаарганізацыі ў грамадстве стрымліваюцца дзярж. законамі. Значную ролю ў свядомым рэгуляванні грамадскімі працэсамі і скарачэнні элементаў стыхійнасці адыгрываюць мадэліраванне сацыяльнае, прагназіраванне сацыяльнае. Аднак кантраляваць і планаваць усе сац. працэсы немагчыма. Правільнае разуменне суадносін паміж С. і с. ў грамадскіх з’явах дазваляе пазбегнуць гранічнага фаталізму і суб’ектыўнага валюнтарызму ў пазнанні сац. працэсаў.
Літ.:
Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Новый диалог человека с природой: Пер. с англ. М., 1986;
Князева Е.Н., Курдюмов С.П. Синергетика как новое мировидение: диалог с И.Пригожиным // Вопр философии. 1992. № 12;
Самоорганизация и наука: Опыт филос. осмысления. М., 1994.
В.Дз.Марозаў.
т. 14, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНАСЦЬ (ад грэч. polos, лац. polus полюс) у біялогіі, спецыфічная арыентацыя працэсаў і структур у прасторы, уласцівая арганізмам. Прыводзіць да ўзнікнення морфафізіял. адрозненняў на процілеглых канцах (баках) клетак, тканак, органаў і арганізма ў цэлым.
У раслін П. праяўляецца найб. выразна (у насенных раслін выяўляецца ўжо ў зігоце і зародку, калі фарміруюцца парастак з верхавінкавай пупышкай і корань). Палярызацыя і дыферэнцыроўка кожнай клеткі залежаць ад таго, якое становішча яна займае ў адносінах да інш. клетак. Вядучую ролю ў гэтым і ў арыентаванні органаў у прасторы адыгрываюць фітагармоны. У жывёл П. выяўляецца ў клетках і ў цэлым арганізме. У некат. (гідроідныя паліпы, чэрві) адзначаецца наяўнасць фізіял. П. (градыента) — змены па падоўжнай восі цела фізіял. актыўнасці і адчувальнасці да ўздзеянняў. П. характэрна для працэсаў размнажэння, рэгенерацыі і інш. Змены ў знешнім асяроддзі могуць парушаць П.
А.М.Петрыкаў.
т. 12, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕ́НЫ МО́ЎНЫЯ,
разнастайныя моўныя працэсы, якія прыводзяць да адрозненняў пэўнай мовы ад яе самой у папярэднія часы. Знешнія З.м. ахопліваюць змены ў адносінах грамадства да мовы (напр., пашырэнне ці звужэнне грамадскіх функцый мовы, распаўсюджванне пэўнай мовы на іншамоўных тэрыторыях, наданне мове статусу дзярж. або рабочай мовы і інш.). Унутраныя З.м. аб’ядноўваюць змены ў самой моўнай сістэме: у фанетыцы і фаналогіі (напр., развіццё дзекання і цекання ў бел. мове, змена тыпаў націску ў гісторыі слав. моў), у граматыцы (напр., выпрацоўка ў індаеўрап. мовах мадэлей складаназалежных сказаў, страта скланення назоўнікаў у балг., франц. і англ. мовах), у лексіцы і фразеалогіі (напр., станаўленне тэрміналогій), стылістыцы (напр., фарміраванне канцылярска-юрыд. стылю старабел. мовы ў справаводстве, дзелавых актах і Статутах ВКЛ). У канкрэтных мовах асобныя З.м. падпарадкоўваюцца заканамернасцям моўнай дыяхраніі і могуць прыводзіць да моўнай дывергенцыі або канвергенцыі, а таксама да змен тыпалагічнага характару (гл. Тыпалогія моўная).
Н.Б.Мячкоўская.
т. 7, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
анахрані́зм
(гр. anachronismos, ад ana- = назад, супраць + chronos = час)
1) парушэнне храналагічнай дакладнасці, якое прыводзіць да неапраўданага ўнясення ў апісанне якой-н. эпохі рыс, характэрных для іншага часу;
2) устарэлы погляд, падыход, звычай; перажытак мінулага.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
ДЫФЕРЭНЦЫРО́ЎКА,
працэс узнікнення адрозненняў паміж часткамі арганізма і іх спецыялізацыі ў час развіцця; адно з асн. паняццяў тэорыі антагенезу. Праяўляецца ў марфал., фізіял. і біяхім. змяненнях клетак (цыталагічная Д.), тканак (гісталагічная Д.) або асобных органаў і арганізма ў цэлым. Адбываецца пераважна ў перыяд зародкавага развіцця (атыпічная, бластамерная, зачаткавая і тканкавая стадыі). Ажыццяўляецца на аснове рэалізацыі выбіральнай актыўнасці спецыфічных для кожнай тканкі генаў, што прыводзіць да сінтэзу спецыфічных РНК, бялкоў, глікапратэідаў, якія вызначаюць узаемадзеянні клетак. Пасля нараджэння арганізма назіраецца Д. ў эпітэліяльных тканках, крыві, гладкіх мышцах і інш. З Д. звязана пераважна ўзнікненне новых органаў або іх уласцівасцей у час метамарфозу. Ва ўмовах шкодных фактараў уздзеяння або пры злаякасным перараджэнні клетак магчыма частковая дэдыферэнцыроўка і набыццё здольнасці да Д. ў іншым кірунку (метаплазія).
А.С.Леанцюк.
т. 6, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБІ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. labillis рухомы, няўстойлівы) у фізіялогіі, функцыянальная рухавасць, уласцівасць узбудлівай тканкі ўзнаўляць без скажэння частату наносімых рытмічных раздражненняў. Тэрмін прапанаваны М.Я.Увядзенскім (1886). Мера Л. — макс. колькасць імпульсаў за 1 сек, якую фізіял. апарат (валакно, сінапс) здольны ўзнавіць пры зададзеным рытме. Адлюстроўвае час, на працягу якога тканка аднаўляе працаздольнасць пасля чарговага цыкла ўзбуджэння. Пры перавышэнні Л. ўзнікае мясц. застойнае ўзбуджэнне, якое прыводзіць да тармажэння. Неаднолькавую Л. маюць нейроны з розных абласцей нерв. сістэмы. Напр., рухальныя нейроны спіннога мозга ўзнаўляюць частату 200—300 Гц, уставачныя да 1000 Гц. У біялогіі і медыцыне Л. азначае рухомасць, няўстойлівасць, зменлівасць (напр., псіхікі, фізіял. стану, пульсу, т-ры цела і інш.).
Літ.:
Голиков Н.В. Физиологическая лабильность и ее изменения при основных нервных процессах. Л., 1950.
У.М.Калюноў.
т. 9, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУКЛЕАТЫ́ДЫ, нуклеазідфасфаты,
фосфарныя эфіры нуклеазідаў. Складаюцца з азоцістай асновы (звычайна пурынавай або пірымідзінавай), вугляводу рыбозы (рыбануклеатыды) ці дэзоксірыбозы (дэзоксірыбануклеатыды) і аднаго або некалькіх астаткаў фосфарнай к-ты. Уваходзяць у склад нуклеінавых кіслот, найважнейшых каферментаў і інш. біялагічна актыўных рэчываў. Нуклеазідтрыфасфаты — Н., што маюць 3 астаткі фосфарнай к-ты, з’яўляюцца макраэргічнымі злучэннямі, крыніцамі і пераносчыкамі хім. энергіі фасфатнай сувязі. Асобую ролю адыгрывае адэназінтрыфосфарная кіслата — універсальны акумулятар энергіі, які забяспечвае розныя працэсы жыццядзейнасці (сінтэз бялкоў, поліцукрыдаў, ліпідаў і інш.). Нуклеазідтрыфасфаты з’яўляюцца таксама субстратамі для сінтэзу нуклеінавых к-т. Да важнейшых рэгулятарных Н. адносяцца і іх цыклічныя формы. Свабодныя нуклеазідмонафасфаты ўтвараюцца шляхам сінтэзу або пры гідролізе нуклеінавых к-т, далейшае іх фасфарыліраванне прыводзіць да ўтварэння адпаведных нуклеазідды- і нуклеазідтрыфасфатаў. Распад Н. адбываецца пад уздзеяннем нуклеатыдаз і нуклеатыдпірафасфарылаз.
С.С.Ермакова.
т. 11, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕРЫМАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС,
рэзкае павелічэнне паглынання энергіі эл.магн. поля ферымагнетыкам пры пэўных (рэзанансных) значэннях частаты і напружанасці прыкладзенага магн. поля; разнавіднасць электроннага магнітнага рэзанансу.
Наяўнасць у ферымагнетыках некалькіх магн. падрашотак (гл. Ферымагнетызм) прыводзіць да існавання некалькіх галін Ф.р. Кожная галіна адпавядае пэўнаму тыпу рэзанансных ваганняў вектараў намагнічанасці падрашотак адносна адзін аднаго і адносна вектара напружанасці знешняга магн. поля. Пры Ф.р. ў нізкачастотнай вобласці антыпаралельнасць вектараў намагнічанасці падрашотак захоўваецца; гэты від Ф.р. падобны да ферамагнітнага рэзанансу. Высокачастотныя галіны Ф.р. адпавядаюць такім відам прэцэсіі вектараў намагнічанасці падрашотак, пры якіх іх антыпаралельнасць парушаецца. Ф.р. у ферымагнетыках з некалінеярнымі вектарамі намагнічанасці падрашотак, а таксама паблізу пунктаў кампенсацыі больш складаны. Выкарыстоўваецца ў тэхніцы ЗВЧ для стварэння прылад, якія пераналаджваюцца магн. полем.
Літ.:
Гуревич А.Г. Магнитный резонанс в ферритах и антиферромагнетиках М., 1973.
Р.М.Шахлевіч.
т. 16, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)