Рагаві́ца ’празрыстая вонкавая абалонка вока’ (ТСБМ), рус.рогови́ца, укр.рогі́вка, польск.rogówka, чэш.rohovka, в.-луж.rohowka, серб.ро̏жна навлака, славен.roženica, балг.ро́говица, літ.ragenà. Хутчэй за ўсё, слова мае сувязь з арагаве́ць ’стаць цвёрдым’, паколькі абазначае цвёрдую абалонку вока, параўн. ням.Hornhaut ’рагавіца’, якое складаецца з Horn ’рог’ і Haut ’скура’, франц.cornée ’рагавіца’, corne ’рог’, ’арагавеласць’. Паводле Бязлая (3, 191) адпаведнае славенскае слова з нямецкага слова, што з’яўляецца калькай лац.cornea ’тс’. Менш верагодна сувязь з рог2 ’вугал, куток’, аднак, тады цяжка даць семантычнае абгрунтаванне. Па іншай версіі лічыцца суфіксальным вытворным ад ро́гавы (< рог), матывацыяй у такім выпадку мог паслужыць рознакаляровы адліў знешняй часткі рогаў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Стыль1 ‘драўляны калок, якім замацоўваюць бярвенні ў сцяне зруба’ (Сцяшк.), стыль, штыль ‘шост, пры дапамозе якога кіруюць паромам; багор для сартыроўкі бярвенняў пры сплаве’ (Маслен.). З ням.Stil ‘ручка, дзяржанне’ праз польск.styl ‘тс’; параўн. Брукнер, 524.
Стыль3 ‘спосаб, характар пісьма, творчасці і інш.’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.). Запазычанне з франц.style ‘тс’ праз польск.styl ‘тс’ ці рус.стиль ‘тс’; паходзіць ад лац.stilus ‘завостраны калок; кіёчак для пісання на васковай дошчачцы; спосаб выкладання, пісьма’. Гл. Брукнер, 524; Фасмер, 3, 760.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Табін, ст.-бел.табинъ ’гатунак тоўстай шаўковай тканіны’, табинокъ ’тая ж тканіна з прымессю воўны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр.та́бін, таби́н, ’гатунак шаўковай тканіны’, рус.табенек, полутабенек ’від шаўковай тканіны’. Старабеларускія і польскія словы Булыка (Лекс. запазыч., 115; БЛ, 17, 64–65) выводзіць непасрэдна з тур.-перс.tabin = tabi ’тс’. Украінскае і рускае словы лічацца запазычаннямі адпаведна праз польск.дыял.tabin ’гатунак шаўковай тканіны’ або ням.Tabin ’тс’ з франц.tabis (у XIV ст. atabis) ’муараваная шаўковая тканіна’ праз ісп.tabí ’тс’ з араб.attābī ’тс’. Арабская назва тканіны паходзіць ад at‑Attābī́yah, назвы квартала, дзе яна выраблялася (ЕСУМ, 5, 499; Фасмер, 4, 6; Брукнер, 563).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тафта́ ’шаўковая або баваўняная глянцавітая тканіна’ (ТСБМ), ст.-бел.тафта ’тс’; сюды ж тафта́ннік ’паркаль’ (Сцяшк. Сл.). Старабеларускае слова фіксуецца з 1497 г. і выводзіцца з тур.асм.tafta, што з перс.tāftä ’від тканіны’ (Булыка, Лекс. запазыч., 115). Дапускаюць два шляхі пранікнення: непасрэдна з турэцкай (параўн. удакладненае ст.-бел.китайки тафты куском; 1511 г.) або праз польск.tafta з франц.taffetas ’тс’ ці італ.taffetà ’тс’. Менш верагодна рускае пасрэдніцтва, як даводзіць Цыхун (Пути поднебесной, Минск, 2006, 1, 260); мажліва, паўторнае запазычанне з рус.тафта́ ’тс’, гл. Фасмер, 4, 29; Брукнер, 563; ЕСУМ, 5, 528–529; Голуб-Ліер, 476; Махэк₂, 633; Міту, Зб. памяці Слаўскага, 305.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ (франц. organisation ад позналац. organizo надаю зграбны выгляд, упарадкоўваю),
1) ступень і характар упарадкаванасці элементаў сістэмы, яе адэкватнасць функцыям, што выконвае гэта сістэма. Паняцце «арганізацыя» азначае сістэмны аб’ект, упарадкаванасць, мэтанакіраваную дзейнасць кібернетычных сістэм, сац. сістэму як сродак дасягнення мэты. Сама канцэпцыя арганізацыі, такім чынам, уключае агульнафіласофскі, сістэмны, кібернетычны і сацыялагічны падыходы. Стварыць агульнае вучэнне аб арганізацыі спрабаваў А.А.Багданаў (1913), які выказаў ідэю ізамарфізму розных арганізацыйных структур, блізкую да агульнай тэорыі сістэмы, кібернетыкі, сінергетыкі, канцэпцыі глабальнага эвалюцыянізму і інш. Вызначальныя рысы арганізацыі — упарадкаванасць, функцыянальнасць, іерархічнасць. Упарадкаванасць уключае парадак (разнастайнасць устойлівых сувязяў у патоку змен), кампазіцыю элементаў (від ўладкаванасці) і функцыянальную залежнасць (змена элемента вядзе да змены інш. элементаў ці ўсёй сістэмы ў цэлым і, наадварот, змена сістэмы вядзе да змены яе структурных элементаў). Функцыянальнасць характарызуе адносіны сістэмы з навакольным асяроддзем, дасягненне за кошт арганізацыі прыстасавальнага (функцыянальнага) эфекту. Сутнасць іерархічнасці ў тым, што кожная арганізацыя мае розныя ўзроўні (сістэмы і падсістэмы, ступені, формы, структуры, тыпы і г.д.), разуменне якіх спрыяе выяўленню генетычнай сувязі паміж імі: у нежывой прыродзе — ад субклетачнага да Метагалактыкі, у жывой прыродзе — ад субклетачнага да біясфернага (і наасфернага), у грамадстве — ад чалавека да соцыуму.
2) Аб’яднанне людзей для сумеснай рэалізацыі пэўнай праграмы ці мэты на аснове вызначаных правілаў дзеяння.
3) Сукупнасць працэсаў ці дзеянняў, якія вядуць да ўтварэння і ўдасканальвання ўзаемасувязяў паміж часткамі цэлага.
Літ.:
Богданов А.А. Текстология: Всеобщая организационная наука. Кн. 1—2. М., 1989;
Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Пер. с англ.М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РМІЯ (франц. armée ад лац. armare узбройваць),
1) ваенны орган дзяржавы, прызначаны праводзіць яе палітыку сродкамі ўзбр. насілля.
Узнікла разам з дзяржавай. Кожная сац.-эканам. фармацыя мела адпаведныя формы арганізацыі. Вядомы арміі: масавая, наёмная, міліцыйная, пастаянная, рэгулярная. Пастаянныя ўзбр. атрады разам з апалчэннем складалі аснову будаўніцтва першых рабаўладальніцкіх дзяржаў. Тады з’явіліся амаль усе формы арганізацыі арміі, якая складалася з лёгкай, сярэдняй і цяжкай пяхоты, конніцы, калясніц баявых і інш. У феад. эпоху фарміраваліся і выкарыстоўваліся таксама вярбовачныя і наёмныя войскі, у ВКЛ у 14—18 ст. аснову арміі складала апалчэнне — т.зв. паспалітае рушэнне, ядром якога была княжацкая дружына, вярбовачныя і наёмныя атрады і інш. Пазней узнікла кадравая армія сучаснага тыпу.
2) Сукупнасць узброеных сіл дзяржавы.
3) Аператыўнае аб’яднанне пэўнага віду ўзбр. сіл. Складаецца з некалькіх злучэнняў і часцей розных родаў войскаў, у т. л.спец. войскаў. Выконвае аператыўныя задачы ў ходзе баявых дзеянняў. Бываюць арміі агульнавайсковыя, танкавыя і інш. Кожная армія мае свой нумар або найменне. Звычайна армія ў час вайны ўваходзіць у склад фронту (групы арміі, армейскай групы), але можа дзейнічаць і самастойна.
4) Від узбр. сіл (побач з ракетнымі войскамі, войскамі ППА, ВПС, ВМФ). Гл.Сухапутныя войскі.
5) Частка ўзбр. сіл дзяржавы, спец. падрыхтаваная для раптоўнага нападу на тэрыторыю якой-н. краіны ў пачатку або ў ходзе вайны (армія нападу) або першаснай абароны граніцы дзяржавы ад раптоўнага нападу агрэсара, каб забяспечыць ваенную мабілізацыю і разгортванне гал. сіл (армія прыкрыцця).
6) У пераносным сэнсе — вял. колькасць людзей, аб’яднаных якой-н. агульнай справай, прыкметай (напр., працоўная армія і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФО́РТ (франц. eau-forte літар. азотная кіслата),
від гравюры на метале, у якой паглыбленыя элементы друкарскай формы ствараюцца траўленнем металу кіслотамі.
Металічную пласціну («дошку») пакрываюць кіслотаўстойлівым лакам, потым гравіравальнай іголкай, якая знімае лак і агаляе метал, наносяць малюнак. Змясціўшы «дошку» ў кіслату, пратраўліваюць метал, што паглыбляе след ад іголкі. Малюнак запаўняюць фарбай. Адбіткі з дапамогай спец. станка пераносяць на вільготную паперу. У шырокім сэнсе афорт уключае і інш. віды гравюры з траўленнем: акватынту, лавіс, мяккі лак; можа спалучацца з «сухой іголкай» і гравюрай разцом. Афорт узнік у Зах. Еўропе на пач. 16 ст. (Д.Хопфер, А.Дзюрэр у Германіі, У.Граф у Швейцарыі). Развіццё атрымаў у творчасці мастакоў 17—19 ст.: Ж.Кало (Францыя), Рэмбранта, Дж.Піранезі (Італія), Ф.Гоі (Іспанія). Да афорта звяртаюцца ў 20 ст. Ф.Брэнгвін (Вялікабрытанія), К.Кольвіц (Германія) і інш.
На Беларусі першыя афортныя творы (медзярыт) з’явіліся ў 16 ст. (Карта Полацкай зямлі і План Полацка, абодва 1579). У 1980—90-я г. ў тэхніцы афорта выконваюцца асобныя творы і цыклы, прысвечаныя гісторыі і сучаснасці (Л.Ран, А.Кашкурэвіч, Л.Асецкі, А.Паслядовіч, Г.Паплаўскі, М.Басалыга, М.Барздыка, В.Баранаў, С.Герус, С.Балянок, Ю.Падолін і інш.).
М.М.Паграноўскі.
Да арт.Афорт. Г.Паплаўскі. Ілюстрацыя да паэмы Я.Купалы «Яна і Я». 1979.Да арт.Афорт. Ю.Падолін. Пакінуты. 1994.Да арт.Афорт. Л.Ран. Партрэт дзяўчыны. 1959.Да арт.Афорт. Ф.Гоя. Бравісіма! З серыі «Капрычас». 1793—1803.Да арт.Афорт. А.Кашкурэвіч. Смага. 1970.Да арт.Афорт. Ж.Кало. Два камедыянты. 1620-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЖЫ́Р (араб.Аль-Джазаір),
горад, сталіца Алжыра. Адм. ц. вілаі Алжыр. З прыгарадамі — Вялікі Алжыр (Алжырская агламерацыя), 2,5 млн.ж. (1990). Трансп. вузел. Буйны порт на Міжземным м.Міжнар. аэрапорт. Галоўны эканам., навук. і культ.цэнтр.Маш.-буд., тэкст., харчасмакавая, хім., нафтаперапр., цэментная прам-сць. Метрапалітэн. Ун-т.
Засн. ў 10 ст. на руінах невял. рым. порта Ікозіум. Назва ад араб. слова «аль-джазаір» (астравы). Хутка стаў важным гандл. цэнтрам на Міжземным моры. Да пач. 16 ст. ўваходзіў у араба-берберскія дзяржавы Фатымідаў, Альмаравідаў, Альмахадаў, Заянідаў. У 1510 заняты іспанцамі. У 1530 грэка-тур. карсары выгналі іспанцаў, захапілі ўладу і перайшлі пад апеку Асманскай імперыі. У 1830—62 адм. ц.франц. калоніі Алжыр. У час 2-й сусв. вайны ў Алжыры штаб-кватэра саюзнага камандавання на Міжземным м. З 1962 сталіца Алжыра.
Размешчаны амфітэатрам на зах. беразе Алжырскага заліва каля падножжа і па схілах узгоркаў. Шмат садоў і паркаў. У старым горадзе (з 1978 музей-запаведнік) захаваліся касба-крэпасць (тур. часу), Вял. мячэць (1096) з мінарэтам (1323), мячэць-усыпальніца Сідзі Абдарахман (1611), мячэць Джамі аль-Джэдзід (мячэць Рыбакоў, 1660); палацы Дар Азіза (1551) і Мустафа-пашы (1799—1800); віла Бардо (18 ст., цяпер Музей першабытнай гісторыі і этнаграфіі).
У новым горадзе (развіваўся ў 19 ст. на ПдЗ ад сярэдневяковага) Дом урада (1930, арх. Ж.Гёшэн, А. і Г.Перэ), Палац нацый (1965, арх. Мустафа Муса), Дом радыё і тэлебачання (1950-я г., арх. П.Турнон і М.Жалі) і інш. Працуе Нац. музей прыгожых мастацтваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАГАНІ́ЗМ (ад грэч. antagōnisma спрэчка, барацьба),
ідэйнае, паліт., маральнае і інш. процістаянне супрацьлеглых варожых сіл; адна з формаў супярэчнасцяў, што назіраюцца ў прыродзе і грамадстве. Адметная рыса антаганізму — непрымірымы канфлікт процістаячых сіл, з’яў, тэндэнцый развіцця. Катэгорыя «антаганізм» ужываецца ў біялогіі і матэматыцы, у грамадскіх навуках, у т. л. ў сац. філасофіі (творы класікаў і класавай барацьбы, грамадска-эканам. фармацый, цывілізацый, культур), паліталогіі (канфлікт паміж дэмакратыяй і таталітарызмам), гуманіст. і рэліг.-маральных філас. вучэннях (барацьба ліній дабра і зла, плоці і духу). У развіцці сучаснай цывілізацыі, калі супярэчнасці паміж ёю і прыродай усё большыя, адзначаецца антаганізм двух падыходаў да прыроды: спажывецкага (прымат непадзельнага панавання чалавека над наваколлем) і рэгенерацыйнага (прымат гарманічнага ўзаемадзеяння грамадства з прыродай).
А. у біялогіі выяўляецца перш за ўсё ў барацьбе за існаванне. Найб. выразныя антаганіст. адносіны паміж драпежнікам і яго здабычай, гаспадаром і паразітам, а таксама канкурэнтныя ўзаемаадносіны (напр., за святло і мінер. жыўленне ў раслін, за кармы і месца пражывання ў жывёл). У фізіялогіі падобныя адносіны выяўляюцца ў разнастайнасці ўмоўна процілеглых функцый органаў або сістэм арганізма, якія ўдзельнічаюць у адначасовай спалучанай дзейнасці (актывацыя — інгібіраванне, узбуджэнне — тармажэнне, узмацненне — аслабленне, асіміляцыя — дысіміляцыя). А. рэчываў — від узаемадзеяння амінакіслот, вітамінаў, гармонаў, метабалітаў і антыметабалітаў у арганізме, які характарызуецца палярным дзеяннем: узмацненнем ці аслабленнем пэўных рэакцый. А. мікраарганізмаў выяўляецца ў тармажэнні або прыгнечанні жыццядзейнасці адных відаў мікраарганізмаў іншымі. Упершыню адзначыў франц. вучоны Л.Пастэр (1877). Найб. рэзкі антаганізм сярод актынаміцэтаў, плесневых грыбоў, бактэрый; назіраецца таксама сярод дражджэй, водарасцяў і прасцейшых. Дзейнасць мікробаў-антаганістаў спрыяе ачышчэнню глебы ад патагенных мікраарганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛАСІПЕ́Д [франц. vélocipede ад лац. velox (velocis) хуткі + pes (pedis) нага],
двух- ці трохколавая машына, якая прыводзіцца ў рух з дапамогай нажных педалей. Бываюць веласіпеды дарожныя (мужчынскія і жаночыя), лёгкадарожныя, юнацкія, спарт. (у т. л. тандэмы), дзіцячыя і спец. (грузавыя, цыркавыя, велакаляскі і інш.).
Папярэднікі веласіпеда — чатырохколавыя павозкі-самакаты, вядомыя з 16 ст. Першы двухколавы веласіпед з педалямі і рулём зроблены ў Расіі ўральскім кавалём Я.М.Артамонавым (1801). У 1815—50-я г. немцы К.Драйз і Ф.М.Фішэр, шатландзец Г.Далзел, англічанін Трэфу, французы П.Лалеман і М.Мішо ўдасканальвалі канструкцыю веласіпеда. Англ. інжынер Сержан у 1869 выкарыстаў ланцуговую перадачу, шатландзец Дж.Б.Данлап у 1888 замяніў гумавыя шыны пнеўматычнымі. Прамысл.вытв-сць веласіпедаў пачалася ў канцы 19 ст., калі сталі выкарыстоўваць стальныя трубы для рамы, ланцуговую перадачу на задняе кола, механізм свабоднага ходу і інш. Сучасныя дарожныя веласіпеды маюць трывалую раму, шырокія (1¼—1½″) шыны, масу каля 16 кг, у лёгкадарожных маса каля 14 кг, шыны меншага сячэння (1—1¼″), ручныя калодачныя тармазы. Спарт. веласіпеды адрозніваюцца аблегчанай канструкцыяй (8—11 кг) з легіраваных сталяў (часам з тытану) і дуралюміну, нізка апушчаным рулём, пераключальнікам скорасці і ручных барабанных тармазоў у шашэйных і адсутнасцю свабоднага ходу ў трэкавых веласіпедаў (гл.Веласіпедны спорт). Пашыраны складныя веласіпеды і з падвесным маторам. Буйная вытв-сць веласіпедаў у краінах Зах. Еўропы (Галандыя, Бельгія), Азіі (Кітай). На Беларусі вядучы вытворца дарожных веласіпедаў для дарослых з закрытай і складной рамамі — Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод.
Веласіпеды: 1 — дарожны з грузавой цялежкай; 2 — дзіцячы; 3 — дарожны са складной рамай; 4 — спартыўны (гоначны).