АЗЁРНАЯ КАТЛАВІ́НА,

паніжэнне зямной паверхні, запоўненае вадой (возера, сажалка, вадасховішча), замкнёнае або адкрытае (калі праз яго цячэ рака). У азёрнай катлавіне вылучаюць надводную (схілы і берагі) і падводную часткі. Частка катлавіны, запоўненая вадой, наз. азёрнай чашай.

Узнікаюць азёрныя катлавіны ад уздзеяння ўнутр. і знешніх працэсаў, а таксама антрапагеннай дзейнасці. Падзяляюцца на тэктанічныя, ледавіковыя, тэрмакарставыя, карставыя, суфазійныя, ліманныя, завальныя (плацінныя), старычныя (лоймавыя) і інш.

т. 1, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́МАЎ (Ігар Іванавіч) (н. 11.8.1954, г. Брэст),

бел. вучоны ў галіне мікраэлектронікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1994). Скончыў БДУ (1976). З 1976 у БДУ, з 1983 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па мадэляванні і аналізе фіз. працэсаў у элементах і фрагментах схем мікра- і нанаэлектронікі.

Тв.:

Численное моделирование элементов интегральных схем. Мн., 1990 (разам з В.​В.​Харытонавым).

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСЦЫ́ЗАВАЯ КІСЛАТА́,

гармон раслін. Па хім. будове ізапрэноід. Рэгулюе працэсы завядання і ападання лісця (паскарае ўтварэнне аддзяляльнага слоя), тармозіць рост адрэзкаў сцяблоў і калеоптыляў. Біясінтэз абсцызавай кіслаты і гармонаў росту — гіберэлінаў — адбываецца ў раслінах з мевалонавай к-ты. Мяркуюць, што сістэма біясінтэзу абсцызавай кіслаты або гіберэлінаў рэгулюецца лішкам аднаго з гэтых прадуктаў. Прэпарат абсцызавая кіслата выкарыстоўваецца для вывучэння тармажэння працэсаў росту.

т. 1, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ФІК ЦЫКЛІ́ЧНАСЦІ,

графічнае адлюстраванне паслядоўнасці, працягласці і аб’ёмнасці колькасных паказчыкаў тэхнал. працэсаў вытв-сці. Складаецца на аснове разлікаў па вызначэнні аб’ёму работы па тэхналогіі, працягласці асобных аперацый, іх паслядоўнасці і сумяшчэння, колькасці рабочых і ўзаемасувязей паміж аперацыямі ў поўным вытв. цыкле. Найб. неабходны на прадпрыемствах з неперарыўнымі і цыклічнымі працэсамі вытв-сці; а таксама ў гарнаруднай прам-сці.

А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ МА́ГМЫ,

сукупнасць фіз.-хім. працэсаў, у выніку якіх з магмы ўзнікаюць горныя пароды рознага хім. саставу або з колькаснымі суадносінамі адных і тых жа мінералаў. Асн. фактары Д.м.: змена тэрмадынамічных умоў, гравітацыя, асіміляцыя і інш. Адрозніваюць крышталізацыйную дыферэнцыяцыю (раздзяленне цвёрдых фаз у працэсе крышталізацыі) і ліквацыйную (раздзяленне расплаву на 2 вадкія фазы, якія не змешваюцца, аддзяленне лятучых і інш. форм).

т. 6, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́ (Аляксей Іосіфавіч) (4.4.1935, в. Горадна Крупскага р-на Мінскай вобл. — 31.5.1993),

бел. матэматык. Скончыў БДУ (1959). З 1960 на Мінскім з-дзе ЭВМ, з 1975 гал. матэматык Мінскага ВА выліч. тэхнікі. Навук. распрацоўкі і вынаходствы ў галіне матэм. забеспячэння ЭВМ серыі «Мінск», ЕС ЭВМ і спец. вырабаў выліч. тэхнікі, аўтаматызацыі праектавання і вытв. працэсаў. Дзярж. прэмія СССР 1978.

А.​П.​Савік.

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААГУЛЯ́НТЫ,

1) хімічныя рэчывы, якія пры дабаўленні ў вадкае дысперсійнае асяроддзе здольныя выклікаць ці паскараць каагуляцыю. Вельмі пашыраны палімерныя К. — растваральныя высокамалекулярныя злучэнні, у прыватнасці поліэлектраліты, палікрэмніевыя к-ты. Выкарыстоўваюць для паскарэння працэсаў, звязаных з неабходнасцю вылучэння дысперснай фазы з дысперсійнага асяроддзя (напр., асаджэння завіслых часцінак пры водаачыстцы, абагачэнні мінер. сыравіны).

2) У медыцыне К. наз. рэчывы, якія павышаюць згусальнасць крыві (напр., вікасол).

т. 7, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЎДА́НСКІ (Валерый Уладзіміравіч) (н. 17.5.1946, Мінск),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1993). Сын У.А.Ляўданскага. Скончыў БДУ (1968). З 1968 у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» Нац. АН Беларусі. Навук. працы па кінетычнай тэорыі працэсаў цепла- і масапераносу ў гетэрагенных сістэмах.

Тв.:

Физическая кинетика и процессы переноса при фазовых превращениях. Мн., 1980 (у сааўт.).

т. 9, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОРФАГЕНЕ́З (ад морфа + ...генез),

формаўтварэнне, узнікненне і развіццё структур арганізма ў індывідуальным (антагенез) і эвалюцыйным (філагенез) развіцці. Індывідуальны М. — сукупнасць працэсаў развіцця аплодненай яйцаклеткі, што прыводзіць да ўтварэння складанага шматклетачнага арганізма. У філагенет. М. пры атрыманых у спадчыну зменах генома відазмяняюцца морфагенет. карэляцыі арганізма. Працэсы, што спрыяюць выжыванню віду, замацоўваюцца натуральным адборам, у выніку паяўляюцца патомкі з новай структурай.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛАГІ́ЧНЫЯ АДКЛА́ДЫ,

глыбакаводныя донныя асадкі адкрытых мораў або акіянаў, што складаюцца са шкілетных рэшткаў планктонных мікраарганізмаў, найтанчэйшых мінер. часцінак, якія прыносяцца з сушы. вулканічнага попелу, касм. пылу, а таксама мінералаў, утвораных на дне ў выніку хім. працэсаў у вадзе. Да П.а. адносяцца сучасныя ілы (глабігерынавы, какалітавы, дыятомавы, радыялярыевы), чырвоныя глыбакаводныя гліны, са стараж. асадкавых горных парод — некаторыя вапнякі, радыялярыты, дыятаміты і інш.

т. 12, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)