ЗЕЛЕНАГО́РСК,

прыморскі кліматычны курорт у складзе Ленінградскай курортнай зоны ў Расіі. За 50 км на ПнЗ ад С.-Пецярбурга, на беразе Фінскага заліва. Мяшаныя лясы з перавагай елкі, пясчаны пляж працягласцю больш за 10 км, Вял. Сімагінскае воз. з пляжамі. Мяккі клімат спрыяльны для клімата- і таласатэрапіі хвароб органаў кровазвароту, дыхання, нерв. сістэмы. Санаторыі, турбазы і базы адпачынку (у т. л. для аўтатурыстаў), гасцініца.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МСКАЕ ПРЫМО́Р’Е,

кліматычны курорт на Украіне. На беразе Чорнага м. паміж гарадамі Феадосія і Судак. Ахаванасць гарамі ад паўн. і паўн.-ўсх. вятроў, клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу, з мяккай зімой, пераважна гарачым і сухім летам, працяглы купальны сезон (з чэрв. да сярэдзіны кастр.), пясчана-галечны пляж даўж. 3 км і інш. фактары спрыяюць клімата- і таласатэрапіі хвароб органаў дыхання (нетуберкулёзнага паходжання) і нерв., сардэчна-сасудзістых функцыян. расстройстваў.

т. 8, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБО́К (Lombok),

востраў у складзе Малых Зондскіх астравоў, тэр. Інданезіі. Пл. каля 5 тыс. км² На Пн горы з вулканам Рынджані (выш. 3726 м), у сярэдняй ч. ўзгорыстыя раўніны, на Пд вапняковае плато выш. да 716 м. Клімат экватарыяльны мусонны, летам вільготны. Пераважаюць саванны і рэдкалессі. Лясы высока ў гарах. Вырошчваюць какосавыя пальмы, каву, рыс, тытунь. Радовішчы свінцовых і цынкавых руд. Гал. горад — Матарам.

т. 9, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІВА́Н,

горны хрыбет уздоўж усх. ўзбярэжжа Міжземнага м., на тэр. Лівана. Даўж. 170 км. Выш. да 3088 м (г. Курнет-эс-Саўда). Складзены пераважна з вапнякоў і пясчанікаў, на Пн — з базальтаў. Клімат міжземнаморскі. Ападкаў на зах. схіле выпадае больш за 1000 мм, усходні — больш сухі. Міжземнаморскія хмызнякі (маквіс і фрыгана), гаі з ліванскага кедру, дубу, алепскай хвоі. На зах. схіле карставая пячора Джэйта (аб’ект турызму).

т. 9, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСХО́Р,

прыморскі кліматычны курорт на паўд. беразе Крыма (Украіна). За 12 км ад г. Ялта, у складзе г.п. Карэіз. Каля 7 км дробнагалечнага пляжа. Асн. лек. фактар — клімат міжземнаморскага тыпу. Клімата- і таласатэрапія эфектыўныя пры лячэнні функцыян. расстройстваў сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм. Санаторыі, у т. л. «Беларусь», дамы адпачынку, пансіянаты, лячэбныя ўстановы. Помнік М.А.Багдановічу. Паблізу М. арх. помнік «Ластаўчына гняздо», г. Ай-Петры.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 10, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ГРАС (Negros),

востраў у цэнтр. ч. Філіпінскага архіпелага (тэр. Філіпін). Пл. 12,7 тыс. км². Нас. каля 3,2 млн. чал. (1995). Рэльеф пераважна гарысты, выш. да 2460 м (вулкан Канлаон). На З і ПнЗ — урадлівыя раўніны, складзеныя пераважна з вулканічных глебаў.

Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Вечназялёныя трапічныя лясы, участкі саваннаў. Вырошчванне цукр. трыснягу (асн. с.-г. культура), рысу, кукурузы. Радовішчы медных руд. На Н. — гарады Баколад, Думагетэ, Сан-Карлас.

т. 11, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ІРЛА́НДЫЯ (New Ireland),

вулканічны востраў у Ціхім ак., у Бісмарка архіпелагу. Тэр. Папуа—Новая Гвінея. 8,6 тыс. км². Нас. (з прылеглымі астравамі) 87 тыс. чал. (1990). Горныя масівы выш. да 2150 м акаймаваныя берагавымі нізінамі. Клімат гарачы, вільготны. Сярэднія месячныя т-ры 25—28 °C. Ападкаў больш за 2000 мм за год. Вільготныя экватарыяльныя лясы. Асн. культура — какосавая пальма. Гал. горад і порт — Кавіенг.

т. 11, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ШЧА-ВАДЗІ́ЦА,

кліматычны курорт у Кіеўскай вобл., Украіна, на правым беразе р. Дняпро. Засн. ў 1920. Клімат умерана кантынентальны. Асн. лек. фактары — чыстае паветра, вял. колькасць сонечных дзён (больш за 150). Лечаць захворванні лёгкіх (у т. л. туберкулёз), сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм. Ужываюць таксама штучныя газавыя ванны (сульфідныя, вуглякіслыя, кіслародныя) і інш. водалячэбныя працэдуры, электралячэнне і інш. Санаторыі (для дарослых і дзяцей), прафілакторыі.

т. 13, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГІСТА́Н,

пустыня на У Іранскага нагор’я, на Пд Афганістана. Даўж. больш за 400 км, шыр. да 200 км. Пл. каля 40 тыс. км². Пакатанахіленая раўніна, выш. ад 1500 м на У да 800 м на З. Характэрны рухомыя і замацаваныя расліннасцю (палыны, эфемеры, эфемероіды) пяскі. Клімат субтрапічны, кантынент., сухі (ападкаў да 100 мм за год). Па далінах рэк (Гільменд і інш.) тугайныя зараснікі. Качавая жывёлагадоўля, рэдкія аазісы.

т. 13, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛАГО́РСК,

кліматычны і бальнеагразевы курорт у Расіі (Калінінградская вобл.) на беразе Балтыйскага м. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Асн. лек. фактары: чыстае іанізаванае марское паветра, тарфяныя гразі, гідракарбанатна-натрыевая мінер. вада з павышанай колькасцю арган. рэчываў. Лечаць захворванні сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, органаў апоры і руху, дыхання. Мінер. вада ўжываецца ў якасці пітнога лячэння пры хваробах органаў стрававання. Санаторыі, пансіянаты, турбаза, гразелячэбніца, пясчаны пляж.

т. 14, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)