сінцы́цій

(н.-лац. syncytium, ад гр. syn = разам + kytos = клетка)

біял. тып тканкі ў жывёл і раслін з няпоўным размежаваннем клетак, сукупнасць участкаў пратаплазмы, звязаных пратаплазмавымі перамычкамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

спіры́лы

(н.-лац. spirilla, ад гр. speira = выгіб)

бактэрыі, якія маюць форму спіральна выгнутых або дугападобных палачак; жывуць у вадаёмах, глебе, трапляюцца ў гноі гною, страўніку жывёл.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

стро́ма

(гр. stroma = падсцілка)

асноўная апорная структура органаў, тканак і клетак жывёл і раслін, напр. злучальная тканка залоз, бялковая аснова эрытрацытаў, спляценне гіфаў у многіх сумчатых грыбоў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

трансфера́зы

(ад лац. transferre = пераносіць, пераводзіць)

група ферментаў, пад уплывам якіх адбываюцца рэакцыі ўнутрымалекулярнага і міжмалекулярнага пераносу атамаў або груп атамаў у арганізме чалавека, жывёл і раслін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

трыпанасамо́зы

(ад гр. trypanon = свярдзёлак + сома)

хваробы чалавека і жывёл, якія выклікаюцца трыпанасомамі (напр. сонная хвароба, хвароба Шагаса); у людзей трапляюцца пераважна ў Афрыцы і Паўд. Амерыцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фала́нга2

(гр. phalanks, -ngos)

1) кожная з кароткіх трубчастых костачак пальцаў чалавека і пазваночных жывёл;

2) ядавітая членістаногая жывёла класа арахнідаў, якая жыве ў цёплых краінах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

флагела́ты

(лац. flagellatus = забяспечаны бічом)

аднаклетачныя і каланіяльныя арганізмы, што маюць жгуцікі, пры дапамозе якіх рухаюцца; жывуць у вадзе або паразітуюць у арганізме чалавека і жывёл; жгуцікавыя.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МІЛАГРА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія жылі ў бас. Дняпра паміж сярэднім цячэннем Бярэзіны на Пн і р. Рось на Пд, Зах. Бугам на З і р. Іпуць на У (тэр. Пд Беларусі і Укр. Палесся). Назва ад гарадзішча Мілаград. Датуецца 7—3 ст. да н.э. Характэрны 2 тыпы паселішчаў: умацаваныя (гарадзішчы) і неўмацаваныя (селішчы). У Падняпроўі і Пасожжы ўмацаванні рабілі ў выглядзе валоў і равоў з боку поля, а ў Палессі валы і равы ўмацоўвалі пляцоўкі гарадзішчаў з усіх бакоў. Селішчы вядомы ва ўсім арэале культуры. Асн. тып жытлаў — зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы прамавугольнай або круглаватай формы пл. 12—16 м² слупавой канструкцыі, з выступам каля адной са сцен; былі разлічаны на адну сям’ю. Агнішчы адкрытыя, у круглых і авальных ямах паміж апорным слупам і сцяной. Пахавальныя помнікі — курганныя і бескурганныя (грунтавыя) могільнікі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на пясчанай падсыпцы або на гарызонце ў драўляных зрубах, а таксама ў неглыбокіх мацерыковых ямах. Пахавальны інвентар складалі адзін або некалькі гаршкоў, радзей — зброя ці ўпрыгожанні. Бескурганныя (грунтавыя) могільнікі размяшчаліся на ўзвышшах або прымыкалі да гарадзішчаў. У іх пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка. Пахавальны інвентар — кавалкі гліняных пасудзін і зубы свойскіх жывёл. Радзей трапляюцца прылады працы, зброя, упрыгожанні. Для носьбітаў М.к. характэрны гліняны посуд з прамым адагнутым вонкі венчыкам і яйца- або шарападобным тулавам, а таксама паўсферычныя гаршкі без пазначанага венчыка. Частка посуду аздоблена ўцісканнямі круглай палачкі, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі ўцісканнямі, «жамчужынамі». Гліняныя прасліцы і грузікі часам дакладна капіруюць форму посуду. Ёсць знаходкі гліняных фігурак жывёл. Рэчавы комплекс разнастайны: прылады працы з жалеза, наканечнікі дзідаў, стрэлы, каменныя сякеры, зерняцёркі, таўкачы, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі і інш.

Асн. формы гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля; паляванне і рыбалоўства мелі дапаможны характар. Былі развіты дамашнія рамёствы: здабыча і апрацоўка жалеза, ліццё бронзы, прадзенне, ткацтва, выраб ляпнога посуду. Этнічная прыналежнасць «мілаградцаў» застаецца спрэчнай. Частка вучоных лічаць іх славянамі, інш. адносяць іх да балтаў.

Літ.:

Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;

Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;

Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967;

Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. М., 1970.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОСТ,

павелічэнне масы і лінейных памераў асобіны і яе органаў. Адбываецца за кошт павелічэння колькасці і масы клетак, няклетачных утварэнняў у выніку перавагі працэсаў анабалізму над працэсамі катабалізму. У жывёл Р. звязаны з якаснымі зменамі — дыферэнцыроўкай. Некат. жывёлы (напр., малюскі, рыбы, земнаводныя) растуць на працягу ўсяго жыцця, у інш. Р. спыняецца на пэўным узросце (напр., шэраг насякомых, птушкі). Працэсы Р. маюць сезонную (звязаныя са зменай пары года, што адлюстроўваецца ў гадавых слаях шкілетных структур) і сутачную (назіраецца па частаце дзялення клетак і павелічэнні памераў усяго арганізма) рытмічнасці; ёсць інш., напр., 15-сутачныя рытмы Р. марскіх малюскаў, звязаныя з прылівамі. Спадчыннасць Р. вызначаецца ўздзеяннем многіх генаў. На Р. уплываюць забяспечанасць ежай, т-ра, вільготнасць (для наземных арганізмаў), салёнасць (для марскіх арганізмаў), шчыльнасць папуляцыі і інш. фактары навакольнага асяроддзя. Рэгулюецца пераважна гармонамі (напр., у пазваночных жывёл — гармонамі гіпофіза, вілачкавай, шчытападобнай і палавых залоз). Р. чалавека, або даўжыня цела — праекцыйная адлегласць ад т.зв. верхавінкі галавы да плоскасці ступняў. У спалучэнні з інш. адзнакамі характарызуе фіз. развіццё, прапорцыі цела, часам этн. прыналежнасць. Залежыць ад сукупнасці фактараў асяроддзя, спадчыннасці і мае ўзроставую, палавую, групавую, унутрыгрупавую (індывід.) і эпахальную зменлівасць. У 1-ы год жыцця сярэдні прырост звычайна 24 см, да 3 гадоў — 10 см, да 7 гадоў — 6—6,5 см, у перыяд палавога выспявання — 5—7 см. З 10 да 14 гадоў дзяўчынкі растуць больш інтэнсіўна, але пасля 14 гадоў хлопчыкі зноў становяцца вышэйшымі. У мужчын працэс Р. заканчваецца ў 18—20 гадоў, у жанчын — у 16—18 і даўж. іх цела на 8—11 см меншая, чым у мужчын. Пасля заканчэння Р. і прыкладна да 50 гадоў даўж. цела стабільная, потым паступова памяншаецца. У чалавека Р. не заўсёды звязаны з геагр. становішчам і кліматам. Напр., малы Р. (ніжэй за 160 см у мужчын) маюць эскімосы, бураты, в’етнамцы; вял. (вышэй за 170 см) — шатландцы, шведы, жыхары Балканскага п-ва. Размах індывід. зменлівасці большы за групавую (18—20 см ад сярэднеарыфм. значэння Р. людзей дадзенай групы). Эпахальныя змены праяўляюцца, напр., у акселерацыі. Паталаг. парушэнні Р. чалавека, звязаныя з дзейнасцю залоз унутр. сакрэцыі, — карлікавы рост і гігантызм. Р. раслін — неабарачальнае павелічэнне памераў і масы раслін, звязанае з новаўтварэннем элементаў іх структуры (клетак, тканак, органаў); аснова рухаў раслін (настый, трапізмаў). Асн. этапы Р. (дзяленне клетак, іх расцяжэнне і дыферэнцыроўка) адбываюцца ў спец. утваральных тканках, мерыстэмах, таму расліны здольны расці на працягу ўсяго жыцця. Тыпы Р. розных органаў вызначаюцца размяшчэннем мерыстэм. Важная асаблівасць — рытмічнасць (чаргаванне працэсаў інтэнсіўнага і запаволенага Р.). Ёсць рытмы, звязаныя са зменамі навакольнага асяроддзя, і рытмы, якія кантралююцца ўнутр. фактарамі, замацаванымі генетычна ў ходзе эвалюцыі. Працэс Р. перапыняецца працяглымі перыядамі яго тармажэння, якія звязаны ў паўн. ш. з памяншэннем светлавога дня і надыходам зімы, а ў паўд. — з засушлівым сезонам. Рэгуляцыя Р. фітагармонамі заснавана на яго стымуляцыі (аўксіны, гіберэліны і інш.) і прыгнечанні (абсцызавая кіслата). Інтэнсіўнасць роставых працэсаў залежыць ад асветленасці, мінер. жыўлення, воднага рэжыму, даўжыні дня, т-ры. Р. мікраарганізмаў — каардынаванае самаўзнаўленне клетачных кампанентаў, якое прыводзіць да размнажэння клетак і павелічэння біямасы папуляцыі. Працэсы Р. адбываюцца больш інтэнсіўна, чым у жывёл і раслін (напр., у некат. бактэрый падваенне біямасы адбываецца за 5 мін). Макс. магчымая хуткасць Р. залежыць ад віду мікраарганізмаў, саставу пажыўнага асяроддзя і ўмоў. Клеткі, што не растуць і не перайшлі ў стан спакою (споры), вычэрпваюць рэзервовыя рэчывы і паступова адміраюць.

С.​С.​Ермакова.

т. 13, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

канадо́нты

(н.-лац. conodonti, ад гр. konos = конус + odus, odontos = зуб)

рэшткі вымерлых жывёл у выглядзе дробных зубападобных утварэнняў з фосфарна-кіслага кальцыю, якія сустракаюцца ў адкладах палеазою.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)