археалагічная культура верхняга палеаліту на тэрыторыі шэрагу краін Еўропы, у Палесціне, Іране і Афганістане. Назва ад пячоры Арыньяк (дэпартамент Верхняя Гарона, Францыя), дзе ў 19 стагоддзі даследавана стаянка першабытнага чалавека. Асноўныя помнікі датуюцца ў межах 35—25 тысяч год да нашай эры, найбольш ранняя дата, вызначаная радыевугляродным метадам, — 42 350±1900 да нашай эры (пячора Ішталошкё, Венгрыя). Для Арыньяка характэрны касцяныя наканечнікі з раздвоенай асновай (так званыя арыньякскія). Вырабляліся крамянёвыя пласціны з рэтушшу па краях, востраканечнікі, разцы і іншыя прылады. У перыяд Арыньяка на яго заходнім арэале з’явіліся першыя творы наскальнага мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НА (лацінскае arena літаральна пясок),
1) у Старажытным Рыме круглая або авальная пасыпаная пяском пляцоўка ў цэнтры амфітэатра. Выкарыстоўвалася для паказу баёў гладыятараў і дзікіх звяроў, конных спаборніцтваў і інш. Ад гледачоў аддзялялася вадзяным ровам ці спецыяльнай агароджай.
2) У цыркавых будынках арэна (манеж) — месца паказу, ігравая пляцоўка, на якой дэманструюцца цыркавыя нумары. Зрэдку выкарыстоўвалася для эксперыментальных тэатральных паказаў.
3) Адкрытае або закрытае збудаванне для правядзення спартыўных спаборніцтваў, музычных і эстрадных фестываляў і іншых масавых мерапрыемстваў.
Арэна амфітэатра ў г. Арль (Францыя). 2 ст.Арэна крытага катка ў Цэнтральным дзіцячым парку імя М.Горкага ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛА́НТ,
1) у старажытнагрэчаскай міфалогіі — асілак (тытан), які трымаў на сваіх плячах небасхіл. Атлант — бацька сямі плеяд і німфы Каліпсо. Паводле міфаў Персей ператварыў Атланта ў скалу.
2) У архітэктуры атлант — апора ў выглядзе мужчынскай статуі, што падтрымлівае перакрыцці будынка, балкона, порціка і інш. Такія атланты вядомы з антычнасці (храм Зеўса Алімпійскага ў г. Агрыджэнта, Італія, 5 ст. да нашай эры), пашыраны ў архітэктуры 17 — пач. 20 ст. (атланты ратушы ў Тулоне, Францыя, 1656—57; атланты порціка Новага Эрмітажа ў С.-Пецярбургу, 1844—49) і інш.
Атлант ратушы ў Тулоне. Скульптар П.Пюжэ. 1656—57.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАНКІ́ ((Blanqui) Луі Агюст) (7.2.1805, Пюжэ-Тэнье, каля г. Ніцца, Францыя — 1.1.1881),
французскі рэвалюцыянер, камуніст-утапіст. Удзельнік рэвалюцыі 1830 і 1848. У 1835—39 арганізатар і кіраўнік тайных гурткоў «Т-ва сем’яў» і «Т-ва пораў года». У 1839 і 1870 беспаспяхова спрабаваў ажыццявіць пераварот у Францыі. Двойчы прыгавораны да смерці, 37 гадоў быў зняволены. Стваральнік канцэпцыі дыктатуры пралетарыяту; лічыў, што будучаму грамадству павінен папярэднічаць перыяд дыктатуры групы рэвалюцыянераў, якія шляхам адукацыі прывядуць народ да камунізму. Бланкізм зрабіў уплыў на рэв. рух інш. краін, у т. л. Расіі (гл.Народніцтва). Асн. твор. — «Сацыяльная крытыка» (т. 1—2, 1885).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЯ́Н ((Briand) Арыстыд) (28.3.1862, г. Нант, Францыя — 7.3.1932),
дзяржаўны дзеяч Францыі, дыпламат. Адвакат па адукацыі. З 1880-х г. удзельнік сацыяліст. руху. У 1902 абраны ў парламент. У 1906 увайшоў у склад урада, за што быў выключаны з Сацыяліст. партыі. У 1909—31 займаў пост прэм’ер-міністра 11 разоў і міністра замежных спраў 17 разоў. Пасля 1-й сусв. вайны праводзіў палітыку раззбраення і бяспекі. У 1909—31 выступаў за «прымірэнне» з Германіяй. Адзін з ініцыятараў Лакарнскай канферэнцыі 1925, Келага—Брыяна пакта 1928, праекта стварэння «Пан-Еўропы». Нобелеўская прэмія міру 1926 (разам з Г.Штрэземанам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭСО́Н ((Bresson) Рабер) (н. 25.9.1907, Брамон-Ламот, дэпартамент Пюі-дэ-Дом, Францыя),
французскі рэжысёр, сцэнарыст. Атрымаў літ. і філас. адукацыю. Вучыўся жывапісу. У кіно з 2-й пал. 1930-х г. як мастак і сцэнарыст. У 1943 паставіў фільм «Анёлы граху», у 1945 — «Дамы Булонскага лесу». Усе наступныя фільмы здымаў па ўласных сцэнарыях, хоць часам выкарыстоўваў і літ. першакрыніцы: «Дзённік сельскага святара» (1950), «Той, хто прыгавораны да смерці, уцёк» (1956), «Працэс Жанны д’Арк» (1962), «Мушэт» (1967), «Пакорлівая» (1969), «Магчыма, д’ябал» (1977), «Грамы» (1983). Гуманістычнае гучанне творчасці Брэсона абумоўлена глыбокай спагадай тым, хто пакутуе, зняважаным і гаротным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАЎ-АЎСЕ́ЕНКА (Уладзімір Аляксандравіч) (21.3.1883, г. Чарнігаў — 1938),
савецкі ваенны, парт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Пецярбургскае ваенна-інжынернае вучылішча (1904). За рэв. дзейнасць асуджаны на 20 гадоў катаргі. У 1910—17 у эміграцыі (Францыя). У кастр. 1917 сакратар Петраградскага ВРК, адзін з кіраўнікоў захопу Зімняга палаца і арышту Часовага ўрада. У грамадз. вайну галоўнакамандуючы Укр. фронтам. У 1922—24 нач. Палітупраўлення РВС рэспублікі. У 1924—33 паўпрэд СССР у Чэхаславакіі, Літве і Польшчы, з 1934 пракурор РСФСР, у 1936—37 ген. консул СССР у Барселоне (Іспанія), з 1937 нарком юстыцыі РСФСР. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМ’Е́НСКІ САБО́Р, сабор Нотр-Дам,
помнік гатычнай архітэктуры; адзін з буйнейшых гатычных сабораў у Еўропе. Пабудаваны ў г. Ам’ен (Францыя) у 1220—88 паводле плана Рабера з Люзарша пры ўдзеле Тома і Рэно з Кармона. 3-нефавая базіліка з 3-нефавым трансептам, з 3 галерэямі і 2 вежамі. Даўж.гал. нефа 143 м, выш. 42,5 м. Бакавыя капэлы дабудоўваліся ў 1292—1376, драўляны шпіль над сяродкрыжжам — пасля 1528. Гатычная скульптура парталаў — 13—14 ст., у т. л. знакамітыя статуі «Міласцівы Бог» і «Залатая Багародзіца». У інтэр’еры скульптура 13—17 ст., вітражы 13—14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ЕР ((Dreyer) Карл Тэадор) (3.2.1889, Капенгаген — 20.3.1968),
дацкі кінарэжысёр, сцэнарыст. Адзін са стваральнікаў дацкага маст. кінематографа. Рэжысёрскую дзейнасць пачаў у 1918. Ужо ў фільме «Старонкі з Кнігі Сатаны» (1920) выявілася яго імкненне да максімальнай выразнасці кінамовы. У фільмах «Удава пастара» (1920, Швецыя), «Міхаэль» (1924, Германія), «Паважай сваю жонку» (1925) фарміруецца асн. тэма творчасці Д. — адзіноцтва чалавека, які адстойвае сваю духоўную свабоду, асуджанага іншы раз на пагібель. Найб. поўна гэта тэма раскрыта ў фільме «Страсці Жанны д’Арк» (1927, Францыя) — адным з самых значных дасягненняў «нямога» кіно. Сярод інш. фільмаў: «Дзень гневу» (1943), «Слова» (1955), «Гертруда» (1965). Здымаў таксама дакумент. фільмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭБІДУ́Р ((Debidour) Антанен) (31.1.1847, г. Нантрон, Францыя — 21.2.1917),
французскі гісторык. Кіраваў кафедрамі геаграфіі (з 1879), гісторыі (з 1880), ун-та ў г. Нансі. З 1891 гал. інспектар нар. адукацыі ў Францыі. З 1906 у Парыжскім ун-це (Сарбоне), кіраўнік кафедры гісторыі хрысціянства новага часу. Аўтар прац «Дыпламатычная гісторыя Еўропы ад Венскага да Берлінскага кангрэса (1814—1878)» (т. 1—2, 1891), «Каталіцкая царква і дзяржава ў час Трэцяй рэспублікі (1870—1906)» (т. 1—2, 1906—09) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Дипломатическая история Европы, 1814—1878. Т. 1—2. Ростов н/Д., 1995.