ПАРЛА́МЕНТ (англ. parliament ад франц. parlement ад parier гаварыць),
назва найвышэйшага прадстаўнічага і заканад. органа ў дэмакр. дзяржавах. Першыя П. ўзніклі ў 12—13 ст. у Англіі і Іспаніі як саслоўная прадстаўнічая ўстанова. Сучаснае значэнне П. набыў у 17—18 ст. У сав. перыяд найвышэйшыя прадстаўнічыя органы саюзных рэспублік і СССР П. не з’яўляліся. П. мае розныя назвы: уласна П. існуе ў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Канадзе, Бельгіі і інш.; у ЗША — кангрэс, у Расіі — Федэральны сход, у Літве і Латвіі — сейм, Беларусі — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусьі г.д. Існуюць аднапалатная і двухпалатная структуры П. (Нац. сход і Сенат у Францыі, Палата прадстаўнікоў і Сенат у ЗША, Сейм і Сенат у Польшчы, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі ў Беларусі; аднапалатны Усекіт. сход нар. прадстаўнікоў у Кітаі і інш.). У краінах англасаксонскага права састаўной часткай П. з’яўляецца кіраўнік дзяржавы (Нар. палата, Савет штатаў і прэзідэнт у Індыі). Ніжнія палаты ў двухпалатных П. і аднапалатныя П. ўтвараюцца заўсёды шляхам прамых выбараў, верхнія палаты фарміруюцца шляхам прамых (ЗША, Італія) або непрамых (ускосных, многаступенных) выбараў (Індыя, Францыя), частка іх членаў займае месцы ў парадку назначэння (Вялікабрытанія, Канада, Беларусь). У палатах ствараюцца камітэты або камісіі для папярэдняга разгляду законапраектаў. Функцыі П. ўключаюць выданне законаў, прыняцце дзяржбюджэту, ратыфікацыю міжнар. дагавораў. У некаторых краінах П. фарміруе ўрад, выбірае або назначае многія інш. вышэйшыя органы дзяржавы — вярх. суд, канстытуцыйны суд, ген. пракурора, прэзідэнта, падліковую палату і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАГРЭСІ́СТЫ»,
партыя ліберальнага кірунку ў Расіі ў 1911—17. Утворана па ініцыятыве мірнаабнаўленцаў, дэпутатаў 3-й Дзярж. думы і членаў фракцыі прагрэсістаў напярэдадні выбараў ў 4-ю Дзярж. думу. Ставіла за мэту стварэнне адзінага лагера ліберальнай апазіцыі пад заклікам «Барацьба за правядзенне ў жыццё палажэнняў Маніфеста 17 кастрычніка 1905». У склад створанага ў крас. 1912 Пецярб.к-та «П.» уваходзілі І.М.Яфрэмаў, М.М.Кавалеўскі, М.М.Львоў і інш., у Маскоўскую арг-цыю — А.І.Канавалаў, П.П. і У.П.Рабушынскія і інш. Друкаваны орган маскоўскіх «П.» — газ. «Утро России». К-ты партыі існавалі ў Адэсе, Казані, Самары, Тамбове, Туле, Вобласці Войска Данскога, у Брэсце і Гродне; у студз. 1912 узнік к-т у Вільні. У Мінскай губ. да «камітэта рускіх прагрэсіўных выбаршчыкаў» далучыўся к-тяўр. выбаршчыкаў. «П.» выступалі за галоснасць і перабудову састарэлых сац. і эканам. адносін, за стварэнне канстытуцыйнага цэнтра блока «П.», куды б яны ўвайшлі разам з кадэтамі і акцябрыстамі; наладжвалі кантакты з рэв. партыямі, каб арганізаваць выступленні рабочых з мэтай націску на ўрад. У гады 1-й сусв. вайны ўдзельнічалі ў стварэнні «Прагрэсіўнага блока», па іх ініцыятыве ўзніклі рабочыя групы пры ваен.-прамысл. к-тах. Некат. лідэры «П.» сталі міністрамі Часовага ўрада.
Літ.:
Вишневски Э. Либеральная оппозиция в России накануне первой мировой войны. М., 1993;
Забаўскі М.М., Пуцік У.С. Прадстаўніцтва ад Беларусі ў Дзяржаўнай думе Расіі (1906—1917 гг.). Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (БНР),
абвешчана ў 1918. Ідэю афармлення бел. дзяржаўнасці выпрацоўвалі ў 1915—18 розныя партыі і арг-цыі, у т. л.Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група (БСДРГ), Беларускі народны камітэт, Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Напачатку разглядаліся варыянты: аўтаномія ў складзе дэмакр.Рас. федэрацыі, літоўска-бел. канфедэрацыя, незалежная бел. дзяржава. Ідэя БНР упершыню выказана на Усебеларускім з’ездзе 1917. Незалежніцкія настроі ў бел. руху ўзмацніліся пасля разгону Усебел. з’езда. Удзельнікі Беларускай канферэнцыі 1918 (Вільня) і выбраная на ёй Віленская беларуская рада (ВБР) не адмаўляліся ад ідэі бел.-літ. канфедэрацыі, але пасля абвяшчэння 16.2.1918 незалежнасці Літвы цалкам сталі на незалежніцкія пазіцыі.
Пасля зрыву мірных перагавораў у Брэсце і наступлення Германіі (18.2.1918) Аблвыкамзах і СНКЗах. вобласці і фронту 19.2.1918 перабраліся з Мінска ў Смаленск. Дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда абвясцілі сябе часовай уладай на Беларусі да склікання Устаноўчага сейма. 21.2.1918 Выканком Рады прыняў Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі і стварыў першы ўрад Беларусі — Народны сакратарыят Беларусі на чале з Я.Я.Варонкам. Аднак Выканком яшчэ трымаўся рэзалюцыі з’езда, паводле якой Беларусь павінна была ўвайсці ў склад Рас.дэмакр. рэспублікі як аўтаномная адзінка з рэсп. ладам. Пасля падпісання Брэсцкага міру 1918 незалежніцкія тэндэнцыі ўзмацніліся. Выканком Рады Усебел. з’езда прыняў 9.3.1918 Другую Устаўную грамату да народаў Беларусі, якой краіна фармальна абвяшчалася Бел.Нар. Рэспублікай. 18.3.1918 Рада Усебел. з’езда ператворана ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.3.1918 прынята Трэцяя Устаўная грамата, якой Беларусь была абвешчана незалежнай і свабоднай дзяржавай. Але незалежная Беларусь не адпавядала інтарэсам суседніх дзяржаў: Расія і Польшча лічылі яе часткай сваёй тэрыторыі; на часткі зямель Беларусі прэтэндавалі Літва, Украіна, Латвія. Праціўнікамі незалежнай бел. дзяржавы былі польск. і рус. арг-цыі на Беларусі, пэўныя яўр. колы. Германія таксама не прызнала акт 25 сак., бо разглядала Беларусь як заклад пад кантрыбуцыю, якую ёй абавязалася выплаціць РСФСР. Такія абставіны вымусілі кіраўніцтва БНР пайсці на аб’яднанне з апазіцыйнымі дзеячамі «Менскага беларускага прадстаўніцтва» (П.П.Аляксюк, Р.А.Скірмунт і інш.), што выступалі супраць нацыяналізацыі зямлі і за бел.-герм. збліжэнне. 25.4.1918 яны разам са старшынёй Рады БНР І.М.Серадой, старшынёй Нар. сакратарыята Варонкам, А.Аўсянікам, П.А.Крачэўскім, Я.Ю.Лёсікам ад імя ўсёй Рады ў тэлеграме на імя кайзера Вільгельма II заявілі, што добрую будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Гэта стала адной з прычын расколу БСГ і крызісу ўрада БНР. У маі 1918 створана часовая Рада пяцёх сацыялістаў-федэралістаў на чале з Варонкам, але правыя лідэры адхілілі яе і стварылі новы ўрадБНР на чале са Скірмунтам. Такім чынам, з’явіліся 2 урады БНР, што выклікала абурэнне левых. У чэрв. створаны кааліцыйны ўрад (увайшлі правыя і левыя) на чале з Серадой, старшынёй Рады БНР стаў Лёсік. Герм.ваен. камандаванне, разглядаючы Раду БНР як пасрэдніка паміж ням. ўладамі і бел. народам, перадало ў кампетэнцыю Нар. сакратарыята гандаль, прам-сць, сац. апеку, асвету і культуру. Нар. сакратарыят БНР прыкладаў намаганні для арганізацыі бел.нац. інстытутаў, прыняў пастанову аб дзярж. статусе бел. мовы. Працавалі ад 150 да 350 бел. школ, гімназіі ў Будславе, Мінску, Навагрудку, Слуцку, Гродне, Свіслацкая настаўніцкая семінарыя і Мінскі пед.ін-т. У крас. 1918 засн. Мінская вышэйшая муз. школа, Каталіцкая духоўная семінарыя, створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Бел. ун-та ў Мінску. У Вільні створана Бел.навук.т-ва. Працавалі выдавецтвы, выходзілі бел. газеты, ствараліся культ.-асв. т-вы, тэатр. калектывы. Летам 1918 адкрыты консульствы БНР на Украіне і ў Літве, дыпламат. місіі накіраваны ў шэраг еўрап. краін, уводзіўся пашпарт БНР, у т. л. дыпламатычны, узаконены бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Пасля паражэння Германіі на Зах. фронце і пачатку эвакуацыі ням. войскаў БНР засталася безабароннаю перад бальшавікамі і польск. легіёнамі. Гэтыя абставіны падштурхнулі да Рады БНР прадстаўнікоў нац. меншасцяў і іх правых партый. У такой сітуацыі на чале ўрада стаў дзеяч бел. руху А.І.Луцкевіч, Нар. сакратарыят перайменаваны ў Раду Народных Міністраў. 11.10.1918 Рада БНР зацвердзіла часовую канстытуцыю. Урад Луцкевіча гатовы быў увесці на Беларусі сав. канстытуцыю пры ўмове прызнання Сав. Расіяй незалежнасці БНР. Аднак гэта прапанова не была прынята Масквой. У снеж. 1918 урад БНР пераехаў у Вільню, потым у Гродна (лічылася сталіцай БНР да вер. 1919, пакуль Рада БНР не вярнулася ў Мінск). У Гродне дзейнічалі 2 дзярж. структуры: урад БНР і Міністэрства беларускіх спраў Літвы. У гэты час урад БНР выступаў супраць прэтэнзій Польшчы на бел. тэрыторыі і прызыву беларусаў у Войска Польскае, дамагаўся права на ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі. Абвяшчэнне 1.1.1919 Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі дзеячы БНР успрынялі як перамогу іх справы, аднак разглядалі гэты акт як тактычны крок бальшавікоў. У 1919 прадстаўнікі Рады БНР, ВБР, Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны вялі кансультацыі і перагаворы з польск. ўладамі, спадзеючыся на іх дапамогу ў будаўніцтве бел. дзяржавы і аб’яднанні бел. зямель. Аднак урад Пілсудскага не прызнаў права Беларусі на дзярж. самастойнасць, хоць у 1919—20 у Латвіі, Літве, Эстоніі, Чэхаславакіі, Балгарыі, Фінляндыі, Турцыі працавалі дыпламат. і вайскова-дыпламат. місіі, консульствы і прадстаўніцтвы БНР. Рада ў выніку складанага ваенна-паліт. становішча не змагла рэалізаваць ідэю дзярж. суверэнітэту БНР. Пазіцыю с.-д. кіраўніцтва БНР не падтрымалі сацыялісты-рэвалюцыянеры і сацыялісты-федэралісты, абвінаваціўшы яго ў згодніцтве і здрадзе, і патрабавалі дадатковых выбараў у Раду БНР. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У сак.—маі 1920 Найвышэйшая рада працягвала перагаворы з польск. ўладамі адносна дзярж. ўладкавання Беларусі. Нар. рада шукала кантакты з РСФСР, але іх намаганні аказаліся марнымі з прычыны савецка-польскай вайны 1920, падпісання Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР, Рыжскага мірнага дагавора 1921. Падзел тэр. Беларусі [далучэнне Зах. Беларусі да Польшчы і знаходжанне Віцебскай і Магілёўскай (Гомельскай) губ. у складзе РСФСР] прывёў да стварэння адзінага бел.нац. блока. Нар. рада была прызнана адзіным паўнамоцным прадстаўніком бел. народа і перайменавана ў Раду БНР. У канцы 1920 кіраўніцтва БНР пераехала ў сталіцу Літвы Каўнас. Першая Усебеларуская канферэнцыя (Прага, вер. 1921) пацвердзіла акт 25.3.1918, прызнала Раду і ўрадБНР як адзіныя законныя органы і ўладу Беларусі. У 1922 кіраўнікі ўрада БНР В.Ю.Ластоўскі і міністр замежных спраў А.І.Цвікевіч спрабавалі паставіць бел. пытанне на Генуэзскай канферэнцыі. У жн. 1923 сфарміраваны новы ўрадБНР на чале з Цвікевічам. У кастр. 1923 кіраўніцтва БНР выехала ў Прагу. Новая эканам. палітыка (нэп), утварэнне СССР, палітыка беларусізацыі, узбуйненне БССР спарадзілі ў Зах. Беларусі і бел. эміграцыі прасав. настроі. Пасля амністыі праціўнікам сав. улады некаторыя дзеячы БНР і бел. культуры вярнуліся ў БССР. У гэтых умовах у Берліне адбылася Другая Усебеларуская канферэнцыя, якая прызнала Мінск адзіным цэнтрам нац. адраджэння Беларусі, але рашэнні яе не былі прызнаны Прэзідыумам Рады БНР. Старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. В.І.Захарка не прызналі Сав. Беларусь. Дзярж. пячатка і дзярж. архіў БНР засталіся ў іх. Пасля смерці Крачэўскага старшынямі Рады БНР былі Захарка (з 1928), М.С.Абрамчык (з 1943), В.Жук-Грышкевіч (з 1970), Я.Сажыч (з 1982).
Літ.:
Цвикевич А. Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики. Киев, 1918 (репр. изд. Мн., 1990);
Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд.Мн., 1991);
Турук Ф. Белорусское движение. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928. Тое ж.Мн., 1991;
Зюзькоў А. Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі. Мн., 1931;
Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дакументы і матэрыялы... Лёндан, 1960;
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Яго ж. На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995;
Сташкевич Н.С. Приговор революции. Мн., 1985;
Byelorussian statehood: Reader and bibliography. New York,1988;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992.
А.М.Сідарэвіч.
Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі. Злева направа: сядзяць — А.Бурбіс, Я.Серада, Я.Варонка, В.Захарка; стаяць — А.Смоліч, П.Крачэўскі, К.Езавітаў, А.Аўсянік, Л.Заяц. Мінск. 1918.Члены Беларускай калегіі ў Латвіі і Вайскова-дыпламатычнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі і Эстоніі. Рыга. 1920. БДАМЛМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЦКА-ПРУ́СКАЯ ВАЙНА́ 1848—50,
вайна Прусіі супраць Даніі за валоданне герцагствамі Шлезвіг і Гольштэйн, звязанымі з Даніяй асабістай уніяй. У насельніцтве герцагстваў пераважалі немцы, таму пад уплывам рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў герцагствах 21.3.1848 адбылося антыдацкае паўстанне, 23 сак. створаны часовы ўрад, які абвясціў іх незалежнасць і вайну Даніі. Шлезвіг-гальштэйнскія апалчэнцы на чале з ген. А.Кронам занялі крэпасці Рэндсбург і Фленсбург, аднак 9 крас. разбіты дацкімі войскамі каля Бау і адкінуты за р. Айдэр. 6 крас. на дапамогу паўстанцам прыйшлі прускія і саксонска-гановерскія войскі (каля 35 тыс.чал.) на чале з прускім ген. Ф.Урангелем, якія 23 крас. перамаглі 30-тысячную дацкую армію ген. Ф.Бюлава каля г. Шлезвіг і ў пач. мая занялі крэпасць Фрэдэрысія на п-ве Ютландыя. Баі на сушы прыпынены 26 жн., калі Прусія ва ўмовах блакады яе гаваней дацкім ВМФ і дыпламат. націску з боку Вялікабрытаніі, Францыі, Швецыі, Расіі (апошняя ў ліп. дэманстратыўна прыслала эскадру ў дацкія воды) падпісала ў г. Мальмё (Швецыя) перамір’е, паводле якога герцагствы вернуты Даніі, а іх урад распушчаны. 3.4.1849 Прусія аднавіла ваен. дзеянні, у ходзе якіх яе войскі (каля 40 тыс.чал.) зноў занялі герцагствы і ў канцы крас. ўступілі ў Ютландыю. Дыпламат. дэмаршы Вялікабрытаніі і Францыі, паўторны выхад у мора рас. эскадры і паражэнне шлезвіг-гольштэйнскіх паўстанцаў 6 ліп. каля Фрэдэрысіі прымусілі Прусію заключыць 10.7.1849 другое перамір’е. 2.7.1850 у Берліне падпісаны мірны дагавор, паводле якога адноўлены даваен. межы Даніі і былы статус герцагстваў; іх апалчэнне на чале з ген. В.Вілізенам спрабавала працягваць вайну, аднак 25.7.1850 разбіта датчанамі і расфарміравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНІЗА́ЦЫЯ,
1) у старажытнасці сталае рассяленне плямён (народаў) на новых тэрыторыях, часта ўжо занятых інш. плямёнамі; заснаванне паселішчаў у чужых землях (актыўна праводзілася асірыйцамі, фінікійцамі, грэкамі, рымлянамі). Была выклікана недахопам с.-г. зямель, гандл. экспансіяй і інш. 2) Засяленне і гасп. асваенне ўскраінных зямель краіны, якія пустуюць (унутраная К.), або заснаванне паселішчаў паза яе межамі (знешняя К.). Мела добраахвотны, прымусовы (высылкі і інш.) ці добраахвотна-прымусовы (служба) характар. З часоў Вял.геагр. адкрыццяў 15—17 ст. К. інш. раёнаў еўрапейцамі суправаджалася прымусовым падпарадкаваннем мясц. насельніцтва ў Новым Свеце (гл.Каланіялізм). Вял. памеры К. былі ў Расіі (з канца 16 ст. асваенне Сібіры і Д. Усходу, у 16—17 ст. засяленне паўд. раёнаў Еўрап. Расіі, у 18 ст.Паўн. Прычарнамор’я, у 18—1-й пал. 19 ст.гасп. асваенне Заволжа). У канцы 19 — пач. 20 ст.рас.ўрад арганізавана перасяляў сялян з зах. і цэнтр. раёнаў імперыі ў Сібір, Сярэднюю Азію, Казахстан, на Д. Усход і інш. Толькі з Беларусі з 1885 да 1914 выехала ў Сібір больш за 500 тыс.чал. У БССР у 1920-я г. добраахвотнае перасяленне малазямельных сялян у Сібір набыло вялікія памеры (толькі ў 1924 заявы аб перасяленні ў Сібір падалі 8860 сем’яў). У час калектывізацыі сельскай гаспадаркі з Беларусі ў Казахстан і Сібір прымусова выслана 300—400 тыс.чал., т.зв. «кулакоў». У СССР апошнія хвалі масавай унутранай К. былі звязаны з асваеннем цалінных зямель (з 1954) і буд-вам Байкала-Амурскай магістралі (з 1974), куды таксама выехала нямала беларусаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЫ́НЬ,
лясны масіў за 30 км на З ад г. Смаленск, дзе паводле рашэння ЦКВКП(б) ад 5.3.1940 органамі НКУС у крас.—маі 1940 расстраляны каля 4,4 тыс. польскіх афіцэраў. У вер.—кастр. 1939 польскія афіцэры, у т. л. з Пінскай флатыліі ВМФ Польшчы (сярод іх былі ўраджэнцы Зах. Беларусі) інтэрніраваны Чырв. Арміяй у час вызвалення Зах. Беларусі і Зах. Украіны і зняволены ў лагеры ваеннапалонных у г. Казельск Калужскай вобл. У сак.—крас. 1943 у Вял.Айч. вайну група ням. экспертаў выявіла ў Катынскім лесе 8 брацкіх магіл. Сав.ўрад адхіліў абвінавачванне ў знішчэнні польскіх афіцэраў і абвінаваціў у гэтым злачынстве немцаў. Пасля вызвалення ў вер. 1943 Смаленска спец. камісія на чале з акад. М.Н.Бурдэнкам канстатавала, што польскіх афіцэраў там расстралялі восенню 1941 немцы. У крас. 1990 урад СССР прызнаў адказнасць НКУС за гібель польскіх ваеннапалонных. У ліст. 1990 Гал.ваен. пракуратура СССР пачала следства з удзелам прадстаўнікоў Ген. пракуратуры Польшчы. У кастр. 1992 прэзідэнт Расіі перадаў прэзідэнту Польшчы дакументы, якія пацвердзілі адказнасць вышэйшых улад СССР за злачынства і яго ўтойванне. Праведзеная польскімі спецыялістамі ў 1994 эксгумацыя пацвердзіла месца пахавання расстраляных ваеннапалонных. У 1989 у К. пабудаваны мемарыял. У 1990 у Гродне на вайск. могілках устаноўлены помнік-крыж і мемар. пліта з прозвішчамі 168 жыхароў горада — польскіх афіцэраў, расстраляных у К. і інш.сав. лагерах.
Літ.:
Абаринов В.К. Катынский лабиринт М., 1991;
Кузняцоў І. Палітыка і лёс людзей // Полымя. 1995. № 9;
Katyń: Dokumenty ludobójstwa. Warszawa, 1992;
Basak A. Historia pewnej mistyfikacji: Zbrodnia Katyńska przed Trybunałem Norymberskim. Wrocław, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КЕ́РЗАНА ЛІ́НІЯ»,
умоўная назва ўсх. мяжы Польшчы ў 1920 — сак. 1921. Праведзена прыбл. паводле этнічнага прынцыпу паміж Польшчай, Беларуссю і Украінай. Праходзіла праз Гродна—Ялаўку—Нямірава—Брэст-Літоўск—Драгунск—Усцілуг — на У ад Грубешава, праз Крылаў і далей на З ад Равы-Рускай, на У ад г. Перамышль (Пшэмысль) да Карпат. Прапанавана 8.12.1919 Вярх. саветам Антанты. Названа па імю Дж.Н.Керзана, які ў час сав.-польск. вайны 1920 па даручэнні Вярх. савета Антанты 11.7.1920 прапанаваў сав. ўраду спыніць наступленне Чырв. Арміі па гэтай лініі, прызнанай у ліп. 1920 і польск. урадам як усх. мяжа Польшчы на канферэнцыі ў Спа (Бельгія). Аднак у выніку змены ваен. сітуацыі на карысць Польшчы яе ўрад адмовіўся ад сваіх абавязацельстваў. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 польска-сав. граніца праходзіла значна далей на У ад «К.л.» і ўключала Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну ў склад Польшчы. У адпаведнасці з сав.-герм. дагаворам ад 28.9.1939 зах. мяжа СССР на бел. участку праходзіла крыху на З ад «Кл.», а на ўкр. участку прыбл. адпавядала ёй (Перамышль адышоў да СССР). Крымская канферэнцыя 1945 вызначыла, што ўсх. мяжа Польшчы павінна праходзіць уздоўж «Кл.». У адпаведнасці з сав.-польск. дагаворам ад 16.8.1945 паміж СССР і Польшчай устаноўлена дзярж. граніца, больш набліжаная да «Кл.», але з некаторымі адступленнямі на карысць Польшчы; на У ад яе да Польшчы перайшлі землі басейнаў рэк Зах. Бугу і Салокія, а таксама ч. Белавежскай пушчы. Польска-бел. дагавор ад 25.6.1991 пацвердзіў існуючыя межы паміж абедзвюма дзяржавамі.
Літ.:
Волаціч М. Лінія Керзона на фоне падзеяў і тэрытарыяльных зьменаў у Усходняй Еўропе // Спадчына. 1993. № 5—6.
палітычная структура Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—20. Створана 13.12.1919 у Мінску ў выніку расколу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з-за супярэчнасцей паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) абвінавачвалі с.-д. кіраўніцтва Рады БНР у згодніцтве і супрацоўніцтве з польск. ўладамі. У выніку большасць Рады (50 чал.) абвясціла сябе Народнай радай Беларускай Народнай Рэспублікі, меншасць, якая арыентавалася на Польшчу (37 чал.) — Н.р. БНР. Старшынёй абраны сацыял-дэмакрат Я.Лёсік. Польск. ўлады прызналі Н.р. БНР, аднак мала лічыліся з ёй. У крас. 1920 Н.р. БНР прапанавала Польшчы заключыць дагавор аб федэрацыі, паводле якога ў Беларусі і Польшчы павінен быць супольны сейм, але асобныя заканадаўства, урады, войскі і фінансы. Польскі ўрад праігнараваў гэту прапанову. У чэрв. 1920 Н.р. БНР патрабавала ад Польшчы прызнаць незалежнасць БНР, мяркуючы, што да выбараў Устаноўчага сейма Беларусь будзе знаходзіцца пад пратэктаратам Лігі Нацый. З пач. наступлення сав. войск члены Н.р. БНР эвакуіраваліся ў Польшчу. Сярод іх пачаліся супярэчнасці. Прыхільнікі супрацоўніцтва з польск. урадам падтрымалі «бунт» ген. Л.Жалігоўскага і ўтварэнне т.зв.Сярэдняй Літвы. У Варшаве быў створаны Бел.паліт.к-т пад кіраўніцтвам П.П.Алексюка. які пазней выконваў функцыі «беларускага ўрада» пры С.Н.Булак-Балаховічу. Зразумеўшы памылковасць арыентацыі на Польшчу, сацыял-дэмакраты прынялі ўдзел у нац.паліт. нарадзе ў Рызе (20.10.1920), якую праводзілі БПС-Р і БПС-Ф. Чл. прэзідыума Н.р. БНР К.Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Нар. раду БНР. Н.р. БНР спыніла існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ПАЎСТА́ННЕ Ў РУМЫ́НІІ 1989,
паўстанне (Снежаньская рэвалюцыя) рум. народа ў снеж. 1989, якое прывяло да звяржэння дыктатуры Н.Чаўшэску. Выклікана абвастрэннем у краіне сац., нац. і паліт. праблем, у т. л. харчовай, энергет. і інш.эканам. (з-за інтэнсіўнай выплаты ўрадам Чаўшэску знешніх даўгоў, праследавання ўладамі венг.нац. меншасці, задушэння апазіцыі і дэмакр. свабод, самавольства службаў бяспекі — секурытатэ). Пачалося 15—16 снеж. ў г. Тымішаара з выступленняў у абарону свабоды царк. службаў і пропаведзі венгерскага святара Л.Цёкёша і сутыкненняў дэманстрантаў 16—17 снеж. з узбр. атрадамі сіл бяспекі. 22 снеж. пашырылася на Бухарэст, дзе на мітынгу народ запатрабаваў ад Чаўшэску дэмакр. свабод і яго адстаўкі. У Бухарэсце разгарнуліся жорсткія вулічныя баі (ішлі некалькі дзён) паміж паўстанцамі, якіх падтрымала армія, незадаволеная тым, што Чаўшэску паставіў яе пад кантроль сіл бяспекі, і вернымі Чаўшэску сіламі паліцыі і бяспекі. Узбр. сутыкненні адбыліся таксама ў Тымішаары, Брашове, Сібіў. Пасля ўцёкаў Чаўшэску і яго жонкі (неўзабаве схоплены і 25 снеж. пакараны смерцю паводле прыгавору спец.ваен. трыбунала «за злачынствы перад народам») уладу 26 снеж. ўзначаліў Савет Фронту нацыянальнага выратавання пад кіраўніцтвам І.Іліеску, які распачаў дэмакратызацыю паліт. ладу Румыніі і мерапрыемствы па пераадоленні цяжкай сац.-эканам. спадчыны. Быў сфарміраваны ўрад на чале з П.Романам, на пач. 1990 былі прызначаны парламенцкія выбары. У ходзе паўстання забіты 1104 чал., з іх каля 260 ваеннаслужачых, паранены 3352 чал.
Літ.:
Румыния. 1989. № 12;
1990. № 1;
Революции 1989 г. в странах Центрально-Восточной Европы: взгляд через десятилетие // Славяноведение. 1999. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1974,
«рэвалюцыя гваздзікоў», ваенны пераварот, які заклаў асновы для стварэння сучаснага грамадска-паліт. ладу Партугаліі. Выклікана незадаволенасцю насельніцтва сац.-эканам. і паліт. наступствамі дыктатуры А.Салазара (прэм’ер-міністр да 1968), якія не пераадолеў і ўрад яго пераемніка М.Каэтану: 20—30% гадавая інфляцыя, беднасць, агр. перанаселенасць, непісьменнасць каля 40% дарослых, выдаткаванне 40—50% дзярж. бюджэту на ўзбр. сілы і калан. войны ў Афрыцы—Анголе (з 1961), Гвінеі-Бісау (з 1963) і Мазамбіку (з 1964), самавольства ўлад, цэнзура і інш. Падрыхтавана Рухам капітанаў (з сак. 1974 Рух узброеных сіл; РУС). 25.4.1974 часці РУС занялі гарады Порту і Лісабон. У цэнтры Лісабона яны акружылі казармы Нац. гвардыі, дзе схаваліся Каэтану і яго міністры. У канцы дня яны здаліся і перадалі ўладу ген. А. ды Спіналу (з 15 мая прэзідэнт Партугаліі), які ўзначаліў Ваен. савет (7 чал.) і Савет нац. выратавання (СНВ). 25—26 крас. супраціўляліся толькі работнікі службы бяспекі. У першыя дні рэвалюцыі амнісціраваны паліт. вязні, ліквідаваны паліцэйскія органы ранейшай улады. У ходзе паліт. барацьбы, у т. л. няўдалых путчаў прыхільнікаў Спіналы, прэзідэнтам краіны 30 вер. стаў ген. Ф. да Кошта Гомеш. З мая 1974 да вер. 1975 змяніліся 6 часовых урадаў; у лют. 1975 абвешчана, што Партугалія зрабіла «сацыяліст. выбар», былі нацыяналізаваны банкі, палавіна прам-сці. На дэмакр. выбарах ва Устаноўчы сход 25.4.1975 перамаглі Партуг.сацыяліст. партыя і Нар.-дэмакр. партыя, у ліп. праведзена агр. рэформа. З ліп. 1974 Партугалія спыніла і сваю калан. палітыку ў Афрыцы.
Літ.:
Цоппи В.А. Португальская революция: пути и пробл. М., 1979;
Суханов В.И. «Революция гвоздик» в Португалии: Страницы истории. М., 1983.