правасла́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да праваслаўя. Праваслаўныя малітвы.

2. Які вызнае праваслаўе. — Ну, бо, кажуць, ёсць беларусы праваслаўныя і католікі, — далей разважыла [жонка]. Карпюк. / у знач. наз. правасла́ўны, ‑ага, м.; правасла́ўная, ‑ай, ж. [Саўка:] Хоць вы [Хімка] і праваслаўная, але за католікам замужам... у касцёле вянчаліся... Гурскі. Поп вырачыў на мяне спалоханыя вочы. — Дык .. [Казік] не праваслаўны? Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

працверазі́ць, ‑цверажу, ‑цвярэзіш, ‑цвярэзіць; зак., каго.

Зрабіць цвярозым. Свежае паветра .. [Косцю] працверазіла, ён быў поўны злоснай рашучасці. Карпюк. // перан. Зрабіць здольным цвяроза разважаць аб чым‑н., вызваліць ад ілюзій. Рыканне кароў працверазіла хлапчукоў, вярнула з непралазных джунгляў у свае альховыя кусты. Пальчэўскі. Мабыць, Славіку сапраўды здавалася, што ў дзяўчыны ўсё незвычайнае, і такое простае імя як бы працверазіла яго. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прымайстрава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.

Разм.

1. Прыладзіцца, размясціцца дзе‑н. Каму ўрачы не дазвалялі выходзіць з палат, тыя прымайстраваліся на вокнах, каб хоць здалёк зірнуць на героя. Дудо. Сяляне паселі каля плота, іншыя прымайстраваліся на бярвенні. Чорны.

2. Уладкавацца куды‑н., атрымаць якое‑н. месца, пасаду. Некалькі чалавек нават прымайстраваліся на працу ў горадзе. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздражнёны, ‑ая, ‑ае.

1. Які раздражніўся, стаў хваравітым ад якога‑н. раздражняльніка. Раздражнёная скура.

2. Які знаходзіцца ў стане раздражнення (у 2 знач.). Яшчэ здаецца, што хлопцы злыя і раздражнёныя: гыркаюць адзін на аднаго, пашляюць, чхаюць, шморгаюць насамі. Карпюк. [Надзя:] — Я так тады старалася! .. А вы ўзялі і паехалі.. І Вася прыйшоў раздражнёны, злы. Шашкоў. // Які выяўляе раздражненне. Раздражнёны голас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свіны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да свінні (у 1 знач.). Свіное сала. Свіны статак. // Прызначаны для свіней. Свіная ферма. Свіная бульба. // Прыгатаваны, зроблены з мяса ці скуры свінні. Свіная тушонка. Свіныя катлеты. // Такі, як у свінні; маленькі, заплыўшы (пра вочы). З-пад калматых броваў пазіралі маленькія свіныя вочкі. Карпюк.

•••

Сабрацца (прыйсці) у свіныя галасы гл. сабрацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скляпе́нне, ‑я, н.

1. Дугападобнае перакрыцце, якое злучае сцены, апоры пэўнага збудавання. Гатычная архітэктура сабора робіць моцнае ўражанне сваёй манументальнасцю, смеласцю формы, вышынёй скляпенняў. Мележ. Хутка я апынуўся ў змрочнай зале з нізкім скляпеннем. Карпюк. // перан. Небасхіл. Нябёсаў сіняе скляпенне, Хутчэй дажджынку ім [травінкам] пашлі. Матэвушаў.

2. Падвальнае памяшканне. У скляпеннях і на гарышчах будынкаў заселі аўтаматчыкі і кулямётчыкі. Дудо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трысці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Сцяблінка трыснягу. Я ўспомніў, што татары ў часы паходаў перабіраліся цераз глыбокія рэчкі па дне з трысцінкай у зубах. Карпюк.

2. Тонкая палачка для апоры пры хадзьбе. У лагер палонных .. [Вейс] прыйшоў сам. Важны, святочна апрануты, надушаны адэкалонам і з трысцінкай у руцэ. Ракітны.

3. Тонкая пласцінка ў бёрдзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушы́ць, ушыю, ушыеш, ушые; зак., што.

1. Прышыць, прымацаваць. Залатала матка.. [Міхасёву] сярмягу, ушыла гузікі. Колас. // Прышыць, зашыць што‑н. унутр, устаўляючы ў што‑н. Яшчэ днём у мяшок з толам ушылі гранату «лімонку», да канца яе прывязалі сто метраў кабелю. Карпюк.

2. Паменшыць памеры чаго‑н., забраўшы лішняе ў швы. Пілотка была вялікая, і яе ўшылі. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шматабяца́ючы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае многа каштоўных якасцей і таму падае вялікія надзеі. Шматабяцаючы студэнт. Шматабяцаючы хірург.

2. Які заключае ў сабе намёк на што‑н., якое‑н. абяцанне; які прадракае што‑н. значнае. Шматабяцаючы позірк. □ Быў і сорам, які змагаўся з пачуццём вострай, шматабяцаючай цікаўнасці. Брыль. [Маіны] словы прыносілі.. [Мікалаю] нешта балюча блізкае, шматабяцаючае і таксама балюча недасяжнае... Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укало́ць, укалю, уколеш, уколе; зак., каго-што.

1. Параніць, уваткнуўшы ў цела што‑н. вострае. Села [Глафіра] цыраваць панчоху — укалола палец і адлажыла работу па пасля. Пальчэўскі. / у перан. ужыв. Ён [дзядзька] так укалоў мяне позіркам строгім, Што я ў той жа момант пабег да дзвярэй. Прыходзька. // перан. Выклікаць непрыемнае пачуццё, падобнае на адчуванне ўколу. Праходзілі апошнія нашы дні, і нейкае падсвядомае прадчуванне балюча ўкалола сэрца. Карпюк. // Разм. Зрабіць укол (у 2 знач.). Іван Іванавіч загадаў зрабіць хворай укол. Надзя скоранька набрала ў шпрыц лякарства, укалола ў руку. Арабей.

2. перан. Пакрыўдзіць, абразіць; даняць. Незалежны і паўафіцыйны тон [лейтэнанта] укалоў дзяўчыну. Карпюк. У голасе Прасі на гэты раз гучала непадробленая злосць і жаданне ўкалоць абоіх: і гаспадара і падчарыцу. Васілевіч.

3. Разм. Уваткнуць што ў што‑н. Укалоць кветку ў валасы. Укалоць пруток у клубок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)