ПАДАЛІ́РЫЙ (Iphiclides podalirius, або Papilio podalirius),
дзённы матыль сям. паруснікаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы. Трапляецца на лясных палянах, у зарасніках цёрну. На Беларусі вельмі рэдкі (адзначаны ў Брэсцкай, Гродзенскай і Магілёўскай абл.). Занесены ў Чырв. кнігу.
Размах крылаў да 8 см. Афарбоўка бледна-жоўтая, на пярэдніх чорныя клінападобныя палосы, заднія з чорна-блакітнай аблямоўкай. Каля асновы задніх крылаў пляма, на канцы хвосцікі даўж. да 20 мм. Дарослыя кормяцца нектарам кветак, вусені — лісцем цёрну, вішні і інш. раслін, пераважна з сям. ружавых. 1—2 пакаленні за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВІ́ЧКА,
галаўны ўбор замужніх жанчын на Беларусі у ляхавіцкім строі. Прадаўгаватым кавалкам (шырыня 12—15 см, даўжыня 50—60 см) саціну, атласу, парчы (уласна П.) абгортвалі тканку з чапцом і замацоўвалі шпількамі і іголкамі. Для пругкасці ў П. ўстаўлялі кардон, паперу, накрухмаленае палатно. Выкарыстоўвалі пераважна тканіну чырв. колеру з верт. белымі палоскамі ці блакітнага колеру з расл. узорам. Святочныя П. ўпрыгожвалі букетамі жывых кветак ці дэкар. зеляніны, якія ўтыкалі збоку ці па цэнтры, а таксама тасёмкамі, пацеркамі і інш. У вясельным уборы паверх П завівалі намітку, а на патыліцы мацавалі пышны букет кветак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКАВАНО́СЫ (Rhinolophidae),
сямейства млекакормячых атр. рукакрылых. 2 роды, 69 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераных шыротах Усх. паўшар’я. Жывуць у пячорах, дуплах, трапляюцца ў збудаваннях. Часам утвараюць вял. калоніі. Здольныя ў шырокіх межах змяняць т-ру цела (гетэратэрмнасць).
Даўж. 3,5—11 см. Вушныя ракавіны буйныя, востраканцовыя. На канцы морды голыя скурыстыя ўтварэнні складанай формы: «падкова», «сядло» і «ланцэт» (адсюль назва), якія прымаюць удзел у фарміраванні накіраванасці эхалакацыйных сігналаў, што выпускаюцца праз ноздры. Крылы шырокія. Кормяцца насякомымі, пераважна начнымі матылямі. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНАЕ ЗЗЯ́ННЕ,
аптычная з’ява ў верхніх слаях атмасферы (іанасферы), якая выяўляецца ў свячэнні (люмінесцэнцыі) разрэджанага паветра (гал. чынам атамаў кіслароду і малекул азоту) на вышыні ад 60 да 1000 км. Свячэнне (блакітна-белае, жоўта-зялёнае, радзей чырванаватае і фіялетавае) назіраецца пераважна ў высокіх шыротах (на адлегласці да 20—25°паўн. ш. і паўд. ш. ад магнітнага полюса), адначасова на ўсіх даўготах, з рознай інтэнсіўнасцю. Доўжыцца ад дзесяткаў мінут да некалькіх сутак. Паводле формы П.з. адрозніваюць: дыфузнае свячэнне і дугі ад аднаго пункта гарызонту да другога, а таксама прамяні, стужкі, кароны, плямы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГВА́Й (Paraguay, на мове гуарані — крыніца мора),
рака ў Бразіліі і Парагваі, правы прыток р. Парана, на асобных участках служыць мяжой паміж Парагваем, Бразіліяй і Аргенцінай. Даўж. каля 2500 км, пл. басейна 1,2 млн.км². Вытокі ў паўн.-зах.ч. Бразільскага пласкагор’я, цячэ па глыбокай забалочанай упадзіне Пантанал і нізіннай ч. прыроднай вобласці Гран-Чака. Гал. прытокі: Пількамайо, Рыо-Бермеха (справа). Рэчышча пераважна звілістае, шмат пясчаных меляў і астравоў. Разводдзе ў маі—чэрвені. Сярэдні расход вады каля 4 тыс.м³/с. П. — гал.трансп. магістраль Парагвая. Суднаходная ад г. Карумба (Бразілія). На П. гарады Кансепсьён, Асунсьён (Парагвай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́Н (франц. partisan) у міжнародным праве, асоба, якая з’яўляецца ўдзельніцай партызанскага руху і змагаецца ў складзе партызанскіх фарміраванняў на тэрыторыі, што занята праціўнікам або кантралюецца рэакцыйным рэжымам; адносіцца да камбатантаў. П. абапіраюцца на падтрымку мясц. насельніцтва, з якога пераважна папаўняюцца партызанскія фарміраванні. П. таксама становяцца ваеннаслужачыя, што засталіся ў тыле ворага або спецыяльна пасланы для вядзення баявых дзеянняў. Яны арганізаваныя, узначальваюцца асобай, якая адказвае за падначаленых, маюць адметны знак, адкрыта носяць зброю, у баявых дзеяннях захоўваюць нормы міжнар. права, якія прымяняюцца ў перыяд узбр. канфліктаў. Гэтыя палажэнні замацаваны рэзалюцыямі Ген. Асамблеі ААН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́Г,
у беларусаў старадаўні звычай даваць некаторую маёмасць маладой яе бацькамі або родзічамі. Рыхтаваць П. пачыналі з самага маленства дзяўчыны. Першапачаткова складаўся толькі з хатніх рэчаў (адзенне для нявесты і жаніха, пасцельныя рэчы, дываны, посуд, прылады працы і інш.), пазней (пераважна ў заможных сем’ях) яго гал. часткай стала хатняя жывёла, лён, з 2-й пал. 19 ст. — нерухомая маёмасць, грошы. З’яўляўся пажыццёвай уласнасцю нявесткі. Пра П. дамаўляліся ў час сватання, а канчаткова — на заручынах. У канцы вяселля П. урачыста (часам у суправаджэнні жартоўных песень) перавозіўся гасцямі з боку маладой у дом маладога.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́Ж (франц. passage літар. праход, пераход),
1)у музыцы — паслядоўнасць гукаў у хуткім тэмпе (з 16 ст.), характэрная для віртуознай музыкі і цяжкая для выканання. Бываюць гамападобныя, акордавыя і мяшаныя. У віртуозных творах буйнейшых кампазітараў напоўнены значным меладычным зместам (фп. эцюды Ф.Ліста, Ф.Шапэна).
2) У архітэктуры — тып гандл. ці дзелавога будынка, у якім магазіны, канторскія памяшканні размешчаны ярусамі па баках шырокага праходу з зашклёным пакрыццем. Будавалі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.пераважна ў Еўропе.
3) Адзін з відаў верхавой язды — высокая рытмічная рысь.
4) У пераносным сэнсе — нечаканае здарэнне, дзіўны паварот справы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́ТЫ (ням. Passat, галанд. passaat, верагодна, ад ісп. viento de pasade вецер, які спрыяе пераезду),
устойлівыя на працягу года паветраныя цячэнні ў трапічных і экватарыяльных шыротах (ад 25—30°паўн. ш. і паўд. ш. амаль да экватара) пераважна над акіянамі. Паблізу зямной паверхні ў выніку трэння і дзейнасці Карыяліса сілы ў Паўн. паўшар’і вятры маюць паўн.-ўсх. напрамак, у Паўд. — паўд.-ўсходні. Паміж П. Паўн. і Паўд. паўшар’яў — унутры-трапічная зона канвергенцыі; над П. дзьмуць антыпасаты. П. маюць важнае значэнне ў агульнай цыркуляцыі атмасферы, абумоўліваюць узнікненне пасатных цячэнняў, на сушы садзейнічаюць утварэнню і захоўванню трапічных пустынь (гл.Пасатны клімат).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛАВЕ́Ц (Вячаслаў Генадзевіч) (н. 1.10.1959, г. Бійск Алтайскага краю, Расія),
бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.маст. ін-т (1982). З 1984 маст. рэдактар час. «Мастацтва». Працуе пераважна ў тэхніках акварэлі, пастэлі. Творам уласцівы лірызм, філас. падыход да адлюстравання рэчаіснасці, разнастайнасць выкарыстання тэхн. сродкаў і форм выяўлення ў спалучэнні з рэаліст. манерай выканання. Сярод твораў: серыі акварэляў «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (1982), «Бацькаўшчына» (1984—86), «Уражанні» (1991), «Дрэвы» (1992), «Матэрыя часу», «Рэальнасць нерэальнасці», «Рух падсвядомасці» (усе 1993), «Стварэнне літары» (1994), «Геаметрыя краявіду» (1997—99). «Мроі і ўспаміны» (2000).