КАЛМАНСО́Н (Гілель Майсеевіч) (літ. псеўд. Перакаці-Поле; 1868, г. Магілёў — 1937),

дзеяч. рэв. руху, пісьменнік. Бацька Г.Лялевіча. У 1884 у Кіеве уступіў у рэв. гурток, жыў у Чарнігаве, Адэсе, з 1895 у Магілёве, ствараў с.-д. гурткі. З 1903 чл. РСДРП, падтрымліваў сувязі з І.М.Баранкевічам, А.Ц.Вазілам. Аўтар зб. «Песні басяка» (1907). Некат. вершы К. ўвайшлі ў складзены У.Дз.Бонч-Бруевічам зб. «Выбраныя творы рускай паэзіі» (3-е выд., 1908). У 1917—22 на парт. і ваен. рабоце ў Магілёве, Самары, Гомелі. З 1922 жыў у Маскве. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Свобода: Элегия в прозе. Киев, 1915;

Плакучая акация: Сказка-притча Киев, 1915;

Красная Армия: Стихи. Самара, 1919;

Первые шаги: (Из воспоминаний) // Известия Гомельского губернского комитета РКП(б). 1921. № 7—8.

А.Ф.Вялікі, В.У.Скалабан.

т. 7, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАШЭ́ІН (Мікалай Іванавіч) (1885 г. Ржэў Цвярской вобл., Расія — 1937),

удзельнік Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны на Беларусі. З 1915 на Зах. фронце, вёў рэв. агітацыю сярод салдат. Чл. РСДРП(б). З сак. 1917 чл. Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, з крас. чл. бальшавіцкай фракцыі выканкома Зах. фронту, дэп. Устаноўчага сходу ад Зах. акругі і фронту. З ліст. 1917 чл. часовага бюро ВРК Зах. фронту, старшыня выканкома Савета сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ.; са студз. 1918 нам. старшыні Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Са снеж. 1918 нач. гарнізона г. Мінска. З ліп. 1919 на Зах. фронце, камандаваў чырвонаармейскім атрадам пад Баранавічамі. У 1930-я г. ў Маскве, у 1936 беспадстаўна арыштаваны, расстраляны.

Э.А.Карніловіч.

т. 8, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛУЧ»,

газета Мінскай арг-цыі РСДРП і фракцыі сацыял-дэмакратаў-меншавікоў франтавога к-та Зах. фронту. Выдавалася з 4(17) кастр. да ліст. 1917 у Мінску на рус. мове 6 разоў на тыдзень. Рэдактары: С.Басіст, А.Хаст, А.Штэрн. Змяшчала матэрыялы па надзённых пытаннях тагачаснага жыцця, асаблівую ўвагу аддавала рабочаму, сялянскаму і франтавому жыццю, з 2-й пал. кастр. асвятляла ход падрыхтоўкі выбараў ва Устаноўчы сход. Стаяла на платформе класавай барацьбы, але адмоўна ставілася да заклікаў бальшавікоў пра неабходнасць сац. рэвалюцыі і ўсталяванне дыктатуры пралетарыяту, выказвалася супраць перадачы ўсёй улады Саветам. Кастр. рэвалюцыю 1917 кваліфікавала як бальшавіцкі пераварот. Друкавала матэрыялы К-та выратавання рэвалюцыі Зах. фронту, звесткі пра барацьбу за ўладу ў Мінску і інш. гарадах Беларусі.

М.Я.Сяменчык.

т. 9, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РВІЧ (Яўгенія Аронаўна) (Адольфаўна; 1861, Мінск — 1934?),

удзельніца народніцкага і с.-д. руху ў Беларусі. Сястра І.А.Гурвіча. У час вучобы ў Пецярбургу ў 1879 арыштавана, саслана ў Мінск. Удзельнічала ў арганізацыі мінскай падп. друкарні «Чорнага перадзелу». Адна з заснавальнікаў у 1888 у Мінску першай у Беларусі с.-д. арг-цыі. У сярэдзіне 1890-х г. удзельнічала ў арганізацыі і станаўленні Бунда. У 1898 арыштавана, у 1900 саслана ва Усх. Сібір, адкуль у 1902 уцякла разам з Л.Д.Троцкім. У 1906 вярнулася з эміграцыі, супрацоўнічала з меншавіцкай фракцыяй РСДРП. У 1917 чл. выканкома Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 1922 навук. супрацоўнік ін-та К.Маркса і Ф.Энгельса ў Маскве. Адна з перакладчыкаў 1-га т. «Капітала» К.Маркса (разам з Л.М.Закам; выд. ў 1899 у Пецярбургу). Аўтар успамінаў.

Я.З.Басін.

т. 5, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІНО́ЎЕЎ (Рыгор Яўсеевіч) (сапр. Радамысльскі Яўсей Аронавіч; 8.9.1883, г. Кіраваград, Украіна — 25.8.1936),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. З 1901 чл. РСДРП, з 1903 бальшавік. Чл. ЦК партыі ў 1907—27, чл. Палітбюро ЦК у кастр. 1917 і ў 1921—26. У 1902—17 (з перапынкамі) у эміграцыі. 3 крас. 1917 у Расіі. Пасля ліпеньскага крызісу 1917 разам з У.І.Леніным хаваўся ў Разліве. У кастр. 1917 выступаў супраць узброенага паўстання, у ліст. — за ўрадавую кааліцыю з меншавікамі і эсэрамі. У 1917—26 старшыня Петраградскага Савета. У 1919—26 старшыня выканкома Камінтэрна. У 1925 на 14-м з’ездзе ВКП(б) крытыкаваў паліт. справаздачу ЦК, якую рабіў І.В.Сталін. У ліст. 1926 выключаны з партыі. Асуджаны па справах «Маскоўскага цэнтра» (1935, на 10 гадоў турмы) і «Трацкісцка-зіноўеўскага цэнтра» (1936, расстраляны). Рэабілітаваны ў 1988.

Р.Я.Зіноўеў.

т. 7, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИЗВЕ́СТИЯ МИ́НСКОГО СОВЕ́ТА РАБО́ЧИХ И СОЛДА́ТСКИХ ДЕПУТА́ТОВ»,

газета. Выдавалася з 5(18).3 да 18(31).10.1917 у Мінску на рус. мове 3 разы на тыдзень. Орган Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. № 1—2 называўся «Известия Совета рабочих депутатов» (рэдактар М.В.Фрунзе), № 3—40 «Известия Совета рабочих и солдатских депутатов». У сак.крас. прытрымлівалася агульнадэмакр. пазіцый. Друкавала адозвы, заклікі аб утварэнні Саветаў, салдацкіх к-таў, прафес. саюзаў, дэмакр. арг-цый, спрыяла ўтварэнню і дзейнасці Мінскай аб’яднанай арг-цыі РСДРП. З узмацненнем у Мінскім Савеце ўплыву бальшавікоў (май—чэрвень) змест газет набыў парт. адценне. Тэарэт. перадавыя артыкулы грунтаваліся на грамадска-паліт. асэнсаванні падзей у Петраградзе, Маскве і інш. рэгіёнах Расіі. Сялянскі і бел. нац. рух амаль не асвятляўся. Вяла антываенную прапаганду, агітацыю ў час перадвыбарчых сходаў. Выйшла 76 нумароў. Перайменавана ў газ. «Рабочий и солдат».

С.В.Говін, М.Я.Сяменчык.

т. 7, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРЖЫ́НСКІ (Сяргей Канстанцінавіч) (13.2.1870, Кіеў — 16.3.1901),

адзін з першых прапагандыстаў марксізму ў Беларусі. Скончыў Кіеўскае рэальнае вучылішча (1891). З 1891 вучыўся ў Кіеўскім ун-це. Вёў ідэйную барацьбу супраць народнікаў. З 1895 пісар Мінскай кантрольнай палаты, з 1896 у Дзярж. кантролі Лібава-Роменскай чыгункі. Прапагандаваў марксізм сярод рабочых чыг. майстэрняў і ліцейнага з-да ў гуртку, які перадаў яму С.С.Трусевіч. У 1897—98 удзельнічаў у падрыхтоўцы Першага з’езда РСДРП у Мінску. У 1897 пазнаёміўся з укр. паэтэсай П.Украінкай, спрыяў станаўленню яе марксісцкага светапогляду, дапамагаў ёй друкаваць свае творы ў часопісе легальных марксістаў «Жизнь» (у· 1900—01). Украінка 4 разы наведвала М. ў Мінску, у апошні прыезд правяла каля паміраючага 2 месяцы і напісала тут паэму «Апантаная». Імем М. названа вуліца ў Мінску.

Літ.:

Басин Я. Зов Прометея: Повесть о Сергее Мержинском. Мн., 1987.

Я.З.Басін.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Віцебская арганізацыя інтэрнацыяналістаў 2/300; 3/115, 116, гл. Віцебская арганізацыя РСДРП(б)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1950 у Брэсце. Мае 11 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 872 м²), 63 тыс. экспанатаў асн. фонду (1995). Аддзелы: прыроды, гісторыі Брэстчыны, Вял. Айч. вайны, этнаграфічны. Сярод экспанатаў археал. і нумізматычныя калекцыі, зброя і даспехі воінаў 13—19 ст., рукапісныя і друкаваныя кнігі (трэбнік 1646, рукапісны «Апостал» 17 ст.), гербы і пячаткі стараж. Брэста, матэрыялы пра Брэсцкую арг-цыю РСДРП, пра арг-цыю КПЗБ і яе дзеячаў (В.З.Харужую, У.З.Царука і інш.), абарону Брэста і Брэсцкай крэпасці, партыз. і падп. рух на тэр. вобласці ў Вял. Айч. вайну, Герояў Сав. Саюза — землякоў, у т. л. С.І.Грыцаўца, П.І.Клімука і інш.; у аддзеле этнаграфіі муз. інструменты 18 ст., прылады працы і побыту сялян 19 ст.; у аддзеле прыроды экспанаты расліннага і жывёльнага свету Брэстчыны, агучаныя дыярамы «Белавежская пушча», «Палессе». Філіялы: Археалагічны музей «Бярэсце», Музей партызанскай славы, Камянецкая вежа, карцінная галерэя.

Т.М.Новікава.

т. 3, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАГА ПЕРАСЫ́ЛЬНАГА ПУ́НКТА ПАЎСТА́ННЕ 1916,

найбольшае на Беларусі і Зах. фронце выступленне салдат у 1-ю сусв. вайну. Адбылося каля Гомеля пад уплывам рэв. прапаганды чл. Палескага к-та РСДРП(б) і салдат-бальшавікоў. Росту незадаволенасці садзейнічалі ваен. паражэнні, разруха ў тыле, здзекі над салдатамі. Паўстанню папярэднічалі хваляванні салдат 15 крас., 20 мая, 10 ліпеня. У адказ на арышт казака М.Ф.Башкіна 4.11.1916 паўстала каля 4 тыс. салдат і матросаў. Яны абяззброілі варту, вызвалілі 800 арыштаваных і знішчылі ў канцылярыі гаўптвахты ўсе абвінаваўчыя дакументы. Выкліканыя камандаваннем каравульныя роты паўстанцы сустрэлі ружэйным агнём. Аднак зброі ў паўстаўшых было мала і іх выступленне задушылі. 8.11.1916 паўстанне аднавілася: каля 200 салдат разагналі атрад паліцэйскіх, разам з перасыльнымі яны абяззброілі варту і вызвалілі арыштаваных. Да іх далучыліся яшчэ 1000 чал. Паўстанне задушылі ўзбр. сілай. 16 найб. актыўных удзельнікаў былі асуджаны, 9 з іх — да пакарання смерцю.

Э.М.Савіцкі.

т. 5, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)