КУРПЯШО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ У Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Курпяшы. Паклад у выглядзе 3 адорвеняў залягае ў тоўшчы адкладаў сожскага зледзянення. Мел шаравата-белы, шчыльны, з уключэннямі крэменю і пясчана-гліністага матэрыялу. Разведаныя запасы 22,6 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,7—35,4 м, ускрышы (пяскі, суглінкі, гліны) 0,3—22 м. Мел прыдатны на выраб вапны і вапнавання кіслых глеб.

А.​П.​Шчураў.

т. 9, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЫЛЕ́НКА (Уладзімір Цімафеевіч) (25.12.1924, в. Бабінічы Віцебскага р-на — 13.5.1942),

Герой Сав. Саюза (1942). У Вял. Айч. вайну з 1941 партызан — падрыўнік атрада І.​Р.​Шлапакова ў Смаленскай вобл. За 10 месяцаў падарваў некалькі аўтамашын, 2 гарматы, пусціў пад адхон 4 эшалоны з жывой сілай і тэхнікай ворага. Вяртаючыся з баявога задання, трапіў у засаду, быў цяжка паранены, памёр ад ран. У Смаленску К. пастаўлены помнік.

У.Ц.Курыленка.

т. 9, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАВІ́ЦКІ (Генадзь Міхайлавіч) (н. 28.8.1942, в. Нова-Беліца Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. дзярж. дзеяч, дыпламат. Ген.-лейтэнант (1994). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1970), Вышэйшыя курсы КДБ пры СМ СССР (1971). З 1970 у органах КДБ БССР. З 1984 у цэнтр. апараце КДБ СССР. У 1986—94 нам. старшыні, у 1994 старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь. З 1995 Надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Ізраілі.

т. 9, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНЬ,

вёска ў Нясвіжскім р-не Мінскай вобл., каля р. Лань. Цэнтр сельсавета і калект. сельскай гаспадаркі. За 10 км на Пд ад г. Нясвіж, 122 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Клецк. 794 ж., 294 двары (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Троіцкая царква (19 ст.).

т. 9, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПА (Віталій Вітальевіч) (н. 21.6.1951, в. Сугакі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аграхіміі. Д-р с.-г. н. (1995), праф. (1997). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1972). З 1977 у Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (з 1989 нам. дырэктара), адначасова з 1997 у БСГА. Навук. працы па рацыянальным выкарыстанні ўгнаенняў на дзярнова-падзолістых глебах.

Тв.:

Агрохимия. Мн., 1995 (у сааўт.).

т. 9, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСЮКО́Ў (Прохар Аляксеевіч) (10.8. 1902, в. Ахімкавічы Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. — 12.6.1970),

генерал-палкоўнік інж.-тэхн. службы (1958). Скончыў Ваен.-паветр. акадэмію (1932). У Чырв. Арміі з 1920. З 1932 на адказных пасадах у ВПС па стварэнні і ўдасканаленні авіяц. тэхнікі. З 1941 гал. інжынер ВПС Бранскага фронту, нам. гал. інжынера ВПС. З 1952 нам. галоўнакамандуючага ВПС, нам. нач. Ваенна-паветр. інж. акадэміі.

т. 9, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРЫНО́ВІЧ (Эдуард Віктаравіч) (27.10.1909, в. Кулакова Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 12.3.1982),

Герой Сав. Саюза (1944). З 1938 старшыня калгасаў у Буда-Кашалёўскім р-не. З жн. 1941 у тыле ворага: камандзір дыверсійнай групы, узвода, 1-й Гомельскай партыз. брыгады. Званне Героя прысвоена за мужнасць і гераізм пры выкананні ўрадавых заданняў. У 1943—71 на сав. і адм. рабоце. Аўтар кн. «Вогненныя рэйкі» (2-е выд., 1974).

т. 9, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРО́НКА (Яўген Міхайлавіч) (23.2. 1900, г. Чугуеў Харкаўскай вобл., Украіна — 1987),

расійскі геабатанік. Акад. АН СССР (1968, чл.-кар. 1946). З 1931 праф. Харкаўскага с.-г. ін-та, з 1934 у Бат. ін-це АН СССР. Навук. працы па тэорыі біягеацэналогіі, расліннасці стэпаў і пустынь Еўразіі і Паўн. Афрыкі, раянаванні і картаграфаванні расліннасці, ахове прыроды.

Тв.:

Степи СССР // Растительность СССР. М.; Л., 1940. Т. 2.

т. 9, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНО́ВІЧ (Іван Сямёнавіч) (3.7.1920, в. Слабодка Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 12.11.1946),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Мінскі аэраклуб (1938), Харкаўскую ваен. авіяц. школу (1939), Краснадарскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1940). З 1942 на Ленінградскім, Волхаўскім, Карэльскім франтах: пілот, камандзір звяна, нам. камандзіра, штурман эскадрыллі знішчальнага палка ст. лейтэнант Л. зрабіў 340 баявых вылетаў, удзельнічаў у 51 паветр. баі, збіў 28 самалётаў праціўніка. Загінуў у аўтакатастрофе.

І.С.Леановіч.

т. 9, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНЦЮ́К (Людміла Аляксандраўна) (4.4.1931, г. Кыштым Чэлябінскай вобл., Расія — 6.8.1991),

бел. вучоны ў галіне гісталогіі. Д-р мед. н. (1982). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1955). З 1959 у Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па структурных асновах механізмаў нерв. рэгулявання функцый жаночай рэпрадуктыўнай сістэмы, метадах карэкцыі іх парушэнняў.

Тв.:

Функциональная морфология нервного аппарата яичников в онтогенезе. Мн., 1977;

Биологическая роль овариопексий. Мн., 1979.

т. 9, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)