сялі́ба, ‑ы, ж.

Населены пункт у сельскай мясцовасці (пасёлак, сяло і пад.). О, дзядзька спосабаў меў многа Даняць праціўніка малога! Пайсці ў грыбы ці ў тую ж рыбу, Або паехаць у сялібу Ці ў млын малоць на хлеб збажынку. Колас. Хаты ішлі з сялібы аж да самай невялічкай рэчкі Проні, паабапал якой раскідаліся лазні ды гумнішчы, а далей — нешырокае поле з межамі, узгоркамі, раўчакамі. Каваль. [Кастусь:] — З якое вы, дзядзька, сялібы? Відаць, заблудзіліся вы?.. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цягло́, ‑а, н.

1. Гіст. У Рускай дзяржаве ў 15 — пачатку 18 стст. — дзяржаўныя павіннасці сялян і пасадскіх людзей.

2. Гіст. Адзінка абкладання павіннасцямі ў прыгоннай гаспадарцы ў 18–19 стст.

3. зб. Сродкі цягі ў сельскай гаспадарцы. [Паходня:] — Зябліва таксама закончыце коньмі — цягло ў вас спраўнае. Хадкевіч. [Шаройка:] — У нядзелю мабілізуем усё наша цягло, можам нават у суседа пазычыць, так, каб за адзін дзень увесь.. лес быў дома. Шамякін.

•••

Жывое цягло — рабочая жывёла, жывёла для цягі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БУРШТЭ́ЙН (Майсей Ісакавіч) (5.4.1889, г. Смаргонь Гродзенскай вобл.—1968),

бел. вучоны ў галіне садоўніцтва. Д-р с.-г. н. (1944), праф. (1922). Скончыў Новаалександрыйскі ін-т сельскай гаспадаркі і лесаводства (г. Пулавы Люблінскага ваяв., Польшча). З 1922 у Горацкай с.-г. акадэміі. Абследаваў многія раёны Беларусі і Расіі для закладкі садоў з улікам рэльефу мясцовасці і прыроднага дрэнажу. Выяўляў каштоўныя мясц. сарты пладовых культур, вывучаў уплыў прышчэпы на прышчэпак, падбіраў прышчэпы для закладкі гадавальнікаў.

т. 3, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́ДНІЦТВА БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1990 у Мінску на базе Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва. Асн. кірункі даследаванняў: стварэнне высокапрадукцыйных сартоў і гібрыдаў агароднінных культур і тэхналогій вытв-сці іх насення; распрацоўка энергазберагальных і прыродаахоўных тэхналогій і сістэм вядзення агародніцтва ў адкрытым і ахаваным грунце і інш. Ін-там створана больш за 100 сартоў і гібрыдаў агароднінных культур.

А.​А.​Аутка.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АГРАБУДМЕХАНІЗА́ЦЫЯ»,

Дзяржаўны канструктарска-тэхналагічны інстытут «Аграбудмеханізацыя» Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1986 у Мінску на базе праектна-канструктарскага бюро (з 1965), да 1992 — Усесаюзны канструктарска-тэхнал. ін-т буд. механізацыі.

Асн. кірункі дзейнасці: стварэнне сродкаў механізацыі буд.-мантажных работ, у т. л. па ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС; распрацоўка бетонамяшальных установак і комплексаў, вагавых дазатараў вады, цэменту і напаўняльнікаў, тэхналогій і абсталявання для вытв-сці сценавых блокаў павышанай дакладнасці.

т. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́НЧЫК (Аляксандр Сямёнавіч) (н. 10.8.1908, в. Яцкавічы Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Мядзельскім р-не ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). З 1922 працаваў на сельскай гаспадарцы, з 1939 у органах НКУС. У жн. 1941 арганізаваў партыз. дыверсійную групу, якая дзейнічала ў складзе атрада імя Будзённага, са снеж. 1943 камандзір атрада «Патрыёт» і нач. асобага аддзела брыгады імя Будзённага. У 1944—57 на сав. рабоце.

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБ (Віктар Канстанцінавіч) (н. 20.10.1934, в. Стаўбуновічы Мінскага р-на),

бел. вучоны ў галіне механізацыі жывёлагадоўлі. Канд. тэхн. н. (1971), праф. (1989). Скончыў Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1959). З 1959 у Бел. агр. тэхн. ун-це. Навук. працы па кормавытворчасці, перапрацоўцы кармоў і тэхналогіі іх прасавання. Адзін з аўтараў вучэбных дапаможнікаў па механізацыі жывёлагадоўлі.

Тв.:

Комплексная механизация прудового рыбоводства. 2 изд. М., 1973 (разам з А.​М.​Моравым).

Л.​В.​Бароўка.

т. 5, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ КА́БЕЛЬНЫ ЗАВО́Д «Мазыркабель». Пабудаваны ў 1959 у г. Мазыр Гомельскай вобл. У 1972 уведзены ў эксплуатацыю цэх серабрэння меднага дроту, у 1975 — цэх мантажных правадоў, у 1982 — цэх тавараў нар. ўжытку. У 1976—90 галаўное прадпрыемства ВА «Беларуськабель». З 1990 наз. Мазырскі кабельны з-д «Беларуськабель», з 1997 адкрытае акц. т-ва «Беларуськабель». Асн. прадукцыя (1999): правады авіяцыйныя, мантажныя, злучальныя шнуры, кабелі сельскай і гар. тэлеф. сувязі, радыёчастотныя, сілавыя і кантрольныя.

т. 9, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ ФОНД СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА РАЗВІЦЦЯ́ (International Fund for Agricultural Development; ІФАД),

спецыялізаваная ўстанова ААН. Засн. ў 1977. Членамі ІФАД з’яўляліся 139 дзяржаў (1985). Мэта ІФАД — мабілізацыя дадатковых сродкаў для развіцця сельскай гаспадаркі ў краінах, якія сталі на шлях развіцця, праз ажыццяўленне праектаў і праграм, прызначаных для бяднейшага сельскага насельніцтва. 55% першапач. капіталу фонду складаюць узносы развітых краін. Вышэйшыя органы ІФАД: Савет кіраўнікоў (прадстаўнікі краін-членаў), Выканаўчы савет на чале з прэзідэнтам. Месцазнаходжанне — Рым.

т. 10, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КАНАЎ (Леанід Мікалаевіч) (3.7.1872, Масква — 30.4.1952),

бел. вучоны ў галіне батанікі, педагог. Праф. (1920). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Новаалександрыйскі ін-т сельскай гаспадаркі і лесаводства (1897, Польшча). У 1934—41 у Віцебскім пед. ін-це (заг. кафедры), у 1943—50 у БДУ (да 1946 заг. кафедры). Навук. працы па методыцы выкладання прыродазнаўства.

Тв.:

Жизнь растения в простейших опытах. 4 изд. Пг.;

М., 1919;

Практические занятия по ботанике в сельской школе. Л., 1925.

т. 11, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)