ІАЎЧУ́К (Міхаіл Трыфанавіч) (19.11.1908, в. Занужоўе Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 9.1.1990),

філосаф, парт. дзеяч. Чл.-кар. АН СССР (1946). Д-р філас. н. (1946), праф. (1939). Скончыў Акадэмію камуніст. выхавання (1931). З 1933 на парт. і навук. рабоце, у 1947—49 сакратар ЦК КП(б)Б. У 1970—78 рэктар Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, рэдагаваў час. «Философские науки». Даследаваў гісторыю рус. філасофіі, метадалагічныя праблемы гісторыі філасофіі. Аўтар кн. «Г.​В.​Пляханаў і яго працы па гісторыі філасофіі» (1960), адзін з аўтараў і рэдактараў «Гісторыі філасофіі» (т. 1—6, 1957—65), «Гісторыі філасофіі ў СССР» (т. 1—5, 1968—88).

т. 7, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НКА ГАРСІЛА́СА ДЭ ЛА ВЕ́ГА (Inca Garcilaso de la Vega; 12.2.1539, г. Куска, Перу — 24.4.1616),

перуанскі гісторык, паэт, перакладчык. Сын ісп. канкістадора, губернатара г. Куска, маці з вышэйшай інкскай знаці. У 1560—70 на ваен. службе ў Іспаніі, пазней заняўся літ. дзейнасцю. У 1605 выдаў працу «Фларыда» аб спробе заваявання іспанцамі п-ва Фларыда, у 1609 — «Гісторыю дзяржавы Інкаў», у 1617 выйшла «Усеагульная гісторыя Перу» пра заваяванне краіны іспанцамі. У сваіх творах спачувальна ставіўся да індзейцаў, якія сталі ахвярамі ісп. заваёўнікаў, ідэалізаваў інкскае грамадства.

Тв.:

Рус. пер. — История государства инков. Л., 1974;

у кн.: Поэзия испанского возрождения. М., 1990.

І.​Я.​Афнагель.

т. 7, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭНДА́НЦКАЯ СЛУ́ЖБА,

ва ўзбр сілах многіх дзяржаў служба тылу, якая ажыццяўляе забеспячэнне войск харчамі, фуражом, рэчавай і абозна-гасп. маёмасцю, займаецца кватэрным і быт. абслугоўваннем. Узнікла ў 17 ст. ў Францыі, дзе ўпершыню паявіліся армейскія інтэнданты. У Расіі вядзе гісторыю ад створаных Пятром I у 1700 Правіянцкага і Асобага прыказаў. Ва ўзбр. сілах СССР існавала ў 1940—55 і 1958—59. Пасля яе скасавання службы, да кампетэнцыі якіх адносілася харч., рэчавае і кватэрна-эксплуатацыйнае забеспячэнне, сталі самастойнымі. Такая ж структура гэтых службаў захавалася і ва Узбр. сілах Рэспублікі Беларусь. У арміях некаторых дзяржаў (Аўстрыя, Іспанія) І.с. існавала і ў 1980-я г.

т. 7, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАКО́ВІЧ (Ала Канстанцінаўна) (7.3.1943, в. Гутава Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. — 11.2.1985),

бел. літ.знавец. Канд. філал. н. (1976). Скончыла БДУ (1964), Літ. ін-т імя М.​Горкага (1971). У 1964—66 працавала на бел. радыё, з 1971 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Даследавала гісторыю і тэорыю бел. паэзіі, сувязь яе з фальклорам. У кн. «Паэзія Максіма Багдановіча: Дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага» (1978) прааналізавала асаблівасці майстэрства паэта, эвалюцыю бел. паэзіі. Адзін з аўтараў кн. «Паэзія абнаўлення свету» (1981). Вершы, пераклады, літ.крытычныя артыкулы сабраны ў кн. «Пасеянае ўзыдзе» (1991).

Тв.:

Беларускі свабодны верш. Мн., 1984;

Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі. Мн., 1989.

Л.​М.​Гарэлік.

т. 7, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́ЎСКАЯ (Софія) (1853, в. Малыя Бакшты Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. —22.2.1918),

бел. фалькларыстка, этнограф і пісьменніца. Вывучала матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў, сабрала калекцыю прадметаў нар. рамёстваў, твораў мастацтва, а таксама матэрыялы пра паўстанне 1863—64 на Міншчыне, якому прысвяціла некалькі артыкулаў («Адзін з многіх», 1908; «1863 год на Міншчыне», 1917) і кн. «З успамінаў выгнанца» (1911). Аўтар працы «Святкаванне вяселля ў Вілейскім павеце ў ваколіцах Маладзечна і Радашковіч» (1900), дзе разам з апісаннем абраду прыводзяцца ўзоры фальклору. Выдала кнігу «Мінскія абразкі, 1850—1863» (1912) пра гісторыю гімназіі і яе выкладчыкаў, тэатр. сям’ю В.​Дуніна-Марцінкевіча, памятныя мясціны горада.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 7, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ЎСКІ (Павел Рыгоравіч) (16.12.1911, С.-Пецярбург — 19.12.1996),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1974). Скончыў БДУ (1960). З 1944 у Пракуратуры БССР, у 1957—86 у Ін-це гісторыі АН БССР. Даследаваў гісторыю сельскай гаспадаркі і сялянства Беларусі 17—18 ст. Чл. аўтарскага калектыву «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1972).

Тв.:

Крестьяне Белоруссии во второй половине XVII—XVIII в. Мн., 1969;

Магнатское хозяйство Белоруссии во второй половине XVIII в. Мн., 1974;

Землевладение и землепользование в Белоруссии в XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1982;

Пусть знают и помнят потомки: Браславщина в 1941—1944 гг. Мн., 1994 (разам з П.​Я.​Сырамахам).

т. 7, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́ТКАЯ (Таццяна Пятроўна) (н. 5.1.1951, в. Анеліна Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1997). Скончыла БДУ (1973). З 1973 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі. Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя асновы фарміравання і станаўлення традыц. рэліг. філасофіі і філас.-рэліг. мадэрнізму ў Расіі і Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст., гісторыю і спецыфіку функцыянавання розных рэліг. плыняў на Беларусі ў сучасны перыяд.

Тв.:

Религиозная философия в Белоруссии начала XX в. Мн., 1983;

Старообрядчество в Беларуси. Мн., 1992 (разам з Е.​С.​Пракошынай, Г.​А.​Чуднікавай);

В поисках новой рациональности: Религ. философия в России конца XIX — нач. XX в. Мн., 1994.

т. 8, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЫШО́НАК (Алег Юр’евіч) (н. 27.5.1957, г. Эльбланг, Польшча),

бел. гісторык у Польшчы, грамадска-паліт. дзеяч. Д-р гіст. н. (1996). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1980). Супрацоўнік гіст. музея Кракава, навук. супрацоўнік Ягелонскага ун-та, з 1991 у Музеі войска ў Беластоку. Са студз. 1992 старшыня Гал. рады Беларускага дэмакратычнага аб’яднання, з 1993 у тыднёвіку «Ніва», з 1996 старшыня Бел. гіст. т-ва ў Польшчы. Член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Даследуе гісторыю бел. нац. адраджэння, бел. войска, эміграцыі.

Тв.:

Беларуская эміграцыя // Беларускі каляндар на 1990 г. Беласток, 1990;

Народзіны беларускай нацыянальнай ідэі // Спадчына. 1992. № 1;

Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923. Białystok, 1995.

т. 9, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЁРЭ́НТЭ ((Llorente) Хуан Антоніо) (30.3.1756, Рынкан-дэль-Сота, каля г. Калаора, Іспанія — 5.2.1823),

іспанскі гісторык інквізіцыі. Святар, доктар кананічнага права. У 1785—1801 на розных пасадах ва ўстановах інквізіцыі, у 1793—94 распрацаваў план яе рэарганізацыі. За спачуванне ідэям Асветніцтва звольнены з пасады сакратара інквізіцыі. У час франц. акупацыі (1808—14) падтрымліваў Жазефа Банапарта. Пасля скасавання інквізіцыі (1808) узначаліў яе архіў. У 1814 эмігрыраваў у Парыж, дзе апублікаваў «Крытычную гісторыю іспанскай інквізіцыі» (т. 1—4, 1817—18). У 1822 за публікацыю працы «Палітычныя партрэты пап ад св. Пятра да Пія VII» (1822) высланы з Францыі.

Тв.:

Рус. пер. — Критическая история испанской инквизиции. Т. 1—2. М., 1936.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЎКО́ (Вольга Мікалаеўна) (н. 21.5.1947, в. Астравок Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1980). Скончыла БДУ (1972). З 1970 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі. Вывучае гісторыю Віцебскай зямлі, яе матэрыяльную культуру 14—18 ст. Даследавала стараж. бел. гарады (Віцебск, Орша, Гарадок, Талачын, Копысь), замкі (Езярышча, Смальяны, Шклоў), стараж. пабудовы Куцеінскага (Орша) і Святадухаўскага (Віцебск) манастыроў, гарадзішчы, курганныя могільнікі, селішчы паўн.-ўсх. Беларусі жал. веку і часоў сярэдневякоўя. Аўтар кніг «Віцебская кафля XIV—XVIII стст.» (1981), «Віцебск XIV—XVIII стст.» (1984), «Сярэдневяковае ганчарства паўночна-ўсходняй Беларусі» (1992), «Сярэдневяковая Орша і яе наваколле» (1993) і інш.

т. 9, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)