на Беларусі гарбарна-шавецкае рамяство (гл.Гарбарства) як самастойная галіна існуе з часоў Полацкага княства. Стараж. майстэрні па апрацоўцы скуры і вырабу абутку археолагі выявілі ў Полацку, Мінску, Пінску. Асн. тагачаснымі тыпамі абутку гараджан былі поршні, чаравікі, боты. Магнаты, гарадская знаць насілі абутак з дарагіх матэрыялаў, вытанчаных формаў, упрыгожаны спражкамі, бантамі і інш. Выпрацоўка новых формаў залежала ад маст. рысаў усяго ансамбля адзення, развівалася ў агульным еўрап. стылі. Нар. абутак выраблялі ў хатніх умовах або спец. рамеснікі — шаўцы. Ён бытаваў у вёсках і дробных мястэчках і лепш, чым абутак гараджан, стасаваўся з прыродна-кліматычнымі ўмовамі, спецыфікай працы насельніцтва. Самы стараж. тып абутку беларусаў складаўся з абгортак, прывязак і ўласна абутку. Абгорткі (анучы, завойкі) — 2 полкі белага палатна, якімі абгортвалі ногі. Абгортка ног да шчыкалатак кавалкам палатна пры хадзе басанож была пашырана сярод жанчын, асабліва ў час жніва. Прывязкі (аборы, валокі) вілі з пянькі, лёну, канапель, конскага воласу, наразалі з сырамятнай скуры. Мацавалі абгорткі па-рознаму: на Тураўшчыне і Мазыршчыне доўгія прывязкі ўтваралі своеасаблівую вяровачную панчоху, на Пн Беларусі былі кароткія і абкручваліся да шчыкалатак. Уласна абутак у мінулым — плеценыя ці скураныя вырабы. Нязначнае пашырэнне мелі дзеравяшкі. Асн. від плеценага абутку, які бытаваў да пач. 20 ст., — лапці (шчарбакі, кавярзні). Іх плялі з лазовай і вязавай кары (лыка), пянькі. Скураны абутак быў 2 відаў: шыты з аднаго кавалка скуры — пасталы і з прышытымі падэшвамі і абцасамі — боты, чаравікі. Майстэрствам вырабу ботаў у 19 — пач. 20 ст. славіліся шаўцы наваколляў Турава, Давыд-Гарадка, Петрыкава, Слуцка і інш. На святы жанчыны абувалі і чаравікі (боцікі, шнуроўкі). Валены абутак (валёнкі) набыў пашырэнне ў 19 ст., бытуе і цяпер. Гумавы абутак пачалі насіць у 1930-я г. Бахілы (глыбокія галошы) надзявалі звычайна на буркі.
Сучасны абутак падзяляюць на бытавы, вытворчы, спартыўны і медыцынскі (гл.Абутак артапедычны). Паводле канструкцыі загатовак адрозніваюць боты, чаравікі, паўчаравікі, туфлі і інш. Падзяляецца на групы: пінеткі (памер, ці даўжыня ступні, 95—125 мм), гусарыкі (120—140), маладзіцячы (145—175), дзіцячы (180—200), школьны (205—225), дзявочы (230—250), хлапечы (230—255), жаночы (215—275), мужчынскі (245—305). Паўната (абхват ступні) — ад 1 да 10 умоўных адзінак (найб. пашыраная 6 і 7).
Дэталі верху і нізу абутку злучаюцца ніткамі, шпількамі, цвікамі, вінтамі, клеем (пераважна сінтэтычным), вулканізацыяй, ліццём. Вонкавыя дэталі верху робяць з натуральнай ці штучнай скуры, тэкстыльных матэрыялаў; дэталі нізу — са скуры, гумы (порыстай, няпорыстай, скурападобнай), пластмасаў (напр., поліурэтану) і інш. Абутак павінен мець цеплаахоўныя ўласцівасці, быць водаўстойлівым, паветра- і паранепранікальным. Тэхналогія вырабу абутку ўключае раскрой матэрыялаў на дэталі, іх апрацоўку, выраб загатовак верху і фармаванне іх на калодцы, прымацаванне нізу да верху, аддзелку. Прамысловы раскрой робяць разакамі на электрагідраўл. ці мех. прэсах, спец. аўтаматах. З дапамогай ЭВМ разлічваюць аптымальныя варыянты ўкладкі дэталяў на матэрыяле. Дэталі верху скошваюць, загінаюць, апрацоўваюць; дэталі нізу выраўноўваюць па таўшчыні, фрэзеруюць, скошваюць, шліфуюць. Дэталі верху злучаюць у плоскія загатоўкі, якім надаюць аб’ёмную форму: увільгатняюць (часам награваюць), расцягваюць удоўж і ўпоперак, зацягваюць і прымацоўваюць загатоўкі да вусцілкі. Затым змацоўваюць верх і ніз і робяць канчатковую апрацоўку (абразанне залішняга матэрыялу, афарбоўку, паліраванне і інш.). Гл. таксама Абутковая прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВААПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці па мех. і хім.-мех.апрацоўцы драўніны. Уключае 3 гал. групы вытв-сці: лесапільную; клееных матэрыялаў і пліт; вырабаў з драўніны. Асн. сыравінай для лесапільнай вытворчасці служаць бярвёны; асн. прадукцыя — піламатэрыялы, дадатковая — тэхнал. трэскі, якія атрымліваюць здрабненнем кавалкавых адходаў. Асн. сыравінай клееных матэрыялаў і пліт служаць лясныя сартыменты, драўнінныя адходы і кляі; прадукцыя — клееныя паўфабрыкаты і вырабы (фанера, фанерныя пліты, клееныя буд. канструкцыі, драўнянаслаістыя пластыкі, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты і інш.). Для вырабаў з драўніны зыходная сыравіна — драўніна і драўнінныя матэрыялы, пластмасы, металы, шкло, тканіны, кляі, лакі і інш.; прадукцыя — сталярна-буд. вырабы, драўняныя дамы, мэбля, муз. інструменты, тара, спарт. інвентар, гасп. тавары, сувеніры, абсталяванне сродкаў транспарту і інш.
У Рас. імперыі Д.д. узнікла ў саматужнай і рамеснай форме ў пач. 18 ст. Інтэнсіўна развіваецца з 2-й пал. 19 ст.Удз. в. Беларусі ў агульным аб’ёме Д.д. Расіі ў 1913 складала 6,5%. Пераважала лесапілаванне (59,1% валавой прадукцыі). Лясная сыравіна і паўфабрыкаты ішлі ў асноўным за мяжу. Працавалі: Бабруйскі, Гомельскі і Мазырскі лесапільныя з-ды, запалкавыя і фанерныя прадпрыемствы ў Пінску, Барысаве, Гомелі і інш.
У СССР развіццё Д.п. было звязана з ростам капітальнага буд-ва, машынабудавання, вытв-сці тавараў шырокага ўжытку. У 1920—30-я г. працавалі: дрэваапр.з-д у Мінску, Гомельскія лесакамбінат (на базе лесапільных з-даў) і дрэваапр. камбінат, Бабруйскі лесакамбінат і Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, Віцебскі фанерны з-д і інш. Да Айч. вайны ў Беларусі былі 3 дрэваапр. камбінаты, 26 леса- і 16 фанерных з-даў, 5 мэблевых, 4 запалкавыя ф-кі. Аб’ём выпуску прадукцыі ў 1940 больш як у 6,5 раза перавышаў узровень 1913. Выпуск клеенай фанеры склаў 34,8%, запалак — 28,6% агульнасаюзнага аб’ёму. Пасля вайны побач з адноўленымі пабудаваны новыя прадпрыемствы Д.п. Маючы 0,7% лясоў СССР, у канцы 1980-х г. Беларусь выпускала 10,6% фанеры, каля 8% драўнянавалакністых і 7% драўнянастружкавых пліт, 6% мэблі, 3,4% паперы ад усесаюзнага аб’ёму.
Найбольшымі і тэхнічна развітымі прадпрыемствамі з’яўляюцца Бабруйская мэблевая фабрыка, Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка, «Мінскпраектмэбля», Пінская дрэваапрацоўча-фанерная фабрыка, «Івацэвічдрэў», Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, «Рэчыцадрэў» і інш., якія ўваходзяць у канцэрн «Беллеспаперапрам». У 1991—95 аб’ёмы выпуску прадукцыі паступова зніжаліся. Яе стабілізацыя пачалася з 2-й пал. 1990-х г. Да гэтага часу створана больш за 100 малых і сумесных прадпрыемстваў розных формаў уласнасці, пераважна мэблевых; дзейнічаюць таксама прадпрыемствы ў сістэме лясной гаспадаркі, мясц. прам-сці, быт. абслугоўвання насельніцтва, буд-ва, с.-г. прадпрыемстваў і інш. Каля 70% усёй прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам». Значная частка ідзе на экспарт, пераважна ў Расію.
Д.п. шырока развіта ў многіх краінах свету, у т. л. ў ЗША, Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Канадзе, з якіх шмат прадукцыі экспартуецца. Высокаразвітая Д.п. Германіі і Японіі ў асноўным працуе на прывазной сыравіне. Высокі ўзровень Д.п. ў Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Швейцарыі, Даніі, Бельгіі, Славеніі і інш., якія таксама імпартуюць сыравіну і паўфабрыкаты. Д.п. развіваецца ў Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Балгарыі, краінах Прыбалтыкі. З краін СНД найб. развітая ў Расіі, якая мае вял. запасы драўніны і забяспечвае ляснымі рэсурсамі многія краіны свету, на Украіне.
Тэхн. прагрэс у Д.п. цесна звязаны з н.-д. дзейнасцю, вывучэннем яе фізіка-мех. уласцівасцей, распрацоўкай новых матэрыялаў, тэхналогій і абсталявання, канструяваннем мэблі і інш. вырабаў. Гэтыя работы выконваюцца ў Бел.дзярж.тэхнал. ун-це, НВА «Мінскпраектмэбля», буйнейшымі дрэваапр. аб’яднаннямі.
Літ.:
Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;
Барташевич А.А., Богомазов В.В. Технология изделий из древесины. Мн., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ ДРА́МА,
найвышэйшая форма народнага тэатра. Увабрала ў сябе і ўзняла на новую ступень у тэатр. мастацтве ўсё. уласцівае яго больш раннім формам. Відовішча карнавальнага тыпу, прымеркаванае да каляднага цыкла нар. гульняў і паказаў, што абумоўлівае яе папулярнасць, тэматыку, сістэму вобразаў і абмежаваную колькасць сюжэтаў. Вядома на Беларусі, Украіне, у Расіі. Вытокі Н.д. ў калядных гульнях з пераапрананнямі і ў батлейцы. дзе фактычна яна і склалася (гл.Жывая батлейка). Паказы Н.д. параўнальна вял. паводле аб’ёму, са значнай колькасцю ўдзельнікаў (10—20 чал.), пэўнымі прыёмамі сцэн. выканання, спец. падрыхтоўкай (своеасаблівым рэжысёрам з’яўлялася традыцыя, яе прытрымліваліся ўсе нар. акцёры, якія на рэпетыцыях завучвалі тэксты, адпрацоўвалі ўмоўныя рухі і жэсты, рыхтавалі рэквізіт і касцюмы). На Беларусі шырока бытавала сярод сялян і рамеснікаў у 2-й пал. 19—1-й трэці 20 ст. Паказы звычайна адбываліся ў хатах. У рэпертуары былі пашыраны «Цар Ірад», «Цар Максімілян» (найб. папулярная), «Трон» (спалучаў сюжэты дзвюх першых), а таксама кароткія драм. сцэнкі тыпу «Мацей і доктар». Вядомая ва ўсх. славян Н.д. «Лодка» на Беларусі існавала ў кантамінацыі з «Царом Максімілянам». Паказы Н.д. складаліся з дзвюх частак, кожная са сваімі героямі: т. зв. сур’ёзная — асн. сюжэт (лінія цара Ірада, цара Максіміляна і сына Адольфа) і камед. — інтэрмедыйныя сцэны (пабудаваны на ўзор батлейкавых, уключалі жартоўныя дыялогі, байкі, танцы). Часткі злучаліся паміж сабой механічна, іх аб’ядноўвала характэрнае для Каляд агульнае карнавальнае светаадчуванне. Асн. кампазіцыйны прыём — выклік дзейных асоб да цара. У Н.д. ўсё перакладалася на мову святочных нар. уяўленняў, высмейвалася, зніжалася высокае і сур’ёзнае, сцвярджалася фамільярнасць як тып зносін; абмежаванняў і забарон для смеху не існавала. Традыцыі нар. карнавальнай культуры найперш выяўляліся ў інтэрмедыйных сцэнах, дзе ствараўся свой асаблівы свет, у якім вясёлыя смерці, пахаванні, хваробы, паядынкі, бойкі і танцы, жартоўныя дыялогі. Інтэрмедыйныя персанажы — дзед, яўрэй, доктар, цыган — належалі да катэгорыі блазнаў, пры гэтым дзед выконваў і функцыю карнавальнага развенчвання цара. Уплывам карнавальнасці пазначаны і асн. сюжэт: карнавальныя матывы, удзел інтэрмедыйных персанажаў у асн. канфлікце, інтэрмедыйныя ўстаўкі, так што сур’ёзнасць асн. сюжэта і яго персанажаў станавілася адноснай. У Н.д. выкарыстоўваліся агульныя традыц. прынцыпы нар.т-ра. У выканальніцтве Н.д. спалучаліся нар. прыёмы, заснаваныя на імправізацыі, з буфанадай і гратэскам, для інтэрмедыйнай часткі і т.зв. вайсковыя (выкарыстанне ўдзельнікамі-персанажамі артыкулаў вайсковага статута) — для асн. сюжэта. Апошнія спец. паказы Н.д. наладжаны ў 1962, 1963 у в. Бялевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.; ставілася драм. калектывамі Мінскага ін-та культуры (1976) і майстроўняй філ. ф-та БДУ (1981), нар. фальклорным т-рам «Жалейка» (г. Гомель; 1986—87), а таксама Маскоўскім ансамблем нар. музыкі пад кіраўніцтвам Дз.Пакроўскага (паказаны на 9-м Міжнар. з’ездзе славістаў у Кіеве; 1983): «Цар Ірад» («Кароль Гэрад») — фалькл. калектывам в. Юрацішкі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. (1990-я г.).
Першыя запісы тэкстаў бел. Нд. зроблены ў 2-й пал. 19 ст. этнографамі Е.Раманавым, А.Грузінскім, М.Васільевым, М.Федароўскім, у пач. 20 ст. — Е.Іваноўскім, пазней — Ф.Дзядзенкам, М.Грынблатам, Я.Дылам (фрагмент апісання паказу), І.К.Кабашнікавым, Г.Барташэвіч, В.Захаравай, а таксама б. ўдзельнікамі паказаў І.Здрокам, М.Ганчаровым. Нар. традыцыі выканання Нд. былі выкарыстаны пры пастаноўцы «Цара Максіміляна» ў апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча ў Бел.драм. студыі ў Маскве (1924, рэж. В.Смышляеў) і ў спектаклі БДТ-2 (1926).
Літ.:
Стэльмах Дз.У. Сцэнічнае ўвасабленне народнай драмы // Весці АНБССР Сер. грамад. навук. 1981. № 2;
Яе ж. Узнікненне і развіццё народнай драмы на Беларусі // Там жа. 1982. № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХА́НІКА [ад грэч. mēchanikē (technē) пабудовы машын (майстэрства)],
навука пра механічны рух матэрыяльных цел і ўзаемадзеянні, што пры гэтым адбываюцца паміж імі. Разглядае рухі матэрыяльных пунктаў, іх дыскрэтных сістэм і суцэльных асяроддзяў. Класічная М. (ці проста М.), у аснове якой ляжаць Ньютана законы механікі, падзяляецца на статыку (вывучае раўнавагу цел), кінематыку (геам. ўласцівасці руху без уліку мас і сіл) і дынаміку (рух з улікам дзеяння сіл). Складаныя мех. сістэмы (машыны, механізмы, сістэмы з вял. колькасцю часціц), рух якіх абмежаваны мех. сувязямі, вывучаюцца аналітычнай механікай. У класічнай М. разглядаюцца рухі макраскапічных цел са скарасцямі, значна меншымі за скорасць святла (рухі з калясветлавымі скарасцямі вывучае рэлятывісцкая механіка, а рух мікрачасціц з улікам іх хвалевых уласцівасцей — квантавая механіка). Законы М. выкарыстоўваюцца для разліку машын і механізмаў (тэарэтычная механіка, механізмаў і машын тэорыя, дэталі машын і інш.), збудаванняў (будаўнічая механіка, механіка грунтоў), трансп. сродкаў (гідрааэрамеханіка, балістыка), руху нябесных цел (нябесная механіка), для вывучэння мех. працэсаў у зямной кары (геамеханіка), у жывых арганізмах (біямеханіка). На аснове нелінейнай аналіт. М. развіваецца сінергетыка, якая даследуе ўмовы самаарганізацыі сістэм у дыяпазоне ад дэтэрмінаванага хаосу да рэгулярных станаў.
У залежнасці ад стану рэчыва, якое даследуецца, вылучаюць М.: цвёрдага цела; механіку суцэльных асяроддзяў (вадкасці і газу); плазмы; механіку сыпкіх асяроддзяў, механіку цел пераменнай масы. У апошні час з’явіліся новыя раздзелы М.: фізіка-хім М. (улічвае працяканне фіз. і хім. працэсаў пры мех. рухах і ўзаемадзеяннях). біяробатамеханіка і інш. У М. выкарыстоўваюць 2 спосабы апісання з’яў: фенаменалагічны, заснаваны на фенаменалагічнай тэрмадынаміцы, і статыстычны (структурны), заснаваны на стат. тэрмадынаміцы. Навук. аснову М. складаюць варыяцыйныя прынцыпы механікі, з дапамогай якіх апісваюцца мех. станы і сувязі механічныя сістэмы.
Звесткі з М. (напр., пра раўнавагу цел) вядомы з глыбокай старажытнасці (некалькі тыс. гадоў да н.э.). Антычныя веды М. абагульніў Арыстоцель, які ўвёў тэрмін «М.» (4 ст. да н.э.). Архімед дакладна сфармуляваў закон раўнавагі (на ім заснавана будова машын і законы раўнавагі плаваючых цел). Г.Галілей даследаваў асн. заканамернасці руху цел, на базе якіх І.Ньютан сфармуляваў вядомыя законы М. і надаў М. строгую форму. Далейшае развіццё М. звязана з імёнамі Л.Эйлера, Д.Бернулі, Ж.Д’Аламбера (асн. працы па М. вадкасці і газу), Ж.Лагранжа (варыяцыйнае вылічэнне, аналіт. М.). 3 прац А.Эйнштэйна пачаўся этап развіцця рэлятывісцкай, Л.Больцмана і Дж.Гібса — статыстычнай, М.Планка і Н.Бора — квантавай М. Аэрамеханіка значнае развіццё атрымала ў працах М.Я.Жукоўскага, О.Ліліенталя, К.Э.Цыялкоўскага, С.А.Чаплыгіна і інш.; газавая дынаміка — у працах Л.Прандтля, Дж.І.Тэйлара, Чаплыгіна, Л.І.Сядова, С.А Хрысціяновіча, М.У.Келдыша і інш. Значны ўклад у развіццё розных галін М. ў 19—20 ст. зрабілі Л.М.А.Наўе, Дж.Стокс, Ш.А.Кулон, Г.Р.Кірхгоф, А.Пуанкарэ, М.В.Астраградскі, А.М.Ляпуноў, А.М.Крылоў, І.У.Мяшчэрскі, Г.П.Чарапанаў, Дз.Д.Іўлеў і інш.
На Беларусі даследаванні ў галіне М. пачаліся ў 1920—30-я г. і вядуцца ў ін-тах фізіка-тэхн., цепла- і масаабмену, механікі металапалімерных сістэм, надзейнасці машын Нац.АН, у БДУ, БПА, Бел.тэхнал. ун-це і інш. Выкананы даследаванні па пластычнасці і трываласці металаў (С.І.Губкін, В.П.Севярдэнка, Я.М.Макушок і інш.), іх апрацоўцы (В.М.Чачын, А.У.Белы, А.В.Сцепаненка, П.І.Яшчарыцын), М. металапалімерных сістэм (Белы, А.І.Свірыдзёнак, Ю.М.Плескачэўскі), М. кампазіцыйных матэрыялаў на метал. аснове (А.У.Роман, П.А.Віцязь, Н.М.Дарожкін), М. дэфармаванага цела (М.Дз.Мартыненка, І.А.Прусаў, А.У.Чыгараў і інш.), тэорыях дыслакацыі і пластычнасці, М. разбурэння (М.С.Акулаў, Севярдэнка, Губкін і інш.), М. дэталей машын, тэорыі надзейнасці (І.С.Цітовіч, А.В.Бераснеў), М. мабільных машын (М.С.Высоцкі, Л.Р.Краснеўскі), М. вадкасці і газу, тэрмамеханіцы (А.В.Лыкаў, Р.І.Салаухін, А.Р.Мартыненка, З.П.Шульман, Б.А.Калавандзін і інш.).
Літ.:
Арнольд В.И. Математические методы классической механики. 3 изд. М., 1989;
Маркеев А.П. Теоретическая механика. М., 1990;
Лойцянский Л.Г. Механика жидкости и газа. 5 изд. М., 1978;
Черепанов Г.П. Механика хрупкого разрушения. М., 1974;
Ивлев Д.Д. Теория идеальной пластичности. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ КАЛЕДО́НІЯ (Nouvelle Calédonie),
уладанне Францыі ў паўд.-зах. частцы Ціхага ак., у Меланезіі. Складаецца з гал. в-ва Н.К. (пл. 16,8 тыс.км²), а-воў Луаятэ (2 тыс.км²) і інш.Пл. 19,1 тыс.км². Нас. 197,4 тыс.чал. (1999). Адм. і эканам. ц., гал. порт — г.Нумеа. Афіц. мова — французская. Падзяляецца на 3 правінцыі. Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).
Прырода. Большую ч. в-ва Н.К. займае пласкагор’е, на якім узнімаюцца асобныя горныя вяршыні да 1628 м. На астатніх астравах пераважае нізкагорны рэльеф. Карысныя выкапні: руды нікелю (запасы металу 45 млн.т, каля 20% сусветных), кобальту, медзі, хрому, жалеза, марганцу, сурмы. Ёсць радовішчы золата, серабра, свінцу. Клімат трапічны. Сярэдняя т-растудз. 24—26 °C, ліп. 20 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 3000 мм на ўсх. схілах да 700 мм на заходніх. Летам бываюць трапічныя ўраганы. Рэкі невялікія і парожыстыя. У раслінным покрыве шмат эндэмікаў. Пераважаюць рэдкалессі з дрэва ніяулі і высакатраўі. Пад лесам і хмызнякамі 39% пл. Дрэвы кауры, агатыс, новакаледонская хвоя і араўкарыя маюць каштоўную драўніну. Жывёльны свет астраўнога тыпу, вельмі бедны, шмат птушак.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — канакі, або новакаледонцы, адзін з меланезійскіх народаў, складаюць 42,5%, размаўляюць на 27 блізкароднасных мовах і дыялектах. Да карэнных жыхароў адносяцца таксама меланезійцы і палінезійцы а-воў Луаятэ (3,8%). Некарэннае насельніцтва — французы (37,1%), выхадцы з франц. уладанняў у Ціхім ак. (8,4%), інданезійцы (3,6%), в’етнамцы (1,6%) і інш. Карэннае насельніцтва жыве пераважна ў вёсках і звязана з сельскай гаспадаркай, прышлае жыве ў гарадах і пасёлках пры гарнарудных прадпрыемствах. Сярод вернікаў католікаў 60%, пратэстантаў 30%. Сярэднегадавы прырост каля 1,6%. Сярэдняя шчыльн. 10,3 чал. на 1 км². Больш шчыльна населена паўд.ч. вострава, дзе знаходзіцца адзіны значны горад Нумеа (каля 70 тыс.ж., 1998). У сельскай гаспадарцы занята 20% эканамічна актыўнага насельніцтва, у апрацоўчай прам-сці — 16%, у горназдабыўной — 4%, у абслуговых галінах — 60%.
Гісторыя. Н.К. заселена продкамі сучасных меланезійцаў у 2-м тыс. да н.э. На момант з’яўлення еўрапейцаў карэнныя жыхары (канакі) не мелі дзярж. утварэнняў, хоць знаходзіліся на больш высокім узроўні развіцця. чым інш. меланезійцы. Адкрыта ў 1774 англ. мараплаўцам Дж.Кукам. У пач. 19 ст. тут з’явіліся хрысц. місіянеры. У 1853 Н.К. абвешчана ўладаннем Францыі, з 1860 асобная калонія. У 1864—96 месца ссылкі злачынцаў з Францыі (больш за 40 тыс.чал.). Уціск калан. улад выклікаў у 1878 паўстанне канакаў. З 1946 «заморская тэр.» Францыі. У 1956 створана тэр. асамблея. У 1980-я г. адбыўся шэраг выступленняў за незалежнасць Н.К. У 1988 паміж лідэрамі Н.К. і франц. ўладамі дасягнута пагадненне аб мірным урэгуляванні канфлікту. У 1998 усеагульны рэферэндум ухваліў новае пагадненне, паводле якога Н.К. атрымае незалежнасць у бліжэйшыя 15—20 гадоў.
Гаспадарка. Н.К. — краіна з развітой гарнаруднай прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт у 1996—2,1 млрд.дол. (11,4 тыс.дол. на 1 чал.), у т. л. ў прам-сці ствараецца 25%, у сельскай гаспадарцы — 3%, у абслуговых галінах — 72%. У прам-сці гал. значэнне маюць здабыча руд нікелю, кобальту, хрому, жалеза і інш. металаў. Здабыча нікелевых руд вядзецца адкрытым спосабам вакол 4 гарнарудных цэнтраў Непуі, Пора, Куауа і Тыо. Працуюць 2 з-ды па перапрацоўцы нікелевых руд (адначасова атрымліваюць і кобальт). Усе гарнарудныя прадпрыемствы належаць франц. кампаніі «Ле нікель». Вытв-сць феранікелю каля 70 тыс.т за год. Вытв-сць электраэнергіі 1,1 млрд.кВтгадз (1996). ЦЭС даюць 70% электраэнергіі, ГЭС — 30%. З прадпрыемстваў харч. прам-сці піваварныя і кансервавыя з-ды, па перапрацоўцы какосавых арэхаў, апрацоўцы кавы, млыны; з інш. галін — з-ды мылаварныя, пластмасавых вырабаў, буд. матэрыялаў, лесапільныя, мэблевыя, па рамонце і буд-ве невялікіх суднаў. Сельская гаспадарка задавальняе патрэбы насельніцтва на 30%, мае спажывецкі характар. У с.-г. карыстанні каля 230 тыс.га, пераважаюць жывёлагадоўчыя ўгоддзі. У гаспадарках еўрап. каланістаў каля 100 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы мяснога кірунку. Мясц. насельніцтва гадуе свіней і коз. Птушкагадоўля. На экспарт вырошчваюць какосавыя арэхі і каву, на свае патрэбы — бульбу, сланечнік, пшаніцу, кукурузу, ямс, тара, батат, маніёк, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. Рыбалоўства. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Транспарт аўтамаб. і марскі. На астравах 5,6 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Ёсць падвесныя канатныя дарогі для вывазу руд металаў да ўзбярэжжа. Знешнія сувязі абслугоўваюць марскі флот і авіяцыя. 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Нумеа. У 1996 экспарт склаў 500 млн.дол., імпарт 845 млн.дол.Гал. тавары экспарту — феранікель (95% кошту), абагачаныя руды нікелю, кобальту, хрому і інш. металаў, копра, кава; імпарту — харч. прадукты і прамысл. вырабы, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (29% экспарту, 45% імпарту), Японія (31% і 4%), Аўстралія (7% і 18%), ЗША (12% экспарту), Сінгапур, Тайвань, Новая Зеландыя. Дадатковыя даходы краіна атрымлівае ад міжнар. турызму. Грашовая адзінка — франк франц. кантор у Ціхім ак.
Літ.:
Меликсетова И.М. Новая Каледония: Прошлое и современность. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
лі́нія, ‑і, ж.
1. Вузкая палоска, рыса, праведзеная на якой‑н. паверхні ад адной кропкі да другой. Стаіць на мяккіх стружках дзядзька Язэп з алоўкам у руках і рысуе на каструбаватых дошках лініі.Чорны.// У матэматыцы — граніца паверхні, якая мае толькі адно вымярэнне — даўжыню. Прамая лінія. Ломаная лінія. Сярэдняя лінія трохвугольніка.// Уяўная рыса, якая злучае дзве кропкі або з’яўляецца граніцай перасячэння дзвюх паверхняў. Ад нашага берага да касы па прамой лініі каля шасці кіламетраў.В. Вольскі.
2. Паласа (існуючая ці ўяўная), якая вызначае граніцу, край чаго‑н. Берагавая лінія. □ У той час, калі нашы танкі падышлі да перадавой лініі, немцы пачалі перапраўляцца праз рэчку.Мележ.
3. Абрыс, контур чаго‑н. Абцякальныя лініі легкавой машыны. Лінія ракі. □ Стары брыгадзір .. сам намеціў лініі для капаў.Бядуля.// Пра абрысы чалавечага цела (твару, рота, рук). Лінія шыі. Лінія стану.
4.чаго. Доўгі рад якіх‑н. прадметаў, з’яў. Лінія дамоў. □ Далёка на поўнач і далёка на поўдзень цягнулася лінія акопаў па замёрзлых, заснежаных балотах.Мікуліч.
5. Пуць, палатно чыгункі ці трамвая. За шырокаю лініяй чыгункі, на шырокай прагаліне парасла густая трава.Чорны.// Шлях зносін, які звязвае два якія‑н. пункты. Чыгуначная лінія Масква — Мінск. Паветраная лінія Мінск — Гомель.
6. Сістэма прыстасаванняў (правадоў, кабелю і пад.) для тэлеграфнай і тэлефоннай сувязі. Часта званіў тэлефон, на лініі былі нейкія непаладкі, і прыходзілася так крычаць у трубку, што пад вечар зрываўся голас.Шахавец.// Сістэма прыстасаванняў (правадоў, кабелю і пад.) для перадачы электраэнергіі.
7. Паслядоўны рад асоб, аб’яднаных кроўнымі сувязямі. Лінія іхняга роду цягнецца сімвалічнай чырвонай істужкай ад рабочых і сялян.Бядуля.
8.перан. Напрамак, спосаб дзеянняў, думак, поглядаў. Генеральная лінія. Класавая лінія. Партыйная лінія паводзін.
9. Мера даўжыні, роўная 1/10 (яшчэ раней 1/12) цалі, якая ўжывалася да ўвядзення метрычнай сістэмы.
•••
Аўтаматычная лінія — група машын, якія аўтаматычна выконваюць у пэўнай тэхналагічнай паслядоўнасці ўвесь цыкл аперацый па апрацоўцы вырабаў.
Дэмаркацыйная лінія — а) лінія, паласа, устаноўленая паміж ваюючымі бакамі ў час перамір’я; б) лінія падзелу на зоны акупацыі тэрыторыі акупіраванай дзяржавы; в) у медыцыне — палоска, якая адмяжоўвае амярцвелую тканку ад здаровай.
Контурная лінія — перарывістая лінія, якая складаецца з кропак або кароткіх рысак.
Ламаная (ломаная) лінія — лінія, якая складаецца з адрэзкаў прамой, злучаных пад вуглом.
Гнуць (весці) сваю лініюгл. гнуць.
Ісці па лініі найменшага супраціўленнягл. ісці.
Па лініічаго ці якой — а) у якіх‑н. органах, установах. Працаваць па камсамольскай лініі; б) ад імя якога‑н. органа, установы. Вынесці вымову па партыйнай лініі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цэнтр, ‑а, м.
1.Спец. Пункт перасячэння якіх‑н. восей, ліній у фігуры, пункт з’асяроджання якіх‑н. адносін у целе. Цэнтр сіметрыі. Цэнтр акружнасці.
2. Сярэдзіна, сярэдняя частка чаго‑н. У самым цэнтры дубняку разгарнуліся ўшыр і ўвысь два волаты-дубы.Бядуля.Камандзірская зямлянка знаходзілася ў цэнтры лагера.Шамякін.// Частка, звычайна сярэдняя, горада, пасёлка і пад., дзе размешчаны асноўныя адміністрацыйныя ўстановы. Не даходзячы да цэнтра горада, Лабановіч ідзе глухім завулкам у бок прыстані.Колас.Цэнтра — некалі тут на ўзгорку стаяла царква — зусім не пазнаю: будынкі клуба, медпункта і калгаснай канцылярыі замыкаюць у сваім коле невялічкі скверык.Васілевіч.
3. Месца сканцэнтравання якой‑н. дзейнасці. Касмічны цэнтр. Цэнтр энергетыкі. Цэнтр міжнароднага рабочага руху. □ Масква, дзе знаходзіўся цэнтр абароны нашай Радзімы, .. перапраўляла нам цераз лінію фронту спецыяльна абучаныя групы і атрады для дыверсійнай і разведвальнай работы.«Звязда».//перан. Самае галоўнае, важнае, асноўнае. У цэнтры паэмы Максіма Танка стаяць адважныя савецкія патрыёты.Бугаёў.— Вось Янку Здольніка і трэба паставіць у цэнтры п’есы, — гаварыў Міровіч.Рамановіч.// Той (тое), вакол каго (чаго) групуецца, якому падпарадкоўваецца ўсё іншае. На гэтым сходзе .. [Міхась Чарот] цэнтр, гэта відаць і ў перапынках, калі яго тут жа акружае то адна, то другая група.Скрыган.
4. Горад, буйны населены пункт, які мае адміністрацыйнае, прамысловае, культурнае значэнне для якой‑н. мясцовасці, краіны. Раённы цэнтр. Абласны цэнтр.
5. Вышэйшы орган кіравання якой‑н. дзейнасцю. Загад цэнтра. Інструктар з цэнтра. □ Праменіцца сонца ў небе, Шуміць за сялом ураджай: Хоць рапарт кароткі аб хлебе У цэнтр, у ЦК, пасылай.Калачынскі.// У складзе назваў некаторых устаноў ці аддзяленняў, якія ведаюць чым‑н. На экранах тэлевізараў надпіс: «Гомельскі аматарскі тэлевізійны цэнтр».«Маладосць».
6.Спец. Група нервовых клетак, якая рэгулюе тую ці іншую функцыю арганізма.
7. У буржуазных парламентах — назва прамежкавых (паміж правымі і левымі) буржуазных партый, груп, груповак. Частка дэлегатаў, вядома, была неакрэсленай або хісталася па некаторых пытаннях, — так званы на парламенцкай мове «цэнтр», або «балота».Ленін.
8.Спец. Дэталь станка з конусным канцом, прызначаным для падтрымкі загатовак пры іх апрацоўцы.
•••
Гандлёвы цэнтр — будынак, у якім размяшчаюцца магазіны розных профіляў і розныя ўстановы бытавога абслугоўвання.
Тэлевізійны цэнтр — установа з тэхнічным абсталяваннем для тэлевізійнага вяшчання.
Цэнтр нападзення — асноўны ігрок групы нападзення ў футбольнай, хакейнай і пад. камандах.
Цэнтр цяжару — а) пункт цела, праз які праходзіць раўнадзейная сіла цяжару яго частак пры розных становішчах цела ў прасторы; б) самае асноўнае, галоўнае ў чым‑н.
(Быць) у цэнтры ўвагі — лічыцца галоўным, асноўным, выклікаць усеагульны інтарэс.
[Лац. centrum.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мя́ккі, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўгінаецца пры націсканні, не робіць уражання цвёрдасці, шчыльнасці пры датыканні; няжорсткі, няцвёрды. Лёг Янка на мяккую пасцель і заснуў як забіты.Якімовіч.Сцежка была мяккая, тарфяная, мялася пад нагамі і скрадвала шум крокаў.Чорны.// Тонкі, шаўкавісты, эластычны (пра валасы, шэрсць, матэрыю і г. д.). Мяккая воўна. Мяккі лён. Мяккі хром. □ [Аксеня] апусцілася над.. [Янам] на калені, заглянула ў твар, ласкава пагладзіла яго мяккія валасы.Пестрак.// Далікатны, не грубы. Нечакана нечыя мяккія і цёплыя пальцы ласкава прыкрылі вочы.Шыцік.
2. Які лёгка паддаецца апрацоўцы, лёгка змяняе форму пры сцісканні; проціл. цвёрды. Мяккая марка сталі. Мяккая гліна. □ Лясны грунт мяккі, падатлівы. Рыдлёўка ідзе ў зямлю добра.Ставер.Мароз адпаў, снег быў мяккі і не рыпеў пад нагамі.Паўлаў.// Свежы, нячэрствы. Мяккі пірог. Мяккі хлеб.
3.перан. Прыемны для ўспрымання; не рэзкі. Голас быў у Цярэшкі прыемны, мяккі і такі шчыры, што ішоў, здавалася, ад самога яго сэрца.Краўчанка.Лямпа з сінім абажурам залівала мяккім святлом стол і паперы.Карпюк.На дварэ дзьмуў мяккі вецер, ціха шумеў у лісцях клёнаў, што акружалі казармы.Дудо.// Плаўны, павольны. Мяккая хада. Мяккія рухі. □ Некаторыя [людзі] кінуліся адразу назад, ад штабеляў, ад берага, туды, .. дзе хадзілі пад сонцам мяккія, жытнія хвалі, дзе ўтульна зелянеў ускраек лесу.Лынькоў.// Ціхі, прыглушаны; ледзь чутны. Ад ракі даносіліся крыкі, смех, чуліся мяккія ўсплёскі вады.Дуброўскі.У калідоры пачуліся крокі. Асцярожныя, мяккія, як кашэчыя.Арабей.
4.перан. Некантрастны; не зусім выразны. Мяккія ружовыя цені калыхаліся між шэрых камяніц, раставалі ў зялёным змроку садоў.Лынькоў.
5.перан. Які лёгка паддаецца чужому ўплыву; хісткі, няўстойлівы. Мяккі «таварыш», проста як вата, Хоць куды хочаш яго запіхай.Крапіва.// Сардэчны, спагадлівы, чулы. Міхасёў бацька Лявон Архіпавіч быў чалавек мяккі, душэўны.Якімовіч.Калі .. [пісьменнік] пачаў гаварыць аб дзецях, аб якіх мала дбаюць бацькі, .. то некаторыя больш мяккія натуры ўцерлі слязу.Колас.// Які выражае сардэчную дабрату. Калі развіталіся за саўгасаўскім садам, Міша сказаў, і словы яго былі мяккія, добрыя: — Прыходзь часцяком, да нас.Баранавых.
7.перан. Пазбаўлены рэзкасці, грубасці; далікатны. У голасе разам з мяккім дакорам чулася зморанасць.Гарбук.Мяккі тон маёра адразу раззброіў.. [Пальчыка].Дамашэвіч.[Панна Ядвіга] тварам была копіяй бацькі, толькі з болей мяккімі і дробнымі рысамі.Бядуля.
8. Цёплы, несуровы (пра клімат, пагоду і пад.). Мяккі клімат. □ Нават Клім Турок, самы стары ва Узлессі чалавек, не памятаў такой мяккай зімы.Шахавец.
9. Які вымаўляецца прыбліжэннем сярэдняй часткі языка да цвёрдага паднябення (аб зычных гуках). Мяккія зычныя.
•••
Мяккая вадагл. вада.
Мяккая мэблягл. мэбля.
Мяккая пасадкагл. пасадка.
Мяккі вагонгл. вагон.
Мяккі знакгл. знак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БУРА́ЦІЯ, Рэспубліка Бурація,
складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 351,3 тыс.км². Нас. 1056 тыс.чал. (1994), гарадскога 60%. Жывуць бураты (24%), рускія (69,9%), украінцы, татары і інш. Сталіца — г.Улан-Удэ; 20 раёнаў, 6 гарадоў, 34 пасёлкі гар. тыпу.
Прырода. Размешчана Бурація на ПдУсх. Сібіры. Пераважаюць выш. 500—700 м, найб. — 3491 м (г. Мунку-Сардык). Паводле характару рэльефу падзяляецца на Селенгінскае сярэднягор’е (хрыбты Цаган-Дабан, Цаган-Хуртэй, Заганскі і інш.), Усх. Саян, Байкальскую горную вобл. (хрыбты Хамар-Дабан, Улан-Бургасы, Баргузінскі, Байкальскі і інш.) і Віцімскае пласкагор’е з выш. 1000—1200 м; паміж хрыбтамі — міжгорныя катлавіны: Гусінаазерская, Удзінская, Баргузінская, Верхнеангарская і інш. Карысныя выкапні: буры і каменны вугаль, руды вальфраму і малібдэну, поліметалічныя руды, нефеліны, золата, графіт, азбест, цэментная сыравіна. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -24 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў каля 300 мм за год. Гал. рэкі: Селенга, Баргузін, Верхняя Ангара, Віцім. Воз. Байкал. Больш як 300 мінер. крыніц. Шматгадовая мерзлата. Глебы пераважна падзолістыя, у цэнтр. і паўд. раёнах — каштанавыя і чарназёмы. 80% тэр. ўкрыта лясамі з лістоўніцы, піхты, кедру, хвоі. На Пд і ў цэнтр.ч. — стэп і лесастэп. Запаведнікі: Баргузінскі, Байкальскі.
Гісторыя. Засяленне тэр. Бураціі пачалося з верхняга палеаліту. У 3 ст. да н.э. — 11 ст.н.э. тут існавалі недаўгавечныя племянныя саюзы качэўнікаў і зменьвалі адна адну раннефеад. дзяржавы. Бур. плямёны занялі Прыбайкалле і Забайкалле ў пач. 13 ст.Бур. народнасць склалася ў 17—18 ст. У пач. 17 ст. ў Бураціі з’явіліся першыя рус. казацкія атрады. У сярэдзіне 17 ст. Бурація ўвайшла ў склад Расіі. У 2-й пал. 19 ст. тут пачалі развівацца капіталіст. адносіны. Умацаванню эканам. сувязей з Расіяй спрыяла буд-ва Сібірскай чыгункі (1892—1905). З гэтага часу царскі ўрад узмацніў прыгнёт буратаў і рэзка абмежаваў іх землекарыстанне, адабраў каля палавіны зямель. У лют. 1918 у Бураціі ўстаноўлена сав. ўлада. У жн. 1918 тэр. Бураціі акупіравана японскімі, у крас. 1919 — амер. войскамі; у Забайкаллі ўстанавіўся рэжым атамана Сямёнава. 2.3.1920 Чырв. Армія і прыбалтыйскія партызаны занялі Верхнеудзінск (Улан-Удэ), а да канца 1920 — усю Бурацію. Усх. частка Бураціі ўвайшла ў Далёкаўсходнюю рэспубліку, дзе 27.4.1921 утворана Бурат-Мангольская аўт.вобл., а заходняя — у РСФСР, дзе 9.1.1922 утворана Мангола-Бур.аўт. вобласць. 23.5.1923 абедзве аўт. вобласці аб’яднаны ў Бурат-Мангольскую АССР (з 7.7.1958 Бур. АССР) у складзе РСФСР.
У кастр. 1990 Вярх. Савет рэспублікі прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце Бураціі і ўвёў пост прэзідэнта. У сак. 1992 Бурація падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй, але пазней адмовілася ад яго. Афіцыйна застаецца суб’ектам Рас. Федэрацыі.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (абсталяванне для дрэваапр. прам-сці, суднабудаванне, вагонабудаванне і інш.), лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў (цэмент, шкло), харч. (мясныя і рыбныя кансервы) прам-сць. Здабыча бурага вугалю і графіту, здабыча і перапрацоўка вальфраму, малібдэнавых руд, апатытыў і інш. Гусінаазерская ДРЭС. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечка-, свінагадоўля). Птушкагадоўля. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, авёс, жыта) і кармавых культур. Бульбаводства, агародніцтва. Пушны промысел. Зверагадоўля. Рыбалоўства. Тэр. Бураціі перасякае Транссібірская магістраль, на Пн праходзіць Байкала-Амурская магістраль (буйныя тунэлі Паўн.-Муйскі — 15 км і Байкальскі — 6,7 км). Суднаходства па воз. Байкал, рэках Селенга і Баргузін. Курорты: Аршан, Гарачынск.
Культура. Першая бурацкая масавая газета «Шэнэ байдал» («Новае жыццё») выйшла ў Чыце ў 1921. У 1995 выходзілі газеты «Бураад унэн» («Бурацкая праўда»), «Бурятия», «Правда Бурятии» і інш. Радыёвяшчанне на бур. мове з 1934. З 1961 працуе тэлецэнтр ва Улан-Удэ. Радыё- і тэлевяшчанне на бур. і рус. мовах.
Аснова л-ры Бураціі — фальклор (оды-магталы, вершы, песні, паэмы, легенды, паданні, сказанні-улігеры). Вяршыня вуснай нар. творчасці — гераічны эпас «Гэсэр». Адзін з заснавальнікаў пісьмовай нац. л-ры — Х.Намсараеў. Традыцыі рэалізму ў л-ры савецкага часу развівалі П.Дамбінаў (Салбанэ Туя), Ц.Дандубон (Ц.Дон), Н.Балдано, Ч.Цыдэндамбаеў, А.Шадаеў, Ж.Тумунаў, М.Дамдзінаў і інш. Грамадска-сацыяльныя працэсы, фарміраванне новага чалавека адлюстроўвалі Б.Абідуеў, А.Бадаеў, Ц.-Б.Бадмаеў, Д.Батажабай, Ц.Галсанаў, Ц.Дамдзінжапаў, Д.Дашынімаеў, Д.Жалсараеў, А.Жамбалдаржыеў, Ц.Шагжын і інш. Плённа развіваліся паэзія, проза і драматургія. Патрыят. матывамі прасякнута творчасць бур. пісьменнікаў перыяду Вял.Айч. вайны. У пасляваенныя гады актывізаваўся жанр гіст. рамана (І.Калашнікаў, Б.Мунгонаў, Намсараеў, Тумунаў, Цыдэндамбаеў, А.Бальбураў), развіваюцца паэзія, дзіцячая л-ра, літ. крытыка і літ.-знаўства (С.Ангабаеў, Ч.-Р.Намжылаў, А.Сактоеў, Г.Тудзенаў, Д.Улзытуеў, М.Хамаганаў і інш.).
На тэр. Бураціі захаваліся рэшткі паселішчаў эпохі палеаліту і неаліту, наскальныя выявы жывёл, людзей, сцэн палявання (т.зв.пісаніцы), помнікі бронзавага веку: «аленевыя камяні» са стылізаванымі фігуркамі аленяў, плітачныя магілы, нажы і кінжалы з скульпт. выявамі жывёл, а таксама шматлікія гарадзішчы з рэшткамі жылля эпохі гунаў, ірыгацыйныя збудаванні, гарадзішчы, могільнікі курумчынскай культуры. У 18—19 ст. будаваліся манастыры-дацаны, у архітэктуры якіх перапляталіся цэнтр.-азіяцкія і мясц. традыцыі. У 1-й пал. 19 ст. ўзведзены шэраг класіцыстычных будынкаў. У сучасным буд-ве шырока выкарыстоўваюць жалезабетон, алюміній, шкло і пластык. У нар.-прыкладным мастацтве развіты вышыўка і аплікацыя па аксаміце, скуры, сукне, разьба па косці і дрэве. У апрацоўцы вырабаў з металу выкарыстоўваюцца насечка, чаканка, чэрнь, гравіроўка. Асвойваецца габеленавае ткацтва з выкарыстаннем конскага воласу.
У муз. фальклоры Бураціі вядомыя эпічныя паданні (улігер), лірычныя абрадавыя і танц. песні (ганец-карагод ёхар) і інш. Ладавая аснова — ангемітонная пентатоніка. Сярод нар. інструментаў: духавыя лімба (тып флейты) і бішхур (язычковы), струнныя хур (смычковы) і чанза (шчыпковы), шмат ударных. Сярод дзеячаў нац.муз. мастацтва: кампазітары Б.Ямпілаў, Д.Аюшэеў, Ж.Батуеў, Г.Дадуеў, С.Манжыгееў, Г.-Д.Дашыпылаў, спевакі К.Базарсадаеў, Д.Дашыеў, Л.Лінхавоін і інш. Працуюць (1996): Бурацкі т-р оперы і балета, муз. вучылішча, харэагр. вучылішча, Усх.-Сібірскі ін-т культуры, філармонія, Саюз кампазітараў і інш.
Вытокі бур.тэатр. мастацтва ў нар. песнях, гульнях, абрадах, пантамімічных танцах («цан»). У пач. 20 ст. наладжваліся этнагр. і аматарскія вечары, паявіліся бур. п’есы, аматарскі т-р. З 1927 працуе т-ррус. драмы, з 1932 — бурацкі драм. т-р. Ставіліся п’есы Г.Цыдынжапава, Х.Намсараева, А.Шадаева, Н.Балдано, Д.Батажабая і інш. Сярод артыстаў: Цыдынжапаў, Б.Вампілаў, Н.Гендунова, Ч.Генінаў, У.Халматаў, Н.Балдано, Д.Дандукаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯМО́ННЕ,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае тэр. Гродзенскай і сумежных ч. Брэсцкай і Мінскай абл. На Пд мяжуе з Заходнім Палессем (па вярхоўях р. Нараў і Ясельда да г. Бяроза і Івацэвічы), на У і ПнУ — адпаведна з цэнтральнай Беларуссю і Паазер’ем (на З ад г. Баранавічы па Налібоцкай пушчы, да г. Маладзечна, Мядзел, Паставы). Насельніцтва этнагенетычна склалася на слав. аснове з удзелам асіміляваных літвінаў (стараж. літвы і аўкштайтаў), ятвягаў, прусаў, татараў і інш. У сярэднія вякі рэгіён быў вядомы пад назвай Літва, побач з якой зрэдку ўжывалася і назва Чорная Русь, што, на думку некат. аўтараў (М.К.Любаўскі, П.Д.Бранцаў, У.І.Пічэта і інш.), уяўляла сабой першапачаткова слав. масіў на землях балцкіх плямён. У канцы 10—1-й пал. 11 ст. далучана да Кіеўскай Русі. У 12—1-й пал. 13 ст. знаходзілася ў сферы ўплыву Галіцка-Валынскага і Полацкага княстваў. У 13 ст. рэгіён апынуўся ў цэнтры важных паліт. падзей, якія зрабілі непасрэдны ўплыў на ўтварэнне ВКЛ. Яго першай сталіцай быў г. Новагародак (Навагрудак), дзе ў 1253 каранаваўся вял. князь Міндоўг. У гэты час этнічны склад насельніцтва рэгіёна папоўніўся за кошт шырокай хвалі перасяленцаў з Мазовіі, Прусіі, Жамойці, што сцякаліся сюды пад націскам тэўтонскай агрэсіі, а таксама мігрантаў з паўд.-рус. зямель, якія падвергліся спусташальнаму мангола-татарскаму нашэсцю. Край станавіўся адным з самых населеных і багатых абласцей.
У выніку этнічнага сімбіёзу на слав. аснове складваўся рэгіянальны тып культуры, у якой спалучаліся заходнярус. (бел.), польскія і балцкія рысы. Агульны лёс бел. і літ. народаў у складзе адзінай дзяржавы працяглы час абумоўліваў узаемны ўплыў і блізкія рысы ў развіцці этнасац., грамадска-прававых і эканам. адносін. Пасля Крэўскай 1385, Люблінскай 1569 і асабліва Брэсцкай 1596 уній узмацніліся экспансія каталіцтва і паланізацыя краю. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) П. адышло да Рас. імперыі. На тэр. П. былі ўтвораны Літоўская, пасля Гродзенская і Віленская губ. З 1920 П. ў складзе Польшчы, у 1939 уз’яднана з БССР.
У ландшафтах П. ўзгоркавыя ўзвышшы і перасечаныя раўніны чаргуюцца з шырокімі нізінамі, дрэніраванымі рэчышчамі Нёмана і яго прытокаў. Дзярнова-падзолістыя глебы на лёсападобных суглінках і водна-ледавіковых супесках пры захаванні пэўных агратэхн. правіл давалі высокія ўраджаі. У структуры пасеваў першае месца займала жыта (у сярэдзіне 19 ст. — 48,8% усёй плошчы), затым авёс (28,8), пшаніца (5,2), грэчка (4,6), ячмень (3,6), гарох (3), бульба (2,5); лён, проса, рэпа і каноплі складалі разам каля 3% пасеваў. У 2-й пал. 19 ст. пашырыліся пасевы кармавых траў, што паляпшала структуру глебы і стымулявала развіццё жывёлагадоўлі. Палі апрацоўваліся з дапамогай т.зв. літоўскай (палескай) сахі, якая была прыстасавана да мясц. умоў і мела больш лёгкую канструкцыю для аднаконнай (ці аднаваловай) запрэжкі. Шырокае развіццё мануфактурнай вытв-сці садзейнічала развіццю гандл. адносін. Прам-сць Гродзенскай губ. давала ў 1859 прадукцыі больш, чым усе астатнія бел. губерні, разам узятыя. Шырокі размах у П. атрымаў кірмашовы гандаль (толькі Зэльвенскі кірмаш у 1-й пал. 19 ст. па тавараабароце пераўзыходзіў усе кірмашы Мінскай і Віленскай губ.).
Да аграрнай рэформы 2-й пал. 16 ст. характэрным тыпам сельскіх пасяленняў была невял. вёска са свабоднай (бессістэмнай) забудовай. Перабудова пасяленняў паводле «Уставы на валокі» 1557 ахапіла 90% вёсак Гродзенскай эканоміі (больш, чым у якім-н. інш. рэгіёне Беларусі). У выніку правядзення валочнай памеры ўзнікла шмат новых вёсак вулічнага тыпу, якія размяшчаліся на адкрытай мясцовасці ўздоўж дарог і гандл. трактаў, паблізу рэк і азёр. Устаўныя вёскі (з жылым памяшканнем на адным баку вуліцы і з гасп. на другім) захоўваліся тут да пач. 20 ст. Вёскі дзярж. сялян (напярэдадні рэформы 1861 складалі трэцюю ч. насельніцтва) былі больш упарадкаваныя, у іх у 1860-я г. курныя хаты заменены «чыстымі». Прадстаўнікі свабоднага саслоўя (дробная шляхта, аднадворцы) пражывалі ў аколіцах, засценках, фальварках, назвы якіх часцей паходзілі ад прозвішчаў жыхароў. Кожны двор уяўляў аўтаномную ячэйку, слаба ўвязаную з агульнай структурай пасялення. Жылыя памяшканні звычайна будавалі ў глыбіні двара. Асабліва многа спадчынных маёнткаў дробнай шляхты было рассеяна на тэр. Ашмянскага пав. Значнае развіццё саматужнай прам-сці і гандлю павышала ў рэгіёне ролю мястэчак, якія звычайна вырасталі з сёл, што належалі буйным магнатам. Найб. тыповая для сял. сядзіб пагонная (аднарадная) сістэма забудовы. Гумны, пуні ставілі на некат. адлегласці ў канцы сядзібы ці насупраць па другі бок вуліцы. Там жа будавалі і свірны. Характэрныя для рэгіёна былі 2-павярховыя лямусы. Бытаванне тут лямусаў мае стараж. традыцыю і, паводле археал. матэрыялаў, яны вядомы з 11 ст. Тыповая планіровачная структура традыц. жылля хата + сенцы + камора. У пач. 20 ст. яна ўскладнілася вылучэннем функцыянальна самаст. кухні, спальні, святліцы. Дамы дробнай шляхты мелі падсені ці ганкі, у 2-й пал. 19 ст. іх будавалі і сяляне. Нар. архітэктура ў П. прагрэсіравала хутчэй, чым у інш. рэгіёнах, актыўна пераймаючы асобныя зах. канструкцыйныя формы і ўдала перапрацоўваючы іх у спалучэнні з традыцыйнымі. Побач з буд-вам жылля з круглых бярвён, што звязваліся ў просты вугал, у 19 ст. часцей сустракаліся пабудовы з брусковых бярвён, рубленых у гладкі (чысты, нямецкі) вугал. Высокія 2-схільныя і паўвальмавыя дахі мелі кроквенную канструкцыю, захавалася і традыц. апорная канструкцыя на стаяках і сохах. Дахі крылі саломай («пад шчотку», «пад страхоўку»), гонтай і чарапіцай. Характэрная прыкмета культ. ландшафтаў — прыдарожныя крыжы і капліцы.
Традыц. бел. адзенне ў мясц.этнагр. матэрыяле захавалася горш, чым у інш. рэгіёнах Беларусі. Стракаты этнасац. склад, параўнаўча развітая сістэма шляхоў зносін павялічвалі кантраст у адзенні і разам з тым садзейнічалі ўзаемнаму ўзбагачэнню. Тыповая верхняя вопратка — бурнос з адкладным каўняром свабоднага крою і прыталеная світа (сярмяга) з вузкім стаячым каўняром, сшытая з даматканага шэрага і цёмна-шэрага сукна. Дробная шляхта і дзярж. сяляне замест сярмягі насілі капот з шэрага і шэра-зялёнага сукна. Жанчыны насілі больш кароткую катанку. З інш. тыпаў верхняй вопраткі ў шырокім ужытку былі кажух, палатняны насоў, курта (спанцэрка), жаночы кафтан (каптанік), мужчынская безрукаўка (камізэлька). Звычайны комплекс жаночага адзення складаўся з ільняной кашулі, андарака (або спадніцы), фартуха, гарсэта. Кашулі з прамымі полікамі мелі адкладны каўнер і рукавы з абшлагамі. Стараж. тунікападобная кашуля раней, чым у інш. рэгіёнах, стала споднім адзеннем. Святочныя кашулі і льняныя фартухі ўпрыгожвалі вышыўкай, у якой дамінаваў геам. арнамент; найб. распаўсюджаная фігура — васьмівугольная зорка, у стылізаванай выяве блізкая да расл. форм (ваўкавыска-камянецкі строй). Гарсэты з цёмнага сукна шылі прыталеныя, часта з надрэзамі ў ніжняй частцы. Чапец (або каптур) нярэдка меў навушнікі і абшываўся па краі чырвонай стужкай. Як самастойны ўбор захаваўся да пач. 20 ст., звычайна яго надзявалі замужнія жанчыны на святы (мастоўскі строй, навагрудскі строй). Узорыстыя посцілкі, ручнікі, дываны, абрусы П. вызначаліся багаццем маст. сродкаў, высокім майстэрствам выканання. У вытв-сці керамічнага посуду і яго дэкар.-засцерагальнай апрацоўцы задымліванне часта спалучалася з глянцаваннем. Мясц. гаворкі П. ўваходзяць у паўд.-зах.дыялект. Адзначаныя рысы нар. культуры і гасп.-быт. ўкладу ў бел. П. прайшлі доўгі шлях развіцця, адлюстроўваюць складаную этнічную гісторыю насельніцтва краю.