БАКАРА́ (ад назвы г. Бакара ў Францыі),

французская вытворчасць вырабаў з хрусталю. Узнікла ў 1816 на шкляной мануфактуры Сент-Ан (засн. каля 1766) у г. Бакара. Вядомасць набыла ў 2-й пал. 19 ст. тэхн. дасканаласцю пышных і багата ўпрыгожаных дробнай агранкай сервізаў і вазаў. Вырабы гэтай вытворчасці (існуе і цяпер) і сам тып дробнай агранкі таксама наз. бакарой.

т. 2, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІПРАСТЫ́ЛЬ (грэч. amphiprostylos),

тып стараж.-грэч. прамавугольнага ў плане храма, які мае калонныя порцікі на тарцовых фасадах, пазбаўленыя дэкору падоўжныя сцены. Амфіпрастыль звычайна будавалі з гладкіх каменных блокаў. Шырока вядомы амфіпрастыль, пабудаваны паводле праекта Калікрата на Афінскім Акропалі, храм Ніке Аптэрас (Бяскрылай Перамогі).

Да арт. Амфіпрастыль. Храм Ніке Аптэрас на Акропалі ў Афінах. Арх. Калікрат. 449—420 да н.э.

т. 1, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОМ-КРЭ́ПАСЦЬ,

тып жылога дома. Кампазіцыя Д.-к. складалася пад уплывам архітэктуры замкаў. На Беларусі вядомы з 17 ст. Звычайна кампактная пабудова з 4 абарончымі вежамі па вуглах (гл. Гайцюнішскі дом-крэпасць). У 18—19 ст. пад уплывам архітэктуры Д.-к. будавалі сядзібныя дамы з алькежамі, якія нагадвалі абарончыя вежы (Гродна, Іўе, Копысь, Поразава).

С.​А.​Сергачоў.

т. 6, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СЦЕРКА,

герой бел. нар. казак. Разумны і спрытны бядняк, які ў любых сітуацыях знаходзіць выйсце, можа перахітрыць і паноў. Казкі з героямі, падобнымі да Н. (сюжэтны тып АТ * 847 «Залатое стрэмечка»), ёсць у рус., літ. і польск. фальклоры. На аснове бел. казак пра дасціпнага і знаходлівага бедняка В.​Вольскі напісаў прасякнутую яркім нац. гумарам камедыю «Несцерка».

т. 11, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЦЫ́ТЫЙ (да грэч. syn разам + kytos клетка),

тып жывёльнай і расліннай тканкі з няпоўным размежаваннем адросткавых клетак. Клеткі С. размешчаны ў прасторы ў выглядзе трохмернай сеткі. У арганізме чалавека існуе адзіны «сапраўдны» С. — ч. сперматагенных элементаў у семянных семенных* канальцах яечка. У раслін С. наз. сімпласт — шмат’ядзерны пратапласт арганізма, які не мае клетачнай будовы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУПЯСЧА́НЫЯ ГЛЕ́БЫ,

глебы, якія маюць 10—20% часцінак фіз. гліны. Развіваюцца на водна-ледавіковых, уласна ледавіковых, супясчаных лёсападобных і алювіяльных адкладах. Адрозніваюць С.п. пылаватыя і пясчаныя. Характарызуюцца высокай водапранікальнасцю, хуткай стратай вільгаці і элементаў жыўлення, глыбістасцю, утварэннем паверхневай скарынкі, павышанай кіслотнасцю, завалуненасцю. Патрабуюць аптымізацыі воднага рэжыму, водна-фіз. і фіз.-хім. уласцівасцей. На Беларусі найб. пашыраны тып глеб.

т. 15, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУЗЕ́Я (польск. fuzyja ад франц. fusil ружжо, крэсіва),

тып гладкаствольнай дульна-зараднай крамянёвай зброі. У 17—19 ст. на ўзбраенні ў арміях шэрагу краін, у т. л. ВКЛ. Існавалі Ф. салдацкая і драгунская (калібр адпаведна 19,8 і 17,3 мм, маса 5,7 і 4,6 кг). У сярэдзіне 19 ст. Ф. замяніла вінтоўка.

Фузея з баянетам (пач. 18 ст.; Расія).

т. 16, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫПАЛО́ГІЯ (ад грэч. typos адбітак, вобраз + ...логія),

навуковы метад, заснаваны на вылучэнні і абагульненні істотных асаблівасцей аб’ектаў даследавання і аб’яднанні гэтых асаблівасцей у пэўную тыпалагічную мадэль (тып). Грунтуецца на выяўленні падабенства і адрознення істотных якасцей аб’ектаў, якія вывучаюцца, вызначэнні спосабаў іх ідэнтыфікацыі, тэндэнцый змяненняў і ўзаемадзеянняў з навакольным асяроддзем. Напр., М.​Мід (ЗША) распрацавала сваю Т. культур на аснове вылучэння тыповых асаблівасцей узаемнага ўплыву дзяцей і дарослых, мінулага, сучаснасці і будучыні. Вылучаюць розныя формы Т.: марфалагічную (выяўляе марфал. будову пэўнай сістэмы — біялагічнай, лінгвістычнай і інш.); структурную (выяўляе ўнутр. сувязі і інварыянтныя адносіны ў дынаміцы сістэм); параўнальна-гістарычную, або працэсуальную (арыентавана на апісанне і інтэрпрэтацыю сістэм у іх развіцці і ў кантэксце канкрэтна-гіст. умоў); генетычную (даследуе і тлумачыць паслядоўныя ступені генезісу дадзенай сістэмы); ідэалізуючую — як спосаб канструявання ідэальных тыпаў, што ўяўляюць сабой якасную разнастайнасць аб’ектаў даследавання толькі ў абстрактнай, «чыстай» форме (гл. Ідэальных тыпаў тэорыя). Выкарыстоўваецца Т. з мэтай параўнальнага вывучэння істотных прыкмет, сувязей, функцый, адносін, узроўняў арганізацыі аб’ектаў. Асн. лагічныя формы, якія выкарыстоўвае Т., — тып, класіфікацыя, сістэматыка, таксаномія.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 16, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Біва́к. Рус. бива́к, бивуа́к, укр. біва́к, бівуа́к. Запазычанне з зах.-еўрап. моў. Форма біва́к з ням. Biwack (або франц. bivac < ням.); тып бівуа́к — з франц. bivouac (< н.-ням. bîwake дадатковы патруль’). Фасмер, 1, 164. Некалькі іначай, але не пераканаўча Шанскі, 1, Б, 116.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галамя́ ’галышом’ (Сцяшк. МГ). Па сваёй марфалагічнай структуры, здаецца, мае дакладную адпаведнасць, напр., у рус. дыял. голомя́ ’басанож’ (СРНГ, 6, 323). Паводле словаўтварэння, гэты тып слоў можа адносіцца да вельмі старажытнай марфалагічнай структуры (ці не звязваецца з вытворнымі з архаічным суфіксам *‑men?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)