РЭ́ЙНАЛЬДС, Рэйналдс (Reynolds) Осбарн (23.8.1842, г. Белфаст, Вялікабрытанія —21.2.1912), англійскі фізік і інжынер. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1877). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1867). У 1868—1905 праф. Манчэстэрскага ун-та. Навук. працы па тэорыі дынамічнай падобнасці патокаў вязкіх вадкасцей, тэорыі турбулентнасці і тэорыі змазкі. Эксперыментальна ўстанавіў (1876—83) крытэрый пераходу ламінарнага руху вадкасці ў цыліндрычных трубах у турбулентны рух (гл. Рэйнальдса лік). Прапанаваў дыферэнцыяльныя ўраўн. для асярэдненага руху вадкасці, якія ўлічваюць дадатковыя (турбулентныя) напружанні. Развіў гідрадынамічную тэорыю змазкі (1886). Сканструяваў шэраг турбін і цэнтрабежных помпаў. Каралеўскі медаль (1884).

т. 13, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙХШТЭЙН ((Reichstein) Тадэвуш) (20.7.1897, г. Улацлавак, Польшча — 1996),

швейцарскі хімік і біяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Вышэйшую політэхн. школу ў Цюрыху (1921). З 1934 праф., з 1938 заг. кафедры Базельскага ун-та. Навук. працы па пытаннях будовы і ўласцівасцей гетэрацыклічных рэчываў, цукроў, вітамінаў (аскарбінавай і пантатэнавай к-т), стэроідаў (гармонаў кары наднырачнікаў), сардэчных (расл.) гліказідаў. Сінтэзаваў аскарбінавую к-ту (вітамін С), вылучыў картызон і высветліў яго хім. будову. Нобелеўская прэмія 1950 (разам з Ф.​Хенчам, Э.​К.​Кендалам).

А.​Ю.​Маніна.

Т.Рэйхштэйн.

т. 13, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́МЕЗ (Яўген Якаўлевіч) (17.2.1896, г. Мсціслаўль Мсціслаў Магілёўскай вобл. — 30.8.1975),

украінскі матэматык. Чл.-кар. АН Украіны (1939). Скончыў Кіеўскі ін-т нар. адукацыі (1924). У 1933—55 у Кіеўскім пед. ін-це, у 1935—38 у Кіеўскім ун-це. Адначасова з 1935 у Ін-це матэматыкі АН Украіны. Навук. працы па канструктыўнай тэорыі функцый і набліжаным аналізе. Распрацаваў агульныя выліч. метады набліжэння функцый, атрымаў важныя абагульненні тэарэм характарызацыі Чабышова—Маркава, стварыў агульны аператарны метад пабудовы астаткавых членаў.

Літ.:

История отечественной математики. Т.​М.​Киев, 1966—70.

т. 14, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНТГЕ́НАЎСКАЯ ТРУ́БКА,

электравакуумная прылада для атрымання рэнтгенаўскіх прамянёў. Інтэнсіўнасць рэнтгенаўскага выпрамянення залежыць ад напружання, прыкладзенага да электродаў, току, а таксама матэрыялу анода. Мае катод і анод. Электроны, што вылучае катод, паскараюцца моцным эл. полем і бамбардзіруюць анод. Пры ўдарах электронаў аб анод іх кінетычная энергія пераўтвараецца ў энергію рэнтгенаўскага выпрамянення (часткова — у цеплавую энергію).

Паводле спосабу атрымання электроннага патоку Р.т. падзяляюцца на электронныя (электроны генерыруюцца за кошт тэрмаэлектроннай эмісіі катода) і іонныя (электроны выбіваюцца з халоднага катода дадатнымі іонамі). Выкарыстоўваюцца ў медыцыне, дэфектаскапіі, навук. даследаваннях.

Рэнтгенаўская трубка.

т. 14, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ШАЦІЛАЎ (Анатоль Радзівонавіч) (н. 14.10.1934, с. Грыгор’еўка Мацвеева-Курганскага р-на Растоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне сістэм кіравання. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Разанскі радыётэхн. ін-т (1963). З 1968 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па даследаванні вымушаных ваганняў у нелінейных сістэмах. Устанавіў новы клас сістэмных характарыстык нелінейных звёнаў устройстваў кіравання. Распрацаваў крытэрый устойлівасці вымушаных ваганняў, метад разліку каардынат ваганняў у нелінейных сістэмах адвольнай канфігурацыі.

Тв.:

Системные характеристики нелинейных звеньев и скачки колебаний. Мн., 1986.

т. 14, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАЛЕ́ЎСКІ (Дзмітрый Юр’евіч) (н. 8.8.1959, Мінск),

бел. вучоны ў галіне механікі грунтоў і геатэхнікі. Д-р тэхн. н., праф. (1999). Сын Ю.А.Сабалеўскага. Скончыў БПІ (1981). З 1981 у БПА (у 1993—95 заг. кафедры). Адначасова з 1993 ген. дырэктар кампаніі «ЭкоТэхІнвест». Навук. працы па праблемах дылатансіі ў механіцы грунтоў і зярністых асяроддзяў, тэорыі трываласці дылаціруючых дысперсных асяроддзяў, праблемах спец. фундаментабудавання, падземнага буд-ва і экалагічнай геатэхнікі.

Тв.:

Прочность и несущая способность дилатирующего грунта. Мн., 1994;

Strength of dilating soil and load-holding capacity of deep foundations. Rotterdam, 1995.

т. 14, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́НКА (Сяргей Аляксандравіч) (н 10.9.1958, г.п. Гарадзішча Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне радыёлакацыі і радыёнавігацыі Д-р тэхн. н. (1996), праф. (2001). Скончыў Мінскае вышэйшае ваеннае інж. вучылішча (1980). З 1997 у Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах шматпазіцыйнай актыўна-пасіўнай радыёлакацыі, радыёнавігацыі, прыладабудаванні і эл. сувязі. Распрацаваў методыку ацэнкі эфектыўнасці радыёлакацыйных комплексаў і сістэм, а таксама метады іх выпрабавання ў палявых умовах.

Тв.:

Теория и техника совместной адаптивной обработки сигналов в активно-пассивных радиолокационных системах. Мн., 2000.

М.​П.​Сааік.

т. 14, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВІ́ЦКІ (Сцяпан Еўдакімавіч) (3.6.1923, в. Вялікая Сліва Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 11.3.1996),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі шкла і сілікатаў. Канд. тэхн. н. (1955), праф. (1971). Скончыў БПІ (1951). З 1960 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі (заг. кафедры). З 1965 у Віцебскім тэхнал. ін-це лёгкай прам-сці (у 1965—88 рэктар). Навук. працы па агульнай хіміі, фіз. хіміі сілікатаў, тэхналогіі шкла і хім. апрацоўкі металаў.

Тв.:

Исследование полидисперсных систем физическими методами. Мн., 1971 (у сааўт);

Химическое фрезерование. Мн., 1973 (у сааўт.).

т. 14, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЖЫН (Мікалай Пятровіч) (14.3.1897, г. Екацярынбург, Расія — 23.2.1969),

расійскі вучоны ў галіне металургіі. Акад. АН СССР (1964, чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Маскоўскі хіміка-тэхнал. ін-т (1931), дзе выкладаў (з 1949 праф.). З 1964 старшыня секцыі Савета па фізіцы і хіміі паўправаднікоў АН СССР. Навук. працы па тэхналогіі рэдкіх металаў, паўправадніковых матэрыялаў і чыстых рэчываў. Ленінская прэмія 1961. Дзярж. прэмія СССР 1946, 1952.

Тв.:

Развитие в СССР металлургии редких металлов и полупроводниковых материалов. М., 1967;

Вещества высокой чистоты в науке и технике. М., 1969.

М.П.Сажын.

т. 14, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКО́ВІЧ (Генадзь Віктаравіч) (н. 13.4.1931, г. Чыта, Расія),

расійскі хімік. Акад. Рас. АН (1992, чл.-кар. 1981). Герой Сац. Працы (1990). Скончыў Томскі ун-т (1953), дзе і працаваў. З 1959 у НВА «Алтай» (г. Бійск, з 1984 ген. дырэктар), адначасова ў Алтайскім політэхн. ін-це (з 1972 праф.). Навук. працы па агульнай і тэхн. хіміі. Распрацаваў навукова-тэхн. асновы стварэння кампазіцыйных энергаёмістых матэрыялаў з зададзенымі фіз.-хім. ўласцівасцямі. Сінтэзаваў новыя матэрыялы з выкарыстаннем энергіі выбуху. Дзярж. прэмія СССР 1970. Ленінская прэмія 1984. Дзярж. прэмія Рас. Федэрацыі 1994.

т. 14, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)