У пач. 20 ст.асн. цэнтрамі бел.нац. адраджэння з’яўляліся Вільня і Мінск. Газ. «Северо-Западный край», створаная ў 1902 на базе газ. «Минский листок», друкавала гіст., фалькл. і этнагр. матэрыялы, апавяданні і нарысы А.Пшчолкі, верш Я.Купалы «Мужык». У 1903 утворана Бел.сацыяліст. грамада (першапачаткова наз.Бел.рэв. грамада) на аснове нац.-культ. гурткоў студэнцкай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу. Заснавальнікамі і кіраўнікамі былі браты І. і А. Луцкевічы, А.Пашкевіч (Цётка), А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), В.Іваноўскі (Вацюк Тройца), А.Уласаў і інш. У Пецярбургу каля 1902 арганізаваны гурток студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы» і разгортвалася выдавецкая дзейнасць. Асабліва магутны імпульс нац.-вызваленчаму руху дала рэвалюцыя 1905—07: знята забарона бел. друкаванага слова, у выніку чаго актывізавалася літ.-грамадскае жыццё, пачалі дзейнічаць выдавецкія таварыствы, выдавацца газеты, часопісы, літ. зборнікі, альманахі. У гэты час цэнтрам бел. адраджэння стала Вільня, дзе ў друкарні М.Кухты выйшлі творы М.Багдановіча, Цёткі і інш.; перавыдадзены «Дудка беларуская» (1907) і «Смык беларускі» (1908) Ф.Багушэвіча, пераклад В.Дуніным-Марцінкевічам «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча (1907). Тут выдаваліся першыя легальныя газеты на бел. мове «Наша доля» і «Наша ніва», у якіх у розны час працавалі і друкаваліся З.Бядуля, Я.Колас, Я.Купала, С.Палуян, Цётка, Ядвігін Ш. Перыяд з 1906 па 1915, калі выходзіла «Наша ніва», атрымаў назву «нашаніўскі». Апрача бел. твораў, у газеце друкаваліся пераклады твораў рус. пісьменнікаў (М.Горкі, А.Кальцоў, І.Крылоў, А.Майкаў, М.Някрасаў, А.Пушкін, А.Чэхаў), польскіх (С.Жаромскі, М.Канапніцкая, А.Міцкевіч, К.Пшэрва-Тэтмаер), бел.-польскіх (У.Сыракомля), укр. (М.Крапіўніцкі, А.Крымскі, А.Алесь, Т.Шаўчэнка). У той жа час у рус., укр., польскіх, чэш.перыяд. выданнях з’явіліся артыкулы пра бел. адраджэнне і літаратуру. На ўкр. мове асобнай брашурай выйшаў нарыс І.Свянціцкага «Адраджэнне беларускай літаратуры» (1908), дзе ўпершыню апубл. вершы Я.Купалы «Там» і «Што ты спіш?». У «Нашай ніве» публікаваліся рэцэнзіі на паэт. зборнікі, з праблемнымі артыкуламі актыўна выступалі А.Луцкевіч, Я.Купала, М.Бабровіч і інш.Бел. пісьменнік і крытык С.Палуян друкаваўся ва ўкр. газетах і часопісах, пісаў пра творчасць М.Кацюбінскага, В.Стафаніка, І.Франко, Т.Шаўчэнкі. Пра рус. і ўкр. пісьменнікаў публікаваў артыкулы М.Багдановіч.
Бел. літаратура пач. 20 ст. актыўна засвойвала прагрэсіўныя традыцыі слав. і сусветнай літаратур, разам з тым набывала адраджэнска-патрыятычны пафас. У творчасці бел. пісьменнікаў пераадольваліся апісальнасць, бытавізм, прыземленасць, паглыбляўся індывідуальна-філасофскі пачатак, узніклі новыя ідэі сац. і нац. вызвалення, гуманіст. ўзвышэння асобы, услаўлення агульначалавечых каштоўнасцей. Пачала распрацоўвацца пейзажная, філасофская, інтымная тэматыка. Бел. літаратура, адначасова развіваючыся ў нар.-дэмакр., рэаліст. і рамантычна-ірацыянальным рэчышчы, арганічна ўключылася ў еўрап. літаратурны працэс; яе маст. спецыфіка заключалася ў паскоранасці развіцця, ва ўзаемадзеянні з новымі маст. плынямі (сімвалізм, імпрэсіянізм). Асаблівы ўплыў на лёс Беларусі зрабіла 1-я сусв. вайна, якую бел. пісьменнікі асудзілі як злачынства супраць народаў. У 1914 у «Нашай ніве» апубл. верш А.Гаруна «Праводзіны», дзе вайна паказана як сорам і ганьба для свету.
У гады 1-й сусв. і грамадз. войнаў бел. адраджэнне дасягнула значных поспехаў у развіцці перыёдыкі і маст. літаратуры. З’явіліся перыяд. выданні «Гоман» (1916—18), «Вольная Беларусь» (1917—18), «Беларускі шлях» (1918), «Звон» (1919), «Беларусь» (1919—20), «Беларуская думка» (1919), «Рунь» (1920) і інш. Пабачылі свет многія творы, якія пазней сталі класічнымі: 1-ы варыянт паэмы «Сымон-музыка», «Казкі жыцця» і вершы Я.Коласа, апавяданні і аповесці М.Гарэцкага, многія вершы Я.Купалы, публіцыстыка Я.Купалы, Я.Лёсіка, А.Луцкевіча і інш. Упершыню надрукаваны камедыі В.Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» і «Залёты», апавяданне А.Плуга «Кручаная баба», творы Л.Вітан-Дубейкаўскага, К.Каганца і інш. У перыяд. выданнях з’явіліся артыкулы пра мінулае бел. народа і культуру перыяду ВКЛ, пра асаблівасці і заканамернасці бел. мовы, пра пошукі шляхоў нац. адраджэння і развіцця. 1917—20 у гісторыі бел. л-ры займаюць асаблівае месца. Войны, акупацыі, 2 рэвалюцыі і звязаныя з імі грамадскія катаклізмы сталі выпрабаваннем для ўсёй ідэалогіі нац. адраджэння, якая дасягнула высокага ўзроўню ў творчасці пісьменнікаў нашаніўскага перыяду. Беларусь аказалася падзеленай, у зах. яе частцы засталася Вільня, якая ў канцы 19 — пач. 20 ст. выпраменьвала ідэі нац. адраджэння. За мяжой апынуліся дзеячы бел. культуры і літаратуры: Ф.Аляхновіч, М.Гарэцкі, В.Ластоўскі, А.Луцкевіч, Б.Тарашкевіч, А.Уласаў (гл. раздзел Літаратура Заходняй Беларусі). Цэнтр. месца ў творчасці пісьменнікаў заняла праблема адраджэння нац. свядомасці і абуджэння чалавечай годнасці ва ўмовах войнаў, рэвалюцый, панавання акупац. рэжымаў. Гал. асаблівасці літаратуры гэтага перыяду абумоўлены і прадвызначаны двума фактарамі. Па-першае, літаратура моцна абапіралася на традыцыі сапр. народнасці, непасрэднай сувязі знайб. істотнымі грамадскімі праблемамі. Па-другое, паспяваючы за жыццём, яна неадкладна і востра рэагавала на ўсе змены, адгукалася на патрэбы дня (З.Бядуля, А.Гарун, М.Гарэцкі, Я.Купала).
Паэзія. З усіх літ. жанраў найб. багатыя традыцыі мела бел. паэзія. М.Багдановіч, З.Бядуля, А.Гарун, Я.Колас, Я.Купала, Цётка ў пач. 20 ст. стваралі вершы, песні, паэмы, якія ўпершыню ў гісторыі бел. літаратуры дасягнулі сусветнага маст. ўзроўню. Імкнучыся ў найкарацейшы тэрмін пераадолець той разрыў, што аддзяляў бел. літаратуру ад літаратур суседніх слав. народаў, бел. паэты выкарыстоўвалі вобразна-маст. прынцыпы творчасці, характэрныя і для мінулых эпох, і для пач. 20 ст. Больш змястоўнымі становяцца формы маст. вобразнасці (метафары, эпітэты, параўнанні), больш багатай і шматзначнай — алегорыя. Бел. аўтары часцей звяртаюцца да рамант. і сімволіка-алегарычных форм вобразнасці, да гіст. мінулага народа, да легендарных падзей, а таксама да нетрадыц., новых тэм, звязаных з тагачасным жыццём (напр., тэма горада).
Паэзія нашаніўскага перыяду імкнулася ўплываць на грамадскае жыццё, каб узняць бел. народ на сац. і нац. барацьбу (вершы «Вера беларуса», «Мора», «Хрэст на свабоду» Цёткі; «Там», «А хто там ідзе?», «Гэта крык, што жыве Беларусь», «Вось тут і жыві» Я.Купалы; «Беларусам», «Не бядуй!», «Ворагам», «Наша возьме» Я.Коласа і інш.). У т.зв. перыяд рэакцыі (1908—10), які наступіў пасля рэв. ўздыму, бел. паэзія адлюстроўвала настроі «грамадзянскага суму», у ёй узмацняліся матывы нядолі і бяспраўя (зб-кі «Жалейка» Я.Купалы, «Песні жальбы» Я.Коласа, вершы «Начныя думкі» А.Гаруна, «Краю мой родны! Як выкляты Богам...», «Народ, Беларускі Народ!» М.Багдановіча). З 1910 у творчасці паэтаў адчуўся зварот да гарадской і рабочай праблематыкі (цыкл «Места» М.Багдановіча, зб. «Песні» Ц.Гартнага); уздымаліся таксама «вечныя» тэмы «чыстай красы», прыроды, кахання (зб-кі «Вянок» М.Багдановіча, «Курганная кветка» К.Буйло). У пач. 20 ст. галоўным літ. кірункам быў рэалізм, але часам трывалыя пазіцыі займаў рамантызм, з якім былі звязаны творы Цёткі перыяду рэвалюцыі 1905, паэмы «Сымон-музыка» Я.Коласа, «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я» Я.Купалы і інш. У творчасці некат. пісьменнікаў рэаліст. і рамант. тэндэнцыі арганічна спалучаліся з марай аб лепшай будучыні, узбагачалі крытычны аналіз рэчаіснасці. Узаемадзеянне такіх тэндэнцый спрыяла развіццю ўсёй вобразнай сістэмы бел. паэзіі. Рамант. літаратура звярталася да мінулага і да ўмоўнай рэчаіснасці, створанай легендамі, казкамі, міфамі і фантазіяй саміх аўтараў. У мінулым знаходзіліся вытокі гіст. самабытнасці народа, усёй бел. культуры. Паэзія была прасякнута імкненнем да сац. справядлівасці, панавання высокіх маральных норм, абуджэння нац. свядомасці беларусаў.
Творцам нац. ідэі ў паэзіі быў Я.Купала, які адкрыта выступіў за самавызначэнне беларусаў. У яго зб-ках «Жалейка» (1908), «Гусляр» (1910), «Шляхам жыцця» (1913) пераважаюць вобразы песняра-прарока, матывы абуджэння і вызвалення народа зсац. і нац. прыгнёту («Мужык», «А хто там ідзе?», «Ворагам Беларушчыны», «Маладая Беларусь»), праяўляецца прамоўніцкі пафас паэт. публіцыстыкі. У вершах «Забраны край», «З мінуўшых дзён», «Песня жней» трагічна адлюстравана бел. гісторыя, нявольніцкае становішча селяніна. Выяўляючы ўнутр. свет бел. народа, паэт звяртае ўвагу на духоўныя пачаткі нар. жыцця — імкненне да справядлівасці, шчасця, свабоды і дабра. Трагічныя матывы суму-тугі, якія занялі значнае месца ў зб-ку «Гусляр», не зацямнілі ў ёй рэнесансава-светлага, жыццялюбнага духу чалавека («Вясенняя раніца», «Лета»), Філас., агульначалавечага дыяпазону паэт. творы «Гусляра» сцвярджалі наватарскі характар зборніка як яшчэ адну вышэйшую ступень у развіцці ўсёй бел. лірыкі пач. 20 ст. Для паэзіі Я.Купалы характэрны многія матывы еўрап. рамантызму: гуманізм, услаўленне свабоды і асуджэнне рабства, прыгнёту, зварот да незвычайнага, таямнічага (міфалогіі), культ кахання. У ранніх яго паэмах 1906—08 («Нікому», «Зімою», «За што?», «Адплата кахання») праяўляецца схільнасць да яркіх падзей і сітуацый, да герояў з неардынарным лёсам. Зрамант., але моцна пераўтворанымі і трансфармаванымі традыцыямі звязаны яго драм. паэмы «Адвечная песня» (1908) і «Сон на кургане» (1910). У сімволіка-рэаліст. паэме «Адвечная песня» Я.Купала ставіць пытанне аб сэнсе чалавечага быцця; яе галоўны герой Мужык не столькі проста селянін, колькі Чалавек увогуле. У яго алегарычна-рамант. паэме «Сон на кургане» не проста асэнсоўваецца гаротны лёс бел. мужыка, а ставіцца праблема інтэлігенцыі і народа, раскрываецца драма самотнага рэвалюцыянера-адраджэнца. Абедзве драм. паэмы ўзбагацілі літаратуру стылявой навізной, жанравай своеасаблівасцю, шырынёй абагульненняў. Дух рамант. пратэсту ў паэме «Курган» (1910) стаў узорным увасабленнем палярызацыі дабра і зла, спрадвечнай праблемы мастака і ўлады. Паэма ўслаўляла ідэалы дэмакратызму і народнасці. Магутным адраджэнскім пафасам вызначалася паэма Я.Купалы «На Куццю» (1911), дзе вырашалася пытанне нац. прыналежнасці беларусаў. У створанай на аснове гіст. сюжэта паэме «Бандароўна» (1913) услаўляецца годнасць і духоўная моц чалавека з народа. Праблема маральных законаў жыцця паўстае і ў паэме «Магіла льва» (1913), з ідэяй асуджэння асобы, якая проціпастаўляе сябе народу. Настрой паэмы «Яна і я» (1913) пазбаўлены адчування драматызму і трагізму рэчаіснасці. Гэта новы варыянт фальклорна-рамант. паэмы ў бел. літаратуры: не гераічны, як «Курган» і «Бандароўна», не аповесцевы, як «Магіла льва», а ідылічна-пастаральны. Я.Купала, выяўляючы эмацыянальнасць, багацце кампазіцыйных форм, блізкасць да нар. песні, яе вобразаў, матываў і паэтыкі, стварыў шэраг твораў ярка рамантычных па вобразнасці, драматычна напружаных па перажываннях, народна-песенных па гучанні.
Адраджэнскі патрыятызм Я.Коласа адрозніваецца ад купалаўскага рамантычна-ўзнёслага пафасу. У дарэв. перыяд паэзія Я.Коласа адметная пачуццёвай стрыманасцю і паглыбленай разважлівасцю, увагай да надзённых клопатаў селяніна і нар. псіхалогіі. У першым надрукаваным вершы «Наш родны край» (1906), з якога пачалася грамадз. лірыка паэта, выказаны заклапочанасць і перажыванне за лёс радзімы. Эстэт. прынцыпы народнасці і рэалізму ўвасобіліся ў вершах «Не пытайце, не прасеце», «Пясняр», «Родныя песні». Паэт услаўляў людзей моцных, непрымірымых да сац. зла і несправядлівасці («Ворагам», «Не бядуй!», «Не дамся»), Лірыку смутку («Вёска», «Мужык», «Родныя вобразы») ураўнаважваюць яго публіцыстычныя вершы («Беларусам», «Кіньце смутак», «Наша возьме»). Многія творы пейзажнай лірыкі, прасякнутыя пачуццямі шчырай замілаванасці да роднага краю, увайшлі ў залаты фонд бел. літаратуры («На полі вясною», «Усход сонца», «Ноч»). Паэт па-майстэрску стварыў пластычныя, аб’ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі бел. прыроды. У вершах 1914—16 асуджаецца захопніцкі характар і антынар. скіраванасць вайны («Думкі салдата», «Ворагам»). Лірычная эпапея Я.Коласа «Сымон-музыка» (1911—18, 2-я рэд. 1925) спалучае рэалістычнае і рамантычнае, але драматычна завастрае праблему мастака і народа. Гэта твор аб нар. вытоках мастацтва, грамадскім абавязку мастака, у больш шырокім плане — аб духоўным адраджэнні народа. Па-мастацку дасканалая паэма-эпапея «Новая зямля» (1911—23) прасякнута ідэяй сац. і нац. вызвалення, сцвярджэннем высокай грамадз. годнасці чалавека. У ёй аўтар асэнсаваў цэлую эпоху ў жыцці бел. народа, праўдзіва адлюстраваў становішча сялян у канцы 19 ст., раскрыў глыбокія сац. супярэчнасці. Абодва творы панарамна раскрываюць карціну лёсу народа ў пераломныя гіст. эпохі. Паэтычная творчасць Я.Коласа выявіла схільнасць пісьменніка да лірыкі пераважна элегічнай, мінорнай паводле настрояў, канкрэтна-рэалістычнай паводле дэталей, задуменнай.
Новымі тэмамі, вобразамі, формамі як традыцыйна-класічнымі, так і песенна-народнымі бел. лірыку ўзбагаціў М.Багдановіч. Раннія яго вершы прасякнуты гуманіст. матывамі («Мае песні», «З песняў беларускага мужыка»); пазней, з узмацненнем рамант. тэндэнцый, паглыбілася сац.-філас. праблематыка і патрыят. пафас лірыкі («Перад паводкай», «Рушымся, брацця, хутчэй»), вершы набываюць аптымістычнае, жыццесцвярджальнае гучанне («Кінь вечны плач свой аб старонцы!», «Зразаюць галіны таполі адну за адной»). Разнастайная пейзажная лірыка М.Багдановіча выяўляе багаты спектр чалавечых пачуццяў («Зімой», «Раманс», «Добрай ночы, зара-зараніца!»), міфалагічныя вобразы становяцца своеасаблівай фальклорнай дэкарацыяй, якая надае пейзажу рамант. рысы («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Падвей»), М.Багдановіч разам з Я.Купалам увёў у бел. лірыку інтымную тэматыку («Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). У адзіным яго прыжыццёвым паэт. зб-ку «Вянок» (1913) новыя для бел. літаратуры урбаністычныя матывы, якія побач з захапленнем знешнім бляскам выяўляюць трагічныя малюнкі, кантрастныя жыццёвыя з’явы («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая», «Дзве смерці»). Новай для бел. лірыкі стала распрацоўка гіст. тэмы («Летапісец», «Перапісчык», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага»). Паралельна з «вершамі беларускага складу», стылізаванымі пад народныя («Лявоніха», «Бяседная», «Хоць і зорачка — ды не вячэрняя»), у паэзіі М.Багдановіча ўзмацняецца антываенная тэматыка, адметная сваім лірыка-драм. гучаннем («Як Базыль у паходзе канаў», «Цёмнай ноччу лучына дагарала»). Тэндэнцыя да гераізацыі нар. характару знайшла далейшае развіццё ў фальклорна-рамант. паэмах «Максім і Магдалена» (1915) і «Страцім-лебедзь» (1916), заснаваных на нар. вобразах і сюжэтах. У паэме «Страцім-лебедзь» услаўленне моцнай, гераічнай асобы, здольнай супраціўляцца варожым сілам. У ліку асн. заслуг М.Багдановіча як стваральніка бел. літаратуры і літ. мовы новага часу — узбагачэнне нац. мастацтва здабыткамі сусв. культуры, узнаўленне на нац. глебе твораў ант., рус. і зах.-еўрап. аўтараў, распрацоўка санета, трыялета, рандо, актавы, тэрцынаў, скерца і інш. вершаваных форм. Ён шырока культываваў і маст. пераклад.
Паэзія А.Гаруна паводле матываў і тэматыкі блізкая да творчасці Я.Купалы і Я.Коласа. Яго вершы характарызуюцца алегарычнасцю, багаццем інтанацый, маст.-вобразных, лексічных, сінтакс. форм і рытмікі, журботна-меланхалічнай вобразнасцю. Матывы «грамадзянскага суму» былі характэрны для творчасці Г.Леўчыка і інш. тагачасных бел. паэтаў. Калі В.Ластоўскі выступіў з палемічным артыкулам «Сплачвайце доўг» («Наша ніва», 1913), дзе скіроўваў бел. паэзію на ўслаўленне прыгажосці, з адказам яму выступіў Я.Купала (арт. «Чаму плача песня наша?»), раскрыўшы тыя грамадска-паліт. прычыны, што абумовілі мінорнае гучанне паэзіі. Яго падтрымаў Л.Гмырак (арт. «Яшчэ аб сплачванні доўгу»), які таксама адстойваў эстэтыку рэалізму і народнасці, выступаў за грамадз. пафас літаратуры. Гэта дыскусія засведчыла імкненне паэтаў зразумець сутнасць і прызначэнне бел. літаратуры, акрэсліць шляхі яе развіцця.
Абуджэнню сац. і нац. свядомасці беларусаў садзейнічала публіцыст. лірыка Цёткі. З ёй у бел. літаратуру прыйшлі рэв. рамантыка і пафас («Мора», «Вера беларуса», «Бура ідзе»). Яе кнігі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» (абедзве 1906) былі першымі арыгінальнымі зб-камі бел. паэзіі 20 ст.З творчасцю Ф.Багушэвіча, Цёткі ў ідэйным плане перагукалася публіцыстычная паэзія К.Каганца. Яна працягвала традыцыі нар. антыпрыгонніцкіх і рэкруцкіх песень, была прасякнута нац. матывамі («На мабілізацыю», «Наш покліч», «Плач беларуса»). Новай для бел. паэзіі была рабочая тэматыка, якую распрацоўваў Ц.Гартны ў вершах, прысвечаных гаротнай долі вандроўных гарбароў («Песні гарбара», «Гарбар на вандроўцы»). Паплечнікам Ц.Гартнага па літ. і грамадска-паліт. дзейнасці быў А.Гурло, які ўвёў у бел. лірыку марыністычныя матывы («Заблішчалі ў цёмнай далі маякі», «На моры»). Гумарыстычная плынь найб. выразна выявілася ў творчасці А.Паўловіча. Стыль яго вершаў працягваў традыцыю бел.сац.-бытавога анекдота, калі за недарэчнымі, іранічна паказанымі падзеямі ўгадваецца нар. мараль («Сыноўняя апека», «Гаспадыніна дзяжа»). Вастрынёй сац. тэматыкі вылучалася паэт. творчасць З.Бядулі («Пастушка», «Пан»). У той жа час пісьменнік узбагаціў бел. літаратуру адзнакай інтэлігентнасці, даказаўшы, што паэзія можа ўзняцца да найшырэйшых маст. абагульненняў, пераасэнсоўваючы духоўны вопыт тысячагоддзяў. У вершы «Прарок» спроба зірнуць на тагачаснае становішча Беларусі праз прызму гісторыі чалавецтва, трывога за лёс радзімы, чаканне прыходу будзіцеля нар. мас. Шырокае выкарыстанне фалькл. матываў, меладычнасць і напеўнасць лірыкі ў ранняй паэзіі К.Буйло. Выдатнай старонкай яе творчасці стала поўная ўзвышаных самаадданых пачуццяў лірыка кахання («Помніш вечар?», «У краіне мар», «Як я цябе люблю»), а таксама патрыят. лірыка («Люблю», «Беларусі»). Адметнай з’явай бел. паэзіі была творчая спадчына В.Адважнага, А.Зязюлі, К.Сваяка — каталіцкіх святароў, якія развівалі прагрэсіўныя патрыят. і хрысціянска-дэмакр. ідэі.
Асаблівасць бел. лірыкі пач. 20 ст. ў яе жанрава-стылявой разнастайнасці, з’яўленні новых паэт. форм, вобразаў і матываў. Яна звярталася непасрэдна да чытачоў з заклікамі, патрабаваннямі, павучаннямі, перасцярогамі; эмацыянальны водгук на падзеі ператвараўся ў эфектыўную школу грамадз. выхавання. Паэзія на працягу ўсяго часу заставалася надзейным носьбітам нац. свядомасці. На першы план выступілі праблемы «зямлі і волі», новага чалавека і гераічнай асобы, узаемаадносін чалавека і грамадства, ролі культуры ў жыцці народа. Бел. паэзія выйшла на якасна новы грамадскі і эстэт. ўзровень.
Проза. У пач. 20 ст. празаічныя жанры набылі больш шырокае развіццё ў параўнанні з 19 ст., калі эпас падаваўся часцей у вершаваных формах. Пераважала малая проза, якая з прычыны яе жанравай спецыфікі ў адлюстраванні рэчаіснасці мела магчымасць больш хутка адгукацца на праблемы мінулага і тагачаснага жыцця. Вялікую ролю ў распаўсюджванні бел. прозы сярод шырокіх чытацкіх колаў мелі газ. «Наша доля» і «Наша ніва»; у апошняй друкаваліся апавяданні З.Бядулі, У.Галубка, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага, К.Каганца, Я.Коласа і інш. На старонках літаратурнага і навукова-папулярнага часопіса для моладзі «Лучынка» змяшчалі творы З.Бядуля, Я.Колас, Ядвігін Ш. Апавяданні бел. аўтараў выходзілі ў свет і асобнымі зборнікамі, кнігамі: «Беларускія апавяданні» (1901), «Нарысы і апавяданні з беларускага жыцця» (1902), «Нарысы і апавяданні з жыцця беларускай вёскі» (1906) А.Пшчолкі, «Бярозка» (1912), «Васількі» (1914) Ядвігіна Ш., «Апавяданні» (1912), «Нёманаў дар» (1913), «Тоўстае палена» (1913), «Родныя з’явы» (1914) Я.Коласа, «Абразкі» З.Бядулі (1913), «Апавяданні» У.Галубка (1913), «Рунь» М.Гарэцкага (1914), «Недацветы» В.Ластоўскага (1918). Акрамя таго, апавяданні М.Багдановіча на рус. мове публікаваліся ў яраслаўскіх газетах «Голос» («Няшчасны выпадак», «Злачынства», «Цуд маленькага Петрыка» і інш.), «Северная газета» («Прытча пра васількі», «Імянінніца»), часопісе «Русский экскурсант» («З летніх уражанняў») і інш. Выдаваліся таксама кнігі для дзяцей з перакладамі, вершамі, замалёўкамі, казкамі і апавяданнямі. У 1906 Цётка выдала «Лемантар», «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў»; суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» надрукавала «Беларускі лемантар, або Першую навуку чытання» К.Каганца. У 1909 выйшла ў свет «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа.
Бел. проза развівалася ў плане пашырэння разнастайнасці жанравых форм: апавядальная гісторыя ў розных варыянтах (Ядвігін Ш., У.Галубок, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, Цётка), празаічная байка (Ядвігін Ш.), алегарычнае апавяданне (Я.Колас, Ядвігін Ш.), нар. казка ў літаратурнай апрацоўцы (Я.Колас, З.Бядуля), літаратурная казка (М.Багдановіч, Ядвігін Ш., В.Ластоўскі), казка-варыяцыя (А.Гарун), навела ў розных варыянтах (У.Галубок, Ядвігін Ш., Я.Колас, М.Гарэцкі), апокрыф, апавяданне-папуры на фалькл. матывы (М.Багдановіч), «сцэнкі з натуры» (Я.Колас, М.Багдановіч), мініяцюра (З.Бядуля, М.Гарэцкі, М.Багдановіч), абразок у розных формах (Ядвігін Ш., Я.Колас, В.Ластоўскі, Цётка), фельетон (Ядвігін Ш., М.Багдановіч), імпрэсія (З.Бядуля, М.Гарэцкі), экспрэсія, літ. акорды (З.Бядуля), мастацкая прамова (К.Каганец), прыпавесць, паданне, «народны сказ» — легенда (В.Ластоўскі), падзейна-разгорнутае апавяданне з рэальным мастацкім светам (М.Багдановіч, А.Гарун, М.Гарэцкі, Я.Колас і інш.), маст. нарыс (К.Каганец, К.Лейка, А.Пшчолка). М.Гарэцкі з поспехам развіваў аналітычна-псіхал. стылявую плынь, З.Бядуля — імпрэсійна-рамантычную. Ядвігін Ш. поруч з рэалістычна-быт. і алегарычна-казачнай прозай даў узоры лірычнай навелы, М.Багдановіч — арыгінальныя спробы стылізацыі пад архаіку. Наватарскі характар прозы А.Гаруна праявіўся ў выкарыстанні элементаў фантастыкі ў рэалістычным быт. апавяданні. Яго творчасць адметная пашырэннем традыцыйнай тэматыкі: акрамя бел. вясковага жыцця, А.Гарун пісаў і пра нац. бяспраўе беларуса («Пан Шабуневіч»), разбуральнае ўздзеянне астрожнага жыцця на псіхалогію чалавека («Маладое», «Чалавек без крыві»). Увядзенне пісьменнікамі ў маст. твор нар. гутарковых лексічных, сінтаксічных, стылявых форм сведчыла пра ўзбагачэнне бел. літаратуры мастацка-выяўленчымі сродкамі, рост творчага майстэрства саміх аўтараў.
Для малой прозы пач. 20 ст. пры адлюстраванні рэчаіснасці характэрны своеасаблівы зварот да традыцый вуснай нар. творчасці, да нар. вобразаў з выразна арыгінальным аўтарскім поглядам на тагачасныя праблемы. З аднаго боку, адбывалася своеасаблівая стылізацыя пад фальклор (Бронісь, Л.Гвозд, Я.Окліч і інш.), з другога — зварот да нар. форм: анекдота, казкі, падання (М.Багдановіч, А.Гарун, Я.Колас), вобразаў (М.Гарэцкі, Я.Колас, А.Пшчолка, Ядвігін Ш.). Фалькл. паэтыка ў апавяданнях Ядвігіна Ш. дапамагала яму глыбей пранікаць у сутнасць жыццёвых з’яў і чалавечых характараў. Для многіх яго твораў, пададзеных у форме роспаведу пэўнага расказчыка («Заморскі звер», «Важная фіга», «З маленькім білецікам», «Жывы нябожчык», «Чортава ласка» і інш.), характэрна індывідуалізацыя герояў, праз якую выяўляюцца асаблівасці іх светаразумення. Селянін у Ядвігіна Ш. жартуе з сябе (часам апасродкавана), нібыта не разумеючы камізму сітуацый, аб якіх распавядае. У форме літ. анекдота аўтар высмейвае заганы чалавечай натуры («Што сказаў певень», «Шчаслівая»). Легендарныя і казачныя сюжэты, нар. анекдоты пакладзены ў аснову апавяданняў «Мост у Кутох», «Як Кузьма стрэльбу рабіў», аповесці «Прыгоды Панаса і Тараса» В.Ластоўскага.
З развіццём празаічнага эпасу пашыраюцца яго ідэйна-тэматычныя абсягі. Героямі твораў малой прозы становяцца ўжо не толькі сяляне, але прадстаўнікі інтэлігенцыі (М.Гарэцкі), гарадскіх нізоў, рабочыя (Я.Колас, Цётка), местачковай эліты (Я.Колас); шырока прадстаўлены дзіцячыя характары (М.Багдановіч, Я.Колас, Цётка). У апавяданнях таго часу нярэдка з’яўляецца вобраз лірычнага героя, які задумваецца над філас. пытаннямі, на свядомасці якога адбіваюцца эстэтычныя роздумы аўтараў (М.Багдановіч, З.Бядуля, М.Гарэцкі, Ядвігін Ш.). Найб. пашыранай была тэма сялянскага лёсу і ладу жыцця ў бел. вёсцы, праблемы беззямелля, пошукаў выйсця з гаротнага становішча. Такі тэматычны кірунак адлюстравання рэчаіснасці мае драматычнае і гумарыстычнае адгалінаванні. Да першага можна аднесці апавяд. «Пяць лыжак заціркі», «На каляды к сыну» З.Бядулі, «Голад», «Памылка вучонага», «Мінуўшчына» У.Галубка, «У лазні», «Роднае карэнне», «У чым яго крыўда» М.Гарэцкага, «Нёманаў дар», «Малады дубок» Я.Коласа, «З бальнічнага жыцця», «Дуб-дзядуля», «Гаротная» Ядвігіна Ш. і інш. Да сатырычнага адлюстравання сялянскага жыцця звярталіся У.Галубок (апавяд. «Вясковыя астраномы»), К.Каганец («Што кажух, тое не вата»), Я.Колас («Недаступны», «З днеўніка пана Жылака», «Так і трэба ашуканцу», «Дзяліцьба», «Калодка пчол»), Ядвігін Ш. («Важная фіга», «Заморскі звер», «Пазыка»), Цётка («Зваротлівы»). У гэтым тэматычным кірунку выразна вылучаюцца апавяданні пра гаротны лёс сялянскіх дзяцей, дзяцей-сірот, беспрасветнасць і згубнасць жаночага лёсу («Велікодныя яйкі», «Малыя дрывасекі», «Плач пралескаў», «Снілася мне казка», «Маці», «Яе душа», «За тканінай», «Шчасце не ў золаце», «Без споведзі» З.Бядулі; «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» Я.Коласа; «Міхаська» Цёткі; «Шчырае каханне» У.Галубка; «Бярозка», «Гаротная» Ядвігіна Ш.). Сярод вобразаў жанчын з трагічным лёсам прадстаўніцы інтэлігенцкіх колаў, студэнцтва («Красаваў язмін» М.Гарэцкага, «Злачынства» М.Багдановіча, «Зялёнка» Цёткі). Рабочую тэматыку ў бел. прозе пачаў асвойваць Ц.Гартны (апав. «Штрэйкбрэхер»). Рэчаіснасць, напоўненая драматызмам сац. канфліктаў, у яго апавяд. «Велікодная каробка», «Лайдак». У белетрыстыцы таксама паказваецца бюракратызм мясц. чыноўніцтва («Янкава жальба», «У губерню з паперай», «Бабылкіна гора», «Перапіска» А.Пшчолкі).
Вытокі бел. прозы пач. 20 ст. — у паэзіі. Паэтычны, сінтэтычны погляд на жыццё ўласцівы раннім творам З.Бядулі і Я.Коласа. Жанр лірычнай празаічнай мініяцюры, блізкі да вершаў у прозе, увёў у бел. літаратуру З.Бядуля (зб. «Абразкі», 1913). Праблемы інтэлігенцыі і народа, тэма мастацтва і маладых талентаў, якія не маглі развівацца ў тагачасных умовах, у яго апавяд. «На каляды к сыну», «Велікодныя яйкі». Непаўторным нац. каларытам, разнастайнасцю тэматыкі, мноствам характараў-тыпаў бел. сялян вызначаецца проза Я.Коласа (зб-кі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914, і інш.). Маст. адкрыццём у бел. літаратуры сталі яго алегарычныя апавяд. «Казкі жыцця», напоўненыя глыбокім жыццёвым і сацыяльна-філасофскім зместам. Ідэя вечнасці жыцця, бясконцасці форм яго праяўлення, імкнення чалавека да пазнання таямніц быцця і прыроды прасочваецца ў яго апавяд. «Жывая вада», «Проці вады», «Даль» і інш. Пісьменніка хвалявала праблема правоў і абавязкаў чалавека ў грамадстве, дзе «за сталом жыцця» сядзіць «цесная людская сям’я» («Малады дубок»). Бытавыя і сацыяльна-псіхал. яго творы («Соцкі падвёў», «Бунт», «Нёманаў дар») — класічны ўзор у жанры «малой прозы». Майстэрства псіхал. аналізу пісьменніка выявілася ў апавяд. «Васіль Чурыла». Проза Я.Коласа пры яе кампазіцыйнай зграбнасці, сюжэтнай завершанасці насычана каларытнымі дэталямі, канкрэтна-рэалістычным паказам абставін, у якіх дзейнічаюць героі, а таксама дыялогамі, пейзажамі, адметнай настраёвасцю. Новую для бел. літаратуры прытчавую форму, спробу філасофскай прозы даў М.Багдановіч у апавяд. «Апокрыф», «Аб іконніку і залатару». Вызначальнымі для яго становяцца тэмы адухоўленай красы, самаадданага служэння мастака народу (казка «Музыка»), паглыблены псіхалагізм («Злачынства», «Няшчасны выпадак»). Складанай грамадска-сац. і філасофскай праблематыкай, духоўна-інтэлектуальнай змястоўнасцю ўзбагаціў літаратуру М.Гарэцкі. Зборнікам апавяд. «Рунь» (1914) ён пашырыў тэматычныя і жанрава-стылявыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне») і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). У яго творах 1914—16 асуджэнне антыгуманнай сутнасці эксплуататарскага грамадства («Маці», «Дзёгаць»), антынар. характару вайны («Літоўскі хутарок», «Генерал»). У апавяд. «Усебеларускі з’езд 1917-га года» ва ўспамінах удзельніка — селяніна са Смаленшчыны Кузьмы — ён перадае атмасферу небывалага патрыятычнага ўздыму людзей, што сабраліся вырашыць лёс роднай зямлі. Разнастайнасць канфліктаў той эпохі, дыялектыка душы і перажыванні людзей з розных грамадскіх слаёў адлюстраваны ў аповесці «Дзве душы» (1919) — своеасаблівым маст. рэпартажы, які выносіў прысуд адмоўным з’явам у палітыцы, паводзінах і свядомасці людзей. Пачатак дакументальнаму жанру ў бел. літаратуры 20 ст. пісьменнік паклаў кнігай дакументальна-маст. запісак «На імперыялістычнай вайне» (1915—19, апубл. 1926), якая стала адным з лепшых антываенных твораў сусветнай літаратуры.
Адна з істотных асаблівасцей апавядання таго перыяду — яго псіхалагічны пачатак, аналітычны зварот да стану душы, да пошуку адказаў на жыццёва важныя пытанні. У многіх творах прысутнічае погляд аўтараў на прыгожае ў жыцці: проза М.Багдановіча («Няшчасны выпадак»), З.Бядулі («Нуда мая», «Вечарам», «Як памру», «У заварожаных казках»), М.Гарэцкага («Красаваў язмін», «Што яно?»), Я.Коласа («Дзеравеншчына», «Сірата Юрка»). У асобных апавяданнях дамінуюць трагічныя абставіны, але ў цэлым яны не закрэсліваюць аўтарскія ідэалы прыгожага. Некаторыя апавяданні М.Гарэцкага пабачылі свет значна пазней, чым напісаны: «Чарнічка» (нап. 1915, апубл. 1917), «Літоўскі хутарок» (адпаведна 1915 і 1920), «Зіма» (адпаведна 1915 і 1918), «Амерыканец» (адпаведна 1916 і 1917), «Маці», «Хадзяка», «Генерал», «Асілак» (усе адпаведна 1916 і 1918) і інш. Многія творы, напісаныя М.Гарэцкім у час вайны, былі апублікаваны пераважна толькі пасля рэвалюцыі, таму не маглі непасрэдна ўплываць на развіццё грамадскай свядомасці таго часу.
Сярод буйных празаічных жанраў пач. 20 ст. мемуары («Успаміны» Ядвігіна Ш.), дакументальныя запіскі («На імперыялістычнай вайне» М.Гарэцкага), аповесць («Дзве душы», «Ціхая плынь», «Меланхолія» М.Гарэцкага), раман («Золата» Ядвігіна Ш.). Літаратура пач. 20 ст. толькі пачынала адлюстроўваць рэчаіснасць у буйных жанравых формах. Разнастайнасць і багацце прозы назіраюцца найперш у малых яе формах.
Драматургія. Адраджэнне бел. драматургіі звязана з ажыўленнем грамадска-культурнага жыцця пасля рэвалюцыі 1905—07. Традыцыі, закладзеныя В.Дуніным-Марцінкевічам, працягвалі Ф.Аляхновіч, І.Буйніцкі, У.Галубок, Я.Купала і інш. Тэатральнае мастацтва Беларусі пачало ўзыходзіць на шлях мэтанакіраванага і прафес. развіцця, аб чым сведчыць, напр., дзейнасць Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў (1896—1906), Бел. музычна-драматычнага гуртка ў Вільні (1911—16), Гродзенскага т-ва аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза» (1907—14) і інш. Здабыткі драматургіі найперш звязаны з творамі Я.Купалы «Паўлінка», «Прымакі», «Раскіданае гняздо», са стварэннем прафес. тэатра І.Буйніцкага. Бел. драматургі арыентаваліся на напісанне такіх твораў, якія ў далейшым атрымалі б сцэнічны працяг.
У літаратуры пач. 20 ст. прасочваюцца родавыя «перакрыжаванні» эпасу і драмы. Гэта назіраецца, напр., у творчасці М.Гарэцкага (драматычныя абразкі «Атрута», «Гапон і Любачка», драматызаваная аповесць «Антон», усе 1914), Я.Купалы (драматычныя паэмы «Адвечная песня», 1908, «Сон на кургане, 1910), К.Буйло (вершаваныя драматычны абразок «Кветка папараці», драма «Сягонняшнія і даўнейшыя», абодва 1914). Гэтыя творы — своеасаблівыя драмы для чытання, што, аднак, не выключала магчымасці іх пастаноўкі на сцэне. Бел. драму пач. 20 ст. падзяляюць на ўласна драму («Страхі жыцця», «Цені» Ф.Аляхновіча; «У іншым шчасці няшчасце схавана», «Сын Даніла» К.Каганца; «Раскіданае гняздо» Я.Купалы), меладраму («Апошняе спатканне», «Ганка», «Бязродны» У.Галубка), камедыю ў розных яе жанравых формах («На Антокалі» Ф.Аляхновіча; «Модны шляхцюк» К.Каганца; «Паўлінка», «Прымакі» Я.Купалы), драматызаваную казку («Хлопчык у лесе», «Шчаслівы чырвонец», «Дзіўны лапаць, або Не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць» А.Гаруна; «Базылішк», «Чорт і Баба» Ф.Аляхновіча). Тэматычны дыяпазон бел. драматургіі быў даволі шырокі. Драматургі звярталіся да адлюстравання жыццёвых праблем простага чалавека (Ф.Аляхновіч, М.Гарэцкі, К.Каганец, Я.Купала), класавай барацьбы ў перад- і паслярэвалюцыйны перыяды (Ф.Аляхновіч, У.Галубок, М.Грамыка), сатырычнага паказу жыцця шляхты (К.Каганец, Я.Купала), маральна-этычных праблем жыцця вышэйшага саслоўя на Беларусі ў мінулым (К.Каганец), праблем фарміравання духоўнага свету асобы (А.Гарун).
Своеасаблівым пераходным этапам у драматургіі з 19 да пач. 20 ст. была творчасць К.Каганца — аўтара бытавых («У іншым шчасці няшчасце схавана», 1903, апубл. 1919; «Двойчы прапілі», 1910, апубл. 1919) і гіст. («Старажовы курган», апубл. 1919; «Сын Даніла», апубл. 1920) драм. Папулярнасцю карыстаўся яго вадэвіль «Модны шляхцюк» — адзін з першых твораў нац.тэатр. рэпертуару (паст. ў 1910 Першай бел. трупай І.Буйніцкага, у 1918 Першым т-вам бел. драмы і камедыі, у 1928 — БДТ-2). Камедыя выкрывала бел. выраджэнца з яго пагардлівымі адносінамі да ўсяго роднага, а сам «модны шляхцюк» Пранцішак Карчэўшчык стаў адным з папярэднікаў вобраза Мікіты Зносака ў «Тутэйшых» Я.Купалы. Задачу стварэння бел.нац. камедыі і драмы паспяхова вырашаў Я.Купала. У камедыі «Паўлінка» (1912, паст. і апубл. 1913) ён сатырычна паказвае звычаі і норавы кансерватыўнай шляхты, але дзеянне перарастае ў сацыяльна-бытавы канфлікт з драматычным фіналам. П’еса насычана дасціпным гумарам, іроніяй, танцамі, песнямі, прыпеўкамі, чым набліжаецца да сцэнічнага жарту «Прымакі» (1913, апубл. 1920). У драме «Раскіданае гняздо» пісьменнік паглыбіў тэму зямлі, па-новаму, у філасофскім плане асэнсаваў і вобразы сялян, і іх жыццёвыя пазіцыі. Я.Купала па-мастацку дасканала арганізаваў інтрыгу, сцэнічнае дзеянне, стварыўшы ўзоры класічнай нац. драмы.
Вялікі ўклад у развіццё бел. драматургіі пач. 20 ст. зрабілі Ф.Аляхновіч і У.Галубок. Як драматург Ф.Аляхновіч заявіў аб сабе п’есай «На Антокалі» (1914—15), ідылічнай сцэнкай «На вёсцы», сцэнічнай легендай «Бутрым Няміра» (абедзве 1916), драмай з гарадскога жыцця «Манька» (1917, 2-я рэд. «Дрыгва», 1925). Разнастайныя паводле зместу, тэматыкі, багацця мастацка-вобразнага ўвасаблення найб. супярэчлівых праблем тагачаснай рэчаіснасці, п’есы Ф.Аляхновіча вызначаюцца шырокім выкарыстаннем фалькл. матэрыялу. У іх паўстае легендарна-казачная мінуўшчына з вечна актуальнымі маральнымі праблемамі («Базылішк», 1917; «Чорт і Баба», 1918), жыццё рабочых з іх рэвалюцыйнымі настроямі, забастоўкамі, дэманстрацыямі («Калісь», 1917), складаная супярэчлівасць грамадскіх, сямейных канфліктаў, што абвастраліся ў эпоху сац. катаклізмаў («Страхі жыцця», 1918; «Цені», 1919). Значнае месца ў тагачасным тэатральным рэпертуары занялі драмы У.Галубка «Апошняе спатканне» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (абедзве 1919). Майстэрства драматурга засведчыла камедыя «Пісаравы імяніны» (1917; ставілася таксама пад назвамі «Хвароба ў добрым здароўі» і «Залёты дзяка»), эфект якой дасягаўся напоўненымі вобразамі, дасціпнымі дыялогамі і вострымі рэплікамі. Яго п’есы вызначаліся сцэнічнасцю, вастрынёй канфліктаў, дакладнасцю аўтарскай пазіцыі. Творы для дзіцячага тэатра, прасякнутыя аптымізмам, непрымірымасцю да фальшу і несправядлівасці, пісалі К.Лейка (п’еса «Снатворны мак», 1912), А.Гарун (зб. «Жывыя казкі», 1920). У іх яны паказалі сябе выдатнымі пісьменнікамі-педагогамі, здольнымі выхоўваць найвышэйшыя маральныя якасці. Над стварэннем нац. рэпертуару працавалі таксама Л.Родзевіч («Блуднікі», 1912), А.Гурло («Любоў усё змагае», 1912), К.Буйло («Сягонняшнія і даўнейшыя», 1914), Я.Колас («Антось Лата», 1917) і інш. У цэлым бел. драматургія пач. 20 ст. мела значныя дасягненні ў адлюстраванні рэчаіснасці і вызначалася глыбокім дэмакратызмам, гуманістычным пафасам, цікавасцю да праблем агульначалавечага і эстэтычнага характару. Жанравае ўзбагачэнне бел. драмы, арыентацыя аўтараў на цеснае супрацоўніцтва з тэатрам у далейшым стала трывалым падмуркам для развіцця бел. драмы і нац. тэатра.
Асаблівасць развіцця бел. літаратуры пач. 20 ст. ў якасна новых зменах: рысы «сялянскасці» і «мужыцкасці» саступілі месца арыстакратычнасці і дэмакратызму. Спецыфічна нацыянальнае ў ёй стала прыкметай агульначалавечай сутнасці. Адраджэнскі пафас бел. літаратуры ўзмацніўся рамант. тэндэнцыямі, экспрэсіўнасцю (М.Багдановіч, З.Бядуля, Я.Купала), паглыбіўся яе духоўны змест. Зрамант. скіраванасцю твораў цесна звязана выкарыстанне сімволікі і алегарычных малюнкаў, адметных пераважна фалькл. паходжаннем. Зварот да традыцый вуснай нар. творчасці характэрны для М.Багдановіча, А.Гаруна, Я.Коласа, А.Паўловіча і інш. Вобразы сонца, ночы, зор, веснавога абуджэння прыроды сведчылі пра ўзнікненне новых маст. ідэалаў свабоды, якая ўяўлялася і як сац.-паліт. разняволенне, і як нац. незалежнасць, і як духоўнае ўваскрашэнне асобы. Рысы рэалістычнасці літаратура набывала за кошт паглыблення псіхалагізму, дэталізацыі абставін, цікавасці паэтаў да ўнутранага свету чалавека. Творчасць Ф.Аляхновіча, М.Багдановіча, З.Бядулі, А.Гаруна, М.Гарэцкага, Я.Коласа, Я.Купалы, В.Ластоўскага і інш. узняла бел. літаратуру да ўзроўню больш развітых літаратур, раскрыўшы багацці духоўнага свету беларуса, паказаўшы яго жыццё, барацьбу супраць сац. бяспраўя і нац. прыгнечання. Умовай паспяховага развіцця тагачаснай літаратуры была арыентацыя на нац. гістарычны вопыт традыцый сусветнай класікі, што дазволіла ёй арганічна ўключыцца ў сусветны гісторыка-літаратурны працэс.
У.М.Казбярук, А.М.Макарэвіч.
Аўтограф верша Я.Купалы «Мужык».Верш Я.Коласа «Наш родны край» у газеце «Наша доля». 1906.Вокладка кнігі «Курганная кветка» К.Буйло. 1914.Вокладка зборніка апавяданняў «Васількі» Ядвігіна Ш. 1914.Я.Купала сярод членаў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ун-та пасля пастаноўкі «Паўлінкі». 1913.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Полацкага р-на Віцебскай вобл., на р.Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Палата. За 100 км ад Віцебска, вузел чыг. ліній на Маладзечна, Віцебск, Невель (Расія), Даўгаўпілс (Латвія) і аўтадарог на Віцебск, Невель, Верхнядзвінск, Глыбокае, Лепель. Аэрапорт. 82,7 тыс.ж. (2000).
П. (летапісны Полотеск, Полотьск, Полтеск; паводле скандынаўскіх саг Pallteskiuborg, Palteskia) — самы стараж. горад Беларусі і адзін з найстаражытнейшых гарадоў усх. славян. Упершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» (Лаўрэнцьеўскі і Іпацьеўскі спісы) пад 862. Засн. крывічамі на месцы паселішча балтаў 1-й пал. 1-га тыс. (днепра-дзвінская культура). У 9 ст. размешчаны на беразе р. Палаты на гарадзішчы пл. 0,5 га і селішчы пл. 6 га. Згадваўся ў летапісах у 865 (у час вайны з кіеўскімі князямі Аскольдам і Дзірам) і ў 907 (у дагаворы кн. Алега з Візантыяй). У 980 (паводле інш. звестак у 970 ці 975) у час паходу на П. наўгародскага кн.Уладзіміра Святаславіча быў забіты першы гістарычна вядомы полацкі кн.Рагвалод, які «прыйшоў з-за мора». Яго дачка Рагнеда Рагвалодаўна стала жонкай вял. кіеўскага кн. Уладзіміра. Пэўны час П. быў у складзе Кіеўскай Русі. У 10—13 ст. цэнтр буйнога Полацкага княства. Зручнае геагр. становішча на гандл. шляхах (зах.-дзвінскае адгалінаванне шляху «з варагаў у грэкі») садзейнічала яго хуткаму эканам., паліт. і культ. развіццю. У 1105 (магчыма, з 992) у П. існавала епіскапская кафедра (гл.Полацкая праваслаўная епархія). З 988 полацкім князем быў сын Рагнеды Ізяслаў Уладзіміравіч (памёр у 1001), з 1003 — Брачыслаў Ізяславіч, які здзейсніў у 1021 паход на Ноўгарад. Пры Усяславе Брачыславічу [1044—1101] Полацкае княства дасягнула найб. росквіту. У 11—12 ст. горад займаў пл. каля 80 га, меў каля 8 тыс. жыхароў. Нават пасля падзелу ў 1101 княства паміж сынамі Усяслава П. заставаўся буйным паліт. цэнтрам і гал. канкурэнтам Кіева. У 1127 кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў паход паўд.рус. князёў супраць полацкіх князёў, захапіў іх і ў 1129 выслаў у Візантыю. Але пасля вяртання іх дзяцей на радзіму барацьба працягвалася. У 1-й чвэрці 12 ст. актывізавалася гар.веча — сход палачан для вырашэння грамадскіх спраў, пытанняў вайны і міру, гандлю, судовых спрэчак. Ад імя веча («мужоў палачан») падпісваліся дагаворы з Рыгай і ганзейскімі купцамі. У 1132 веча абрала князем Васільку Святаславіча. У 1151 і 1158 за княжацкі трон у П. змагаліся друцкі кн.Рагвалод Барысавіч і мінскі кн.Расціслаў Глебавіч. У 1161 полацкім князем стаў Усяслаў Васількавіч. У 1262—63 у П. княжыў Таўцівіл. У 13 ст. полацкія дружыны разам з лівамі, латгаламі і эстамі змагаліся супраць ням. крыжакоў. З канца 13 — пач. 14 ст. П. у складзе Вялікага княства Літоўскагаз правамі поўнай аўтаноміі. У 14 ст. вядомы полацкія князі Воін, Глеб, Андрэй Альгердавіч. З 1392 П. кіравалі намеснікі вял. князя ВКЛ. У 1410 полацкія харугвы ўдзельнічалі ў разгроме Тэўтонскага ордэна пад Грунвальдам. Каля 1490 у П. нарадзіўся бел. першадрукар, асветнік і дзеяч культуры эпохі Адраджэння Ф.Скарына. У 1498 горад атрымаў магдэбургскае права. У 14—16 ст. П. — самы вял. горад у ВКЛ, меў асобыя прывілеі (гл.Полацкае права, Полацкія прывілеі). З 1504 цэнтр Полацкага ваяводства. З 16 ст. горад меў герб: у блакітным полі трохмачтавы карабель з разгорнутымі ветразямі, вада сярэбраная. У Лівонскую вайну 1558—83 П. у 1563 заняты маск. войскамі Івана IV (гл.Полацка абарона 1563). У 1579 адваяваны войскамі Стафана Баторыя. У 1580 у горад запрошаны прадстаўнікі ордэна езуітаў. З прыняццем Брэсцкай уніі 1596 Сафійскі сабор у П. стаў кафедральным уніяцкім саборам. У 1601 узніклі рамесніцкія цэхі кавалёў, кацельшчыкаў, слесараў, мечнікаў, залатых спраў майстроў і інш. У сярэдзіне 17 ст. ў П. каля 20 тыс.ж., пераважна рамеснікі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 у горадзе адбылося Полацкае паўстанне 1633. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 П. заняты рус. войскамі, паводле Андросаўскага перамір ’я 1667 вернуты Рэчы Паспалітай. У Паўночную вайну 1700—21 каля П. стаялі рус. войскі. У чэрв. 1705 іх наведаў цар Пётр I. У выніку 1-га і 2-га падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772 да Расіі адышла правабярэжная, у 1793 — левабярэжная ч. горада. У 1772—76 цэнтр Полацкай правінцыі, з 1776 — Полацкай губерні, у 1778—96 — Полацкага намесніцтва. З 1796 цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Віцебскай губ. У 1781 зацверджаны новы герб горада — «Пагоня» (на сярэбраным полі выява конніка са шчытом і ўзнятым мячом). У вайну 1812 пасля захопу 26 ліп.франц. войскамі П. адбыліся Клясціцкія баі 1812, потым Полацкія бітвы 1812. У 19 ст. ў горадзе пераважала рамесная вытворчасць. У 1817—3340 ж.Полацкі царкоўны сабор 1839 прыняў пастанову аб далучэнні уніяцкай царквы да праваслаўнай. У 1840—50-я г. было 6—9 гарбарняў (па 3—6 рабочых у кожнай), 3—5 цагельняў, 2—3 піваварні, 8—10 ганчарняў (2—4 рабочыя ў кожнай). У 1860-я г. працавалі тытунёвая ф-ка, гарэлачны з-д (каля 20 рабочых). Значнае месца ў развіцці горада займаў гандаль, пашырэнню якога спрыяла адкрыццё ў 1866 руху на ўчастку Дынабург—П. Рыга-Арлоўскай чыгункі. У 1860 працавалі 122 крамы, у 1865—456. У 1897 у П. 20 294 ж. У 1904 узнікла Полацкая арг-цыяРСДРП. У ліст. 1917 тут адбыўся Другі з’езд салдат 3-й арміі Заходняга фронту, у снежні — Трэці з’езд салдат 3-й арміі Заходняга фронту. З 1919 у РСФСР, з 1924 у БССР — цэнтр Палацкага раёна, у 1924—30 і 1935—38 — Полацкай акругі. З 1938 у Віцебскай вобл., горад абл. падпарадкавання. У пач.Вял.Айч. вайны часці Чырв. Арміі і гарнізон Полацкага ўмацаванага раёна больш як 3 тыдні стрымлівалі праціўніка на подступах да горада (гл.Полацка абарона 1941). 16.7.1941 П. акупіраваны ням.-фашыстамі, якія знішчылі тут каля 150 тыс. жыхароў і ваеннапалонных, усе прамысл. прадпрыемствы, культ.-асв. ўстановы, 96% жыллёвага фонду. Дзейнічала Полацкае патрыятычнае падполле. Вызвалены 4.7.1944 войскамі 1-га Прыбалт. фронту і партызанамі ў ходзе Полацкай аперацыі 1944. У 1944—54 цэнтр Полацкай вобласці, з 1954 раённы цэнтр Віцебскай вобл. У 1970 у П. 64,2 тыс. жыхароў.
У 9 ст. П. размяшчаўся на берагах р. Палата (адсюль назва горада) на ўмацаваным гарадзішчы. У 11 ст. дзядзінец перанесены на ўзгорак пры ўпадзенні Палаты ў Зах. Дзвіну. У 12—13 ст. горад меў развітую планіровачную структуру; складаўся з пасялення на беразе Палаты (пачатковае гарадзішча і паселішча), Полацкага Верхняга замка, Вял. пасада (на правым беразе Зах. Дзвіны) і Запалоцця (за р. Палата). На тэр. Верхняга замка ў 11 ст. пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. У 12 ст. сфарміравалася самабытная Полацкая шкала дойлідства; узведзены Полацкі княжацкі храм, княжацкія палаты, Прадцечанская царква (на в-ве Зах. Дзвіны, не захавалася), у прадмесці Бельчыцы — Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр; засн.Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр і пабудаваны яго саборны храм — Спаса-Праабражэнская царква і храм-пахавальня. У 14 ст. заселены левы бераг Зах. Дзвіны. У 1-й пал. 16 ст. пабудаваны драўляны кальвінскі збор (згарэў у 1660). У 1580 закладзены драўляныя касцёл і калегіум езуітаў, у 1-й пал. 17 ст. ўзведзены мураваныя будынкі Полацкага езуіцкага калегіума. У канцы 16 ст. планіровачная структура горада складалася з Верхняга і Ніжняга замкаў і 6 пасадаў: Вялікага, Запалоцкага, Востраўскага, Якіманскага, Крыўцова (за Зах. Дзвіной), Слабадскога (уздоўж р. Бельчыца); было каля 80 вуліц і завулкаў. П. з’яўляўся важным стратэг. пунктам і меў развітую сістэму абарончых умацаванняў. Верхні і Ніжні замкі былі абнесены драўлянымі сценамі з вежамі і злучаліся паміж сабой пад’ёмным мостам, перакінутым цераз роў. Абарончыя ўмацаванні неаднаразова гарэлі і зноў аднаўляліся. Перад будынкам езуіцкага калегіума пачала фарміравацца Полацкая Парадная плошча. У 17—18 ст. існавала вял. колькасць мураваных манастыроў, цэркваў, касцёлаў, у т. л.Полацкі Богаяўленскі манастыр, Полацкі Кляштар бернардзінцаў, Полацкі кляштар францысканцаў, Полацкі кляштар дамініканцаў, манастыр базыльян. У 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. ў сувязі з войнамі горад заняпаў. Да сярэдзіны 18 ст. склалася прамавугольная сістэма планіроўкі цэнтр.ч. П. У 1778 для правабярэжнай ч. горада распрацаваны рэгулярны праектны план. Уздоўж Зах. Дзвіны па гал. вуліцы (сучасны праспект К.Маркса) запраектаваны 3 плошчы: гал., гар. магістрата і гандл. Галоўная (Парадная, потым Корпусная) плошча ў канцы 18 — пач. 19 ст. забудавана адм. будынкамі ў стылі класіцызму (захавалася часткова). Прамавугольную сістэму планіроўкі атрымала Запалоцце (таксама з 3 плошчамі). У 1838 распрацаваны праект плана для ўсяго горада, паводле якога рэгулярная сістэма планіроўкі развівалася і ў Задзвінскай ч., дзе ў цэнтры была запраектавана прамавугольная плошча. У паўн.-ўсх.ч. горада засн. новыя жылыя кварталы. Паводле генплана П. 1937—39 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. І.Рапапорт) пабудаваны прамысл. прадпрыемствы, шматпавярховыя жылыя дамы, адм. і грамадскія будынкі. У пасляваен. гады П. развіваўся паводле генплана 1948 («Белдзяржпраект», арх. Г.Заборскі, Л.Мацкевіч, А.Хегай; карэкціроўка 1964, Віцебскі аблпраект, арх. В.Данілаў, А.Данілава, Л.Яніна, З.Даўгяла). Агульнагар. цэнтр размяшчаецца на гал.гар. магістралі — праспекце К.Маркса з сістэмай плошчаў, падпарадкоўваецца гал. кампазіцыйнай восі — Зах. Дзвіне. У 1950—60-я г. рэканструявана цэнтр.ч. горада — пл. Леніна (б. Корпусная, цяпер Свабоды), праспект К.Маркса, вуліцы Гогаля і інш. Сучасны горад забудоўваецца паводле генплана 1972 (Мінскі філіял ЦНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.Чарнышоў, Г.Булдаў, М.Трагубовіч; карэкціроўка 1977). Уключае правабярэжжа, якое чыгункамі і р. Палата падзяляецца на планіровачныя раёны (Цэнтральны, Грамы 1-я і Грамы 2-я, Паўночны, Запалоцце), і левабярэжжа — раён Задзвінне. Арх.-планіровачная структура Цэнтр. раёна — прамавугольная сетка вуліц з дробнымі кварталамі, забудаванымі 2—5-павярховымі дамамі. Адм.-грамадскі цэнтр фарміруецца на пл. Свабоды. На скрыжаванні праспекта К.Маркса з вул. Гогаля ўтворана пл. Ф.Скарыны (у 1974 тут устаноўлены помнік Скарыне). У інш. планіровачных раёнах правабярэжжа пераважае 1-павярховая забудова сядзібнага тыпу. Левабярэжжа складаецца з жылой зоны і паўд.прамысл. раёна. Створаны мікрараён Марыненка з 5—9-павярховай забудовай, гандл. цэнтрам. Зоны адпачынку — поймы Зах. Дзвіны і Палаты. Захаваліся фрагменты забудовы 17—19 ст. па вул. Леніна, Полацкі жылы дом (Дом Пятра I), Полацкая кірха, дамы па вул. Скарыны, б. дом губернатара (у 2000 рэстаўрыраваны). Каля Сафійскага сабора знаходзіцца Барысаў камень (гл.Барысавы камяні) — помнік эпіграфікі 12 ст. Распрацаваны праект рэгенерацыі гіст. забудовы горада 1985 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.Токарава, І.Шамецька). У 2000 у П. пабудаваны мост цераз Зах. Дзвіну, пастаўлены помнік Ефрасінні Полацкай (скульпт. І.Голубеў).
З 10 ст. ў П. развіты кавальскае, ювелірнае, касцярэзнае, гарбарнае, шавецкае і інш. рамёствы. 12 ст. — росквіт пісьменства і адукацыі. Пры манастырах перапісваліся кнігі, вяліся летапісныя запісы, праводзілася навучанне падлеткаў. Дзейнасць Ефрасінні Полацкай апісана ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай» — помніку бел. агіяграфічнай л-ры 12—13 ст.З сярэдзіны 12 ст. тут працавалі дойлід Іаан і майстар-ювелір Лазар Богша. У 1161 Богша зрабіў Крыж Ефрасінні Полацкай. З 11 ст. вядомы помнікі эпіграфікі — надпісы, зробленыя ў П. ці выхадцамі з Полаччыны (на сценах Спаса-Праабражэнскай царквы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, на касцях, амфарах, плінфе і інш., Барысавых камянях і Рагвалодавым камені, а таксама надпіс палачаніна Жураговіца на сцяне Сафійскага сабора ў Кіеве). Захаваліся 3 рукапісныя помнікі 12—14 ст. — Полацкія евангеллі. Матэрыяльная культура П. ўключала элементы горадабуд. структуры, асаблівасці фартыфікацыі, побыту, развітое рамяство. У 2-й пал. 13—14 ст. культура П. перажывала некат. заняпад. У 15 ст. тут назіраўся ўздым культ. жыцця. Ад гэтагачасу і да 17 ст. ў горадзе існавала 12 манастыроў і каля 18 храмаў. У 1581 засн.Полацкі езуіцкі калегіум, які ў 1812 пераўтвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію. Першым рэктарам калегіума быў царк. і паліт. дзеяч, пісьменнік П.Скарга. Тут выкладалі граматыку, рыторыку, паэтыку, лац. і стараж.-грэч. мовы, філасофію, фізіку, астраномію і інш. У 1618—21 і 1626—27 чытаў лекцыі паэт-гуманіст М.К.Сарбеўскі. З калегіума выйшлі мастак В.Ваньковіч, скульптар і гравёр Ф.Талстой, драматург і гісторык Н.Мусніцкі, пісьменнік Я.Баршчэўскі і інш. Пры калегіуме працаваў Полацкі школьны тэатр; створана Полацкай езуіцкай акадэміі бібліятэка. У 17 ст. пры Богаяўленскім манастыры дзейнічалі брацтвы і школа, у якой у 1656 выкладаў педагог, пісьменнік і публіцыст Сімяон Полацкі. У П. складзены зб.бел. музыкі 16—17 ст.«Полацкі сшытак». У 1835 на базе езуіцкай акадэміі і піярскага вучылішча адкрыты Полацкі кадэцкі корпус. З 1872 працавала Полацкая настаўніцкая семінарыя (у 1902 яе скончыў бел. паэт Я.Журба). У пач. 20 ст. працавалі жаночая дзярж. гімназія (гл.Полацкія гімназіі), 6 вучылішчаў рознага профілю, 5 царк.-прыходскіх школ, яўр.рэліг. школа. У 1925—28 дзейнічаў філіял літ. аб’яднання «Маладняк». У 1926 адкрыты Полацкі краязнаўчы музей. У 1936 на базе мясц.т-ра рабочай моладзі створаны калгасна-саўгасны т-р. У 1940—41 працавалі 16 агульнаадук. школ, буд. і лясны тэхнікумы, школьнае і дашкольнае педвучылішчы, 11 клубаў, кінатэатр, 9 б-к. У Вял.Айч. вайну знішчаны ўсе культ.-асв. ўстановы П. У пасляваен. час адноўлены ці адкрыты новыя. Сучасны П. — значны культ. цэнтр Віцебскай вобл. і Беларусі. Тут дзейнічаюць (2000) Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік (уключае больш за 7 пастаянна дзеючых музеяў: Полацкі музей беларускага кнігадрукавання, музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, Полацкі музей баявой славы і інш., таксама ахоўную зону стараж. цэнтра горада), пед. каледж, мед. вучылішча, нац. гімназія, 15 сярэдніх, муз. і 2 спарт. школы, Дом дзіцячай творчасці, Цэнтр нац. культуры, 2 нар. т-ры, 3 палацы культуры, 21 б-ка. П. — радзіма многіх дзеячаў культуры, у т. л. Ф.Скарыны, майстра-чаканшчыка па серабры І.Андрэева, рус. і бел. ўсходазнаўца К.Касовіча, этнографа і фалькларыста С.П.Сахарава, бел. кінарэжысёра Ю.В.Тарыча. Паводле меркаванняў некат. даследчыкаў, з Полаччыны паходзіць адзін з аўтараў і герояў «Слова пра паход Ігаравы» — Баян. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі: Ефрасінні Полацкай, Ф.Скарыне, У.М.Азіну, ахвярам фашызму, сав. ваеннапалонным і ахвярам фаш. тэрору, сав. воінам, воінам-гвардзейцам, камсамольцам Полаччыны, Вызвалення; Курган Бессмяротнасці. Помнікі археалогіі — гарадзішча і селішча (9—10 ст.), вал Івана IV Грознага (16 ст.) і інш.
Дзейнічаюць прадпрыемствы металаапр. (Полацкі завод сельгасабсталявання, Полацкі завод «Праммашрамонт»), хім. (Полацкі завод шкловалакна, італа-бел. прадпрыемства «Аджы Вуполста»), будматэрыялаў (Полацкі камбінат будматэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў), дрэваапр. (акц.т-ва «Палатэск»), лёгкай (Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Сафія», ільнозавод, акц.т-ва «Мона»), харч. (камбінат хлебапрадуктаў, мясакамбінат, кансервавы з-д, малочны камбінат, хлебазавод, піўзавод, вінзавод) прам-сці; паліграфпрадпрыемства «Спадчына Ф.Скарыны», ЦЭЦ, раённае аб’яднанне Дзяржкамсельгастэхнікі, гідраметэастанцыя, лясгас, рыбгас «Полацкі». У П. знаходзяцца: Полацкі філіял Бел. камерцыйнага ун-та кіравання, Полацкі гандлёва-тэхналагічны каледж, Полацкі лясны тэхнікум, Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум, Полацкі педагагічны каледж, 3 ПТВ, мед. вучылішча, Нац. гімназія, Дом дзіцячай творчасці, Цэнтр нац. культур і рамёстваў, 2 нар. тэатры, 3 палацы культуры. П. — цэнтр Полацкай епархіі праваслаўнай царквы.
Літ.:
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Штыхов Г.В. Древний Полоцк IX—XIII вв. Мн., 1975;
Яго ж. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). Мн., 1978;
Полоцкие грамоты ХІП — начала XVI вв. М., 1977—85;
Полоцк: Ист. очерк. 2 изд. Мн., 1987;
Раппопорт П.А. Полоцкое зодчество XII в. // Сов. археология. 1980. № 3;
Селицкий А.А. Живопись Полоцкой земли XI—XII вв. Мн., 1992;
Арлоў У.А. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994;
Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны: Гісторыя Крыжа святой Еўфрасінні Полацкай. Мн., 1998;
Тарасаў С.В. Полацк IX—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. Мн., 1998.
Від на Полацкз боку Задзвіння. Фота канца 19 — пач. 20 ст.Полацк. Фрагмент праспекта К.Маркса.Плошча Ф.Скарыны ў Полацку. Фота 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЕТ
ХАРЭАГРАФІЯ Ў ПРЫГОННЫХ ТЭАТРАХ, ФАРМІРАВАННЕ БЕЛАРУСКАГА СЦЭНІЧНАГА ТАНЦА І БАЛЕТА ДА 20 ст.
Сярод першых балетных тэатраў на Беларусі — прыгонныя т-ры 18—19 ст., у якіх былі балетныя трупы. Яны дзейнічалі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках і сядзібах у спецыяльна абсталяваных памяшканнях ці ў залах палацаў, ратуш і інш. Паводле гіст. звестак, першым балетным т-рам быў Нясвіжскі т-р Радзівілаў (1740—91), які прайшоў шлях ад аматарскага да прафес. і сфарміраваў вялікі арыгінальны рэпертуар. У яго складзе налічвалася больш за 20 прыгонных танцораў. Часам у спектаклі ўдзельнічалі члены княжацкай сям’і, прадстаўнікі шляхты і кадэты нясвіжскага корпуса. У розныя гады ў тэатры балетмайстрамі працавалі Я.Аліўе, Л.Дзюпрэ, А.Лойка і Г.Петынеці, А.Пуціні, Шрэтэр. Балеты ставіліся і ў Слуцкім т-ры Радзівіла. Высокага прафес. ўзроўню дасягнула балетная трупа Ружанскага т-ра Сапегаў (1765—91), дзе працаваў польскі танцоўшчык і балетмайстар М.Пранчынскі (паставіў балет «Літасцівасць Ціта», 1784). Значны балетны рэпертуар меў Гродзенскі т-р Тызенгаўза (1769—80), дзе першыя балеты выконвалі італьян. артысты, а з 1778 прыгонныя танцоўшчыкі. У перыяд росквіту т-ра балетная трупа налічвала больш за 30 чал.; першым яе балетмайстрам быў Г.Петынеці, які ставіў балеты на ўласныя лібрэта, пазней — К.А.Марэлі. Зберагліся звесткі пра пастаноўкі спектакляў «Балет пекараў», «Квартэт дудароў» і «Сялянскі балет». Творчых поспехаў дасягнула балетная трупа Слонімскага т-ра Агінскага (1771—91), які шмат гастраліраваў і паспяхова канкурыраваў з каралеўскім балетам у Варшаве. У яго рэпертуары налічвалася 18 балетаў: «Каралеўскі балет», «Дзікі балет», «Балет млынароў», «Рыбакі», «Дэзерцір» і інш., а таксама шэраг танцавальных дывертысментаў і асобных танцаў. Прафес. балетную трупу меў Шклоўскі т-р Зорыча (1778—1800), на сцэне якога выконваліся алегарычныя балеты з харамі і пантамімай, створаныя балетмайстрамі П.Барцанці, Марыядзіні, Дз.Хорватам і М.Пранчынскім. У Свіслацкім т-ры Тышкевіча (1788—1819) перыядычна выступалі вольныя балетныя трупы. Вядома, што пры т-рах Гродна, Нясвіжа, Слоніма, Слуцка і Шклова існавалі балетныя школы, якія рыхтавалі танцораў на высокім узроўні. Балетныя трупы т-раў Гродна і Слоніма ў канцы 18 ст. склалі аснову польскага «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці», 14 прыгонных артыстаў Шклоўскага т-ра Зорыча з поспехам танцавалі на Пецярбургскай імператарскай сцэне і ў Маскве (П. і К. Азарэвічы, А.Бжазінскі, К.Буткевіч, Я.Чуцікаў). У 1845—47 у Віцебску працавала прыватная балетная трупа пад кіраўніцтвам франц. балетмайстра М.Піёна (т.зв. Віцебскі балет Піёна); у яе рэпертуары былі балеты «Антыкварыус», «Швейцарская малочніца», «Чарадзейная флейта, або Танцоўшчыкі паняволі» Маковеца, «Вяселле ў Айцове» К.Курпінскага і Ю.Дамсе, «Дзве статуі» Ю.Эльснера. Разам з прыватнаўласніцкімі т-рамі на стварэнне прафес.муз.-драм.т-ра на Беларусі паўплывала таксама дзейнасць Першай бел. трупы І.Буйніцкага (1910—13), у балетныя спектаклі якой уключаліся і нар. танцы.
СУЧАСНЫ БАЛЕТ.
Прафесійны бел. балетны тэатр узнік у пач. 20 ст.: у 1920 у Мінску адкрыўся Бел.дзярж. тэатр, у якім групу артыстаў балета ўзначальваў К.Алексютовіч. Сярод пастаўленых у ім балетаў «Зачараваны лес» Р.Дрыга, «Капелія» Л.Дэліба, «Фея лялек» І.Баера, а таксама танцы ў операх «Князь Ігар» А.Барадзіна і «Фауст» Ш.Гуно. У 1930 адчынілася Бел. студыя оперы і балета. У балетную трупу ўваходзілі В.Бурэйка, Я.Вяпрынскі, Р.Гімпелева, Н.Гурвіч, С.Дрэчын, К.Калітоўская, Т.Новікава, К.Пекур, Т.Узунава, Н.Фінская, Ю.Хіраска і інш.З 1933 дзейнічаў Дзярж.т-р оперы і балета БССР. Сярод першых пастановак — балет «Чырвоны мак» Р.Гліэра (балетмайстар Л.Крамарэўскі). Плённым для маладой бел. балетнай трупы было творчае супрацоўніцтва зрас. балетмайстрамі Ф.Лапуховым (балет «Капелія» Л.Дэліба, паст. 1935), К.Галяйзоўскім (балет «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева, паст. 1939), а таксама К.Мулерам (балет «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, паст. 1938). Вял. ролю ў стварэнні нац. рэпертуару адыграла пастаноўка балета «Салавей» М.Крошнера (лібрэта Ю.Сланімскага па аднайм. аповесці З.Бядулі; пастаноўка 1-й рэд. А.Ермалаева і Ф.Лапухова, 1939; 2-й рэд. А.Ермалаева, 1940), дзе асновай муз. і сцэнічнай драматургіі ўпершыню стаў бел.муз. і танцавальны фальклор. У балеце, выразныя сродкі якога гарманічна спалучалі класічны і нар. танец, вобраз паўстаўшага народа ствараўся выключна харэаграфічнымі сродкамі, паспяхова ўвасаблялася актуальная для таго часу нар.-гераічная тэма. Вобразы Сымона (С.Дрэчын) і сялянскай дзяўчыны Зоські (А.Нікалаева) і іх антыпода гайдука Макара раскрываліся разнастайнымі харэаграфічнымі фарбамі, паказваліся ў развіцці. Спектакль вырашаўся ў духу нар. легенды, быў насычаны паэтычнымі абагульненнямі, сімваламі, гіпербаламі, і адначасова вобразы гал. герояў увасабляліся ў ім рэалістычна. У 1939 па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам З.Васільевай у тэатр. вучылішчы адкрыта секцыя харэаграфіі, на базе якой у 1945 створана Бел.дзярж. харэаграфічнае вучылішча (з 1996 Дзярж. харэаграфічны каледж Беларусі). У 1930—40-я г. ў трупе працавалі Я.Глінскіх, Т.Караваева, Б.Карпілава, Н.Младзінская і інш. У гады Вял.Айч. вайны артысты бел. балета ў складзе канцэртных брыгад выязджалі на фронт, працавалі ў Алма-Аце, Горкім, Свярдлоўску. У г. Каўроў была эвакуіравана трупа т-ра, дзе адбыўся паказ балета «Марная засцярога» П.Л.Гертэля ў пастаноўцы З.Васільевай (1944). Першым балетным спектаклем у вызваленым Мінску быў балет «Арлекінада» Р.Дрыга (пастаноўка В.Вайнонена, 1945).
У пасляваенныя гады рэпертуар т-ра папоўніўся творамі балетнай класікі: «Дон Кіхот» (паст. 1947) і «Баядэрка» (1959) Л.Мінкуса, «Эсмеральда» Ч.Пуні (1951), «Шапэніяна» (1952), «Жызэль» (1953) і «Карсар» (1957) А.Адана, «Лебядзінае возера» (1948) «Спячая прыгажуня» (1954) і «Шчаўкунок» (1956) П.Чайкоўскага, «Лаўрэнсія» А.Крэйна (1955), «Марная засцярога» П.Л.Гертэля (1959). Адначасова працягвалася работа над стварэннем арыгінальнага рэпертуару, над спектаклямі на нац. тэму. Значнай вяхой у гісторыі бел. балетнага т-ра стала пастаноўка балета «Князь-возера» В.Залатарова, вырашанага ў жанры харэаграфічнай драмы (лібрэта М.Клімковіча па матывах нар. паданняў, пастаноўка К.Мулера, 1949). Творчымі здабыткамі гэтага спектакля сталі ўдалая тэатралізацыя харэаграфічнага фальклору, пашырэнне кола нар. танцаў, якія ўвайшлі ў драматургію бел. балетнага т-ра, першая спроба стварэння масавага танца на пуантах знац. афарбоўкай. Поспеху спектакля садзейнічала высокае майстэрства і яркі тэмперамент выканаўцаў гал. роляў А.Нікалаевай (Надзейка), С.Дрэчына (Васіль) і С.Паўлава (Князь). Пазней балетмайстар А.Ермалаеў на тую ж музыку стварыў новыя харэаграфічныя спектаклі «Аповесць пра каханне» (паст. 1953) і «Палымяныя сэрцы» (паст. 1955). Пэўнае значэнне ў развіцці лірыка-камедыйнага жанру ў нац. харэаграфіі мела пастаноўка К.Мулерам балета «Падстаўная нявеста» Г.Вагнера (1958). Тагачасныя тэмы былі ўвасоблены ў балетным спектаклі «Сцежкаю грому» К.Караева (балетмайстар Н.Конюс, паст. 1960), а таксама ў нац. балетах «Мара» Я.Глебава (балетмайстар А.Андрэеў, паст. 1961) і «Святло і цені» Г.Вагнера (лібрэта М.Алтухова паводле рамана П.Броўкі «Калі зліваюцца рэкі», харэаграфія і пастаноўка А.Андрэева і Н.Стулкалкінай, паст. 1963). Прыкметнай вяхой у развіцці сучаснай тэматыкі на бел. сцэне з’явілася пастаноўка камернага, псіхалагічна паглыбленага спектакля «Альпійская балада» Я.Глебава (лібрэта Р.Чарахоўскай па аднайм. аповесці В.Быкава, харэограф А.Дадышкіліяні, паст. 1967), які па сваёй ідэйнай накіраванасці з’яўляўся балетам гераічным. У ролі Джуліі — К.Малышава, у ролі Івана — Л.Чахоўскі. Пастаноўка пашырыла кола праблем бел. харэаграфічных спектакляў, узняла тэмы інтэрнац. гучання. У гэты перыяд у трупе працавалі артысты Н.Давыдзенка, В.Давыдаў, І.Дзідзічэнка, А.Карзянкова, Р.Красоўская, М.Красоўскі, В.Крыкава, Г.Мартынаў, В.Міронаў, Я.Паўловіч, І.Савельева, Л.Ражанава, М.Шэхаў і інш. У 1960—1-й пал. 1970-х г. пашырэнне і ўзбагачэнне рэпертуару адбывалася за кошт колькасці спектакляў разнастайных па тэмах і жанрах: «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» У.Дзешавова на тэмы А.Лядава (1961), «Спартак» А.Хачатурана (1964), «Папялушка» (1965) і «Рамэо і Джульета» (1968) С.Пракоф’ева, «Пер Гюнт» на музыку Э.Грыга (1966), «Гарэзлівыя прыпеўкі» на муз. Р.Шчадрына (1971), новыя рэдакцыі балетаў «Жызэль» А.Адана (1966), «Лебядзінае возера» (1967), «Спячая прыгажуня» (1970) П.Чайкоўскага, «Раймонда» А.Глазунова (1972). У ліку арыгінальных балетаў на музыку бел. кампазітараў пастаўлены «Выбранніца» (паст. 1969) і «Тыль Уленшпігель» (паст. 1974) Я.Глебава, «Пасля балю» Г.Вагнера (паст. 1971; усе пастаўлены А.Дадышкіліяні) і інш.
У 1970-я г. з’явілася новае пакаленне выканаўцаў: Л.Бржазоўская, Н.Дадышкіліяні, І.Душкевіч, У.Камкоў, Н.Паўлава, С.Пясцехін, В.Саркісьян, Ю.Траян, Т.Яршова і інш.З 1973 трупу ўзначальвае В.Елізар’еў. Яго маст. здабыткамі сталі разнастайныя па тэматыцы спектаклі, схільнасць да ўвасаблення складанай філасофскай тэматыкі, раскрыццё з’яў у гіст. перспектыве, што выявіліся ў пастаноўках балетаў «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына (1974), «Спартак» (1980), «Вясна свяшчэнная» (1986, 2-я рэд. 1997) і «Жар-птушка» (1998) І.Стравінскага, «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1988). У балетах «Стварэнне свету» А.Пятрова (паст. 1976) і «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава (паст. 1978), «Легенда пра Уленшпігеля» (2004) ярка ўвасобіліся прынцыпы харэаграфічнага сімфанізму: паслядоўна распрацаваны пластычны тэматызм, сістэма харэаграфічных лейтматываў, скразное развіццё пластычнага дзеяння, шырока выкарыстаны поліфанічныя формы выкладання матэрыялу. Нетрадыцыйнасцю трактоўкі, арыгінальным вобразным вырашэннем вылучаюцца спектакль «Балеро» М.Равеля (паст. 1984) і вак.-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на музыку К.Орфа (паст. 1983). Яркая тэатральная форма, арганічнае спалучэнне грамадзянскасці і публіцыстычнасці ўласцівы балету «Страсці» («Рагнеда») А.Мдывані (1995), прысвечанаму гіст. мінуламу бел. народа (Дзяржаўная прэмія Беларусі, прыз «Бенуа дэ ла данс» Міжнар. асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА, 1996). Зваротам да класікі былі пастаноўкі балетаў «Шчаўкунок» (1982), «Лебядзінае возера» (1986), «Спячая прыгажуня» (2001) П.Чайкоўскага, «Дон Кіхот» (1989) Л.Мінкуса. Абнаўленне сродкаў пластычнай выразнасці, драматургіі балетаў, фарміраванне новых прынцыпаў харэаграфічнай паэтыкі і эстэтыкі, выхаванне яркай плеяды артыстаў-аднадумцаў сведчыць пра стварэнне на бел. балетнай сцэне аўтарскага т-ра В.Елізар’ева.
У 1996 створаны Нац. тэатр балета Беларусі. Яго рэпертуар пастаянна папаўняецца харэаграфічнымі спектаклямі розных стыляў, эпох і жанравай накіраванасці, пастаноўкамі новых балетмайстраў, сярод якіх Д.Арыпава, І.Бельскі, А.Вінаградаў, Ю.Грыгаровіч, М.Далгушын, Д.Зайферт, Р.Захараў, У.Іваноў, Ф.Коэн, Г.Маёраў, Р.Паклітару, Н.Фурман, Ю.Чурко і інш. Сярод значных пастановак апошніх 30 гадоў: «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева (1973), «Ленінградская сімфонія» на музыку Дз.Шастаковіча (1977), «Чыпаліна» К.Хачатурана (1978), «Ліза і Кален» Ф.Герольда (1979), «У гонар Марыуса Петыпа» (1981), «Курган» Я.Глебава (1982), «Сільфіда» Х.Левенскольда (1983), «Крылы памяці» У.Кандрусевіча (1986), «Тры парсючкі» С.Кібіравай (1991), «Ундзіна» Х.В.Хенцэ (1992), «Серэнада» П.Чайкоўскага (1993), «Кругаверць» А.Залётнева (1996), «Раймонда» А.Глазунова (1997), «Пацалунак феі» І.Стравінскага (1999), «Сон у летнюю ноч» Ф.Мендэльсона-Бартольдзі (1999), «Макбет» В.Кузняцова (2000), «Беласнежка і сем гномаў» Б.Паўлоўскага (2002), «Марная засцярога» Л.Герольда (2003). Сваёй нац. накіраванасцю вылучаецца спектакль «Кругаверць», створаны па матывах бел. балад на музыку А.Залётнева (лібрэта Ю.Чурко, харэаграфія і паст. У.Іванова і Ю.Чурко). Цэнтр. метафарычны вобраз — вобраз млына — жыцця як вечнай кругаверці, адкуль з’яўляюцца і куды вяртаюцца гал. героі пасля апавядання сваёй гісторыі.
У т-ры працуюць выпускнікі Дзярж. харэаграфічнага каледжа Беларусі: І.Артамонаў, А.Бубер, В.Гайко, У.Далгіх, А.Ішчанка, Л.Кудраўцава, Ж.Лебедзева, Р.Мінін, С.Пясецкая, В.Пятроўскі, Н.Рабцава, А.Рымашэўскі, А.Фурман, Т.Шаметавец; Маскоўскага акад. харэаграфічнага вучылішча: М.Ватанабе, К.Фадзеева; Акадэміі рус. балета А.Ваганавай: К. і П. Борчанка. Бел. балет атрымаў міжнар. прызнанне. Бел. балетмайстры ставяць балеты ў Маскве, С.-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску, Львове, Хельсінкі, Варшаве, Любляне, Стамбуле, Токіо, Анкары.
Балетная трупа была сфарміравана і ў Бел.дзярж. музычным т-ры. У розныя гады ў яе складзе былі Т.Акімава, С.Вядзмедзь, У.Казінец, У.Крупскі, Ю.Лапша, Л.Рабушка, Г.Шылянкова і інш. Аднаактовы балет «Паненка і хуліган» на музыку Дз.Шастаковіча (харэографы В.Саркісьян і В.Лапо, паст. 1982) заклаў аснову ўласна балетнага рэпертуару т-ра. У розныя гады ў т-ры балетмайстрамі працавалі В.Бутрымовіч, С.Дрэчын, М.Красоўскі, В.Саркісьян, Л.Травінін. З 1993 балетную трупу т-ра ўзначальвае Н.Дзьячэнка. Яна паставіла балеты «Іспанскія мініяцюры» на нар. музыку (1992), «Новыя Амазонкі» М.Равеля (1997), «Жызэль» (1998), «Зачараваны прынц» на музыку П.Чайкоўскага (2002), «Вальпургіева ноч» Ш.Гуно (2003), а таксама харэаграфію да многіх муз. спектакляў. У рэпертуары балетнай трупы спектаклі з балетнай класікі «Шапэніяна» (паст. 1994), «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (паст. 1994), «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына (паст. 1995), «Штраусіяна» (1992), «Шэхеразада» на музыку М.Рымскага-Корсакава (1993); сучасных аўтараў: балет «Мефіста» на музыку У.Кандрусевіча (лібрэта Ю.Чурко, пастаноўка У.Іванова, паст. 2002), «In pivo veritas» паводле ірландскіх нар. песень і музыкі эпохі Адраджэння (пастаноўка Р.Паклітару, паст. 2003). Сярод артыстаў балета салісты Ю.Дзятко, К.Кузняцоў, Р.Івакіры, В.Краснаглазаў, Р.Крукоўскі. Балетная трупа т-ра вядзе гастрольную дзейнасць.
Літ.:
Барышаў Г.І. Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да кастрычніка 1917 г.Мн., 1983;
Яго ж. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990;
Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989;
Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;
Яе ж. Гаркавы смак ісціны. Мн., 1993;
Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер.зням.Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕРБАЙДЖА́Н, Азербайджанская Рэспубліка. Размешчана ў паўд.-ўсх.ч. Закаўказзя, мяжуе на Пнз Расіяй, на ПнЗз Грузіяй, на ПдЗз Арменіяй і Турцыяй, на Пдз Іранам. Пл. 86,6 тыс.км² (разам з а-вамі Каспійскага м.). Нас. 7,3 млн.Чал. (1992). Дзярж. мова азербайджанская. Пануючая рэлігія — іслам. Сталіца — г.Баку. У склад Азербайджана па канстытуцыі ўваходзяць Нахічэванская аўт. рэспубліка і тэр. Нагорнага Карабаха. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (28 мая).
Дзяржаўны лад. Азербайджан — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1978 з больш познімі дадаткамі і папраўкамі. Канстытуцыйным актам 18.10.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць краіны. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Дзейнасць Вярх. Савета часова прыпынена, дэпутацкія паўнамоцтвы і статус усіх парламентарыяў захаваны на тэрмін іх выбрання. Вышэйшы орган заканад. улады з 18.5.1992 — Мілі меджліс — пастаяннадзеючы парламент з 50 дэпутатаў на чале са Старшынёй. Вышэйшы орган выканаўчай улады — Кабінет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Амаль палова тэр. Азербайджана — горы: Вялікі Каўказ — хрыбты Галоўны (г. Базардзюзю, 4466 м — найвышэйшы пункт Азербайджана) і Бакавы (г. Шахдаг, 4243 м); Курынская ўпадзіна — вял. міжгорны прагін, які займае Кура-Араксінская нізіна (28 м ніжэй за ўзр. м.); Малы Каўказ — сістэма складкавых хрыбтоў паміж рэкамі Кура і Аракс (г. Гямыш, 3724 м); Талышскія горы — займаюць паўд.-ўсх.ч. рэспублікі (г. Кюмюркёй, 2477 м). Уздоўж Каспійскага м. цягнецца вузкая паласа Ленкаранскай, на Пн — Самур-Дывічынскай нізін. Узбярэжжа (працягласць 800 км) парэзана слаба. Найб. паўастравы — Апшэронскі, Курынская каса, Сара. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (Апшэронскі п-аў, Кура-Араксінская нізіна, акваторыя Каспійскага м. каля в-ва Арцёма, Нафтавыя Камяні і інш.), алуніты (Заглік), жал. руда (Дашкесан), серны калчадан (Чырагідзорскае і Таганалінскае радовішчы), барыт (Чаўдарскае радовішча), поліметалічныя, хромавыя і кобальтавыя руды (М.Каўказ), руды мыш’яку, свінцова-цынкавыя і малібдэнавыя (Нахічэвань) і інш. Шмат мінер. і тэрмальных крыніц, ёсць радовішчы лекавай нафты (Нафталан), буд. і абліцовачнага каменю, мармуру, гіпсу, мелу, сыравіна для вытв-сці шкла і цэменту. Клімат Азербайджана сухі субтрапічны на Кура-Араксінскай і Самур-Дывічынскай нізінах (сярэдняя т-растудз. 1—3 °C, ліп. 26—27 °C, гадавая колькасць ападкаў 200—300 мм); вільготны субтрапічны на Ленкаранскай нізіне (сярэдняя т-растудз. 3—4 °C, ліп. 26—28 °C, ападкаў за год 1900 мм — найб. колькасць у Азербайджане). У гарах высакагорны клімат падпарадкаваны вышыннай занальнасці (сярэдняя т-растудз. на выш. больш за 2000 м -10 °C, ліп. да 5 °C, 600—800 мм ападкаў за год, 1400 мм на паўд. схілах В.Каўказа). Каля 1250 рэк, з іх 24 даўж. больш за 100 км. Гал. рэкі Кура і Аракс (крыніцы арашэння), значныя — Самур, Тэртэр, Арпа. Больш за 250 азёраў, найб. Гаджыкабул і Беюкшор; высакагорнае воз. Гёйгёль. На р. Кура створана Мінгечаурскае вадасх. (525 км²), ад яго пачынаюцца Верхнекарабахскі і Верхнешырванскі арашальныя каналы. Глебы на нізінах (да выш. 200 м) шэразёмныя і бурыя паўпустынныя з саланцаватымі і саланчаковымі ўчасткамі, паўпустыннай расліннасцю (палын, салянкі, эфемеры), у перадгор’ях (300—500 м) — каштанавыя і карычневыя, на схілах гор — карычневыя і бурыя горна-лясныя глебы, на якіх растуць шыракалістыя лясы (бук, граб, дуб, каштан). Вышэй за 2000 м пояс горна-лугавых і дзярновых глебаў; разнатраўныя субальпійскія і альпійскія лугі — летнія пашы. У Талышскіх гарах захаваліся рэлікты трапічнай флоры: дэмірагач (жалезнае дрэва), самшыт, дзельква, гледычыя і інш. Жывёльны свет налічвае больш за 12 тыс. відаў: джэйран, дзік, дагестанскі тур, марал, дзікабраз, барсук, чаротавы кот; з птушак — турач, кеклік, фазан і інш. Каспій і Кура багатыя каштоўнай рыбай (ласось, асетр, сяўруга і інш.). Буйнейшыя запаведнікі: Закатальскі, Кызылагаджскі, Турыянчайскі, Шырванскі, Эльдарскі.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — азербайджанцы (больш за 82%); жывуць таксама рускія, армяне, лезгіны, аварцы, татары, цахуры, туркі, курды і інш. Сярэдняя шчыльнасць 85,8 чал. на 1 км² (1992), найб. шчыльна заселены Апшэронскі п-аў і прыгарадная зона Баку (150—300 чал. на 1 км²), некаторыя раўнінныя і перадгорныя часткі. Гар. насельніцтва складае 54%. Буйн. гарады (1990): Баку (1149 тыс.ж.), Гянджа (281 тыс.ж.), Сумгаіт (235 тыс.ж.), Мінгечаур, Шэкі.
Гісторыя. Першыя пасяленні чалавека на тэр. Азербайджана адносяцца да эпохі палеаліту. З часоў неаліту тут вядома земляробства і жывёлагадоўля. Паселішчы таго часу знойдзены ў Кюльтэпэ, Ханлары, Мінгечауры. З 2-га тыс. да н. э. на тэр. Азербайджана вядома металургія бронзы, зпач. 1-га тыс. да н. э. — жалеза. Паселішчы бронзавага веку выяўлены ў раёнах Хаджалы, Кедабека, Дашкесана, Гянджы і інш. У 9 ст. да н. э. Пд Азербайджана ўваходзіў у рабаўладальніцкую дзяржаву Мана, у 7 ст. да н. э. — Мідыю, якая да сярэдзіны 6 ст. да н. э. захоплена персідскай дзяржавай Ахеменідаў. У 4 ст. да н. э. на Пд Азербайджана ўзнікла дзяржава Атрапатэна, якая пазней атрымала назву Азербайджан («Краіна хавальніка агню»); на Пд Азербайджана ўтварылася Албанія Каўказская. Феад. адносіны ў Азербайджане склаліся ў 3—5 ст.н. э. Сяляне за карыстанне зямлёй плацілі феадалам рэнту і неслі павіннасці, аднак фармальна не лічыліся прыгоннымі. Гандлёва-рамесніцкімі цэнтрамі сталі Барда, Кабала, Нахічэвань, Байлакан і інш. Сярэдневяковы Азербайджан неаднойчы заваёўвалі іншаземцы. У пач. 3 — сярэдзіне 7 ст. тут царавала дынастыя Сасанідаў, у 7 — сярэдзіне 9 ст. ўладарылі арабы. У канцы 5 — пач. 6 ст. ў Азербайджане і Іране разгарнуўся маздакіцкі рух; у 1-й пал. 9 ст. адбылося вял. сялянскае паўстанне (гл.Бабека паўстанне 816—37) супраць араб. і мясц. феадалаў, якое падарвала ўладу Арабскага халіфата. У 2-й пал. 9 ст. на тэр. Азербайджана ўтварыўся шэраг дзяржаў. Цэнтрамі эканомікі і культуры сталі гарады Тэбрыз, Нахічэвань, Баку, Шэмаха, Барда, Кабала, Гянджа і інш., якія вялі гандаль, у т. л. і з Кіеўскай Руссю. У сярэдзіне 11 ст. Азербайджан захапілі сельджукі, якія прычынілі значныя страты гаспадарцы і культуры краіны. У 13 ст. ў выніку манг. нашэсця Азербайджан увайшоў у Хулагуідаў дзяржаву. Вял. наплыў цюркскіх плямёнаў у Азербайджане ў 11—13 ст. прывёў да выцяснення стараж.мясц. моў і ўсталявання новай — азербайджанскай мовы. Згэтагачасу фарміруецца і азерб. народнасць. Да сярэдзіны 14 ст.манг. панаванне ў Азербайджане падарвана супраціўленнем нар. мас, што выкарысталі мясц.феад. дынастыі. У канцы 14 — пач. 15 ст. На тэр. Азербайджана вылучылася самастойная дзяржава Шырван. Станоўчую ролю ў гісторыі Азербайджана адыграла Сефевідаў дзяржава, заснаваная ў пач. 16 ст. шахам Ісмаілам I. З канца 16 ст. ў ёй узмацніўся іранскі ўплыў; Азербайджан ператварыўся ў адну з ускраін Іранскай дзяржавы. У 16—18 ст. Азербайджан — арэна разбуральных войнаў паміж Іранам і Турцыяй. Азерб. народ вёў гераічную барацьбу супраць іншаземных і мясц. прыгнятальнікаў, што знайшло адлюстраванне ў эпасе пра нар. героя Кёр-аглы. У 1723—35 прыкаспійскія вобласці Азербайджана трапілі пад уладу Расіі, пазней зноў захоплены Іранам. У 2-й пал. 18 ст. ў Азербайджане ўзнікла каля 15 невял. ханстваў. Паводле руска-іранскіх пагадненняў (Гюлістанскі мірны дагавор 1813, Туркманчайскі дагавор 1828) Паўн. Азербайджан далучаны да Рас. імперыі, Паўд. Азербайджан застаўся пад уладай Ірана. На пач. 19 ст. буйным цэнтрам прам-сці стаў Баку, які ў 1901 даваў каля паловы сусв. здабычы нафты. У 1903 бакінскія рабочыя выступілі ініцыятарамі стачак на Пд Расіі, у 1904 дамагліся заключэння першага ў Расіі калектыўнага дагавору. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 утварылася двоеўладдзе: у Баку існавалі Выканаўчы к-т грамадскіх арг-цый (мясц. орган Часовага ўрада) і Савет рабочых дэпутатаў, у які ўваходзілі прадстаўнікі розных партый і паліт. груповак: мусаватысты (гл.«Мусават»), дашнакі, эсэры, бальшавікі, меншавікі і інш. 9.11.1917 на пашыраным пасяджэнні Савета бальшавіцкая рэзалюцыя аб узяцці ўлады ў свае рукі адхілена. Аднак 13 ліст. пад націскам рабочых і салдат абвешчана сав. ўлада, выбраны новы выканком Савета. Барацьба за ўладу набыла ўзбр. характар. У сак. 1918 у Баку і інш. месцах адбылося паўстанне мусаватыстаў, якое было задушана. 25.4.1918 утвораны Бакінскі СНК на чале з С.Г.Шаўмянам (гл.Бакінская камуна). У маі ў Тыфлісе мусаватысты стварылі свой урад, які пазней пераехаў у Гянджу. 28.5.1918 абвешчана Азерб.дэмакр. рэспубліка. Ва ўмовах актывізацыі ваен. дзеянняў у Закаўказзі з боку Турцыі і няўдач Чырв. Арміі Бакінскі Савет 25 ліп. запрасіў у Баку англ. атрад. 31 ліп. Бакінскі СНК склаў свае паўнамоцтвы. 1 жн.з апазіцыйных Бакінскай камуне прадстаўнікоў Цэнтракаспія і выканкома Бакінскага Савета створаны новы ўрад — Дыктатура Цэнтракаспія і Прэзідыума выканкома Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Бакінскі Савет быў распушчаны, бакінскія камісары арыштаваны і 20 вер. расстраляны. 4 жн. Баку акупіравалі англ. войскі, якія праз 10 дзён былі выцеснены тур. часцямі. Разам з англічанамі Баку пакінулі прадстаўнікі толькі што створанага ўрада. У вер. 1918 да ўлады прыйшлі мусаватысты. Паводле ўмоў Мудраскага перамір’я паміж Антантай і Турцыяй апошняя вывела восенню 1918 свае войскі з Баку. На змену ім зноў прыбылі англ. войскі (выведзены восенню 1919). У выніку паўстання ў Баку 28.4.1920 адноўлена сав. ўлада, створаны СНК на чале з Н.Нарыманавым, Азербайджан абвешчаны сав.сацыяліст. рэспублікай. 30 крас. ў Баку прыбылі перадавыя атрады Чырв. Арміі. Сав. ўлада была ўстаноўлена і на астатняй тэр. Азербайджана. Потым Азербайджан быў выкарыстаны як плацдарм для дзеянняў Чырв. Арміі супраць урадаў, што існавалі на той час у Арменіі і Грузіі. 19.5.1921 прынята 1-я Канстытуцыя Азерб. ССР. З 12.3.1922 да 5.12.1936 Азербайджан уваходзіў у Закаўказскую федэрацыю (ЗСФСР) і ў складзе яе з 30.12.1922 — у СССР. У складзе Азербайджана былі ўтвораны Нагорна-Карабахская аўт.вобл. (1923, гл.Нагорны Карабах) і Нахічэванская АССР (1924, гл.Нахічэванская рэспубліка). Пасля скасавання ў 1936 ЗСФСР Азербайджан — саюзная рэспубліка ў складзе СССР. У 1988 з-за прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Азербайджанам і Арменіяй узнік канфлікт, які пазней прыняў узбр. характар. Ускладнілася і ўнутрыпаліт. сітуацыя. Крывавыя падзеі на нац. глебе ў Сумгаіце ў 1989, сутыкненні насельніцтва з войскамі ў Баку на пач. 1990 разам з нагорна-карабахскім крызісам вымусілі ўвесці ў Азербайджане ў студз. 1990 надзвычайнае становішча. Пасля змен у канстытуцыі ў маі 1990 прэзідэнтам Азербайджана стаў камуністычны лідэр А.Муталібаў. У ліп. 1990 з апазіцыйных уладам грамадска-паліт. груп і аб’яднанняў створаны Дэмакр. форум Азербайджана. 30.8.1991 Вярх. Савет Азербайджана прыняў дэкларацыю пра аднаўленне дзярж. незалежнасці на аснове Акта ад 1918. 18.10.1991 прыняты Канстытуцыйны акт «Аб дзяржаўнай незалежнасці Азербайджанскай рэспублікі». У канцы 1991 Азербайджан увайшоў у СНД. Рашэнне Вярх. Савета Азербайджана ад 26.11.1991 пра скасаванне статуса Нагорна-Карабахскай аўт.вобл., а з другога боку абвяшчэнне Нагорным Карабахам незалежнасці і прызнанне гэтага акта Арменіяй прывялі да эскалацыі азерб.-арм. канфлікту, фактычна пачалася неаб’яўленая вайна. Сац.-эканам. і паліт. крызіс у Азербайджане, ускладненне карабахскай праблемы вымусілі прэзідэнта Муталібава да адстаўкі. На прэзідэнцкіх выбарах 7.6.1992 перамог А.Эльчыбей — лідэр Нар. фронту Азербайджана. Краіна прыпыніла членства ў СНД. 24.6.1993 Нац. меджліс перадаў паўнамоцтвы прэзідэнта Азербайджана старшыні Вярх. Савета Г.Аліеву, які 3.10.1993 абраны прэзідэнтам краіны. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, АБСЕ, дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.
З 1992 Азербайджан, — член ААН, АБСЕ, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя» і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 11.6.1993.
Палітычныя партыі. Нар. фронт Азербайджана, Партыя нац. незалежнасці, «Мусават», Азерб.нар. партыя, Азерб.сял. партыя, «Новы Азербайджан», Азерб.сац.-дэмакр. партыя і інш.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці нафтаздабыўная (11,7 млн.т; 1991), газаздабыўная (8,3 млрд.м³; 1991), нафтаперапр. (вытв-сць шматлікіх відаў паліва, тэхн. маслаў і інш.). Электраэнергетыка, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім. і нафтахім. прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 23,5 млрд.кВт∙гадз (1991); выпрацоўваюць ЦЭС (91%), каскад ГЭС на Куры (у т. л. самая буйная Мінгечаурская), Араксінская, Шамхорская і інш. Гарнарудная прам-сць: здабыча жал. руды (1,6 млн.т), алунітаў у раёне Дашкесана. Металургічная прам-сць (вытв-сць сталі, стальных трубаў, алюмінію, пракат каляровых металаў) у Сумгаіце, Гянджы. У машынабудаванні вылучаецца вытв-сць абсталявання для нафтавай прам-сці (Баку). Развіты электратэхн., радыёэлектронная прам-сць, прыладабудаванне (асн. цэнтр Баку). Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці выпускаюць мінер. ўгнаенні, серную кіслату, сінтэтычны каўчук, аўтапакрышкі, шкловалакно, мыйныя сродкі, лакі, фарбы і інш. (Сумгаіт, Мінгечаур, Гянджа, Нефтэчала, Сальяны). Галіны лёгкай прам-сці: баваўняная (Баку, Гянджа), шаўковая (Шэкі), шарсцяная, трыкатажная, вытв-сці дываноў (Баку, Гянджа, Мінгечаур, Шэкі), гарбарна-абутковая (Баку, Гянджа). Развіты харч. (кансервавая, тытунёвая, чайная, рыбная, вінаробная, масласыраробная, мукамольна-крупяная і інш.) прам-сць і вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, азбестацэментавыя вырабы, буд. фаянс, камень, зборныя жалезабетонныя канструкцыі і інш.). С.-г. ўгоддзі займаюць каля 4 млн.га, з іх больш за 1,6 млн. пад ворнымі землямі, 2,1 млн.га пад летняй і зімовай пашай. Пл. зямель, якія арашаюцца, — 1,3 млн.га (1986). Найб. пасяўныя плошчы пад збожжавымі культурамі (пшаніца, рыс, азімы ячмень). Гал.тэхн. культуры — бавоўна і тытунь. Развіты пладаводства, вінаградарства. Азербайджан — база ранняга агародніцтва, буйны раён вырошчвання субтрапічных культур (гранат, інжыр, міндаль, масліны, шафран, цытрусавыя і інш.) і чаяводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (буйн. раг. жывёла) і мяса-воўнавага (авечкагадоўля) кірунку. Вытв-сць мяса — 8,1 тыс.т, малака — 84,8 тыс.т (1991). Птушкагадоўля, шаўкаводства.
Транспарт. Асн. від — чыгуначны. Праз Азербайджан праходзіць чыг. магістраль у Іран (на Тэбрыз). Паводле аб’ёму перавозак на 2-м месцы марскі транспарт; гал. порт Баку, звязаны чыг. паромам з Краснаводскам. Па Куры — суднаходства. Нафтаправод Баку—Тбілісі—Батумі, газаправоды Карадаг—Гянджа—Акстафа з адгалінаваннем на Ерэван і Тбілісі, Карадаг—Баку і інш. Ажыццяўляюцца грузапасаж. авіярэйсы Мінск—Баку—Мінск. Экспарт Азербайджана складае 1,46 млрд. інвалютных руб. (1992). У знешнім гандлі Азербайджана вядучае месца належыць Расіі (60% тавараабароту). Экспартуе энерганосьбіты і энергаматэрыялы, імпартуе прадукты харчавання. Грашовая адзінка — манат.
Узброеныя сілы Азербайджана складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У 1993 налічвалі 41,6 тыс.чал. (560 тыс. рэзервістаў). Сухапутныя войскі (38,9 тыс.чал.) маюць 2 карпусныя групы, 1 танк. брыгаду, 9 механізаваных брыгад, 1 механізаваны полк, 2 артыл. брыгады, 2 артыл. палкі; на ўзбраенні 286 танкаў, 362 баявыя машыны пяхоты, 480 бронетранспарцёраў, ракеты класа «зямля—паветра», артылерыя, ракетныя пускавыя ўстаноўкі, 130 мінамётаў. У ВПС (1,6 тыс.чал.) на ўзбраенні 47 баявых самалётаў, 52 вучэбна-трэніровачныя самалёты. ВМС (2,1 тыс.чал.) атрымалі ч. Каспійскай ваен. флатыліі б.СССР, у т. л. 1 фрэгат, 6 вартавых караблёў. Ваенна-марская база ў Баку.
Ахова здароўя. На пач. 1992 было 749 бальнічных устаноў на 71,9 тыс. ложкаў (99,4 ложка на 10 тыс.ж.), 1726 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 28,1 тыс. урачоў (38,9 урача на 10 тыс.ж.). Сярэдняя працягласць жыцця 69 гадоў. Дзіцячая смяротнасць склала 45 дзяцей на 1 тыс. народжаных.
Асвета, навуковыя ўстановы. У Азербайджане ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Азербайджане было 2168 дашкольных дзіцячых устаноў (173 тыс. дзяцей), 4332 агульнаадук. школы (1375 тыс. вучняў, 139 тыс. настаўнікаў), 77 сярэдніх спец.навуч. устаноў (60,1 тыс. навучэнцаў), 18 ВНУ (108 тыс. студэнтаў). Найбольшыя ВНУ: Азербайджанскі ун-т, ін-ты с.-г., політэхн., мед., пед., пед. замежных моў, мастацтваў, нафты і хіміі, буд. інжынераў, кансерваторыя і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў 131 навук. установе (разам зВНУ) і ў н.-д. ін-тах АН Азербайджана (у яе складзе 61 акадэмік, 74 чл.-карэспандэнты, 364 д-ры навук і 2441 канд. навук; 1990). На 1.1.1991 у Азербайджане было 4,8 тыс. масавых б-к з фондам 45,9 млн. адзінак захавання, самыя вялікія: Рэсп.б-ка імя Ахундава, Фундаментальная б-каАН. У Азербайджане 122 музеі (разам з філіяламі), буйнейшыя з іх: Музей мастацтваў імя Мустафаева, Музей азерб. л-ры імя Нізамі, Музей гісторыі Азербайджана; 38 тыс. клубных устаноў.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1992 у Азербайджане 575 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Азербайджан», «Азадлыг» («Свабода»), «Бакинский рабочий», «Вышка», «Мухаліфат» («Апазіцыя»). Працуюць дзярж. (Азерінфарм) і прыватныя (Аса-Ірада, Туран і Хабар-сервіс) тэлегр. агенцтвы. Тэлецэнтры Бакінскі і Нахічэванскі. Радыё і тэлебачанне вядуць перадачы на азерб., арм. і рус. мовах. У Баку рэтрансліруецца праграма тур. тэлебачання.
Літаратура. Азерб.л-ра бярэ пачатак у фальклоры. Самыя стараж. помнікі нар.-паэт. творчасці — т.зв. мідыйскія легенды, нар. паданні (7—6 ст. да н. э.). Рэліг.-філас. погляды стараж. азербайджанцаў адлюстраваны ў помніку «Авеста». Гераічны эпас прадстаўлены паэмамі-дастанамі, сярод якіх самы значны «Кёр-аглы». Рамантычныя сюжэты складаюць аснову дастанаў «Аслі і Керэм», «Ашуг-Гарыб» і інш. Стваральнікамі, выканаўцамі і зберагальнікамі нар. творчасці былі спевакі-ашугі. Стараж. пісьмовыя помнікі не захаваліся, але ёсць звесткі, што яшчэ ў 5 ст. ў Албаніі Каўказскай існаваў алфавіт, былі напісаны арыгінальныя і перакладныя кнігі. У 7—9 ст. узмацніўся араба-ісламскі, у 11 ст. — іранскі ўплыў на азерб. культуру. Арабская і персідская мовы сталі афіцыйнымі, на іх стваралі свае творы паэты і вучоныя Хатыб Тэбрызі, Гатран Тэбрызі. Адначасова развівалася і азерб. мова. У 10—11 ст. фарміраваўся эпас «Кітабі Дэдэ Коркуд». У 11—12 ст. побач з творамі прыдворных паэтаў з’яўляліся творы пра жыццё народа. Узоры лірыкі стваралі Хагані Шырвані, Абу-ль-Ала Ганджэві, Фелекі Шырвані, паэтэса Мехсеты Ганджэві і інш. Вяршыня азерб. паэзіі 12 ст. — творчасць Нізамі Ганджэві, які зрабіў вял. ўплыў і на азерб. л-ру, і на л-ры іншых народаў Усходу. У 13—14 ст. тварылі паэты Ізедын Гасанаглы, Зульфігар Шырвані, Аўхеды Марагаі, Махмуд Шабустары. Значны след у паэзіі пакінулі Насімі, Хабібі, Кішверы і інш. Пад псеўданімам Хатаі пісаў вершы заснавальнік дынастыі Сефевідаў шах Ісмаіл I. Газелі Мухамеда Фізулі — узор высокай лірыкі на ўсім Б. і Сярэднім Усходзе. З яго імем звязана канчатковае фарміраванне літ.азерб. мовы. У творах прадаўжальнікаў традыцый Фізулі (Саіба Тэбрызі, Каўсі Тэбрызі, Месіхі) паэзія набывала больш простую і арганічную форму. Гэта заўважна і ў творах лепшых паэтаў 18 ст. Мала Велі Відадзі і Мала Панах Вагіфа. Валодаючы ўсімі формамі класічнай паэзіі, яны сцвердзілі ў л-ры ашугскую форму гошма, найб. блізкую да нар. творчасці. Л-ра 19—пач. 20 ст., прадаўжаючы класічныя традыцыі, зазнала новыя павевы, ішла ад асветніцкага рэалізму А.-К.Бакіханава і Вазеха да рэалізму крытычнага. Важнае значэнне для развіцця рэаліст. л-ры мела творчасць М.Ф.Ахундава, талент якога найб. поўна раскрыўся ў драматургіі. У 2-й пал. 19 ст. тварылі паэт-асветнік Сеід Азім Шырвані, паэты-лірыкі Сеід Набаты, Бахар Шырвані, паэтэса Хуршудбану Натаван. У 1875 засн. першая газета на азерб. мове «Экінчы» («Араты»), На пач. 20 ст. з’явіліся раманы С.М.Ганізадэ, М.С.Ардубады, Н.Нарыманава, рамант. лінію ў паэзіі развівалі Абас Сіхат, Хады Мухамед і інш. У 1932 створаны Саюз пісьменнікаў Азербайджна. Значны ўклад у азерб. паэзію С.Вургуна, С.Рустама, Р.Рзы, М.Рагіма, Мюшфіка і інш. Выдадзены раманы, аповесці і апавяданні Сеіда Гусейна, С.Рагімава, Абульгасана, Гусейна Мехты, М.Ібрагімава, А.Веліева, Мір Джалала, Г.Мусаева і інш. У пасляваен. гады плённа працавалі празаікі І.Гусейнаў, Б.Байрамаў, Г.Сеідбейлі, І.Шыхлы, Г.Абасзадэ, С.Веліеў, С.Даглы, Анар, А.Айліслі, паэты Б.Азераглу, Б.Вагабзадэ, Н.Хазры, З.Джабарзадэ, І.Сафарлі, Г.Гусейнзадэ, А.Керым і інш. У 1960-я г. з’явіліся псіхал. апавяданні і лірыка-псіхал. аповесці Айліслі, І.Гусейнава, М.Ібрагімбекава, Анара і інш. Раман 1960—70-х г. у асноўным арыентаваўся на паказ жыцця вяскоўцаў ці рабочых («Вузлы» С.Веліева, «Магамед, Мамед, Маміш...» Ч.Гусейнава). У 1980-я г. выдадзены раманы «Меч і пяро» Ардубады, «Калыска на жалезным дрэве» Ф.Керымзадэ, «Камяністы ключ» С.Веліева, кн. аповесцяў і апавяданняў «Залаты конь і зямля» Дж.Алібекава, «Птушынае гняздо» Дж.Рафіева, «Маніфест маладога чалавека» Мір Джалала, «Кліч» А.Мамедава, «Людзі і хвалі» Г.Гусейнаглы, зб. паэзіі «Будзь сведкам, сонца» Н.Гасанзадэ, «Снежныя кветкі» М.Дыльбазі, «Памяць крыві» Сабіра, «Размова з самім сабой» Вагабзадэ і інш. Развіваецца дзіцячая л-ра (М.Сеідзадэ, М.Рзакулізадэ, Мусаеў, Х.Алібейлі і інш.), крытыка і літаратуразнаўства (Г.Араслі, Арыф, Ф.Касімзадэ, М.Рафілі, А.Султанлі і інш.).
На бел. мову перакладзены раман Ібрагімава «Настане дзень» (1953), аповесць Абульгасана «Унукі старой Тамашы» (1962), кн. аповесцяў С.Веліева «Вусаты Ага. Кулік» (1985), кн. апавяданняў «Ключ жыцця» (1978), зб. твораў дзіцячых пісьменнікаў і фальклору «Вышкі над морам» (1989), зб. вершаў і паэм М.Тофіка «Сонечны цягнік» (1986) і інш. На азерб. мову перакладзены творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, П.Броўкі, А.Куляшова і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Ад эпохі энеаліту і ранняй бронзы на тэр. Азербайджана захаваліся дальмены, менгіры, кромлехі, з 1-га тыс. да н.э. — цыклапічныя збудаванні (Кедабекскі р-н, перадгор’і М.Каўказа, Нахічэвань). Найб.стараж. помнікі выяўл. мастацтва (2—1-е тыс. да н.э.) — наскальныя гравіраваныя малюнкі ў Кабустане, кераміка Мінгечаура, упрыгожанні з бронзы, дробная пластыка. У 9—6 ст. да н. э. будаваліся гарады, абарончыя збудаванні, жыллё т.зв. антавага тыпу, алтары агню (Мана, Мідыя). Помнікі раннесярэдневяковага дойлідства — храм у Лекіце, базіліка ў с. Кум (5—6 ст.), мячэці ў Бардзе, Гянджы, Шэмасе (7—9 ст.). З 10 ст. ствараюцца арх. школы: нахічэванская (пабудовы 12 ст. архітэктара Аджэмі), шырвана-апшэронская (Шырваншахаў палац у Баку), тэбрызская (Блакітная мячэць, 15 ст.). Найб. вядомыя помнікі 12—13 ст. — маўзалеі ў Нахічэвані і Джузе, Дзявочая вежа ў Баку. У 16—17 ст. пабудаваны культавыя комплексы шэйха Сефі (Ардэбіль), Гёй-Імам, цэнтр. плошча з мячэццю Джума (Гянджа) і інш. У сярэднявеччы развівалася скульптура (бронзавыя грыфоны, каменныя фігуркі), высокага ўзроўню дасягнулі вытв-сць глазураванай керамікі, разьба па камені, каліграфія. На 16 ст. прыпадае росквіт тэбрызскай школы мініяцюры (мастакі Султан Мухамед, Мір Сеід Алі, Бехзад і інш.). У час феад. раздробленасці (18 ст.) манум. будаўніцтва занепадае; арх.-буд. традыцыі захаваліся ў нар. дойлідстве (жылыя дамы, невял. мячэці). У 18 ст. актуалізаваўся насценны жывапіс (палац ханаў у Шэкі, жылыя дамы ў Ардубадзе, Шушы). У 19 ст. традыцыі мініяцюрнага жывапісу прадаўжаліся ў насценных размалёўках і партрэце (майстры У.Г.Карабагі, М.К.Эрывані, М.М.Наваб). Прыёмы планіроўкі і кампазіцыі, нац.арх. формы і матывы дэкору нярэдка спалучаліся з элементамі рас. і зах.-еўрап. класіцызму (Шэмаха, Баку). Заснавальнікамі рэаліст. жывапісу ў пач. 20 ст. былі А.Азімзадэ і Б.Кенгерлі. У 1920 у Баку адкрыта маст. школа. У 1920 — пач. 30-х г. працавалі жывапісцы А.Рзакуліеў, С.Саламзадэ, Ш.Мангасараў, графікі Э.Гаджыеў, Г.Халыкаў, І.Ахундаў, скульптары П.Сабсай, І.Гуліеў, Ф.Абдурахманаў, Дж.Карагды, тэатр. мастакі Р.Мустафаеў, Н.Фатулаеў. З канца 1920-х г. будуюцца першыя рабочыя пасёлкі (пас. Мамедзьярава — адзін з першых прыкладаў комплекснай забудовы жылога раёна). У выхаванні нац. кадраў у Азербайджана прымалі ўдзел рус. архітэктары (браты Весніны, А.Шчусеў і інш.). З 1930-х г. працуюць выпускнікі арх.-буд. ф-та (засн. ў 1920) Азербайджанскага політэхн. ін-та (С.Дадашаў, Э.Касімзадэ, М.Усейнаў і інш.). Для 1920-х г. характэрна стылізатарства пад феад. дойлідства мусульм. Усходу. У пач. 1930-х г. з’явіліся канструктывісцкія будынкі (гасцініца «Інтурыст» у Баку), у 2-й пал. 1930—50-х г. асвойвалася класічная, у т. л.нац.арх. спадчына (Музей азерб. л-ры імя Нізамі ў Баку). З канца 1950 праектуюцца і забудоўваюцца новыя гарады — Сумгаіт, Дашкесан, Мінгечаур, вядзецца рэканструкцыя Баку. Эстэтыка сучаснага этапу дойлідства Азербайджана выявілася ў архітэктуры Баку (комплекс будынкаў АН, гасцініц «Азербайджан» і «Масква», усе арх. Усейнаў; станцыі метрапалітэна, арх. Усейнаў, К.Сянчыхін, Т.Ханлараў, Ш.Зейналава, Касімзадэ і інш.; палац «Гюлістан», арх. А.Амірханаў, Н.Гаджыбекаў) і інш. гарадоў. У выяўл. мастацтве з канца 1950-х г. паглыбляецца працэс асэнсавання нац.маст. традыцый, развіваецца самабытная школа жывапісу. У 1960—80-я г. мастакі Н.Абдурахманаў, М.Абдулаеў, Саламзадэ, Э.Рзакуліеў, Т.Салахаў, Б.Мірзазадэ і інш. працуюць у гіст. і быт. жанрах, пішуць партрэты, пейзажы. Сярод сучасных мастакоў — жывапісцы Т.Нарыманбекаў, А.Джафараў, Н.Касумаў; графікі Р.Бабаеў, Ю.Гусейнаў, Э.Шамілаў, К.Алекпераў. У 1936 засн. Саюз архітэктараў, у 1940 — Саюз мастакоў Азербайджана.
Музыка. На працягу многіх стагоддзяў на тэр. Азербайджана існавалі фалькл. музыка (сялянская і гарадская) і творчасць нар.-прафес. музыкантаў вуснай традыцыі, у т. л. ашугаў. Вак.-інстр. фальклор мае элементы шматгалосся. Самабытнасць гукавога строю азерб. музыкі вызначаюць 7 асн. ладоў-мугамаў (найб. пашыраны раст, шур, сегях). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковы кеманча, струнна-шчыпковыя тар, саз, уд; духавыя тугак, балабан, зурна; ударныя дэф (бубен), нагара, гоша-нагара. Нар. песенная творчасць разнастайная ў жанравых адносінах, з багатай метрарытмікай. Пераважае сольнае, радзей хар. (унісоннае) выканальніцтва. Мастацтва паэтаў-спевакоў ашугаў засн. на класічных мелодыях (больш за 80), кожная з якіх мае шмат імправізацыйных варыянтаў. У 11—16 ст.найб. пашырана было гар. мастацтва мугамаў — вял. цыклічных вак.-інстр. п’ес, пабудаваных у розных ладах. З канца 19 ст. ў Азербайджан пранікае еўрап.муз. культура. Асновы сучаснай азерб.прафес.муз. культуры заклаў У.Гаджыбекаў, які распрацаваў тэорыю азерб. ладоў, стварыў першую мугамную оперу «Лейлі і Меджнун» (1908) і муз. камедыю «Аршын мал алан» (1913). Новы стыль азерб. музыкі фарміруецца ў 1920—30-я г. найперш у оперным жанры. Пастаноўка оперы Р.Гліэра «Шахсенем» (1927) выявіла імкненне да сінтэзу еўрап. і нац. формаў, «Нэргіз» (1938) А.М.Магамаева — першы азерб. твор, засн. на класічных формах, опера «Кёр-аглы» (1937) У.Гаджыбекава стала нац. класікай. У 1940 паст. першы нац. балет «Дзявочая вежа» А.Бадалбейлі. Этапнымі былі балеты «Сем прыгажунь» (1952) і «Сцежкаю грому» (1958) К.Караева, «Легенда аб каханні» (1961) А.Мелікава. Муз. камедыі і аперэты стваралі С.Рустамаў, Ф.Аміраў, С.Алескераў, Караеў, Р.Гаджыеў. Сімф. жанр у Азербайджане ўзнік у 1920—30-я г. У ім працавалі Караеў, у творчасці якога аб’яднаны рысы нац. і сучаснай музыкі, Ніязі, працуюць Аміраў, С.Гаджыбекаў, Дж.Гаджыеў, Мелікаў, М.Мірзоеў, А.Рзаеў, А.Алізадэ, М.Куліеў, І.Гаджыбекаў, А.Дадашаў і інш.; у вак.-сімф. жанры — Рустамаў, Р.Мустафаеў, Р.Гаджыеў, Алізадэ, Н.Мамедаў, Мірзоеў і інш. Першыя ўзоры нац. раманса належаць А.Зейналы (1920-я г.). У камерна-інстр. жанрах працаваў Караеў, працуюць Аміраў, Дж.Гаджыеў, Т.Бакіханаў, С.Гаджыбекаў, Куліеў, Х.Мірзазадэ, А.Азізаў і інш. Развіваецца дзіцячая музыка, музыка для т-ра і кіно. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Ніязі, Р.Абдулаеў; спевакі Р.Бейбутаў, Бюль-Бюль, М.Магамаеў, Ш.Мамедава, Ф.Ахмедава, Л.Іманаў, З.Ханларава, Р.Атакішыеў; піяністы Ф.Бадалбейлі, Т.Махмудава. У Азербайджане працуюць (1994): у Баку — Азерб.т-р оперы і балета (з 1920), Т-р музкамедыі (1938); філармонія (1936), у складзе якой Сімф. аркестр імя У.Гаджыбекава, Ансамбль песні і танца Азербайджана, камерны аркестр, хар. капэла, ансамбль танца, Дзярж. эстрадны аркестр; Сімф. аркестр імя Ніязі, эстрадна-сімф. аркестр, аркестр нар. інструментаў, хор пры Азерб. радыё і тэлебачанні; «Тэатр песні»; у Гянджы — філармонія. Працуюць таксама кансерваторыя (з 1921), муз. вучылішчы, муз. школы. У 1934 засн. Саюз кампазітараў Азербайджана.
Тэатр. Вытокі азерб.тэатр. мастацтва — у нар. творчасці. У стараж. Азербайджане існаваў лялечны т-р «Кілімарасы», у сярэднявеччы — рэліг.-містэрыяльны тэатр. У 1873 у Баку ўпершыню на азерб. мове паказаны камедыі М.Ахундава «Везір Ленкаранскага ханства» і «Гаджы-Кара». У 1897 арганізаваны першы прафесійны калектыў «Мусульманская драм. трупа», у пач. 20 ст. створаны тэатр. трупы пры асв. т-вах «Ніджат» і «Сафа». Значны ўклад у развіццё нац.драм. мастацтва зрабілі Дж.Зейналаў, Г.Араблінскі, У.Гаджыбекаў, Дж.Джабарлы, А.Шарыфзадэ, У.Раджаб і інш. У 1920 у Баку створаны аб’яднаны дзярж.т-р (азерб., рус., арм.драм. і оперныя трупы). У 1922 азерб.драм. трупа пераўтворана ў Азерб.дзярж.т-р (Азерб.акад.т-р імя Азізбекава). У рэпертуары т-ра, які прадаўжае лепшыя нац. традыцыі, п’есы нац. драматургаў, класічныя і сучасныя творы. У 1944 засн.Азерб.тэатр.т-ва. У 1994 у Азербайджане 10 драм. т-раў.
Кіно. Кінавытворчасць у Азербайджане пачалася з 1916, калі акц.т-ва «Фільма» выпусціла карціны «У царстве нафты і мільёнаў» і «Аршын мал алан» (1917). У 1923 у Баку створана Азерб. фотакінаўпраўленне (з 1960 кінастудыя «Азербайджанфільм» імя Дж.Джабарлы); першы маст. фільм «Легенда пра Дзявочую вежу» (1924). У 1929 арганізавана студыя для падрыхтоўкі нац. творчых кадраў. У фільмах 1920-х г. пераважалі тэмы рэвалюцыі і грамадз. вайны («Гаджы Кара», «26 камісараў»). З 1936 здымаюцца гукавыя фільмы: «Алмас», «Бакінцы», «Сын Радзімы», «Бахтыяр», «Адна сям’я». У 1960—80-я г. пашырылася тэматыка, абнавілася паэтыка фільмаў, зняты маст. фільмы: «Не тая, дык гэтая», «Чаму ты маўчыш?», «Святло згаслых вогнішчаў», «Перад зачыненымі дзвярыма»; дакумент.-хранік.: «Аповесць пра нафтавікоў Каспія» (Ленінская прэмія 1960), «Пакарыцелі мора» (сярэбраны медаль Маскоўскага міжнар. кінафестывалю 1959). У 1969 пачата вытворчасць мультыплікацыйных фільмаў. У 1965 створаны Саюз кінематаграфістаў Азербайджана. Сярод дзеячаў кіно: І.Касумаў, Т.Тагізадэ, Т.Ахундаў, М. і Р.Ібрагімбекавы, Анара (А.Рзаева), А.Бабаеў, Г.Мамедаў, Г.Турабаў, Ш.Мамедава.
Герб і сцяг Азербайджана.Азербайджан. Горад Баку.Да арт.Азербайджан. Здабыча нафты на Каспійскім моры.Да арт.Азербайджан. Аджэмі ібн Абу Бекр. Маўзалей Мамінэ-хатун у Нахічэвані. 1186.Да арт.Азербайджан. Дэталь партала палаца Шырваншахаў у Баку. Канец 15 ст.Да арт.Азербайджан. Маўзалей шэйха Сефі ў Ардэбілі. 16 ст.Да арт.Азербайджан. Мір Сеід Алі. Мініяцюра з рукапісу «Хамсе» Нізамі. 1539—43.Да арт.Азербайджан. Помнік Нізамі ў Баку. Скульпт. Ф.Абдурахманаў, арх. С.Дадашаў, М.Усейнаў. 1949.Да арт.Азербайджан. Помнік паэту Фізулі ў Баку. Скульпт. Т.Мамедаў, О.Эльцараў, арх. Г.Мухтараў. 1962.Да арт.Азербайджан. Т.Салахаў. Жанчыны Апшэрона. 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛІЯ (Italia), Італьянская Рэспубліка (Repubblica Italiana),
дзяржава на Пд Еўропы, у цэнтр.ч. Міжземнамор’я. Займае паўд. схілы Альпаў, Паданскую раўніну, Апенінскі п-аў, а-вы Сіцылія, Сардзінія і шэраг дробных астравоў. Мяжуе на Зз Францыяй, на Пнз Швейцарыяй, Аўстрыяй, на У са Славеніяй. Абмываецца Лігурыйскім, Тырэнскім, Іанічным і Адрыятычным морамі. Пл. 301,2 тыс.км². Нас, 57534,1 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Рым. У межах І. 2 дзяржавы — Ватыкан і Сан-Марына. Падзяляецца на 20 адм. абласцей: П’емонт, Вале-д’Аоста, Ламбардыя, Трэнціна-Альта-Адыджэ, Венецыя, Фрыулі-Венецыя-Джулія, Лігурыя, Эмілія-Раманья, Таскана, Умбрыя, Марке, Лацыо, Абруцы, Малізе, Кампанія, Апулія, Базіліката, Калабрыя, а-вы Сіцылія і Сардзінія. Вобласці аб’ядноўваюць 94 правінцыі. Дзярж. мова — італьянская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (першая нядзеля чэрвеня).
Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1947. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на сумесным пасяджэнні палат парламента з удзелам дэлегатаў ад усіх абласцей. Вышэйшы орган заканад. улады — двухпалатны парламент, складаецца з палаты дэпутатаў (630 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў) і сената (315 сенатараў, з якіх 310 выбірае насельніцтва, а 5 назначае прэзідэнт); агульны тэрмін іх паўнамоцтваў 6 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду — Савету міністраў, які назначаецца прэзідэнтам і нясе адказнасць перад парламентам. 5 абласцей маюць спец.аўт. статус; інш. вобласці, правінцыі і камуны маюць выбарныя органы мясц. самакіравання (правінцыяльныя і камунальныя саветы), апрача таго, цэнтр. ўлада назначае ў вобласці камісараў, а ў правінцыі — прэфектаў. Канстытуцыйны нагляд ажыццяўляе Канстытуцыйны суд.
Прырода. Горы і ўзвышшы займаюць каля 80% тэр. краіны. На Пн — Альпы з высакагорным расчлянёным рэльефам; найб.выш. да 4807 м (г. Манблан). На ПнУ горы складзены з вапнякоў, развіты карст. Большую ч. Апенінскага п-ва займаюць горы Апеніны (выш. да 2914 м, г. Корна). На Пд — дзеючыя (Этна, Везувій, Стромбалі) і патухлыя вулканы, лававыя плато. Характэрна высокая сейсмічнасць. Нізіны пашыраны ўздоўж марскіх узбярэжжаў і па далінах рэк. Найб. — Паданская раўніна, складзеная з алювіяльных наносаў, месцамі забалочаная. Горны рэльеф пераважае і на астравах. Карысныя выкапні: буры і каменны вугаль (Сардзінія, Таскана), нафта і прыродны газ (Паданская раўніна, в-аў Сіцылія, шэльф Адрыятычнага м.), жал. (Аоста, в-аў Эльба), поліметал. (в-аў Сардзінія, Усх. Альпы), марганцавыя (Лігурыя), сурмяныя (Сардзінія) руды, пірыты (Таскана), баксіты (Апулія), сера, каменная і калійная солі (Сіцылія). Па запасах ртутнай руды І. займае адно з першых месцаў у свеце (Таскана). Буд. матэрыялы (мармур, граніт, туф). Клімат на б.ч. тэрыторыі субтрапічны міжземнаморскі, на Паданскай раўніне пераходны ад субтрапічнага да ўмеранага. Лета гарачае і сухое. Сярэдняя т-рачэрв. ад 20 да 28 °C, пры гарачым паветры з Афрыкі (сірока) павышаецца да 35—40 °C. Зіма мяккая, сярэдняя т-растудз. на Паданскай раўніне каля 0 °C, на Апенінскім п-ве і астравах да 12 °C, у Альпах да -15—20 °C. Ападкаў на наветраных схілах гор больш за 3000 мм, ва ўнутр. раёнах і на ўсх. схілах 600—1000 мм, на Пд каля 500 мм за год. Вяршыні гор укрыты ледавікамі і снежнікамі. Рачная сетка густая толькі ў Альпах і на Паданскай раўніне. Рэкі Паўн. І. (По, Адыджэ, П’яве) багаты гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца для арашэння. На Апенінскім п-ве рэкі невял. і малаводныя. У Альпах шмат азёр, пераважна ледавіковага паходжання (Гарда, Лага-Маджорэ, Кома). Глебы ў Альпах горна-лугавыя і горна-лясныя, на Паданскай раўніне бурыя лясныя і алювіяльныя, на плато перадгор’яў Апенінаў і в-ве Сардзінія перагнойна-карбанатныя, у прыморскай зоне Апенінскага п-ва і в-ва Сіцылія карычневыя. У раслінным покрыве пераважаюць культ. ландшафты. Пад лесам і хмызняком каля 25% тэрыторыі, пераважна ў гарах. У складзе жывёльнага свету мядзведзь, воўк, ліс, казуля. Мноства птушак, паўзуноў. Нац. паркі: Стэльвіо, Гран-Парадыза, Абруца, Калабрыя, Чырчэа і інш., шмат рэзерватаў і заказнікаў.
Насельніцтва. Па колькасці жыхароў І. займае 5-е месца ў Еўропе. 94% італьянцаў, жывуць фрыулы, цірольцы, французы, албанцы, славенцы, грэкі і інш. У І. каля 920 тыс.чал. замежных працоўных з краін Усх. Еўропы, Афрыкі, Філіпін. Большасць вернікаў — католікі, ёсць пратэстанты, іудзеі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 191 чал. на 1 км, у высокаурбанізаваных абласцях на Пн (Ламбардыя, Лігурыя) і прамысл. зонах Неапаля, Рыма да 400 чал. на 1 км, у горных і с.-г. раёнах і на в-ве Сардзінія каля 40—70 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 67%. Найб. гарады (тыс.чал.): Мілан — 4251, Неапаль — 3012, Рым — 2688, Турын — 1294 (1997), Палерма — 695, Генуя — 660, Балоння — 395, Фларэнцыя — 393, Бары — 339, Катанія — 327, Венецыя — 306 (1993). У прам-сці заняты 32%, у сельскай гаспадарцы — 10% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Тэр. І. заселена ў эпоху палеаліту. Найб.стараж.з вядомых тут плямён былі лігурны, сіканы, этрускі. У 2—1-м тыс. да н.э. на б.ч. Апенінскага п-ва рассяліліся плямёны італікаў, сярод якіх найб. развітымі былі лаціны. У 753 да н.э. (паводле традыцыі) лаціны і сабіны заснавалі г.Рым, які заваяваў увесь паўвостраў, і да 5 ст.н.э. І. ўваходзіла ў склад рабаўладальніцкай Рымскай імперыі (гл.Рым Старажытны). У 4—5 ст. пачалося нашэсце ў І. германскіх і інш. варварскіх плямён (гл.Вялікае перасяленне народаў). У 410 Рым захапілі вестготы, у 455 яго разграмілі вандалы. У 476 перастала існаваць Зах.Рым. імперыя і засн. варварскае каралеўства на чале з Адаакрам (476—493).
У 493—554 існавала і каралеўства остготаў на чале з Тэадорыхам. 3535 пачалася экспансія Візантыі, войскі якой у 554 заваявалі большую частку І. У 568 Пд І. захапілі лангабарды. За частку І., што заставалася пад уладай Візантыі, змагаліся лангабарды і франкі. У 756 землі ў Сярэдняй І. захапіў франкскі кароль Піпін Кароткі, які перадаў уладу над імі папу Стэфану II; у выніку ўзнікла тэакратычная дзяржава пап (гл.Папская вобласць). У 774 каралеўства лангабардаў заваяваў Карл Вялікі, у 781 узнікла італьян. каралеўства на чале з яго сынам Піпінам. У выніку заваёўніцкіх паходаў герм. караля Агона I тэр. І. ўключана ў заснаваную ім у 962 «Свяшчэнную Рымскую імперыю». З 9 ст. пачалося запрыгоньванне італьян. сялян, адначасова адбывалася станаўленне гарадоў, многія з якіх у 11—12 ст. сталі самакіравальнымі камунамі. У 12—13 ст. пры падтрымцы гарадоў узніклі і сельскія камуны. Росквіту прыморскіх гарадоў як гал.гандл. пасрэднікаў паміж Еўропай і Усходам спрыялі крыжовыя паходы. У 14—16 ст. зарадзіліся раннекапіталіст. адносіны (амаль не закранулі сельскую гаспадарку), якія сталі вытокам культуры Адраджэння. Перамяшчэнне гандл. шляхоў з Міжземнага м. ў Атлантычны ак. і інш. прычыны выклікалі ў 16 ст.эканам. заняпад разрозненых італьян. дзяржаў. За панаванне ў аслабленай І. вялі барацьбу Францыя і Іспанія (гл.Італьянскія войны). Паўд. 1., Сіцыліяй, Сардзініяй, Міланскім герцагствам авалодала Іспанія. У залежнасць ад яе трапілі і астатнія італьян. дзяржавы (акрамя Венецыі, Савойскага герцагства з П’емонтам і Папскай вобл.).
У 1-й пал. 18 ст. на тэр. І. ваявалі паміж сабой Францыя, Аўстрыя і Іспанія, у выніку чаго Паўн. і Сярэдняя І. апынулася пад уладай Аўстрыі, Паўд. І. засталася ў залежнасці ад Іспаніі. У 2-й пал. 18 ст. дзякуючы рэформам у духу асветнага абсалютызму палепшылася эканам. становішча ў шэрагу італьян. дзяржаў, асабліва на Пн краіны. У канцы 18 ст. пачалася эпоха Рысарджымента (працягвалася да 1870), узнікла сетка тайных антыаўстр., антыманархічных і інш. арг-цый і клубаў. Ва ўмовах заваявання І. французамі (гл.Італьянскі паход Банапарта 1796—97) і іх панавання тут (да 1814) актывізаваўся нац.-вызв. рух (карбанарыі, паўстанне 1813—14 на Пн краіны і ў Мілане). У выніку Італьянскага паходу Суворава 1799 і Міжземнаморскага паходу Ушакова 1798—1800 ад французаў фактычна вызвалена Паўн. І. Пасля падзення імперыі Напалеона I Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў паліт. раздробленасць і аўстр. панаванне амаль на ўсёй тэр. І. Пасля паражэння рэвалюцый 1820—21 і 1831 рух карбанарыяў пайшоў на спад, узнікла падп.арг-цыя «Маладая Італія» (засн. Дж.Мадзіні). У 1840-я г. ў Паўн. І. пачаўся прамысл. пераварот (завяршыўся ў апошняй трэці 19 ст.). Аб’яднанню краіны пасля паражэння рэвалюцыі 1848—49 у Італіі садзейнічалі аўстра-італа-французская вайна 1859, рэвалюцыя 1859—60 у Італіі, дзейнасць Дж.Гарыбальдзі і К.Б.Кавура. У 1861 Сардзінскае каралеўства (П’емонт), вакол якога ішло аб’яднанне зямель І., канстытуіравалася ў адзінае Італьян. каралеўства на чале з каралём Віктарам Эмануілам II. У выніку аўстра-італьян. вайны 1866 да каралеўства далучана Венецыя, у 1870 — Папская вобл. і Рым. У аб’яднанай І. ўстанавілася канстытуцыйная манархія, захавалася эканам. адсталасць пераважна агр. Поўдня. І. заключыла Траісты саюз 1882з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй. З канца 19 ст. яна стала на шлях калан. захопаў (акупацыя Самалі ў 1889 і Эрытрэі ў 1890, спроба заняволіць Эфіопію ў час італа-эфіопскай вайны 1895—96, захоп Лівіі ў час італа-турэцкай вайны 1911—12).
У 1900—14 паскорылася эканам. развіццё краіны. У пач. 1-й сусв. вайны яна захоўвала нейтралітэт, але пасля падпісання пагаднення з краінамі Антанты 23.5.1915 абвясціла вайну Аўстра-Венгрыі, а 27.8.1916 — і Германіі. За час вайны забіта каля 700 тыс. італьянцаў, страчана 60% гандл. суднаў, значна заняпала гаспадарка (асабліва ў спустошанай у выніку баявых дзеянняў паўн.-ўсх.ч. краіны). У гэтых умовах актывізаваўся прафс., сял. і рэв. рух. Сац.-паліт. крызіс і ўсплёск шавінізму ў краіне пасля адмовы краін Антанты поўнасцю задаволіць яе тэр. прэтэнзіі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 спрыялі прыходу да ўлады фашыстаў на чале з Б.Мусаліні (гл.Паход на Рым 1922). Да 1928 у краіне ўсталявалася адзінаўладная дыктатура фаш. партыі пры захаванні манархіі (кароль Віктар Эмануіл III). Латэранскія дагаворы 1929 урэгулявалі працяглы канфлікт (з 1870) за ўладу паміж рым. папамі і італьян. каралеўскімі ўрадамі, забяспечылі фашыстам падтрымку Ватыкана. Сусв.эканам. крызіс 1929—33 падштурхнуў італьян. фашыстаў да стварэння ў краіне сістэмы карпарацый (гл.Патэрналізм), што паспрыяла больш устойліваму яе сац.-эканам. развіццю і прывяло да ўзмацнення татальнага кантролю над італьян. грамадствам з боку фаш. дзяржавы (у 1939 ліквідавана і выбарнасць парламента). Агрэсіўная знешняя палітыка ўрада Мусаліні (1922—43), у т. л. захоп Эфіопіі (гл.Італа-эфіопская вайна 1935—36), утварэнне «восі Берлін—Рым» (1936), выхад краіны з Лігі Нацый і далучэнне яе да «Антыкамінтэрнаўскага пакта» (1937), дапамога франкістам у час грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39, акупацыя Албаніі (крас. 1939), абумовіла ўступленне І. 10.6.1940 у 2-ю сусв. вайну на баку дзяржаў гітлераўскай кааліцыі. Італьян. войскі ўдзельнічалі ў італа-грэчаскай вайне 1940—41, балканскай кампаніі 1941, баях на сав.-герм. фронце (1941—43) і ў Паўн. Афрыцы (выцеснены і разгромлены да мая 1943). У выніку ўсеагульнай антыфаш. забастоўкі ў Паўн. І. (сак. 1943) і высадкі англа-амер. войск у Сіцыліі (чэрв. 1943) Мусаліні пазбаўлены ўлады і арыштаваны. Урад на чале з маршалам П.Бадольё 3.9.1943 тайна капітуляваў перад англа-амер. камандаваннем. У адказ ням.фаш. войскі акупіравалі значную частку яе тэрыторыі і стварылі на Пн І. марыянетачную «рэспубліку Сало» на чале з выкрадзеным Мусаліні. У выніку актывізацыі італьян. Руху Супраціўлення (гарыбальдзійскія брыгады, антыфаш. паўстанне ў Паўн. І. ў крас. 1945) і дзеянняў англа-амер. войск у ходзе італьянскай кампаніі 1943—45 краіна вызвалена ад ням.-фаш. войск (капітулявалі 29.4.1945). У выніку рэферэндуму 2.6.1946 ліквідавана манархія, І. абвешчана рэспублікай (яе канстытуцыя прынята 22.12.1947). 10.2.1947 падпісаны мірны дагавор з краінамі антыгітлераўскай кааліцыі (гл.Парыжскія мірныя дагаворы 1947). У 1946—81 і 1984—93 на чале ўлады знаходзілася пераважна Хрысціянска-дэмакратычная партыя (адзін з лідэраў Дж.Андрэоці), якая ў 1948—53 мела абсалютную большасць месцаў у парламенце. Пасляваеннаму аднаўленню эканомікі (завяршылася ў 1950-я г.) садзейнічала дапамога паводле Маршала плана (з 1948). З канца 1960-х г. у І. ўзмацніліся эканам. цяжкасці (структурны крызіс), у 1970-я г. актывізавалася тэрарыст. дзейнасць «чырвоных брыгад» (забойства А.Мора і інш.). У выніку парламенцкіх выбараў у сак. 1994 да ўлады прыйшлі прадстаўнікі правакансерватыўных сіл (Ліга Поўначы, неафашысты) на чале з лідэрам руху «Уперад, Італія» С.Берлусконі, што стала пачаткам устанаўлення ў І. Другой Рэспублікі. На парламенцкіх выбарах у крас. 1996 перамог левацэнтрысцкі блок «Аліўкавае дрэва» (гал. роля ў ім належыць Дэмакр. партыі левых сіл, засн. ў 1991), які ўтварыў урад на чале з Р.Продзі. Прэзідэнт краіны — О.Скальфара (з 1992). І. — чл.НАТО і Савета Еўропы (з 1949), ААН і Зах.-Еўрап. саюза (з 1955), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Еўрап. Саюза (з 1993). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Дэмакр. партыя левых сіл, Італьян.нар. партыя (пераемніца Хрысц.-дэмакр. партыі), Аб’яднаныя хрысц. дэмакраты, рух «Уперад, Італія», Ліга Поўначы — Федэратыўная Італія, Італьян. федэралісцкая Ліга, нац. альянс і інш.Найб.прафс. аб’яднанні — Усеагульная італьян. канфедэрацыя працы, Італьян. канфедэрацыя прафсаюзаў працоўных, Італьян. саюз працы.
Гаспадарка. І. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна. Па долі ў сусв.нац. прадукце (3,9%) і сусв. экспарце (6,3%) займае 6-е месца ў свеце (1995). Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва складае 18,7 тыс.дол. ЗША (1995). Доля прам-сці ў ВУП — 35,6%, сельскай гаспадаркі — 3,9%, сферы паслуг — 60,5%. На сусв. рынку вядома як пастаўшчык прадукцыі машынабудавання, хім., нафтаперапр., тэкст., абутковай, харч., паліграф., шкляна-фаянсавай прам-сці і як буйны раён турызму. Большая ч. прамысловасці сканцэнтравана на поўначы. Уласныя паліўна-энергет. рэсурсы забяспечваюць толькі 17% патрэб гаспадаркі. Здабыча нафты каля 5 млн.т, прыроднага газу 20 млрд.м³ (1996). Штогод І. імпартуе каля 80 млн.т нафты і каля 40 млрд.м³ газу з Саудаўскай Аравіі, Алжыра, Лівіі, Расіі, 15,9 млн.т вугалю з ЗША Здабываюць буры вугаль, ртуць, свінцова-цынкавыя і медныя руды, баксіты, серу і калійныя солі, мармур, граніт, асфальт. Вытв-сць электраэнергіі 225,2 млрд.кВтгадз (1995), пераважна на ЦЭЦ (буйнейшая ў г. Спецыя). Чорная металургія працуе ў асноўным на імпартнай сыравіне. Выплаўка (млн.т, 1994) сталі — 27,8, чыгуну — 11,7. Буйнейшыя прадпрыемствы поўнага цыкла ў Таранта (самы вял. ў І.), Генуі, Неапалі. Перапрацоўчыя і пракатныя з-ды ў цэнтрах машынабудавання (Мілан, Турын, Трыест, Тэрні і інш.), электраметалургія ў гарадах Бальцана, Бергама, Тэрні, Брэшыя. У каляровай металургіі вытв-сць алюмінію (каля альпійскіх ГЭС), свінцу (Сардзінія), магнію (Бальцана). Па выплаўцы ртуці (800 т, 1995) І. займае адно з першых месцаў у свеце (Грасета, Сіена). У машынабудаванні (32% прадукцыі прам-сці) вылучаюцца аўтамабіле-, трактара- і суднабудаванне, электратэхн. і радыёэлектронная прам-сць, станкабудаванне, вытв-сць пішучых і вылічальных машын, ваен. тэхнікі, абсталявання для розных галін прам-сці. Выпуск аўтамабіляў у 1995 склаў 1,6 млн.шт., у т. л. 1,4 млн. шт.
легкавых (адзін з буйнейшых вытворцаў у Еўропе — канцэрн ФІАТ, штаб-кватэра ў Турыне); з-ды ў Мілане, Бальцана, каля Неапаля. Прадпрыемствы ФІАТ выпускаюць таксама трактары, лакаматывы, вагоны, суднавыя і авіяц. рухавікі, металургічнае абсталяванне. Машынабудаванне І. спецыялізуецца таксама на вытв-сці матацыклаў, матаролераў, мапедаў, веласіпедаў, спарт. аўтамабіляў (Мадэна). Гал. цэнтры суднабудавання: Неапаль, Генуя, Трыест, Спецыя, Палерма, Венецыя, Таранта. Авіяц.з-ды ў прыгарадах Турына, Неапаля, Брындызі. Электратэхн. і радыёэлектронная прам-сць прадстаўлена з-дамі ў Турыне, Рыме, Неапалі, Венецыі, Мілане, Палерма і інш.Вытв-сць халадзільнікаў (4,8 млн.шт., 4-е месца ў свеце), пральных машын (6,2 млн.шт., 3-е месца ў свеце, 1994). Развіты прыладабудаванне, дакладная механіка і оптыка. І. займае адно з вядучых месцаў у свеце па вытв-сці пішучых і выліч. машын, касавых апаратаў, канторскага абсталявання (фірма «Алівеці», г. Іўрэа), 4—5-е месца па вытв-сці і экспарце станкоў, кавальска-прэсавага абсталявання. С.-г. машынабудаванне прадстаўлена ў Рэджа-нель-Эміліі, Мадэне, Турыне, Балонні, Палерма, Фоджы, Вічэнцы. І. буйны вытворца на сусв. рынку машын і абсталявання для перапрацоўкі пластмасы, гумавай, тэкст., абутковай, харч., паліграф. прам-сці. На ім партнай (нафта, прыродны газ, фасфарыты) і часткова мясц. (прыродны газ, пірыты, калійная соль) сыравіне працуе нафтаперапр., нафтахім. і хім.прам-сць. Нафтаперапр.з-ды размешчаны ў буйных партах (Генуя, Неапаль, Венецыя, Трыест) і на в-ве Сіцылія (Аўгуста, Сіракузы, Джэла). У хім. і нафтахім. прам-сці важнае месца займае вытв-сцьсінт. каўчуку (305 тыс.т), хім. валокнаў (630 тыс.т), пластмасы, мінер. угнаенняў (1 млн.т, 1995), лакаў, фарбаў, азотнай і сернай к-т, соды, ядахімікатаў. Развіта фармацэўтычная вытв-сць. Гал. канцэрны ў хім. і нафтахім. прам-сці: «Мантэдысан», «ЭНІ», «Пірэлі». І. — адзін з найбуйнейшых у свеце пастаўшчыкоў адзення і абутку. З галін лёгкай прам-сці развіты тэкст., шарсцяная, баваўняная, шаўковая, швейная, трыкат. і абутковая вытв-сць. Асн. галіны харч. прам-сці: мукамольная, макаронная, алейная, вінаробная, сыраварная, кандытарская. кансервавая. цукр., рысаачышчальная, тытунёвая. Штогод у краіне вырабляецца каля 430 тыс.т аліўкавага алею (2-е месца ў свеце пасля Іспаніі) і каля 6 млн.т вінаматэрыялаў (1 е месца ў свеце). 1 традыцыйны вытворца эсенцый і эфірнага алею з кветак і садавіны. Развіта паліграф.прам-сць (Мілан — буйнейшы выдавецкі цэнтр). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў, вырабаў са шкла, муз. інструментаў. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства (58% таварнай с.-г. прадукцыі). Пад ворнымі землямі 32% тэр. краіны, 12% займаюць сады і вінаграднікі, каля 20% — паша і сенажаці. Гал. збожжавыя культуры (млн.т, 1996): пшаніца — 8,2 (Эмілія-Раманья, Апулія, Сіцылія), кукуруза — 8,7 (Ламбардыя, Венецыя), рыс — 1,4 (1-е месца ў Еўропе, на арашальных землях Паданскай раўніны). Пасевы ячменю. аўса, зтэхн. культур — цукр. буракоў (збор 18 млн.т, 1995), тытуню (118 тыс.т). Вырошчваюць агародніну — да 15 млн.т, у т. л. 5 млн.т памідораў, б.ч. якіх кансервуецца і ідзе на экспарт. І. займае 1-е месца ў свеце па зборы вінаграду (8,4 млн.т. 1995), з іх каля 90% перапрацоўваецца на віно. Збор (млн.т, 1995) цытрусавых — 3,3, садавіны (яблык, груш, персікаў) — 5, аліўкаў — 3,1 (адно з першых месцаў у свеце). Пасадкі грэцкіх арэхаў. Кветкаводства. Жывёлагадоўля малочнага і малочна-мяснога кірунку. Гадуюць (млн. галоў, 1996): авечак — 10,5, свіней — 8, буйн. раг. жывёлу — 7, коз — 1,5. Вытв-сць (млн.т, 1995): мяса — 3,97, сыру — 0,88 (4-е месца ў свеце). Улоў рыбы ў 1995—609,8 тыс.т. Промысел малюскаў, ракападобных. Гадоўля вустрыц. Аўтамабільны транспарт забяспечвае больш за 90% пасажырскіх і каля 80% грузавых унутр. перавозак. Даўж. аўтадарог 478 тыс.км, у т. л. аўтастрад 6,3 тыс.км (2-е месца ў Еўропе пасля Германіі). Аўтапарк 32,9 млн. машын, у т. л. 30,1 млн. легкавых (1994). Даўж. чыгункі 19 тыс.км, найб. густая ў Паўн. І. Больш за 50% чыгункі электрыфікавана. Гал.чыг. вузел — Мілан (22 чыг. лініі). Марскі транспарт перавозіць 90% імпартных і каля 70% экспартных грузаў Гандл. флот налічвае 704 судны (1995), агульны танаж 6,3 млн. брута-рэг. т. Буйныя парты (грузаабарот, млн.т): Генуя — 42,8, Трыест — 38,3. 31 аэрапорт, з іх 6 міжнародных. Развіты трубаправодны транспарт. Даўж. нафтаправодаў 1703 км, прадуктаправодаў 2148 км, газаправодаў 19 400 км. Штогод краіну наведвае каля 50 млн.чал. Абслугоўванне турыстаў забяспечвае працай больш за 1 млн.чал. і дае даход 23,9 млрд.дол. ЗША (1994). Экспарт (190,8 млрд.дол. ЗША, 1994): аўтамашыны, станкі, халадзільнікі, тэкстыль і швейныя вырабы, абутак, харч. прадукты і інш. Імпарт (168,7 млрд.дол. ЗША); нафта, газ, вугаль, жал. руда, каляровыя металы, бавоўна, воўна, каўчук, машыны і абсталяванне, пшаніца і інш. Асноўныя гандл. партнёры: краіны ЕС (больш за 50% тавараабароту), ЗША, Расія і інш.Гандл. абарот І. з Рэспублікай Беларусь у 1996 склаў 168,4 млн.дол. ЗША. І. набывае ў Беларусі трыкат. і швейныя вырабы, скуру буйн. раг. жывёлы, жал. і стальны дрот, трактары, сінт. ніткі; пастаўляе машыны і абсталяванне, тканіны, адзенне, абутак, халадзільнікі, харч. прадукты і інш. Грашовая адзінка — італьян. ліра.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца зсухап. войск, ВПС, ВМС) і ваенізаваныя фарміраванні. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 325,2 тыс.чал., ваенізаваных фарміраванняў 255,7 тыс. (у т. л. войскі карабінераў 113,2 тыс., МУС 79 тыс.), рэзерву 484 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектуюцца паводле прызыву. У сухап. войсках 188,3 тыс.чал., на ўзбраенні 1325 танкаў, больш за 1 тыс. бронетранспарцёраў, каля 2 тыс. гармат палявой артылерыі (у т. л. 286 самаходных), каля 2 тыс. мінамётаў, 336 верталётаў і інш. У ВПС 63,6 тыс.чал. асабовага складу, 286 баявых самалётаў. У ВМС 44 тыс.чал., 8 падводных лодак, 47 баявых караблёў (у т. л. 1 авіяносец і 1 крэйсер), 44 катэры (з іх 33 дэсантныя), 18 баявых самалётаў і 74 баявыя верталёты марской авіяцыі.
Ахова здароўя. З 1980 існуе дзярж. сістэма службы здароўя, якая гарантуе бясплатнае мед. абслугоўванне ўсім катэгорыям насельніцтва. Бярэцца мінімальная плата за лякарствы, аналітычнае абследаванне і знаходжанне ў шпіталі. Усім працуючым выплачваецца уніфікаваная мед. страхоўка. Паралельна існуе развітая сістэма прыватнага мед. абслугоўвання. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75, жанчын 81,6 года. Смяротнасць 10 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 147 чал., урачамі — 1 на 193 чал. Узровень нараджальнасці 10 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0. Дзіцячая смяротнасць 7 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—6 гадоў), пач., няпоўную і поўную сярэднюю школы, прафес. і прафес.-тэхн. школы, ВНУ. Існуюць навуч. ўстановы дзярж., прыватныя і канфесійныя. Дзярж. школы падпарадкаваны Мін-ву адукацыі, якое кантралюе і прыватныя. Навуч. планы і праграмы школ носяць рэкамендацыйны характар. Пач. школа 5-гадовая, бясплатная, мае 2 цыклы — ніжэйшы (1—2-і кл.) і вышэйшы (3—5-ы кл.). На базе пач. школы працуе 3-гадовая няпоўная сярэдняя школа для дзяцей 11—14 гадоў. Поўная сярэдняя школа — гэта 5-гадовыя класічныя і рэальныя (прыродазнаўча-навук.) ліцэі. Прафес. адукацыю даюць 2-гадовыя тэхн. вучылішчы і галіновыя ін-ты (тэрмін навучання 2—5 гадоў), сярэднюю тэхнічную — 5-гадовыя галіновыя тэхн. ін-ты. У сістэме вышэйшай адукацыі асн. тып ВНУ — ун-т (дзярж. і прыватныя, тэрмін навучання 4—6 гадоў). Існуюць таксама ін-ты, вышэйшыя маст. школы, акадэміі і кансерваторыі. У 1996/97 навуч.г. ў І. 58 ун-таў, 4 ін-ты; больш за 1 млн. студэнтаў. Буйнейшыя дзярж. ун-ты: Рымскі універсітэт (з 1303), Балонскі універсітэт (з 11 ст.), Падуанскі універсітэт (з 1222). Неапалітанскі (з 1224), у Мілане (з 1863), Бары (з 1924), Фларэнцыі (з 1321), Генуі (з 1471), Палерма (з 1779), Турыне (з 1404) і інш.Найб.дзярж.ВНУ: політэхн. ін-ты ў Турыне і Мілане, Ін-т усходазнаўства ў Неапалі, пед.ін-т (універсітэцкага тыпу) у Пізе, кансерваторыя «Санта-Чэчылія» ў Рыме. Буйнейшыя б-кі: Нац.цэнтр. ў Фларэнцыі; Нац.цэнтр. (з 1876), б-кі ун-та (з 1661) і Нац. акадэміі дэі Лінчэі (з 1730) у Рыме; Нац. (з 1804) і б-ка ун-та ў Неапалі; Нац. (з 1720) у Турыне; Нац. (з 1763) і б-ка Амбразіяна (з 1609) у Мілане; Нац. і б-кі ун-таў у Балонні, Бары, Мадэне, Палерма, Пізе і інш. Буйнейшыя музеі: Нац. і Музей Вілы Джулія (з 1889), галерэя Баргезе (з 1616), Нац. галерэя ант. мастацтва (з 1895), Нац. галерэя сучаснага мастацтва (з 1883) — усе ў Рыме; нац.археал. музеі ў Неапалі, Палерма, нац. музеі і карцінныя галерэі ў Фларэнцыі, Месіне, Неапалі, Палерма, Равене, Таранта, галерэя Уфіцы ў Фларэнцыі і інш.Асн.дзярж. ўстанова, якая арганізуе і кіруе н.-д. работамі ва ўсіх галінах прыродазнаўчых і тэхн. навук (акрамя праблем атамнай энергіі) — Нац. Савет даследаванняў (з 1923; падпарадкоўвае каля 200 цэнтраў, ін-таў і лабараторый, кантралюе і міжнар.навук. сувязі). Навук. даследаванні каардынуе і Нац. акадэмія дэі Лінчэі. Даследаванні па атамнай энергіі ўзначальвае Нац.к-т па атамнай энергіі (з 1960); у яго веданні Цэнтр ядзерных даследаванняў у Касача і Нац. лабараторыі ў Фраскаці (з 1953). Буйнейшы цэнтр фундаментальных даследаванняў — Нац.ін-т ядзернай фізікі, які аб’ядноўвае работу ўсіх н.-д. устаноў І. ў гэтай галіне. Фундаментальныя даследаванні вядуцца таксама ў н.-д. ін-тах пры ун-тах. Даследаванні праводзяць ін-ты і ўстановы галіновых мін-ваў. Значныя работы, пераважна прыкладнога характару, вядуцца ў н.-д. ўстановах пры фірмах і кампаніях, у т. л. «ФІАТ». У І. дзейнічаюць некаторыя міжнар. даследчыя цэнтры, у т. л. Цэнтр ядзерных даследаванняў у Іспры, Ін-т генетыкі і біяфізікі ў Неапалі і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. Сярод найб. уплывовых газ. «La Repubblica» («Рэспубліка», з 1976), «Stampa» («Друк», з 1866), «Comere della Sera» («Вячэрні веснік», з 1876), «Messaggero» («Веснік», з 1878), «Linita» («Адзінства», з 1924), вячэрняя газ. «Paese Sera» («Краіна вячэрняя», з 1949) і інш.Інфарм. агенцтвы: Аджэнцыя Нацыянале Стампа Асачата (з 1945), Аджэнцыя Джарналістыка Італія (з 1950), Інтэр-Прэс Сервіс (з 1964). Радыёперадачы трансліруюцца па 3 праграмах, Радыё Рома вядзе перадачы на замежжа на 27 мовах. Тэлебачанне з 1954. Дзейнічаюць 3 агульнанац. каналы (РАІ 1, РАІ 2, РАІ 3). Ёсць 7 агульнанац. камерцыйных сетак, 5 лакальных камерцыйных станцый (буйнейшыя — Канал 5 і Італія 1). Радыёвяшчанне і тэлебачанне падпарадкаваны італьян. акцыянернай радыё- і тэлевізійнай службе РАІ-ТБ. Кантралююцца дзяржавай.
Літаратура. Першыя помнікі на італьянскай мове адносяцца да 10 ст. Аднак да 16 ст.літ. творы пісаліся і на лац. мове. У І. пазней, чым у інш. раманскіх краінах, нац. мова стала літаратурнай. Феноменам італьян. л-ры 13 ст. былі сіцылійская паэт. школа і паэзія «новага салодкага стылю», якая ўзвышана апявала каханне і раскрывала псіхалогію закаханага (Г.Гвініцэлі і Г.Кавальканці). Стваральнікам адзінай італьян.літ. мовы стаў Дантэ. Яго «Боская камедыя» выйшла за межы свайго часу, увабраўшы ў сябе асн. рысы светапогляду эпохі, і стала рэліг., філас., гіст. і міфалагічнай энцыклапедыяй сярэдневякоўя. Рост цікавасці да ант. мастацтва і культуры, стварэнне новых гуманіст. вобразаў — асн. рысы л-ры Адраджэння (14—16 ст.). Паварот да чалавека, яго пачуццяў і зямнога (а не замагільнага) жыцця асабліва яскрава выявіўся ў творчасці Ф.Петраркі (зб. «Канцаньерэ») і Дж.Бакачыо («Дэкамерон»), а пазней Я.Пасаванці, Дж.Вілані, Ф.Сакеці і інш. Адраджэнне ідэалаў антычнасці і цікавасць да ўнутр. свету чалавека ўвасоблены ў творах Дж.Пантана, А.Паліцыяна (драма «Сказанне пра Арфея»), удзельнікаў платонаўскай акадэміі ў Фларэнцыі (Л.Пульчы, Дж.Піка дэла Мірандала. М.Фічына). У Венецыі на родным дыялекце пісаў вершы Л.Джустыніяні, у Ферары — М.Баярда (паэма «Закаханы Раланд»), у Неапалі да нар. творчасці звяртаўся Я.Санадзара. У 1-й пал. 16 ст., калі адзінай літ. мовай стала італьянская, развіваўся рэнесансавы класіцызм, які платонаўскаму ідэалізму проціпастаўляў рэаліст. адносіны да рэчаіснасці (П.Бемба, Мікеланджэла, Дж.Страпарола, Б.Чэліні). Найб. вядомыя прадстаўнікі позняга Адраджэння — Л.Арыёста, у творах якога (эпічная паэма «Неўтаймаваны Раланд») адлюстраваўся крызіс рэнесансавага светапогляду, і Т.Таса (паэма «Заваяваны Іерусалім»); развіваўся і тэатр (П.Арэціна, Н.Макіявелі, Б.Гварыні). У сярэдзіне 16 ст. ў л-ры І. паявіліся рысы барока. Дасягнула росквіту метафарычная паэзія Дж.Марына, развівалася проза (Дж.Бруна, Т.Кампанела, Г.Галілей), трагедыя (Ф. дэла Вале, К. дэ Даторы). Рэакцыяй на складаную барочную канцэпцыю стала стварэнне літ. акадэміі Аркадыя (засн. ў Рыме ў 1690), асн. мэтай якой была спроба спрасціць мову, зрабіць літ. твор больш зразумелым чытачу. У 18 ст. значнага развіцця дасягнулі тэатр (К.Гоцы, К.Гальдоні, П.Метастазіо) і паэзія (Дж.Парыні). На мяжы 18 і 19 ст. у італьян. л-ры паявіліся рысы рамантызму (творчасць У.Фоскала), што пазней адлюстраваліся ў прозе А.Мандзоні (гіст. раман «Заручоныя») і паэзіі Дж.Леапардзі.
У 2-й пал. 19 ст., калі адбылося аб’яднанне І. (1870), вызначальным стаў рэаліст. кірунак у л-ры — верызм, які апіраўся на паэтыку «чалавечага дакумента»: Дж.Верга (раман «Сям’я Малаволья»), раманіст Л.Капуана, навеліст і паэт Р.Фучыні, аўтар псіхал. раманаў Г.Дэледа. Пад уплывам франц. і інш.еўрап. л-р развіваліся сімвалізм і імпрэсіянізм (Г.Д’Анунцыо, Дж.Паскалі, «паэты змяркання» Г.Гацана і С.Карацыні). У пач. 20 ст. Ф.Т.Марынеці абвясціў пра нараджэнне футурызму, які паўплываў на многія еўрап. л-ры. Ад спроб стварэння «чыстых», ідэальных форм (Дз.Кампана, К.Збарбара, У.Саба, К.Рэбара) паэзія перайшла да «герметызму», стала больш складанай і абстрактнай (С.Квазімада, М.Луцы, А.Гата). У рэчышчы «плыні свядомасці» развівалася псіхааналіт. проза І.Свева (раман «Самапазнанне Дзена»), У 1920—40-я г. адной з вядучых літ. форм стаў раман («Сёстры Метэрасі» А.Палацэскі, «Людзі ў часе» і «Вада» М.Бантэмпелі, «Людзі і нелюдзі», «Жанчыны з Месіны» Э.Вітарыні, «Дон Жуан на Сіцыліі», «Прыгожы Антоній» В.Бранкаці, «Усведамленне болю» К.Э.Гады, аповесці Ч.Павезе), жанравая накіраванасць якога вельмі разнастайная: ад каталіцкага гуманізму, антыфашызму да экзістэнцыялізму і рамана-гратэску. Пасля 2-й сусв. вайны ў л-ру прыйшло новае пакаленне празаікаў, якое пераасэнсоўвала падзеі нядаўняй вайны (аповесць «Хрыстос прыпыніўся ў Эбалі» К.Леві, раманы «Гісторыя» Э.Марантэ, «Фауста і Ганна» К.Касолы), цікавілася мінулым і сучаснасцю (раманы «Леапард» Т. ды Лампедуза, «Чачара» А.Маравіі, «Жорсткае жыццё» П.Пазаліні), успрымала свет праз прызму фантастычнага і сюррэальнага (трылогія «Нашы продкі» І.Кальвіна, навелы Дз.Буцаці). Міжнар. прызнанне атрымала італьян. паэзія (творчасць Дж.Унгарэці, Э.Мантале). Л-ра канца 20 ст. ахоплівае шырокі спектр жанраў і тэм: ад рэаліст. рамана («Блакітная планета» і «Грэчаскі агонь» Л.Малербы, «Рыцар і смерць» Л.Шашы, «Сцвярджае Перэйра» А.Габукі) да постмадэрнісцкага рамана-лабірынта («Імя ружы», «Востраў папярэдняга дня» У.Эка) і сатыр. «антыспажывецкіх» апавяданняў С.Бені, ад філас. асэнсавання лёсу чалавека (паэзія С.Пены, А.Дзандзота, Д.Белеца) да парадоксаў яго зямнога існавання (драматургія Д.Фо).
На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі: «Запіскі цырульніка» Дж.Джэрманета (1932), «Спартак» Р.Джаваньёлі (1938), «Неапаль без сонца» (1955) і «Прыгоды Чыпаліна» (1957) Дж.Радары, «Праўдзівая гісторыя» Л.Стурані (1957), «Вожыкава дрэва» А.Грамшы (1958), «Прыгоды К’ядзіна» М.Арджылі і Г.Парка (1959), «Юнацтва становіцца ў строй» В.Берціні (1960), «Лішнія» Д.Арфелі (1965), зб.апавяд. «Золата Фарчэлы» (1968), «Казкі нашых дзён» Арджылі (1971), зб. паэзіі «Ад вежаў Ферары» (1974), «На арбіце зямлі» А.Северыні (1980), «Санеты» Ф.Петраркі (1996), «Боская камедыя» Дантэ (1997). Асобныя творы Мантале, Пазаліні, Арфелі, Дантэ, Дж.Кардучы, Квазімада, Маравія, А.Негры, Павезе, Петраркі, Радары, Северыні і інш. на бел. мову пераклалі М.Аўрамчык, Ю.Гаўрук, У.Караткевіч, А.Мінкін, Т.Рунец, Я.Семяжон, У.Скарынкін, А.Шаўня, А.Якімовіч, Р.Барадулін, М.Танк і інш.
Архітэктура І. моцна паўплывала на фарміраванне еўрап. архітэктуры, на тыпы збудаванняў (цэрквы базілікальныя і цэнтрычнай кампазіцыі, палацы і грамадскія будынкі), на выразныя сродкі (ордэры), на горадабудаўніцтва (прамавугольная, трохпрамянёвая планіроўка) і паркі (партэры, фантаны, каскады). У эпоху бронзы на в-ве Сардзінія склаўся своеасаблівы тып мегалітычных збудаванняў, т.зв. нураге — круглыя каменныя вежы з псеўдакупальным пакрыццём. Стараж.-грэч., этрускія і мясц.маст. традыцыі леглі ў аснову мастацтва Стараж.Рыма, якое развівалася на тэр. І. з 5 ст. да н.э. да 5 ст.н.э. Пасля падзення Рыма (476) і сцвярджэння хрысціянства на аснове познагатычных традыцый Візантыі і культур варварскіх народаў (готаў, лангабардаў, франкаў і інш.) фарміруецца сярэдневяковае мастацтва І. У 4—6 ст. узводзілі велічныя базілікі (Сан-Джавані ін Латэрана і Сан-Паала фуоры ле Мура ў Рыме), цэнтрычныя культавыя будынкі (царква Сан-Вітале ў Равене). У 8—10 ст. вядучай была архітэктура Ламбардыі (паўд. вежа царквы Сант-Амброджа ў Мілане). У 11—13 ст.раманскі стыль набыў у І. разнастайныя мясц. рысы. У Таскане ўзводзілі пабудовы т.зв. інкрустацыйнага стылю з паліхромнай мармуровай абліцоўкай вонкавых сцен і інтэр’ераў (царква Сан-Міньята аль Монтэ ў Фларэнцыі). Вытанчанасцю і багаццем дэкору вылучаецца комплекс у Пізе (баптыстэрый, сабор і вежа-кампаніла). У раманскіх пабудовах Сіцыліі спалучаліся формы візант., араб. і нармандскага дойлідства (саборы ў Чэфалу, пачаты ў 1131, і Манрэалі). Своеасаблівы варыянт візант. крыжова-купальнага храма — 5-купальны сабор св. Марка ў Венецыі з шыкоўна аздобленым інтэр’ерам. Аблічча большасці гарадоў І. склалася ў 11—13 ст., у перыяд іх інтэнсіўнага развіцця. У гэты час будавалі падпарадкаваныя рэльефу мясцовасці гар. ўмацаванні, падобныя на крэпасці каменныя дамы-вежы (Балоння, Сан-Джыміньяна), будынкі ратуш і сабораў з кампаніламі (Бергама, Брэшыя). Скучаная забудова сярэдневяковых гарадоў мела рэгулярную (Фларэнцыя, Верона) або нерэгулярную планіроўку і групавалася вакол цэнтр. плошчы. Гатычны стыль, часткова ўспрыняты італьян. архітэктурай, быў пашыраны ў канцы 13—14 ст. Асобныя дэкар. матывы готыкі надаюць раманскім па духу пабудовам дынамічнасць і вастрыню: сабор Санта-Марыя дэль Фёрэ (пачаты ў 1296, арх. Арнольфа ды Камбіо), царква Санта-Марыя Навела ў Фларэнцыі (каля 1278 — каля 1360), сабор у Арвіета (1290—1569), Палацца Публіка ў Сіене (1297—1310), Венецыянскі Палац дожаў. У архітэктуры Ранняга Адраджэння (15 ст.) у аснове рытмічнай і структурнай арганізацыі будынкаў пераасэнсаваная ант. ордэрная сістэма: капэла Пацы ў Фларэнцыі (1429—43, арх. Ф.Брунелескі), царква Сант-Андрэа ў Мантуі (1472—94, арх. Л.Б.Альберці). Першыя спробы рэнесансавага горадабудаўніцтва — ансамбль у г. Піенца (паводле планаў арх. Б.Раселіна з 1459). Для архітэктуры Высокага Адраджэння (канец 15—1-я пал. 16 ст.) характэрны велічнасць прапорцый, пошукі дасканалай кампазіцыі цэнтрычнай пабудовы, разнастайнасць прасторавых вырашэнняў, пластычнасць арх. дэталей: сабор св. Пятра ў Рыме (1506—1614; задуманы і пачаты Д.Брамантэ; праект неаднаразова перапрацоўваўся; працягвалі работы Дж.Віньёла, П.Лігорыо, К.Мадэрна і інш.; у інтэр’еры творы Л.Берніні, Мікеланджэла), пабудовы Рафаэля, А. да Сангала Старэйшага, Я.Сансавіна. У перыяд Позняга Адраджэння (2-я пал. 16 ст.) класічныя схемы ўвасабляў А.Паладыо (віла «Ратонда» ў Вічэнцы); маньерыстычныя тэндэнцыі выяўляюцца ў работах Джуліо Рамана, Дж.Вазары, Віньёлы, Г.Алесі. Цікавасць гэтых архітэктараў да прасторавага развіцця кампазіцыі, дынамічнай сувязі будынкаў згар. і ландшафтным асяроддзем атрымала развіццё ў архітэктуры барока (16—2-я трэць 17 ст.). Пабудовам Берніні, Дж. дэла Порты, Мадэрны, П’етра да Картоны, Б.Лангены ў Рыме, Венецыі, Турыне ўласцівы грандыёзная маштабнасць, дынамізм форм і прастораў, складаныя планы, фасады, канструкцыі купалоў (плошча св. Пятра, 1657—63, арх. Берніні). Барочныя прынцыпы істотна паўплывалі на горадабудаўнічыя ансамблі 17—18 ст. У пач. 19 ст. развіваецца класіцызм (Л.Ванвітэлі, А.Галілеі). Многія гарады канструяваліся ў класіцыстычным духу. З развіццём прам-сці ў архітэктуры ўзніклі тэндэнцыі эклектызму. У пач. 20 ст. склаўся стыль сецэсія (мадэрн) з уласцівымі яму мудрагелістымі кампазіцыямі і вычварным дэкорам (арх. Э.Базіле, Р.Д’Аронка), пашырылася утапічная, але не пазбаўленая рацыянальных горадабудаўнічых ідэй, «футурыстычная архітэктура» (1910-я г., арх. А.Сант-Элія). У 1920—40-я г. панаваў неакласіцызм з характэрнымі для яго рысамі стылізатарства і халоднай параднасці (М.П’ячэнціні). У змаганні зафіц. кірункам аформілася плынь рацыяналізму (пабудовы Дж.Мікелучы, Дж.Тэраньі). Архітэктары 1950—90-х г. (Дж.Понці, П.Л.Нерві, Э.Мантуоры, Э.Віторыо, У.Лучыкенці) ствараюць арыгінальныя канструкцыі, выкарыстоўваючы сучасныя буд. матэрыялы і сцвярджаючы эстэт. прынцыпы функцыян. архітэктуры. У творах групы БПР (назва ад першых літар прозвішчаў яе членаў) сучасныя арх. формы спалучаюцца знац. традыцыямі.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі на тэр. І. адносяцца да эпох палеаліту і энеаліту (наскальныя размалёўкі, каменныя статуэткі, керамічныя пасудзіны з прадрапаным ці прамаляваным геам. узорам). У эпоху бронзы адчувальны ўплывы крыта-мікенскай культуры (гл.Эгейскае мастацтва), на Пн развівалася культура тэрамар. Да 9—5 ст. да н.э. адносяцца помнікі культуры Вілановы (усх.ч. цэнтральнай І.), да 8—2 ст. да н.э. — культуры этрускаў. Захаваліся рэшткі скульптуры, вырабаў маст. рамёстваў згрэч.гандл. паселішчаў, што існавалі ва ўзбярэжных раёнах І. ў 8—6 ст. да н.э.Стараж.-грэч., этрускія і мясц.маст. традыцыі леглі ў аснову мастацтва Стараж. Рыма. З 4 ст.н.э. ў І. пачало фарміравацца сярэдневяковае мастацтва, заснаванае на познаант. традыцыях (скульпт. разьба капітэлей калон, алтарных перагародак, мазаікі ў храмах), а таксама пад уздзеяннем Візантыі і варварскіх народаў, што захапілі І. У 6 ст. святлоценявая мадэліроўка і маляўнічасць ранніх мазаік змянілася плоскай лінеарнай трактоўкай форм, адасобленасцю колеравых спалучэнняў (мазаікі ў царкве Сан-Вітале ў Равене). У 8—10 ст. пашырыліся плоскарэльефная арнаментальная разьба, ювелірнае мастацтва, маст. інкрустацыя. У 11—13 ст. развіваўся раманскі стыльз рэгіянальнымі асаблівасцямі. Творы вылучаліся пэўнай плоскаснасцю трактоўкі, падпарадкаваннем выявы геам. кампазіцыйнай схеме (рэльефы сабораў у Мадэне, каля 1106, майстар Віліджэльма; Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне, 12 ст.). У фрэсках і мазаіках візант. прататыпы спалучаліся з жыццёвасцю матываў (фрэскі ніжняй царквы Сан-Клементэ ў Рыме, каля 1100; мазаікі сабораў у Чэфалу, 2-я пал. 12 ст.). Іканапіс набыў больш рэаліст. рысы ў алтарных абразах Чымабуэ. У сярэдзіне 13 ст. ў Таскане пачало складвацца мастацтва Протарэнесансу, якому ўласцівы імкненне да мадэліроўкі форм, жыццёвы драматызм вобразаў (творчасць скульпт. Нікало і Джавані Пізана, Арнольфа ды Камбіо, жывапісцаў П.Каваліні і Джота ды Бандоне). У алтарным і манум. жывапісе Сіены 13—14 ст. протарэнесансавыя рысы спалучаліся з рысамі італа-візант. мастацтва і франц. гатычнай мініяцюры (Дуча ды Буанінсенья, С.Марціні, П. і А. Ларэнцэці, Джавані ды Паала, Андрэа ды Бартала), у балонскіх майстроў гатычная характарнасць вобразаў — з канкрэтнымі жыццёвымі дэталямі (фрэскі Кампасанта ў Пізе, творы Альтык’ера і Аванца ў Падуі). Мастацтва італьян. Адраджэння вызначыла пераломны момант у развіцці еўрап. культуры. Мастакі авалодалі прыёмамі аб’ёмна-прасторавай мадэліроўкі форм, перспектыўнай пабудовы рэльефнай кампазіцыі, заканамернасцямі структуры і пластыкі цела чалавека, імкнуліся да ўвасаблення рэнесансавага ідэалу дасканалай, гарманічна развітой асобы. Скульптура Ранняга Адраджэння развівалася ў творчасці Л.Гіберці, Данатэла, Якопа дэла Кверчы, А. дэль Верок’ё і інш., жывапіс — у рамках мясц.маст. школ (гл.Венецыянская школа жывапісу, Умбрыйская школа жывапісу, Фларэнційская школа жывапісу і інш.), графіка — у А. дэль Палаёла і інш. Страчаныя дасягненні жывапісу Джота ды Бандоне развіваліся ў творчасці Мазачыо. Манум. вобразы з дасканалай мадэліроўкай формы і лінейнай перспектывы стваралі А. дэль Кастаньё, А.Мантэнья, Антанела да Месіна, П’етра дэла Франчэска, В.Карпача. Творы П.Учэла, Б.Гацолі вылучаліся каларыстычнасцю і яркай дэкаратыўнасцю, Анджэліка, Ф.Ліпі, С.Батычэлі — паэтычнасцю і вытанчанай лірычнай сузіральнасцю. Пашырыліся гравюра, медальернае тэатр.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва (у т. л.венецыянскае шкло). Мастацтва Высокага Адраджэння вызначалася сцвярджэннем гуманіст. ідэалаў, узвышана-дасканалымі вобразамі чалавека як цэнтра светабудовы, яркімі творчымі індывідуальнасцямі (творчасць Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэля, Джарджоне, Тыцыяна). З 2-й пал. 16 ст. паралельна з мастацтвам Позняга Адраджэння (творчасць Мікеланджэла, Тыцыяна, Я.Тынтарэта, П.Веранезе, Я.Басана) развівалася мастацтва маньерызму, адметнае драм. кантрастнасцю, суб’ектыўнай вытанчанасцю форм (жывапісцы Я.Панторма, Ф.Парміджаніна, А.Бранзіна, скульпт. Б.Чэліні, Джамбалонья). Мастацтва італьян. барока (17—18 ст.) складалася з разнастайных тэндэнцый: мастакі балонскай школы (браты Карачы, Г.Рэні) сфармулявалі прынцыпы акадэмізму, якому супрацьстаяла творчасць Караваджа, што папярэднічала станаўленню рэалізму ў еўрап. мастацтве 17 ст. (гл. таксама Караваджызм). Росквіт скульптуры барока звязаны з творчасцю Л.Берніні, манум. жывапісу — П’етра да Картоны, А.Поца і інш. Развіваліся быт. жывапіс (Д.Феці, Б.Строцы, Дж.М.Крэспі), драм. паводле трактоўкі станковая карціна (С.Роза, А.Маньяска), пейзаж (А.Каналета, Б.Белота, Ф.Гвардзі), графіка (Дж.Піранезі). У пач. 19 ст. мастацтва І. развівалася ў рэчышчы класіцызму, але без уласцівага яму грамадзянскага пафасу, з часам набыло акад. характар (скульпт. А.Канова). З сярэдзіны 19 ст. пашырыліся рамантызм (Ф.Аес, браты Індуна), рэаліст. тэндэнцыі (Т.Сіньярыні, Дж.Фаторы, С.Лега), уплывы імпрэсіянізму (жывапісец Дж. Дэ Нітыс і скульпт. М.Роса), верызм (скульпт. В.Вела), пуантылізм (Дж.Сеганціні). Зпач. 20 ст. развівалася творчасць жывапісцаў т.зв. парыжскай школы (А.Мадыльяні і інш.), прадстаўнікоў футурызму (У.Бачоні, К.Кара, Дж.Северыні), метафізічнага жывапісу (Дж.Марандзі, Ф.Казараці, Дж. Дэ Кірыка). У сярэдзіне — 2-й пал. 20 ст. мастацтва І. развівалася ў рэчышчы рэалізму (Р.Гутуза, А.Піцыната, Э.Грэка, Дж.Манцу, Ф.Месіна), абстракцыянізму (Р.Біролі, Э.Марлоці, М.Рэджані, А.Буры, А.Салдаці).
Музыка. Вытокі італьян. музыкі ў муз. культуры Стараж. Рыма. З 4 ст. ў Рыме развіваліся літургічныя спевы, склалася практыка антыфоннага спявання гімнаў. У канцы 6 ст. аформілася хрысц.літургія, у 8—9 ст. склаўся грыгарыянскі харал, апісаны ў працах Гвіда д’Арэца (11 ст.). Да канца 13 ст. музыка І. была манадыйнай (гл.Манодыя); яна ўключала культавую музыку, а таксама лауду, балату і інш. свецкія жанры, якія распаўсюджвалі ў І. франц. труверы. У канцы 13 — пач. 14 ст.з пераходам да шматгалосся пачаўся ўздым італьян. музыкі (эпоха Арс нова) з цэнтрамі ў Фларэнцыі, Венецыі, Падуі. Гал. жанры шматгалосся — мадрыгал, кача, балата. Сярод кампазітараў таго часу — Джавані да Фірэнцэ, Якопа да Балонья (першы ўвёў трохгалоссе), Ф.Ландзіна, тэарэтык Маркета Падуанскі. Сярод муз. інструментаў — лютня, арфа, фідэль, флейта, габой, труба, арганы. У 15 ст. шматгалоссе зацвердзілася ў рым.-каталіцкім богаслужэнні, чаму вельмі садзейнічалі прадстаўнікі нідэрландскай школы, што служылі ў папскай капэле (у Сіксцінскай капэле і хар. капэле сабора св. Пятра ў Рыме працавалі лепшыя майстры царк. спеваў розных краін). У 16 ст. музыка І. стала вядучай у Еўропе. У ёй вылучыліся венецыянская школа і рымская. Кампазітары рым. школы стварылі высокаразвітое поліфанічнае мастацтва, вяршыняй якога стала творчасць Дж.Палестрыны Заснавальнік венецыянскай школы — А.Віларт, які 35 гадоў узначальваў капэлу сабора Сан-Марка (з 1527). Росквіт школы звязаны з творчасцю А. і Дж.Габрыэлі. Узніклі новыя формы інстр. музыкі, узбагаціўся склад інструментаў, пабольшала роля смычковых, сфарміраваўся класічны тып віёлы; прафес. інструментам стала скрыпка. Характэрныя жанры інструм. музыкі — рычэркар, фантазія, канцона, капрыча. Прынцып кантраставання розных інстр. груп, характэрны для музыкі барока, атры.маў паслядоўнае ўвасабленне ў жанры канцэрта. Найб. яркае выяўленне ідэй рэнесансу — мадрыгал (творчасць Л.Марэнцыо, Х.Мантэвердзі, К.Джэзуальда ды Венозы). Сярод тагачасных тэарэтыкаў — Дж.Царліна, Н.Вічэнціна. Багаты пласт музыкі І. — нар. песні і танцы (сальтарэла, фарлана, тарантэла, сіцыліяна і інш.). Агульныя кірункі развіцця познарэнесансавага муз. мастацтва яскрава ўвасоблены ў музыцы італьян. барока, з якім звязана ўзнікненне жанру оперы. Пачатак яму паклалі прадстаўнікі т.зв. фларэнційскай камераты кампазітар Я.Перы і паэт А.Рынучыні, стваральнікі першых опер «Дафна» (1598) і «Эўрыдыка» (1600), а таксама Дж.Качыні, Мантэвердзі. У 1637 у Венецыі адкрыты першы публічны оперны т-р «Сан-Касіяна». Своеасаблівую афарбоўку набыла опера ў Рыме, дзе побач зант. міфалагічнымі сюжэтамі выкарыстоўвалася рэліг. тэматыка. У Рыме паявіліся і першыя ўзоры камічнай оперы. З канца 17 ст. вядучая роля ў развіцці оперы перайшла да прадстаўнікоў неапалітанскай опернай школы (Ф.Правенцале і асабліва А.Скарлаці). У цеснай сувязі з операй развіваліся новыя жанры нелітургічнага рэліг. мастацтва — араторыя (Дж.Карысімі, А.Страдэла) і камерная кантата (Карысімі, Л.Росі). Сярод аўтараў царк. музыкі — Г.Алегры, П.Агастыні, А.Беневолі, духоўных канцэртаў — А.Банк’еры, Л.Віядана, Мантэвердзі, Ф.Кавалі, Дж.Легрэнцы. У галіне інстр. музыкі развіваліся жанры фугі (Дж.Фрэскабальдзі), трыо-санаты ў творчасці прадстаўнікоў балонскай школы (М.Кацаці, Дж.Віталі, Дж.Басані) і асабліва А.Карэлі, concerto grosso (Дж.Тарэлі, Карэлі, П.Лакатэлі, Ф.Джэмініяні, Дж.Соміс). Як педагог вылучыўся кампазітар і тэарэтык Дж.Б.Марціні. Значную ролю ў развіцці скрыпічнай музыкі адыгралі дынастыі майстроў — сем’і Амаці, Страдывары, Гварнеры. Папулярнасці італьян. оперы спрыяў высокі ўзровень вак.-выканальніцкай культуры. Сярод майстроў мастацтва бельканта 18 ст. спевакі-кастраты А.Бернакі, Кафарэлі, Ф.Бернардзі, Фарынелі, спявачкі Ф.Бардоні, Ф.Куцоні Сандоні, К.Габрыэлі, В.Тэзі. Гал. оперныя цэнтры таго часу — Неапаль і Венецыя. Вял. ўклад у фарміраванне оперы-серыя зрабілі паэты-лібрэтысты А.Дзена і П.Метастазіо. У сярэдзіне 18 ст. ўзнікла тэндэнцыя да цеснай сувязі музыкі здрам. дзеяннем (Н.Іамелі, Т.Траэта, Дж.Сарці, А.Сакіні і А.Сальеры). Новы дэмакр. жанр оперы-буфа сфарміраваўся ў творчасці Л.Вінчы і Л.Леа. Першы яе класічны ўзор — «Служанка-пані» Дж.Б.Пергалезі. На развіццё оперы-буфа паўплываў аўтар оперных лібрэта К.Гальдоні (на многія яго лібрэта пісаў музыку Б.Галупі). Найвышэйшы этап яе развіцця — творчасць Н.Пічыні, Дж.Паізіела, Д.Чымарозы. У галіне інстр. музыкі 18 ст. вылучыліся кампазітары Дж.Тарціні (санаты, канцэрты), А.Вівальдзі (concerto grosso), Дж.Б.Самарціні (сімфоніі, concerto grosso, трыо-санаты), Л.Бакерыні (квартэты), Д.Скарлаці (клавірныя творы). У скрыпічным мастацтве новую эпоху адкрыў Н.Паганіні. Уздым муз. культуры І. ў 19 ст. звязаны з творчасцю Дж.Расіні, які абнавіў нац. тып оперы-буфа («Севільскі цырульнік», 1816), у героіка-драм. операх пераадольваў штампы оперы-серыя, асаблівае значэнне надаваў хар. сцэнам («Вільгельм Тэль», 1829). Рамантычныя тэндэнцыі ярка выявіліся ў операх В.Беліні і Т.Даніцэці. Найвялікшы ўклад у італьян. і сусв.муз.т-р зрабіў Дж.Вердзі, які стварыў оперы вял.псіхал. глыбіні і вострых драм. канфліктаў («Рыгалета», 1851; «Трубадур» і «Травіята», 1853), адметныя адзінствам дзеяння, большай роляй аркестра, індывідуалізацыяй муз. характарыстык («Дон Карлас», 1867; «Аіда», 1870), поўным зліццём музыкі здрам. дзеяннем («Атэла», 1886). У канцы 19 ст. ўзніклі оперы, прасякнутыя ідэямі верызму; «Сельскі гонар» П.Масканьі (1890), «Паяцы» Р.Леанкавала (1892), творы У.Джардана, Ф.Чылеа. Буйнейшы оперны кампазітар пасля Вердзі — Дж.Пучыні, аўтар опер у традыцыях італьян. бельканта («Багема», 1895; «Тоска», 1899; «Мадам Батэрфляй», 1903; «Турандот», 1924, і інш.). Дасягненні опернага мастацтва І. ў 19 — пач. 20 ст. звязаны з росквітам выканальніцкай культуры. Сярод вядомых спевакоў таго часу А.Каталані, сёстры Грызі, Дж.Паста, А.Бозіо, Б. і К.Маркізіо, А.Паці, Дж.Марыо, Дж.Б.Рубіні, М.Батыстыні, А.Мазіні, Дж.Ансельмі, Ф.Таманьё, Э.Тамберлік, у пач. 20 ст. — спявачкі А.Барбі, Дж.Белінчоні, А.Галі-Курчы, Т.Даль Монтэ, Э.Каруза, Ц.Скіпа, Ціта Руфа і інш.З канца 19 ст. развіваецца пераважна інстр. музыка. Вял. ўклад у яе зрабіў Ф.Бузоні. У стылі неакласіцызму працавалі кампазітары І.Піцэці, Дж.Ф.Маліп’ера, А.Казела, А.Рэспігі. На мяжы 1940—50-х г. у італьян. музыцы ўзмацнілася ўздзеянне новай венскай школы. Творчасць Л.Далапікала, Л.Берыо, С.Бусоці, Ф.Маліп’ера, Л.Нона звязана з выкарыстаннем серыялізму, санорыкі, алеаторыкі. У жанры оперы поспеху дасягнуў Дж.К.Меноці. Сярод прадстаўнікоў муз. мастацтва І. 2-й пал. 20 ст.: спявачкі Дж.Сіміяната, Р.Скота, А.Стэла, Р.Тэбальдзі, М.Фрэні, спевакі Дж.Бекі, Ц.Гобі, М.Дэль Монака, Ф.Карэлі, Л.Павароці, Дж.Ды Стафана; дырыжоры А.Тасканіні, К.Абада, П.Арджэнта, В. Дэ Сабата, Г.Кангэлі, Т.Серафін, Р.Фазана, В.Ферэра, К.Цэкі; піяністы А.Бенедэці Мікеладжэлі, М.Паліні; скрыпачка Дж. Дэ Віта; віяланчэліст Э.Майнардзі; музыказнаўцы Г.Барблан, А.Банавентура, К.Гаці, А. Дэла Кортэ, Л.Торкі, Ф.Тарэфранка і інш. У І. працуюць: т-ры «Сан-Карла» ў Неапалі (з 1737), «Ла Скала» ў Мілане (з 1778), «Фенічэ» ў Венецыі (з 1792), Рымскі оперны т-р (з 1880), аркестры т-раў «Ла Скала» (з 1982 і Філарманічны аркестр «Ла Скала»), «Фенічэ», Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія», Італьян. радыё і тэлебачання і інш.; кансерваторыі: «Санта Чэчылія» ў Рыме, у Балонні, Венецыі, Мілане, Фларэнцыі. Праводзяцца шматлікія муз. фестывалі і конкурсы.
Тэатр. Тэатр. мастацтва І. паходзіць ад нар. абрадаў і гульняў, масленічных карнавалаў, паказаў мімаў. У сярэдневякоўі ўзніклі літургічная драма і містэрыя, у якіх прасочваліся камед.-сатыр. матывы. Элементы тэатр. мастацтва ўключалі науды (плошчавыя відовішчы) 13 ст., венецыянскія карнавалы 13—16 ст. У эпоху Адраджэння пачалося развіццё новай тэатр. культуры: распрацоўваліся тэорыя гуманіст. драмы, прынцыпы дэкарацыйнага афармлення, з’явіліся новыя жанры, будаваліся спец.тэатр. памяшканні. У сярэдзіне 16 ст. на аснове нар. творчасці ўзнікла імправізацыйная камедыя дэль артэ. Літ. драма развівалася пераважна аматарскімі трупамі (творчасць Л.Арыёста, П.Арэціна, Дж.Бруна і інш.). У 17—18 ст.т-р І. страціў самабытнасць, камедыя дэль арта ператварылася ў забаўляльнае відовішча. У 18 ст. пад уплывам ідэй Асветніцтва драматург К.Гальдоні ажыццявіў рэформу нац.т-ра, у якой апіраўся на дэмакр. традыцыі гуманіст. і імправізацыйнай камедыі, адмовіўся ад традыц. тыпаў камедыі дэль артэ і замяніў іх рэаліст. вобразамі. Супраць рэформы Гальдоні ў 1760—70-я г. выступіў драматург К.Гоцы, які на аснове традыцый камедыі дэль артэ стварыў новы тэатр. жанр ф’яба (жанр казкі). У канцы 18 ст. пашырыўся жанр гераічнай трагедыі. У пач. 19 ст. сфарміравалася драматургія італьян. рамантызму. Развівалася новая рэаліст. школа акцёрскага мастацтва трагікаў Г.Модэны і яго паслядоўнікаў (А.Рысторы, Э.Росі, Т.Сальвіні), якія сцвярджалі ідэі грамадз. мастацтва. Пасля 1870 у рэпертуары т-раў пераважалі меладрама і быт. камедыя. Рэаліст. рысы засталіся ў драматургіі і т-рах, што выкарыстоўвалі нар. дыялекты (п’есы Дж.Галіны, акцёры Э.Навелі, Дж.Гоцы, Дж.Граса). Гэта прывяло да росквіту т.зв. дыялектнага т-ра, садзейнічала сцвярджэнню эстэтыкі верызму. У пач. 20 ст. развіваліся мадэрнісцкія тэндэнцыі, на т-р гратэску паўплываў футурызм (творчасць Л.Пірандэла, акцёры Э.Дузе, Э.Законі, Э. і І.Граматыка, Р.Ругеры і інш.). У 1920—30-я г. ствараліся эксперыментальныя т-ры (т-р «Незалежных», «Канвена» і інш.). У 1935 створана Акадэмія драм. мастацтва. У час фаш. дыктатуры т-р заняпаў, дзейнічалі пераважна вандроўныя трупы. У пасляваенны час пачаў сцвярджацца прагрэс. кірунак у тэатр. мастацтве: т-р «Сан-Фердынанда» ў Неапалі, «Пікала-тэатр» у Мілане, трупы Р.Марэлі і П.Стопы, рэж. Л.Вісконці, А.Коста, рэж. і драматург Л.Скуарцына, акцёр В.Гасман; узніклі стацыянарныя т-ры «стабіле», якія з 1960-х г. знаходзяцца на дзярж. субсідыі. Сярод вядомых тэатр. дзеячаў: Л.Ранконі, Дж.Стрэлер, Скуарцына і інш. Тэндэнцыі авангарду ўласцівы творчасці драматургаў Д.Фо, М.Рычы, Ф.Мале, М.Перліні і інш.
Кіно. Нацыянальная кінавытворчасць зарадзілася ў 1904—05. Найб. дасягненне нямога кіно 1910-х г. — касцюмна-гіст. фільмы («Куды ідзеш?» Э.Гуацоні, 1912; «Апошнія дні Пампеі» М.Казерыні, 1913; «Кабірыя» Дж.Пастроне, 1914), салонныя драмы 1 камедыі. На развіццё кіно І. паўплывалі творчасць і непасрэдны ўдзел у стварэнні фільмаў пісьменніка Г.Д’Анунцыо. Уплывы верызму ўласцівы творам Н.Маргольё («Згубленыя ў цемры», 1914; «Тэрэза Ракэн», 1915) і інш. Сфарміраваўся т.зв. «дывізм» — сістэма «зорак» кіно (Ф.Берціні, Л.Барэлі, Л.Кавальеры і інш.). У гады 1-й сусв. вайны пачаўся крызіс італьян. кіно, які паглыбіўся з прыходам да ўлады фашыстаў. Адкрыта фаш. фільмаў ставілася няшмат (напр., «Сцыпіён Афрыканскі» К.Галоне, 1937), дамінавалі салонныя меладрамы (т.зв. кінематограф «белых тэлефонаў»), са з’яўленнем гукавога кіно здымаліся і муз. фільмы (кінаоперы і інш.). У 1930-я г. пад Рымам пабудаваны кінагарадок «Чыначэта», у Рыме адкрыты Эксперым. кінацэнтр, які падрыхтаваў шэраг майстроў і кіназнаўцаў, што пазней набылі сусв. вядомасць (Д.Вісконці, Дж.Дэ Сантыс, М.Антаніёні, Г.Арыстарка і інш.). Прадстаўнікі кірунку «каліграфізм» у асноўным экранізавалі творы сусв. класікі («Стрэл» Р.Кастэлані паводле А.Пушкіна, 1941, і інш.). У фільмах А.Блазеці «Прагулка ў аблоках» (1942), В.Дэ Сікі «Дзеці глядзяць на нас» (1943), Вісконці «Апантанасць» (1943) зроблена спроба адысці ад канонаў афіцыёзнага кіно. Пасля 2-й сусв. вайны ва ўмовах дэмакр. ўздыму ўзнік неарэалізм, творы якога вызначаліся эпічнай шырынёй адлюстравання нар. жыцця, культам паўсядзённасці, лаканізмам выяўл. вырашэння, чорна-белай выявай; сярод гал. тэм: супраціўленне фашызму («Рым — адкрыты горад», 1945, і «Пайза», 1946, Р.Раселіні), сац. несправядлівасць («У імя закону» П.Джэрмі, 1945, «Горкі рыс», 1949, і «Няма міру пад алівамі», 1950, Дэ Сантыса; «Умберта Д.» Дэ Сікі, 1951), трагедыя беспрацоўя («Выкрадальнікі веласіпедаў» Дэ Сікі, 1948; «Зямля дрыжыць» Вісконці, 1948; «Рым, 11 гадзін» Дэ Сантыса, 1952). Зсац. стабілізацыяй у грамадстве ў сярэдзіне 1950-х г. неарэалізм заняпаў, а пашырыўся т.зв. «ружовы» (фальклорна-эратычны) неарэалізм («Два грошы надзеі» Кастэлані, 1952; «Хлеб, каханне і фантазія» Л.Каменчыні, 1953, і інш.). Сярод вядомых акцёраў таго часу Л.Базе, Р.Валоне, М.Джыроці, Дж.Лалабрыджыда, Г.Маньяні, Тато, А.Фабрыцы, Э.Дэ Філіпа і інш. Канец 1950 — пач. 1960-х г. — росквіт творчасці вял. майстроў «аўтарскага кіно»: Вісконці («Рока і яго браты», 1960; «Леапард», 1962; «Туманныя зоркі Вялікай Мядзведзіцы», 1965; «Пагібель багоў», 1969), Ф.Феліні («Дарога», 1954, «Ночы Кабірыі», 1957; «Салодкае жыццё», 1959; «81/2», 1963; «Сатырыкон», 1969), Антаніёні («Прыгода», 1959; «Ноч», 1960; «Зацьменне», 1961; «Чырвоная пустыня», 1964; «Фотапавелічэнне», 1967), П.Пазаліні («Акатоне», 1961; «Маці Рома», 1962; «Евангелле ад Матфея», 1964; «Цар Эдып», 1967). З’явілася другая хваля антыфаш. фільмаў («Генерал Дэла Раверэ» Раселіні, 1959; «Чатыры дні Неапаля» Н.Лоя, 1963; «Чачара», 1960, і «Сад Фінці-Канціні», 1970, Дэ Сікі). Сац.-паліт. праблемы адлюстроўваліся ў фільмах «Сальваторэ Джуліяна» Ф.Розі (1961), «Дзень славы» Д.Даміяні (1967) і інш. У гэты час сфарміраваўся жанр «камедыі па-італьянску» («Учора, сёння, заўтра», 1963, і «Шлюб па-італьянску», 1964, Дэ Сікі; «Развод па-італьянску», 1961, «Спакушаная і пакінутая», 1964, «Серафіна», 1968, Джэрмі). У 2-й пал. 1960-х г. на хвалі ўздыму маладзёжнага руху ўзнікла «кіно кантэстацыі», маніфестам якога стаў фільм М.Белокіо «Кулакі ў кішэні» (1965). У рэчышчы гэтай плыні зроблены некат. фільмы Пазаліні, братоў Тавіяні, М.Ферэры. Гал. жанры камерцыйнага кіно — псеўдагіст. стужкі на ант. тэмы, меладрамы, эратычныя камедыі, вестэрны па-італьянску («спагеці-вестэрны»). У апошнім жанры працаваў С.Леоне («Добры, дрэнны, злы», 1966; «Аднойчы на Далёкім Захадзе», 1968), які пазней працаваў у Галівудзе («Аднойчы ў Амерыцы», 1984). Сярод вядомых акцёраў гэтагачасу: Дж.М.Валантэ, М.Віці, В.Гасман, Х.Кардынале, С.Ларэн, Дж.Мазіна, Н.Манфрэдзі, М.Мастраяні, С.Сандрэлі, А.Сордзі, У.Таньяцы і інш.
Гал. кірункам кіно І. 1970-х г. стала паліт. («новае») кіно. Асн. яго тэмы — выкрыццё фашызму ў мінулым і сучаснасці («Яснавяльможныя трупы» Розі, 1976; «Я баюся» Даміяні, 1977, і інш.), праблемы моладзі («Плошча Сан-Бабіла, 20 гадзін: бессэнсоўнае забойства» К.Лідзані, 1976; «Дарагі тата» Дз.Рызі, 1979) і інш.З канца 1970-х г. у кіно І. пачаліся спад вытворчасці і маст. крызіс у сувязі з экспансіяй Галівуда ў еўрап. пракат, канкурэнцыяй тэлебачання, развіццём відэапракату і інш. Шмат фільмаў ставіцца ў каапрадукцыі, пераважна з Францыяй. Найб. значныя творы апошніх дзесяцігоддзяў: «Амаркорд» (1973), «Казанова» (1976), «Рэпетыцыя аркестра» (1979), «І карабель плыве» (1983), «Інтэрв’ю» (1987) Феліні; «Дэкамерон» (1971), «Кентэрберыйскія апавяданні» (1972), «Кветка 1001-й ночы» (1974), «Сало, або 120 дзён Садома» (1975) Пазаліні; «Смерць у Венецыі» (1971), «Сямейны партрэт у інтэр’еры» (1974) Вісконці; «Прафесія — рэпарцёр» (1975), «Ідэнтыфікацыя жанчыны» (1981), «Там, за аблокамі» (1995) Антаніёні; «Канфарміст» (1970), «Апошняе танга ў Парыжы» (1972), «XX стагоддзе» (1976), «Апошні імператар» (1987), «Маленькі Буда» (1993) Б.Берталучы. Набылі вядомасць рэжысёры Э.Скола («Тэраса», 1979; «Баль», 1983; «Сям’я», 1986), браты Тавіяні («Ноч святога Ларэнца», «Добрай раніцы, Вавілон», 1986), Ферэра («Прашу прыстанішча», 1979; «Дом усмешак», 1991), Н.Марэці («Залатыя мары», 1981; «Меса закончана», 1986; «Дарагі дзённік», 1994), Дж.Тарнаторэ («Новы кінатэатр «Парадыза», 1989; «Чыстая фармальнасць», 1994) і інш. Сярод акцёраў 1970—90-х г.: В.Галіна, Дж.Джаніні, Д.Джардана, Дж.Джэма, А.Муці, Ф.Нера, М.Плачыда, А.Чэлентана і інш.
Беларусы ў Італіі. Пасля 2-й сусв. вайны ў І. апынулася шмат беларусаў, пераважна жыхароў Зах. Беларусі, якія ў складзе Андэрса арміі ўдзельнічалі ў Італьянскай кампаніі 1943—45 (у 1944 у бітве пад Монтэ-Касіна загінула некалькі соцень беларусаў). Тут знайшлі прытулак і беларусы, вывезеныя на прымусовую працу, эмігранты, якіх не прыняла пад сваю апеку Міжнар.арг-цыя па справах бежанцаў, каталіцкія святары, якія вучыліся ў Папскім ін-це ўсх. навук, студэнты з Беларусі, што вучыліся мастацтву і спевам. Жылі беларусы пераважна ў Рыме і яго прыгарадах. Арганізатарам і кіраўніком бел. калоніі быў П.Татарыновіч. У 1949 тут засн.Бел.хрысц. аб’яднанне, у 1953 — Бел.акад. каталіцкае аб’яднанне «Рунь» і аддзел Цэнтралі бел. студэнцкіх арг-цый на чужыне. Беларусы мелі прадстаўніцтвы ў Высокай радзе для эміграцыі, якая дзейнічала пры Кансісторскай Кангрэгацыі ў Рыме. Яны вялі культ.-асв. работу: святкавалі нац. святы, юбілеі бел. пісьменнікаў і дзеячаў культуры, удзельнічалі ў міжнар. канферэнцыі арг-цыі «Інтэрнацыянал свабоды» (1953), Кангрэсе эмігрантаў (1962, Рым). Ініцыятарамі асн. мерапрыемстваў бел. эміграцыі былі Татарыновіч, Л.Гарошка, П.Конюх, Я.Садоўскі. У 1949 Татарыновіч заснаваў і вёў бел. секцыю на радыё Ватыкана, удзельнічаў у выданні і рэдагаваў час. «Зьніч» (1950—75, выйшла 120 нумароў).
Літ.:
История Италии. Т. 1—3. М., 1970—71;
Рутенбург В.И. Истоки Рисорджименто: Италия в XVII—XVIII вв. Л., 1980;
Кин Ц.И. Италия конца XIX в.: судьбы людей и теорий. М., 1978;
Любин В.П. Италия накануне вступления в первую мировую войну: (На пути к краху либерального государства). М., 1982;
Лопухов Б.Р. История фашистского режима в Италии. М., 1977;
Яго ж. Эволюция буржуазной власти в Италии, первая половина XX в. М., 1986;
Сафронов В.Г. Итальянские войска на советско-германском фронте, 1941—1943. М., 1990;
Комолова Н.П. Движение Сопротивления и политическая борьба в Италии, 1943—1947 гг.М., 1972;
Лисовский Ю.П. Италия от фашизма к демократии: Трудные пути послевоенной перестройки. М., 1990;
Маджистер С. Политика Ватикана и Италия, 1943—1978: Пер. с итал. М., 1982;
Холодковский К.Г. Италия: массы и политика Эволюция соц.-полит. сознания трудящихся в 1945—1985 гг.М., 1989;
Культура и общество Италии накануне нового времени. М., 1993;
Спессо Р. Итальянская экономика с послевоенных лет до наших дней: Пер. с итал. М., 1984;
Буркхардт Я. Культура Италии в эпоху Возрождения. Опыт: Пер. с нем. М., 1996;
Муратов П.П. Образы Италии. Т. 1—3. М., 1993—94;
Де Санктис Ф. История итальянской литературы: Пер. с итал. Т. 1—2. М., 1963—64;
Кацнельсон Р.А. Современная архитектура Италии. 2 изд. М., 1983;
Лазарев В.Н. Происхождение итальянского Возрождения. Т. 1—3. М., 1956—79;
Melani V. Italian contemporery art. Pistoia, 1973;
Крунтяева Т.С. Итальянская комическая опера XVIII в. Л, 1981;
Левашева О.Е. Пуччини и его современники. М., 1980;
Богоявленский С.Н. Итальянская музыка первой половины XX в.: Очерки. Л., 1986;
Колодяжная В. Кино Италии (1940—1960). М., 1961;
Лидзани К. Итальянское кино: Пер. с итал. М., 1956;
Молодые кинорежиссеры Италии. М., 1996.
Ф.С.Фешчанка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), К.А.Далгучыц (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), В.М.Навумчык (асвета, навук. ўстановы), В.С.Логіш (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва), Л.М.Зайцава (кіно), А.С.Ляднёва (беларусы ў Італіі).
Герб і сцяг Італіі.Да арт.Італія. Даліна ў Альпах.Да арт.Італія. Краявід на схілах Апенінскіх гор.Да арт.Італія. Порт Неапаль.Да арт.Італія. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі ў сярэдняй частцы краіны.Да арт.Італія. Уступленне ў Неапаль Дж.Гарыбальдзі 7.9.1860. Тагачасны малюнак.Да арт.Італія. Жыхары Мілана вітаюць войскі ЗША. Красавік 1945.Да арт.Італія. Панарама Фларэнцыі.Да арт.Італія. Сабор святога Пятра ў Рыме. 1506—1614.Да арт.Італія. Сабор у Арвіета. 1290—1569.Да арт.Італія. Царква Санта-Марыя Навела ў Фларэнцыі. Каля 1278—1360.Да арт.Італія. Іспанская лесвіца на П’яцца ды Спанья ў Рыме.Да арт.Італія. Андрэа ды Бартала. Іаакім пакідае горад. Дрэва, тэмпера.Да арт.Італія. С.Марціні. Благавешчанне. 1333.Да арт.Італія. «Палажэнне ў труну». Вітраж па кардоне А. дэль Кастаньё. Сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ. 1443—14.Да арт.Італія. Антоніо дэль Палаёла. Бітва дзесяцярых аголеных. Разцовая гравюра. 1740.Да арт.Італія. Мікеланджэла. Грабніца Ларэнца Медычы. Каля 1524—31.Да арт.Італія. А.Салдаці. Аналогіі. 1950.Да арт.Італія. Р.Гутуза. Акно ў Рыяна Фламініо. 1951.Да арт.Італія. Дж.Марандзі. Нацюрморт. 1962.Да арт.Італія. Ф.Месіна. Вялікая танцоўшчыца. 1979.Да арт.Італія. Дж.Манцу. Смерць гвалтоўная. Эскіз рэльефу для «Брамы смерці» сабора св. Пятра ў Рыме. 1949—64.Да арт.Італія. Джавані ды Паала. Выгнанне з раю. Каля 1440.Да арт.Італія. Рафаэль. Заручыны Марыі. 1504.Да арт.Італія. Венецыянскі майстар. Кубак са сцэнай пакланення вешчуноў. Шкло. 1465.Да арт.Італія. Глядзельная зала тэатра «Ла Скала». Пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЛЬКЛАРЫСТЫКА
Бел. фалькларыстыка як самастойная навука пра вусна-паэт., музычную, харэаграфічную, тэатральную нар. творчасць пачала фарміравацца ў пач. 19 ст. і склалася ў 20 ст. Першыя пісьмовыя ўпамінанні пра нар.-паэт. творы трапляюцца ў «словах» Кірылы Тураўскага (12 ст.), летапісах і хроніках 14—16 ст., дзелавых дакументах (лісты Ф.Кміты-Чарнабыльскага, 1573—74; апісанні бел. сямейных абрадаў і ўзоры пахавальнага галашэння ў кн. «Пра рэлігію, ахвярапрынашэнне, вясельныя і пахавальныя абрады русінаў, маскавітаў і татараў...» Я.Ласіцкага, 1582, і інш.). У 1618 С.Рысінскі апублікаваў (у Любчы, на лац. мове разам з польскімі) бел. прыказкі, запісаныя на Полаччыне і Віцебшчыне. 15 бел. песень трапілі ў рукапісны спеўнік 1733 (апубл. ў 1970 А.Макмілінам і Ц.Дрэйгам у «Оксфардскіх славянскіх запісках», т. 3). Бел. купальскую песню з апісаннем абраду змясціў А.Меер у «Апісанні Крычаўскага графства» (1786, апубл. ў 1901). У 1816—17 Віленскі універсітэт распрацаваў інструкцыю па зборы фалькл.-этнагр. матэрыялаў. Паводле яе М.Чарноўская ў 1817 апублікавала працу «Рэшткі славянскай міфалогіі, якія захаваліся ў звычаях вясковага люду на Беларусі (Магілёўская губ.)». Адзін з першых збіральнікаў і даследчыкаў бел., рус., укр. і польскага фальклору З.Даленга-Хадакоўскі распрацаваў праграму комплекснага вывучэння культуры славян, сабраў каля 3 тыс. песень (не надрукаваны). У 1837—46 Я.Чачот выдаў у Вільні 6 зборнікаў бел.нар. песень (каля 1 тыс. тэкстаў на польскай і часткова бел. мовах). Кніга 6-я пад назвай «Вясковыя песенькі з-пад Нёмана і Дзвіны» (1846) — першае асобнае выданне арыгінальных бел. песень. Багаты фалькл.-этнагр. матэрыял змясцілі А.Рыпінскі ў кн. «Беларусь» (1840) і Я.Тышкевіч у «Апісанні Барысаўскага павета» (1847). У 1-й пал. 19 ст.бел. фальклор збіралі і вывучалі Я.Баршчэўскі, К.Вуйціцкі, Л.Галамбёўскі, Т.Зан, Р.Зянькевіч, А.Кіркор, А.Міцкевіч, Р.Падбярэскі, У.Сыракомля і інш. Фалькларыстычныя працы гэтага перыяду каштоўныя фактычным матэрыялам і вял. колькасцю запісаў вусна-паэт. твораў. Аднак большая частка запісаў перакладалася на польскую або рус. мовы, перапрацоўвалася, публікавалася недакладна. Збіральніцкая дзейнасць адыграла важную ролю ў выпрацоўцы прынцыпаў і методыкі збору нар. твораў, іх публікацыі і вывучэнні.
У 2-й пал. 19 ст. склаліся больш спрыяльныя ўмовы для станаўлення і развіцця фалькларыстыкі як самастойнай філал. навукі. Пашырылася збіральніцкая дзейнасць, з’явіліся вял. па колькасці твораў зборнікі, запісы сталі больш дакладнымі. Выйшлі «Народныя песенькі пінскага люду» Р.Зянькевіча (1851), «Беларускія прыказкі» П.Шпілеўскага і «Народныя беларускія песні» Е.Паўлоўскай (абедзве 1853), «Віленская губерня» А.Карава (1861), «Смаленская губерня» М.Цэбрыкава (1862), «Гродзенская губерня» П.Баброўскага (1863), «Беларускія вясельныя абрады і песні ў параўнанні з велікарускімі» А.Занкевіча (1897) і інш. У зб. «Народныя рускія казкі» (1855—64) А.Афанасьеў змясціў 20 бел. казак. Фалькларыстычная дзейнасць актывізавалася са стварэннем у Вільні ў 1867 Паўн.-Зах. аддзела Пецярбургскага Рус. геаграфічнага т-ва. У «Запісках Рускага геаграфічнага таварыства па Аддзяленні этнаграфіі» надрукаваны зб. «Беларускія песні» І.Насовіча і «Беларускія народныя песні» П.Шэйна (абодва 1873).
У фалькларыстыцы 2-й пал. 19 ст. існавалі гістарычная, міфалагічная і міграцыйная тэорыі. Прыхільнікі міфалагічнай школы (А.Багдановіч, Ф.Буслаеў, М.Доўнар-Запольскі, А.Кіркор, Я.Ляцкі, М.Нікіфароўскі, Е.Раманаў, П.Шпілеўскі, П.Шэйн і інш.) лічылі найважнейшымі ў фальклоры стараж. творы, спрыялі актывізацыі збірання і вывучэння нар.-паэт. творчасці. Пазіцыі міфалагічнай школы пэўны час падзялялі А.Весялоўскі і А.Пыпін, якія пазней сталі прыхільнікамі міграцыйнай тэорыі і сканцэнтравалі сваю ўвагу на даследаванні культурна-гіст. сувязей, на параўнальным вывучэнні вуснай паэзіі розных народаў. Станоўча паўплываў на бел. вучоных гіст. кірунак у навуцы, тэарэтыкі якога звязвалі ўзнікненне фалькл. твораў з пэўнымі гіст. падзеямі.
Абуджэнню і разгортванню сістэматычнай працы па зборы фалькл. і этнагр. матэрыялаў садзейнічала спец. праграма П.Шэйна (1867). Дзякуючы інтэнсіўнай працы шырокай сеткі карэспандэнтаў (больш за 200) ён у 1887—1902 выдаў «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (3 тамы ў 4 кнігах), дзе змясціў песні, казкі, анекдоты, драм. батлеечныя творы, апісанні абрадаў, гульняў, жылля, адзення і інш. Больш за 500 песень, пераважна вясельных, апублікаваў А.Дамбавецкі ў кн. «Спроба апісання Магілёўскай губерні» (т. 1—3, 1882—84). Своеасаблівай энцыклапедыяй жыцця, культуры і побыту беларусаў стаў шматтомны «Беларускі зборнік» Е.Раманава (вып. 1—9, 1885—1912, выдадзены няпоўнасцю, частка загінула ў Вял.Айч. вайну). Ён жа апублікаваў «Магілёўскую даўніну» (вып. 1—3, 1900—03), «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12). Багаты збор бел. фальклору ў выданнях «Смаленскі этнаграфічны зборнік» У.Дабравольскага (ч. 1—4, 1891—1903), «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» А.Сержпутоўскага (1911). Бел.нар. творы змешчаны ў зборніку ўкр. этнографа і фалькларыста П.Чубінскага «Працы этнаграфічна-статыстычнай экспедыцыі ў Заходне-Рускі край» (т. 1—7, 1872—79). Грунтоўныя зборы па бел. фальклоры апублікавалі А.Гурыновіч, М.Доўнар-Запольскі, М.Нікіфароўскі, З.Радчанка, М.Янчук і інш.Бел. фалькларыстыку папоўнілі даследаванні Я.Ляцкага па бел. міфалогіі і замовах, Дз.Булгакоўскага па песнях, прыказках, прымаўках і загадках, Ю.Крачкоўскага па дзіцячых гульнях. Збіральніцкую дзейнасць разгарнуў польскі фалькларыст М.Федароўскі. У яго фундаментальнай працы «Люд беларускі» (т. 1—3, 1897—1903; т. 4, 193 5; т. 5—6, 1958—60; т. 7, 1969; т. 8, 1981; «Вяселле», 1991) змешчаны казкі, легенды, паданні, анекдоты, песні, прыказкі, прымаўкі, павер’і, творы інш. жанраў.
У 19 — пач. 20 ст.бел. фальклор сістэматычна не даследаваўся. Пэўныя абагульненні гісторыі збірання і вывучэння бел.нар. твораў пададзены ў «Гісторыі рускай этнаграфіі» А.Пыпіна (т. 4, 1892), казак — у кн. «Руская народная казка» С.Саўчанкі (1914). Аналіз асобных твораў зроблены ў працах А.Весялоўскага, А.Патабні, М.Сумцова. Першае даследаванне асн.фалькл. жанраў і іх паэтыкі ажыццявіў Я.Карскі ў працы «Беларусы» (т. 3, ч. 1, 1916). Асобныя праблемы навукі разглядаліся ў публікацыях А.Багдановіча, А.Лабады, М.Янчука.
У 1920—30-я г. ў перыяд. друк сталі трапляць песні і прыпеўкі пра тагачасную рэчаіснасць, якія выдаваліся за фальклор. Такія творы ўвайшлі ў зб. «Ленін і Сталін у беларускай народнай творчасці» (1937), «Дарэвалюцыйная і савецкая Беларусь у народнай творчасці» (1938) і інш.Вял. ролю ў развіцці фалькларыстыкі адыграла стварэнне ў 1929 Бел.АН (з 1936 — АНБССР, з 1991 — АН Беларусі, з 1997 — Нац.АН Беларусі) і сектара этнаграфіі і фальклору ў Ін-це гісторыі. У выніку шматлікіх экспедыцый сабраны багаты матэрыял, на аснове якога, а таксама папярэдніх публікацый рыхтаваўся да выдання 3-томны збор бел.нар. песень. Выйшаў толькі 1-ы том «Песні беларускага народа» ў 1940, складальнік М.Грынблат; рукапісы астатніх загінулі ў Вял.Айч. вайну. У гэты том увайшлі прыгонніцкія, чумацкія, бурлацкія, салдацкія, жартоўныя песні; многія з нотным запісам. У ліку найб. каштоўных выданняў даваеннага часу — «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1926) і «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930) А.Сержпутоўскага, «Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны» А.Шлюбскага (ч. 1—2, 1927—28), «Народныя песні з мелодыямі» М.Гарэцкага і А.Ягорава (1928), тэарэтычныя даследаванні М.Нікольскага «Міфалогія і абрадавасць валачобных песень» (1931), «Жывёлы ў звычаях і вераваннях беларускага сялянства» (1933) і інш. Праблемам бел. фальклору прысвечаны арт.З.Бядулі, У.Дубоўкі, К.Крапівы, А.Шлюбскага і інш. Значная збіральніцкая і даследчыцкая праца вялася ў Зах. Беларусі і Латвіі: «Беларускія народныя песні» Р.Шырмы (1929), «Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў» С.Сахарава (1940). Багаты фалькл. архіў АН Беларусі знішчаны ням. фашыстамі ў Вял.Айч. вайну.
У пасляваенны час аднавіў работу сектар этнаграфіі і фальклору Ін-та гісторыі АН Беларусі. На базе яго і сектара мастацтвазнаўства Ін-та літаратуры ў 1957 створаны Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Збіранне, публікацыя і даследаванне бел. вусна-паэт. твораў набыло сістэмны мэтанакіраваны характар. Шырока разгарнулася збіранне фальклору перыяду Вял.Айч. вайны. Тэарэтычныя даследаванні яму прысвяцілі Л.Бараг, Г.Барташэвіч, М.Грынблат, І.Гутараў, Л.Мухарынская, А.Фядосік. Выйшлі кн. «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» Ф.Янкоўскага (1957, 3-е выд. 1992), «Беларускія народныя песні» Р.Шырмы (т. 1—4, 1959—76), «Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны» (1961). Выдадзены шэраг рэгіянальных фалькл. зборнікаў: «Песні сямі вёсак: Традыцыйная народная лірыка Міншчыны» (укладальнік Н.Гілевіч), «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Брэсцкая вобласць» (укладальнік В.Захарава, абодва 1973); «Песні беларускага Паазер’я» (1981), «Песні беларускага Палесся» (1983—84), «Песні беларускага Падняпроўя» (1999, усе З.Мажэйка, апошні — з Т.Варфаламеевай); «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры. Гомельская вобласць» (1989, укладальнікі В.Захарава, Р.Кавалёва, В.Ліцьвінка, У.Раговіч), «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Мінская вобласць» (1995, укладальнікі В.Ліцьвінка, Г.Кутырова); «Песенны фальклор Палесся» У.Раговіча (т. 1—3, 2001—04), «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Магілёўскае Падняпроўе» (т. 1, 2001, укладальнікі Т.Варфаламеева, В.Басько, М.Козенка і інш.), «Вяселле на Гомельшчыне: Фальклорна-этнаграфічны зборнік», «Народная міфалогія Гомельшчыны» (абодва 2003, укладальнікі І.Штэйнер, В.Новак) і інш. Вылучаюцца зборнікі Н.Гілевіча, у якіх у адпаведнасці з жанрава-відавой прыналежнасцю сістэматызаваны нар. творы: «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983). З 1970 выдаецца серыя «Беларуская народная творчасць» (Дзярж. прэмія Беларусі 1986), у якой класіфікаваны і сістэматызаваны матэрыял з экспедыцый, раней апублікаваных крыніц, архіваў, выпрацаваны прынцыпы тэксталагічнай работы, навук. каменціравання і інш. Выдадзена 45 тамоў. Звод серыі — самы поўны збор лепшых узораў нар. песень, казак, легенд, паданняў, прыпевак, прыказак, прымавак, загадак, жартаў, гумарэсак, анекдотаў, гульняў, пахавальных галашэнняў, а таксама тэарэт. матэрыялаў для вывучэння гісторыі фальклору і даследавання праблем гуманітарных навук, мастацтвазнаўства і інш. Значны ўклад у развіццё бел. фалькларыстыкі зрабілі М.Анцаў, А.Грыневіч, Г.Цітовіч, М.Чуркін і інш.
З 2-й пал. 20 ст. актывізаваліся тэарэт. даследаванні ў галіне гісторыі бел. фальклору. Выйшлі кн. «Паходжанне і гісторыя беларускай вясельнай абраднасці» М.Нікольскага (1956), «Нарысы па беларускаму фальклору» К.Кабашнікава (1963), навуч. дапаможнікі «Беларуская вусна-паэтычная творчасць» (1966) пад рэд. М.Ларчанкі, «Беларускі фальклор: Хрэстаматыя» (1970, 4-е выд. 1996) К.Кабашнікава, А.Ліса, А.Фядосіка, І.Цішчанкі, «Беларуская народнапаэтычная творчасць» (1979), «Сімволіка беларускай народнай культуры» І.Крука (2000), падручнік К.Кабашнікава, А.Ліса, А.Фядосіка, І.Цішчанкі і інш. «Беларуская вусна-паэтычная творчасць» (2-е выд., 2000). Грунтоўна гісторыя бел. фальклору ад старажытнасці да 1960-х г. даследавана ў калект. працы «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць: Гісторыка-тэарэтычнае даследаванне» (1967). Сістэмны аналіз гістарыяграфіі найважнейшых фалькл. жанраў рус. і ў многіх выпадках бел. фальклору разгледжаны ў кн. «Гістарыяграфія рускай фалькларыстыкі. 1917—1941» А.Марозава (1999). Асноўныя заканамернасці і кірункі развіцця фальклору, змены ў яго жанравым складзе даследаваны ў манаграфіях «Ад традыцыйнага фальклору да рэвалюцыйнай паэзіі» (1969), «Беларускі фальклор у параўнальным асвятленні: Гістарыяграфічны нарыс» (1981) К.Кабашнікава; нар. сатыра ў кн. «Беларуская народная сатырычная проза» (1969), «Трапным народным словам: Сатыра і гумар у беларускай вуснай паэзіі і народнай драме» (1971), «Праблемы беларускай народнай сатыры» (1978) А.Фядосіка; паэтыка бел. фальклору ў працах «Паэтыка беларускіх прыказак» (1971), «Паэтыка беларускай народнай прозы» (1983) М.Янкоўскага; «Паэтыка беларускай лірыкі. Слова і вобраз. Паэтычны сінтаксіс. Гукапіс і рыфма» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976) Н.Гілевіча; «Святло народнага слова» В.Коўтун (1984); «Паэтыка беларускіх абрадавых песень перыядаў каляндарных пераходаў: Семантыка. Вобразны лад. Кампазіцыя» Т.Івахненкі (2002). Даследаванню культу продкаў, архаічных рытуалаў і абрадаў на Тройцу прысвечана манаграфія В.Шарай «Каштоўнасна-нарматыўная прырода ўшанавання продкаў» (2002).
Асобныя віды і жанры бел. фальклору, іх паэтыка і маст. асаблівасці прааналізаваны ў манаграфіях «Наша родная песня» (1968) Н.Гілевіча, «Беларуская казка» Л.Барага (1969), «Беларуская частушка» І.Цішчанкі (1971); «Купальскія песні» (1974), «Валачобныя песні» (1989), «Жніўныя песні» (1993) і «Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў. Эстэтычны аспект» (1998) А.Ліса; «Беларуская народная балада» (1978) Л.Салавей; «Усходнеславянская гумарыстычная песня» У.Васілевіча (1979); «Зімовая паэзія беларусаў» (1980), «Тайны народнай песні» (1994), «Святкаванне Каляд на Беларусі» (1998), «Беларускія загадкі» (2000), «Семантыка і паэтыка сямейнай лірыкі» (2001) А.Гурскага; «Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя» Г.Барташэвіч (1985); «Святы і абрады беларусаў» В.Ліцьвінкі (3-е выд. 2001); «Каляндарна-абрадавая паэзія Гомельшчыны: Да праблем лакальнага, агульнанацыянальнага ў фальклоры» (2001) і «Абраднасць і паэзія «Пахавання стралы» (2002) В.Новак. Упершыню ў славянскай фалькларыстыцы выдадзена фундаментальнае даследаванне ў 6 кнігах з серыі «Беларускі фальклор: Жанры, віды, паэтыка»: «Каляндарна-абрадавая паэзія» (А.Ліс, А.Гурскі і інш.), «Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр» (А.Фядосік, Е.Емяльянаў і інш.; абедзве 2001), «Пазаабрадавая паэзія» (А.Гурскі, Г.Пятроўская, Л.Салавей і інш.), «Народная проза» (К.Кабашнікаў, А.Фядосік, А.Цітавец і інш.; абедзве 2002), «Міфалогія. Духоўныя вершы» (А.Ненадавец, А.Марозаў і інш., 2003), «Малыя жанры. Дзіцячы фальклор» (Т.Валодзіна, Г.Барташэвіч і інш., 2004). Функцыянальную прыроду абрадаў і звычаяў даследавалі Т.Валодзіна («Талака ў духоўнай культуры беларусаў», 1977), Г.Таўлай («Беларускае Купалле. Абрад, песня», 1986), А.Лозка («Беларускі народны каляндар», 1993), У.Сысоў («Беларуская пахавальная абраднасць: Структура абраду, галашэнні, функцыі слова і дзеяння», 1995, «З крыніц спрадвечных», 1997) і інш. Музычны фальклор даследавалі А.Аляхновіч, Т.Варфаламеева, З.Мажэйка, Л.Мухарынская, Т.Якіменка, В.Ялатаў і інш., муз. інструменты — І.Назіна, танцавальны фальклор — Ю.Чурко, М.Козенка, Л.Алексютовіч, сувязь бел. літаратуры і вуснапаэт. творчасці — М.Грынчык, В.Каваленка, А.Лойка, А.Макарэвіч, А.Мальдзіс, М.Тычына, І.Чыгрын і інш. Праблемы міфалогіі сістэмна даследаваны ў працах І.Казаковай «Сімволіка і семантыка славянскіх міфалагем (на матэрыялах беларускага фальклору)» (1990), «Міфалагемы і магія ў беларускім абрадавым фальклоры» (1997), А.Ненадаўца «Пакланіцеся дубу», «Святло таямнічага вогнішча» (абедзве 1993), «Каму пакланяліся продкі» (1996), «За смугою міфа» (1999). Выдадзены кнігі пра збіральнікаў бел.нар. вусна-паэт. творчасці А.Багдановіча, З.Даленгу-Хадакоўскага, М.Нікіфароўскага, Е.Раманава, А.Сержпутоўскага, М.Федароўскага, П.Шэйна, М.Янчука.
Бел. фальклор збіралі і даследавалі рус. фалькларысты: П.Бяссонаў, В.Гусеў, П.Кірэеўскі, М.Краўцоў, Э.Памяранцава, В.Сакалова, І.Сахараў, І.Снегіроў, А.Цярэшчанка, К.Чыстоў і інш.; украінскія — А.Дэй, І.Хланта, Н.Шумада, В.Юзвенка і інш.; польскія — А.Баршчэўскі, У.Вярыга, М.Гайдук, З.Глогер, Э.Дмахоўская, Я.Карловіч, О.Кольберг, К.Машынскі, Ч.Пяткевіч, Ф.Сяліцкі, М.Чурак і інш.; чэшскія — Л.Куба, І.Поліўка, А.Чэрны, П.Шафарык. Асобныя фалькл. зборнікі апублікавалі А.Розенфельд (1904), С.Малевіч (1907). Зборнікі бел.нар. казак выдадзены на чэшскай (1957), нямецкай (1966—80), славацкай (1967), балгарскай (1964), польскай (1973, 1976, 1977) і інш. мовах. П.Айснер пераклаў на ням. мову 40 бел.нар. песень, А.Мільен — на французскую бел. калядныя, купальскія, талочныя, юраўскія і інш. песні («Песні расійскага народа»., 1893).
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1. М., 1916;
Кабашнікаў К.П. Нарысы па беларускаму фальклору. Мн., 1963;
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.Мн., 1964;
Яго ж. Гісторыя беларускай этнаграфіі, пачатак XX ст.Мн., 1970;
Гілевіч Н.С. З клопатам пра песні народа. Мн., 1970;
Фядосік А.С. Развіццё беларускай савецкай фалькларыстыкі. Мн., 1977;
Яго ж. Беларуская савецкая фапькларыстыка. Мн., 1987;
Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і вывучэнне нар. творчасці ў 60-х гг. XIX — пач. XX ст.Мн., 1989;
Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991;
Касько У.К. Святло далёкай зоркі Мн., 1997;
Саламевіч І.У. Беларускі фальклор (1926—1963): Кароткі бібліягр.давед.Мн., 1964;
Грынблат М.Я. Беларуская этнаграфія і фалькларыстыка: Бібліягр. паказ. (1945—70). Мн., 1972.
А.С.Фядосік.
Тытульны ліст кнігі «Беларускія вясельныя абрады і песні ў параўнанні з велікарускімі». Санкт-Пецярбург. 1897.Кнігі серыі «Беларуская народная творчасць».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗБРОЕНЫЯ СІЛЫ І ВАЙСКОВЫЯ ФАРМІРАВАННІ НА БЕЛАРУСІ ў 9 — ПАЧ. 20 ст.
Паводле гіст. крыніц і меркаванняў бел. вучоных, ужо ў 6—9 ст. на тэр. Беларусі правадыры славянскіх плямён мелі ўзбр. дружыны для абароны сваіх вотчын ад нападаў суседзяў, а таксама для пашырэння ўласных уладанняў. У эпоху стараж. дзяржаў-княстваў (з 9 ст.) ваенна-дружынная арганізацыя Полацкага, Тураўскага, Навагрудскага і інш. княстваў складалася з княжацкіх дружын (ядро войска), апалчэнцаў-гараджан і сялян. Як сведчаць «Аповесць мінулых гадоў» і інш.гіст. крыніцы, у 9—10 ст. войскі («светлые») полацкіх князёў, у т. л. ў складзе кааліцыйных сіл, хадзілі ў паходы на Візантыю і інш. краіны, падпарадкоўвалі суседнія народы, якія плацілі ім даніну. На ўзбраенні ваяроў былі дзіды (пікі), лукі, баявыя сякеры, коп’і, мячы, скураныя шчыты і інш., з 12 ст. — шаблі, пазней з’явіліся самастрэлы (арбалеты), цяжкія даспехі (шлемы, латы, кальчугі, металічныя шчыты), а таксама сценабітныя, каменекідальныя машыны і інш. аблогавыя прыстасаванні.
У склад дружыны князі набіралі найб. адданых воінаў, часткова сваякоў. На чале войска стаяў сам князь або яго сыны. Дружына звычайна складалася з 2 частак: «старэйшая» дружына або «моцныя мужы» (згадваецца ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай»), у якую ўваходзілі найб. адданыя і вопытныя воіны, і малодшая дружына («дзецкія»), якая ахоўвала князя ў мірны час і ваен. паходах, выконвала яго асабістыя даручэнні (напр., у адпаведнасці з пастановай Любецкага з’езда 1097 Святаполк Ізяславіч «яко князь Туроўский», атрымаўшы вял. тэрыторыі «аб оне стороне Прыпяти», у т. л. Кіеўскае княства, трымаў у Кіеве тураўскую дружыну «маладую», «новую»), Найважнейшыя цэнтры ўсх. славян Полацк і Тураў мелі моцныя ўмацаванні, вялікую дружыну, а таксама народнае апалчэнне з гараджан і жыхароў навакольных вёсак. Сабранае апалчэнне называлі палком, узначальваць які князь прызначаў ваяводу (военачальніка) з лепшых і вопытных дружыннікаў. Удзел у апалчэнні лічыўся ганаровым абавязкам. Знатныя гараджане ўзбройвалі і аснашчалі апалчэнцаў, за баявыя поспехі адорвалі іх грашыма, каштоўнасцямі, зброяй і даспехамі; рамеснікі пастаўлялі зброю і рыштунак; сяляне выраблялі транспартныя сродкі, у т. л. лодкі для перамяшчэння войск па рэках і азёрах, давалі харчы, коней і фураж. Побач з дружыннікамі і апалчэнцамі ў складзе полацкага войска дзейнічалі наёмнікі (у 10—11 ст. пераважна варагі). Аб’яднанае войска вяло барацьбу часцей за ўсё з суседнімі плямёнамі і княствамі (напр., у Нямігскай бітве 1067), а таксама з іншаземцамі.
З 13 ст. землі Беларусі ўвайшлі ў склад ВКЛ і сталі ядром дзяржавы, узбр. сілы якой лічыліся аднымі з наймагутнейшых у тагачаснай Еўропе. Яны не толькі паспяхова баранілі сваю краіну ад іншаземных захопнікаў, але і значна пашырылі яе межы. Напр., у выніку бітвы каля Сініх Вод 1362 войскі ВКЛ пад кіраўніцтвам вял. князя Альгерда ўшчэнт разграмілі аб’яднаныя войскі Крымскай, Перакопскай і Ямбалукскай ордаў, пасля чаго Вялікае княства пашырыла свае межы да вусцяў Дняпра і Днястра, замацавала ў сваім складзе Чарнігава-Северскія землі, Падолле, Валынь, Кіеўшчыну. Гіст. перамогай бел.-літ. і польскага войска завяршылася Грунвальдская бітва 1410. Сярод выдатных палкаводцаў 13—14 ст. — Давыд Гарадзенскі, Андрэй Полацкі, вял. князі Міндоўг, Гедзімін, Альгерд, Вітаўт.
Асновай узбр. сіл ВКЛ у сярэдневякоўі заставалася паспалітае рушэнне, ці абарона земская (ваеннаабавязаная ч. насельніцтва). Кожны абывацель (грамадзянін) княства, які валодаў зямлёй, абавязаны быў адбываць вайск. павіннасць — т.зв. земскую службу, памеры якой вызначаліся велічынёй зямельнага надзелу і колькасцю сялянскіх гаспадарак, што належалі землеўладальніку. Колькасць ратнікаў (драбаў) была прапарцыянальная колькасці ўласных сялянскіх службаў (служба — адзінка абкладання павіннасцямі, якая ўключала звычайна 2 ці 3 «дымы», або гаспадаркі). Свабодныя землеўладальнікі, шляхта павінны былі з’яўляцца на службу з цяжкім узбраеннем, на конях, у суправаджэнні світы; інш. ваеннаабавязаныя (больш бедныя землеўладальнікі) камплектавалі лёгкую конніцу. Усе яны стваралі харугвы паводле ваяводстваў. Больш знатныя і багатыя магнаты, ваяводы, кашталяны і епіскапы рыхтавалі свае ўласныя харугвы. Гарады вылучалі пэўную колькасць апалчэнцаў, ваен. павозак. Паветы і ваяводствы ўтрымлівалі таксама атрады наёмнага войска.
Паводле Прывілея 1387 і інш. статутных актаў у ВКЛваен. паход (пагоня) лічыўся абавязкам кожнага, хто мог трымаць зброю ў руках. Князі са сваімі васаламі таксама выконвалі агульнадзярж. вайск. службу; атрады («почты»), што ім падпарадкоўваліся, выкарыстоўваліся асобна ад павятовых атрадаў баяр-шляхты. Зборам ваяводскіх і павятовых харугваў кіравалі харунжы і кашталян. Пасля рэгістрацыі (палявога попісу) войска пераходзіла пад уладу гетманаў. Звычайна войска ўзначальваў вял. князь, які з’яўляўся галоўнакамандуючым; часам ён даручаў кіраваць арміяй гетману, найб. здольнаму ваяводу ці інш. вышэйшым саноўнікам. Попісы войска 1534, 1565, 1567 і інш. звычайна мелі рэгістрацыйна-ўліковы характар і складаліся гетманам (адсюль назва — гетманскія) непасрэдна на месцы збору войска. У некат. выпадках (напр., попіс 1534, які пачаўся каля Мінска) рэгістрацыя вайскоўцаў праходзіла і ў час маршу, што было абумоўлена загадам вял. князя гетману Ю.Радзівілу спешна рухацца да «ўскраінных» замкаў. У адрозненне ад гетманскіх попісаў перапіс 1528 меў рэгістрацыйна-даведачны характар: яго функцыі заключаліся ў тым, каб паказаць, хто з шляхты і інш. катэгорый насельніцтва абавязаны несці ваен. службу і павінен плаціць падатак на выпадак магчымай вайны. У Статуце Вял. княства Літоўскага 1588 дакладна зафіксаваны абавязкі харунжых, кашталянаў, ваявод і інш. дзяржаўцаў. Кашталяны (а дзе іх не было — маршалкі) збіралі шляхту са сваіх паветаў і рухаліся на злучэнне з харунжым. Часткі харугваў «павінны былі рушыць да ваяводы... А потым ужо ўсе разам... да месца», прызначанага вял. князем або гетманам. Месца збору войска вызначалася залежна ад ваен.-стратэг., паліт. і інш. абставін (напр., у 1534 — Мінск, 1565 — Ракаў, 1567 — Маладзечна і інш.). Мабілізацыйнай дакументацыі і збору ўсяго шляхецкага войска надавалася асаблівае значэнне ў 16 ст., калі вызначаўся лёс ВКЛ у бясконцай і надзвычай цяжкай ваен-паліт. канфрантацыі зВял. княствам Маскоўскім.
Мабілізацыйныя рэсурсы, паводле попісаў войска Вялікага княства Літоўскага, дазвалялі мець узбр. сілы да 70 тыс.чал. Аднак у 1567 войска налічвала 50 тыс. ратнікаў, у т. л. 28 тыс. коннікаў. Большую ч. паспалітага рушэння складала дробная і сярэдняя шляхта (з 16 ст. службу адбывалі і сельскія войты, з 17 ст. — і мяшчане). З 17 ст. паветы і ваяводствы выстаўлялі і наёмнае войска, значна меншае па колькасці, але больш баяздольнае. Мяшчане забяспечвалі армію зброяй, удзельнічалі ў буд-ве і абароне гар. умацаванняў, замкаў і інш. фартыфікацыйных збудаванняў. Пешыя ратнікі мелі на ўзбраенні ручніцы, сякеры, алебарды, бердышы; конніца, у залежнасці ад прызначэння (драгуны, гусары, рэйтары, казакі), узбройвалася тарчамі, дзідамі, сагайдакамі і інш. Войска ВКЛ мела на ўзбраенні таксама артылерыю (у ВКЛ з’явілася ў канцы 14 ст.). З сярэдзіны 16 ст. ў Вільні, а пазней у інш. гарадах ВКЛ існавалі людвісарні, дае выраблялі гарматы. Да 16 ст. ўсе пагранічныя замкі Беларусі мелі на ўзбраенні пушкі мясц. і замежнай вытв-сці. Артылерыя падзялялася на дзярж., прыватную і гарадскую, паводле прызначэння — на палявую і фартыфікацыйную. Пасля рэформы 1623—38 яна вылучана ў асобны корпус, які ўпершыню ўзначаліў ген. М.Абрамовіч Беларусы таксама служылі ў кароннай артылерыі, напр., ген.-лейт. К.Семяновіч — аўтар ідэі шматступеньчатай ракеты.
З канца 16 ст. ўсё большую ролю адыгрывала рэгулярнае і наёмнае войска, якое мела адпаведную вывучку і лепшую зброю. Гал. ударнай сілай войск ВКЛ 16 ст. была конніца: цяжкаўзброеная (камплектавалася багатай шляхтай і магнатамі), да якой належалі кап’яносцы, гусары і конныя аркебузёры; сярэдняя (камплектавалася пераважна збел.-літ. татараў), да якой таксама належалі пяцігорцы і казакі, а з 1676 і панцырнікі; лёгкая (камплектавалася воінамі з бяднейшых асяродкаў). У 1-й пал. 17 ст. ў Рэчы Паспалітай з’явілася лёгкая нерэгулярная кавалерыя, арганізаваная А.Ю.Лісоўскім (адсюль назва «лісоўчыкі»). Яе атрады ваявалі на баку Лжэдзмітрыя II у 1608—11, былі на службе ў Жыгімонта III, у складзе войска імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Фердынанда III і інш. (пасля 1636 фарміраванні «лісоўчыкаў» распушчаны).
Паводле ваенна-іерархічнай лесвіцы ВКЛ войска ўзначальваў камандуючы — гетман найвышэйшы (з 17 ст. гетман літоўскі), які прызначаўся часова для арганізацыі абароны краю або кіраўніцтва войскам на пэўным напрамку. Пасля заканчэння вайны пасада скасоўвалася, але пазней (з 1581) стала пажыццёвай. Памочнікам вялікага гетмана з 16 ст. быў палявы гетман (гетман польны, палявы правадыр). Звычайна на пасаду гетманаў прызначаліся прадстаўнікі знатных і магутных магнацкіх родаў. Талент палкаводцаў, тактычныя перавагі і стратэг. мысленне былі гал. фактарамі шэрагу буйных перамог войск ВКЛ. Сярод военачальнікаў 16—17 ст. асабліва вызначыліся М.Глінскі ў Клецкай бітве 1506, К.Астрожскі ў Аршанскай бітве 1514, М.Радзівіл у Ульскай бітве 1564, Я.К.Хадкевіч (з войскам у 4 тыс.чал. 27.9.1605 разбіў 11-тысячнае войска шведаў) і інш.
З сярэдзіны 17 ст.ВКЛ была ўцягнута ў паласу разбуральных войнаў, сярод якіх найб. жорсткімі лічацца вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночная вайна 1700—21. У выніку ваен. дзеянняў на тэр. Беларусі былі вычарпаны амаль усе матэрыяльныя рэсурсы. З таго часу ў абставінах сац.-паліт. нестабільнасці баяздольнасць арміі ВКЛ знізілася да таго, што войскі асобных магнатаў колькасна і якасна перавышалі дзярж.ўзбр. сілы. Так, войскі магнатаў Агінскіх у канцы 17 ст. налічвалі 20 тыс.чал. У барацьбе з Сапегамі, якая ў 1697—1702 прыняла формы грамадз. вайны, Агінскія разам з Вішнявецкімі атрымалі перамогу.
У гэты час зыход бітваў на палях Еўропы вызначалі рэгулярная, добра ўзброеная і навучаная пяхота і артылерыя. Наспявалі рэформы, пачатак якім паклала стварэнне ў Гродне Камісіі вайсковай Вялікага княства Літоўскага (10.3.1765) — калегіяльнага органа, які сканцэнтраваў у сваіх руках пытанні арганізацыі і забеспячэння войск. Камісіі ўдалося пераканаць сойм у неабходнасці павелічэння ваен. бюджэту і правесці рашэнні па арганізацыі войска ВКЛ; быў створаны Гродзенскі кадэцкі корпус, які рыхтаваў афіцэраў для арміі ВКЛ.
Аднак развіццё вайск. рэформ запаволіў выбух Барскай канфедэрацыі 1768—72, што паслужыла нагодай для ўвядзення рас. войск на тэр. федэратыўнай дзяржавы і першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Пад націскам ваен. сілы сойм, які ратыфікаваў першы падзел, абвясціў утварэнне новага дзярж. ін-та, т.зв. Рады няспыннай, якая складалася з 5 дэпартаментаў. Адзін з іх (Дэпартамент вайсковы) аддаваўся пад уладу 4 гетманаў (2 каронных і 2 літоўскіх). Сойм 1773—75 ухваліў павелічэнне вайск. бюджэту і колькасці арміі да 30 тыс.чал. У ВКЛ пачалося фарміраванне 2 дывізій, 2 брыгад кавалерыі нарадовай, 5 палкоў пярэдняй стражы і інш. Сойм 1776—78 прызнаў, што колькасці войска ў 30 тыс.чал. немагчыма дасягнуць з-за недахопу грошай. таму было вырашана мець армію ў 24 тыс.чал. У 1788 практычна грошай хапіла толькі на ўтрыманне 4,5 тыс. жаўнераў. Гал. перашкодай для павелічэння колькасці войска, найперш пяхоты, была немагчымасць увядзення рэкруцкай сістэмы, з дапамогай якой набіраліся ўсе войскі моцных суседзяў (шляхта ВКЛ баялася страціць працоўныя сялянскія рукі, дбаючы больш пра ўласны дабрабыт, чым пра бяспеку дзяржавы). Нягледзячы на ўсе складанасці, ішла праца над павышэннем узроўню баявой падрыхтоўкі хоць і нешматлікага войска Пачала адраджацца артылерыя, дзякуючы ініцыятыве камандуючага коннай артылерыяй А.Бруля і генерала артылерыі літоўскай К.Сапегі. У 1776 у Варшаве заснавана Каралеўская школа артылерыі, выпускнікі якой у 1792—94 склалі касцяк спецыялістаў у гэтай галіне. Значная частка выпускнікоў школы ўдзельнічала ў паўстанні 1794.
У выніку 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай (1793, 1795) уся тэр. Беларусі ўвайшла ў склад Рас. імперыі, значная частка ўзбр. сіл ВКЛ — у яе армію. Яшчэ ў 1772 у складзе рас. арміі на тэр. Беларусі былі сфарміраваны некат. падраздзяленні, потым створаны Бел. гусарскі полк (1775—83), Бел. егерскі батальён (1777), Імператарская бел. шляхецкая харугва (1784) і інш. У 1796—99 у склад рас. войска прынята больш за 40 тыс. ураджэнцаў Беларусі, а з 1801 па 1812 — больш за 100 тыс.чал. Толькі ў 1-й арміі ген. Барклая дэ Толі ў 1812 6 дывізій былі ўкамплектаваны выхадцамі з Беларусі. Шмат фарміраванняў рас. арміі мелі бел. найменні: Беларускі егерскі корпус, Віцебскі пяхотны полк, Гродзенскі гусарскі полк, Магілёўскі пяхотны полк, Мінскі пяхотны полк, Полацкі пяхотны полк, Нясвіжскія палкі (карабінеры і 4-ы грэнадзёрскі) і інш.
Паводле распараджэння Напалеона I і рашэння Камісіі Часовага праўлення ВКЛ у 1812 некалькі тыс.чал. былі прызваны ў склад літоўскіх войск, якія павінны былі забяспечыць парадак у тыле франц. арміі. Ні колькасна, ні па ўзроўні баявой падрыхтоўкі армія ВКЛ не адпавядала патрабаванням, каб весці ваен. дзеянні. Рэшткі гэтага войска (большая частка загінула ў баях) уключаны ў армію Царства Польскага (у складзе Рас. імперыі).
У 1817 у рас. арміі на тэр.зах. губерняў сфарміраваны Літоўскі асобны корпус, у склад якога ў розныя часы ўваходзілі Нясвіжскі карабінерны, Гродзенскі гусарскі, Брэсцкі і Мінскі пяхотныя палкі, шэраг інш.вайск. фарміраванняў. Корпус налічваў каля 40 тыс.чал.мясц. ураджэнцаў. Многія з іх прымалі ўдзел у паўстанні 1830—31, таму з мая 1831 часці корпуса перайменавалі, некат. з іх расфарміравалі Войскі Рас. імперыі, што знаходзіліся на тэр. Беларусі, складаліся з пяхоты, кавалерыі, артылерыі і інж. часцей. Для падрыхтоўкі ваен. кадраў у губернскіх гарадах былі створаны кадэцкія карпусы. З ліку беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі папаўняліся рас. афіцэрскі і генеральскі карпусы: І.У.Гурка, М.В.Без-Карніловіч, А.І.Вількіцкі, А.А.Непакайчыцкі, У.У.Ходзька, М.Ф.Чарняеў і інш. Афіцэры А.Баранцэвіч, Я.Ваньковіч, П.Высоцкі, А.Гелгуд, Я.Кашыц, А.А.Лянкевіч, Л.Нарбут, А.Парадоўскі, Р.Рагінскі, С.Сангін, Р.Траўгут, В.Урублеўскі, Ю.Эйтмановіч, Ф.Юндзіл і інш. ўдзельнічалі ў паўстаннях 1830—31 і 1863—64.
Многія беларусы і ўраджэнцы Беларусі прымалі ўдзел у войнах, якія вяла Рас. імперыя ў 19 ст. У час руска-турэцкай вайны 1877—78 на Балканах асабліва вызначыўся ген. І.У.Гурка, а таксама многія афіцэры і салдаты. У гонар ратнага подзвігу беларусаў у 1898 на Мінскіх ваенных могілках узведзены храм-помнік Аляксандра Неўскага, дзе на мармуровых плітах залатымі літарамі выпісаны імёны 118 пехацінцаў і артылерыстаў, што загінулі ў баях за балгарскі горад Плевен (Плеўна).
У пач. 20 ст.гал. родам войск заставалася пяхота. Вышэйшым такт. аб’яднаннем сухапутных войск быў армейскі корпус (АК), які складаўся з 2 пях. дывізій, кав. дывізіі, 2 брыгад пешай артылерыі і дывізіёна коннай артылерыі. На тэр. Беларусі дыслацыраваліся часці 2-га АК (штаб у Гродне), 4-га АК (штаб у Мінску), 19-га АК (штаб у Брэст-Літоўску). Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў склад АК уваходзілі казацкі полк, корпусная артылерыя (марцірны дывізіён), авіязвяно (авіяатрад з 3—6 самалётаў), сапёрны батальён, падраздзяленні сувязі і тылу, сан. і ваен.-гасп. падраздзяленні і ўстановы пяхотных дывізій. Штабы дывізій размяшчаліся ў Мінску, Бабруйску, Гродне, Брэст-Літоўску і інш.З 1902 у Брэст-Літоўску размяшчаўся асобны артыл. полк, крапасная сапёрная рота (сфарміравана ў 1891) і крапасны ваен. тэлеграф (сфарміраваны ў 1890). У 1901 у Брэст-Літоўску створана крапасное паветраплавальнае аддзяленне, якое ў 1907 перафарміравана ў паветраплавальны крапасны батальён. У 1912 зацверджаны ген. план пашырэння Брэсцкай крэпасці Буд-ва вялося з лета 1913 да восені 1914. У жн. 1915 гарнізон крэпасці разам з узбраеннем і маёмасцю эвакуіраваны (15.8.1915 крэпасць занялі герм. войскі. Тут быў падпісаны Брэсцкі мір 1918). Напярэдадні 1-й сусв. вайны на базе некат. паветраплавальных падраздзяленняў сфарміраваны першыя авіяц. атрады, адзін з якіх (5-ы, што базіраваўся ў Гродне) стаў узорным ва ўсёй рас. арміі.
Першыя баявыя вылеты рас. лётчыкаў у небе Беларусі адбыліся ў 1914. Авіяцыя вяла разведку, карэкціравала агонь артылерыі, дастаўляла розныя данясенні і выконвала задачы сувязі. У пач. 1915 для аховы Стаўкі вярх. галоўнакамандавання (у Баранавічах, потым у Магілёве) створаны другі знішчальны авіяатрад. На тэр. Беларусі прайшоў баявы шлях эскадры баявых паветр. караблёў «Ілья Мурамец», якія базіраваліся ў Лідзе і Станькаве. У небе Беларусі на Зах. фронце дзейнічала 3-я знішчальная авіяц. група і асобны знішчальны авіяатрад з гвардзейскіх афіцэраў, які непасрэдна падпарадкоўваўся вял. князю Аляксандру Міхайлавічу. 29.8.1917 упершыню ў гісторыі авіяцыі ў небе над Беларуссю выпрабаваны авіяц. рэактыўныя снарады. У час 1-й сусв. вайны на тэр. Беларусі знаходзілася 2-я па колькасным складае групоўка знішчальнай і разведвальнай авіяцыі, самы буйны франтавы авіярамонтны парк у Брэсце.
Значная колькасць вайскоўцаў-беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў складзе рас. арміі прымала ўдзел у 1-й сусв. вайне. Сярод іх камандуючы Зах. фронтам В.І.Гурка, каманд. арміяй Я.А.Радкевіч, камандзіры злучэнняў А.В.Станкевіч, А.В.Собалеў і многія інш.
Р.Ч.Лянькевіч, А.Л.Самовіч, В.А.Юшкевіч.
Княжацкі дружыннік 12 ст. Малюнак В.Ляхора.Княжацкі дружыннік 13 ст. Малюнак В.Ляхора.Рыцар Вялікага княства Літоўскага 14 ст. Малюнак В.Ляхора.Рыцар Вялікага княства Літоўскага 16 ст. Малюнак В.Ляхора.Гусар Вялікага княства Літоўскага 16 ст. Малюнак В.Ляхора.Маёр палка коннай гвардыі 1792. Малюнак В.Ляхора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНОЎНЫЯ ЭТАПЫ РАЗВІЦЦЯ
Геаграфічнае становішча і гіст. лёс Беларусі абумовілі развіццё яе гаспадаркі ў агульным кірунку развіцця еўрап. цывілізацыі. Зчасу з’яўлення на тэр. Беларусі чалавека сучаснага фізічнага тыпу (позні палеаліт; 40—10 тыс.г. назад) на месцах іх стараж. стаянак археолагі знаходзяць сякера- і долатападобныя прылады працы, скрэблы, наканечнікі стрэл і коп’яў і інш. вырабы, падобныя на аналагічныя знаходкі ў інш. рэгіёнах Еўропы. У глыбокай старажытнасці закладваліся амаль усе гал. віды дзейнасці чалавека: выраб прылад і сродкаў працы, паляванне і рыбалоўства, земляробства і жывёлагадоўля, будаўніцтва і транспарт, металургія і металаапрацоўка; як і мова, выяўленчае мастацтва і музыка, рэлігія і навука і інш. Ужо ў той перыяд склаліся пэўныя перадумовы развіцця гаспадаркі. Асваенне прыроднага асяроддзя суправаджалася ўскладненнем матэрыяльнай вытворчасці, удасканаленнем ведаў і звычак, што замацоўвалася праз сацыяльна-гасп. дзейнасць і перадавалася наступным пакаленням. З развіццём гэтай дзейнасці паступова ўдасканальвалася грамадства і яго арганізацыя.
На першых этапах развіцця гаспадаркі (эпохі палеаліту і мезаліту) яе аснову складалі збіральніцтва, паляўнічы промысел і рыбалоўства. Паляванне патрабавала ўжо асэнсаванага аб’яднання людзей у адпаведныя групы. Зніжэнне прадукцыйных магчымасцей прыроднага асяроддзя з-за росту колькасці насельніцтва вымагала пошуку новых сістэм гаспадарання. З палявання і рыбалоўства гістарычна развілася жывёлагадоўля. са збіральніцтва — земляробства. Менавіта гэтыя галіны забяспечылі харчовую незалежнасць людзей ад прыроды, пераход ад збірання прадуктаў харчавання да іх вытворчасці. У эпоху неаліту з’явіліся першыя шахты па здабычы крэменю (цяпер г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на). Пры гэтых шахтах і ў інш. месцах археолагі знайшлі майстэрні па апрацоўцы крэменю. Найважнейшыя здабыткі неаліту — выраб ганчарнага посуду, удасканаленне апрацоўкі каменю, узнікненне міжпляменных сувязей і абмену. Канец 3—2-га тыс. да н.э. на Беларусі можна лічыць храналагічнай мяжой паміж збіральніцтвам і вытворчай эканомікай. Паводле меркаванняў некаторых навукоўцаў, палескія і цэнтр. часткі Беларусі ўваходзяць у сусветны пояс прыручэння дзікай жывёлы. У бронзавую эпоху жывёлагадоўля (пераважала буйная рагатая жывёла) стала паўсюднай. У залежнасці ад мясц. прыродных умоў асобныя галіны (пчалярства, авечкагадоўля, конегадоўля) мелі большае развіццё, што спрыяла тэр. падзелу працы. Прырэчныя жыхары паступова ўцягваліся ў гандлёвыя адносіны, даволі хутка на тэр. Беларусі з’явіліся вырабы з жалеза, выпрацоўвалася тэхналогія атрымання металу змясц. руд.
Земляробства на Пд Беларусі зарадзілася каля 5 тыс. гадоў назад. Выкарыстанне жалезнай сякеры і агню прывялі да лядна-агнявой сістэмы земляробства, самай прымітыўнай, але яна дазволіла атрымліваць некаторы лішак прадукцыі. Найб. раннімі земляробчымі культурамі былі збожжавыя — пшаніца і проса, пазней — ячмень і зернебабовыя (гарох, боб), караняплоды, лён-даўгунец. Рост насельніцтва, стварэнне больш эфектыўных прылад працы, выкарыстанне жывёлы як цяглавай сілы вялі да павелічэння прадукцыйнасці працы і з’яўлення ворыўнай сістэмы земляробства, хоць доўгі час лядна-агнявая і ворыўная сістэмы суіснавалі разам.
З 7 ст. да н.э. ў басейнах Прыпяці і Дняпра, пазней і Бярэзіны для вытворчасці жалеза выкарыстоўвалася мясц. балотная жалезная руда і драўняны вугаль, што на многія стагоддзі вызначыла развіццё гаспадаркі. Жывёлагадоўля і земляробства сталі гал. фактарамі росту насельніцтва. пашырэння і спецыялізацыі рамёстваў, фарміравання інфраструктуры.
У 6—8 ст., калі аснову эканам. жыцця склала сельская гаспадарка, а гал. яе галіной стала земляробства, зарадзіліся класы і феадальныя адносіны. Рост прадукцыйнасці с.-г. працы і звязанага з ёй дадатковага прадукту спрыялі пашырэнню рамёстваў. Паступова стварылася шматукладная эканоміка і неаднародная сац. структура, пашырыліся гандлёва-эканам. сувязі і маёмасная дыферэнцыяцыя паміж людзьмі.
У феадальны перыяд развіцця (9 — сярэдзіна 19 ст.) на тэр. Беларусі аграрнай вытворчасцю займалася большасць насельніцтва. Апрача земляробства і жывёлагадоўлі насельніцтва займалася вырабам прылад працы, бортніцтвам, рамёствамі (ткацкае, шавецкае, ганчарнае і інш.). Але рамяство і гандаль не мелі таварнага характару, хоць і спрыялі фарміраванню гарадоў і мястэчак. Матэрыяльная вытворчасць выступала пераважна як сродак самазабеспячэння саслоўя. З’яўленне гарадоў з іх асобым статусам спрыяла развіццю новых эканам. умоў, фарміраванню прадпрымальніцтва і таварна-грашовых адносін. Феадальны перыяд развіцця эканомікі на Беларусі ўмоўна падзяляюць на 3 этапы: раннефеадальны (9—1-я пал. 13 ст.), калі з’явіліся саслоўі землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў, вызначылася феадальная рэнта, утварыліся раннефеадальныя дзяржавы, у т. л. Полацкае, Тураўскае, Смаленскае і інш. княствы; развіты феадалізм (2-я пал. 13—1-я пал. 17 ст.), калі замацоўваліся асноўныя феадальныя эканам. адносіны, назіраўся пэўны ўздым эканомікі і культуры; разлажэнне феадалізму (2-я пал. 17—1-я пал. 19 ст.), які характарызуецца ростам гарадоў і таварна-грашовых адносін, узнікненнем і фарміраваннем унутранага рынку, зараджэннем капіталістычных адносін. Эканам. развіццё Беларусі ў 15—16 ст. было дастаткова высокім. Зямля як асноўны сродак вытворчасці вызначала багацце і статус чалавека, які ёй валодаў і распараджаўся. З канца 15 ст. вырас попыт на збожжа і інш.с.-г. прадукты ў Зах. Еўропе, што патрабавала ўдасканалення сістэмы гаспадарання з мэтай павелічэння даходаў за кошт продажу прадукцыі. У выніку склаліся фальваркі — панскія гаспадаркі, заснаваныя на працы селяніна, але арыентаваныя на рынак. З мэтай павелічэння даходаў праведзена зямельная рэформа, так званая «валочная памера», у аснове якой быў дакладны ўлік зямель і валочная павіннасць. Рэформа не толькі ўдасканальвала арганізацыю вытворчасці, але і спрыяла пашырэнню перадавых прыёмаў с.-г. вытворчасці, у т. л. трохполля і шматполля. Фальваркі ствараліся пераважна на З і ў цэнтры Беларусі, на У часткова захоўвалася абшчына.
Рамёствы на тэр. Беларусі, як і ў цэлым у Еўропе, хутка развіваліся ў 13—1-й пал. 17 ст.Найб. пашырылася апрацоўка металаў рамеснікамі (кавалі, меднікі, бляхары, лудзільшчыкі, слесары, збройнікі і інш.); гал. сыравінай для іх заставалася жалеза, атрыманае змясц. балотнай руды. На мясц. сыравіне працавалі ганчары, дрэваапрацоўшчыкі, гарбары, рымары, ткачы і інш. Шырокую вядомасць набылі ювеліры, півавары, мяснікі, муляры. У шэрагу раёнаў выявілася пэўная спецыялізацыя. Нягледзячы на феадальную адасобленасць гарадоў і мястэчак, развіваліся гандлёвыя адносіны паміж імі. паміж горадам і вёскай. Ва ўсіх гарадах і мястэчках наладжваліся таргі, а ў буйных гарадах — кірмашы, на якіх былі і замежныя гандляры. З экспартных тавараў пераважалі збожжа, пянька, сала, воск, скуры, дзёгаць, лён, некаторыя вырабы рамеснікаў, з імпартных — металы (медзь, волава, свінец, золата, серабро) і вырабы з іх, заходнееўрапейскія сукны і палатно, віно, соль, прыправы. Рост гандлёвых сувязей паскорыў фарміраванне транспартнай сеткі. Асноўнымі гандлёвымі цэнтрамі былі гарады Полацк, Віцебск, Мінск, Брэст, Гродна, Слуцк, Навагрудак і інш.З 15 ст. шэраг крэпасцей, замкаў, гаспадарчых двароў і вёсак ператвараліся ў мястэчкі — гандлёва-рамесніцкія цэнтры. У сярэдзіне 17 ст. на Беларусі існавала 467 гарадоў і мястэчак, якія фарміравалі вакол сябе зоны эканам. ўплыву. У час позняга феадалізму (2-я пал. 17—18 ст.) Беларусь перажывала эканам. заняпад і маруднае аднаўленне гаспадаркі. Гал. прычыны такога становішча — бясконцыя войны і звязаныя з імі нястачы насельніцтва і скарачэнне яго колькасці, жорсткі феадальны ціск на сялян, міжусобная барацьба магнатаў за ўладу. Асабліва моцны заняпад эканомікі праявіўся ў гарадах, было падарвана рамяство.
Эканам. развіццю Беларусі ў канцы 18 ст. садзейнічалі рост насельніцтва, павелічэнне попыту на с.-г. прадукты, пашырэнне таварна-грашовых адносін, развіццё транспартнай сістэмы і інш. У сярэдзіне 18 ст. ўзнікла мануфактурная вытворчасць, якая садзейнічала росту прадукцыйнасці працы, паглыбленню яе грамадскага падзелу, падрыхтоўцы да машыннай вытворчасці. Першымі мануфактурнымі цэнтрамі былі Налібакі, Урэчча, Слуцк, Ружаны, Ілья, Свержань і інш. Да канца 18 ст. адноўлена сетка гарадскіх паселішчаў, пачала адраджацца гаспадарка гарадоў з лепшым геаграфічным становішчам (Мінск, Магілёў, Віцебск, Нясвіж, Навагрудак, Гродна). У гэты час на Беларусі налічваўся 41 горад і 397 мястэчак, у якіх пражывала 11% насельніцтва. З 2-й пал. 18 ст. вырасла таварнасць рамяства, павялічылася колькасць наёмных рабочых, з’явіліся першасныя формы капіталіст. вытворчасці — падзел працы паводле спецыялізацыі: рамеснікі па апрацоўцы металаў, вырабе скур, адзення, прадуктаў харчавання і па будаўніцтве. Ва ўнутраным гандлі гал. роля належала кірмашам. У знешнім гандлі аднавіліся сувязі з балтыйскімі партамі (Гданьск, Кёнігсберг, Рыга), з цэнтрамі Расіі і Украіны. Вывозіліся скураныя вырабы, воск, мёд, шчацінне, лён, пянька, збожжа, лясныя матэрыялы, завозіліся металавырабы, тканіны, прыправы.
Уваходжанне Беларусі ў склад Рас. імперыі спрыяла развіццю прадукцыйных сіл. Пашырыўся вываз збожжа, павялічыліся пасевы тэхн. культур (лён, каноплі), бульбы; склаліся новыя мануфактурныя цэнтры (Крычаў, Шклоў, Дуброўна і інш.). З 2-й пал. 19 ст. ў сельскай гаспадарцы ўкараняліся механічныя прылады апрацоўкі зямлі і збору ўраджаю, пачала фарміравацца таварная вытворчасць капіталіст. тыпу і спецыялізацыя с.-г. вытворчасці. У Віцебскай, Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губернях склаўся лёна- і бульбаводчы раён. У якасці таварнай культуры пачалі вырошчваць цукровыя буракі для вырабу цукру (Гомель, Карэлічы, Парэчча і інш.). Гродзенская губ. спецыялізавалася на танкаруннай авечкагадоўлі. У месцах размяшчэння спіртавых заводаў развівалася малочна-мясная жывёлагадоўля. Для пашырэння пасяўных плошчаў пачалася меліярацыя пераўвільготненых і тарфяна-балотных зямель.
У прамысловую рэвалюцыю Беларусь уступіла пазней за заходнееўрапейскія дзяржавы. На працягу 1-й пал. 19 ст. яна прайшла ў асноўным дробнатаварную і мануфактурную стадыі (у 1867 у краіне працавала 57 капіталіст. мануфактур). Канкурэнцыя расійскіх і польскіх мануфактур запавольвала развіццё бел. прадпрыемстваў. Доля насельніцтва, занятага ў сельскай гаспадарцы, вагалася ад 60% у Гродзенскай губ. да 85% у Магілёўскай. Беларусь (акрамя яе крайняга 3) была самым аграрным рэгіёнам Рас. імперыі. Пра інтэнсіфікацыю земляробства сведчаць павелічэнне пасеваў і валавых збораў лёну, канапель і бульбы; бульбаводства стала тыпова бел. галіной, якая давала амаль 20% збору бульбы ў Рас. імперыі. Гаспадарка набывала і жывёлагадоўчы характар. Аднак Беларусь з краіны, якая некалі вывозіла збожжа, ператварылася ў краіну ўвозу яго з раёнаў таварнай вытворчасці. Змяншэнне таварнай вытворчасці збожжа сялянскія гаспадаркі кампенсавалі ростам пасяўных плошчаў бульбы для перапрацоўкі яе ў таварны прадукт (спірт, дрожджы, крухмал) і вытворчасцю жывёлагадоўчай прадукцыі і лубяных культур для вывазу за межы Беларусі. Такім чынам, сялянскія гаспадаркі ў вял. ступені набывалі рыначны характар. Напярэдадні 1-й сусв. вайны яны мелі перавагу па плошчы пасеваў тэхн. культур і бульбы, па пагалоўі цяглавай конскай сілы. Развіццю сялянскіх гаспадарак у гэты перыяд спрыялі нарошчванне капіталаў і банкаўскія крэдыты, пашырэнне меліярацыі, с.-г. ведаў, машын і прылад, рост пасяўных плошчаў кармавых траў.
Прамысловасць Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў параўнанні з расійскай была даволі слабая, працэс індустрыялізацыі тут пачаўся пазней і адбываўся больш павольна. Большасць прамысловых работнікаў складалі рамеснікі. Фабрыкі і заводы больш нагадвалі майстэрні. У 1866 на кожнае прадпрыемства ў сярэднім прыпадала па 5,7 рабочага з аб’ёмам вытворчасці ў 4,8 тыс. рублёў. Найб. індустрыяльнай была Гродзенская губ., на долю якой прыпадала 36% усіх рабочых, 41% аб’ёму вытворчасці і 30% фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў (пераважна невялікіх, у сярэднім 6,8 рабочага). У 1870-я г. дзейнічала каля 160 буйных прадпрыемстваў, не менш чым 100 тыс. рабочых (каля палавіны з іх у Гродзенскай губ.). Рост прамысловасці на Беларусі пачаўся з 20 ст. Яе адметнасць была ў тым, што прадукцыйнасць працы расла хутчэй, чым колькасць рабочых. У 1913 колькасць рабочых складала 2,2% рабочых рас. фабрык, а колькасць прадпрыемстваў — 11%. Прамысловыя прадпрыемствы перапрацоўвалі ў асн.мясц. сыравіну. У пач. 20 ст.з Беларусі вывозілі пераважна лес і лён, увозілі збожжа, тытунь, бавоўну, металы, мануфактуру. Перад 1-й сусв. вайной змяніліся структура і формы экспарту і імпарту. Вырас вываз масла, яек, птушкі, садавіны, бульбы, перапрацаванай драўніны, с.-г. прылад і ўвоз коней, буйной рагатай жывёлы, паліва, складаных с.-г. прылад і механізмаў. Па росце нац. даходу Беларусь была на ўзроўні інш. рэгіёнаў Расіі, за перыяд 1900—13 ён павялічыўся ў 2 разы. Па долі прамысловасці ў нац. даходзе краіна наблізілася да сярэдняга паказчыка ў Рас. імперыі. Істотна змянілася геаграфія прамысловасці. З сельскай мясцовасці яна перамяшчалася ў гарады, дзе дробныя прадпрыемствы выцясняліся буйнымі капіталіст. фабрыкамі. У 1913 на долю буйных прадпрыемстваў прыпадала 46,5% валавой прадукцыі (ім належала вядучая роля), дробныя саматужна-рамесніцкія прадпрыемствы мелі дапаможны характар. Вядучымі галінамі прамысловасці засталіся харчовыя, лесанарыхтоўчая, дрэваапрацоўчая, папяровая, шкляная, тэкстыльная, гарбарна-абутковая, на долю якіх прыпадала каля 2/3 аб’ёму вытворчасці буйных прадпрыемстваў. У пач. 20 ст. ў прамысловасці Беларусі пачалі ўзнікаць манапалістычныя аб’яднанні па вытворчасці запалак, паперы, цэглы, шкла, піва і інш., акцыянерныя таварыствы, прадпрыемствы з удзелам залежнага капіталу. Узнікалі новыя галіны вытворчасці (шпалерная, цэментавая, фанерная і інш.). Прамысловымі цэнтрамі сталі Пінск, Гомель, Магілёў, Брэст, Барысаў, Мазыр, Смаргонь, Орша, Капыль. Падрыхтоўка рабочых кадраў наладжвалася праз рамесныя вучылішчы і школы.
На сельскую гаспадарку Беларусі пач. 20 ст. паўплывала сталыпінская зямельная рэформа. Адбываўся распад абшчынных адносін (пераважна ў Віцебскай і Магілёўскай губ.), ішло рассяленне на хутары. Перабудова сельскай гаспадаркі была перапынена 1-й сусв. вайной. Станоўчыя зрухі ў прамысловай і с.-г. вытворчасці спрыялі развіццю інфраструктуры Беларусі. Выгаднае геаграфічнае становішча, сетка чыгунак ператварылі краіну ў важную транзітную тэрыторыю; развіццё шашэйных дарог і воднага транспарту спрыялі арганізацыі эканам. сувязей прамысловых раёнаў Рас. імперыі з прамыслова развітымі краінамі Еўропы. Паступова Беларусь уключалася ў міжнар. падзел працы, развівала свае знешнеэканам. сувязі.
У перыяд 1-й сусв. вайны, рэвалюцый 1917, грамадз. вайны і ваенных інтэрвенцый развіццё эканомікі Беларусі рэзка змянілася. Гэта быў перыяд ломкі ўсёй сістэмы гаспадарання і эканам. развіцця, катастрафічнай разрухі гаспадаркі. За 1913—17 прамысловая вытворчасць скарацілася амаль на 70%, многія прадпрыемствы разбураны. Да канца 1920 засталося каля палавіны дарэвалюцыйнай колькасці прамысловых прадпрыемстваў, якія фактычна не працавалі з-за недахопу паліва і сыравіны. Сельская гаспадарка ператварылася ў паўнатуральную. Натуральны абмен часцей замяняў таварна-грашовыя адносіны. На разбурэнне эканомікі Беларусі найб. паўплывала 1-я сусв. вайна, а на далейшы лёс краіны — рэвалюцыі, грамадзянская вайна, германская і польская інтэрвенцыі; у выніку апошняй Беларусь падзелена на 2 часткі — заходнюю і ўсходнюю.
Пасля заканчэння ваенных дзеянняў на тэр.БССР пачаліся спробы стварэння эканомікі, якая б абапіралася на грамадскую ўласнасць на сродкі вытворчасці. У 1920 пасяўныя плошчы складалі 2/3 даваенных, знізілася ўраджайнасць культур, скарацілася пагалоўе жывёлы. Наваствораныя саўгасы-камуны былі стратнымі, маламоцнымі гаспадаркамі з неэфектыўнай арганізацыяй працы. Сістэма кіравання сав. прамысловасцю была цэнтралізаванай, закладваліся элементы будучай камандна-адм. сістэмы. З 1920 на Беларусі пачалі аднаўляць працу асноўныя прадпрыемствы, у першую чаргу электрастанцыі, прадпрыемствы харчовай і лёгкай прамысловасці. Але палітыка «ваеннага камунізму», якая абапіралася на жорсткія адм. метады, не спрыяла аднаўленню эканомікі. Улік, аналіз, кантроль, планаванне амаль адсутнічалі. Развал нар. гаспадаркі быў вынікам не толькі войнаў і рэвалюцый, але і неэфектыўнай сістэмы кіравання.
Сістэма мер новай эканам. палітыкі (нэп) паскорыла аднаўленне і развіццё прамысловасці, гандлю, сельскай гаспадаркі, транспарту, таварна-грашовых адносін. Асновай эканомікі БССР заставалася сельская гаспадарка, якая ў 1925 дасягнула ўзроўню 1913. У яе спецыялізацыі пераважалі малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля, вырошчванне тэхн. культур. Аднак нізкая забяспечанасць зямлёй і слабая тэхн. аснашчанасць сялянскіх гаспадарак і саўгасаў не дазвалялі павысіць эфектыўнасць сельскай гаспадаркі. У 1926 яе таварнасць складала 13,2% (у 1913—35%). Асноўнымі формамі калектыўных гаспадарак былі камуны, сельгасарцелі і таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі, сярод дзяржаўных — саўгасы. Для Сав. Беларусі перыяд нэпа быў перыядам аднаўлення эканомікі пасля разрухі. Асноўнымі галінамі прамысловасці былі харчовая, папяровая, дрэваапрацоўчая. У 1926—27 пачалося будаўніцтва буйных прадпрыемстваў, якія і ў наш час маюць гасп. значэнне (Бабруйскі дрэваапр. камбінат, Гомсельмаш, БелДРЭС, Магілёўская фабрыка штучнага шоўку, металаапрацоўчы завод «Камунар» у Мінску і інш.). У Зах. Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы, назіраўся застой або слабавыразнае развіццё.
Вынікам даваенных пяцігодак стала індустрыялізацыя ў прамысловасці і калектывізацыя ў сельскай гаспадарцы. Кіраванне эканомікай зноў перайшло на камандна-адм. метады з высокай ступенню цэнтралізацыі. Дзярж. планаванню развіцця гаспадаркі надаваўся ранг закона. У гарадах (Мінск, Віцебск, Гомель, Орша, Мазыр, Барысаў) узніклі новыя прадпрыемствы. Развіваліся машынабудаванне, паліўная і хім. прамысловасць, электраэнергетыка; завяршылася фарміраванне сеткі чыгунак і іх інфраструктуры, пабудаваны або рэканструяваны рачныя парты, аэрапорт «Мінск», лініі тэлефоннай сувязі, адноўлены Дняпроўска-Бугскі канал. У 1940 на долю прамысловасці прыпадала 80% усёй прадукцыі нар. гаспадаркі. Беларусь вырабляла 33,8% фанеры, 27% запалак, больш за 10% металарэзных станкоў, 30% штучнага пакосту ад агульнасаюзнай вытворчасці. Прадпрыемствы рэспублікі пачалі выпускаць новую прадукцыю — складаныя металаапрацоўчыя станкі, радыёпрыёмнікі, маторы, турбіны, штучны шоўк і інш.
У выніку калектывізацыі дробнатаварная гаспадарка была разбурана і ператворана ў буйную сацыялістычную, але ўзровень с.-г. вытворчасці заставаўся нізкім. З сельскай мясцовасці павялічылася міграцыя працоўных рэсурсаў у гарады і за межы рэспублікі.
У час Вял.Айч. вайны эканоміка Беларусі страціла амаль усе здабыткі першых пяцігодак. Частка прадпрыемстваў, транспартных сродкаў, жывёлы былі эвакуіраваны ў Расію. На акупіраванай тэрыторыі былі адноўлены ў асноўным прадпрыемствы, скіраваныя на забеспячэнне акупацыйных улад. Гаспадарка акупіраванай тэрыторыі мела каланіяльны характар. У Германію вывозіліся сыравіна (лес, торф), прадукты харчавання. Аграрная рэформа замацоўвала за акупацыйнымі ўладамі зямлю і прадукцыю. У гады акупацыі нар. гаспадарка Беларусі падверглася жорсткай эксплуатацыі і рабаванню, што прывяло эканоміку да поўнага разбурэння і заняпаду. З утварэннем партыз. зон для патрэб мясц. насельніцтва адноўлены шэраг прадпрыемстваў, арганізавана вытворчасць у калгасах і саўгасах.
У выніку вайны Беларусь страціла больш за палавіну нац. багацця і па найважнейшых галінах эканоміка адкінута да ўзроўню 1913, па агульным узроўні — да 1928. Былі разбураны 209 (з 270) гарадоў, 9,2 тыс. вёсак, больш за 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС. У параўнанні з даваенным узроўнем на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, на 49% — пагалоўе буйной рагатай жывёлы, на 61% — коней, на 78% — авечак і коз. Значныя страты прычынены транспарту. Буйныя гарады былі разбураны на 75—90%.
Пасля вызвалення Беларусі пачалося адраджэнне гаспадаркі. Да 1946 адноўлена 5,9 тыс. прадпрыемстваў, пачалося будаўніцтва новых прадпрыемстваў, у т. л. трактарнага і аўтамабільнага заводаў. Змянілася структура прамысловасці: знізілася ўдзельная вага лёгкай, харчовай і дрэваапрацоўчай галін, вырасла доля электраэнергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі. У 1-ю пасляваенную пяцігодку хуткімі тэмпамі аднаўляліся прамысловасць і транспарт. У пач. 1949 прамысловая вытворчасць дасягнула ўзроўню 1940, а ў 1950 валавы аб’ём прамысл. прадукцыі быў на 15% вышэйшы, чым у 1940. Сельская гаспадарка аднаўлялася больш марудна. У калгасах не хапала тэхнікі (у канцы 1945 мелася 1/3 ад яе даваеннай колькасці). Нізкія тэмпы аднаўлення с.-г. вытворчасці былі абумоўлены таксама адсутнасцю матэрыяльнага заахвочвання ў калгасах. Нягледзячы на антысялянскі характар аграрнай палітыкі дзяржавы (адсутнасць гасп. самастойнасці, ушчамленне правоў сялян, якія нават не мелі пашпартоў і не маглі свабодна перамяшчацца па краіне, перапампоўванне грашовых сродкаў у прамысловасць), у аграрным сектары адбыліся пэўныя змены. Вёска атрымала 8,6 тыс. трактароў, 1,5 тыс. камбайнаў, шмат інш. тэхнікі. Павялічыліся пасяўныя плошчы, у 3 разы пашырыліся пасевы тэхн. культур. У параўнанні з даваенным перыядам у 1950 яны складалі 94,3%, пагалоўе буйной рагатай жывёлы — 96,5%, коней — 62%, свіней — 64,4%.
Аднаўленне нар. гаспадаркі, змякчэнне аўтарытарных метадаў кіравання, сац. пераарыентацыя доўжыліся да 1960-х г. Працягвалася капітальнае будаўніцтва і рэканструкцыя прадпрыемстваў, раслі высокатэхналагічныя галіны і вытворчасці. Прамысловасць пачала вырабляць гадзіннікі, шарыкападшыпнікі, швейныя машыны, электрарухавікі, паўправаднікі, ЭВМ, хім. мінеральныя ўгнаенні, прадукты перапрацоўкі нафты. Сістэма кіравання перайшла ад галіновага да тэр. кіраўніцтва праз саўнаргасы. Сельская гаспадарка пасля доўгага заняпаду ўпершыню стала рэнтабельнай. У выніку ліквідацыі МТСс.-г. тэхніка перададзена калгасам і саўгасам. Адметнасцю гэтага перыяду было будаўніцтва найб. у Еўропе хім. прадпрыемстваў (Магілёўскі камбінат па вытворчасці лаўсану, Гомельскі хім. завод, Светлагорскі камбінат штучнага валакна і інш.). У выніку доля хіміі ў вытворчых фондах падвоілася. Апераджальнымі тэмпамі развіваліся неметалаёмістыя і працаёмістыя галіны (электратэхніка, прыладабудаванне, радыёэлектроніка). Ствараліся комплексы машынабудаўнічых і металаапрацоўчых прадпрыемстваў па выпуску канструктыўна і тэхналагічна аднароднай прадукцыі. У структуры паліўна-энергетычнага балансу павялічылася доля нафты і прыроднага газу, пракладзены нафта- і газаправоды. З 1964 пачалася прамысловая здабыча нафты на тэр. Беларусі. Пазней з’явіліся нафтаперапр. заводы ў Наваполацку і Мазыры.
Развіццё сельскай гаспадаркі ў гэты перыяд замаруджвалася суб’ектывізмам і валюнтарызмам у яе кіраванні. З сярэдзіны 1960-х г. узяты курс на інтэнсіфікацыю сельскай гаспадаркі, на разгортванне меліярацыі. У жывёлагадоўлі пачалося будаўніцтва буйных адкормачных комплексаў. Прамысловае будаўніцтва ў гарадах, інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі, рост адукаванасці людзей выклікалі масавую міграцыю працаздольнай часткі сельскіх жыхароў, што праз 15—20 гадоў прывяло да дэпапуляцыі сельскай мясцовасці. Рэформы 1960-х г. не былі даведзены да завяршэння, што прывяло да тармажэння ў выкананні пяцігадовых планаў, а потым і да застою ў развіцці эканомікі.
У гэты перыяд на Беларусі расла вытворчасць прадукцыі такіх галін прамысловасці, як прыладабудаванне, электронная і радыётэхнічная прамысловасць, вытворчасць сродкаў сувязі. Удзельная вага прыладабудавання ў агульным аб’ёме прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі за 1970—80 вырасла з 5,5% да 16%, электроннай і радыётэхнічнай прамысловасці — з 11,3% да 25%. Аднак у большасці галін захоўваліся ўстарэлыя тэхналогіі і абсталяванне. Эканоміка Беларусі страціла былы дынамізм. Рэзка знізіліся тэмпы эканам. росту. Так, у 1970—75 сярэднегадавыя тэмпы росту нац. даходу складалі 8,3%, а ў 1980—85 толькі 5,6%, прадукцыі прамысловасці — 10,4% і 5,4%, прадукцыйнасці працы адпаведна 7,4% і 5,3%.
Сельская гаспадарка ў гэты перыяд таксама развівалася супярэчліва, разам з поспехамі былі і недахопы. У 1970—85 сельская гаспадарка Беларусі працягвала спецыялізавацца на развіцці мясной і малочнай жывёлагадоўлі, вытворчасці бульбы, лёну-даўгунцу, цукровых буракоў. З мэтай стварэння трывалай кармавой базы для развіцця жывёлагадоўлі адбылося пераразмеркаванне пасяўных плошчаў, праводзілася меліярацыя і інш. Узводзіліся буйныя комплексы на некалькі тысяч галоў буйной рагатай жывёлы і свіней, ствараліся міжгаспадарчыя аб’яднанні па адкорме жывёлы і птушак, вытворчасці мяса, малака і воўны. У 1970—85 валавая прадукцыя жывёлагадоўлі павялічылася ў 1,5 раза, птушкагадоўлі — у 3,2 раза. Аднак палітыка кіраўніцтва па спецыялізацыі сельскай гаспадаркі Беларусі парушыла комплекснасць аграрнага сектара, павялічыла дыспрапорцыю паміж галінамі. У пач. 1980-х г. сельская гаспадарка Беларусі апынулася ў крызісным стане. Ураджайнасць збожжавых культур практычна не расла. Па меры зніжэння вытворчасці с.-г. прадукцыі расла дробязная апека, што стрымлівала ініцыятыву і адказнасць за канчатковыя вынікі. У краіне абвастрылася харчовая праблема. У пач. 1982 зроблены спробы выйсця з крызіснага становішча: створаны аграрна-прамысловы комплекс (на Беларусі — «Белаграпрам»), прынята харчовая праграма на перыяд да 1990. Аднак гэтыя палавінчатыя меры не закраналі інтарэсаў сялянства, неслі на сабе сляды застою. Эканоміка патрабавала перабудовы ўсяго сацыяльна-эканам. комплексу. У 1985 па ініцыятыве М.С.Гарбачова распачаты спробы рэфармавання сацыяльна-эканам. і паліт. сістэмы СССР. Аднак пошук шляхоў перабудовы эканам. адносін пачаўся з вельмі сціплых праектаў у межах старой адм.-каманднай сістэмы. Пад паскарэннем сацыяльна-эканам. развіцця разумелася павышэнне тэмпаў шляхам інтэнсіфікацыі вытворчасці і новых, эфектыўных форм арганізацыі кіравання. Планавалася паскоранымі тэмпамі развіваць машынабудаванне і на яго аснове ажыццяўляць тэхн. перааснашчэнне ўсёй гаспадаркі, вывесці на перадавыя рубяжы навукова-тэхн. прагрэсу электраэнергетыку, хім. і нафтахім., лёгкую і мясц. прамысловасць, сельскую гаспадарку, сферу паслуг і гандаль. Хутка стала відавочна, што ніякага паскоранага развіцця краіны не адбылося, наадварот, становішча ў эканоміцы пагоршылася, дзяржава ўступіла ў глыбокі сістэмны крызіс.
З распадам СССР Беларусь стала незалежнай унітарнай дзяржавай з сацыяльна арыентаванай эканомікай. З 1991 пачаўся навейшы этап развіцця яе гаспадаркі, культуры, адукацыі, навукі і інш. галін цывілізаванай дзяржавы. Прынята праграма пераходу краіны да рыначных адносін. Першачарговымі задачамі была стабілізацыя эканомікі, прыватызацыя, стварэнне рыначнай інфраструктуры, абарона насельніцтва ад збяднення і ліквідацыя наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У выніку распаду СССР была парушана адзіная эканам. прастора. Стварэнне СНД было спробай захаваць адзіную эканам. прастору і сувязі, але ў поўнай меры гэтага зрабіць не ўдалося. Адсутнасць пэўнай заканадаўчай базы і кансерватызм тагачаснай улады не дазволілі наладзіць эфектыўныя рыначныя адносіны. Пастанова Вярх. Савета (1991) аб дзярж. праграме па стабілізацыі эканомікі і сац. абароне насельніцтва не рэалізоўвалася. Улады не здолелі вызначыцца ў крэдытна-грашовай палітыцы, у цэнаўтварэнні і міждзяржаўных разліках паміж краінамі СНД. Беларусь знаходзілася ў адзінай з Расіяй рублёвай зоне, дзе пачаліся ўжо рыначныя пераўтварэнні. Манетарная палітыка рас. улад стварыла востры дэфіцыт наяўных грошай на тэр. Беларусі. Увядзенне ў абарачэнне (1992) бел. разліковых білетаў вырашыла праблему толькі часткова. Лібералізацыя цэн у Расіі і краінах Балтыі, імкненне захаваць нізкі ўзровень унутр. цэн разбуралі бел. спажывецкі рынак. У эканоміцы ўзмацніліся крызісныя з’явы (інфляцыя, паніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва і аб’ёмаў вытворчасці, «вымыванне» тавараў з рознічнага продажу і інш.), што абцяжарвалася абмежаванасцю крыніц паліва і сыравіны, залежнасцю ад прыродных рэсурсаў інш. краін. За 1991—95 валавы ўнутраны прадукт Беларусі зменшыўся на 35%, таварная вытворчасць прамысловасці — на 41%, валавы прадукт сельскай гаспадаркі — на 26%, капіталаўкладанні — на 61%. Паніжэнне абсалютных тэмпаў прыросту вытворчасці заўважалася амаль ва ўсіх галінах гаспадаркі.
Наступны этап сацыяльна-эканам. развіцця Беларусі характарызаваўся мэтанакіраванай дзейнасцю па стабілізацыі эканомікі. У канцы 1994 прынята праграма неадкладных мер па выхаду краіны з крызісу, распрацаваная адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Праграма прадугледжвала аздараўленне фінансавай і грашова-крэдытнай сістэмы, паляпшэнне гандлёвага і плацежнага балансу, знешнеэканам. дзейнасці, узмацненне дзярж. рэгулявання, стабілізацыю асобных галін гаспадаркі, удасканаленне сістэмы аплаты працы. Асноўныя кірункі рэфармавання эканомікі на шляху структурнай перабудовы ў канцы 1990-х г. звязаны з нарошчваннем аб’ёмаў экспарту, жыллёвага будаўніцтва і вытворчасці харчовай прадукцыі. Рэфармаванне эканомікі ішло ў кірунку раздзяржаўлення і прыватызацыі, змянення аграрных адносін, развіцця рыначнай інфраструктуры. У канцы 1990-х г. пачаўся рост унутр. валавога прадукту і аб’ёмаў прамысл. вытворчасці, выпуску тавараў нар. спажывання. Пры гэтым аднак зніжалася рэнтабельнасць вытворчасці. павялічвалася колькасць стратных прамысловых і с.-г. прадпрыемстваў, паніжэнне жыццёвага ўзроўню значнай часткі насельніцтва. У пач. 21 ст. Беларусь апынулася па шэрагу паказчыкаў на ўзроўні дакрызіснага 1990.
Літ.:
Эканамічная гісторыя Беларусі. Пад агульнай рэд. В.І.Галубовіча. 2 выд.Мн., 1996;
Довнар-Запольский М.В. История Белоруссии. Мн., 2003;
Шилов В.Н. Экономическое развитие Беларуси на рубеже веков: проблемы, итоги, перспективы. Мн., 2003;
Киреенко Е.Г. Социально-экономическая география Республики Беларусь. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ
Тэрытарыяльна-адміністрацыйныя і палітычныя змены. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 да Рас. імперыі далучаны паўн.-ўсх. землі Беларусі, што раней уваходзілі ў склад Полацкага, Віцебскага і Мсціслаўскага ваяв. Гэта тэр. Беларусі ўвайшла ў склад Пскоўскай і Магілёўскай губ., якія былі аб’яднаны ў Беларускае ген.-губернатарства. У жн. 1776 замест Пскоўскай заснавана Полацкая губ. (з аддзяленнем яе ад велікарускіх правінцый). Вясной 1777 Магілёўская і Полацкая губ. падзелены на паветы, з 1778 губерні перайменаваны ў намесніцтвы. У 1783—85 праведзена Ген. межаванне, якое скасавала папярэднія правы на валоданне зямлёй і дакументальна аформіла правы новай улады на далучаныя землі.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 да Расіі, акрамя ўкраінскіх, адышлі бел. землі: рэшткі Полацкага ваяв. (на левым беразе Зах. Дзвіны); Віцебскага і Аршанскага пав. Віцебскага ваяв.; Мінскі, Мазырскі пав. Мінскага ваяв.; частка Рэчыцкага пав. (па правым беразе Дняпра); усх. часткі Навагрудскага і Слонімскага ваяв.; Сініцкі пав. Слуцкага княства; усх. часткі Браслаўскага і Ашмянскага пав. Віленскага і Пінскі пав. Брэсцкага ваяводстваў. Указам ад 13.4.1793 рэшткі Полацкага ваяв. далучаны да Полацкага намесніцтва, а ўсе землі ад яго мяжы да р. Бярэзіна — да Магілёўскага; Мазырскі пав. далучаны да Чарнігаўскай губ., а на астатняй тэр. ўтворана Мінская губ. Указам Сената ад 3.5.1793 заснавана Мінскае намесніцтва.
У сувязі з падаўленнем паўстання 1794 і канчатковым падзелам Рэчы Паспалітай Кацярына II загадала ліфляндскаму, эстляндскаму і літоўскаму ген.-губернатару кн. М.В.Рапніну падзяліць рэшткі Вял. княства Літоўскага на З часткі з цэнтрамі ў Вільні, Гродне і Коўне. У чэрв. 1795 у Гродне заснаваны часовы орган кіравання тэр. Літвы і Зах. Беларусі — Вярх. праўленне Літвы. 25.12.1795 новадалучаныя землі падзелены на Віленскую і Слонімскую губ. У жн. 1796 губерні перайменаваны ў намесніцтвы: Віленскае ў складзе 11 і Слонімскае — 8 паветаў. Такі падзел праіснаваў да канца 1796, калі Павел I правёў новую адм.-тэр. рэформу. Указам ад 12.12.1796 на гэр. Беларусі і Літвы створаны губерні: Беларуская (аб’яднала Магілёўскае і Полацкае намесніцтвы), Мінская (з далучаным да яе Рэчыцкім пав.) і Літоўская (увайшлі Слонімскае і Віленскае намесніцтвы). У выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай да Расіі адышлі 468 тыс.км²тэр.з насельніцтвам больш чым 6 млн. чал.
У 1801—02 Аляксандр I увёў новы адм.-тэр. падзел. Беларуская губерня была падзелена на Магілёўскую і Віцебскую (абедзве губерні ўвайшлі ў Беларускае ген.-губернатарства); Літоўская — на Віленскую і Гродзенскую губ. (увайшлі ў склад Літоўскага ваен. губернатарства).
На новадалучаных землях царскі ўрад пачаў распаўсюджваць сваю сістэму мясц.дзярж. кіравання. Гал. асобай у губернях быў ген.-губернатар, які лічыўся намеснікам цара і ўзначальваў мясц. адміністрацыю падпарадкаваных яму тэрыторый. Фактычна ген.-губернатар быў надзелены неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Яму былі падпарадкаваны ваен. і грамадз. губернатары (або правіцелі). У абавязак грамадз. губернатара, які камандаваў мясц. гарнізонам, уваходзіў нагляд за зборамі падаткаў, рэкрутаў, ходам следстваў, заключэннем казённых падрадаў і паставак, падтрыманнем грамадскага парадку і інш. Персанальны склад вышэйшай адміністрацыі набіраўся зрус. саноўнікаў і чыноўнікаў. Паколькі канчатковае рашэнне прымаў ген.-губернатар, то ўлада грамадз. губернатараў у канцы 18—1-й пал. 19 ст. была абмежаванай. Да таго ж адбываліся іх частыя персанальныя змены. У кожнай губерні дзейнічала губ. праўленне ў складзе «общего присутствия» і канцылярыі. Гасп. і фін. справамі кіравала казённая палата, якую ўзначальваў віцэ-губернатар. Яна займалася раскладам і зборам падаткаў, кіраваннем і наглядам за казённай маёмасцю і інш. У губернях дзейнічалі і інш. органы кіравання: рэкруцкія ўправы, прыказ грамадскай апекі, межавая кантора і інш.Гал. органам пав. улады лічыўся ніжні земскі суд, які адначасова выконваў адм.-паліцэйскія і судовыя функцыі. Узначальваў яго земскі спраўнік. У адрозненне ад цэнтр.рас. губерняў ён не выбіраўся, а прызначаўся Сенатам.
У сувязі з недахопам рус. чыноўнікаў Кацярына II дазволіла прызначаць на адм. пасады ў новаўтвораных губернях мясц. жыхароў. Мясц. шляхта атрымала правы выбіраць сваіх прадстаўнікоў у органы мясц. кіравання і суда, аналагічныя з правамі рас. дваранства. На бел.-літ. губерні была таксама распаўсюджана расійская (уведзеная яшчэ Пятром 1) 14-класная сістэма чыноў і рангаў.
У якасці судовага заканадаўства на далучанай тэрыторыі працягваў дзейнічаць Статут ВКЛ 1588, які ў 1780 быў перакладзены на рус. мову. Для найвышэйшай апеляцыі ў 1774 пры Юстыцкалегіі ліфляндскіх, эстляндскіх і фінляндскіх спраў Сената створаны Беларускі дэпартамент, які праіснаваў да 1780. Да гэтагачасу вышэйшай апеляцыйнай установай у ВКЛ быў Гал. Літоўскі трыбунал, які знаходзіўся ў Вільні. З далучэннем Вільні трыбунал скасаваны, але ад часоў ВКЛ заставалася яшчэ шмат незакончаных спраў. Таму ў канцы 1796 для іх завяршэння створаны Грамадз. дэпартамент старых літоўскіх спраў. У лют. 1797 заснаваны Гал. літоўскі суд, які распаўсюджваў сваю дзейнасць на Літоўскую губ. Ён ажыццяўляў кантроль за дзейнасцю грамадз. і крымінальнага судаводства ніжэйшых судоў і таксама з’яўляўся апеляцыйнай інстанцыяй для магістратаў і ратуш. Пасля губ. рэформы 1801 у кожнай губерні былі створаны гал. суды ў складзе крымінальнага і грамадз. дэпартаментаў.
Паводле «Устанаўлення» 1775 на новадалучаных землях уводзіліся пав. суды са шляхецкай апекай, у губернях — верхнія земскія суды для шляхты; ніжэйшыя і верхнія расправы для вольных сялян; гарадавыя і губ. магістраты. Акрамя таго, у губ. гарадах існавалі крымінальная і грамадз. палата і губ. пракурор, які кантраляваў іх дзейнасць. Рас. ўрад адмяніў смяротнае пакаранне і не дазваляў судам разглядаць справы асоб, якія не мелі ў паветах нерухомай маёмасці. Замест земскіх судоў спачатку ва ўсх. Беларусі, а потым у інш. губернях былі створаны губ. і правінцыяльныя земскія суды, якія з 1773 называліся павятовымі. У далейшым ім перададзены і функцыі скасаваных гродскіх судоў. Падкаморскія суды, скасаваныя ва ўсх. Беларусі ў 1772, а на астатніх тэрыторыях — у 1795, былі ў 1797 адноўлены Паўлам I і праіснавалі да 1832. Спалучэнне бюракратычнага і саслоўнага элементаў у мясц. кіраванні найб. яскрава выявілася ў судовай сістэме. Урад прызначаў на пасады ў губ. і пав. судовых установах толькі саветнікаў і канцылярскіх чыноўнікаў. Усе астатнія пасады замяшчаліся па выбары дваранства, пры гэтым урад пільна сачыў, каб на пасады суддзяў, спраўнікаў, засядацеляў выбіраліся асобы, верныя рас. уладзе.
У канцы 18—1-й трэці 19 ст. ў бел.-літ. губернях сістэма судаводства захоўвала пэўныя адрозненні ад расійскай. У грамадз. судаводстве дзейнічалі нормы Статута ВКЛ, сеймавых канстытуцый, а справаводства вялося на польскай мове. Крымінальнае ж судаводства ажыццяўлялася паводле агульнаімперскіх законаў і на рус. мове.
З далучэннем да Рас. імперыі ўводзілася абавязковае пацвярджэнне вышэйшым саслоўям новадалучаных зямель сваіх правоў на прывілеі. Пачынаючы з 1772 шляхта была абавязана прадставіць у губ. гарады дакументы аб сваім паходжанні. Асобы, якія пацвердзілі сваё паходжанне, былі запісаны ў дваранскія родавыя кнігі.
Царскі ўрад, абвяшчаючы дваранства «пяршынствуючым» рас. саслоўем, юрыдычна замацаваў яго пануючыя пазіцыі ў сістэме абсалютысцкай дзяржавы. Сац., юрыд. і паліт. статус дваранскага саслоўя Рас. імперыі ўпершыню ў найб. поўным выглядзе быў зафіксаваны Кацярынай II у «Даравальнай грамаце дваранству» (1785). Асновай паліт. і эканам. магутнасці дваранства было валоданне не толькі зямлёй, але і прыгоннымі, на што не мелі правоў інш. саслоўі. Дваранства вызвалялася ад усялякіх падаткаў, цялесных пакаранняў і магло быць асуджана толькі роўнымі сабе. У новаўтвораных губернях і паветах дваранству дазвалялася кожныя 3—4 гады збіраць сходы (сеймікі). У іх функцыі ўваходзіла выбранне губ. і пав. прадвадзіцеляў дваранства (маршалкаў), а таксама прадстаўнікоў у саслоўныя суды і ўстановы, раскладка земскіх павіннасцей, вырашэнне гасп. і грамадскіх спраў мясц. жыцця.
У 1773 Сенат дапусціў да выбараў у дваранскія сходы асоб, якія валодалі не менш чым 10 рэвізскімі душамі. Права голасу і выбрання на пасаду мелі ўладальнікі 20 і больш сялян. У 1805 права голасу атрымалі дваране, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, валодалі ў губернях маёнткамі не менш за 8 дамоў і атрымлівалі 150 руб. прыбытку за год. З 1817 у Гродзенскай губ. тэрмінам на 3 гады дазволілі ўдзельнічаць у выбарах дваранам, якія страцілі свае дакументы ў час вайны 1812 і не былі да гэтагачасу запісаны ў дваранскія кнігі.
Гал. ролю сярод абраных асоб адыгрывалі дваранскія маршалкі. На пасадах іх зацвярджаў імператар з ліку 2 выбраных кандыдатаў. Асн. іх абавязкам было кіраванне справамі дваранскай карпарацыі. Пасады маршалкаў не аплачваліся, таму іх звычайна выбіралі з заможных памешчыкаў. Для прадстаўнікоў дробнай шляхты выбранне ў нізавыя выканаўчыя органы, суды і паліцыю з’яўлялася сродкам паправіць матэрыяльнае становішча, таму яны імкнуліся заняць адпаведныя пасады. Татарскай шляхце таксама было дазволена прымаць удзел у выбарах.
У выніку рэвізіі 1811 выявілася, што да шляхецкага саслоўя прыпісалася каля 200 тыс.чал., сярод якіх былі мяшчане, дваравыя, людзі невядомых саслоўяў збел.-літ. губерняў. Адначасова ў гэтых жа губернях заставаліся людзі, якія пацвердзілі дваранскае паходжанне, але працягвалі плаціць падаткі ў казну. Таму пры правядзенні новай рэвізіі, згодна з указам Сената ад 20.1.1816, у дваранстве пакідаліся толькі тыя, хто быў запісаны да саслоўя ў 1795. Усім астатнім неабходна было пацвярджаць сваё паходжанне дакументальна. Паводле ўказа ад 23.8.1817 дробная шляхта, якая магла валодаць зямлёю, але без прыгонных або знаходзілася на службовых і чыншавых землях, трапіла ў спісы падатковага насельніцтва.
Беларусь у вайне 1812. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, а ў ноч на 24 чэрв.Паўн. групоўка «Вялікай арміі» пад камандаваннем Напалеона I (каля 213 тыс.чал.) пачала пераход расійскай граніцы пераправай цераз Нёман у раёне Коўна. Цэнтр. групоўка (каля 77 тыс.чал.) на чале з Э.Багарнэ 29 чэрв.—2 ліп. перайшла Нёман у раёне Пілонаў. 27 чэрв. ў ваен. дзеянні ўключылася паўд. групоўка Ж.Банапарта (каля 82 тыс.чал.), авангард якой праз дзень заняў Гродна. Зліп. каля в. Магільніцы цераз Зах. Буг пераправіліся гал. сілы дапаможнага аўстрыйскага корпуса К.Ф.Шварцэнберга. Пачынаючы вайну з Расіяй, Напалеон намагаўся прымусіць рас. камандаванне прыняць ген. бітву на тэр. Літвы, разбіць гал. сілы рас. армій паасобку ў памежных баях і пасля бліскучай перамогі вымусіць цара Аляксандра I заключыць мір на выгадных для Францыі ўмовах.
Адарваныя і расцягнутыя рас. арміі адыходзілі з ар’ергарднымі баямі ўглыб краіны для аб’яднання ў зручным месцы: 1-я Зах. армія М.Б.Барклая дэ Толі (каля 120 тыс.чал.) у напрамку на Дрысенскі лагер, потым, пакінуўшы корпус П.Х.Вітгенштэйна для прыкрыцця Пецярбургскага напрамку, да Полацка, Віцебска, Смаленска; 2-я Зах. армія П.І.Баграціёна (каля 49,5 тыс.чал.) — ад Ваўкавыска праз Слонім, Навагрудак, Нясвіж, Слуцк, Бабруйск да Магілёва, а пасля бітвы каля Салтанаўкі 21—23 ліп. — да Новага Быхава, Мсціслава і Смаленска. У час адыходу рас. войск адбыліся сутычкі і баі рознай напружанасці: каля Гродна, Ашмян, Друі, пад Віцебскам, пры Дзісне, в. Чарнова, Кукавячына, мяст. Казяны, Браславе і Леамполі, Астроўне, Карэлічах, Міры, Раманаве і інш.
Адносна незалежны характар мелі баявыя дзеянні на стратэгічных флангах. Пасля Клясціцкіх баёў (30 ліп. — 1 жніўня) паміж войскамі Вітгенштэйна і Н.Ш.Удзіно напалеонаўскія войскі адышлі да Полацка, куды падышоў баварскі корпус Л.Гуўён Сен-Сіра. Узмоцненыя напалеонаўскія войскі перайшлі ў наступленне, 11 жніўня адбыўся бой на р. Свольна паміж авангардамі карпусоў Вітгенштэйна і Н.Ш.Удзіно. У выніку 1-й Полацкай бітвы (17—18 жніўня) войскі Вітгенштэйна адышлі да р. Дрыса.
У ліпені пачалі баявыя дзеянні войскі 3-й Рэзервовай абсервацыйнай арміі А.П.Тармасава. Пасля Кобрынскага бою 27 ліп. аб’яднаныя войскі К.Ф.Шварцэнберга і Ж.Л.Э.Рэнье ў выніку Гарадзечанскай бітвы (12 жніўня) вымусілі войскі А.П.Тармасава адступіць да Луцка. Паміж гэтымі буйнымі баямі адбыліся сутыкненні каля г. Пінск, Пружаны, мяст. Сялец, Сігневічы, в. Равяцічы і інш.
Абарону Бабруйскай крэпасці забяспечваў гарнізон і войскі корпуса Ф.Ф.Эртэля, размешчаныя каля Мазыра, якія ў ліп. — жніўні мелі сутычкі і баі з напалеонаўскімі войскамі паміж в. Брэжы і мяст. Парычы, пад Пінскам, Слуцкам, мяст. Лафа, Жлобінам, Казіміравам, с. Каменка і інш. 14 вер. авангардныя часці корпуса занялі Глуск, на наступны дзень у выніку ўпартага бою — в. Гарбацэвічы, а атрад А.В.Запольскага 16 вер. — Пінск. Аднак Эртэль не адважыўся развіваць поспех наступлення і 22 вер. вярнуўся ў Мазыр.
Напалеонаўскія войскі 28 чэрв. занялі Вільню, 8 ліп. — Мінск, 20 ліп. — Магілёў, 28 ліп. — Віцебск. Да пачатку жніўня асн. сілы «Вялікай арміі» выйшлі на лінію Дняпра і Зах. Дзвіны. Амаль уся Беларусь і Літва, акрамя Веліжскага, Люцынскага, Невельскага, Рэжыцкага, Себежскага пав. Віцебскай губ., Мазырскага, Рэчыцкага, часткі Бабруйскага пав. Мінскай губ., а таксама Беліцкага пав. Магілёўскай губ., была занята ці кантралявалася напалеонаўскімі войскамі, якія вымушаны былі перайсці на самаўтрыманне і забяспечваць свае патрэбы гал. чынам рэквізіцыйным шляхам за кошт мясц. харчова-фуражных рэсурсаў.
Паліт. арганізацыя і адм.-тэр. ўладкаванне занятых тэрыторый адпавядала дзярж. ўладкаванню напалеонаўскай імперыі. 1.7.1812 у Вільні створана Камісія Часовага кіравання (урада) Літвы (ВКЛ) — каардынацыйна-калегіяльны орган вышэйшай грамадз. улады для адм. кіравання тэр. Беластоцкай вобл., Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губ., пазней перайменаваных у дэпартаменты. Камісіі падпарадкоўваліся цэнтр., рэгіянальныя і мясц. органы цывільнай адміністрацыі 4 дэпартаментаў. У кожным з іх, а пазней у Віцебскім і Магілёўскім дэпартаментах (не падпарадкаваных камісіі) арганізоўвалася адм. камісія з 3 членаў, прызначаных ці зацверджаных асабіста Напалеонам, пад старшынствам франц. інтэнданта, які выбіраўся з аўдытараў Дзярж. савета напалеонаўскай імперыі і падпарадкоўваўся імператарскаму камісару пры Камісіі Часовага ўрада. У адм. адносінах дэпартаменты падзяляліся на дыстрыкты на чале з падпрэфектамі. Па прыкладу Вільні арганізоўвалася структура муніцыпальнага (гарадскога) самакіравання ў дэпартаменцкіх цэнтрах і дыстрыктах. Адначасова была створана сістэма ваенна-адм. кіравання краем. У цэлым уладныя паўнамоцтвы камісіі пашыраліся на 4 дэпартаменты з плошчай 3787 міль2 і насельніцтвам 2,5—3,5 млн.чал., падзеленыя на 32 дыстрыкты. Аднак рэальна пад уладаю было толькі каля 17 дыстрыктаў, бо астатнія кантраляваліся пэўны час рас. войскамі. Органы напалеонаўскай адміністрацыі пераважна займаліся арганізацыяй узброеных фарміраванняў, забеспячэннем войск, зборам грашовых сродкаў.
Ва ўмовах нестабільнага ваенна-паліт. становішча, кіруючыся палітыка-стратэгічнымі меркаваннямі, Напалеон адклаў пытанне аб аднаўленні ВКЛ да канца вайны з Расіяй. Захаваўшы ў непарушнасці прыгоннае права, ён спадзяваўся абаперціся на шляхту — гал. чынніка яго палітыкі, у свядомасці якой яшчэ не згасла ідэя ранейшай дзяржаўнасці.
Восенню 1812 у наступленне перайшлі рас. войскі, размешчаныя на флангах. Аб’яднаныя войскі 3-й і Дунайскай армій пад кіраўніцтвам П.В.Чычагова 12 кастр. занялі Брэст, атрад Я.Чапліца 20 кастр. разбіў пад Слонімам полк Я.Канопкі. Аднак толькі 30 кастр. часці Дунайскай арміі рушылі на Мінск. Пакінутая для аховы тылу вайсковая групоўка Ф.В.Остэн-Сакена пасля Ваўкавыскага бою 16 ліст. і паражэння пад Брэстам 25 ліст. адступіла на Валынь. Гэта дазволіла войскам К.Ф.Шварцэнберга заняць Слонім. Войскі Чычагова 13 ліст. пераправіліся цераз Нёман і пасля Койданаўскага бою 15 ліст. занялі Мінск, 21 ліст. — Барысаў. 24 ліст. атрад А.П.Ажароўскага заняў Магілёў.
Умацаваны корпус Вітгенштэйна пасля 2-й Полацкай бітвы (18—20 кастр.) вымусіў напалеонаўскія войскі адступіць да Лепеля. Корпус Ф.Ф.Штэйнгеля, дасланы з-пад Рыгі на дапамогу Вітгенштэйну, вёў баі з напалеонаўскімі войскамі на р. Ушача, пад Рудняй, 25 кастр. ў Кублічах. 7 ліст. атрад В.І.Гарпе ўвайшоў у Віцебск. Аб’яднаныя карпусы Н.Ш.Удзіно і К.П.Віктора 31 кастр. далі бой пад Чашнікамі войскам Вітгенштэйна, пасля чаго адышлі да Чарэі.
26—28 ліст. адбыліся баі па абодвух берагах ракі Бярэзіна. У ходзе Бярэзінскай аперацыі баяздольныя часці напалеонаўскай арміі (у т. л. гвардыя і значная частка афіцэрскага корпуса) здолелі каля в. Студзёнка пераправіцца цераз Бярэзіну. Аднак адчувальныя страты прадвызначылі немагчымасць працягваць актыўныя баявыя дзеянні. Гал. сілы «Вялікай арміі» адступалі на Вільню, ведучы ар’ергардныя баі: пры Зембіне і Плешчаніцах (30 ліст.), пры Даўгінаве і Латыгалі (2 снеж.), пад Маладзечнам (4—5 снеж.), пад Ашмянамі, Меднікамі. 5 снеж., даручыўшы кіраўніцтва арміяй І.Мюрату, Напалеон з Смаргоні выехаў у Парыж. Войскі К.Ф.Шварцэнберга арганізавана адступалі ад Слоніма да Беластока. 10 снеж. авангард Я.І.Чапліца заняў Вільню, 20 снеж. атрад Дз.В.Давыдава — Гродна.
Бел. землі вынеслі асноўны цяжар ваен. дзеянняў. Найб. моцна пацярпелі мясціны, якія сталі арэнай шматлікіх баёў, прылеглыя да маршрутаў руху і раёнаў працяглай дыслакацыі вял. кантынгенту напалеонаўскіх і рас. войск. Амаль цалкам былі разбураны і знішчаны гарады Полацк, Відзы, Кобрын, Ваўкавыск. Голад, холад, хваробы і эпідэміі прадвызначылі гібель значнай часткі бел. насельніцтва. Колькасць рэвізскага насельніцтва, асабліва гарадскога, зменшылася на 12%. Вайна 1812 падарвала прадукцыйныя сілы сельскай гаспадаркі краю: рэзка зменшылася пагалоўе рабочай і прадукцыйнай жывёлы, амаль напалову скараціліся пасяўныя плошчы, разбурана ці знішчана шмат будынкаў.
Ва ўмовах панавання прыгонніцкай сістэмы працэс аднаўлення разбураных вайной памешчыцкіх і сял. гаспадарак расцягнуўся на доўгі час.Сац.-эканам. вынікі напалеонаўскіх войнаў на землях Беларусі абвастрылі і паскорылі крызіс прыгонніцкай сістэмы.
Сельская гаспадарка. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі царскі ўрад праводзіў тут палітыку насаджэння рус. памеснага землеўладання. Былыя дзярж. і духоўныя ўладанні, канфіскаваныя маёнткі мясц. памешчыкаў, якія адмовіліся прысягнуць на вернасць новай уладзе, а таксама ўдзельнікаў паўстання 1794, 1830—31 і рэв. руху раздаваліся рас. вяльможам, ваен. і грамадз. чыноўнікам. У 1772—1801 у 5 бел.-літ. губернях ім падаравалі 250,4 тыс. рэвізскіх (мужчынскіх) душ сялян. Да часу адмены прыгону ўдзельная вага панскай зямельнай уласнасці заставалася вельмі высокай. У 1859 у маёнтках сярэдне- і буйнапамесных уласнікаў (больш за 100 рэвізскіх душ прыгонных) 5 губерняў было 16 071,1 тыс. дзесяцін прыдатнай зямлі, або 66,8% усёй яе плошчы. Па адносных памерах панскай зямельнай уласнасці Беларусь у канцы 1860-х г. займала 1-е месца ў Еўрап. Расіі. Сярод панскай зямельнай уласнасці пераважала буйная, латыфундыяльная феад. ўласнасць (маёнткі, дзе было больш за 500 душ прыгонных). У апошняй чвэрці 18 ст. на яе долю ва ўсх. паветах прыпадала 74,6% прыватнаўласніцкай зямлі, у зах. і цэнтр. — у сярэднім 68,5%. У далейшым у сувязі з драбленнем і канфіскацыяй часткі латыфундыяльных уладанняў царскімі ўладамі памеры буйнапамеснай зямельнай уласнасці прыкметна зменшыліся. Рост таварнай прадукцыі ў панскай гаспадарцы, асабліва вытворчасці збожжа на продаж, патрабаваў пашырэння плошчы фальварковай ворнай зямлі, што абумовіла значнае ўзмацненне феад. прыгнёту сялянства, павелічэнне адпрацовачных павіннасцей. Колькасць ворнай зямлі павялічвалася не толькі за кошт асваення новых зямель, але і ў выніку захопу сял. угоддзяў.
Гал. прадукцыйнай сілай панскай гаспадаркі былі прыгонныя сяляне. У 5 бел.-літ. губернях у 1795 яны складалі 84,8% усяго сялянства, або 75,1% народанасельніцтва, у 1858 — адпаведна 70,9 і 57,6%. Змяншэнне ўдзельнай вагі іх тлумачыцца крызісам феад.-прыгонніцкай сістэмы і частымі неўраджаямі. Асновай гаспадаркі памешчыкаў было ворнае земляробства, пануючай сістэмай — папарнае трохполле. З пашырэннем пасеваў бульбы ў многіх маёнтках яно замянялася чатырохполлем. З развіццём танкаруннай авечкагадоўлі, гал. чынам на захадзе Беларусі, у некат. панскіх гаспадарках з’явілася шматполле з травасеяннем.
У абсалютнай большасці гаспадарак памешчыкаў апрацоўка зямлі і ўборка ўраджаю вяліся цяглавай сілай, прымітыўнымі прыладамі (саха, драўляная барана, серп, каса) і працай прыгонных сялян. Удасканаленыя прылады (плугі, жалезныя бароны), сеялкі, жняяркі, сенакасілкі сустракаліся рэдка. У 1840—50-я г. ў панскіх фальварках вял. пашырэнне атрымалі толькі малацілкі і веялкі. У канцы 18 ст. ў магнацкай сельскай гаспадарцы зах. Беларусі наёмная рабочая сіла складала 17,2%, усходняй — 7,4% усёй рабочай сілы. Выкарыстанне машын і наёмнай працы ў панскай сельскай гаспадарцы сведчыла пра фарміраванне капіталіст. ўкладу ў нетрах феадалізму, спробе перабудовы перадавых маёнткаў у бурж. кірунку. Аднак у эпоху позняга феадалізму наёмная праца не была яшчэ альтэрнатывай паншчыне, а толькі спадарожнічала ёй. Вынікам панавання папарнага трохполля і слабай тэхн. узброенасці земляробства былі пераважна збожжавы характар паляводства, невысокая ўраджайнасць.
Земляробства ўсё больш падпарадкоўвалася попыту ўнутр. і знешняга рынкаў, набывала таварны характар. Да канца 18 ст.з магнацкіх латыфундый зах. і цэнтр. паветаў на рынкі паступала больш за 3/4 вытв-сці жыта. Самай таварнай галіной магнацкага прадпрымальніцтва было вінакурства. З магнацкіх маёнткаў усх. Беларусі вывозілі гал. чынам лён, пяньку, а таксама лес і прадукты перапрацоўкі драўніны.
2-й па значнасці галіной панскай гаспадаркі была жывёлагадоўля. Разводзілі пераважна прадукцыйную жывёлу (кароў, свіней, авечак). З ростам суконнай вытв-сці ў 1830—40-я г. ў зах. паветах значнае развіццё атрымала мерыносавая авечкагадоўля. Пашыралася і таварная мяса-малочная жывёлагадоўля. З развіццём рыначных, таварна-грашовых адносін на Беларусі паступова складвалася раённая спецыялізацыя сельскай гаспадаркі (лён у паўн., каноплі ва ўсх., бульба ў зах. і цэнтр. паветах, жывёлагадоўля на захадзе і Палессі).
Развівалася вотчыннае прадпрымальніцтва. У канцы 1820-х г. узніклі першыя панскія фабрыкі і заводы. На прамысл. прадпрыемствах выкарыстоўвалася як паншчынная праца прыгонных, так і наёмная праца (сваіх сялян і пабочных асоб).
Дзярж. зямельная ўласнасць на Беларусі значна саступала панскай. У апошняй чвэрці 18 ст. на яе долю прыпадала каля 18% усёй зямельнай уласнасці. З раздачай дзярж. зямель колькасць казённых сялян на Беларусі ў апошняй трэці 18 ст. зменшылася прыкладна ў 3 разы і склала 76,4 тыс. рэвізскіх душ, або 5,5% народанасельніцтва. У далейшым з пашырэннем дзярж. зямельнай уласнасці і натуральным прыростам насельніцтва колькасць іх тут вырасла. У 1866 яна дасягнула 266 тыс. душ мужчынскага полу, што складала 21,1% сялянскага, або 15,5% усяго насельніцтва. Амаль усе дзярж. маёнткі здаваліся з публічных таргоў у доўгатэрміновую арэнду (на 24 гады і больш) чыноўнікам, дробнай шляхце. Фальварковая гаспадарка вялася працай казённых сялян. Земляробства, жывёлагадоўля, уся гаспадарка дзярж. маёнткаў да 1840-х г. знаходзіліся на той жа ступені развіцця, што і ў панскіх фальварках.
Сяляне атрымлівалі ў карыстанне ад феадала зямельны надзел, за які абавязаны былі адбываць паншчыну або плаціць грашовы аброк. З развіццём фальваркова-паншчыннай гаспадаркі ішоў працэс абеззямельвання сялянства. У 1790-я г. ў зах. і цэнтр. Беларусі налічвалася 17,8 тыс., або 7% сялян (агароднікаў і халупнікаў), якія не мелі палявога надзелу. Напярэдадні рэформы 1861 у маёнтках сярэдне- і буйнапамесных уласнікаў 5 зах. губерняў землі, што знаходзіліся ў сял. карыстанні, складалі толькі 26,6% панскай зямлі. З развіццём таварна-грашовых адносін, абеззямельваннем часткі сял. двароў, пры розным забеспячэнні іх рабочай і прадукцыйнай жывёлай паглыблялася маёмасная дыферэнцыяцыя сялянства. У 2-й пал. 1850-х г. у маёнтках сярэдне- і буйнапамесных уласнікаў і дзярж. уладаннях Беларусі было больш за 100 тыс. беззямельных сялян-бабылёў абодвух полаў і прыкладна столькі ж малазямельных сялян-агароднікаў. Асн. крыніцай іх існавання з’яўлялася наёмная праца. З другога боку, вылучалася праслойка заможнага сялянства, якое мела вял. надзелы і значную колькасць жывёлы. Сац. расслаенне сялянства Беларусі пачалося ў 2-й пал. 18 ст. і да сярэдзіны 19 ст. дасягнула значнай велічыні.
З пашырэннем плошчы фальварковай ворнай зямлі адбываўся перавод сялян з аброчных у паншчынныя. З канца 18 да сярэдзіны 19 ст. ўдзельная вага паншчыннага сялянства ў маёнтках Беларусі павялічылася з 77 да 97%. Казённыя сяляне да 1840-х г. таксама адбывалі паншчыну. Гэта тармазіла разлажэнне феад.-прыгонніцкіх і развіццё капіталіст. адносін як у фальварковай, так і ў сял. гаспадарцы, але не магло спыніць іх. На працягу 1-й пал. 19 ст. памер паншчыны, што прыпадала на сял. гаспадарку, вырас у сярэднім у 1,5—2 разы. У 1830—40-я г. ў большасці маёнткаў найб. пашырана была паншчына 6 дзён на тыдзень зсял. гаспадаркі. Захоўваліся шматлікія павіннасці па абслугоўванні панскага двара і натуральны аброк (даніна).
Апрача павіннасцей за карыстанне зямлёй сяляне неслі дзярж. грашовыя (падушны падатак, земскі збор) і натуральныя (дарожная, кватэрная і інш.) павіннасці. Новым для Беларусі відам цяжкай павіннасці стала рэкруцкая павіннасць.
Сяляне, як і раней, займаліся рознымі промысламі. Шырокае распаўсюджанне атрымалі адыходныя промыслы — работы на будаўніцтве дарог, крэпасцей і асабліва сплаў лесу, возніцтва. Промыслы, асабліва адыходныя, садзейнічалі пранікненню таварных адносін у сял. гаспадарку.
У снеж. 1839 пачалася перабудова адм.-гасп. кіравання дзярж. вёскай зах. губерняў. Праводзілася люстрацыя, г.зн. падрабязнае апісанне маёнткаў і вызначэнне памераў сял. землекарыстання і павіннасцей. Уводзіўся падушны надзел, роўны 3 дзес. ворнай зямлі і 1 дзес. сенажацей. На аснове маёмаснай няроўнасці на дзярж. вёсцы сяляне былі падзелены на цяглых, паўцяглых, агароднікаў і бабылёў. Рэформа палепшыла становішча дзярж. сялян. У выніку праведзенай люстрацыі павіннасці казённых сялян Віцебскай і Магілёўскай губ. зменшыліся на 62—65%, Гродзенскай і Мінскай на 30—35%, а зямельныя надзелы ў апошніх губернях павялічыліся на 32—36 %, у Магілёўскай — на 15%. З 1844 у дзярж. уладаннях Беларусі фальваркі ліквідаваны, а сяляне пераведзены на грашовы аброк. Пазней адменены даніна і дадатковыя адпрацовачныя павіннасці, спынена і здача дзярж. маёнткаў у арэнду. У 1844 паводле палажэння Мікалая I ва ўсіх зах. губернях створаны губ. дваранскія к-ты для складання абавязковых інвентароў панскіх маёнткаў. Павіннасці сялян у іх вызначаліся адпаведна колькасці і якасці надзельнай зямлі, але не маглі перавышаць 1/3 валавога даходу з пазямельных участкаў. Памешчыкам забаронена самавольна вызначаць згонныя дні і абкладаць сялян натуральнымі паборамі. У панскіх уладаннях зах. і цэнтр. Беларусі абавязковыя інвентары ўведзены ў 2-й пал. 1840-х г. Ва ўсх. паветах яны былі ўведзены ў частцы маёнткаў, некалькі разоў пераглядаліся і выпраўляліся. У цэлым інвентарная рэформа засталася незавершанай і не аблегчыла становішча панскіх сялян.
19.2.1861 Аляксандр II падпісаў Маніфест і зацвердзіў праекты «Палажэнняў» аб адмене прыгону ў Расіі. З адменай прыгону панскія сяляне сталі асабіста свабоднымі. Яны атрымалі шэраг грамадз. правоў: заключаць дагаворы, узбуджаць іскі, несці асабістую адказнасць перад судом і г.д. Аднак памешчыкі засталіся ўласнікамі ўсёй зямлі маёнткаў. Сяляне на працягу 9 гадоў па-ранейшаму былі прымацаваны да надзелаў. Да заключэння выкупных здзелак яны знаходзіліся на становішчы «часоваабавязаных», але і пасля заканчэння азначанага тэрміну селянін толькі з дазволу памешчыка меў права выкупу палявой зямлі. Памеры надзелаў вызначаліся канчаткова, сяляне пазбаўляліся права прырэзкі зямлі ў будучым.
Мясц. «Палажэнні» вызначалі парадак надзялення сялян зямлёй і выканання павіннасцей за карыстанне ёю. На Беларусі рэфармаваннем былі ахоплены 1860,3 тыс. (78%) душ абодвух полаў прыватнаўласніцкіх сялян. На Магілёўскую і Віцебскую (акрамя Дрысенскага і латгальскіх паветаў) губ. распаўсюджвалася мясц. «Палажэнне» для губерняў «вялікарасійскіх, новарасійскіх і беларускіх». У Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай губ., Дрысенскім і латгальскіх пав. Віцебскай губ. дзейнічала асобнае мясц. «Палажэнне».
Паводле мясц. «Палажэння» для рускіх, паўд.-ўкр. і ўсх.-бел. губерняў, у Віцебскай (8 паветаў) і Магілёўскай губ. быў устаноўлены душавы зямельны надзел. Для кожнай мясцовасці ўведзены вышэйшая і ніжэйшая яго нормы. Памеры вышэйшага душавога надзелу па асобных паветах вагаліся ад 4 да 5,5 дзес., ніжэйшага — ад 1,3 да 1,8 дзес. Калі дарэформенны надзел перавышаў вышэйшую норму, то памешчык меў права адрэзаць лішак зямлі на сваю карысць. У выпадку, калі ў памешчыка заставалася менш за 1/3 агульнай плошчы ўгоддзяў маёнтка, ён мог утрымаць за сабой да трэці ўсіх прыдатных зямель. Са згоды сялян землеўласнік атрымаў права памяншаць надзел да чацвяртнога (1/4 вышэйшага), што даваўся бязвыплатна («дармовы», або «жабрацкі», надзел). Скарачэнне памераў надзелаў, абеззямельванне сялянства пры ўвядзенні «Палажэнняў» ва ўсх. Беларусі практыкавалася ў значных памерах. Паводле мясц. «Палажэння» для Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай і часткі Віцебскай губ. за сял. грамадой замацоўваліся надзельныя землі, якія знаходзіліся ў пастаянным карыстанні сялян на 19.2.1861. Але калі памер надзелу быў вышэйшы за інвентарны ці ў памешчыка заставалася менш чым 1/3 угоддзяў маёнтка, праводзілася адпаведная адрэзка сял. зямлі. Надзелы, дадзеныя сялянам паводле мясц. «Палажэння», у мностве панскіх уладанняў былі ўрэзаны. Памешчыкі імкнуліся пазбавіць сялян карыстання сервітутамі, у якіх сял. гаспадарка мела вял. патрэбу. У 1860-я г. зямельнымі сервітутамі і агульнымі пашамі карысталіся 56% двароў панскіх сялян цэнтр. і зах. Беларусі.
Мясц. «Палажэнне» для рус., паўд.-ўкр. і ўсх.-бел. губерняў вызначала памеры павіннасцей адпаведна велічыні душавога надзелу. Паводле яго сяляне павінны былі абкладацца аброкам да тых памераў, якія ён меў на час адмены прыгону. Паводле мясц. «Палажэння» для зах.-бел. і літ. губерняў у аснову вызначэння памераў аброку і паншчыны была пакладзена агульная вартасць павіннасцей з надзельнага ўчастка, азначаных у інвентары маёнтка. Гранічная велічыня сял. плацяжоў у параўнанні з інвентарнай некалькі зніжалася.
У зах. і цэнтр. Беларусі з адменай прыгону сяляне да зацвярджэння ўстаўных грамат павінны былі адбываць паншчыну ў памерах, устаноўленых інвентарамі панскіх маёнткаў.
Надзельную зямлю сяляне набывалі на аснове агульнага для ўсёй Рас. імперыі «Палажэння аб выкупе». Вартасць надзелу па выкупе вылічвалі шляхам капіталізацыі аброку з 6% гадавых. Выкупную аперацыю праводзіла дзяржава, якая выдавала сялянам выкупную пазыку. Пры згодзе сялян на выкуп, калі яны атрымлівалі поўны надзел, гэта пазыка складала 80% выкупной сумы, пры паменшаным надзеле — 75%. Астатнюю частку выкупной сумы (20—25%) сяляне павінны былі выплаціць памешчыку наяўнымі пры заключэнні выкупнога пагаднення. Выкупную пазыку сяляне абавязаны былі пагашаць на працягу 49 гадоў штогоднімі выкупнымі плацяжамі ў памеры 6% выкупнога доўгу. Фактычна выкуплялася не зямля, а феад. паншчынная і аброчная павіннасці сялян на карысць памешчыка.
Указам ад 1.3.1863 у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Ковенскай губ., Дрысенскім і латгальскіх паветах Віцебскай губ. абавязковыя адносіны паміж сялянамі і памешчыкамі спыняліся з 1.5.1863. Уводзіўся абавязковы выкуп са зніжэннем аброчных і выкупных плацяжоў. Сялян, што адбывалі паншчыну, пераводзілі на аброк з памяншэннем яго на 20% супраць аброчных плацяжоў, вызначаных устаўнымі граматамі. 2.11.1863 выдадзены ўказ аб спыненні з 1.1.1864 часоваабавязаных адносін у Магілёўскай, бел. і рускіх паветах Віцебскай губ.Асн. маса панскіх сялян Беларусі перайшла з аброку на выкуп ужо ў пач. 1870-х г.
З мэтай адцягнення абеззямеленых сялян ад удзелу ў паўстанні, паводле цыркуляра віленскага ген.-губернатара М.М.Мураўёва ад 18.10.1863, у зах. і цэнтр. Беларусі, а таксама Літве ім павінны былі вярнуць землі, захопленыя памешчыкамі пасля 1857 (калі яны не паступілі ў надзел інш. прыгонным або не знаходзіліся ў арэндзе). Сяляне, пазбаўленыя зямлі ў 1846—56, атрымлівалі 3-дзесяцінны сямейны надзел. У зах. і цэнтр. паветах Беларусі зямлёй былі надзелены 19,2 тыс. двароў (каля 12,5% двароў панскіх сялян).
У выніку адзначаных мерапрыемстваў умовы рэформы на Беларусі сталі больш спрыяльнымі для сялян. Аднак яна па-ранейшаму мела грабежніцкі характар. Нягледзячы на значнае зніжэнне памераў выкупу, сялянства намнога пераплаціла за яго ў сувязі са спагнаннем высокіх працэнтаў па выкупной пазыцы. За 46 парэформенных гадоў дзяржава, праводзячы выкупную аперацыю, у 5 зах. губернях атрымала каля 100 млн.руб. прыбытку. Масавы сял. рух 1905 у Рас. імперыі прымусіў царскія ўлады з 1907 скасаваць выкупныя плацяжы.
16.5.1867 прыняты закон аб рэформе дзярж. вёскі Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны. Дзярж. сялян перавялі на абавязковы выкуп і прылічылі да т.зв. сялян-уласнікаў. За сялянамі замацоўваліся надзелы, якімі яны пастаянна карысталіся да часу рэформы 1867, дапускаліся прырэзка да сял. надзелаў з запасных і інш. свабодных дзярж. зямель і абмен сял. надзелаў на казённыя зямельныя ўчасткі. Але, як і панскія, дзярж. сяляне не мелі права павялічваць памеры надзелаў пасля рэформы.
У адрозненне ад панскіх сялян дзярж. сяляне не атрымлівалі ніякай пазыкі ад казны, што ўскладняла выкуп.
Пасля рэформы 1861 вызначальным фактарам эвалюцыі с.-г. вытв-сці стала развіццё таварна-грашовых, капіталіст. адносін. Рыначныя сувязі сельскай гаспадаркі раслі. Панская гаспадарка ўсё цясней звязвалася з рынкам, станавілася прадпрымальніцкай. Сял. гаспадарка таксама набывала бурж. характар. Развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы выяўлялася найперш у пашырэнні вытв-сці, асабліва таварнай прадукцыі, у інтэнсіфікацыі і паглыбленні спецыялізацыі земляробства, узмацненні выкарыстання машын і ўдасканаленых прылад працы, паляпшэнні агракультуры, пашырэнні выкарыстання вольнанаёмнай рабочай сілы, выцясненні напаўпрыгонніцкіх форм гаспадарання капіталістычнымі, у сац.-класавай палярызацыі сялянства.
У канцы 19 ст. Беларусь, як і інш. рэгіёны Рас. імперыі, ахапіў агр. крызіс. Назіралася рэзкае паніжэнне цэн на збожжа, абумоўленае прытокам на еўрап. рынкі танных збожжавых тавараў з ЗША, Канады, Аргенціны, Аўстраліі. У гэтых умовах памешчыкі і сял. буржуазія пачалі перабудоўваць сваю гаспадарку на жывёлагадоўлю, найперш малочную, што прыносіла большы прыбытак. У выніку ў канцы 19 ст.вытв-сць збожжа на продаж у сельскай гаспадарцы Беларусі страціла пяршынствуючае значэнне. Ва ўмовах зніжэння цэн на збожжа, пры павелічэнні попыту на малочныя прадукты і павышэнні цэн на іх малочная жывёлагадоўля стала вядучай таварнай спецыялізаванай галіной сельскай гаспадаркі Беларусі. Развіццё малочна-мясной жывёлагадоўлі ўплывала на структуру пасяўных плошчаў, садзейнічала пашырэнню травасеяння, павелічэнню вытв-сці тэхн. і кармавых культур, сярод якіх першае месца займала бульба. Пашырэнне пасяўной плошчы пад бульбай вяло да паляпшэння тэхн. аснашчанасці с.-г. вытв-сці і павышэння ўзроўню агратэхнікі — замены архаічнага трохполля чатырохпольнымі севазваротамі. Рост гандл. бульбаводства быў абумоўлены ў першую чаргу развіццём вінакурнай вытворчасці (у 1881—94 у сярэднім штогод на вытворчасць спірту паступала 10,2 млн. пудоў бульбы, альбо 1/3 яе валавога збору на гэтых землях). Рост вінакурства і інш. галін с.-г. прадпрымальніцтва (мукамольнага, масларобчага, сыраварнага, алейнага, суконнага і г.д.) адыгрываў важную ролю ва ўсталяванні капіталіст. адносін у сельскай гаспадарцы. Гандлёва-капіталіст. характар мела і льнаводства. У парэформенны перыяд у паўн. паветах Беларусі яно было адным засн. кірункаў таварнай спецыялізацыі с.-г. вытв-сці.
Выключна важную ролю ва ўсталяванні капіталіст. адносін на вёсцы адыграла выкарыстанне машын і палепшаных прылад працы. У большасці маёнткаў меліся малатарні, веялкі. Часцей сталі выкарыстоўвацца сеялкі, жняяркі, сенакасілкі; глебу апрацоўвалі гал. чынам жалезнымі плугамі і баронамі. Разам з тым асн. частка бел. сялян карысталася старымі, прымітыўнымі земляробчымі прыладамі працы.
Адным знайб. істотных паказчыкаў усталявання капіталіст. адносін на вёсцы стала шырокае выкарыстанне памешчыкамі і сял. буржуазіяй наёмнай працы. У 1897 у 5 зах. губернях налічвалася 182,2 тыс. пастаянных наёмных с.-г. рабочых-парабкаў, з іх каля 130 тыс.чал. былі заняты ў с.-г. вытв-сці. Колькасць парабкаў тут была прыкладна роўная колькасці рабочых фабр.-заводскай, мануфактурнай і дробнакапіталіст. прам-сці.
Разам з тым ва ўсіх панскіх і вял. колькасці заможных сял. гаспадарак наёмная праца ў разнастайных формах цесна спалучалася з адпрацоўкамі. Па меры росту таварнай гаспадаркі і асабліва класавай дыферэнцыяцыі сялянства адпрацоўкі паступова выцясняліся вольнанаёмнай працай, але шырока практыкаваліся на Беларусі да канца 19 ст.
Найбуйнейшым перажыткам прыгонніцтва ў паслярэформеннай вёсцы была панская зямельная ўласнасць. Паводле афіц. даных, у 1877 на Беларусі памешчыкам належала 8760,5 тыс.дзес. (50,5%) прыдатнай зямлі. Вял. зямельныя масівы — 1650,7 тыс.дзес. (9,9%) — захавала за сабой феад. дзяржава. Бел. сяляне валодалі 5535,7 тыс.дзес. надзельнай прыдатнай зямлі, ці 33,4% усёй зямельнай плошчы. На кожнага памешчыка ў сярэднім прыпадала 1097 дзес., на сял. двор — 14,6 дзес. Анахранізмам феад. эпохі ў былой панскай вёсцы Беларусі былі зямельныя сервітуты і агульныя пашы, а таксама цераспалосіца, якая спалучалася з дробнапалоснасцю сял. угоддзяў, далёказямеллем. Саслоўны, паўпрыгонніцкі характар насіла пераважная большасць сял. падаткаў, плацяжоў і павіннасцей. Прамыя падаткі і павіннасці сялян падзяляліся на казённыя, земскія, грамадскія. Найбуйнейшым грашовым зборам з сялянства парэформеннай вёскі былі выкупныя плацяжы. Вял. цяжарам на плечы сялян клаўся таксама падушны падатак, які ў канцы 1860—1-й пал. 1880-х г. штогод складаў тут у сярэднім 2,8 млн.руб., ці больш за 1/3 усіх сял.дзярж. падаткаў. Земскія павіннасці сялянства складаліся з земскіх грашовых збораў і натур. павіннасцей — дарожнай, падводнай (фурманачнай), паліцэйскай. Грамадскія павіннасці адбываліся сялянамі ў грашовай і натуральнай формах. Да іх належалі зборы на ўтрыманне валаснога праўлення і суда, сельскіх адм. асоб (ураднікаў, сельскіх стараст, ветэрынараў), рамонт сельскіх запасных магазінаў і інш. Розныя зборы з сялян паглыналі львіную долю сял. бюджэту, у канцы 19 ст. не меней за 3/4 чыстага даходу з яе. У той жа час памешчыкі плацілі падатку ў сярэднім у 11,8 раза менш, чым сялянства.
Апрача прамых падаткаў сяляне плацілі вял. ўскосныя падаткі, што спаганяліся дзяржавай і прамыслоўцамі ў выглядзе дадатковай платы за тавары шырокага ўжытку (соль, тытунь, запалкі, гарэлка, цукар і інш.). Яны асабліва адбіваліся на немаёмных і маламаёмных пластах насельніцтва. Вял. цяжарам на плечы сялян клалася рэкруцкая, а з 1874 — усеаг. воінская павіннасць.
На сялян распаўсюджваліся асобыя законы, грамадз. правы іх былі абмежаваныя. Кожны селянін абавязкова прыпісваўся да сельскай ці валасной грамады, усе члены якой былі звязаны кругавой парукай пры выплаце падаткаў і адбыванні павіннасцей. Царскі ўрад таксама праводзіў палітыку абмежавання сял. перасяленняў. Сяляне падпарадкоўваліся саслоўнаму валасному праўленню, знаходзіліся пад асобай адм.-паліцэйскай апекай міравых пасрэднікаў.
З развіццём капіталіст. адносін на вёсцы, павелічэннем колькасці сельскага насельніцтва яго прадукцыйныя сілы раслі. Паляпшалася тэхн. аснашчанасць с.-г. вытворчасці. У 1910 памешчыкам належала 41,2 тыс. земляробчых машын (малатарань, веялак, сеялак, жняярак, конных грабель), сялянам (гал. чынам кулакам і заможным) — 32,5 тыс., амаль выключна малатарань і веялак. Кабальныя адпрацоўкі сялян паступова выцясняліся наёмнай рабочай сілай. Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў параўнанні з 1897 колькасць парабкаў у маёнтках і гаспадарках сял. буржуазіі Бел. рэгіёна вырасла са 130 тыс. да 200 тыс. (53,8%).
За кошт «вымывання» серадняцкіх слаёў вёскі ў пач. 20 ст. назіралася далейшае паглыбленне класавай дыферэнцыяцыі сялянства на сял. буржуазію, гал. чынам дробную, і сельскі пралетарыят, пераважна з надзелам. З канца 19 ст. да 1-й сусв. вайны ўдзельная вага сял. серадняцкіх двароў зменшылася прыкладна з 30 да 20%, а бядняцкіх узнялася з 60 да 70%, сял. буржуазіі — з 8 да 11%. Класавая дыферэнцыяцыя сялянства была новай з’явай у сац. развіцці капіталіст. вёскі.
Рэвалюцыя 1905—07 прымусіла царызм зрабіць круты паварот у агр. палітыцы, стаць на шлях паскарэння капіталіст. развіцця вёскі. Рэформа П.А.Сталыпіна была адказам царскага самадзяржаўя на рэвалюцыю. Мэтай яе было, з аднаго боку, утварэнне класа кансерватыўнай сял. буржуазіі, якая стала б апорай царскага самадзяржаўя і саюзнікам памешчыка на вёсцы, з другога — ператварэнне асн. масы сялян у парабкаў і прамысл. рабочых. Акрамя таго, ставілася задача паскорыць рост прадукц. сіл земляробства, развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы пры захаванні панскіх латыфундый. Такім спосабам урад імкнуўся прадухіліць агр.-сял. рэвалюцыю і ўзмацніць эканоміку краіны. Умовай правядзення рэформы з’яўлялася разбурэнне сельскай пазямельнай абшчыны. Паводле ўказа ад 9.11.1906, пры абшчынным землеўладанні кожны гаспадар дома, які меў у сваім карыстанні надзельную зямлю, атрымаў права выхаду з абшчыны і замацавання зямельнага надзелу ў асабістую ўласнасць. Пры выхадзе з абшчыны за сялянамі захоўвалася права карыстання надзельнымі землямі, што заставаліся ў агульным уладанні, — выганамі, пусткамі, ляснымі і інш. ўгоддзямі. Указ прадугледжваў таксама адвядзенне ім хутароў і адрубоў па магчымасці ў адным месцы, пераход цэлай грамады з абшчынным або падворным землеўладаннем да карыстання адрубамі пры згодзе 2/3 членаў сельскага сходу. У кастр. 1908 гэты ўказ унесены на разгляд 3-й Дзярж. думы, якая зацвердзіла яго з некат. зменамі і папраўкамі. Затым ён быў ухвалены Дзярж. саветам, зацверджаны Мікалаем II і стаў называцца законам 14.6.1910 (дата зацвярджэння). Гэты закон паскорыў разбурэнне пазямельнай абшчыны і ўсталяванне сял. прыватнай уласнасці на зямлю. Калі ўказ ад 9.11.1906 дазваляў добраахвотны выхад з абшчыны, то закон ад 14.6.1910 рабіў яго абавязковым для бесперадзельных сельскіх абшчын.
Непасрэднае ажыццяўленне рэформы было ўскладзена на губ. і пав. землеўпарадкавальныя камісіі, створаныя ўрадам яшчэ ў сак. 1906. Імкнучыся фарсіраваць ліквідацыю пазямельнай абшчыны, урад выдаў 29.5.1911 новы закон, паводле якога землеўпарадкаванне магло праводзіцца незалежна ад таго, замацавана зямля ва ўласнасць ці не. Значна пашыраліся правы і функцыі землеўпарадкавальных камісій. Яны маглі прымусова рассяляць сялян на хутары і адрубы. На хутары і адрубы ішлі гал. чынам крайнія групы сялянства — сял. буржуазія і бедната. Агр. рэформа П.А.Сталыпіна садзейнічала абеззямельванню найбяднейшай часткі вёскі і канцэнтрацыі зямлі ў руках сял. буржуазіі. Сяляне-беднякі, часцей за ўсё хутаране, не маючы магчымасці весці гаспадарку, прадавалі свае надзелы. У 1907—14 па 5 зах. губернях прадалі зямлю, атрыманую ва ўласнасць, 40,8 тыс. гаспадароў дамоў, або 35,8% усіх хутарскіх і адрубных двароў. Рэформа паскорыла рост бурж. і скарачэнне панска-паўфеадальнага землеўладання. За названы перыяд у 5 губернях дваранскае землеўладанне зменшылася на 1099,1 тыс.дзес. (12,7%), а сял. прыватнае землеўладанне павялічылася на 1105,8 тыс.дзес. (56,1%).
Важная роля ў ажыццяўленні агр. палітыкі адводзілася Сял. пазямельнаму банку, на які была ўскладзена задача продажу сялянам дваранскіх зямель, нарэзаных хутарамі, на выгадных для іх уладальнікаў умовах. Банк садзейнічаў выпампоўванню грашовых сродкаў з вёскі на карысць памешчыкаў, дапамагаў апошнім у перабудове іх гаспадаркі на капіталіст. пачатках, насаджаў сял. хутарское землекарыстанне. Пазыковая палітыка банка была падпарадкавана хутарызацыі. У выніку дзейнасці Сял. пазямельнага банка, з аднаго боку, расла зямельная ўласнасць, умацоўвалася хутарская гаспадарка заможных вярхоў сялянства, з другога — узмацняліся згаленне большасці сялян, кабала і ліхвярства на вёсцы. Землеўпарадкавальныя камісіі і земскія ўстановы аказвалі фін.-эканам. падтрымку рэформе, асігноўвалі сродкі на стварэнне паказальных хутароў, агранамічную дапамогу сялянам, стваралі с.-г. склады, забяспечвалі сялян новай земляробчай тэхнікай, палепшаным насеннем і інш., што ўплывала на павышэнне культуры сял. земляробства, хоць для сельскай беднаты мела нязначныя вынікі.
Састаўной часткай рэформы з’яўлялася перасяленне сялян на ўскраіны краіны, найперш у Сібір. Такім шляхам меркавалася зняць вастрыню малазямелля ў цэнтры. У 1907—14 з 5 зах. губерняў у Сібір і на Д. Усход перасялілася 335,4 тыс. чалавек, што складала 11,6% перасяленцаў па Еўрап. Расіі. Асн. катэгорыю перасяленцаў складала вясковая бедната. Эканам. становішча перасяленцаў было не лепшае, чым на радзіме. Цяжкае матэрыяльнае становішча ўзмацнялася суровым, нязвыклым кліматам усх. рэгіёнаў, адсутнасцю ўрачэбнай дапамогі, масавымі хваробамі і ў выніку высокай смяротнасцю сярод перасяленцаў. Нацярпеўшыся нягод, значная частка іх вярталася ў родныя мясціны. У 1907—14 у 5 зах. губерняў з Сібіры і Д. Усходу вярнулася 36,5 тыс. (10,9%) перасяленцаў.
Сталыпінская агр. рэформа пацярпела няўдачу, бо праводзілася пры захаванні ўлады памешчыкаў, асноў панскай зямельнай уласнасці, за кошт згалення сял. мас. Яна не прывяла да карэнных змен у грамадскім ладзе Рас. імперыі. Ломка першабытнага абшчыннага землеўладання была эканамічна прагрэсіўная, але яна праводзілася ў рэакцыйных мэтах — захавання землеўладання памешчыкаў, іх даходаў, паліт. улады.
Прамысловасць. Гандаль. Гарады і мястэчкі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай эканоміка Беларусі апынулася ў новых паліт. і гасп. умовах. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў фін.-грашовай сістэме Рас. імперыі склалася цяжкая сітуацыя. Увядзенне ў 1769 папяровых грашовых знакаў — асігнацый — прывяло да нарастання інфляцыйных працэсаў. На бел. губерні вольнае абарачэнне банкаўскіх асігнацый было распаўсюджана ўказам ад 8.2.1795. Курс асігнацый у адносінах да сярэбранай манеты падаў з кожным годам. У 1814—15 ён знізіўся да 20 кап. серабром. Інфляцыя стрымлівала развіццё капіталіст. адносін, гандлю і крэдыту. Грашовая рэформа 1839—43 усталявала сістэму сярэбранага монаметалізму з абарачэннем устойлівых папяровых грашовых знакаў. Яна амаль на 10 гадоў стабілізавала грашовае абарачэнне і стала імпульсам хуткага развіцця таварна-грашовых адносін.
Уніфікацыі бел. і рас. рынкаў садзейнічала ўвядзенне адзіных мер і вагаў. Хаця атрыманне ўзорных мер і вагаў зацягнулася аж да пач. 1830-х г., агульнарас. адзіныя меры вымярэння паступова ўвайшлі ў побыт бел. губерняў. Афіц. палітыка абароны правоў вытворцаў шляхам дзярж. зацвярджэння прамысл. клеймаў была накіравана супраць пранікнення на рынак падробак і няякаснай прадукцыі. З 1830 па 1860 права на клеймаванне сваёй прадукцыі атрымаў 51 бел. прадпрымальнік. Увядзенне адзіных мер вымярэння, разам з абаронай правоў вытворцаў, паклала пачатак стандартызацыі — неад’емнай рысы індустр. грамадства.
У прам-сці Беларусі канца 18—1-й пал. 19 ст.найб.эканам. поспехі былі дасягнуты ў сферы дваранскага прадпрымальніцтва. У апошняй чвэрці 18—1-й чвэрці 19 ст. новыя прадпрыемствы адчынялі буйныя землеўласнікі, гал. чынам рас. паходжання. Графу Р.Пацёмкіну ў Крычаўскім графстве належала суднаверф, канатная і парусінавая мануфактуры, у Дубровенскім старостве — адна з першых у Рас. імперыі гадзіннікавая мануфактура, суконная мануфактура і мануфактура па вытворчасці пазументаў. Граф С.Зорыч заснаваў у Шклоўскім маёнтку гарбарную, канатную, парусінавую, суконную і шаўкаткацкую мануфактуры. Правадз. тайны саветнік М.Навасільцаў трымаў у Слоніме суконную і дывановую мануфактуры. Дзярж. канцлер, граф М.Румянцаў меў у Гомельскай эканоміі 2 вінакурныя з-ды, 3 гуты, 3 ткацкія фабрыкі, 2 піваварні, медны, ліцейны, свечачны, гарбарны, ільнотрапальны, цагельны, вапнавы і кафляны з-ды, сыраварню, шматлікія млыны, кузні і лесапільні. 2-і перыяд дваранскага прадпрымальніцтва пачаўся ў 1820-я г. У ім актыўна ўдзельнічалі сярэднія і дробныя землеўладальнікі, шляхта мясц. паходжання. Гэты перыяд характарызаваўся спецыялізацыяй вытв-сці, узнікненнем новых галін прам-сці, укараненнем удасканаленага абсталявання і паравых машын, спалучэннем мануфактуры і фабрычных форм арганізацыі вытв-сці, цеснай сувяззю са знешнім і ўнутр. гандлем. Дваранскія прадпрыемствы такога тыпу былі падрыхтаваны да дзейнасці ва ўмовах капіталіст. грамадства.
Другарадную ролю ў агульным развіцці прам-сці адыгрывалі эканам. намаганні купцоў і мяшчан. Ім належалі дробныя і сярэднія прадпрыемствы; адзінкавымі выключэннямі былі Альбрэхтаўскі стэарынава-свечачны і млынавы з-ды, пінскі паравы млын, слонімская медзеапрацоўчая ф-ка.
Дробныя прадпрыемствы на Беларусі ў 1796 складалі прыкладна 99%, у 1860—96% усіх прадпрыемстваў. У 1860 налічвалася 7,8 тыс. дробных капіталіст. прадпрыемстваў з 23,4 тыс. рабочых і сумай вытв-сці 14,1 млн.руб. Рамеснікі працавалі ў асн. на заказ. Прадукцыя дробнатаварнай вытв-сці паступала на мясц.гар., местачковыя і сельскія таргі і базары. Паступова ішоў працэс накаплення купецка-мяшчанскага капіталу.
Далейшае пашырэнне вытв-сці патрабавала новай энергетыкі, а ўдасканаленне тэхналогіі — непарыўнасці вытв. працэсу. На Беларусь прыйшоў час прамысл. перавароту. Яго сутнасць заключалася ў выцясненні ручной працы сістэмай машын і механізмаў. 1-ы паравы рухавік з’явіўся на Хомскай ф-цы (Кобрынскі пав.) памешчыка В.Пуслоўскага. У 1818 граф М.Румянцаў пачаў буд-ва паравой лесапільні і парахода. Да сярэдзіны 1850-х г. паравыя машыны меліся ва ўсіх галінах бел. прам-сці. У 1860 дзейнічала 76 прадпрыемстваў з паравымі рухавікамі і паравымі катламі і сумай вытв-сці 1926 тыс.руб. Хаця на ф-ках працавала ў 2 разы менш рабочых, чым на мануфактурах, фабр. прадукцыя па кошце амаль на 20% пераўзыходзіла мануфактурную. У адрозненне ад цэнтр. губерняў Рас. імперыі, дзе прамысл. пераварот пачаўся ў баваўнянай прам-сці, на Беларусі лідэрам тэхн. прагрэсу ў 1-й пал. 19 ст. былі асобныя прадпрыемствы суконнай і харч. прам-сці.
Прам-сць Беларусі ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў асноўным абапіралася на мясц. сыравінную базу, што вызначыла развіццё яе вядучых галін — харчасмакавай і тэкстыльнай. Гал. галіной прам-сці дарэформеннай Беларусі было вінакурства. Новай і выключна дваранскай галіной харчовай прам-сці стала вытв-сць цукру. У мукамольнай прам-сці былі прадстаўлены ўладальнікі прадпрыемстваў з усіх саслоўяў і ўсе формы арганізацыі вытв-сці: дробнатаварная, мануфактурная і фабрычная. У 1796 дзейнічалі 1184 мукамольныя прадпрыемствы з 1400 рабочымі і гадавым перамолам 843 тыс. пудоў збожжа. Да 1860 іх колькасць вырасла да 1834, а гадавы перамол — да 2956 тыс. пудоў. У 1841 пачаў працу 1 -ы на Беларусі паравы млын (Магілёў). Пазней такія млыны з’явіліся ў Пінску і Віцебску. Тытунёвыя прадпрыемствы належалі купцам і мяшчанам і размяшчаліся толькі ў гарадах. Хутка развіваліся свечачныя і мылаварныя прадпрыемствы. Па памерах вытв-сці і дасканаласці тэхн. абсталявання вылучаліся Альбрэхтаўскі стэарынава-свечачны і мылаварны (каля Пінска) з-ды варшаўскага купца Р.Ботэ. У тэкстыльнай прам-сці ў канцы 18 — пач. 19 ст. панавала вытв-сць палатняных, з 1820-х г. — ваўняных тканін. Да лепшых прадпрыемстваў Беларусі належалі Альбярцінская суконная ф-ка В.Пуслоўскага (Слонімскі пав.) і Парэцкая суконная ф-ка А.Скірмунта (Пінскі пав.).
Попыт на метал. вырабы разам з высокімі коштамі на прывазное жалеза прывёў да кароткачасовага ўздыму бел. чорнай металургіі. З 1828 па 1860 колькасць выплаўленага і пераробленага на Беларусі жалеза вырасла з 5,3 да 245 тыс. пудоў, а сума вытв-сці з 10,8 да 569,1 тыс.руб.Найб. стабільна працавалі металургічныя і металаапрацоўчыя прадпрыемствы Храптовіча ў Вішневе (Ашмянскі пав.), Барысаўшчынскі металургічны завод (Барысаўскі пав.), Старынкаўскі чыгунаплавільны і машынабуд. з-ды памешчыка Бенкендорфа (Чэрыкаўскі пав.).
На перапрацоўцы лясных багаццяў Беларусі базіраваліся шматлікія галіны лясной прам-сці: лесапілаванне, вытв-сцьбуд. гонту, суднабудаўніцтва, экіпажнае майстэрства, паташныя, дзягцярныя, смалакурныя і шкіпінарныя прадпрыемствы.
Бел. губерні, у параўнанні зінш. рэгіёнамі Рас. імперыі, мелі больш развітую сістэму шляхоў зносін, што з’явілася вынікам інтэнсіўнага буд-ва водных і сухапутных шляхоў. Да 1860-х г. праз Беларусь прайшлі важныя сухапутныя шляхі: шаша Брэст—Варшава, Масква—Брэст, Віцебск—Смаленск, Магілёў—Бабруйск. Шаша з Пецярбурга ў Кіеў атрымала афіц. назву Бел. тракту.
У 1799 пачаліся работы па паляпшэнні Агінскага канала. Быў рэканструяваны і Каралеўскі канал, які паводле ўказа ад 9.12.1846 наз. Дняпроўска-Бугскім. У 1797 імператар Павел I зацвердзіў праект буд-ва Бярэзінскай сістэмы, якая злучыла басейны Дняпра і Зах. Дзвіны. У 1824—39 пабудавана Аўгустоўская водная сістэма на стыку бел. і польскіх губерняў, якая злучыла басейны Нёмана і Віслы. У выніку ў 1-й пал. 19 ст. амаль што ўсе буйныя рэкі Беларусі былі злучаны штучнымі воднымі шляхамі. Да пач. 1860-х г. даўжыня суднаходных шляхоў па 5 бел. губернях складала каля 4 тыс.км, а сплаўных — прыкладна ўдвая больш. Будаваліся і новыя сродкі зносін — параходы. У дарэформенны перыяд па бел. рэках плавала 20 паравых суднаў.
Гандл. адносіны ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. характарызаваліся нарастаннем крызісу сярэдневяковых форм гандлю, адначасова яго спецыялізацыяй і з’яўленнем новага тыпу ўдзельнікаў рынку, больш цесна звязаных з вытв-сцю. Гэта сведчыла пра заняпад натур. феад. гаспадаркі і развіццё капіталіст. рынку. У 1-й пал. 19 ст. гандаль ажыццяўляўся ў асн. па водных шляхах. У 1844 па рэках Беларусі было перавезена грузаў на 8,8 млн.руб., у 1860 — на 18 млн.руб. Асабліва павялічыўся сплаў лесу — асн. экспартнага тавару Беларусі. Па колькасці кірмашоў вылучаліся Магілёўская, Мінская і Гродзенская губ. Віцебская губ. саступала ім па колькасці кірмашоў, але па суме прададзеных тавараў стаяла нароўні зінш. губернямі. Буйнейшымі на ўсходзе былі Бешанковіцкі і Гомельскі, у цэнтры — Мінскі, на захадзе — Прыбараўскі, Зэльвенскі і Свіслацкі кірмашы.
Важнай мерай, якая падтрымлівала развіццё гандлю і ўсёй эканомікі, была дзярж. мытная палітыка. Пратэкцыянісцкі курс, якога Рас. імперыя прытрымлівалася ў 1822—50, павінен быў садзейнічаць станаўленню капіталіст. тэндэнцый у развіцці гаспадаркі і ўмацаваць уплыў яе знешнегандлёвых сувязей на сусв. рынку. У той жа час паміж Царствам Польскім і асн. часткай Рас. імперыі існавала мытная мяжа. Менавіта яе адмена ў 1850 прывяла да значнага памяншэння абаротаў самых буйных кірмашоў на захадзе Беларусі ўздоўж мытнай мяжы.
Развіццё капіталіст. адносін на Беларусі мела свае характэрныя рысы і нац. асаблівасці. Зыходнай базай для эвалюцыі эканомікі з’яўляліся сельская гаспадарка і вёска. Менавіта там былі сканцэнтраваны эканам. ініцыятыва, асноўныя фін., сыравінныя і прац. рэсурсы. У сельскай мясцовасці разгортвалася і атрыманая ў спадчыну ад феадалізму гандл. дзейнасць у форме перыяд. кірмашовага гандлю. Гарады і гар. эканоміка ў працэсе зараджэння капіталізму ў Беларусі адыгрывалі дапаможную ролю. Бел. «мадэль» генезісу капіталізму рэалізавалася ва ўмовах адсутнасці ўласнай нац. дзяржавы і, адпаведна, уласнай дзярж.эканам. ініцыятывы.
Асн. зрухі ў жыцці бел. гарадоў у канцы 18 — сярэдзіне 19 ст. звязаны са зменай іх адм. статусу. Паводле законаў Рас. імперыі яе гарады падзяляліся на губ., пав. і т.зв. заштатныя. Шматлікія змены ў адм. падзеле бел. зямель вялі да істотных перамен у становішчы бел. гарадоў. Брэст, Мсціслаў і Навагрудак атрымалі статус пав. гарадоў. Стараж. Полацк і Слонім, першапачаткова выдзеленыя як губернскія, у хуткім часе таксама апынуліся ў ліку павятовых. Нясвіж, нядоўга прабыўшы пав. горадам, перайшоў у разрад заштатных. Захавалася значэнне Вільні як агульнага цэнтра Беларусі і Літвы, чаму садзейнічаў статус Віленскага ген.-губернатарства і канцэнтрацыя ў ім адм. улады і культ. жыцця.
Разам з гарадамі істотную ролю ў эканам. жыцці Беларусі адыгрывалі мястэчкі. Ад вёсак іх адрознівала права на вядзенне гандлю, рамёстваў і кірмашовую дзейнасць, ад гарадоў — адсутнасць сістэмы гар. самакіравання і гар. правоў для местачковага насельніцтва. У параўнанні з гарадамі мястэчкі наогул не адыгрывалі адм. ролі, значна саступалі ім па развіцці прам-сці. Аднак местачковае рамяство ў агульным выглядзе можна параўнаць з гарадскім, а гандл. значэнне шэрагу з іх іншы раз перавышала памеры гар. гандлю (Бешанковічы, Зэльва, Прыбарава, Свіслач, Стоўбцы, Целяханы).
У адносінах да юрыд. становішча гарадоў і гараджан новыя рас. ўлады праводзілі даволі непаслядоўную палітыку, у канчатковым выніку накіраваную на уніфікацыю бел.гар. самакіравання з агульнарасійскім. У 1858 у гарадах Беларусі налічвалася 15,6 тыс. рамеснікаў. З улікам местачковых рамеснікаў іх агульная колькасць складала прыкладна 32—33 тыс., пераважна яўрэяў (да 2/3 ад агульнай колькасці). Асн. частка рамеснікаў гарадоў і мястэчак працавала на заказ. У астатніх галінах эканомікі гар.прам-сць не адыгрывала значнай ролі і не вытрымлівала канкурэнцыі з прам-сцю, якая базіравалася ў сельскай мясцовасці, развівалася за кошт эканам. ініцыятывы дваран і была набліжана да танных сыравінных і прац. рэсурсаў. Разам з ліквідацыяй прыватнаўласніцкіх гарадоў і паслабленнем паліт. і эканам. магутнасці магнацкіх родаў у поўны заняпад прыйшлі і тыя бакі гар. жыцця, якія былі разлічаны на абслугоўванне патрэб феад. двара (ювелірнае майстэрства, вытв-сць зброі і прадметаў раскошы).
У канцы 18—1-й пал. 19 ст. адбывалася карэнная рэканструкцыя гарадоў. У лют. 1778 Кацярына II зацвердзіла планы 22 гарадоў Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў. На гарады Беларусі паступова распаўсюджвалася рэгулярная арх.-планіровачная арганізацыя на ўзор гарадоў Рас. імперыі. Дзеля гэтага былі зруйнаваны крапасныя валы ў Мінску, Магілёве, Пінску і інш. гарадах, што садзейнічала стварэнню выразнай вулічнай сеткі. Спецыфікай бел. горадабудаўніцтва канца 18—1-й пал. 19 ст. з’яўляецца праектаванне і буд-ва Бабруйскай і Брэсцкай крэпасцей і комплексная забудова шэрагу бел. гарадоў як гарадоў-рэзідэнцый. Новыя ўладальнікі бел. маёнткаў стваралі палацава-сядзібныя ансамблі, выразна змяніўшы аблічча стараж.бел. гарадоў. У канцы 18 ст. такія комплексы пабудавалі С.Зорыч у Шклове, Р.Пацёмкін у Крычаве, З.Чарнышоў у Чачэрску, Румянцавы і Паскевічы ў Гомелі.
Дробнатаварная, мануфактурная і фабрычная вытв-сць, што склалася ў дарэформеннай Беларусі, пасля адмены прыгоннага права і рэформ 1860—70-х г. захавалася і атрымала далейшае развіццё. Пры гэтым значна пабольшала роля фабр.-заводскай прам-сці, якая ўпэўнена стала дамінуючай у прамысл. сектары бел. эканомікі. Яна з’яўлялася лідэрам тэхн. прагрэсу, выключна на ёй базіраваліся новыя для Беларусі вытв-сці прамысл. тавараў. Мануфактурная і дробнатаварная вытв-сць, хаця і саступала фабр.-заводскай па тэхн. узбраенні і ступені канцэнтрацыі прадукцыйных сіл, у агульным памеры вытв-сці займала значнае месца. Паралельнае існаванне, а не замена рамяства мануфактурай і мануфактуры фабрыкай, не сведчыла аб адсталасці бел. прам-сці. Тэхн. ўзровень не дазваляў весці машынную перапрацоўку ўсіх сыравінных рэсурсаў, а наяўнасць значнага лішку танных прац. рук стрымлівала тэхн. прагрэс, што тлумачыла трываласць у эканоміцы Беларусі дробнатаварнай вытв-сці і мануфактуры. У дробнатаварнай і мануфактурнай прам-сці назіраліся і некат. рысы канцэнтрацыі вытв-сці. Так, мяст. Смаргонь Віленскай губ. стала цэнтрам гарбарнай прам-сці, мяст. Дуброўна Магілёўскай губ. спецыялізавалася на вытворчасці талесаў (яўрэйскіх малітоўных шаляў), Копысь Магілёўскай губ. — кафлі.
Асабліва бурна развіваліся ф-кі і з-ды Беларусі ў канцы 19 ст. Гэты перыяд можна лічыць пачаткам індустрыялізацыі. На працягу 1880—90-х г. на Беларусі пабудавана ў 4 разы больш прадпрыемстваў, чым за 2 папярэднія дзесяцігоддзі. Важкім паказчыкам індустрыялізацыі быў рост энергет. узброенасці прам-сці. У пач. 1890-х г. на Беларусі дзейнічалі 294, у 1900—527 паравых рухавікоў. У 1889 пры Добрушскай папяровай ф-цы пачала працаваць 1-я на Беларусі электрастанцыя. За 40 парэформенных гадоў сума фабр.-заводскай вытв-сці на Беларусі вырасла з 1,9 да 72,1 млн.руб. (у 38 разоў), мануфактурнай — у 14 разоў, дробнатаварнай — у 3,1 раза, колькасць фабрык і з-даў у 15 разоў (з 76 да 1137), мануфактур — у 5,4 раза, дробных прадпрыемстваў — у 1,2 раза. У 1900 на бел. ф-ках і з-дах выраблена больш як 46% прамысл. прадукцыі, на мануфактурах — 15%.
Пры захаванні традыц. галіновай структуры бел. прам-сці ў ёй адбыліся колькасныя змены і якаснае паляпшэнне. Вядучае месца засталося за рознымі галінамі харчасмакавай прам-сці. Другараднае значэнне мелі тэкстыльная, гарбарная, шкляная, сілікатна-будаўнічая і інш.прамысл. галіны. Якасныя змены адбываліся ў лясной прам-сці. Побач з вывазам сырога лесу, які павялічваўся з кожным годам, на Беларусі ўзніклі прадпрыемствы па глыбокай перапрацоўцы драўніны. Лідэрам у гэтай галіне стала Добрушская папяровая ф-ка, якая мела першакласнае тэхн. абсталяванне, увяла новыя тэхналогіі і да 1900 давала штогод да 317,5 т паперы на суму 1601 тыс.руб. Даволі вял. папяровыя ф-кі дзейнічалі каля Чашнікаў у Лепельскім пав. («Скіна», засн. ў 1885) і Шклове (засн. ў 1890). Буйныя запалкавыя ф-кі дзейнічалі ў Барысаве, Койданаве, Мазыры, Пінску, Навабеліцы. Шматлікія прадпрыемствы лясной прам-сці Беларусі выраблялі дошкі, гонту, паркет, шпалы, запалкавую саломку, драўняную масу, кардон. Відавочным сведчаннем канцэнтрацыі вытв-сці ў лесахімічнай прам-сці былі буйныя з-ды сухой перагонкі драўніны ў Аршанскім, Рагачоўскім і Сенненскім пав. Гарбарная, шкляная і сілікатна-буд. галіны прам-сці паступова павялічвалі памеры вытв-сці, аднак тэхн. прагрэс пакуль што слаба закрануў іх.
Новай з’явай у эканоміцы Беларусі 2-й пал. 19 ст. было буд-ва асобных прадпрыемстваў, якія займалі часта манапольнае становішча ў адпаведнай вытв-сці: алоўкавая ф-ка ў Гродне, 1-я ў Рас. імперыі ф-ка акуляраў і аптычных прылад у Віцебску, суднабудаўнічы завод у Пінску.
Вял. значэнне для развіцця эканомікі Беларусі мела інтэнсіўнае чыг.буд-ва, якое разгарнулася з 1860-х г. Праз Гродна ў 1862 прайшла чыгунка Пецярбург—Варшава. У 1866—68 Віцебск і Полацк сталі станцыямі Рыга-Арлоўскай чыгункі. У 1871 з усходу на захад Беларусь перасекла чыгунка Масква—Брэст. Праз 2 гады пачаўся рух на бел. участку (Смаргонь—Маладзечна—Мінск—Асіповічы—Бабруйск—Жлобін—Гомель) Лібава-Роменскай чыгункі; праз Брэст прайшла чыгунка з Украіны да мяжы з Прусіяй. Такім чынам, бел. губерні атрымалі надзейны сродак зносін з Пецярбургам і Масквой, Украінай, партовымі гарадамі Рыгай і Лібавай, Варшавай і Зах. Еўропай. 8.8.1887 на станцыі Гомель урачыста адзначалася завяршэнне буд-ва сеткі казённых Палескіх чыгунак. Іх агульная даўжыня складала больш за 1400 вёрст. Кожны рэгіён Беларусі, праз які праходзіла чыгунка, атрымліваў моцны стымул для эканам. росту. За першыя 25 гадоў эксплуатацыі Палескіх чыгунак іх грузаабарот вырас у 50 разоў. Калі ў 1885 на Палессі было ўсяго 6 лесапільных з-даў з агульнай вытв-сцю 150 тыс.руб. за год, то ў 1909—48 з агульнай вытв-сцю больш за 2 млн.руб. Колькасць гарбарных з-даў вырасла з 24 да 100, іх гадавая вытв-сць павялічылася да 500 тыс.руб. Агульная колькасць усіх фабрык і з-даў у раёне Палескіх чыгунак вырасла з 674 да 4000 з гадавой вытв-сцю каля 60 млн. руб.
Індустрыялізацыя ахапіла і водны транспарт. За 1860—1900 колькасць паравых суднаў па рэках Беларусі вырасла з 20 да 164, а агульны грузаабарот чыг. і воднага транспарту краю — амаль у 18 разоў.
У 1881—85 ва ўсіх бел.губ. гарадах арганізаваны аддз.Дзярж. банка Рас. імперыі. Па колькасці ўлічаных вэксаляў Мінскае аддз. Дзяржбанка на мяжы стагоддзяў займала 5-е месца ў Рас. імперыі. У якасці саслоўных крэдытных устаноў дзейнічалі іпатэчныя дзярж. банкі — Сял. пазямельны банк (з 1883), Дваранскі зямельны банк (з 1885) і прыватныя акцыянерныя зямельныя банкі — Віленскі, Маскоўскі і Пецярбургска-Тульскі, якія мелі на Беларусі свае філіялы. Новы дзярж. курс у галіне фін.-крэдытных адносін выявіўся ў дазволе на дзейнасць прыватных банкаў. 8.1.1870 падпісаны сенацкі ўказ аб усталяванні ў Гомелі грамадскага банка. Больш дробныя гар. банкі дзейнічалі ў Полацку (з 1874), Віцебску (з 1882), Барысаве (з 1900), Ігумене (з 1904) і Магілёве (з 1908). У 1873 пачаў сваю дзейнасць Мінскі камерцыйны банк — буйнейшы прыватны банк Беларусі. У перыяд прамысл. ўздыму 1890-х г. банк адкрыў 11 філіялаў, у т. л. 9 за межамі бел. губерняў. Дробнае і кароткачасовае крэдытаванне ажыццяўлялі банкірскія і банкаўскія канторы. У канцы 19 ст. 37 такіх крэдытных устаноў існавалі ў 16 нас. пунктах Беларусі, у т. л. ў Ваўкавыску, Кобрыне, Ляхавічах, Нясвіжы, Пружанах, Слоніме. У 1874 з’явіліся першыя т-вы ўзаемнага крэдыту — Мінскае і Магілёўскае. Актыўна дзейнічалі на тэр. Беларусі агульнарас. і рэгіянальныя прыватныя камерц. банкі: Пецярбургска-Азоўскі, Арлоўскі, Варшаўскі, Рыжскі, Адэскі, Віленскі, Беластоцкі і інш.
У гандлі імкліва меншала значэнне кірмашоў. У 1868 на іх прададзена тавараў удвая менш, чым у 1860. Заняпад кірмашовага гандлю непасрэдна звязаны з развіццём чыг. транспарту, сродкаў сувязі і выхадам на рынак вял. колькасці прамысл. прадукцыі. Гэта дазваляла весці гандаль больш раўнамерна на працягу года і не прыстасоўвацца да прыродных умоў. Кірмашы, якія захаваліся, набывалі рысы гандл. біржаў, дзе ішоў не столькі непасрэдны гандаль таварамі, колькі адбываліся гандл. аперацыі, заключаліся здзелкі. Рост урбанізацыі Беларусі прывёў да значнага пашырэння рознічнага гандлю. У канцы 19 ст. гандаль у крамах сканцэнтраваў 95% усяго гар.ўнутр. гандлёвага абароту. У 1900 гандл. абарот больш за 1 млн.руб. мелі 14 бел. гарадоў. Тавараабарот у сельскай мясцовасці быў нізкі і значна адставаў ад гарадскога. Па паказчыках на душу насельніцтва ў 1900 ён быў меншы за тавараабарот у гарадах у 7 разоў.
Хаця пераважная колькасць прадпрыемстваў Беларусі размяшчалася ў сельскай мясцовасці, эканам. роля гарадоў павялічылася. Цэнтрамі фабр.-заводскай прам-сці сталі ўсе губ. гарады, а таксама Пінск, Гомель, Брэст, Барысаў, Бабруйск. Значныя змены адбыліся ў гар. камунальнай гаспадарцы. У 1898 пачаўся трамвайны рух у Віцебску. Гар. эканоміку дапоўнілі гар. электрастанцыі (1-я пачала працаваць у Мінску ў 1895) і бойні.
Да пач. 20 ст. на Беларусі быў завершаны прамысл.-тэхн. пераварот і ў асн. галінах прам-сці і транспарту канчаткова зацвердзілася перавага машыннай індустрыі. З 1900 па 1913 колькасць прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці вырасла з 799 да 1280. Як і раней, працавалі шматлікія мануфактуры, дробныя прадпрыемствы, майстэрні, якія ў асн. арыентаваліся на мясц. спажыўца. Амаль у кожнай прамысл. галіне адбываліся перамены, ішла тэхнал. перабудова, расла энергаўзброенасць праз укараненне не толькі паравых рухавікоў, але і рухавікоў унутр. згарання і электрарухавікоў. Гэты працэс ахапіў і буйныя, і параўнальна невял. прадпрыемствы, напр., друкарні і тыпалітаграфіі.
Поруч з лесам лён пачаў выступаць на рынку не толькі як першапачатковая сыравіна. Выраб ачэсанай суравой і беленай ільняной пражы ў 1900 пачала льнопрадзільная ф-ка «Дзвіна» ў Віцебску, у 1902 — у сяле Высачаны Аршанскага пав. Адкрыццё ў 1901 ткацкай ф-кі ў мяст. Дуброўна па вырабе баваўняных, шаўковых і джутавых тканін прывяло да структурных змен у тэкстыльнай прам-сці — доля суконных прадпрыемстваў скарацілася. Працягвалі дзейнічаць Альбярцінская (Слонімскі пав.) і Лахазвянская (Навагрудскі пав.) шоўкакруцільныя ф-кі. У шкляной прам-сці разгарнулася вытв-сць хрусталёвага і лямпавага шкла, шкляных электраізалятараў. На з-дзе ў Альбярціне ў 1913 пачаўся выраб электралямпачак. У харчасмакавай прам-сці буйнейшым прадпрыемствам заставалася Гродзенская тытунёвая ф-ка Шарашэўскага. Аднак у гэтай галіне быў самы нізкі ўзровень канцэнтрацыі вытв-сці. Крыху паменшылася колькасць вінакурных з-даў, але іх вытв-сць павялічылася за кошт узбуйнення прадпрыемстваў і паляпшэння тэхналогіі. Напярэдадні 1-й сусв. вайны Мінская губ. выйшла на 1-е месца ў Рас. імперыі па вытв-сці спірту.
Прыкметнай эканам. з’явай на мяжы стагоддзяў сталі акц. кампаніі. Акцыянерна-паявыя прадпрыемствы існавалі ва ўсіх галінах бел. эканомікі, асабліва дзе ўзнікала патрэба хуткай мабілізацыі фін. сродкаў. Гэта маглі быць і сярэднія прадпрыемствы, і буйныя ф-кі і з-ды, прадпрыемствы трансп. і камунальнай сферы. Да першых адносіліся завод у мяст. Прапойск Быхаўскага пав. (засн. ў 1906, належаў т-ву Паўн.-Зах. канатна-драцяной вытв-сці), Акцыянернае т-ва ф-кі канторскіх кніг, пераплётных вырабаў і тыпалітаграфіі «Браты І. і М. Харыны», што дзейнічала з 1902 у Гродне. У форме акц. капіталу ў эканоміку Беларусі ішлі найб. буйныя замежныя інвестыцыі: бельгійскія акц. т-вы з’яўляліся ўладальнікамі віцебскага трамвая і льнопрадзільнай ф-кі «Дзвіна», франц. капіталу належалі 2 шоўкакруцільныя ф-кі і ф-ка грабянёў у Мінску.
Сведчаннем канцэнтрацыі і манапалізацыі вытв-сці стала з’яўленне сіндыкатаў і манапалістычных аб’яднанняў. У 1905 створаны сіндыкат кафельных заводчыкаў у Копысі, у 1906 — сіндыкат піваварных заводчыкаў Паўн.-Зах. краю ў Оршы, у 1911 — сіндыкат «Прадакон», куды ўвайшлі ўладальнікі канвертавых ф-к Брэста, Вільні і Адэсы (праўленне размяшчалася ў Мінску). У 1905 у Мінску пры аддз.Паўн. банка створаны «Камітэт запалкавых фабрыкантаў Заходняга краю», у 1908 бел. запалкавыя ф-кі ўвайшлі ў склад новаўтворанага «Рускага таварыства запалкавага гандлю». Бел. прадпрымальнікі часам выступалі ініцыятарамі агульнарас. манапольных аб’яднанняў.
Пасля некат. перапынку на Беларусі зноў пачалося інтэнсіўнае чыг.буд-ва, якое вялося з улікам паліт. і стратэгічных інтарэсаў Рас. імперыі. Але ў мірны час чыгункі працавалі на бел. эканоміку і былі яе сістэмаўтваральнай часткай. У 1902 пабудавана чыг. лінія Віцебск—Жлобін (праз Магілёў), у 1907 — Полацк—Сядлец (590 вёрст, прайшла праз Вілейку, Маладзечна, Ліду, Масты, Ваўкавыск, Свіслач). Для абслугоўвання мясц. патрэб будаваліся чыг. адгалінаванні ад асн. магістралей (Асіповічы—Старыя Дарогі—Урэчча, Вярэйцы—Градзянка, Васілевічы—Хойнікі). Не спыняліся і мясц. ініцыятывы па буд-ве чыгунак. У 1909—10 праводзіліся дэталёвыя пошукі трасы Бранск—Магілёў, Рослаўль—Магілёў, Магілёў—Мінск—Гродна; праект атрымаў назву Беларуская чыгунка. У 1901—13 здадзена ў эксплуатацыю амаль трэцяя частка чыг. палатна, якое мелася на Беларусі напярэдадні 1-й сусв. вайны. У 1913 насычанасць Беларусі чыгункамі была ў 1,8 раза вышэйшая, чым па еўрап. частцы Рас. імперыі.
Развіваліся водныя шляхі зносін. Быў дэталёва распрацаваны праект Чарнаморска-Балт. воднага шляху (Херсон—Рыга), часткай якога павінна была стаць рэканструяваная Бярэзінская водная сістэма. Новым сродкам транспарту стаў аўтамабіль. У 1909—14 некат. бел. гарады і населеныя пункты звязвалі рэгулярныя аўтамаб. маршруты.
Гандаль у пач. 20 ст. адлюстроўваў пашырэнне рэгіянальнага, унутрыбел. рынку, яго цесную сувязь з агульнарас. і замежнымі рынкамі. Мясц.прам-сць паспяхова забяспечвала насельніцтва таварамі. Калі заможныя слаі грамадства часткова выкарыстоўвалі прывазныя тавары, то бел. селянін аддаваў перавагу танным рамесна-саматужным мясц. вырабам, што стварала эканам. падмурак для досыць трывалага захавання традыцыі рамеснай вытв-сці. У такіх умовах гандаль і мясц.прам-сць выбіралі для сябе аптымальныя варыянты развіцця, што рабіла рыначныя адносіны больш трывалымі.
У цэлым Беларусь мела экспартнаарыентаваную эканоміку. Пераважаў вываз с.-г. прадукцыі і лесаматэрыялаў. Адбыліся змены і ў структуры экспарту. Устойлівым попытам на знешнім рынку сталі карыстацца не толькі бел. сыравіна (лён, мяса і жывёла, птушка, яйкі, шчацінне, сыры лес), але і вырабы с.-г. прам-сці (масла, сыр, крухмал), а таксама фабр.-заводскай вытв-сці (папера, запалкі, дыхта, ільняная пража, апрацаваныя скуры). Як і раней, Беларусь заставалася раёнам развітога вінакурства, чыя прадукцыя перавышала патрэбу мясц. рынку і ў значнай колькасці ішла за межы бел. губерняў. У пач. 20 ст. Беларусь ператварылася ў раён увозу збожжавых грузаў. Вываз збожжа за мяжу быў нязначны. Асн. маса бел. збожжа ішла на ўнутр. рынак для спажывання мясц. насельніцтвам і на патрэбы вінакурнай і піваварнай прам-сці. У 1901—13 на Беларусь прыпадала 10,4% усерас. вывазу льновалакна. Штогод вывозілася каля 1530 тыс. пудоў ільнянога семя. Вываз малочных прадуктаў (у сярэднім за год) у 1911—13 у параўнанні з 1901—05 павялічыўся больш чым у 2 разы (з 261 тыс. пудоў да 538,5 тыс. пудоў). У 1901—13 з Беларусі штогод адпраўлялася прыкладна 40—50 тыс. галоў жывёлы.
Новай з’явай у арганізацыі гандлю стала ўзнікненне біржаў. У 1904 зацверджаны статут Мінскай лясной біржы. У 1906 пачала дзейнічаць Гродзенска-Лібаўская гандл.-прамысл. біржавая арцель, з 1912 — Віцебская гандл. біржа. Буйныя прадпрыемствы мелі свае гандл. аддзяленні ў розных гарадах.
У 1914 на Беларусі было 45 гарадоў, у іх ліку 4 губернскія (Віцебск, Гродна, Магілёў, Мінск), 31 павятовы (Ашмяны, Бабруйск, Барысаў, Брэст, Вілейка, Ваўкавыск, Гомель, Гарадок, Горкі, Дзісна, Дрыса, Ігумен, Клімавічы, Кобрын, Лепель, Ліда, Мазыр, Мсціслаў, Навагрудак, Орша, Пінск, Полацк, Пружаны, Рэчыца, Рагачоў, Слонім, Слуцк, Стары Быхаў, Сянно, Чавусы, Чэрыкаў) і 10 заштатных (Адэльск, Бабінавічы, Відзы, Докшыцы, Друя, Копысь, Нясвіж, Радашковічы, Смаргонь, Сураж). Гарадавое палажэнне 1892 распаўсюджвалася ў поўным аб’ёме на 15 гарадоў (Бабруйск, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Мінск, Магілёў, Мсціслаў, Орша, Пінск, Полацк, Рагачоў, Слонім, Чавусы, Чэрыкаў). Астатнія 30 гарадоў з-за недастатковасці сродкаў і іх гандл.-прамысл. развіцця атрымалі згаданае палажэнне ў спрошчаным выглядзе (без абрання гар. дум, а толькі ўпраў). Развіццё шляхоў зносін, прам-сці, гандлю набліжалі некат. мястэчкі і чыг. станцыі да ўзроўню гарадоў, але ўлады гэта не ўлічвалі. Толькі Смаргонь у 1904 атрымала статус горада. Астатнія просьбы жыхароў шэрагу населеных пунктаў Беларусі аб наданні ім гар. правоў засталіся безвыніковымі. Па колькасці, складу і занятках насельніцтва, ролі ў прам-сці, гандлі і трансп. зносінах, на афіцыйны гар. статус і, адпаведна, гар. самакіраванне, маглі прэтэндаваць такія населеныя пункты, як Баранавічы, Глыбокае, Дуброўна, Жлобін, Маладзечна, Шклоў.
У цэлым урбанізацыя на Беларусі выявіла тэндэнцыю да павелічэння ролі буйных гарадоў у жыцці грамадства, вакол іх складваліся урбанізаваныя зоны. Аднак гэты паказчык не быў выключнай і лакальнай з’явай, а толькі завяршаў урбанізацыйную піраміду Беларусі, аснову якой складалі дробныя гарады і буйныя мястэчкі. У іх канцэнтравалася больш за палову гараджан.
Грамадскі і палітычны рух у 19 ст. Паўстанні 1830—31 і 1863—64. Пач. 19 ст. стаў часам нараджэння практыкі публічнасці і фарміравання першых добраахвотных грамадскіх аб’яднанняў. Працэс самаарганізацыі грамадскіх сіл ішоў пераважна ў асяроддзі дваранства, а грамадская самадзейнасць развівалася пераважна ў сферы дабрачыннасці і навук. дзейнасці. Былі заснаваны дабрачынныя т-вы ў Брэсце, Гродне, Вільні, Мінску, Навагрудку і інш. гарадах. Актывізацыя грамадскага жыцця суправаджалася адыходам ад чыста навуковай ці літ. дзейнасці і ўзмацненнем цікавасці да «грамадскіх пытанняў». Развіццё незалежнай камерцыйнай прэсы, пашырэнне «практыкі чытання» фарміравалі ўмовы для ідэалаг. дыскусій, асн. зместам якіх было супрацьстаянне рацыяналіст. і клерыкальнага светапоглядаў, у выніку чаго пачаўся працэс афармлення ліберальных і кансерватыўных пазіцый.
Вынікі Венскага кангрэса 1815, прадастаўленне аўтаноміі і канстытуцыі Царству Польскаму выклікалі ў адукаваных колах Літвы і Беларусі спадзяванні на далучэнне бел.-літ. зямель да Царства Польскага. Гэтыя надзеі падмацавала стварэнне ў 1817 асобнага Літоўскага корпуса з ураджэнцаў бел.-літ. і ўкр. губерняў. У канцы 1817 сярод студэнтаў Віленскага ун-та ўзнікла тайнае патрыят.т-ва філаматаў, у якое ўвайшлі І.Дамейка, Т.Зан, А.Міцкевіч, Я.Чачот, Ю.Яжоўскі і інш. Яны стварылі шэраг легальных і паўлегальных аб’яднанняў з мэтай уплыву на моладзь («Саюз сяброў», «Саюз прамяністых», «Саюз філарэтаў», «Саюз літаратараў», «Саюз натуралістаў» і інш.). Мэтай т-ва была падрыхтоўка і аб’яднанне сіл для аднаўлення Рэчы Паспалітай. У 1819 створаны 2 т-вы вучнямі Свіслацкай гімназіі, у пач. 1820-х г. у піярскім вучылішчы Полацка заснавана «Таварыства філарэтаў». У 1823 т-ва філаматаў раскрыта афіц. ўладамі, арыштавана каля 100 чал., з іх 20 чал. паводле прысуду 1824 высланы ў інш. губерні Расіі, найб. актыўныя ўдзельнікі зняволены. У 1823 па ініцыятыве былога філамата М.Рукевіча ў Беластоцкім пав. ўтворана тайнае т-ва «Ваенныя сябры», якое аб’яднала афіцэраў Літ. корпуса, мясц. шляхту і вучнёўскую моладзь. Кіраўнікі «Ваенных сяброў» раней належалі да навагрудскай масонскай ложы «Вузел адзінства». У 1819 у Царстве Польскім заснавана тайная арг-цыя «Нацыянальнае масонства», якая ставіла за мэту падрыхтоўку да аднаўлення незалежнасці Польшчы і правядзення ў ёй рэформ. Арг-цыя аб’ядноўвала да 200 чал. і стварыла правінцыяльныя ложы. У 1821 на яе аснове ўзнікла «Патрыятычнае таварыства». На базе віленскага «Нацыянальнага масонства» таксама створана «Патрыятычнае таварыства».
У пач. 1820-х г. многіх дзекабрыстаў лёс звязаў збел. землямі, частка іх праходзіла тут вайск. службу. Кіраўнік Паўн.т-ва М.М.Мураўёў напісаў у Мінску варыянт праекта канстытуцыі. Членамі дзекабрысцкіх арг-цый быў шэраг афіцэраў Бабруйскай крэпасці. У рус. дзекабрысцкіх арг-цыях «польскае пытанне» выклікала вострую дыскусію. Тэр. пытанне ставілася і пры перагаворах паміж дзекабрыстамі і польскім «Патрыятычным таварыствам». Аднак і тыя, і другія адмаўлялі Беларусі ў самаст. існаванні.
У снеж. 1825 Літоўскі піянерны батальён па ініцыятыве кіраўнікоў «Ваенных сяброў» К.Ігельстрома і А.Вягеліна адмовіўся прысягаць імператару Мікалаю I. За гэта дзярж. злачынства і за ўдзел у тайных т-вах К.Ігельстром, А.Вягелін, М.Рукевіч, М.Вільканец і інш. былі засуджаны да смяротнай кары, пазней замененай на розныя тэрміны катаргі ці службы на Каўказе.
Разгром дзекабрыстаў у Расіі прывёў да росту апазіц. руху ў Царстве Польскім. У 1827 у Вільні створана тайнае т-ва «Сармацкае племя», або «Прыхільнікі Айчыны». Яго заснавальнікі студэнты А.Тшаскоўскі, Грантоўскі, Ф.Лісоўскі, К.Зах ставілі за мэту аднаўленне Рэчы Паспалітай. У 1828 т-ва раскрыта ўладамі, яго члены пакараны цялесна і аддадзены ў салдаты на Каўказ.
Рэвалюцыя ў Францыі, нац.-вызв. рухі ў Бельгіі, Італіі паскорылі паўстанне ў Царстве Польскім. У ноч на 29.11.1830 пачалося паўстанне ў Варшаве, падрыхтаванае тайнымі арг-цыямі, у т. л. «Патрыятычным таварыствам» і Т-вам падхарунжых. У Варшаве быў сфарміраваны Часовы ўрад, у які ўвайшлі А.Чартарыйскі, І.Лялевель, Ю.Нямцэвіч і інш. Урад аб’явіў аб скліканні сейма і ўстанаўленні дыктатуры галоўнакамандуючага польскіх войск Ю.Хлапіцкага. 20.12.1830 польскі сейм апублікаваў «Маніфест польскага народа», у якім абвясціў мэты паўстання і заклікаў насельніцтва далучыцца да яго. Калі Ю.Хлапіцкі зняў з сябе паўнамоцтвы дыктатара, 29 студз. створаны Нац. ўрад на чале з А.Чартарыйскім, а галоўнакамандуючым польскага войска прызначаны М.Радзівіл. Царскі ўрад прыняў меры, каб абмежаваць пашырэнне паўстання ў зах. губернях. 13.12.1830 уведзена ваен. становішча ў зах. Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне, павялічана колькасць войска.
Для падрыхтоўкі паўстання ў Беларусі і Літве ў студз.-лют. 1831 утвораны Віленскі цэнтр. паўстанцкі камітэт, у які ўвайшлі С.Шумскі, А.Гарэцкі, М.Балінскі, В.Пяткевіч, М.Замбжыцкі, Э.Ромер, Ю.Храбніцкі. Паўстанне ў Літве і зах. Беларусі пачалося ў канцы сак. 1831. Віленскі к-т не змог кантраляваць яго ход. У кожным павеце быў створаны свой пав. ўрад, якія ўзначальвалі мясц. памешчыкі. У крас. паўстанне ахапіла ўсю Віленскую губ. і пачало пашырацца на Мінскую губ. Збіралі зброю і стваралі атрады памешчыкі Барысаўскага пав., да сярэдзіны мая паўстанне ахапіла Мазырскі і Рэчыцкі пав. У канцы мая на тэр.бел.-літ. губерняў уступіў атрад ген. Д.Хлапоўскага (820 чал.), да якога далучылася частка паўстанцкіх атрадаў, пасля чаго ў атрадзе было каля 5 тыс. чалавек. Неўзабаве з Польшчы прыйшоў і 12-тысячны корпус ген. А.Гелгуда і Г.Дэмбінскага, які пачаў наступленне на Вільню, куды накіроўваўся і атрад Д.Хлапоўскага. Камандаваў аб’яднанымі войскамі А.Гелгуд. 11.6.1831 ён сфарміраваў Часовы паўстанцкі ўрад (старшыня Т.Пінкевіч). 19.6.1831 пачаўся штурм Вільні. Рас. войска нанесла паражэнне аб’яднаным сілам паўстанцаў, якія адступілі, у сярэдзіне ліп. перайшлі прускую граніцу і склалі зброю.
У маі-жніўні 1831 у Гродзенскай губ. паўстанцкім рухам былі ахоплены Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі, Кобрынскі і Слонімскі пав. Атрады паўстанцаў Я.Кашыца, Г.Дэмбінскага, Ю.Незабытоўскага і інш. злучыліся ў раёне Белавежскай пушчы, дзе ўжо дзейнічалі атрады К.Нямцэвіча, Я.Дылінскага і інш.
Туды ж у сярэдзіне ліп. прыбыў атрад Д.Хлапоўскага. Супраць іх былі накіраваны ўзмоцненыя сілы рас. войска. Не маючы надзеі на поспех, аб’яднаныя сілы паўстанцаў 19 ліп. рушылі ў Польшчу. Некалькі атрадаў (М.Гедройца, М.Шыманскага, С.Панкоўскага) яшчэ дзейнічалі ў Налібоцкай пушчы. Але вестка аб узяцці рас. войскамі 8 вер. Варшавы, 9 кастр. — Модліна, а 21 кастр. Замосця вымусілі паўстанцаў, якія яшчэ заставаліся ў лясах, разысціся.
Рэпрэсіўныя меры супраць асоб, якія прымалі ўдзел у ваен. дзеяннях на баку паўстанцаў, пачаліся яшчэ да падаўлення паўстання. Згодна з указам Мікалая I ад 22.3.1831 шляхту, якая прымала ўдзел у паўстанні са зброяй, належала судзіць ваен. судом і прыгавор выконваць на месцы, маёнткі браць у казну, а дзяцей асуджаных аддаваць у ваен. кантаністы. Прадстаўнікоў падатных саслоўяў адпраўлялі на вайск. службу ў Сібір. Сялянам, якія пасля выхаду ўказа вярталіся да свайго памешчыка, давалася дараванне. Указам 6.5.1831 падзялялі «злачынцаў» на 3 разрады: кіраўнікі, удзельнікі баявых дзеянняў, усе іншыя. Маёнткі абвінавачаных секвестраваліся. Да следства за ўдзел у паўстанні ў бел.-літ. губернях было прыцягнута 2878 чал.
Паўстанне 1830—31 выклікала рэзкую перамену паліт. курсу царскага ўрада ў Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне. У вер. 1831 створаны Зах.к-т для выпрацоўкі палітыкі ўрада ў 9 зах. губернях у галіне кіравання, суда, асветы, культуры, шляхецкага саслоўя і інш. Было забаронена выкарыстанне польскай мовы ў справаводстве і яе выкладанне. У 1832 зачынены Віленскі ун-т, у 1840 адменена дзеянне Статута ВКЛ ва ўсіх галінах гасп. і паліт. жыцця.
Разам з тым паўстанне 1830—31 і «вясна народаў» стымулявалі крышталізацыю грамадскай думкі. Адбылося размежаванне кансерватыўна (Г.Ржавускі, К.Буйніцкі) і ліберальна (Р.Падбярэзскі, Э.Жалігоўскі) настроеных публіцыстаў. У ліберальным асяроддзі акрэсліліся радыкальны (Ф.Савіч, Ю.Бакшанскі, А.Незабытоўскі) і памяркоўны (Ф.Далеўскі, У.Спасовіч) кірункі. Кансерватыўныя колы падзяліліся на «эвалюцыяністаў» (А.Замойскі, В.Старжынскі) і «непрымірымых» традыцыяналістаў (Г.Ржавускі, А.Дамейка). У перыяд т.зв. мікалаеўскай рэакцыі асветніцкія традыцыі Віленскага ун-та працягвалі Віленскае мед.т-ва і гімназічныя вучнёўскія гурткі. У 1830—40-я г. створаны дэмакр.т-ва студэнтаў Віленскай мед.-хірургічнай акадэміі, Братні саюз літоўскай моладзі, Саюз літоўскай моладзі ў Мінску, Саюз літоўскай моладзі ў Пецярбургскім ун-це і інш.
З сярэдзіны 1850-х г. на Беларусі, як і ва ўсёй Рас. імперыі, назіралася ажыўленне грамадскай дзейнасці, звязанае з абмеркаваннем праектаў адмены прыгоннага права, вяртаннем са ссылкі ўдзельнікаў паўстання 1830—31 і членаў нелегальных маладзёжных гурткоў і інш. У пач. 1860-х г. на Беларусі ствараліся публічныя б-кі і нядзельныя школы, шырокай падтрымкай бел. грамадскасці карысталіся т-вы цвярозасці, ажыццёўлены шэраг выдавецкіх праектаў, фарміраваліся цэнтры аб’яднання прыхільнікаў розных кірункаў грамадскай думкі. Вакол «Камітэта», ці «Арганізацыі грамадзян» (Я.Гейштар, Ф.Далеўскі, Ю.Карповіч, Я.Пянкоўскі) групаваліся памяркоўныя лібералы. У выніку дзейнасці к-та створана паўлегальная сетка дэпутатаў-памешчыкаў, якія ўзначальвалі рэфарматарскую эканам. і асветніцкую дзейнасць у краі. Супраціўнікі самастойнай дзейнасці грамадскасці, кансерватары А.Чапскі, М.Агінскі, А.Дамейка, А.Плятэр выступалі супраць «Арганізацыі грамадзян» і лічылі, што яна імкнецца падмяніць сабой органы царскай адміністрацыі. Радыкальна настроеная частка грамадства Беларусі і Літвы аб’ядналася вакол «Камітэта руху» (пазней Літоўскі правінцыяльны к-т, ЛПК), у які ўваходзілі Л.Звяждоўскі (старшыня), К.Каліноўскі, З.Чаховіч, Э.Вярыга і інш. Хоць яны і былі сац. радыкаламі, але далей ліберальнай праграмы (звяржэнне самаўладдзя, скасаванне прыгону) іх патрабаванні не ішлі. Разам з тым прыхільнікі «Камітэта руху» падкрэслівалі неабходнасць «кулачнай рэвалюцыі», а не рэфарматарскай дзейнасці. Сувязі здэмакр. эміграцыяй і рус.рэв. рухам спрыялі выяўленню сацыяліст. тэндэнцый у светапоглядзе асобных прадстаўнікоў радыкалізму.
Восенню 1861 члены «Камітэта руху» пачалі падрыхтоўку паўстання. У кастр. 1862 старшынёй ЛПК абраны К.Каліноўскі. Неафіц. органам ЛПК была газ. «Мужыцкая праўда», якая выдавалася К.Каліноўскім, В.Урублеўскім і Ф.Ражанскім з лета 1862 да лета 1863 (выйшла 7 нумароў). Нечаканае абнародаванне 22.1.1863 Часовым нац. урадам (да гэтагаЦэнтр.нац.к-т у Варшаве) Маніфеста і агр. дэкрэтаў і абвяшчэнне паўстання без узгаднення з ЛПК стварыла крытычную сітуацыю. ЛПК даволі доўга вагаўся, як рэагаваць на дзеянні Варшавы. 1.2.1863 Віленскі к-т выдаў свой маніфест, у якім абвясціў правы і свабоды, вызначаныя польскім нац. урадам, яго агр. праграму і заклікаў падтрымаць паўстанне ў Польшчы. Гэта азначала, што левыя ў ЛПК на чале з Каліноўскім для адзінства дзеянняў фактычна поўнасцю падпарадкоўваліся польскаму нац. ўраду. У лют. 1863 Н.Дзюлёран, выключаны раней з ЛПК, дамовіўся з лідэрамі віленскіх «белых» А.Аскеркам і Я.Гейштарам аб захопе ўлады ў паўстанцкай арг-цыі Літвы — Беларусі і атрымаў згоду на гэта ад варшаўскага ўрада. 11.3.1863 яны адхілілі ад улады Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з К.Каліноўскім і замянілі яго Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы, які ўзначаліў Я.Гейштар. З прычыны слабасці рэв.-дэмакр. сіл К.Каліноўскі вымушаны быў супрацоўнічаць з шляхецкімі рэвалюцыянерамі, а фактычна — падпарадкавацца іх цэнтрам.
Першыя паўстанцкія атрады з’явіліся на Беларусі з Польшчы ў студз.—лют. 1863. Буйнейшы з іх атрад Р.Рагінскага, які з баямі прайшоў праз Пружанскі пав. да Пінскага, дзе каля в. Боркі ў лют. быў разбіты. Фарміраванне мясц. атрадаў і выхад іх у месцы збору пачаліся ў сак.—крас. 1863. Але ў адзінаборстве з магутнай рас. арміяй паўстанцы былі асуджаны на паражэнне. З прычыны несуразмернасці сіл баявыя дзеянні паўстанцаў, узброеных у большасці косамі, пікамі і паляўнічымі стрэльбамі, з самага пачатку мелі характар партыз. барацьбы: атрады пазбягалі сутычак з больш моцнымі сіламі. На тэр. Беларусі злют. па жн. 1863 зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі. З іх 2/3 адбыліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. Разгром многіх паўстанцкіх атрадаў, шматлікія страты ў выніку баявых дзеянняў, пасіўнасць «белых» у падп. структурах прымусілі Н.Дзюлёрана зноў запрасіць у Вільню К.Каліноўскага. Разам з ім у пач.чэрв. 1863 у склад віленскага паўстанцкага цэнтра, які стаў наз. Выканаўчым аддзелам Літвы, увайшлі У.Малахоўскі і Ю.Каліноўскі. Дзякуючы ім дзейнасць Аддзела прыкметна актывізавалася і радыкалізавалася. З 31 ліп. К.Каліноўскаму перададзены паўнамоцтвы старшыні Выканаўчага аддзела Літвы, а з 22 жн. — і паўнамоцтвы камісара варшаўскага ў Вільні. Да канца лета 1863 у яго руках сканцэнтравалася ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арг-цыі на тэр. Беларусі і Літвы, аднак дамагчыся пералому ў барацьбе ён не здолеў: да пач.вер. 1863 паўстанне ў Літве і Беларусі практычна было падаўлена.
З пачаткам паўстання ў Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губ. уведзена ваен. становішча. У маі 1863 Віленскім ген.-губернатарам прызначаны ген. М.Мураўёў, якому падпарадкоўваліся ваен. губернатары і начальнікі паветаў, узбр. сілы, жандармерыя і паліцыя, следчыя камісіі і ваен.-палявыя суды. Прыгаворы апошніх пасля зацвярджэння ваен. губернатарамі і ген.-губернатарам выконваліся неадкладна, смяротныя пакаранні — публічна, на плошчах гарадоў. Усяго ў краі 128 чал. пакарана смерцю, павешаны ці расстраляны, 12 483 чал. адпраўлены на катаргу і пасяленне ў Сібір, у арыштанцкія роты і г.д. К.Каліноўскага ваен.-палявы суд прыгаварыў да расстрэлу, але М.Мураўёў выказаўся за павешанне. Маёнткі памешчыкаў, што ўдзельнічалі ў паўстанні, падлягалі секвестру і канфіскацыі ў казну, усе астатнія мясц. памешчыкі былі абкладзены кантрыбуцыяй. У Беларусі і Літве быў устаноўлены рэжым выключных законаў, накіраваны на памяншэнне польскага і ўзмацненне рус. ўплыву.
Указ аб спыненні паліт. спраў, якія тычыліся «польскага паўстання», і палажэнне аб абмежаванні падсуднасці асоб грамадз. ведамства ваен. суду ў Паўн.-Зах. краі (май 1867) сведчылі пра памякчэнне рэжыму выключных законаў. З 1870 да 1901 на Беларусі створана 19 т-ваў сельскай гаспадаркі, 5 мед., 11 культ.-асв., 8 спарт. аб’яднанняў. Амаль у кожным губ. горадзе існавалі аддзяленні агульнарас. т-ваў: абароны жанчын, Чырв. Крыжа і інш. У канцы 19 ст. ствараліся касы і т-вы ўзаемнай дапамогі рамеснікаў і рабочых, якія з цягам часу апынуліся пад уплывам рэв. элементаў і сталі тым асяроддзем, адкуль рабочыя траплялі ў нелегальныя гурткі.
У 1870—90-х г. грамадскія арг-цыі сталі гал. месцам дзейнасці лібералаў. С.-г. т-вы аб’ядноўвалі памешчыкаў і служачых, якія імкнуліся спрыяць прагрэсіўным зменам у сельскай гаспадарцы. На Беларусі, дзе не было земстваў, гэтыя т-вы, асабліва Мінскае і Магілёўскае, часам выконвалі іх грамадскія функцыі. Пашырэнню ліберальных ідэй садзейнічалі шматлікія культ.-асв., навук. і гуманітарныя арг-цыі (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў). Ліберальныя ідэі абмяркоўваліся ў т.зв. хатніх гуртках. Кансерватыўныя колы Беларусі не лічылі грамадскую дзейнасць асн. сродкам дасягнення сваіх мэт. Яны лічылі, што свае ўяўленні аб дзярж. парадку, стане саслоўяў, адносінах да ўласнасці трэба даводзіць да ведама ўрада, які сам паклапоціцца аб прыняцці неабходных мер. Такія адносіны да рэальнай дзейнасці і адсутнасць на Беларусі дваранскіх сходаў сталі прычынамі таго, што паліт. кансерватызм тут не набыў акрэсленай формы.
З 1870-х г. расла цікавасць да сацыяліст. ідэй, што было звязана з ростам грамадз. актыўнасці, развіццём рабочага руху і з аслабленнем рэпрэсіўнай палітыкі царызму на Беларусі. У 1-й пал. 1880-х г. актыўную дзейнасць на Беларусі разгарнулі «Чорны перадзел», потым паўн.-зах.арг-цыя «Народнай волі» і польская партыя «Пралетарыят», што не дало магчымасці групе «Гоман» аб’яднаць гурткі Беларусі на аснове агульнай тэарэт. праграмы.
У канцы 19 ст. марксісцкае ўяўленне аб сацыялізме прынята ў якасці асноўнага для сацыяліст. рухаў Еўропы, таму значная частка сацыялістычна арыентаваных груп і гурткоў Беларусі перайшла на с.-д. пазіцыі. У рамках с.-д. аб’яднанняў ствараліся дапаможныя структуры: асв.-культ., узаемадапамогі і інш., усталёўваліся кантакты з прафсаюзамі, у выніку чаго фарміраваўся новы тып арг-цый — паліт. партыі. Першымі з іх на Беларусі былі партыі сацыяліст. кірунку. У 1897 у Вільні створаны Агульнаяўрэйскі рабочы саюз Літвы і Польшчы (Бунд). Менавіта ён у 1898 быў тэхн. арганізатарам I з’езда РСДРП у Мінску. У 1903 у Гомелі створаны Палескі, у 1904 у Вільні — Паўн.-Зах. к-ты РСДРП. У 1900 у Мінску на з’ездзе прадстаўнікоў Рабочага саюза Літвы і Сацыял-дэмакратаў Польшчы створана Сацыял-дэмакр. партыя Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), у 1901 у Мінску — Яўр. незалежная рабочая партыя. У 1902 ідэйна і арганізацыйна аформіліся ППС у Літве і Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР). ППС у Літве выставіла лозунгі барацьбы за незалежнасць Літвы і Беларусі і ўсталяванне сацыяліст. ладу; найб. значныя яе арг-цыі існавалі ў Вільні, Гродне і Брэсце. ПСР выступала за знішчэнне самадзяржаўя і памешчыцкага землеўладання, за ўстанаўленне ў Расіі федэратыўнай дэмакр. рэспублікі, сацыялізацыю зямлі. Выключнае значэнне ў барацьбе з царызмам партыя надавала індывідуальнаму тэрору. У 1904 эсэраўскія арг-цыі Мінска, Віцебска, Гомеля, Вільні і інш. аб’ядналіся ў Паўн.-Зах.абл. арг-цыю ПСР. У 1902—03 створана Бел.рэв. грамада (пазней Бел.сацыяліст. грамада). У яе праграме, прынятай на 1-м з’ездзе (1903), партыя характарызавалася як сац.-паліт.арг-цыябел. працоўнага народа. Сваёй канчатковай мэтай яна абвясціла знішчэнне капіталіст. ладу і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытв-сці і камунікацый.
Рэвалюцыя 1905—07. Іскрай, што выклікала рэв. выбух у Рас. імперыі, стаў расстрэл 9.1.1905 у Пецярбургу масавых мірных шэсцяў рабочых, якія накіраваліся да Зімняга палаца з петыцыяй аб паляпшэнні становішча народа. Выступленні пратэсту пракаціліся па ўсёй імперыі, у т. л. на Беларусі, дзе студзеньскія паліт. стачкі ахапілі 25, а з улікам дэманстрацый і масовак — 30 гарадоў і мястэчак. Большасцю выступленняў кіравалі мясц. арг-цыі РСДРП і Бунда, якія, як правіла, дамаўляліся аб правядзенні агульных выступленняў, найперш стачак. Для гэтага на кааліцыйнай аснове ствараліся часовыя стачачныя камісіі. Агульнымі стачкамі з удзелам практычна ўсіх мясц. рабочых былі ахоплены Смаргонь, Гродна, Брэст, Мазыр, Полацк, Ашмяны, Слонім, Ветка, Дуброўна, Талачын, Парычы, Шчадрын. Аднак у Мінску, Гомелі, Пінску, Віцебску да іх не ўдалося далучыць найбуйнейшыя прадпрыемствы. Выступленнямі ў Гродне і Брэсце кіравалі мясц. к-ты Бунда і ППС у Літве. У шэрагу гарадоў (Магілёў, Гомель, Горкі) паліцыя і салдаты выкарыстоўвалі супраць удзельнікаў дэманстрацый і маніфестацый агнястрэльную зброю. Пахавальная працэсія ў Гомелі з удзелам 8 тыс. чалавек ператварылася ў антыўрадавую дэманстрацыю.
У лют.—сак. хваля паліт. выступленняў рэзка знізілася, але разгарнулася барацьба рабочых з прадпрымальнікамі за паляпшэнне свайго эканам. становішча. Некат. буйныя эканам. стачкі суправаджаліся антыўрадавымі маніфестацыямі. Агульная колькасць эканам. стачачнікаў у лютым 1905 дасягала 5,4, а ў сакавіку — 5,8 тыс., што значна перавышала сумарны паказчык за ўвесь 1904. Высокі ўзровень актыўнасці рабочых у эканам. барацьбе захоўваўся і ў наступныя месяцы. Нярэдка выступленні ахоплівалі ўсе прадпрыемствы пэўнай галіны вытв-сці ў маштабах горада. Як правіла, выступленні заканчваліся ўступкамі прадпрымальнікаў — поўнымі ці частковымі. У некат. выпадках рабочыя дамагліся ўстанаўлення 8-гадзіннага прац. дня.
Рэзкі ўздым паліт. барацьбы рабочых пачаўся ў сярэдзіне красавіка (па старым стылі) у сувязі са святкаваннем 1 Мая. У красавіцкіх паліт. стачках удзельнічала каля 51 тыс. чалавек, паліт. выступленнямі рабочых былі ахоплены 47 гарадоў і мястэчак. У чэрв.—ліп. 1905 шырокі размах на Беларусі набылі выступленні пратэсту супраць крывавых рэпрэсій царызму ў Лодзі, Варшаве, Адэсе, Іванаве-Вазнясенску. У пач. ліпеня яны спалучаліся з выступленнямі, на якіх ушаноўвалася памяць ахвяр «крывавай нядзелі» ў Пецярбургу і паўгадавіны рэвалюцыі. У Мінску, Бабруйску, Віцебску адбыліся ўзбр. сутычкі з паліцыяй і казакамі, мелі месца чалавечыя ахвяры. Сотні людзей былі арыштаваны.
Пад уздзеяннем рабочага руху актывізаваўся рух сялянства супраць памешчыкаў і мясц. адміністрацыі. У студз.—сак. адбыліся 53 сял. выступленні. Пераважную большасць іх складалі высечкі панскіх лясоў. У крас.—чэрв. сумарны паказчык сял. выступленняў дасягнуў 237, з іх 175 прыпала на чэрвень. Пад уплывам агітацыі мясц. арг-цый РСДРП, ПСР, а таксама Бунда, ППС у Літве і БСГ у сял. руху ў вяснова-летні перыяд 1905 хутка пашырыліся новыя для яго формы — забастоўкі, паліт. сходы і мітынгі. Іх удзельная вага ў параўнанні зтрадыц. формамі ўзнялася да 35,5%.
Першым найб. значным і арганізаваным выступленнем новага для вёскі тыпу з’явілася агульная забастоўка сялян-падзёншчыкаў і парабкаў, якая ў пач.чэрв. 1905 ахапіла амаль усе маёнткі Навагрудскага, а ў канцы чэрв. — Ваўкавыскага і Гродзенскага пав. Шырокі размах набылі с.-г. забастоўкі ў Мінскім, Бабруйскім, Рэчыцкім, Слуцкім, Брэсцкім, Горацкім, Аршанскім, Гомельскім і Рагачоўскім пав.Гал. мэтай сял. руху па-ранейшаму заставалася ліквідацыя панскага землеўладання. Зтрадыц. форм сял. барацьбы самымі распаўсюджанымі былі патравы памешчыцкіх угоддзяў (18,2%) і высечка лесу (9%). 10% складалі сутычкі сялян з паліцыяй і войскамі. Імі звычайна завяршаліся найб. вострыя выступленні. Разгромаў і падпалаў панскіх двароў у Беларусі было няшмат (адпаведна 0,4 і 2,5% выступленняў). Пад уплывам рабочага і сял. руху хваляванні ахапілі і армію. У ліп. 1905 у Мінску салдаты Баранавіцкага чыг. батальёна выказалі пратэст супраць адпраўкі іх на Д. Усход. С.-д. агітацыя вялася ў гарнізонах Бабруйска, Гродна, Брэста і інш. гарадоў.
Пасля падзей 9 студз. ў Пецярбургу паліт. апазіцыя царызму ўзнікла і ў асяроддзі ліберальнай буржуазіі. У зале Мінскай думы 12 студз. абвешчана рэзалюцыя з патрабаваннем паліт. свабоды. У чэрв. 1905 Мінская гар. дума прыняла пастанову, у якой хадайнічала аб хутчэйшым скліканні нар. прадстаўнікоў. Прыкметную паліт. актыўнасць праяўляла і ліберальная інтэлігенцыя Мінска, што групавалася вакол Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. Каб аслабіць рэв. націск і знайсці падтрымку ў ліберальных колах грамадства, Мікалай II 6.8.1905 зацвердзіў законапраект аб выбарах у Дзярж. думу. Паводле яго выбарчая сістэма грунтавалася на саслоўным прынцыпе. Ад удзелу ў выбарах адхіляліся ўсе наёмныя рабочыя, якія не адпавядалі ўстаноўленым цэнзам па маёмасці і аселасці. Статус Думы вызначаўся як законадарадчы. Ніякіх рэальных правоў і паўнамоцтваў яна не атрымлівала.
Такі царскі «падарунак» не супакоіў ахопленую рэвалюцыяй краіну. Усе левыя, с.-д. і народніцкія, агульнарас. і нац. партыі разгарнулі шырокую агітацыю за байкот выбараў, за далейшае разгортванне масавай рэв. барацьбы за звяржэнне самадзяржаўя шляхам узбр.нар. паўстання і ўсталявання дэмакр. рэспублікі праз скліканне выбранага дэмакр. шляхам Устаноўчага сходу. Лозунг байкоту новай Думы падтрымала частка ліберальных прафесійна-паліт. саюзаў інтэлігенцыі. Аднак хваля рэв. выступленняў рабочых і сялян Беларусі ў жн. — вер. рэзка знізілася.
Новы ўсерас. ўздым рабочага руху пачаўся ў Маскве, дзе ў канцы вер. 1905 асобныя стачкі рабочых перараслі ў агульнагар. паліт. забастоўку, якая суправаджалася вулічнымі маніфестацыямі і сутыкненнямі рабочых з паліцыяй і войскам. У развіцці падзей выключную ролю адыграў Усерас.чыг. саюз, створаны ў крас. 1905. Цэнтр. бюро саюза 7 кастр. па тэлеграфе заклікала рабочых і служачых усіх чыг. майстэрняў далучыцца да ўсеаг. забастоўкі. На працягу наступнага тыдня чыг. рух у імперыі быў спынены. Адначасова па закліку рэв. партый у гарадах забаставалі прамысл. прадпрыемствы, гандл., навуч., банкаўскія і інш. ўстановы.
У ходзе Кастр.паліт. стачкі ў Пецярбургу, Маскве і інш. гарадах Расіі сфарміраваліся Саветы рабочых дэпутатаў ці выбарныя агульнагар. стачачныя к-ты. Абапіраючыся на ўзбр. баявыя дружыны рабочых, яны дзейнічалі ў пэўнай меры як органы ўлады. На Беларусі агульнагар. стачкамі кіравалі кааліцыйныя саветы, к-ты, камісіі, у якія на аснове пагаднення ўваходзілі прадстаўнікі РСДРП, Бунда, ПСР. Вядучую ролю ў Кастр.паліт. стачцы адыгралі чыгуначнікі. На важнейшых чыг. станцыях (Орша, Мінск, Баранавічы, Гомель, Пінск і інш.) рух цягнікоў быў спынены 10—12 кастр. Чыгуначнікаў падтрымалі рабочыя фабрык і з-даў, друкарняў, рамесных майстэрняў, работнікі гандлю, служачыя многіх устаноў, вучнёўская моладзь. Штодзённа праводзіліся масавыя мітынгі, маніфестацыі і дэманстрацыі, якія нярэдка заканчваліся сутычкамі з паліцыяй і войскам.
Агульнарас. стачка прымусіла царызм пайсці на прынцыповыя паліт. ўступкі. 17 кастр. Мікалай II падпісаў Маніфест, паводле якога ў краіне ўводзіліся «непарушныя асновы грамадзянскай свабоды на прынцыпах сапраўднай недатыкальнасці асобы, свабоды сумлення, слова, сходаў і саюзаў», значна пашырыўся кантынгент тых, хто атрымаў права ўдзелу ў выбарах Дзярж. думы, а сама Дума атрымала заканадаўчыя паўнамоцтвы. Прадстаўнікі рэв. арг-цый заклікалі не верыць Маніфесту і працягваць барацьбу за звяржэнне самадзяржаўя і скліканне Устаноўчага сходу. На гэта ўрад адказаў новымі рэпрэсіямі. 18.10.1905 расстраляны мітынгі ў Віцебску і Мінску; сутычкі з паліцыяй адбыліся ў Полацку і Смаргоні, яўр. пагромы — у Гомелі, Рэчыцы, Оршы.
Кастр. паліт. стачка ахапіла 32 населеныя пункты Беларусі, а з улікам дэманстрацый, мітынгаў і маніфестацый — 53 гарады і мястэчкі. Агульная колькасць стачачнікаў толькі ў прам-сці дасягала 66 тыс. На вёсцы глыбокі спад у вер. (18 выступленняў) змяніўся ажыўленнем у кастр. (54), ліст. (154) і снежні (286 выступленняў). Павялічылася ўдзельная вага разгромаў і падпалаў панскіх двароў, сутыкненняў з паліцыяй і войскам, паліт. сходаў, мітынгаў і дэманстрацый. Значна ўзмацніліся хваляванні ў войску. Выступленні салдат адбыліся ў Гродне, Бабруйску, Брэсце.
У выніку Кастр.паліт. стачкі ў Расіі склалася адносная раўнавага сіл рэвалюцыі і контррэвалюцыі. Рэв.-дэмакр. сілы не змаглі звергнуць самадзяржаўе, але прымусілі яго пайсці на істотныя паліт. ўступкі і фактычна заваявалі свабоду слова, сходаў, друку, саюзаў. Адкрыта дзейнічалі Саветы рабочых дэпутатаў, нізавыя структуры рэв. партый, прафесійна-паліт. саюзы (чыгуначнікаў, паштова-тэлеграфных служачых, настаўнікаў, сялян і інш.), прафес. саюзы рабочых прамысл. прадпрыемстваў і інш. Выдаваліся газеты розных ідэйна-паліт. кірункаў.
Кастр. стачка прымусіла мабілізавацца ўсе кансерватыўныя сілы з мэтай захавання самадзяржаўя, памешчыцкага землеўладання. У выніку ўзнік шэраг крайне правых груповак («Саюз рускага народа», «Савет аб’яднанага дваранства», «Айчынны саюз» і інш.), якія па сутнасці не прызнавалі «Маніфест 17 кастрычніка». Найб. актыўны ў барацьбе з рэвалюцыяй быў «Саюз рускага народа». Члены гэтых груповак былі вядомы як «чорная сотня». У дні Кастр. стачкі чарнасоценцы наладжвалі вулічныя шэсці з іконамі, царкоўнымі харугвамі і партрэтамі цара, арганізоўвалі забойствы рэвалюцыянераў і яўр. пагромы (Орша, Полацк, Рэчыца).
У кастр. 1905 утварыўся праваліберальны «Саюз 17 кастрычніка», які цалкам салідарызаваўся з царскім маніфестам і імкнуўся супрацоўнічаць з урадам. Да лют. 1906 арг-цыі акцябрыстаў аформіліся і дзейнічалі ў Вільні, Гродне, Вілейцы, Свянцянах, Дзвінску, Віцебску, Мінску, Бабруйску, Гомелі. Ініцыятыва стварэння іх, як і чарнасоценных арг-цый, зыходзіла ад чыноўнікаў і правасл. духавенства.
У час Усерас.паліт. стачкі створана леваліберальная Канстытуцыйна-дэмакр. партыя (кадэты). Яе праграма прадугледжвала роўнасць усіх рас. грамадзян перад законам; свабоду сумлення, слова, друку, сходаў і саюзаў; недатыкальнасць асобы і жылля, незалежнасць і публічнасць суда; выбранне ўсерас. заканадаўчага нар. прадстаўніцтва і мясц. органаў самакіравання ўсеаг., роўным, простым і тайным галасаваннем; адказнасць міністраў перад сходам нар. прадстаўнікоў; прадастаўленне права кожнай народнасці на культ.-нац. аўтаномію. Сялянам кадэты абяцалі павелічэнне плошчы землекарыстання, рабочым — права на стачкі, 8-гадзінны працоўны дзень і інш. Да мая 1906 групы гэтай партыі, у якую ў асн. уваходзілі прадстаўнікі ліберальнай інтэлігенцыі, сфарміраваліся ў Вільні, Магілёве і Пінску. Нягледзячы на нешматлікасць, папулярнасць кадэтаў у краі была вялікая. Яе праграму цалкам падтрымлівалі ўсе плыні сіянізму, каталіцкі касцёл і часткова (за выключэннем вырашэння агр. пытання) — польска-бел. землеўласнікі. Саюзніцай кадэтаў стала Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, створаная ў канцы 1905 — пач. 1906 па ініцыятыве віленскага каталіцкага біскупа барона Э.Ропа. Асн. рэгіёнам яе дзейнасці сталі Віленшчына і частка Гродзеншчыны, дзе пераважала каталіцкае насельніцтва.
У пачатку снеж. 1905 царскі ўрад паспрабаваў авалодаць становішчам у краіне. Былі закрыты ўсе дэмакр. газеты, арыштаваны члены выканкома і дэпутаты Пецярбургскага Савета, забаронены чыг. саюзы. У адказ 7.12.1905 ад імя Савета рабочых дэпутатаў, РСДРП, ПСР і Бунда была выдадзена адозва «Да ўсяго народа», якая фактычна заклікала да ўзбр. паўстання. У Маскве ў той жа дзень пачалася ўсеаг. паліт. стачка, усерас.чыг. стачку аб’явілі прадстаўнікі 29 чыгунак і Цэнтр. бюро Усерас.чыг. саюза. Пралетарыят Масквы ў ноч на 10 снеж. ўзняўся на ўзбр. паўстанне.
На Беларусі снежаньскую стачку, як і раней, пачалі чыгуначнікі, якія ўжо 8—9 снеж. затрымлівалі цягнікі. У тыя ж дні Мінскі кааліцыйны савет, Гомельскі рэв., Пінскі, Мазырскі і інш. стачачныя к-ты заклікалі працоўных да ўсеаг. паліт. забастоўкі. Стачка ахапіла на Беларусі 17 гарадоў і мястэчак, яе падтрымалі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутыкненнямі з паліцыяй і войскам яшчэ ў 11 населеных пунктах. У ёй удзельнічала каля 44 тыс. рабочых прамысл. прадпрыемстваў і рамеснікаў. Па напале і напружанасці барацьбы сітуацыя ў асобных гарадах была блізкая да ўзбр. паўстання.
2.12.1905 цар выдаў указ аб адмене крымінальнай адказнасці за ўдзел у эканам. мірных стачках, а 11 снеж. — новы закон аб выбарах у Дзярж. думу. У той час як бурж.-ліберальныя партыі падтрымалі гэтыя рашэнні і заклікалі спыніць рэв. выступленні, партыі рэв.-дэмакр. кірунку выступалі за працяг барацьбы. У студз. 1906 рабочыя 13 гарадоў стачкамі адзначылі гадавіну рэвалюцыі, сял. рух выліўся ў 135 выступленняў. З мэтай аслаблення рэв. націску царскія ўлады склікалі Дзярж. думу. Большасць месц у 1-й Дзярж. думе заваявалі кадэты.
Пачатак дзейнасці Думы ў крас. 1906 супаў з новым уздымам рэв. руху. У сувязі з днём 1 Мая забастоўкі адбыліся ў 40 нас. пунктах Беларусі. У арганізацыі эканам. барацьбы рабочых усё больш прыкметную ролю адыгрывалі прафсаюзы. Веснавыя выступленні рабочых актыўна падтрымалі сяляне. Летам 1906 удзельная вага паліт. выступленняў бел. сялян перавысіла паказчыкі 1905. Асабліва вылучаліся Навагрудскі і Пружанскі пав.
Пасля роспуску 1-й Дзярж. думы 9.7.1906 прадпрымальнікі ўзмацнілі наступ на рабочых, арганізоўвалі лакауты. Услед за спадам рабочага руху знізілася і колькасць сял. выступленняў.
Ва ўмовах спаду рэвалюцыі ўсе партыі левага, дэмакр. лагера вырашылі выкарыстаць думскую трыбуну для актывізацыі барацьбы. Яны прынялі актыўны ўдзел у выбарах у 2-ю Дзярж. думу. Апошняя насуперак спадзяванням урада была больш левай за 1 -ю Думу і выходзіла з-пад яго кантролю. З.6.1907 2-я Дзярж. дума разагнана; арыштавана с.-д. фракцыя. Выбарчы закон, прыняты ў адпаведнасці з Маніфестам 17 кастр., быў зменены.
Грамадскі і палітычны рух пасля паражэння рэвалюцыі. У выніку паражэння рэвалюцыі ў Расіі ўсталяваўся т.зв. трэцечэрвеньскі рэжым, які ў сваёй палітыцы абапіраўся на дзве большасці ў 3-й Дзярж. думе — чарнасоценна-акцябрысцкую і акцябрысцка-кадэцкую і лавіраваў паміж імі. Паводле выбарчага закона ад 3.6.1907 у Беларусі да ранейшага саслоўна-класавага падзелу насельніцтва, дапушчанага да выбараў, уводзіліся нац. курыі — «руская», «польская» і «яўрэйская» з асобнымі квотамі прадстаўніцтва. Існаванне бел. этнасу цалкам ігнаравалася. У 5 зах. губернях на выбарах у 3-ю Дзярж. думу чарнасоценцы і акцябрысты заваявалі 29 месц з 36, бел.-польскія аўтанамісты («краёўцы») атрымалі 6 месц. З падобнымі вынікамі прайшлі выбары і ў 4-ю Дзярж. думу.
У ходзе наступлення контррэвалюцыі і рэакцыі многія арг-цыі левых партый былі ліквідаваны ці вельмі аслаблены. Назіраўся масавы адток з іх інтэлігенцыі. Спробы аднаўлення парт. арг-цый, як правіла, заканчваліся беспаспяхова. Усяго некалькі месяцаў пратрымалася адноўленая ў лют. 1908 Мінская група РСДРП, у сярэдзіне таго ж года ліквідаваны Браслаўская, Капыльская, Старадарожская і Хоцімская групы РСДРП. Не быў адноўлены Паўн.-Зах. саюз РСДРП, рэзка скарацілася колькасць прафес. саюзаў. Сярод меншавікоў і бундаўцаў пашырылася ліквідатарская плынь, якая дамагалася легалізацыі РСДРП шляхам адмовы ад падп. дзейнасці. На такія пазіцыі стала і БСГ, якая згарнула свае падп. структуры і як партыя часова перастала існаваць. Кіраўнікі БСГ засяродзіліся на легальнай дзейнасці ў газ.«Наша ніва». Бальшавікі-ленінцы выступалі за спалучэнне падп. і легальнай дзейнасці. Маштабы і характар рабочага руху істотна змяняліся. Практычна немагчымымі сталі адкрытыя антыўрадавыя выступленні — дэманстрацыі, мітынгі, маніфестацыі. Рэзка скарацілася колькасць стачак. Прыкметы ажыўлення ў рабочым руху Беларусі з’явіліся ў 1911—12, а адносны ўздым заўважыўся ў 1913, калі ў забастоўках прынялі ўдзел 8,8 тыс.чал. (у 4 разы больш, чым у 1910). Скарацілася колькасць сял. выступленняў (1907—161, 1908—132, 1909—92).
Вельмі аслаблены быў і ліберальна-апазіцыйны цэнтр, вядучай сілай якога заставаліся кадэты. Іх Магілёўская і Пінская арг-цыі распаліся, скарацілася колькасць друкаваных органаў. У гэты перыяд ішло «размыванне» ліберальнай традыцыі: паколькі яе фундамент. прынцып — жыццёва неабходны мінімум правоў асобы, у розных паліт. плынях фарміраваліся розныя праграмы з патрабаваннем эканам., сац., рэліг. і інш. правоў. Ліберальныя патрабаванні ставілі і Саюз дасягнення раўнапраўя яўрэяў у Расіі, і Польскі саюз краёўцаў, і Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі. Аднак да 1917 моцная ліберальная апазіцыя на Беларусі так і не склалася.
Культура. Адукацыя. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай на Магілёўшчыне і Віцебшчыне працягвала існаваць традыц. сістэма адукацыі. У Віцебску, Полацку, Магілёве, Мсціславе, Оршы дзейнічалі езуіцкія калегіумы; у Сянне і Сакольніках — францысканскія, у Віцебску — піярская, Талачыне — базыльянская, Забелах — дамініканская школы. Выкладанне вялося на лац. і польскай мовах.
У канцы 1780 — пач. 1790-х г. стала пашырацца рас. сістэма адукацыі. Гал.нар. вучылішчы адкрыты ў Магілёве і Віцебску, малыя — у Полацку, Оршы, Чавусах, Мсціславе, Копысі, Чэрыкаве, дзе выкладанне вялося на рус. мове.
Пасля 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай стракатую сетку навуч. устаноў дапоўнілі акад. акруговыя школы (створаныя яшчэ Адукацыйнай камісіяй Рэчы Паспалітай), якія знаходзіліся ў Гродне, Мінску, Брэсце і Навагрудку і акад. павятовыя — у Нясвіжы, Слуцку, Бабруйску, Пінску, Мазыры, Слоніме, Вішневе, Ваўкавыску, Халопенічах, Драгічыне, Паставах. Акрамя таго, навучанне ішло ў прыкляштарных вучылішчах і ў пратэстанцкіх школах у Кейданах і Слуцку. Да сярэдніх навуч. устаноў адносіліся невялікія прыватныя пансіёны, а таксама яўр.рэліг. школы (хедэры і ешывы).
У 1803 Гал.Літ. школа атрымала статус імператарскага Віленскага ун-та, які ўзначаліў новаўтвораную Віленскую навуч. акругу. У яе ўвайшлі навуч. ўстановы Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай, Кіеўскай (пазней вылучаны з акругі), Валынскай, Падольскай губ. і з 1810 Беластоцкай вобл. Куратарам акругі прызначаны князь А.Чартарыйскі. Віленская навуч. акруга кіравалася ўласным статутам, польская мова засталася асн. мовай навучання. Па колькасці школ і навучэнцаў яна была лідэрам сярод навуч. акруг Расіі. У пач. 1820-х г. у яе ўстановах набывала веды 30,2% усёй вучнёўскай моладзі рас. дзяржавы.
Вышэйшую духоўную адукацыю можна было атрымаць у Гал. каталіцкай семінарыі пры Віленскім ун-це і Полацкай езуіцкай акадэміі (закрыта ў 1820).
Пасля паўстання 1830—31 сістэма адукацыі ў Віленскай акрузе была радыкальна зменена. У 1832 Віленскі ун-т закрыты, а замест яго ў Вільні створаны мед.-хірургічная і духоўная рымска-каталіцкая акадэміі. У пач. 1840-х г. яны пераведзены адпаведна ў Кіеў і Пецярбург. Школы і вучылішчы Магілёўскай і Віцебскай губ. перададзены ў падпарадкаванне Пецярбургскай навуч. акрузе і пераведзены на рус. мову. У хуткім часе яны вылучаны ў асобную Беларускую навуч. акругу, якая праіснавала да 1850, калі навуч. ўстановы Беларусі зноў былі падзелены паміж Віленскай і Пецярбургскай навуч. акругамі. Новы школьны статут 1828 зафіксаваў існаванне 3-ступеннай сістэмы сярэдняй адукацыі, але больш жорстка замацаваў саслоўны прынцып адукацыі. Гімназіі прызначаліся толькі для дваранства і чыноўніцтва, пав. вучылішчы — для мяшчан, купцоў і рамеснікаў, прыходскія — для ніжэйшых саслоўяў. Рэпрэсіўныя дзеянні ў сістэме адукацыі выявіліся ў скасаванні прыкляштарных вучылішчаў, а яўр.рэліг.навуч. ўстановы замяняліся дзярж.з напаўсвецкімі праграмамі навучання. Абавязковым патрабаваннем да ўладальнікаў усіх свецкіх прыватных жаночых пансіёнаў стала веданне рус. мовы і добранадзейнасць. Падтрымку мелі толькі нешматлікія на Беларусі прыватныя жан. ўстановы рус. арыентацыі (напр., дзявочы пансіён у Прапойску). З канца 1830-х г. на Беларусі ствараліся дзярж. і паўдзярж. («узорныя») жаночыя пансіёны ў Мінску, Гродне, Магілёве, Віцебску, Полацку. У 1841 у Беластоку пачаў дзейнічаць дзярж.ін-т шляхетных дзяўчат на ўзор Смольнага ін-та.
У пачатку царавання Аляксандра II на Беларусі адкрыты новыя гімназіі, пашырылася пач. адукацыя, у т. л. для сялян. Пры гімназіях адкрываліся агранамічныя, землямерныя, каморніцка-таксатарскія класы. У 1835 адкрыты Полацкі кадэцкі корпус — сярэдняя навуч.ваен. ўстанова закрытага тыпу, у 1840 — Горы-Горацкая земляробчая школа (з 1848 — інстытут).
У 1860—90-я г. пануючае месца ў сістэме адукацыі Беларусі займала пач. школа, якая ўключала нар. вучылішчы, царк.-прыходскія школы і школы граматы, у гарадах прыходскія пав. і гар. вучылішчы. Ва ўсіх губ. цэнтрах, а таксама ў Брэсце, Гомелі і Слуцку дзейнічалі мужч. гімназіі, у Бабруйску, Мазыры — прагімназіі. Рэальныя вучылішчы меліся ў Мінску, Магілёве, Пінску. Пад уплывам сац. змен у 2-й пал. 19 ст. пашырылася сетка жан.навуч. устаноў, у большасці прыватных. Да канца стагоддзя яны з’явіліся ў Брэсце, Бабруйску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Мазыры, Слоніме, Слуцку. Дзяўчынак сталі прымаць у нар. вучылішчы нароўні з хлопчыкамі, у Гомелі адкрылася жан. гімназія.
Настаўнікаў для пач. школ рыхтавалі ў настаўніцкіх семінарыях: Маладзечанскай (1-я ў Расіі, засн. ў 1864), Полацкай (1872), Нясвіжскай (1875) і Свіслацкай (1876).
У 1905 на Беларусі было 10 мужч. і 12 жан. гімназій, камерцыйнае, 5 рэальных вучылішчаў, прагімназія (мужчынская), 16 мужч. і 47 жан. прыватных навуч. устаноў. З 1905 па 1914 колькасць пач. (народных) вучылішчаў значна павялічылася.
Развіццё капіталіст. адносін запатрабавала ўдасканалення прафес.-тэхн. адукацыі. Да пач. 20 ст. сетка сярэдняй і ніжэйшай спец. і прафес.-тэхн. адукацыі складалася з сярэдніх і ніжэйшых вучылішчаў, рамесных вучылішчаў і школ, настаўніцкіх і духоўных семінарый. Асобнае месца ў сістэме прафес.тэхн. адукацыі займалі сярэднія спец.навуч. ўстановы — фельчарскія школы, настаўніцкія семінарыі і ін-ты. Пры адсутнасці на тэр. Беларусі ВНУ яны з’яўляліся мясц. цэнтрамі падрыхтоўкі кадраў спецыялістаў.
Навука. Далучэнне бел. зямель да Рас. імперыі дало імпульс развіццю гуманіт.навук. Пачалося комплекснае даследаванне гісторыі, мовы, матэр. і духоўнай культуры бел. этнасу, абумоўленае паліт. і эканам. інтарэсамі рас. улад. У канцы 18 і пач. 19 ст. з’явіліся першыя навук. публікацыі пра Беларусь рас. акадэмікаў І.І.Ляпёхіна і В.М.Севергіна, апублікаваны вынікі дзейнасці дзярж. устаноў, якія ажыццяўлялі Ген. межаванне зямельнага фонду Беларусі. Працы ў галіне беларусазнаўства выдалі польск. даследчыкі (Л.Галамбёўскі, А.Глінскі), рас. навукоўцы (І.Снегіроў, А.Афанасьеў, І.Кірэеўскі), еўрап. славісты (П.Шафарык).
Пачалі руплівую працу па збіранні і сістэматызацыі гіст.-этнагр., філал., фалькл. матэрыялу і прадстаўнікі самой Беларусі. Вынікам сталі гіст. даследаванні праф. Віленскага ун-та І.Даніловіча, І.Анацэвіча, М.Баброўскага. У 1-й трэці 19 ст. ў віленскім і пецярбургскім перыяд. друку з’явіліся публікацыі бел. даследчыкаў М.Чарноўскай, І.Шыдлоўскага, К.Фалютынскага і інш. У 1840—50-я г. выйшлі ў свет грунтоўныя працы А.Рыпінскага, Я.Чачота, Р.Зянькевіча, Я.Тышкевіча, П.Шпілеўскага, Л.Паўлоўскай, І.Насовіча. У 2-й пал. 19 ст.з узнікненнем Паўн.-Зах. аддзялення Рус.геагр.т-ва вывучэнне Беларусі набыло дадатковы імпульс. У 1880—90-я г. ў айч. этнаграфіі з’явіўся шэраг фундаментальных работ, выкананых на высокім навук. і метадычным узроўні: І.Насовіча, Е.Раманава, М.Нікіфароўскага, М.Доўнар-Запольскага, М.Янчука, А.Багдановіча.
Навук. асяродкі і калектывы ў 1-й трэці 19 ст. канцэнтраваліся ў Віленскім ун-це. Тут у розныя часы выкладалі такія вядомыя вучоныя, як астраном Я.Снядэцкі і яго брат, натураліст А.Снядэцкі, медыкі І.Франк і Г.Балнус, гісторыкі І.Анацэвіч, І.Лялевель, багаслоў М.Баброўскі, гісторык права І.Даніловіч і інш. Пры ун-це працавалі мед., ветэрынарная, агранамічная школы, абсерваторыя, навуковы калектыў аднаго з багацейшых у Еўропе батанічнага саду, заалагічны музей, багатая б-ка, клінікі і аптэка.
Літаратура. Асновай духоўнага нац.-культ. развіцця беларусаў з’яўляўся найбагацейшы фальклор і гісторыя краю, а маст. апрацоўка вуснай нар. творчасці садзейнічала зараджэнню новай бел.літ. мовы і станаўленню нац. л-ры. Ля вытокаў бел. л-ры стаялі А.Міцкевіч, Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, А.Вярыга-Дарэўскі, У.Сыракомля, В.Дунін-Марцінкевіч, Р.Падбярэскі, Т.Лада-Заблоцкі. Выдатную ролю ў гэтым працэсе адыгралі ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас па Парнасе». У 2-й пал. 19 ст. пачала развівацца грамадз. і публіцыст. лірыка (Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч), паглыблялася асваенне сатыр. жанраў (А.Абуховіч, Ф.Тапчэўскі). Важную ролю ў развіцці лірычна-філас. кірунку ў паэзіі адыграў Я.Лучына. Закладзены асновы нац. школы перакладу (А.Гурыновіч, Я.Лучына, З.Трашчкоўская). Гал. тэмамі бел. л-ры пач. 20 ст. былі сац. і нац. вызваленне, барацьба супраць самадзяржаўя, адраджэнне Бацькаўшчыны і роднай мовы, сцвярджэнне чалавечай годнасці, правоў народа на вольнае гіст. развіццё. У гэты бурны час бліскуча раскрыўся талент Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі (А.Пашкевіч), М.Багдановіча, А.Гаруна, Ц.Гартнага, З.Бядулі, К.Буйло, Я.Журбы, С.Палуяна і інш.
Вял. ролю ў развіцці бел. культуры і асабліва л-ры адыграла з’яўленне газет і часопісаў на бел. мове. У 1906 у Вільні выдаваліся газ. «Наша доля», у 1906—15 — «Наша ніва», у 1912—14 — часопісы «Маладая Беларусь», «Крапіва», «Лучынка»; у Петраградзе — «Раніца», «Думкі беларускай студэнцкай моладзі». Дзякуючы рэвалюцыі 1905—07 атрымала права на легальнае існаванне і кнігадрукаванне на бел. мове. У Вільні рэдакцыяй газ. «Наша ніва» заснавана выд-ва «Наша хата», у 1906—14 дзейнічалі выд-вы «Мінчук», «Палачанін», «Саха», «Вясёлка». Найб. ўклад у развіццё бел. кнігадрукавання зрабіла суполка «Загляне сонца і ў наша аконца», заснаванае ў 1906 у Пецярбургу.
Музычнае і сцэнічнае мастацтва ў 19 ст. было неад’емнай часткай свецкага жыцця і гар. культуры. Папулярнымі былі публічныя відовішчы на патрэбы дабрачыннасці. У канцы 18 і 1-й трэці 19 ст.прафес. тэатр на Беларусі прадстаўлялі оперныя і драм. трупы, капэлы, аркестры, якія ўтрымлівалі магнаты і высокапастаўленыя царскія чыноўнікі. Еўрап. вядомасць мелі прыватныя тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку, Агінскага ў Слоніме, Тышкевічаў у Свіслачы і Плешчаніцах, Зорыча ў Шклове, Чарнышова ў Магілёве і Чачэрску. Пры тэатрах існавалі балетныя і інш. школы. Да сярэдзіны 19 ст. тэатры такога тыпу на Беларусі зніклі, пачасціліся гастролі рус., польскіх і ўкр. калектываў, пад уплывам якіх у 1840—50-я г. нараджаўся бел.нац.тэатр. Ініцыятыва яго стварэння зыходзіла ад В.Дуніна-Марцінкевіча і гуртка блізкай да яго бел. і польскай інтэлігенцыі. У 1852 у мінскім гар. тэатры пастаўлена камічная опера «Сялянка» С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага на лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча. У гэты перыяд здзейснены пастаноўкі твораў гэтых жа кампазітараў «Каспер Хаўзер», «Латарэя», «Канторшчыкі», «Рэкруцкі набор».
Рэпрэсіі пасля паўстання 1863—64 цяжка адбіліся на тэатр. мастацтве. Былі забаронены сцэнічныя пастаноўкі на польскай мове. У такіх абставінах новае развіццё атрымала аматарскае тэатр. мастацтва, якое мела выразна дэмакр. кірунак.
Уздым вызв. руху ў пач. 20 ст. актывізаваў і культ. жыццё. Пачалі дзейнічаць нар. тэатры ў Мінску, Гродне, Полацку, Слуцку, Капылі, Дзісне, Давыд-Гарадку, Радашковічах, Карэлічах і г.д. Інтэлігенцыя ў гарадах і мястэчках наладжвала «беларускія вечарынкі», на якіх выконваліся бел.нар. песні і танцы, дэкламаваліся вершы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, ставіліся п’есы бел., укр. і рус. аўтараў. У гэты час узнік маст. калектыў пад кіраўніцтвам І.Буйніцкага. Ён згуртаваў вакол сябе таленавітых спевакоў, танцораў, музыкантаў, дэкламатараў і ў 1907 стварыў у Палевічах (Дзісенскі пав.) аматарскі тэатр.
У развіцці бел. выяўленчага мастацтва ў 1-й пал. 19 ст.вял. ролю адыграла Віленская школа жывапісу, якая за 25 гадоў сваёй дзейнасці падрыхтавала больш за 250 мастакоў, гравёраў і скульптараў. Для выяўл. мастацтва гэтага перыяду характэрна хуткае развіццё партрэтнага жанру, звязанае з імёнамі мастакоў В.Ваньковіча, К.Рыпінскага, І.Хруцкага і інш. Адным знайб. вядомых партрэтыстаў быў І.Аляшкевіч. Значнай фігурай у жывапісе быў Я.Дамель, які ў сваіх палотнах імкнуўся адлюстраваць кульмінацыйныя моманты гіст. развіцця краіны. На яго творах выхоўваліся бел. мастакі: Я.Сухадольскі, А.Шэмеш, К.Рыпінскі, Ю.Карчэўскі. У пейзажным жанры найб. ярка раскрыўся талент В.Дмахоўскага.
Закрыццё Віленскага ун-та адмоўна адбілася на маст. жыцці Беларусі, пачаўся адток таленавітых мастакоў у Пецярбург, Маскву і за мяжу. Толькі ў 1886 заснавана Віленская рысавальная школа, якая давала першапачатковую маст. адукацыю і рыхтавала выкладчыкаў для мясц. гімназій.
У 1870-я г.бел. жывапісец К.Альхімовіч стварыў шэраг палотнаў на гіст. тэмы. Да гіст. сюжэтаў, асабліва гісторыі ВКЛ, звяртаўся і Ф.Дмахоўскі. У 2-й пал. 19 ст. атрымалі развіццё пейзаж (А.Гараўскі), партрэтны жывапіс (Н.Сілівановіч). Пачаў развівацца графічны жанр (Р.Гаўрылаў, С.Кудраўцаў, П.Баркоўскі). Бел. мастакі-графікі ў сваёй большасці былі выхадцамі з сялян і бедных пластоў гар. насельніцтва, што адбілася ў асн. сюжэтах. Прыкметны след у бел.выяўл. мастацтве пакінуў Дз.Струкаў. Жыццё бел. народа, краявіды гарадоў, помнікі архітэктуры знайшлі адлюстраванне ў творах Э.Паўловіча і М.Кулеша.
Фарміраванню маст. культуры ў гэты перыяд спрыяла збіральніцкая дзейнасць бел. мецэнатаў, якія не толькі падтрымлівалі мастакоў, але і фарміравалі маст. калекцыі. У маёнтках Пуслоўскіх у Слоніме, графа Храптовіча ў Шчорсах, графа Тышкевіча ў Лагойску, Слізеня ў Бортніках (каля Навагрудка) былі вял. зборы жывапісу, скульптуры і графікі.
У 1890-я г. ўзніклі прыватныя маст. школы — Ю.Пэна ў Віцебску, Я.Кацэнбогена ў Мінску, наладжваліся маст. выстаўкі ў Віцебску (1890), Мінску (1891). Пачало дзейнасць новае пакаленне мастакоў — Ю.Пэн, Я.Кругер, Ф.Рушчыц, У.Бялыніцкі-Біруля і інш.
Канфесіянальная палітыка. У канцы 18 ст. на землях ВКЛ, якія адышлі да Рас. імперыі, пражывала каля 39% уніятаў, 38% рыма-католікаў, 10% іудзеяў, 6,5% праваслаўных, 4% старавераў, 2,5% пратэстантаў, мусульман і караімаў. На далучаных землях царскі ўрад дазволіў дзейнасць усіх канфесій. Але замест панаваўшага каталіцтва ён імкнуўся зацвердзіць пануючае ў Рас. імперыі праваслаўе. Палітыка Рас. імперыі, скіраваная на ўмяшанне свецкай улады ў справы царквы з мэтай ператварэння царк. структуры ў разнавіднасць дзярж. апарату, стала распаўсюджвацца і на тэр.бел.-літ. губерняў. Адбывалася гэта шляхам стварэння сеткі прыходаў, набліжэння межаў епархій да межаў губерняў, падпарадкавання царк. структур духоўным праўленням і кансісторыям. Праваслаўныя і стараверы былі падпарадкаваны Свяцейшаму Урадаваму Сіноду, а ўсе астатнія (у канчатковым выніку) — Дэпартаменту духоўных спраў замежных веравызнанняў Мін-ваўнутр. спраў.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай на тэр.ўсх. Беларусі працягвалі сваю дзейнасць Полацкае уніяцкае архіепіскапства і Магілёўская (Бел.) правасл. епархія. Паколькі рымска-каталіцкія парафіі гэтай тэрыторыі ўваходзілі ў склад Віленскага каталіцкага біскупства (цэнтр якога заставаўся па-за межамі імперыі), то для іх у 1773 утворана Бел. рымска-каталіцкая епархія з цэнтрам у Магілёве, а ў 1782 — Магілёўскае архібіскупства.
З далучэннем у 1793 новых тэрыторый заснавана Мінская правасл. епархія, а пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 — Інфлянцкая (на месцы Віленскай) і Пінская каталіцкія епархіі. У 1798 замест іх на тэр. Міншчыны, Віленшчыны і Гродзеншчыны ўтвораны новыя Мінская і Віленская каталіцкія епархіі. У тым жа годзе на тэр. Мінскай і Літоўскай губ. створана Брэсцкае уніяцкае епіскапства. У 1810 тэр. структура уніяцкай царквы набыла наступны выгляд: мітрапаліцкая з цэнтрам у Вільні, архіепіскапская — у Полацку і епіскапская — у Брэсце.
Адносіны паміж найбольшымі хрысціянскімі канфесіямі (правасл., уніяцкай, рыма-каталіцкай) на бел. землях былі складаныя. У 1780-я г. ўлады дазволілі правасл. святарам займаць месцы ва уніяцкіх прыходах, што было скарыстана для схілення уніятаў у праваслаўе, асабліва ў прыходах, дзе ўладальнікамі сталі рускія памешчыкі. 22.4.1794 Кацярына II выдала ўказ аб ліквідацыі перашкод да вяртання уніятаў у правасл. веру. У 1795 у Магілёўскай правасл. епархіі да праваслаўя далучана 105 уніяцкіх цэркваў з 34 святарамі і амаль 120 тыс. прыхаджан, у 1795—96 у Мінскай епархіі праваслаўнымі сталі 124 уніяцкія царквы, 39 капліц, 15 святароў і каля 85 тыс. прыхаджан.
Духоўная ўлада над уніяцкай царквой практычна была перададзена ў рукі рымска-каталіцкага мітрапаліта С.Богуша-Сестранцэвіча, што прывяло да масавых пераходаў уніятаў у каталіцтва. Гэтаму садзейнічалі і памешчыкі-католікі. У 1803 у Полацкай уніяцкай епархіі перайшло ў каталіцтва каля 100 тыс. (па іншых звестках, каля 200 тыс.) уніятаў, у Дзісенскім і Вілейскім пав. Мінскай губ. — каля 20 тыс.і г.д. Рэскрыптам ад 4.7.1803 Аляксандр I забараніў пераходы ў каталіцтва. Шматлікія паўторы гэтых забарон сведчылі пра невялікую іх эфектыўнасць. 8.8.1810 выдадзены ўказ аб тэрміне даўнасці для тых, хто пакінуў уніяцтва.
Рэлігійная спецыфіка ў бел.-літ. губернях заключалася ў тым, што ўсё каталіцкае, мусульманскае, кальвінісцкае, частка уніяцкага і правасл. духавенства належала да дваранскага саслоўя і карысталася яго правамі. Сярод вышэйшага каталіцкага і уніяцкага духавенства былі прадстаўнікі магнатаў і буйной шляхты (І.Масальскі, Ю.Касакоўскі, І.Булгак). Астатняя частка прыходскага уніяцкага, правасл. і лютэранскага духавенства належала да духоўнага саслоўя, якое ў гэты перыяд канчаткова сфарміравалася як прывілеяванае і даволі закрытае. Апошняе найперш тычылася правасл. і уніяцкіх святароў, бо свае прыходы яны атрымлівалі ў спадчыну ад бацькі да сына або дзякуючы шлюбу з дачкой свяшчэнніка.
Міжканфесіянальныя адносіны выяўляліся ў распаўсюджанасці на тэр. Беларусі змешаных шлюбаў і цесна звязаных з імі пераходаў з аднаго веравызнання ў іншае. З 1777 рус. чыноўнікам, якія прыязджалі на службу ў новыя губерні, дазвалялася браць змешаныя шлюбы толькі з дазволу Св. Сінода, паводле якога дзеці ад такіх шлюбаў павінны былі выхоўвацца выключна ў правасл. веры. «Спакушэнне» ў нехрысціянскае веравызнанне каралася пазбаўленнем усіх правоў, маёмасці і катаржнымі работамі тэрмінам ад 8 да 10 гадоў. Толькі пануючай канфесіі дазвалялася права агітаваць да пераходу.
У канцы 1827—пач. 1828 з’явіўся праект скасавання уніяцкай царквы. Асн. яго ідэямі былі: адрыў уніятаў ад уплыву каталіцтва шляхам скасавання часткі базыльянскіх кляштараў, стварэнне асобнай грэка-уніяцкай духоўнай калегіі, адкрыццё новых навуч. устаноў для падрыхтоўкі юнакоў у правасл. традыцыях. Указам ад 28.4.1828 заснавана асобная ад каталіцкай грэка-уніяцкая духоўная калегія. Адначасова замест 4 уніяцкіх епархій ствараліся 2 — Бел. і Літоўская. Забаранялася накіроўваць юнакоў-уніятаў на вучобу ў Рым і Гал. каталіцкую семінарыю ў Вільні; тыя, хто там ужо вучыліся, былі адкліканы.
За ўдзел базыльянскіх манахаў у паўстанні 1830—31 2/3 іх кляштараў былі ліквідаваны, адначасова скасоўвалася ўлада правінцыялаў ордэна. Урад дазволіў манахам скасаваных кляштараў, якія раней былі католікамі, вярнуцца ў каталіцызм. Да 1836 з ордэна адышло каля 200 базыльян.
Наступным крокам было стварэнне ў 1836 Сакрэтнага к-та па уніяцкіх справах. Пасля смерці ў 1838 уніяцкага мітрапаліта І.Булгака, які быў апошняй перашкодай у справе скасавання уніі, грэка-уніяцкую калегію ўзначаліў літоўскі епіскап І.Сямашка, які сумесна з епіскапамі В.Лужынскім і А.Зубко падтрымалі ідэю ліквідацыі уніяцтва. 12.2.1839 у Полацку ў прысутнасці вышэйшага уніяцкага духавенства падпісаны Саборны акт з просьбай аб далучэнні уніяцкай царквы да праваслаўнай. Пастанова Св. Сінода была зацверджана Мікалаем I. У выніку канфесіянальнай палітыкі канца 18—1-й пал. 19 ст. большая частка насельніцтва Беларусі стала праваслаўнай. У пач. 1860-х г. у 5 бел. губернях пражывала 2645,7 тыс. праваслаўных (разам са стараверамі), 1333,8 тыс. католікаў, 10,8 тыс. пратэстантаў, 463,2 тыс. іудзеяў, 3,7 тыс. мусульман.
У мэтах замацавання правасл. веры было вырашана адрадзіць брацкі рух. У 1864 зацверджаны асн. правілы для заснавання правасл. царкоўных брацтваў, найб. вядомыя з іх брацтвы ў Полацку, Магілёве, Віцебску. Правасл. манастыры садзейнічалі аднаўленню брацтваў, стварэнню брацкіх школ, вялі выдавецкую дзейнасць, адчынялі прытулкі і багадзельні.
Для ўзмацнення пазіцый правасл. царквы ў бел.-літ. губернях хуткімі тэмпамі будаваліся і рамантаваліся правасл. храмы, пераводзіліся зунутр. губерняў святары. Для правасл. цэркваў прыстасоўвалі зачыненыя пасля паўстання 1863—64 касцёлы. За некалькі гадоў пасля паўстання ў Літоўскай епархіі (ахоплівала Віленскую, Гродзенскую і Ковенскую губ.) праваслаўнымі сталі 30 тыс. католікаў, у Мінскай епархіі — адпаведна 37 тыс. Паводле перапісу 1897 колькасць правасл. і аднаверцаў складала 60% ад агульнай колькасці насельніцтва 5 губерняў (па 35 бел. паветах — 70,8%).
Каталіцкая царква ў адрозненне ад правасл. страчвала свой уплыў на Беларусі. У час паўстання 1863—64 большасць каталіцкага духавенства апынулася на баку паўстанцаў. За гэта ўрад павёў на Беларусі мэтанакіраваную і жорсткую лінію ў адносінах да каталіцкай царквы. За ўдзел у паўстанні на Літве і Беларусі 8 каталіцкіх святароў былі пакараны смерцю, прычым кожны другі — толькі за чытанне рэв. маніфеста. Дзесяткі ксяндзоў сасланы ў Сібір або ва ўнутр. губерні Расіі, пазбаўлены сану, панеслі інш. пакаранні. Закрываліся касцёлы і кляштары. За 1864—67 у Віленскай і Гродзенскай губ. іх скасавана 140. З мэтай паслаблення ўплыву каталіцкіх святароў на бел. народ быў распрацаваны план «распалячвання касцёла», сутнасць якога зводзілася да ўжывання ў каталіцкіх касцёлах бел. губерняў рус. мовы замест польскай.
У 1860—70-я г. ўрад дазволіў прыхільнікам т.зв. «менш шкодных» сектаў, у т. л. стараверам (стараабраднікам) ствараць школы граматы, пасылаць дзяцей у агульныя навуч. ўстановы без абавязковага вывучэння Закона Божага, чыніць грамадскую малітву, выконваць адправы і набажэнствы па сваіх абрадах. Відаць, гэтым пераменам садзейнічалі не толькі агульныя абставіны правядзення бурж. рэформ, але і адносіны старавераў да паўстання 1863, якія выявіліся ў падтрымцы царскага ўрада. Паводле ўказа ад 3.5.1863 члены ўсіх «стараверскіх» сектаў, акрамя скапцоў, атрымлівалі пашпарты і маглі перамяшчацца ўнутры Рас. імперыі на агульных умовах. Ім дазвалялася займацца гандлем і промысламі, займаць службовыя пасады і г.д.
У пач. 1860-х г. у 5 губернях пражывала 19 951 чал. пратэстанцкага веравызнання. Найб. іх колькасць (гал. чынам лютэран) знаходзілася ў Віцебскай губ. У 1860—90-я г. колькасць пратэстантаў на Беларусі павялічылася, узнікла некалькі іх новых плыней. У 1870-я г. ў Гомельскім пав. выяўлены штундысты, у 1880-я г. яны з’явіліся ў Рагачоўскім пав., Віцебскай губ. і інш. У 1894 штундызм аб’яўлены ў Рас. імперыі па-за законам, ён пайшоў на спад і з цягам часу зліўся з баптызмам. Баптысцкія абшчыны былі заснаваны на Гомельшчыне, у Слуцкім і Пінскім пав., пазней — у Мінску, Віцебскай губ. Крыху пазней на Беларусі з’явілася евангелічнае хрысціянства. У пач. 20 ст. на Беларусі пачало распаўсюджвацца адвентысцкае веравучэнне.
Даволі значную групу ў колькасных адносінах складалі іудзеі. У пач. 1860-х г. у 5 бел. губернях пражывала 463 217, паводле перапісу 1897—1 209 815 іудзеяў. Палітыка царызму ў бел. краі наклала адбітак і на яўр. насельніцтва. Ім забаранялася насіць яўр. адзенне, у яўр.навуч. установах уводзілася абавязковае вывучэнне рус. мовы. Нягледзячы на насцярожаныя адносіны да гэтагаз боку меламедаў і трымальнікаў хедэраў, цяга яўр. насельніцтва да ўспрыняцця рус. мовы і культуры была вялікая. Яўр. абшчыны стваралі школы рус. граматы, арганізоўвалі прыватнае вывучэнне рус. мовы для дзяцей, час ад часурус. мова гучала і ў сінагогах. Яўр. адукацыя набывала ўсё больш свецкі характар, моладзь імкнулася вучыцца ў гімназіях, ун-тах, адыходзіла ад рэлігіі сваіх продкаў. Яўр. пагромы, якія пракаціліся па імперыі ў пач. 1880-х г., вымусілі многіх змяніць свае погляды. Нават тыя, хто раней выступаў за брацтва народаў, пачалі пісаць і гаварыць аб тым, што «трэба заставацца яўрэямі».
У пач. 1860-х г. у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. пражывала 6196 татараў-мусульман, у 1897—13 877 чал. Адносіны ўлад да іх былі лаяльныя. Паводле заканадаўства Рас. імперыі духоўныя асобы мусульман і мячэці ўтрымліваліся на сродкі саміх прыхаджан. Сярод татараў-мусульман пэўны час захоўвалася тэндэнцыя выкарыстання польскай мовы як больш «сацыяльна прэстыжнай». З сярэдзіны 19 ст. яна пачала выцясняцца рускай.
17(29).4.1905 у Рас. імперыі прыняты ўказ, паводле якога праваслаўным дазвалялася пераходзіць у інш. хрысціянскія веравызнанні, што і было скарыстана многімі вернікамі. Паводле звестак Дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў, у 1905—09 з праваслаўя ў каталіцтва ў Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай, Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Люблінскай, Сядлецкай і Сувалкаўскай губ. перайшлі 211 566 чал. (30 862 сям’і). 18.8.1905 Мін-ваўнутр. спраў выдала часовыя правілы пераходу зправасл. веравызнання ў інш. хрысціянскае і вяртання з праваслаўя ў нехрысціянскую веру. Дазволіўшы свабодны пераход з аднаго веравызнання ў іншае (і гал. — з праваслаўя), гэты ўказ толькі ўскосна аслабляў дзейнасць старых юрыд. норм, дзярж. законы, як і раней, лічылі правасл. веру «первенствующей и господствующей».
Нацыятворчыя працэсы. Першую фазу працэсу фарміравання бел. нацыі можна аднесці на пач. 19 ст., калі абуджалася цікавасць да гіст. культуры мясц. этналінгвістычных супольнасцей. У той час, калі Варшава страчвала моц дзярж. ўплыву на Беларусь, а Пецярбург такую моц у адносінах да яе яшчэ толькі набіраў, у асяроддзі шляхты ўмацоўваліся настроі і пачуцці «мясцовага» патрыятызму.
Праявай такога патрыятызму стала захапленне фальклорам, мовай, звычаямі і традыцыямі простага народа. З часам многія прыхільнікі і шукальнікі нар. песень пераходзілі да самаст. творчасці, выкарыстоўваючы нар. сюжэты, стыль і мову. Імкненне да сур’ёзнага іх вывучэння было асновай дзейнасці і творчасці пісьменнікаў, этнографаў, фалькларыстаў Я.Баршчэўскага, В.Рэута, В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, Я.Чачота, А.Кіркора, П.Шпілеўскага і інш. Зварот да фалькл. спадчыны быў важным крокам на шляху сцвярджэння нац. самасвядомасці, усведамлення свайго гіст. аблічча, месца ў свеце.
На гэтай фазе «культурнага накаплення», «залатога часу» лексікографаў, граматыкаў, філолагаў і літаратараў бел. мова стала гал. элементам нац. ідэнтычнасці, а нац. ідэя найперш грунтавалася на сцверджаннях пра старажытнасць, спрадвечнасць этнічнай культуры, на імкненні спраецыраваць існаваўшыя этнакультурныя межы як мага глыбей у мінулае, ідэнтыфікаваць продкаў са славутымі народамі, вядомымі па старажытных пісьмовых і фалькл. крыніцах.
Моўны крытэрый быў пакладзены і ў аснову вызначэння этнічных межаў рассялення беларусаў. Першая спроба ў гэтым належыць чэшскаму славісту П.Шафарыку. Выкарыстаўшы матэрыялы П.Кепена, А.Бадзянскага, З.Даленгі-Хадакоўскага, а таксама свае асабістыя веды, ён склаў карту рассялення слав. народаў. У тэрыторыю кампактнага пражывання беларусаў ён уключаў Мінскую і Магілёўскую губ. (цалкам), большую частку Віцебскай і Гродзенскай, часткова Віленскую губ. Усяго на гэтых абшарах на той час пражывала 2726 тыс. беларусаў, з якіх 2376 тыс. (87,2%) былі праваслаўнымі і каля 350 тыс. (12,8%) католікамі. На поўначы мяжа рассялення беларусаў даходзіла да г. Люцын, уключаючы Невельскі, Веліжскі, Себежскі пав.; на захадзе — за Беласток, да г. Бельск. Недахоп звестак не дазволіў Шафарыку вызначыць дакладную мяжу бел. этнасу на ўсходзе, поўдні і паўн. захадзе, таму на гэтых напрамках яна была праведзена па былых граніцах ВКЛ.
У канцы 18—1-й пал. 19 ст. пачалі складвацца эканам. перадумовы фарміравання бел. нацыі: працэсы урбанізацыі, фарміраванне рынку і сеткі дарог. У 2-й пал. 19 ст. нацыятворчыя працэсы развіваліся ў яшчэ больш цеснай сувязі з сур’ёзнымі трансфармацыямі эканам. жыцця. Стварэнне чыг. сеткі, рост гандлю, пашырэнне рыначных адносін, узмацненне сац. мабільнасці, развіццё сродкаў камунікацыі актывізавалі працэсы этнакультурнай кансалідацыі. Калі канец 18—1-я пал. 19 ст. толькі стваралі эканам. ўмовы фарміравання бел. нацыі, то 2-я пал. 19 ст. забяспечыла эканам. глебу для яе станаўлення, а пач. 20 ст. выканаў ролю эканам. складаючай нац. дзяржаўнасці.
Рынак не толькі аб’ядноўваў эканам. намаганні асобных індывідаў, ён ставіў іх перад неабходнасцю засваення «высокай» (пісьмовай) культуры на агульнанац. мове. Але ў часы, калі «высокая» беларускамоўная культура толькі нараджалася, ролю моўнага інтэгратара мясц. соцыуму ў значнай ступені бралі на сябе рус. альбо польская мовы. Гэта сур’ёзна дэфармавала працэс кансалідацыі бел. этнасу ў нацыю, было прычынай асіміляцыйных тэндэнцый. Важныя сац. наступствы мела нараджэнне фабр.-заводскай прам-сці і чыг. сістэмы, фарміраванне пралетарыяту і буржуазіі, у т. л. і яго эліты — прадпрымальнікаў. Пры гэтым на Беларусі названыя сац. пласты рэкрутаваліся пераважна з небел. паводле этнічнай ідэнтыфікацыі асяроддзя і з’яўляліся хутчэй апанентамі, чым удзельнікамі працэсу фарміравання бел. нацыі. Адсутнасць дзярж., мытных і нават адм. межаў паміж бел. этнічнай тэрыторыяй і суседнімі рэгіёнамі мела вынікам тое, што інтэграцыя соцыуму рынкам адбывалася ў больш шырокіх межах, яна хутчэй размывала, чым выяўляла тэр. і сацыякультурныя характарыстыкі бел. нацыі.
Усе гэтыя працэсы прывялі да актывізацыі нац. руху. Разам з тым ён набываў больш папулісцкі характар, што было выклікана рэакцыяй ніжэйшых пластоў насельніцтва на рэаліі мадэрнізацыі развіцця капіталіст. адносін. Бел.нац. рух набываў форму лідэрства інтэлектуалаў, якія імкнуліся ўзрушыць сілы народа і скіраваць іх на падтрымку нац. ідэі.
У 2-й пал. 1850-х г., у час грамадскага абуджэння ў Рас. імперыі, назіралася далейшае развіццё бел. нац.-культ. руху сярод інтэлігенцыі Вільні, Мінска, Віцебска (гурткі А.Кіркора, В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Вярыгі-Дарэўскага). Захапленне элітай бел. народнай культурай і мовай атрымала саркастычную назву «хлапаманія». Бел.нац. пытанне — у сувязі с польскім, літоўскім, украінскім — ставілася на сходках зямляцтваў і гурткоў рэв. моладзі. Падаўленне паўстання 1863—64 і масавыя рэпрэсіі ў адносінах да яго ўдзельнікаў, жорсткі рэжым выключных законаў надоўга затрымалі развіццё нац. руху. На мяжы 1870—80-х г. у вышэйшых установах Пецярбурга і інш. гарадоў утварыліся гурткі студэнтаў-беларусаў рэв.-дэмакр. і ліберальнага кірункаў (напр., асветніцкая арг-цыя «Крывіцкі вязок»). Яны падпольна выдалі шэраг публіцыст. твораў, дзе абвяшчалі існаванне беларусаў як «асобнай галіны славянскага племені».
У 1891 Ф.Багушэвіч у прадмове да зб. «Дудка беларуская» сфармуляваў бел.нац. ідэю, якая грунтавалася на гіст. традыцыі ВКЛ і асэнсаванні бел. мовы як вызначальнага індыкатара бел. нацыі. У канцы 1890-х г. сярод навучэнцаў Мінска па ініцыятыве А. і І. Луцкевічаў утварыўся гурток з мэтай вывучэння Беларусі і распрацоўкі бел.нац. пытання. У 1902 В.Іваноўскі і браты Луцкевічы заснавалі «Круг беларускай народнай прасветы і культуры» ў Пецярбургу. Зімой 1902—03 на аснове нац.-культ. гурткоў бел. моладзі Мінска, Вільні, Пецярбурга ўтворана Бел.сацыяліст. грамада (І. і А. Луцкевічы, А.Пашкевіч, К.Кастравіцкі, А.Бурбіс, В.Іваноўскі, Ф.Умястоўскі). Легальным органам БСГ стала газ. «Наша доля», якая пачала друкавацца ў Вільні звер. 1906 кірыліцай і лацінкай (адно выданне прызначалася для беларусаў праваслаўных, другое — для католікаў), але яна была забаронена ўладамі ў студз. 1907. У ліст. 1906 БСГ пачала выдаваць газ. «Наша ніва», якая амаль дзесяцігоддзе з’яўлялася паліт. і культ. цэнтрам нацыятворчага працэсу. Важную ролю ў развіцці бел. нац.-культ. руху адыграла дзейнасць кнігавыдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», заснаванай у маі 1906 у Пецярбургу па ініцыятыве Б.І.Эпімах-Шыпілы.
Менавіта вакол БСГ, «Нашай нівы» і бел. выдавецтваў гуртаваліся нац. свядомыя бел. сілы. Ідэя дзяржаўнасці Беларусі як гарантыі вольнага развіцця народа, яго культуры стымулявала творчасць вядучых культ. дзеячаў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Я.Лёсіка, А.Гаруна, В.Ластоўскага. Важны ўклад у вывучэнне нар. культуры і мовы зрабілі Е.Раманаў, Я.Карскі, М.Нікіфароўскі, М.Доўнар-Запольскі. Паступова і мэтанакіравана намаганнямі бел. інтэлігенцыі стваралася навук. беларусазнаўства.
Бел. нац. ідэя вызначала і культ.-асветніцкую дзейнасць інтэлігенцыі, якая актывізавалася пасля рэвалюцыі 1905—07. Дзякуючы яе намаганням з’явіўся бел. тэатр і друк. У 1908—14 дзейнічала 6 бел. выд-ваў, выйшлі ў свет 77 бел. кніжак агульным тыражом 600. У пач. 20 ст. з’явілася значная колькасць тэкстаў, якія ствараюць канон нац. культуры, і было пабудавана ўласнае бачанне гісторыі народа.
Такім чынам, на мяжы 19 — пач. 20 ст. практычна склаўся ўвесь «будаўнічы набор» бел. нацыі. Але некат. яго элементы пакуль толькі пазначылі сваю прысутнасць і існавалі хутчэй як патэнцыял, не выяўляючы ў поўнай меры ні свае магчымасці, ні рэальную сілу. Сваю ролю тут адыгралі палітызацыя канфесіянальных падзелаў (праваслаўя і каталіцтва), канфлікт буйных паліт. сіл — польскага і рас. нацыяналізму. Прычым за апошнім стаяла моц Рас. імперыі, для якой фарміраванне бел. (як і ўкр.) нацыі было крайне непажаданым, бо ставіла пад пагрозу адзінства яе этнакульт. ядра. Да таго ж этнічныя і культ. характарыстыкі беларусаў нярэдка станавіліся аб’ектам дыскусій нац. актывістаў. Усё гэта ўскладняла працэс ідэнтыфікацыі лакальнай супольнасці.
На мяжы 19—20 ст.бел.нац. ідэя канкурыравала з канцэпцыямі «заходнерусізму» і «краёвасці», кожная з якіх стварыла сваю іерархію ідэнтычнасцей і каштоўнасцей. Сутнасць заходнерусізму вызначаецца словамі М.Каяловіча: «Расійскі народ складаецца з трох пляменьняў: вялікарусаў, маларосаў і беларусаў. Гэта — факт расійскага жыцця; даўно ён існуе, і, безумоўна, будзе існаваць далей, пакуль у Расіі будзе просты народ... Бязглузда было б нам дзяліцца на племянныя групы. А тым больш праводзіць гэты падзел у народ». Сутнасным элементам гэтай канцэпцыі з’яўлялася таксама ўпэўненасць у тым, што паліт. незалежнасць Беларусі — гэта шкодная утопія.
Асн. пастулатам краёвай ідэалогіі было сцвярджэнне, што ўсе карэнныя народы «Беларуска-літоўскага краю» ўтвараюць адзіную нацыю, да якой належыць кожны, хто адчувае сябе грамадзянінам краю незалежна ад сац. паходжання і культ. арыентацыі. З прапагандай краёвых поглядаў выступілі Р.Скірмунт, К.Скірмунт, М.Ромер і інш. Кіраўнікі бел. руху браты Луцкевічы і Ластоўскі прынялі гэтую ідэю і актыўна яе прапагандавалі. А.Луцкевіч спадзяваўся, што папулярызацыя ідэі паліт. нацыі на польскай і рус. мовах паспрыяе далучэнню да бел. руху як русіфікаваных, так і паланізаваных беларусаў.
Адным з актаў краёўцаў было ўтварэнне ў канцы 1915 у акупіраванай немцамі Вільні Часовай рады Канфедэрацыі Вял. княства Літоўскага. Гэтая арг-цыя аб’ядноўвала дзеячаў розных нац.-культ. рухаў, а ініцыятыва яе стварэння належала беларусам. Аднак выпрабавання часам яна не вытрымала. Абвастрэнне міжэтнічных адносін (асабліва польска-літоўскіх) і радыкалізацыя бел. руху, якая адбылася пасля Лют. рэвалюцыі 1917, знішчылі падмурак канфедэрацыі. БСГ, якая адрадзілася ў 1917, успрымала бел. этнас як сял.-рабочы, прадстаўнікам іншых колаў амаль немагчыма было заваяваць давер сацыялістаў. Аднак ідэя дзяржаўнасці гіст. Літвы яшчэ ў 1917 дамінавала ў бел. руху на захад ад лініі фронту. Такім чынам, на пач. 20 ст. ідэя паліт. нацыі не стала падмуркам бел. руху, хаця вельмі актыўна выкарыстоўвалася беларусамі.
Суіснаванне канфліктуючых уяўленняў аб гіст. лёсе бел. нацыі вызначала ў гэты перыяд логіку і тэмпы фарміравання нац. свядомасці, шырэй — нац. кансалідацыі. Паміж момантам, калі нацыя была «ўяўлена» прадстаўнікамі эліты, і момантам, калі адпаведная гэтаму нац. ідэнтычнасць зацвердзілася сярод супольнасці і атрымала паліт. афармленне, прайшоў пэўны час, што спарадзіла меркаванні асобных даследчыкаў аб «замаруджаным» развіцці бел. нацыі. Трэба адзначыць, што ў 2-й пал. 19 ст.бел. нацыяналізм толькі ўсталёўваўся як мабілізацыйны рэсурс паліт. дзеяння ў барацьбе са старымі (рэліг. і дынастычны) і новымі (класавая барацьба) формамі паліт. дыскурсу. Толькі зчасу падзей 1917 праблемы Беларусі як асобнай этнатэр. адзінкі («беларускае пытанне») выносяцца ў фокус грамадскай барацьбы. Менавіта гэты час стаў лёсавызначальным для нац.культ. ідэнтыфікацыі бел. этнасу і яго паліт.-дзярж. самавызначэння.
Літ.:
Бутурлин Д.П. История нашествия императора Наполеона на Россию в 1812 году. Ч. 1—2. СПб., 1823—24;
Богданович М.И. История Отечественной войны 1812 года по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;
Тройницкий А.П. Крепостное население России по X народной переписи. СПб., 1861;
Ратч В. Сведения о польском мятеже 1863 года в Северо-Западной России. Вильно, 1867;
Gillez A. Historia Powstania Narodu Polskiego w 1861—1864 r. T. 1. Paryż, 1867;
Яблочков М. История дворянского сословия в России. СПб., 1876;
Вержбовский Ф. К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодежи в 1819—1823. Варшава, 1898;
Краснянский В.Г. Минский департамент Великого княжества Литовского. СПб., 1902;
Корф С.А. Дворянство и его сословное управление за столетие 1762—1855 годов. СПб., 1906;
Довнар-Запольский М.В. Народное хозяйство Белоруссии 1861—1914 гг.Мн., 1926;
Лушчыцкі І. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі Беларусі ў другой палове XIX ст.Мн., 1958;
Корнейчик Е. Белорусский народ в Отечественной войне 1812 г.Мн., 1962;
Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—07 гг.Мн., 1962;
Улащик Н.Н. Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии. М., 1965;
Чепко В.В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX века. Мн., 1966;
Яе ж. Города Белоруссии в первой половине XIX века: (Экон. развитие). Мн., 1981;
Кацер М.С. Изобразительное искусство Белоруссии дооктябрьского периода. Мн., 1969;
Абезгауз З.Е. Развитие промышленности и формирование пролетариата Белоруссии во второй половине XIX века. Мн., 1971;
Мохнач Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30—40-е годы XIX века. Мн., 1971;
Бич М. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии 1883—1903. Мн., 1973;
Яго ж. Рабочее движение Белоруссии 1861—1904. Мн., 1983;
Дробов Л.М. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Бітва пры Клясціцах каля Полацка. Ліпень 1812. Мастак П.Гес.Каля Бярэзіны. Лістапад 1812 г. Гравюра 1-й чвэрці 19 ст.Беларуская вёска 19 — пач. 20 ст.Бел.дзярж. музей нар. архітэктуры і побыту.Гомель. З гравюры 19 ст.Вадзяны млын на р. Лясная каля в. Клейнікі Брэсцкага раёна. Пач. 20 ст.Пінскі рачны порт. Гравюра 19 ст.Мінск. З малюнка 19 ст.Новагародак. Малюнак Н.Орды. 1878.Будынак упраўлення Лібава-Роменскай чыгункі ў Мінску. Пач. 20 ст.Прыбыццё цягніка на вакзал у Брэсце. Канец 19 ст.Будынак чыгуначнага вакзала ў Гомелі. Пач. 20 ст.Лепель. Паштоўка з выявай шлюза Бярэзінскай воднай сістэмы. Пач. 20 ст.Мястэчка Глыбокае Пач. 20 ст.Адкрыццё аўтамабільнага руху ў Слуцку. Паштоўка. Пач. 20 ст.Т.Зан. Гравюра Р.Жукоўскага.А.Міцкевіч. Літаграфія. 1827.Спражка паўстанцаў 1830—31.Паўстанец 1831 з-над Нёмана. Тагачасная гравюра.Кастусь Каліноўскі. З карціны А.Гугеля і Р.Кудрэвіч 1958Э.Плятэр.Газета «Мужыцкая праўда». №1. 1862.«Ліст з-пад шыбеніцы» К.Каліноўскага. Аўтограф. 1864.Вокладка час. «Гоман». 1884.Выхад паўстанцаў з Гродна на зборны пункт. З карціны невядомага мастака. 1863.Маніфестацыя каля дома губернатара на Саборнай плошчы ў Мінску 18.10.1905.Вызваленне палітычных вязняў з мінскай турмы 18.10.1905.Выступленне рабочых і салдат у Баранавічах у снежні 1905. Малюнак С.Раманава 1955.А.І.Каменскі. Мітынг. З серыі «Дух рэвалюцыянера».Навучанне ў царкоўнапрыходскай школе ў Мсціслаўскім павеце Канец 19 ст.І.Лялевель.Медаль «Перамога праваслаўя», прысвечаны скасаванню уніяцкай царквы. Аверс і рэверс. Медзь. 1839.Віленская інтэлігенцыя каля рэдакцыі газ. «Наша ніва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬШЧА (Polska), Рэспубліка Польшча (Rzeczpospolita Polska),
дзяржава ў Цэнтр. Еўропе, у басейне рэк Вісла і Одра. Мяжуе на Зз Германіяй, на Пдз Чэхіяй і Славакіяй, на Уз Літвой, Беларуссю і Украінай; на Пн абмываецца Балтыйскім м. і мяжуе з Калінінградскай вобл. Расіі. Пл. 312,7 тыс.км². Нас. 38,7 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — польская. Сталіца — г.Варшава. Падзяляецца на 16 ваяводстваў. Нац. святы — Дзень Канстытуцыі 1791 (3 мая), Дзень незалежнасці (11 ліст.).
Дзяржаўны лад. П. — парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1997. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт, які з’яўляецца кіраўніком дзяржавы (выбіраецца на 5 гадоў праз усеагульныя выбары), і Савет Міністраў. Заканадаўчы орган — парламент, які складаецца з 2 палат: сейма і сената. Дэпутаты сейма (460 чал.) і сенатары (100 чал.) выбіраюцца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Судовая ўлада аддзелена ад заканад. і выканаўчай улад. Вышэйшая суд. інстанцыя П. — Вярхоўны суд.
Прырода. П. пераважна раўнінная краіна, нізіны і раўніны займаюць каля 75% плошчы. На Пн паласа ўзгорыста-марэннага рэльефу звял. колькасцю азёр (Паморскае і Мазурскае Паазер’і). У цэнтр. раёнах з 3 на У працягваюцца нізіны (Велікапольская, Шлёнская, Мазавецка-Падляская), на Пд ад іх — Малапольскае і Люблінскае ўзвышшы. На Пд горы: Карпаты з масівам Татры (г. Рысы, 2499 м), на ПдЗ Судэты (г. Снежка, 1602 м). П. багатая каменным (геал. запасы 130 млрд.т да глыб. 1200 м) і бурым (геал. запасы 40 млрд.т) вугалем, серай, меднай і свінцова-цынкавымі рудамі, каменнай соллю. Ёсць барыт, жал. руда, фасфарыты, невял. запасы нафты і прыроднага газу. Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-растудз. на ўзбярэжжы і З каля -1 °C, у цэнтр. раёнах і на У -3 °C, у гарах каля -6 °C. Сярэдняя т-раліп. 17—19 °C; у гарах халадней. Ападкаў за год на раўнінах і нізінах 450—600 мм, у гарах 1200—1500 мм. Найб. рэкі Вісла з Наравам, Одра з Вартай. З азёр найб. Снярдвы (113,8 км²) і Мамры (104,4 км²) у Мазурскім Паазер’і. Лясы і хмызнякі займаюць 29% тэр. У лясах пераважае хвоя, у Судэтах — елка, у Карпатах — хвоя, елка, бук. Асн. масівы лясоў на Пн, З, у гарах. Жывёльны свет: зубр, сарна, буры мядзведзь, рачны бабёр (усе ахоўваюцца), высакародны алень, дзік, лось, барсук, воўк, рысь, зайцы; з птушак фазан (ахоўваецца), глушэц, цецярук, курапатка, вадаплаўныя. У краіне 22 нац. паркі (буйнейшыя з іх Татранскі, Бяшчадскі, Карканешскі, Белавежскі), 106 ландшафтных паркаў, якія займаюць 9,3% пл. краіны. Белавежскі нац. парк уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 97% складаюць палякі, 0,5% — украінцы (ПдУ), 0,4% — беларусы (пераважна Падляскае ваяводства, цэнтр — г. Беласток). Жывуць таксама немцы, славакі, рускія, літоўцы, чэхі і інш. Вернікі ў асн. католікі (больш за 95%). Сярэдняя шчыльн. 123,8 чал. на 1 км²: найб. ў горна-прамысл. раёне на Пд — да 300—400 чал. на 1 км², найменшая на ПнУ і Пн — каля 50 чал. на 1 км². Натуральны прырост блізкі да нулявога. У гарадах жыве каля 62% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1999): Варшава — 1800, Лодзь — 1000, Кракаў — 850, Вроцлаў — 730, Познань — 660, Гданьск — 550, Шчэцін — 500. У прам-сці і буд-ве занята 30% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 26%, у абслуговых галінах — 44%.
Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам з эпохі палеаліту (рэшткі найб.стараж. паселішчаў у паўд. раёнах краіны). Ў 4—3-м тыс. да н.э. тут жылі фіна-угры, аб чым сведчаць і некат. тапонімы, напр., назва р. Нараў. У 3-м тыс. да н.э. сюды з Прычарнамор’я прыйшлі плямёны культуры стужачнай керамікі, у пач. 2-га тыс. да н.э. з’явіліся плямёны шнуравой керамікі культуры. З 1-га тыс. да н.э.найб. вядомая лужыцкая культура (вучоныя рэканструявалі іх стараж. паселішча на Біскупінскім воз.). Лужыцкія плямёны гандлявалі са стараж. рымлянамі (пераважна бурштынам), пра што сведчыць і карта стараж. Еўропы, складзеная К.Пталамеем, дзе пазначаны г. Calissia (цяпер г. Каліш). У канцы 2 ст. да н.э. складвалася пшэворская культура, носьбіты якой — аснова фарміравання зах. славян.
У пач.н.э. землямі П. намагаліся авалодаць стараж.-герм. плямёны, але продкі славян адстаялі тэр. паміж рэкамі Вісла і Лаба (Эльба). Розныя ч. П. насялялі паморы (гл.Памаране), ругі, мазуры, куявы (гл.Куявія), віслякі, апаляне, слянзакі, палякі (паляцы), смаляне, якія кантактавалі з этнічна блізкімі палабскімі славянамі, продкамі чэхаў і славакаў. Найб. развітымі былі памаране і паўд. плямёны. У Памор’і ўзніклі першыя польск. гарады (Бялоград, Слаўна, Гданьск, Шчэцін, Волін). У паўд., або Малой Польшчы (гл.Малапольшча), узнікла княства з цэнтрам у Кракаве. Віслінскі князь падпарадкаваў ч. Галіцыі і Сілезіі. Але ў 2-й пал. 9 ст. Малая П. трапіла пад уладу Вялікамараўскай дзяржавы. З Маравіі ў П. прыйшло і хрысціянства, у Кракаве ўтварылася епіскапства паводле візант. абраду. Этнічна блізкія стараж.-польскія плямёны ўдалося аб’яднаць у дзяржаву племя палян, якое жыло ў цэнтры Вялікай Польшчы. Ад іх паходзіць назва краіны і нацыі (Польска, паляцы). У канцы 9 ст. ў палян на чале ўлады зацвердзілася дынастыя Пястаў, першымі прадстаўнікамі якой былі князі Земавіт, Лешак, Земамысл. Пісьмовая гісторыя П. пачалася з 4-га князя з дынастыі Пястаў — Мешкі I. Ён заснаваў першую сталіцу П. — г. Гнезна, герб Пястаў (белы арол) стаў дзярж. гербам краіны. У 960-я г. Мешка аб’яднаў б.ч.тэр. сучаснай П., у т. л. ў саюзе з Чэхіяй і з дапамогай яе войска падпарадкаваў Шчэцін і інш. гарады Зах. Памор’я. Ажаніўшыся зчэш. князёўнай, Мешка I у 966 прыняў хрысціянства паводле лац. абраду ад герм. епіскапаў, і згэтагачасу П. стала каталіцкай краінай. Аб’яднанне польск. зямель завяршыў старэйшы сын Мешкі — Баляслаў I Храбры, які ў 999 падпарадкаваў Малую П. з Кракавам, а яшчэ раней адабраў у чэхаў Сілезію; у 1000 Баляслаў заснаваў у Гнезне першую касцельную мітраполію на польскіх землях. Пры Пястах пачалося фарміраванне польск. народнасці (зацвердзілася яе агульная саманазва — палякі) і яе нац. самасвядомасці, адзінай польскай мовы.
У 11—13 ст. дынастыя Пястаў падзялілася на кланы і страціла кантроль над цэнтр. уладай у краіне, пасля смерці Баляслава III Крывавустага (1138) дзяржава распалася на шэраг удзельных княстваў. Сілезія трапіла пад уладу Чэхіі, а Зах. Памор’е — герм. князёў. Міжусобіцы спусташалі краіну. У 1180 вял.кн. Казімір II склікаў у г. Лянчыца ўсяпольскі з’езд князёў, знатных шляхціцаў (рыцараў) і епіскапаў. З’езд замацаваў прывілеі і імунітэты магнатаў і шляхты, іх права спадчынна валодаць княствамі, валасцямі, маёнткамі. Удзелам вял. князя прызнаваліся Кракаў і ч. Малой П. Знешнепаліт. становішча польскіх зямель пагоршылася ў сувязі з экспансіяй крыжацкага Тэўтонскага ордэна (пасля 1226) і набегаў мангола-татараў (1241, 1259, 1287). Нягледзячы на знешнюю пагрозу і ўнутр. міжусобіцы, у 13 ст. большасць польск. гарадоў атрымала магдэбургскае права. Але гар. самакіраванне ў П. ўскладнялася праблемай ням. міграцыі (б.ч. гандляроў і рамеснікаў была перасяленцамі з Германіі).
Пэўныя юрыд. нормы існавалі і на вёсцы, у т. л.мясц. самакіраванне і суд.Сял. сем’і валодалі надзеламі памерам ад 15 да 50 га. З канца 13 ст. ў П. разгарнулася барацьба за аб’яднанне польск. зямель, якую ініцыіравалі князі Малой П. і г. Кракаў (сталіца краіны ў 11—16 ст.). Значных поспехаў у гэтым дасягнуў Уладзіслаў I Лакетак, які ў 1320 каранаваны польск. каралём. Справу кансалідацыі польскіх зямель працягваў яго сын Казімір III. Пры ім П. знаходзілася ў дынастычнай уніі з Венгрыяй (1370—82). У 14 ст. ў склад П. не ўваходзілі Сілезія і Памор’е, да 1526 самаст. княствам заставалася Мазовія. Пагроза з боку Тэўтонскага ордэна абумовіла заключэнне зВКЛКрэўскай уніі 1385. У саюзе зВКЛ П. ў выніку Грунвальдскай бітвы 1410 паспяхова спыніла крыжацкую экспансію. Унія паступова выклікала ўнутр. супярэчнасці (канфлікт паміж Ягайлам і Вітаўтам, напружанасць паміж праваслаўнымі і католікамі з-за прывілеяванага становішча апошніх). Унія садзейнічала і ліквідацыі спадчыннай манархіі. Пасада караля стала выбарнай, а вышэйшая ўлада ў краіне перайшла да шляхецкага сейма (саслоўная манархія).
Гарадзельская унія 1413 замацавала паліт. саюз П. зВКЛ. З часоў падпісання каралём Казімірам IV Няшаўскіх статутаў 1454 у дзяржаве ўзмацнілася роля шляхты. У 15—16 ст. каралямі П. выбіраліся прадстаўнікі дынастыі Ягелонаў. У выніку Трынаццацігадовай вайны 1454—66з Ордэнам П. вярнула сабе Усх. Памор’е з гарадамі Гданьск, Торунь, Эльбланг, пазней (1526) мірным шляхам далучана Мазовія з Варшавай (пасля 1596 гэты горад стаў сталіцай П.). У пач. 16 ст. запрыгонены польскія сяляне. З 2-й пал. 16 ст. знешняя палітыка П. была скіравана пераважна на У. Вял. спусташэнні нанесла краіне Паўночная вайна 1655—60. Пасля працяглых перагавораў зВКЛ ва ўмовах Лівонскай вайны 1558—83 заключана Люблінская унія 1569, паводле якой утварылася федэратыўная дзяржава — Рэч Паспалітая. Гэта дзяржава мела агульных караля і сейм, але ВКЛ захоўвала аўтаномію (уласныя выканаўчая ўлада ў Вільні, заканадаўства, фінансы, войска). Паводле дзярж. ладу Рэч Паспалітая фактычна была шляхецкай рэспублікай, каралі выбіраліся таксама з прадстаўнікоў еўрап. каралеўскіх дамоў (Генрых III Валуа, Стафан Баторый, Сігізмунд III Ваза). Паміж уласна П. і ВКЛ была таксама заключана царкоўная унія (гл.Брэсцкая унія 1596). У 17 ст. Рэч Паспалітая ваявала са Швецыяй, Украінай, Расіяй, Турцыяй (гл.Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—57, Польска-турэцкія войны 17 ст., Аліўскі мір 1660).
Унутры П. ўсё большую ўладу набывала шляхта (гл.Ліберум вета), што разам з крызісам фальваркова-паншчыннай сістэмы гаспадаркі вяло да паступовага заняпаду краіны. Значную ч.тэр. П. закранула Паўночная вайна 1700—21. Умяшанне ў справы аслабленай П. з боку Расіі (у т. л.з-за пытання аб дысідэнтах), а таксама Аўстрыі і Прусіі прывяло да першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772). У канцы 18 ст. ў П. мелі месца спробы ўнутр. рэформ (гл.Чатырохгадовы сойм 1788—92, Канстытуцыя 3 мая 1791). У 1793 Рас. імперыя і Прусія ажыццявілі другі падзел Рэчы Паспалітай, які быў змушаны зацвердзіць сейм, скліканы ў Гродне (гл.Гродзенскі сейм 1793). Акупацыя краіны выклікала паўстанне 1794, якое ўзначальваў ураджэнец Беларусі Т.Касцюшка (на бел. землях — Я.Ясінскі). Пасля задушэння паўстання адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай (1795), у выніку якога П. на працяглы час (да 1918) страціла дзяржаўнасць, а польскія землі і народ былі падзелены паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Патрыят. сілы польскага грамадства не спынялі барацьбы за аднаўленне дзяржаўнасці, шукалі дзеля гэтага знешніх саюзнікаў, гуртаваліся ва ўмовах эміграцыі. Гэтай мэце павінны былі служыць легіёны польскія (каманд.ген. Я.Г.Дамброўскі), якія з 1797 ваявалі на баку Францыі. Частка польскай шляхты на чале зкн. А.Чартарыйскім арыентавалася на рас. імператара Аляксандра 1 у разліку на аднаўленне П., звязанай уніяй з Расіяй.
У час напалеонаўскіх войнаў утворана Варшаўскае герцагства (1807), у якім было скасавана прыгоннае права. Герцагства ўдзельнічала ў вайне 1812 супраць Расіі. Б.ч.гэтага васальнага ад Францыі дзярж. ўтварэння паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 была перададзена Рас. імперыі і склала Каралеўства Польскае.
Больш за 100 гадоў тры часткі П. (пад уладай Аўстрыі, Прусіі, Расіі) развіваліся паасобку. Цэнтрам нац.-вызв. руху заставалася Варшава. Але паўстанне 1830—31 і паўстанне 1863—64 таксама пацярпелі няўдачу. Пасля паўстання 1830—31 рас. ўлады фактычна скасавалі аўтаномію Каралеўства Польскага (гл.Арганічны статут Каралеўства Польскага 1832). Нац.-вызв. паўстанні адбываліся і ў інш. частках П. — у Кракаўскай рэспубліцы (гл.Кракаўскае паўстанне 1846) і Пазнанскім вялікім княстве (гл.Пазнанскае паўстанне 1848). Пасля паўстання 1863—64 ад супрацоўніцтва з польскім нац.-вызв. рухам адышоў бел.нац.-вызв. рух. бо польскія патрыят. сілы сталі атаясамліваць паняцце «Рэч Паспалітая» толькі з П. На працягу 19 ст. ў П. фарміраваліся паліт. партыі і арг-цыі, у сувязі з пэўнай індустрыялізацыяй у польскіх землях актывізаваўся рабочы рух. У 1882 узнікла рабочая партыя «Пралетарыят», у 1893 — Польская сацыялістычная партыя (ППС) і Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага (з 1900 Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы), у 1897 — Нацыянальна-дэмакратычная партыя (існавала да 1945), якая працяглы час мела вял. ўплыў у польскім грамадстве. У 1-ю сусв. вайну з’явіліся магчымасці для аднаўлення дзяржаўнасці П. Гэтаму спрыялі дзейнасць польскай эміграцыі ў Парыжы (гл.Польскі нацыянальны камітэт), Ю.Пілсудскага, які абапіраўся на створаныя ім Польскія Легіёны, а таксама знешнія абставіны (паражэнне ў 1-й сусв. вайне Аўстрыі і Германіі, Кастр. рэвалюцыя 1917 у Расіі). 11—14.11.1918 ваен. і цывільную ўладу ў Варшаве ўзначаліў Пілсудскі. Пры ўрадзе І.Падарэўскага П. падпісала Версальскі мірны дагавор 1919, паводле якога незалежнасць краіны прызнала Антанта. Але ў склад адноўленай П. ўвайшлі не ўсе польскія землі, П. атрымала абмежаваны выхад да Балт. мора праз т.зв.«Польскі калідор». У выніку польска-сав. вайны 1919—20 (у час вайны адбылася буйная Варшаўская аперацыя 1920) і Рыжскага мірнага дагавора 1921 у склад П. ўключаны Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна. Спрэчкі паміж П. і Літвой адносна дзярж. прыналежнасці Вільні і Віленскага краю выклікалі Віленскі канфлікт 1920—39.
17.3.1921 прынята канстытуцыя адноўленай П. (Другой Рэчы Паспалітай), што замацавала рэсп. лад краіны. Пры гэтым Другая Рэч Паспалітая (1918—39) была унітарнай дзяржавай, дзе, нягледзячы на фармальную юрыд. роўнасць, нярэдка парушаліся правы нац. меншасцей — беларусаў, украінцаў, яўрэяў і інш., якія разам складалі больш за 30% яе насельніцтва. Пасля дзярж. перавароту 12—14.5.1926 у П. ўстаноўлены аўтарытарны «санацыйны рэжым». Да мая 1935 фактычным дыктатарам быў Пілсудскі, прэзідэнтам у 1926—39 з’яўляўся І.Масціцкі. У міжваен. перыяд П. рабіла захады па ўмацаванні сваёй бяспекі, у т. л. заключыла германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе. П. была першай краінай, у якую ўварваліся і развязалі гэтым 2-ю сусв. вайну ўзбр. сілы нацысцкай Германіі (гл.Польская кампанія 1939). Адначасова ў вер. 1939 у выніку паходу сав. войск і паводле пакта Рыбентропа—Молатава 1939Зах. Беларусь і Зах. Украіна далучаны да СССР (з-за гэтагапольскі ўрад у эміграцыі да нападу Германіі на СССР лічыў сябе ў стане вайны і зСССР). У кастр. 1939 Сав. Саюз перадаў Віленскі край Літве. Нягледзячы на ўстаноўлены ў П. ням. войскамі жорсткі акупац. рэжым (дзейнічалі канцлагеры Асвенцім, Майданак і інш. «фабрыкі смерці», усяго за ваен. час загінула каля 6 млн. грамадзян П.), унутры краіны і па-за яе межамі разгортвалася вызваленчая вайна польскага народа 1939—45. У 1940 у СССР загінула некалькі тысяч інтэрніраваных там польскіх афіцэраў (гл.Катынь).
У гады 2-й сусв. вайны ў польскім руху Супраціўлення склаліся кірункі нацыянальны (узначальваў эмігранцкі ўрад, якому падпарадкоўваліся Армія Краёва, Андэрса армія і інш.) і камуністычны (абапіраўся на Гвардыю Людову, Саюз польскіх патрыётаў у СССР і інш. сілы). Прыкладамі антыфаш. супраціўлення і мужнасці грамадзян П. былі Варшаўскае паўстанне 1943 (паўстанне вязняў у Варшаўскім гета) і Варшаўскае паўстанне 1944. У ходзе вызвалення тэр. П. сав. войскамі, з якімі ўзаемадзейнічала Першая польская пяхотная дывізія імя Т.Касцюшкі, уладу ў краіне ажыццяўлялі Краёва Рада Нарадова (існавала ў 1944—47) і Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення, што арыентаваліся на Сав. Саюз і не падтрымлівалі ўрад С.Мікалайчыка. Замацаванню знешнепаліт. арыентацыі П. на СССР садзейнічалі рашэнні Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945. Паводле рашэнняў гэтых канферэнцый устаноўлены і сучасныя межы польскай дзяржавы, у т. л. на польска-бел. сумежжы (гл.Савецка-польскі дагавор 1945). На працягу 1944—47 (поўнасцю землі П. вызвалены ад ням. войск да мая 1945) у П. ўстаноўлена фактычна аднапарт. сістэма (у 1948 засн.Польская аб’яднаная рабочая партыя; ПАРП) і разгорнуты эканам. пераўтварэнні на ўзор СССР (нацыяналізацыя буйной і сярэдняй прам-сці, спробы калектывізацыі вёскі і інш.). Насаджэнне сацыялізму ў П. выклікала стыхійныя выступленні рабочых у Познані супраць ваяводскіх улад, мясц.к-та ПАРП і службы бяспекі (1956). У 1956 новым кіраўніком партыі стаў У.Гамулка, які крыху лібералізаваў курс на пабудову ў П. сацыяліст. грамадства. У знешнеэканам. і знешнепаліт. адносінах П. была членам Савета эканамічнай узаемадапамогі (1949—91), Варшаўскага дагавора 1955 (да 1991, на тэр. П. размяшчалася Паўн. група сав. войск). Згажэліцкі дагавор 1950з ГДР і дагавор ад 7.12.1970 аб нармалізацыі адносін зФРГ пацвердзілі ўстаноўленыя пасля 2-й сусв. вайны межы П. з гэтымі краінамі. Сац. нестабільнасць і ідэалаг. ўціск з боку парт. і дзярж. органаў выклікалі антыўрадавыя выступленні моладзі ў Варшаве (1968), рабочых у Гданьску і Гдыні (1970), Шчэціне (1971) і інш. гарадах (1976, 1980), якія былі жорстка задушаны ўладамі. У 1970—80 лідэрам ПАРП быў Э.Герак. У сярэдзіне 1970-х г. незадаволенасць у грамадстве эканам. сітуацыяй выклікала забастоўкі і дэманстрацыі рабочых. У абарону рэпрэсіраваных рабочых выступілі каталіцкая царква і апазіц. групоўкі, скансалідаваныя пратэстамі супраць змен у канстытуцыі (у 1976 створаны К-т абароны рабочых, у 1977 Рух у абарону правоў чалавека і грамадзяніна). Вял. ўплыў на грамадскія настроі мела абранне ў 1978 польскага кардынала К.Вайтылы папам рымскім (гл.Іаан Павел II), які ў 1979 наведаў П. У 1980 на хвалі забастовачнага руху ўзнік незалежны прафсаюз «Салідарнасць» (яго старшынёй з 1981 быў Л.Валенса).
Ва ўмовах канфрантацыі з апазіцыяй улады П. ўвялі ў краіне ваен. становішча (дзейнічала ў 1981—83). У 1980-я г. партыю і ўрад узначальваў ген. В.Ярузельскі (у 1989—90 прэзідэнт П.). Пошукам шляхоў дасягнення нац. згоды ўнутры П. спрыялі і знешнія ўмовы (палітыка перабудовы ў СССР, дэмакр. змены ў дзяржавах Усх. Еўропы). Пасля правядзення «круглага стала» паміж прадстаўнікамі ўлад і апазіцыі (1989) у П. адбыліся паўсвабодныя парламенцкія выбары, на якіх перамаглі апазіц. сілы. У пач. 1990 ПАРП самараспусцілася, ч. яе актыву (пераважна моладзь) утварыла Сацыял-дэмакратыю Рэспублікі П. У снеж. 1989 сейм прыняў сучасную назву дзяржавы — Рэспубліка П. (замест Польская Нар. Рэспубліка), дэнансаваў дагавор аб саюзе зСССР. Пры першым некамуніст. урадзе на чале з У.Мазавецкім (1989—90) пачалося ажыццяўленне праграмы радыкальных ліберальных пераўтварэнняў у гаспадарцы (т.зв. план Л.Бальцаровіча, або «шокавая тэрапія») з мэтай стварэння ў П. эфектыўнай рыначнай і сацыяльна арыентаванай эканомікі. У выніку першых свабодных прэзідэнцкіх выбараў (канец 1990) прэзідэнтам стаў Валенса, у 1995 яго змяніў А.Квасьнеўскі (перавыбраны ў 2000). У 1997 прынята сучасная канстытуцыя П., якая гарантуе і выкананне нац.-культ. правоў нац. меншасцей. У 1990-я г. краіна дасягнула значных сац.-эканам. поспехаў (утаймаванне інфляцыі і стабілізацыя курсаў нац. грашовай адзінкі — злотага, рэфармаванне сістэмы сац. абароны насельніцтва, стварэнне больш як 100 недзяржаўных ВНУ і інш.). У знешняй палітыцы П. імкнецца да інтэграцыі ў еўрап. рэгіянальныя і транснац. арг-цыі, умацавання гандл.-эканам. і культ. сувязей з суседнімі дзяржавамі, у т. л.з Беларуссю. Апошнія гады на чале ўлады знаходзіцца кааліцыя Уніі Вольнасці і Выбарчай акцыі Салідарнасці. П. — чл.ААН (з 1945), «Вішэградскай групы» (з 1990—91), Савета Еўропы (з 1991), НАТО (з 1999), асацыіраваны партнёр Зах.-еўрап. і Еўрап. саюзаў (абодвух з 1994). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 2.3.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Выбарчая акцыя Салідарнасць, Польская сял. партыя, Сацыял-дэмакратыя Рэспублікі П., Саюз свабоды, Хрысц.-нац. аб’яднанне, Канфедэрацыя незалежнай П., Рух за адраджэнне П., Хрысц. дэмакратыя Трэцяй Рэчы Паспалітай, Нар.-дэмакр. партыя, і інш. Інтарэсы беларусаў у П. прадстаўляе Бел.дэмакр. аб’яднанне. Найбуйнейшыя прафес. аб’яднанні — Усяпольскае пагадненне прафес. саюзаў, Незалежны самакіравальны прафес. саюз «Салідарнасць», Агульнапольскі прафсаюз сялян, сял. аб’яднанняў і арг-цый.
Гаспадарка. П. — індустр.-агр. дзяржава з сярэднім узроўнем развіцця. У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 263 млрд.дол., каля 6800 дол. на чалавека. 26,6% ВУП атрымліваюць у прам-сці, 5,1% — у сельскай гаспадарцы, 68,3% — у сферы паслуг. Пераход да рыначнай эканомікі ў П. быў параўнальна доўгі і складаны. Лібералізацыя эканомікі праведзена ў 1990, дадатныя зрухі пачаліся з 1992. У 1995—98 умовы для развіцця эканомікі былі вельмі спрыяльныя, штогадовы рост ВУП склаў 6—8%, узровень інфляцыі не перавышаў 10%. У гэты перыяд ажыццёўлена структурная перабудова ў прам-сці, доля сыравінных і энергаёмістых галін зменшылася, павялічылася доля перапрацоўчых галін. У буд-ве і гандлі прыватны сектар складае 90%, у прам-сці — 60%. Вялікую ролю ў эканам. рэфармаванні адыгралі замежныя інвестыцыі. За 1989—99 іх аб’ём склаў 35,5 млрд. долараў. Створаны 17 свабодных эканам. зон з удзелам капіталаў ЗША і краін Еўропы. Ліквідаваны нярыначныя формы тавараабароту, сістэма цэнтралізаванага планавання. У прамысловасці развіты паліўна-энергет. комплекс, які базіруецца ў асн. на ўласных рэсурсах. Здабыча каменнага вугалю 111,9 млн.т (1999, Верхнесілезскі і Ніжнесілезскі басейны), бурага — 60,8 млн.т (басейны ў цэнтр. і зах. раёнах). Экспарт каменнага вугалю склаў 25 млн.т (1998, 2-е месца ў свеце). Нафта пераважна імпартная, каля 40% яе паступае з Расіі. Буйнейшыя нафтаперапр.з-ды ў Плоцку і Гданьску. Вытв-сць бензіну 3,9 млн.т, дызельнага паліва 6,1 млн.т, мазуту 4,7 млн.т (1999). Прыродны газ паступае з Расіі, здабыча ўласнага (Перадкарпацце і марскі шэльф) склала 4,7 млрд.м³ (1999). Вытв-сць электраэнергіі 140 млрд.кВт∙гадз. (1999), у т. л. 97% на ЦЭС, 3% на ГЭС. Чорная металургія прадстаўлена буйнымі камбінатамі «Катавіцы» ў г. Дамброва-Гурніча і «Нова-Гута» ў г. Кракаў. Сталь выплаўляюць таксама ў Варшаве, Сталёва-Волі, Чанстахове, Глівіцах і інш.Вытв-сць (1999) сталі 8,8 млн.т, пракату 6,3 млн.т. Жалезная руда паступае пераважна з Украіны, Расіі, Бразіліі, Швецыі. Каляровая металургія прадстаўлена ў асн. свінцова-цынкавай і меднай прам-сцю. Цэнтр здабычы свінцу і цынку — г. Бытам (Сілезска-Кракаўскі басейн), іх перапрацоўкі — гарады Глогаў і Лягніца. Здабыча медзі на ПдЗ краіны, вытв-сцьз уласнай сыравіны 470 тыс.т (1999, 1-е месца ў Еўропе). Выплаўляецца серабро, кадмій, кобальт, ванадый, золата і інш. Выплаўка алюмінію — 46,7 тыс.т (1999). Зінш. галін гарнаруднай прам-сці маюць значэнне здабыча серы (1,2 млн.т, 1999, цэнтр — г. Тарнобжаг), каменнай солі (каля 4—5 млн.т штогод, цэнтр — г. Інавроцлаў), барыту, буд. матэрыялаў.
Вядучая галіна прам-сці — машынабудаванне (больш за 30% занятых у прам-сці); вылучаюцца транспартнае: вытв-сць (1997) легкавых (522 тыс.) і грузавых (60,2 тыс.) аўтамабіляў (Варшава, Люблін, Старахавіцы, Бельска-Бяла, Кельцы, Тыхы); марскіх і рачных суднаў (Гдыня, Гданьск, Шчэцін, Быдгашч, Тчэў); рухавікоў для суднаў (Познань, Гданьск), лакаматываў і вагонаў (Вроцлаў, Познань), авіятэхнікі (Варшава, Жэшаў, Свіднік), матацыклаў і веласіпедаў (Быдгашч, Свіднік) і інш. Развіта станкабудаванне (Варшава, Вроцлаў, Быдгашч, Познань, Лодзь, Катавіцы), вытв-сцьс.-г. і дарожнай тэхнікі. Вялікае значэнне мае вытв-сцьбыт. электратэхнікі (1999): пральных (352 тыс.) і швейных машын (58,7 тыс.), быт. халадзільнікаў (726 тыс.), пыласосаў (1,2 млн.), тэлевізараў (5,1 млн.) і інш.Хім.прам-сць вылучаецца выпускам прадукцыі неарган. хіміі на базе ўласнай сыравіны: сернай кіслаты, фосфарных і азотных угнаенняў, каўстычнай соды; гал. цэнтры — Гданьск, Тарнобжаг, Хожаў. Развіта вытв-сцьхім. валокнаў (85,8 тыс.т, 1999) у Торуні, Лодзі, Шчэціне і інш. У 1999 выпушчана 15,9 млн. шын для легкавых і грузавых аўтамабіляў і сельгастэхнікі. Вял. цэнтры шыннай і гумавай прам-сці — гарады Ольштын, Познань, Лодзь, Грудзёндз, Бялхатаў. Ёсць вытв-сць лакаў, фарбаў, лекаў. Развіта вытв-сць цэменту — 15,3 млн.т (1999). П. мае значную дрэваапр.прам-сць, асабліва вытв-сць мэблі. Вытв-сць (1999) піламатэрыялаў з хвойных парод 2,3 млн.м³, з лісцевых — 448 тыс.м³. Развіта лёгкая прам-сць, асабліва выпуск тканін (388 млн.м², 1997, 1/3 іх вырабляецца ў г. Лодзь), абутку (43,9 млн. пар, 1999), трыкатажу і швейных вырабаў. З галін харчасмакавай і харч. прам-сці вылучаюцца (1999) тытунёвая (94,6 млрд. папярос і цыгарэт), алейная (699 тыс.т алею), цукр. (1,8 млн.т цукру), малочная (133 тыс.т масла), вінна-гарэлачная (736 тыс. дэкалітраў гарэлкі), піваварная. Развіты шкляная, фарфора-фаянсавая, паліграф., парфумерная, фармацэўтычная, буд. матэрыялаў прам-сць. Выраб муз. інструментаў (Лягніца, Каліш і інш.).
У сельскай гаспадарцы пераважае дробнатаварны ўклад.С.-г. ўгоддзі займаюць 18,5 млн.га, або 59,2% тэр. краіны, з іх 14,1 млн.га ворыва (1997). Прыкладна 50% апрацаваных зямель займаюць гаспадаркі пл. да 5 га. Асн.с.-г. культуры (пасяўныя пл., млн.га, 1999): пшаніца — 2,6, жыта — 2,3, ячмень — 1,2, авёс і трыцікале — па 0,6, зернебабовыя — 1,4. Валавы збор збожжа (1997) склаў 24,3 млн.т, ураджайнасць 28,7 ц/га, у т. л. пшаніцы — 8,2 млн.т, ураджайнасць 35,7 ц/га. Пад бульбай 1,3 млн.га, збор (1997) 27,2 млн.т, ураджайнасць 203 ц/га. Зтэхн. культур вырошчваюць цукр. буракі — 16 млн.т (1997), ураджайнасць 392 ц/га, рапс, лён, тытунь. Валавы збор гародніны 5,3 млн.т, пладоў і ягад — 2,6 млн.т (1997). Сярод краін Еўропы П. вылучаецца значнай вытв-сцю хмелю і фасолі. Жывёлагадоўля мае мяса-малочны кірунак. Гадуюць (1999, млн. галоў): буйн. раг. жывёлу —6,1 (у т. л. кароў 3,3), свіней — 18,2, авечак і коз — каля 0,5. Вытв-сць (1997) мяса ў забойнай вазе 1,2 млн.т, малака 12,1 млн.т (сярэдні надой ад адной каровы 3506 л за год), яек — 7,7 млрд. штук, настрыг воўны — 2 тыс.т.
Транспарт — чыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. (1998) чыгунак 24,3 тыс.км (каля палавіны электрыфікавана), аўтадарог 377 тыс.км, унутр. водных шляхоў 3,8 тыс.км, газаправодаў 17 тыс.км, нафтаправодаў 2,3 тыс.км. Гал. марскія парты Гданьск, Гдыня, Калобжаг, Шчэцін, Свінауйсьце; рачныя — Глівіцы, Варшава, Вроцлаў. У марскім флоце 61 карабель агульнай грузападымальнасцю 1,2 млн.т (1998). У перавозках грузаў 58,9% прыпадае на аўтатранспарт, 29,6% — на чыгуначны, у перавозках пасажыраў 71,4% — на аўтатранспарт, 28,2% — на чыгуначны. У краіне 74 аэрапорты, у т. л.міжнар. каля Варшавы, Лодзі, Вроцлава, Кракава, Гданьска. У 1999 экспарт склаў 27,4 млрд.дол., імпарт — 45,9 млрд.дол.Гал. тавары экспарту: каменны вугаль, сера, каляровыя металы, прадукцыя машынабудавання, лёгкай і харч. прам-сці, лекі. Імпартуюцца нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, сыравіна для чорнай металургіі, харч. тавары, разнастайнае абсталяванне, трансп. сродкі, хім. прадукты. Важнейшыя гандл. партнёры: Германія (32,9% экспарту, 24,1% імпарту), Італія (адпаведна 5,9 і 9,9%), Расія (8,4% і 6,3%), Францыя (4,4% і 5,9%), Вялікабрытанія, Украіна, Нідэрланды, ЗША і інш.Гандл. абарот Беларусі з П. склаў (1999) 422,3 млн. долараў, у т. л. экспарт 208,3 млн.дол. і імпарт 214 млн.дол. Беларусь пастаўляе хім. валокны і ніці, казеін, трактары, калійныя ўгнаенні, некат. віды сыравіны і тавары нар. ўжытку; атрымлівае з П. акумулятары, помпы, абутак, харч. тавары, лекі і інш. Значную ролю ў выраўноўванні гандл. балансу адыгрывае замежны турызм. П. ў 1998 займала 8-е месца ў свеце па колькасці замежных турыстаў — 18,8 млн.чал., даходы ад турызму склалі 8,4 млрд.дол. Грашовая адзінка — злоты.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (205 тыс.чал., 2000) і ваенізаваныя фарміраванні (33 тыс.чал.), у т. л. войскі МУС і адміністрацыі (10 тыс.чал.), пагран. аховы (20 тыс.чал.), фарміраванні грамадз. абароны (каля 3 тыс.чал.). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца зсухап. войск, ВПС і ППА, ВМС. Агульнае кіраўніцтва ажыццяўляе міністр абароны (цывільная асоба), аператыўнае кіраванне (баявая падрыхтоўка, тылавое забеспячэнне, мабілізацыйная работа) — нач.ген. штаба. Камплектаванне паводле закона аб усеагульнай воінскай павіннасці. Тэрмін абавязковай ваен. службы — 12 месяцаў. Тэр. П. падзелена на 2 ваен. акругі — Паўночную (Быдгашч) і Паўднёвую (Вроцлаў). У сухап. войсках 138 тыс.чал., 1 аэрамабільны корпус, 7 дывізій, у т. л. 5 механізаваных, 1 танкавая, 1 аховы ўзбярэжжа, а таксама 12 асобных брыгад, з якіх 2 горна-пяхотныя, 1 танк., 2 дэсантна-штурмавыя і інш. На ўзбраенні 50 пускавых установак аператыўна-тактычных і тактычных ракет, 1730 танкаў, 1440 баявых браніраваных машын, каля 1600 адзінак палявой артылерыі, рэактыўных сістэм залпавага агню, мінамётаў і інш. У ВПС і войсках ППА, якія з’яўляюцца (з 1989) адзіным відам узбр. сіл, 2 корпусы, 50 тыс.чал., 340 баявых самалётаў, да 245 пускавых установак зенітных кіроўных ракет, да 100 верталётаў і інш. У ВМС, якія ўключаюць флот, авіяцыю ВМС, камандаванні берагавой абароны і раёна базіравання ВМС на Балтыйскім м., 17 тыс.чал., 42 баявыя караблі (3 падводныя лодкі, 1 эсмінец, 1 фрэгат, 4 карветы, 24 тральшчыкі і інш.), 26 баявых катэраў, 39 дапаможных суднаў, 45 баявых самалётаў, 10 верталётаў. Асн. базы ВМС: Гдыня, Гэль, Свінауйсьце, Калобжаг і інш.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын 77 гадоў (2000). Смяротнасць 9,7 на 1 тыс.чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 180 чал., урачамі — 1 на 436 чалавек. Узровень нараджальнасці — 10,6 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,089%. Дзіцячая смяротнасць у 1971 складала 29,7, у 1999—12,8 на 1 тыс. нованароджаных. Вядуцца рэформы з мэтай стварэння свабоднага рынку мед. паслуг. Дзярж. статут 1998 аб забеспячэнні аховы здароўя прадугледжвае пашырэнне самафінансавання, права свабоднага выбару хворым урача і бальніцы. Ствараюцца т.зв. Касы хворых (рэгіянальныя, галіновыя і інш.), якія з’яўляюцца ўстановамі самакіравання і фінансуюцца ў памеры 7,5% ад даходаў падаткаплацельшчыкаў. Існуе прыватная медыцына.
Асвета. Сістэма адукацыі П. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. На ўсіх узроўнях адукацыі існуюць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. З 1998/99 навуч.г. ў П. пачалася рэформа сістэмы адукацыі, паводле якой у агульнаадук. школе ўведзены 4 ступені адукацыі з 3-гадовым тэрмінам навучання на кожнай з іх. 1-я ступень — пач. школа для дзяцей з 7-гадовага ўзросту (інтэграванае навучанне); 2-я — базавая школа (блокавае навучанне); 3-я — гімназія (прадметнае навучанне выраўноўвання); 4-я — ліцэй (профільнае навучанне, якое заканчваецца дзярж. экзаменам і атрыманнем атэстата аб поўнай сярэдняй адукацыі). Пасля гімназіі можна атрымаць у прафес. школе рабочую прафесію або пасля дадатковага 2-гадовага курса — атэстат. Сярэднюю спец. адукацыю даюць тэхнікумы. У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, акадэміі, вышэйшыя школы. Званне ліцэнцыята можна атрымаць пасля 3—3,5 года навучання ў ВНУ, інжынера — 3,5—4, магістра — 5 гадоў прафес. падрыхтоўкі. У 1998/99 навуч.г. ў дашкольных установах 492,8 тыс. дзяцей; больш за 21 тыс.агульнаадук. школ, у т. л. каля 40 бел., працуюць 2 бел. ліцэі (5551,3 тыс. дзяцей); 7660 сярэдніх спец.навуч. устаноў (1565,5 тыс. навучэнцаў); 120 ВНУ (1,2 млн. студэнтаў, у т. л. замежных 5541, з іх 693 з Беларусі). Найбуйнейшыя ВНУ: Ягелонскі універсітэт і Эканам. акадэмія ў Кракаве; Вроцлаўскі ун-т (з 1702); Варшаўскі універсітэт, Мед. акадэмія, Варшаўская палітэхніка, Вышэйшая гандл. школа (усе ў Варшаве); Ун-т імя А.Міцкевіча ў Познані (з 1919); Каталіцкі ун-т (з 1918) і Ун-т М.Кюры-Складоўскай (з 1944) у Любліне; Ун-т М.Каперніка ў Торуні (з 1945) і інш. Найбольшыя б-кі: Ягелонская (з 1364; выконвае функцыю нац. б-кі), Польская нацыянальная бібліятэка ў Варшаве (з 1928; 7 млн.экз.), Варшаўскага ун-та (з 1817; каля 2,5 млн.экз.), Ун-та імя А.Міцкевіча (з 1902), «Ossolineum» (з 1817 у Львове, з 1945 у Вроцлаве), Польск. АН у Варшаве і інш. Музеі: Нац. (з 1862; мае філіялы ў Вілянаве, Лазенках, Нябораве), Каралеўскі замак (з 1980) у Варшаве; экспазіцыя на Вавелі, Ягелонскага ун-та, археал., гіст., этнагр. музеі (усе ў Кракаве); Нац. музей у Вроцлаве (з 1948), Нац. музей у Познані (з 1857); Музей Ф.Шапэна ў Жалязова-Волі; кляштар на Ясна-Горы ў Чанстахове; Замкавы комплекс у Мальбарку (з 1961), каралеўскія замкі ў Пяскова-Скале і Любліне, Дзярж. музеі Асвенцім-Бжазінка (з 1947), Мазавецкі ў Плоцку (з 1821) і інш.Навук. даследаванні праводзяцца ў Польск. АН, н.-д. установах, на кафедрах ун-таў і акадэмій.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 2000 у П. больш за 2500 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя штодзённыя газеты: «Gazeta Wyborcza» («Выбарчая газета», з 1989), «Rzeczpospolita» («Рэспубліка», з 1982), «Życie Warszawy» («Жыццё Варшавы», з 1944), «Kurier Polski» («Польскі кур’ер», з 1957), «Trybuna» [«Трыбуна»; у 1948—90 наз. «Trybuna Ludu» («Трыбуна народа»)], штотыднёвікі — «Nie» («Не», з 1990), «Polityka» («Палітыка», з 1957), «Wprost» («Супраць», з 1982). Бел.перыяд. выданні: штотыднёвік «Ніва» (з 1956), часопісы «Сустрэчы» (з 1987), «FOS» («ФОС», з 1989), «Czasopis» («Часопіс», з 1990), «Дыскусія» (з 1993) і інш.Інфарм. агенцтвы — Польскае агенцтва друку і Польскае інфарм. агенцтва (ПІА; у 1967—91 наз. Польскае агенцтва Інтэрпрэс). Працуюць службы «Польскае тэлебачанне AT» і «Польскае радыё АТ» (абедзве з 1992). Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе Нац. савет па радыёвяшчанні і тэлебачанні (з 1992). Тэле- і радыёвяшчанне ўключае каналы агульнанац., асобных ваяводстваў і прыватных кампаній, якія размяркоўваюцца па наземных, спадарожнікавых і кабельных сетках. Дзейнічаюць 36 тэлецэнтраў, у т. л. 11 дзярж., і 167 радыёстанцый, у т. л. 17 дзяржаўных. Тэлебачанне з 1952 (рэгулярнае з 1953). Перадачы трансліруюцца па 3 дзярж. каналах (ТВП 1, ТВП 2, «Палонія»). З 1993 існуюць камерцыйныя каналы («Польсат», «Канал +», «РТЛ-7» і інш.). Радыёвяшчанне вядзе перадачы па 4 каналах, у т. л. на замежжа. З 1990 развіваецца камерцыйнае радыёвяшчанне (Радыё Зэт і інш.). У Беластоку працуе радыё «Рацыя» (з 2000 бел. праграмы трансліруюцца на Беларусь). Перадачы вядуцца таксама на англ., франц., ням., італьян., ісп., фін., швед., араб. і эсперанта мовах. П. належыць да еўрап. арг-цыі спадарожнікавай сувязі ЭУТЭЛСАТ (з 1990).
Літаратура. Развіваецца на польскай мове. Л-ра дахрысц. перыяду амаль не захавалася. Стараж. польская л-ра (966 — пач. 19 ст.) падзяляецца на некалькі перыядаў: сярэднявечча, Адраджэнне (Рэнесанс), барока, Асветніцтва. Л-ра сярэднявечча (11—15 ст.) развівалася на лац. мове пад уплывам каталіцтва. Першыя пісьмовыя помнікі адносяцца да 11 ст.Асн. жанры: казанні, малітвы, жыціі. Вял. ролю ў станаўленні польскай л-ры адыгралі летапісы і гіст. хронікі (Гал Ананім, Вінцэнты Кадлубак). Адметнай была «Велікапольская хроніка» Гадзіслава Башкі (?, 14 ст.), які выкарыстаў стараж.слав. паданне пра Леха, Чэха, Руса (прабацькоў палякаў, чэхаў і ўсх. славян) і зах.-еўрап. эпас. Важную ролю ў развіцці польскай культуры адыграў Кракаўскі ун-т. Найб. значны твор — 6-томная «Гісторыя Польшчы» Я.Длугаша. Разам з вучонай лац. л-рай узнікла л-ра на польскай мове: з сярэдзіны 13 ст.рэліг. зместу (пераклады, гімны), з 15 ст. — паўсвецкага і свецкага характару («Верш пра паводзіны за сталом» П.Слоты, дыялогі). У эпоху Адраджэння (16 ст.) пашырыліся ідэі гуманізму і Рэфармацыі. У цэнтры новай культуры — Кракаве — наладжана кнігадрукаванне перакладаў злац., чэш. і ням. моў, першых падручнікаў па польскай арфаграфіі (Я.Паркашовіц) і граматыцы (П.Статорыус-Стаенскі). Працы М.Каперніка і А.Маджэўскага-Фрыча паўплывалі на развіццё сусв. навукі і грамадскую думку. Побач злац. паэзіяй (К.Яніцкі) ствараліся арыгінальныя творы на польскай мове, дзе закраналіся паліт., сац., рэліг. і быт. праблемы. М.Рэй у «Кароткай гутарцы» (1543) і «Зярцале» (1568) адстойваў паліт. інтарэсы шляхты, але выступаў і ў абарону сялян, праслаўляў рэнесансавыя ідэалы. Буйнейшым паэтам польскага Адраджэння быў Я.Каханоўскі, які заклаў асновы нац. паэзіі. На мяжы 16—17 ст. росквіту дасягнула гарадская л-ра: творы прадстаўнікоў адукаванага, заможнага мяшчанства (С.Ф.Клёнавіч, Ш.Шымановіч) і т.зв. савізжальская, мяшчанска-плебейская л-ра (гумарэскі, песні, драм. сцэнкі, інтэрмедыі). 17 — сярэдзіна 18 ст. — перыяд польскага барока. У выніку феад. анархіі, спусташальных войнаў, аслаблення ўплыву шляхты ў л-ры ўзмацніліся песімістычныя тэндэнцыі, уплыў мастацтва Іспаніі, Італіі, Францыі. Вядучае месца заняла творчасць прыдворных пісьменнікаў (тэарэтык М.Сарбеўскі, паэт і перакладчык Я.А.Морштын, драматург С.Любамірскі). Шляхецкую л-ру прадстаўлялі паэт В.Патоцкі, празаік В.Кахоўскі, мемуарыст Я.Х.Пасек. Л-ра эпохі Асветніцтва (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.) адлюстравала працэс перабудовы грамадства, звязаны з ліберальнымі рэформамі. Узніклі літ.маст. і грамадска-паліт. часопісы, створаны публічная б-ка і нац.т-р (1765), актывізаваліся выдавецкая дзейнасць і кнігадрукаванне. Правадніком новых ідэй стала драматургія («бацька нацыянальнай сцэны» В.Багуслаўскі, Ю.У.Нямцэвіч). Пісьменнікі-класіцысты І.Красіцкі (стваральнік першага польскага асветніцкага рамана), А.Нарушэвіч, С.Трамбецкі, Ф.Заблоцкі, Т.К.Венгерскі ў сатыр. і іроікамічных паэмах, байках, камедыях, памфлетах выкрывалі абмежаванасць і заганы магнатаў, манаскія ордэны, прыхільнікаў старых парадкаў. Развівалася паэзія ракако і сентыменталізму (Ф.Д.Князьнін, Ф.Карпінскі). На мяжы 18—19 ст. з’явілася група пісьменнікаў-«псеўдакласікаў», якія знаходзіліся пад уплывам зах.-еўрап. л-ры (А.Фялінскі, К.Брадзінскі, Нямцэвіч).
Л-ра 19 ст. развівалася ва ўмовах нац. і сац. прыгнёту з боку рус. царызму, аўстр. і ням. манархій. На яе развіццё паўплывала паўстанне дзекабрыстаў (1825), нац.-вызв. паўстанні ў Польшчы, на Беларусі і Літве 1830—31, 1863—64. Рамант. кірунак у л-ры звязаны з творчасцю А.Міцкевіча, які ўвёў новага героя — простага чалавека з яго мовай, паэзіяй, ідэаламі. Творы паэта прасякнуты народнасцю, рэв.-вызв. ідэямі, лірычнымі ўспамінамі пра «малую айчыну» — Навагрудчыну. Вострым пачуццём трывогі за лёс Польшчы вызначалася паэзія Ю.Славацкага — заснавальніка рамант. драмы. Мальераўскія традыцыі развіваў А.Фрэдра, да гіст.хрысц. праблематыкі звяртаўся З.Красінскі, вылучалася інтэлектуальна багатая лірыка Ц.К.Норвіда. У цыкле раманаў пра айч. гісторыю Ю.А.Крашэўскага (заснавальніка польскай рэаліст. прозы), творах Ю.Кажанеўскага, У.Сыракомлі выявіліся антыпрыгонніцкія настроі. Пасля паражэння паўстання 1863—64 пачаўся новы этап у развіцці польскай л-ры: узмацніліся яе сувязі з грамадскім рухам. Л-ра зазнала ўплыў пазітывізму (прапагандавалася арган. праца і разважлівы стасунак да жыцця, увага да сац. праблематыкі, асветніцкая дзейнасць сярод сялянства). Гэта сцвярджала прынцыпы рэалізму і ўзмацняла ролю публіцыстыкі. З твораў Э.Ажэшкі пачаўся росквіт польскага рэаліст. рамана. Гал. тэма сац. паэзіі М.Канапніцкай — цяжкая доля народа; праблемам сац. расслаення грамадства прысвечана творчасць В.Пруса; майстрам гіст. эпікі з моцнай патрыят. тэндэнцыяй быў Г.Сянкевіч. Канец 19 — пач. 20 ст. адзначыўся прынцыповымі зменамі ў развіцці польскай л-ры. Гэты перыяд вядомы пад назвай «Маладая Польшча». Актывізаваліся рэаліст. тэндэнцыі і прыёмы псіхалагізацыі, побач з імі ў складаным узаемадзеянні развіваліся мадэрнісцкія плыні. Гал. месца заняла паэзія (К.Тэтмаер, Я.Каспровіч, Б.Лесьмян). Аднавіў класіцыстычныя традыцыі Л.Стаф. Сац. завостранасцю і глыбокім пранікненнем у псіхалогію чалавека вылучыліся творы С.Жаромскага. Пра разбуральныя ўплывы цывілізацыі, праблемы мастацтва і творцы пісаў В.Берант. Тэма сялянства і сац. расслаення вёскі — гал. ў творчасці У.Рэйманта, тэма рэвалюцыі — у творах А.Струга, З.Налкоўскай. Драмы С.Выспянскага, І.Міцінскага адметныя метафарычнасцю і глыбінёй філас. абагульненняў, перапляценнем сімволікі, фантастыкі і рэальнасці. Пасля атрымання П. незалежнасці (1918) у яе л-ры ішла вострая ідэалаг. барацьба. Частка пісьменнікаў выступала ў абарону новага ладу і імкнулася да актывізацыі сувязей з культурамі краін Зах. Еўропы. Уплывала на л-ру і каталіцтва. Аднак развіццё л-ры вызначалі дэмакр. і рэаліст. тэндэнцыі. У паэзіі 1920-х г. адбывалася ідэйна-эстэт. дыферэнцыяцыя. У абарону «класічных» традыцый пад лозунгам «паэзіі будзённасці» выступіла група «Скамандр» (Ю.Тувім, Я.Івашкевіч, А.Сланімскі). Авангардныя групоўкі прадстаўлены творчасцю Б.Ясенскага, Ю.Пшыбася, Т.Пэйпера. Вакол час. «Kultura robotnicza» («Рабочая культура») групаваліся прыхільнікі «пралетарскай культуры» (У.Бранеўскі, Ясенскі). У сац.-паліт. прозе з выкрывальнай накіраванасцю адлюстраваны складаныя праблемы пасляваен. жыцця (раманы Жаромскага, Налкоўскай, Струга, Ю.Кадэн-Бандроўскага). У драмах С.А.Віткевіча назіраліся гратэскава-сатыр. тэндэнцыі. Адметная рыса л-ры 1930-х г. — росквіт рамана: сац.-псіхалагічнага (М.Дамброўская, Налкоўская), псіхалагічнага (М.Кунцэвіч, А.Рудніцкі), гістарычнага Д.Кручкоўскі, Івашкевіч, З.Косак-Шчуцкая), рэв.-пралетарскага (В.Васілеўская, Кручкоўскі). Развівалася проза «малога рэалізму» і дакумент. (П.Гаявічынская, З.Унілоўскі). Блізкай да л-ры натуралізму была група «Прадмесце» (1933—37), прадстаўнікі якой паводле прынцыпаў «літаратуры факту» паказвалі жыццё пралетарыяту, сялянства, дэкласаванай часткі грамадства (Г.Багушэўская, Е.Карнацкі, Г.Марцінак). Ідэі катастрафізму выявіліся ў творчасці Віткевіча, Тувіма, Пшыбася, Бранеўскага, а таксама ў гратэскава-сатыр. прозе прадстаўнікоў маладога пакалення (В.Гамбровіч, Б.Шульц). У драматургіі назіраліся тэндэнцыі сімвалізму і псіхалагізму (Е.Шаняўскі, Налкоўская).
У гады 2-й сусв. вайны пераважалі канспіратыўныя перыяд. выданні, малыя формы дакумент. прозы і паэзія (К.К.Бачынскі, Стаф, М.Жулаўскі). У эміграцыі выдавалі свае творы Тувім, Бранеўскі, Сланімскі (на Захадзе), Васілеўская, Л.Шэнвальд, Е.Путрамант (у СССР). У першыя пасляваен. гады вядучая роля належала рэаліст. прозе пра вайну, акупацыю, барацьбу польскага народа супраць фашызму (творы Налкоўскай, В.Жукроўскага, Путраманта, Івашкевіча, Е.Анджаеўскага). Асобнае месца займала «лагерная» тэматыка (С.Шмаглеўская, Налкоўская, К.Жывульская, Т.Бароўскі). Вылучыліся творы, якія адлюстроўвалі складанасць жыцця ў гіст. і сац.-псіхал. аспектах (К.Брандыс, І.Неверлі, Дамброўская, В.Мах, Т.Голуй), цыкл раманаў-біяграфій пра дзеячаў польскай гісторыі і культуры (М.Яструн, Е.Брашкевіч). Развіццё паэзіі звязана з творчасцю К.Галчынскага, Бранеўскага, Пшыбася, Яструна. У драматургіі пераважала «лагерная» і антыфаш. тэматыка (Кручкоўскі, Голуй, С.Атвіноўскі), авангардная плынь прадстаўлена творамі Гамбровіча, Шаняўскага. Пасля 1956 пачаўся новы этап у развіцці польскай л-ры: адчувалася яе большая адкрытасць, цікавасць да пытанняў этыкі, палітыкі, гіст. і сац. абумоўленасці асобы. Барацьба са стэрэатыпамі мыслення і ўвага да ўнутр. свету чалавека спрыялі росквіту жанру эсэ (Т.Брэза, К.Брандыс, А.Рудніцкі). Узмацнілася інтэлектуалізацыя прозы, яе маст. і жанравае абнаўленне (Ю.Кавалец, Івашкевіч, Дамброўская). Багаццем фальклорна-алегарычных сродкаў адметныя творы Т.Новака, В.Мысліўскага, Э.Радлінскага. Да падзей 2-й сусв. вайны і яе трагічных вынікаў звярталіся Р.Братны, Б.Чэшка, М.Белашэўскі. Побач з творамі пра сучаснасць (Т.Канвіцкі) развіваецца гіст. і гісторыка-біягр. раман (Я.Бахенскі, Т.Парніцкі, У.Л.Тарлецкі, Л.Электаровіч, Я.Парандоўскі), папулярная філас. фантастыка С.Дема. Пашырылася развіццё эксперыментальнай (авангарднай) прозы: навелы М.Хласкі, раманы Л.Гамаліцкага, Маха, Анджаеўскага. Паэзія прадстаўлена новай тэматыкай і маст. пошукамі (Ч.Мілаш, Івашкевіч, Т.Ружэвіч, В.Шымборская, С.Граховяк, З.Герберт). У драматургіі развіваецца рэаліст. (Брашкевіч, Кручкоўскі, Івашкевіч) і алегарычна-метафарычны (С.Мрожак, Гамбровіч, Ружэвіч, І.Ірадынскі) кірункі. У галіне крытыкі выступаюць літ.-знаўцы К.Выка, С.Жалкеўскі, Г.Маркевіч, Р.Матушэўскі, М.Янён, Ю.Бахуж, М.Главінскі і інш.
Польска-бел. літ. сувязі на працягу стагоддзяў вызначаліся агульнасцю лёсаў, блізкасцю моў і культуры бел. і польскага народаў. Стараж.бел. мовай напісаны граматы польскага караля Уладзіслава II (Ягайлы), у т. л.кн. Скіргайлу 1387. На старабел. мову перакладзены злац. арыгінала Вісліцкі статут 1347. Ягелонскі ун-т у Кракаве — alma mater для многіх пакаленняў бел. інтэлігенцыі (Ф.Скарына, С.Будны і інш.). У канцы 15 ст. ў Кракаве засн. друкарня (Ш.Фіёль), дзе выдаваліся кнігі кірыліцай, пераважна рэліг. зместу для правасл. насельніцтва Беларусі і Украіны. З пачаткам кнігадрукавання ў 16 ст. на тэр. Беларусі распаўсюдзіліся пераклады папулярнай л-ры з латыні, чэш. і ням. моў. Пасля Люблінскай уніі 1569 П. і ВКЛ, у складзе якога была Беларусь, аб’ядналіся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую; пашырылася польская культура, а з сярэдзіны 17 ст. польская мова стала пануючай. У 16—17 ст. на бел. мову перакладзены са шматлікімі паланізмамі польскія спісы «Александрыя», «Троя», «Гісторыя пра Атылу», польскія хронікі М.Бельскага, М.Стрыйкоўскага, «Аповесць пра Скандэрбега», «Вялікае зярцала», «Жыціі святых» П.Скаргі. У сваю чаргу збел. на польскую мову перакладзены статуты ВКЛ, бел.-літ. хронікі і інш. творы. Бел. паэт А.Рымша — аўтар паэмы на польскай мове «Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў... Крыштофа Радзівіла» (1585), перакладаў злац. на польскую мову. Ананімны гіст.-мемуарны твор «Дзённік падзей, якія адносяцца да смутнага часу» напісаны бел. мовай. З Беларуссю звязаны творы пісьменнікаў, якія жылі на Беларусі (Сарбеўскі, Морштын). Аснову барока ў бел. л-ры закладваў Сімяон Полацкі, які развіваў традыцыі Каханоўскага, пісаў таксама вершы на польскай мове. З канца 17 ст.бел. мова пачала выцясняцца зафіц. ўжытку польскай і лац., было забаронена бел. кнігадрукаванне. Выкладанне ў Віленскай акадэміі і калегіумах Мінска, Брэста, Полацка, Навагрудка, Нясвіжа, Гродна і інш.бел. гарадоў вялося на лац. мове. Нешматлікія творы на бел. мове ствараліся ананімна і распаўсюджваліся пераважна ў рукапісах («Прамова Мялешкі»). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. асветніцкія ідэі праніклі і на Беларусь, дзе, як і ў П., асветнікі найперш выступілі супраць «сармацкага» абскурантызму, проціпаставіўшы яму ідэі ўсе.магутнасці розуму. У шматмоўнай л-ры Беларусі 18 ст. польская мова займала адно згал. месцаў. Пад уплывам польскай рэліг. песні «Прыбеглі ў Віфлеем пастухі» напісаны парадыйны бел. верш «Стары Восіп барадаты». 18 ст. — перыяд росту цікавасці да Беларусі, з ёю звязана жыццё і творчасць Князьніна, Карпінскага, Нямцэвіча. У 19 ст. ў прагрэс. л-ры Беларусі і П. паявіліся тыранаборчыя тэндэнцыі, узмацніўся пратэст супраць нац. прыгнёту.
На бел. і польскую л-ры паўплывала творчасць Міцкевіча, Славацкага, Крашэўскага. На аснове сабраных бел. песень Я.Чачот пісаў асветна-дыдактычныя вершы на бел. мове. На скрыжаванні польскай і бел. л-р складвалася творчасць Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, Сыракомлі, В.Каратынскага і інш. Пад уплывам польскіх нар.-вызв. ідэалаў узнікла першая падп.бел.газ.«Мужыцкая праўда». Упершыню ў П. надрукаваны зб-кі вершаў «Дудка беларуская» (1891) і «Смык беларускі» (1894) Ф.Багушэвіча. Бел. тэматыка адлюстравана ў творах Ажэшкі, Канапніцкай. Сяброўскія адносіны звязвалі В.Дуніна-Марцінкевіча і Крашэўскага, Багушэвіча і Ажэшку, Я.Лучыну і Канапніцкую. Рэвалюцыю 1905—07 прагрэс. дзеячы культуры тлумачылі як агульную справу народаў, якія ўзняліся на барацьбу. У развіцці бел. л-ры значную ролю адыграла пашырэнне ў П. дзейнасці бел. кніжных выд-ваў. На бел. мове ў Кракаве апубл. творы Сянкевіча, у Вільні — творы Ажэшкі. У бел.газ. «Наша ніва» друкаваліся вершы Міцкевіча, Канапніцкай і інш. Да перакладаў Міцкевіча, Славацкага, Канапніцкай, Бранеўскага звяртаўся Я.Купала. З 1929 у Мінску пачаў працаваць Польскі дзяржаўны вандроўны тэатр БССР, з 1939 у Гродне — Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У гэты перыяд значную ролю ва ўзмацненні польска-бел. літ. сувязей адыгралі час. «Sygnały» («Сігналы»), «Kamena» («Камэна»), «Ruch Słowiański» («Славянскі рух»), у якіх надрукаваны вершы П.Труса, М.Чарота, Я.Пушчы, М.Машары, М.Васілька і інш., артыкулы пра бел. паэзію. У сваю чаргу польская рэв.л-ра была шырока вядома на Беларусі, яе папулярызавалі і перакладалі Я.Купала, Ю.Гаўрук, У.Дубоўка, М.Танк і інш. У 1929 выдадзена анталогія польскай паэзіі «Мы ідзём» і зб. прозы «З нашых прац». На Беларусі выходзілі перыяд. выданні на польскай мове «Młot» («Молат»), «Orka» («Ворыва»), «Prawda» («Праўда») і «Prawda Polska» («Польская праўда»), «Sztandar wolności» («Сцяг свабоды»). Польскія пісьменнікі выступілі супраць фашызму і палітыкі польскіх улад (Налкоўская). У аб’яднанні прагрэс. сіл вял. ролю адыграў Антыфашысцкі кангрэс дзеячаў культуры 1936.
Якасна новы характар літ. ўзаемасувязі бел. і польскай л-р набылі пасля 1945.
Тэма 2-й сусв. вайны — адна знайб. важных тэм братніх л-р. На польскую мову перакладзены творы на ваен. тэматыку М.Лынькова, В.Быкава, І.Шамякіна, А.Адамовіча, У.Калесніка, Я.Брыля і інш. Класічная бел.л-ра прадстаўлена асобнымі выданнямі выбр. твораў Я.Купалы, М.Багдановіча, Лынькова, Быкава, Я.Коласа, К.Крапівы. На польскай мове выдадзены творы Брыля, М.Танка ў перакладах Я.Гушчы, М.Канановіча, С.Яновіча, Э.Кабаца, І.Сікірыцкага і інш. Польскай зямлі прысвяцілі свае творы Я.Купала, Ц.Гартны, П.Пестрак, В.Вярба і інш.Бел.л-ра на польскай мове прадстаўлена і творамі І.Мележа, У.Караткевіча, І.Пташнікава, Д.Бічэль-Загнетавай і інш., анталогіямі бел. паэзіі, апавяданняў, казак, кн. «Беларускі фальклор» (1983). Сярод польскіх перакладчыкаў бел. л-ры Л.Рысінскі, Т.Хрусцялеўскі, А.Яворскі і інш.З даследаваннямі бел. л-ры выступаюць А.Баршчэўскі, Б.Белаказовіч, У.Монах, Ф.Няўважны, З.Скібінская-Харыла і інш.З 1956 працуюць кафедра бел. філалогіі ў Варшаўскім ун-це і беларусазнаўчы аддзел у Ін-це славяназнаўства Польскай АН. Бел. фальклор вывучаюць Ф.Сяліцкі, М.Чурак і інш. Польская л-ра на бел. мове прадстаўлена найб. значнымі творамі Міцкевіча, Норвіда, Крашэўскага, Ажэшкі, Пруса, Сянкевіча, Каспровіча, Стафа, Жаромскага, Лесьмяна, Тувіма, Івашкевіча, Лема, Мрожака, Шымборскай і інш., анталогіямі — апавяданняў («Гэля будзе трактарысткай», 1955; «Ад Буга да Одры», 1969; «Сад», 1982), паэзіі («Сучасная польская паэзія», 1955; «Горад мільённы і мы», 1972), гумарыст. і сатыр. твораў («Вясёлы калейдаскоп», 1979), нар. творчасці («Цудоўныя зярняты: Польскія народныя казкі», 1959; «Польскія народныя песні», 1962), зб-ках «Далягляды», перыяд. друку. На бел. мову творы польскіх пісьменнікаў перакладалі і перакладаюць Брыль, П.Бітэль, Я.Бяганская, М.Валошка, М.Дубянецкі, У.Жылка, А.Клышка, Н.Мацяш, М.Машара, А.Мінкін, С.Мінскевіч, Б.Сачанка, Я.Семяжон, В.Сёмуха, М.Танк і інш. Даследавалі польскую л-ру і яе сувязі збел. А.Лойка («Адам Міцкевіч і беларуская літаратура», 1959), М.Ларчанка («Славянская супольнасць», 1963), А.Мальдзіс («Творчае пабрацімства», 1966; «На скрыжаванні славянскіх традыцый», 1980), Н.Перкін («У сям’і братніх літаратур», 1967), В.Гапава («Эліза Ажэшка», 1969; «Зменлівае і спрадвечнае», 1975), І.Саламевіч («Міхал Федароўскі», 1972), У.Казбярук («Ступені росту», 1974), К.Цвірка («Слова пра Сыракомлю», 1975), С.Мусіенка («Творчасць Зоф’і Налкоўскай», 1989), У.Мархель («Лірнік вясковы», 1983; «Крыніцы памяці», 1990; «Прадвесце», 1991; «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння беларускай літаратуры», 1998) і інш. У 1989 у Гродзенскім ун-це адкрыта кафедра польскай філалогіі. Выдадзены зб-кінавук. прац «Узаемадзеянне літаратур і моў», «Польская мова і літаратура ў кантэксце славянскіх культур» (абодва 1995).
Архітэктура. Драўляныя святыні язычніцкім божаствам з 10 ст. паступова выцясняліся хрысціянскімі мураванымі збудаваннямі ў аскетычным перадраманскім стылі (капэла-ратонда Дзевы Марыі ў Кракаве). У 2-й пал. 11 ст. пад уплывам архітэктуры Саксоніі ў П. склаўся раманскі стыль: 3- і 5-нефавыя базілікі з трансептам, квадратнымі, круглымі, 8-граннымі вежамі (часткова захаваныя касцёлы ў Познані і Гнезне, касцёлы св. Анджэя ў Кракаве, Туме), часам з парталамі і міжнефавымі слупамі, укрытымі багатай разьбой (касцёл Марыі Магдаліны ў Вроцлаве). Выразнасцю і строгасцю форм вызначаюцца раманскія крыпты (св. Леанарда ў саборы на Вавелі ў Кракаве). У 12—1-й пал. 13 ст. раманскі стыль перажываў уздзеянне інтэрнац. цыстэрцыянскага кірунку з уласцівай яму строгасцю і канструктыўнасцю арх. вырашэнняў: прэсбітэрый сабора дапаўняўся капліцай, больш узнёслымі сталі крыжовыя скляпенні (касцёлы цыстэрцыянцаў у Вонхацку, Капшыўніцы; дойлід манах Сымон). З 1240-х г. ордэны францысканцаў і дамініканцаў пашырылі гатычны стыль. Элементы готыкі з’явіліся ў цыстэрцыянскіх саборах пры кляштарах у Сулееве, Янджэеве і інш. Развіццё гарадоў прывяло да ўтварэння лакальных тыпаў готыкі ў Малапольшчы і Сілезіі, Памор’і і Мазовіі, паўн.ч. Велікапольшчы. На Пд узведзены 3-нефавыя базілікальныя храмы з каменю і цэглы (прэсбітэрый сабора на Вавелі і касцёл Дзевы Марыі ў Кракаве, саборы ў Вроцлаве і Познані), на Пн — зальныя цагляныя касцёлы (Дзевы Марыі ў Гданьску). Яскравы ўзор готыкі 13 ст. — касцёл Дзевы Марыі (Марыяцкі) у Кракаве. Вонкавая строгасць гатычных храмаў у розных рэгіёнах П. дапаўнялася ўзорыстымі завяршэннямі парталаў і аконных праёмаў, дахаў у выглядзе аркатур, вежачак, нішаў. Позні перыяд польскай готыкі (канец 15 — пач. 16 ст.) вылучаўся нарастаннем дэкаратыўнасці, з’явіліся скляпенні з маляўнічай арнаментацыяй (касцёл у Пельпліне). Пабудавана шмат парафіяльных і кляштарных касцёлаў, камерных па памерах, у т. л.св. Крыжа ў Кракаве. Кампазіцыю каменных храмаў паўтаралі драўляныя з захаваннем традыцый нар. дойлідства: касцёлы ў Дэмбне (2-я пал. 15 ст.), Грывальдзе (каля 1500) і інш. Гарады ў 14—15 ст. забудоўваліся паводле рэгулярных планаў: іх абкружалі каменнымі сценамі з брамамі, вежамі, умацоўвалі барбаканамі (у Кракаве, Варшаве). Багаццем гатычнага дэкору адметныя грамадскія пабудовы — ратушы, бурсы, школы, склады-пакгаўзы, будынкі купецкіх і рамесніцкіх аб’яднанняў і інш. (гандл. рады «Сукеніцы», б. будынак Ягелонскага ун-та ў Кракаве). У 15 ст. вежы набылі ратуша, касцёлы св. Тройцы, Яна, Кацярыны ў Гданьску, ратуша ў Вроцлаве. Замкі ў 14—15 ст. мелі на Пд нерэгулярны план (Бендзін), на Пн — прамавугольны (Цяханаў). На Пн захаваліся ўмацаваныя комплексы кляштараў крыжакоў (Мальбарк, 13—15 ст.). Зпач. 16 ст. Кракаў стаў асяродкам рэнесансавай архітэктуры італьян. арыентацыі, якая ў П. спалучалася з познагатычнымі традыцыямі. У 1502—36 арх. Ф.Ф’ёрэнціна і Б.Берэчы перабудавалі сярэдневяковы замак на Вавелі ў рэнесансавую рэзідэнцыю з рэпрэзентатыўным дваром, 2-яруснымі аркадамі. У 1519—33 Берэчы пабудаваў капэлу Жыгімонта 1 Старога ў фларэнційскім стылі (адзіны прыклад класічнага рэнесансу па-за межамі Італіі). Рэнесансавыя капліцы прыбудоўвалі да гатычных сабораў, на фасадах палацаў і ратуш ствараліся лоджыі. Адначасова ў 16 ст. ўзводзіліся касцёлы паўн.-гатычнага тыпу з ажурным арх. дэкорам, крышт. скляпеннямі (касцёлы ў Бечу, Кентшыне і інш.). У жылых дамах і ратушах разам з лоджыямі, аркаднымі ўнутр. дварамі, ордэрнымі парталамі шырока выкарыстоўваліся дэкар. атыкі з урачыстай арнаментальнай разьбой (гандл. рады «Сукеніцы» ў Кракаве, 1558, арх. Дж.М.Падавана; ратуша з 3 паверхамі лоджый у Познані). У рэнесансавым арх. дэкоры акрэсліўся пачатак уплыву маньерызму. Ажыццёўлена рэгулярная рэнесансавая планіроўка г. Замасць (праект арх. Б.Маранда). У архітэктуры канца 16 — пач. 17 ст. адбілася моцнае ўздзеянне нідэрл. маньерызму (Вял. арсенал у Гданьску, дамы ў Казімежы-Дольным). З 2-й пал. 17 ст. пашырыўся стыль барока: урачыстая фасадная і інтэр’ерная кампазіцыя касцёла святых Пятра і Паўла ў Кракаве (арх. Дж.Трэвана, Я.Брыціус), манум. 2-вежавы фасад касцёла камедулаў на Бялянах (арх. А.Спеца), новы Каралеўскі замак у Варшаве з характэрнымі для ранняга барока буйнымі формамі гал. вежы, шматгранным унутр. дваром (арх. Я.Трэвана), замкі ва Уяздзе, Віснічу, палац біскупа ў Кельцах. Палацы канца 17 — пач. 18 ст.найб. арыентаваныя на франц. ўзоры, загарадныя рэзідэнцыі будаваліся з курданёрамі і рэгулярнымі паркамі: палацы ў Вілянаве (цяпер у межах Варшавы), Красінскіх у Варшаве, Браніцкіх у Беластоку. У 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. пад уплывам барока Венецыі і Рыма пашырыўся тып касцёла цэнтрычнай 8-граннай кампазіцыі з выразным купалам (касцёлы сакраментак у Варшаве, філіпінцаў у Гостыні). З Аўстрыі запазычаны авальныя ў плане пабудовы з падоўжнымі шматвугольнымі інтэр’ерамі (капэла Патоцкіх касцёла Дзевы Марыі ў Гнезне, касцёлы ў Лондзе, Асечнай). Інтэр’еры аздаблялі ў стылі ракако (касцёл у Кабылцы пад Варшавай). У драўляным дойлідстве спалучаліся барочныя і гатычныя формы (касцёл у Алесне, царква ў Паўрожніку). З 1770-х г. фарміраваўся класіцызм з захаваннем элементаў барока (каралеўскі палац у Варшаве), які найб. вытанчана і камерна праявіўся ў палацава-паркавым комплексе Лазенкі ў Варшаве. У прыватных палацах і вілах. увасобіліся венецыянскія ўзоры 17 ст. (палацы Дзялынскіх у Познані, Патоцкіх у Кракаве).
Архітэктура 1-й пал. 19 ст. стала больш манум.-рэпрэзентатыўнай. Варшава набыла характар буйнога адм. і культ. цэнтра. Найб. вылучаюцца работы арх. А.Карацы (ансамблі цэнтр. плошчаў, палац Сташыца, Польскі банк, Вял.т-р), Я.Кубіцкага (палац Бельведэр). Своеасаблівую камерную плынь класіцызму прадстаўляюць шляхецкія 2-павярховыя палацы са строгім цэнтр. порцікам у паркавым асяроддзі (палацы ў Бялачаве, Бейсце). Рамант. плынь у архітэктуры 19 ст. звязана з гатычнымі рэмінісцэнцыямі. Перабудовы арх. помнікаў з элементамі гіст. стыляў (готыкі, барока, рэнесансу) характэрны Х.П.Айгнеру (палац Намесніка ў Варшаве, б. палац Радзівілаў). Фасадам касцёлаў надаваўся складаны познагатычны дэкор (перабудова касцёла св. Яна Хрысціцеля ў Варшаве, арх. А.Ідзкоўскі). Касцёлы і палацы ў духу неаготыкі зням. і англ.гіст. элементамі пабудаваны паводле праектаў ням.арх. К.Ф.Шынкеля. У 2-й пал. 19 ст. ўзмацнілася гіст. эклектычнасць у гар. прыватных і грамадскіх пабудовах. Пашырыўся тып даходных дамоў з дварамі-«калодзежамі», добраўпарадкоўваліся прамысл. гарады (забудова вул. Пётркоўскай у Лодзі). На ўзор будынка Парыжскай оперы пабудаваны Тэатр імя Ю.Славацкага ў Кракаве. Будынку Крэдытнага і земскага т-ва ў Варшаве нададзены характар неарэнесансавага палаца. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў пошуках нац. стылю архітэктура арыентавалася на прыклады венскага сецэсіёну і парыжскага «ар нуво» (мадэрн): будынкі Т-ва сяброў выяўл. мастацтва і Старога т-ра ў Кракаве. На мяжы 19—20 ст.арх. С.Віткевіч стварыў т.зв. стыль Закапанэ, у якім апіраўся на традыцыі нар. архітэктуры. У Варшаве мадэрн быў больш рацыянальны і дэманстраваў ясную канстр. логіку (мост Панятоўскага, будынкі Банка каап. т-ваў, Польскага т-ра). У архітэктуры 1920—30-х г. тэндэнцыі неакласіцызму і функцыяналізму (будынкі т-ва «Прудэнтыяль» у Варшаве, Ягелонская б-ка ў Кракаве) суіснавалі з мадэрнісцкай стылізацыяй у духу нар. дойлідства (польскі павільён на Сусв. выстаўцы ў Парыжы). Пасляваен. перыяд у П. звязаны з аднаўленнем разбуранай краіны (арх. Ш.Сыркус, Б.Пнеўскі, Б. і С. Брукальскія). Будынкі 1950-х г. узводзіліся ў духу канструктывізму (круглы гандл. дом у Познані, стадыён 10-годдзя ў Варшаве). 2-я пал. 20 ст. адметная наватарскімі пошукамі рэканструкцыі цэнтраў гарадоў, прамысл. аб’ектаў, развіццём функцыян. стылю ў прыватным буд-ве. Узніклі новыя гарады: Нова-Гута (цяпер у межах Кракава), Нове-Тыхы каля Катавіц і інш. Пабудовам 1970—80-х г. уласцівы функцыян. мэтазгоднасць планіроўкі, арыгінальнасць канстр. вырашэнняў (Дом студэнтак у Кракаве, магазін «Суперсам» у Варшаве). Гар. комплексы аздабляюцца скульптурай, мазаікай, вітражамі. Канец 1980—90-я г. адметныя пошукамі новай маст. стылістыкі. Культавая архітэктура набыла большую камернасць, эстэт.вытанчаны стыль (касцёл Ушэсця Хрыста ў Варшаве, 1980—85, арх. М.Будзынскі; уніяцкі храм у Бялы-Боры на Зах. Памор’і, 1992—97, арх. Б.Катарба, абразы маст. Е.Навасельскага). Збудаванні камерцыйнага прызначэння набылі падкрэслена прадстаўнічыя формы (Бізнес-цэнтр у Варшаве, 1991—93; атэлі «Холідэй» у Варшаве, 1989, арх. Т.Спыхала, і «Радысан» у Шчэціне, 1993, арх. М.Думеньчыч, пабудаваны паводле міжнар. праектаў). З’явілася шмат аб’ектаў у духу постмадэрнізму і функцыяналізму (офісы, банкі, гандл. цэнтры). Сярод найб. значных грамадскіх пабудоў — б-ка Варшаўскага ун-та (з 1993, будуецца, арх. Будзынскі, З.Бадоўскі і інш.). Важнае значэнне надаецца рэканструкцыі і мадэрнізацыі гіст. раёнаў і цэнтраў гарадоў, рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Ствараюцца новыя мікрараёны палепшанай планіроўкі, рэалізуецца шырокая праграма індывід.буд-ва ў гарадах і ваяводствах.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія помнікі выяўл. мастацтва на тэр. П. адносяцца да канца палеаліту (касцяныя наканечнікі дзідаў з зааморфнымі выявамі), неаліту (арнаментаваныя пасудзіны, статуэткі жанчын, бурштынавыя выявы птушак і звяроў) і бронзавага веку (вазы з зааморфным аздабленнем, урны з выявамі твару чалавека, кераміка, фібулы і інш.). У 9—10 ст. на язычніцкіх капішчах ставілі драўляныя і каменныя скульпт. выявы багоў, якія вызначаліся абагульненасцю і статычнасцю форм. Пасля прыняцця ў 966 хрысціянства пашырылася дэкар. аздабленне храмаў (пляцёнкавы арнамент на калонах Вавельскага кафедральнага сабора і інш.). З 2-й пал. 12 ст. ў мастацтве П. дамінаваў раманскі стыль. Пад уплывам франц. і ням. мастацтва развіваліся скульптура (рэльефы на тымпанах парталаў касцёлаў св. Тройцы ў Стшэльне і Дзевы Марыі «на пяску» ў Вроцлаве, на дзвярах касцёла Дзевы Марыі ў Гнезне і інш.), манум. жывапіс (фрэскі ў касцёлах у Туме, Чэрвінску і інш.), кніжная мініяцюра. Унікальны твор дэкар.-прыкладнога мастацтва — каранацыйны меч «Шчэрбец» (1230), аздоблены гравіроўкай. Пад уплывам школы разьбяроў з Марбурга ствараліся статуі святых («Мадонна» з Вісліцы, 1280; «Саламея» з Глогава, 1290, і інш.), надмагіллі са скульпт. выявамі [Генрыха IV Пробуса ў касцёле св. Крыжа ў Вроцлаве, 1300—10; Казіміра III Вялікага ў Вавельскім саборы, 1370—82, і Уладзіслава II (Ягайлы) на Вавелі, 1440]. Драўляная скульптура развівалася ў рэчышчы «мяккага стылю» («Мадонны на льве» са Скальбмежа, 1370; «П’ета» з Вроцлава, 1384; «Укрыжаванне» з Шамотул, 1410, і інш.). Экспрэсіўнасцю вобразаў вызначаюцца фрэскі касцёлаў («Пакутніцтва св. Цэцыліі» і «Пакутніцы» ў Непаламіцах, 1360; «Разумныя дзевы» ў Лодзі, 1370; «Св. Матфей і св. Ядвіга» ў Тшэбуні, 1400, і інш.). На стылістыку гатычных размалёвак 15 ст. паўплываў візант. стыль (фрэскі віленскага майстра Андрэя ў каралеўскай капліцы ў Любліне, 1418; Свентакшыскай капліцы ў Кракаве, касцёлах у Сандаміры, Гнезне і інш.). У 2-й пал. 15 ст. дамінаваў «ломаны» стыль позняй готыкі, які вызначаўся сінтэзам ідэаліст. і натураліст. матываў (аўтар касцёла Дзевы Марыі ў Кракаве, 1477—89; надмагілле Казіміра IV Ягелончыка на Вавелі, 1492; абодва скульпт. Ф.Штос). Алтарны жывапіс развіваўся пад уплывам нідэрл. і ням. мастацтва ранняга Адраджэння (алтар св. Барбары ў Вроцлаве, 1447; алтарныя кампазіцыі «Зняцце з крыжа» ў Вавельскім кафедральным саборы; «Аплакванне» ў касцёле ў Олькушы, мастак Ян Вялікі, 1485). У кампазіцыі насценных размалёвак уключаліся пейзажныя і жанравыя матывы. Познагатычнай вытанчанасцю форм і майстэрствам апрацоўкі вызначаюцца творы дэкар.-прыкладнога мастацтва (карона Казіміра III Вялікага, чаша тынецкага абата, брамы ратушы ў Вроцлаве і інш.).
У канцы 15 — пач. 16 ст. са станаўленнем гуманіст. ідэй склалася культура Адраджэння. У скульптуры пашырыўся тып надмагілля-саркафага ў нішы з выявай памерлага на верхняй пліце (надмагілле Яна Ольбрахта ў Вавельскім кафедральным саборы, скульпт. Ф.Ф’ёрэнціна, 1505). Уплывамі фларэнційскай школы вызначаюцца надмагілле Жыгімонта I, статуі св. Пятра і св. Жыгімонта ў Жыгімонтаўскай капліцы на Вавелі (1519—33, майстар Б.Бярэчы), надмагілле Б.Тарноўскай у Тарноўскім кафедральным саборы (1536, скульпт. Дж.М.Падавана), маньерызму — надмагіллі Жыгімонта II Аўгуста ў Жыгімонтаўскай капліцы (1573, скульпт. С.Гучы), Стафана Баторыя (1595, скульпт. Гучы, усе на Вавелі). Рысы рэнесансу найб. яскрава выявіліся ў мініяцюры (ілюстрацыі да «Кодэкса Балтазара Бэхема» са статутамі кракаўскіх цэхаў, 1505, да малітоўніка Жыгімонта I, мастак С.Самастшэльнік). У алтарным жывапісе рысы позняй готыкі спалучаліся з рэнесансавымі тэндэнцыямі (паліпціх св. Яна ў касцёле св. Катажыны ў Кракаве, мастак І.Лібнаў). Дэкар. фрызамі з выявамі рыцарскіх турніраў і парадных шэсцяў аздоблены залы Вавельскага замка. Адзін знайб. ранніх узораў батальнага жанру — абраз «Бітва пад Оршай» (1515). Высокім маст. узроўнем вызначаліся вышыўка, ткацтва, кафлярства, злотніцтва. З 2-й пал. 16 ст. пашырыўся рэпрэзентатыўны парадны партрэт (партрэты Жыгімонта I, 1546, магчыма, майстар Андрэй; Стафана Баторыя, 1583, М.Кобер). У 1-й пал. 17 ст. маньерыстычныя традыцыі флам., ням. і італьян. школ спалучаліся са стылістыкай ранняга барока. Развіваліся манум. скульптура (калона Жыгімонта III Вазы ў Варшаве, 1644, К.Тэнкала, К.Молі, Д.Тым), дэкар. разьба па стука (Ж.Б.Фальконі, Б.Фантана, А.Шлютэр і інш.).
Жывапіс 17—1-й пал. 18 ст., звязаны з рухам контррэфармацыі, зазнаў уплывы венецыянскай і нідэрл. школ (Б.Штробель, І. ван дэн Блоке, Х.Ф. дэ Фрыз, С.Б.Вудка, Т.Далабела, Е.Коен, А.Мёлер, Ф.Найсер, В.Цяшынскі і інш.). У рэліг. сюжэты часта ўключаліся нар. тыпажы, элементы нац. адзення («Уваскрэсенне Петравіна» Т.Наваковіча; цыкл з жыцця св. Яцака ў касцёле дамініканцаў у Кракаве, мастак Далабела, 1619—25; абраз у Яснагорскім кляштары ў Чанстахове, 1622) і творы гіст. тэматыкі («Бітва пад Ляпана». мастак Далабела, 1620-я г.; «Уезд Ежы Асалінскага ў Рым», мастак С. дэла Бела, 1633). Пашырыліся тыпы сармацкага і пахавальнага партрэта (М.Альтмонтэ, А.Палоні, Е.Ф.Ругендас, Я.Трэтка і інш.). Манум. размалёўкі вызначаліся паветраным ілюзіянізмам (фрэска «Апошні суд» у капліцы св. Крыжа ў Любліне, 1654, мастак Т.Мушынскі). У графіцы пераважалі створаныя паводле жывапісных узораў партрэты, ілюстрацыі, абразкі. У дэкар. мастацтве стылістыка еўрап. барока спалучалася з рысамі ўсх. мастацтва. У скульптуры пач. 18 ст. пашырылася ракако (А.Асінскі, Я.Е.Плерш, Я.Е.Урбанскі, А.Францкевіч і інш.). У жывапісе пад уплывам мастацтва Саксоніі пераважалі рэпрэзентатыўныя партрэты (Ю.Кацяноўскі, А.Місеўскі, Л. дэ Сільвестр), рэліг. жывапіс (К.Д.Асам, К.Карлоне, Ф.А.Себасціні, К.Хандке, Ш.Чаховіч, А.Шэфлер). Высокім узроўнем вызначалася маст. ткацтва (выраб шпалер, «персідскіх» паясоў і інш. на мануфактурах у Варшаве, Кракаве, Бяла-Падлясцы, Станіслававе, Бродах, Алеску). 2-я пал. 18 ст. — перыяд Асветніцтва. У 1770-я г. ў каралеўскім замку ў Варшаве створана маст. майстэрня пад кіраўніцтвам М.Бачарэлі, якая стала першай польскай маст. школай. Быт. сцэны, падзеі паўстання 1794 адлюстроўвалі жывапісцы А.Арлоўскі, Я.П.Норблін, М.Плонскі; у жанры партрэта працавалі К.Вайнякоўскі, Ю.Фаворскі і інш. У 1-й пал. 19 ст. пашырыўся класіцызм (скульпт. У.Аляшчынскі, Л.Каўфман, П.Малінскі, Я.Татаркевіч, мастакі А.Брадоўскі, А.Какуляр, Ю.Пешка, Ф.Смуглевіч, М.Стаховіч), які паступова змяніўся рамантызмам (А.Гротгер, П.Міхалоўскі і інш.). З сярэдзіны 19 ст. пашырыўся гіст. жывапіс, які дасягнуў свайго апагею ў творчасці Я.Матэйкі. Рэв. сітуацыя 1860-х г. паўплывала на развіццё жанравага жывапісу, які звярнуўся да адлюстравання жыцця сялянства і гар. беднаты (творы В.Герсана, Ф.Кастшэўскага, А.Котсіса, Ю.Шармянтоўскага). У 1870—80-я г. тэндэнцыі дэмакр. рэалізму выявіліся ў творчасці М. і А. Герымскіх, Ю.Хелмонскага. Сац. праблематыцы проціпастаўляўся позні акадэмізм, часам з фальклорна-сімвалічнымі рысамі (Г.Семірадскі, В.Прушкоўскі і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. пашырыліся імпрэсіянізм (В.Базнанская, Л.Вычулкоўскі, Ю.Панкевіч, Я.Станіслаўскі), мадэрн (пераважна ў галіне сімвалізму; С.Выспянскі, В.Вайткевіч, Я.Мальчэўскі, Ф.Рушчыц). Новы ўздым адбыўся ў графіцы (гравюры Вычулкоўскага, А.Каменскага, кніжнае афармленне Выспянскага, плакаты Ю.Мехофера, К.Фрыча). У скульптуры спалучаліся рысы. рэалізму, мадэрну і імпрэсіянізму (К.Ф.Дунікоўскі, К.Ляшчка, В.Шыманоўскі і інш.). Абнавілася стылістыка дэкар.-прыкладнога мастацтва, адраджаліся нар.-маст. промыслы (кераміка, кавальства, ткацтва, набіванка, вышыўка, выцінанка). У 1-й пал. 20 ст. пад уплывам зах.-еўрап. культуры мастацтва П. развівалася пераважна ў рэчышчы мадэрнізму. У жывапісе пашырыліся каларыстычныя пошукі (З.Валішэўскі, Г.Рудзка-Цыбісова, Ю.Чапскі, Я.Цыбіс), кубізм і экспрэсіянізм (Т.Кантар, З.Пранашка, Т.Чыжэўскі, Л.Хвістак, М.Ярэма), лінеарны дэкаратывізм (Э.Зак, Р.Крамштык), супрэматызм, унізм, абстрактнае мастацтва (К.Кобра, У.Стшамінскі, Г.Стажэўскі). У галіне графікі працавалі Ф.Бартошак, Г.Краеўская, Ю.Краеўскі, Б.Лінке, У.Скачыляс, Т.Цяслеўскі і інш. У скульптуры пашырыліся стылізацыя ў духу нар. мастацтва (Я.Шчапкоўскі) і неакласічныя тэндэнцыі (В.Віціг, А.Замойскі). Своеасабліва спалучаў прыёмы кубізму і прымітывізму Ю.Т.Макоўскі. У 1950-я г.гуманіст.нац. традыцыі развіваліся ў скульпт. партрэце (Дунікоўскі, А.Карны), станковай графіцы і плакаце (Кулісевіч, Т.Трапкоўскі). У жывапісе захоўваліся традыцыі мадэрнізму пач. 20 ст. У сярэдзіне 1950-х—1970-я г. пашырыліся абстрактнае мастацтва, сюррэалізм, оп-арт, поп-арт. Сярод вядучых жывапісцаў Я.Тарасін, Е.Тхужэўскі, А.Урублеўскі, Ярэма, скульптараў М.Абакановіч, У.Гасёр, Г.Земла, М.Канечны, А.Шапачнікаў і інш. Росквіту дасягнула станковая і кніжная графіка, якая вызначаецца экспрэсіяй і дэкар. вытанчанасцю вобразаў, шматпланавасцю маст. прыёмаў. У 1980—90-я г. побач зтрадыц. актыўна развіваліся новыя маст. формы (інсталяцыя, перформанс, хэпенінг, відэаарт, бодыарт і інш.). Сцвердзілася новае пакаленне мастакоў: У.Бароўскі, З.Бяксінскі, Е.Берась, К.Вадзічка, М.Давідзюк, К.Казыра, М.Кіеўскі, А.Маеўскі, Ф.Маслюшчак, Я.Младажэнец, М.Пінінская-Берась, Ю.Рыбакоўскі, Л.Тарасевіч і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве пошукі сучасных форм спалучаюцца з традыцыямі нар. мастацтва.
Музыка. Нар. музыцы П. ўласцівы аднагалоссе, цесная сувязь песні з танцам. Папулярныя стараж.нар. танцы: кракавяк, мазурка, куявяк, абэрак, хадзоны — папярэднік паланэза і інш. У нар. інструментарыі з перыяду сярэднявечча да нашага часу захаваліся бубны, свістулькі, ляскоткі; смыкавыя — генсле, мазанкі; духавыя — лігаўкі, басуны; ударныя — клякоткі. З хрысціянізацыяй краю ў 9—10 ст. праніклі грыгарыянскія спевы (першыя запісы 11 ст.). У 11—12 ст. пачалі дзейнічаць касцельныя пеўчыя школы, дзе ў грыгарыянскі харал уводзілі інтанацыі нар. музыкі. Уплывы нар.муз. мастацтва праявіліся ў містэрыях (з 12 ст.), якія выконваліся семінарыстамі (на лац. мове), пацешнікамі (на польск. мове). Побач зцарк. развівалася свецкая музыка. Узніклі прыдворныя капэлы, з 13 ст. — рыцарскія і пазалітургічныя духоўныя песні («Багародзіца»), раннія ўзоры секвенцый. Першы вядомы кампазітар — Вінцэнты з Кельцаў (2-я пал. 13 ст.). У 13 ст. зарадзілася вак. поліфанія, якая ў 15 ст. пранікла ў свецкую вак.-інстр. музыку (Мікалай з Радама). З 14 ст. ў гарадах ствараліся гільдыі, з 16 ст. — гільдыі і цэхі гарадскіх музыкантаў; ва універсітэтах выкладалася тэорыя музыкі (Себасцьян з Фельштына), друкаваліся зб-кі песень, нотныя выданні. У 16 ст.з пашырэннем Адраджэння і Рэфармацыі ўзмацніліся свецкія элементы, паявіліся песні тыпу мадрыгала (Мікалай з Кракава), развівалася інстр. музыка, узмацніліся ўплывы італьян. і нідэрл. поліфанічных школ. Сярод поліфаністаў Мікалай з Кракава, Вацлаў з Шамотул, М.Леапаліта, М.Гамулка, лютністы Д.Ката, В.Длугорай, майстры стр. інструментаў Гроблічы, Данкварты. Шырока распаўсюджвалася свецкая музыка (Ката, Длугорай, Я.Поляк). Сярод кампазітараў канца 16—17 ст., якія абапіраліся на ідэі барока, — М.Зяленскі (майстар шматхаравой тэхнікі), М.Мяльчэўскі (абодва ўвялі ў польскую музыку жанр канцэрта), А.Яжэмбскі (скрыпач і архітэктар), Б.Пенкель (аўтар першай польскай араторыі), Д.Стаховіч, А.Пашкевіч, С.С.Шажынскі, Г.Г.Гарчыцкі. Першыя оперныя спектаклі пастаўлены пры каралеўскім двары ў 1628 італьян. музыкантамі. З адкрыццём у 1765 Нац.т-ра ў Варшаве створаны першыя нац. оперы («Ашчасліўленая галота» М.Каменскага, 1778; «Кракаўцы і горцы» Я.Стафані, 1794). У 18 ст. напісаны першыя сімфоніі (Я.Шчуроўскі, А.Мільвід, Я.Ваньскі, В.Данкоўскі, Ю.Эльснер, Я.Галомбак), інстр. канцэрты (Ф.Яневіч, Я.Клячынскі). Першыя прадстаўнікі муз. рамантызму — М.Клеафас Агінскі, кампазітар і піяністка М.Шыманоўская. Значны ўклад у развіццё музыкі зрабілі кампазітар, дырыжор, выдавец і педагог Эльснер — заснавальнік і дырэктар Ін-та музыкі і дэкламацыі (пазней — кансерваторыя); кампазітар, дырыжор, педагог і муз. пісьменнік К.К.Курпінскі, які каля 30 гадоў кіраваў Варшаўскай операй (з 1833 Вял.т-р). Заснавальнік муз. фалькларыстыкі — О.Кольберг; яго традыцыі прадоўжыў Я.Карловіч. Да вял. дасягненняў польскай музыкі належыць творчасць Ф.Шапэна. Стваральнік нац. класічнай оперы С.Манюшка. У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. працавалі: кампазітары В.Жаленскі, З.Наскоўскі (вучань Манюшкі), дырыжоры В.Бярдзяеў, П.Клецкі, Э.Млынарскі (кампазітар, скрыпач), А.Радзінскі, Г.Фітэльберг; выканаўцы браты Генрык (скрыпач) і Юзаф (піяніст) Вяняўскія, Апалінарый (скрыпач) і Антоній (піяніст) Концкія, С.Барцэвіч, У.Гурскі, П.Каханскі; скрыпачы К.Ю.Ліпінскі, І.Лота, Б.Губерман; піяністы І.Гофман, Р.Кашальскі, Т.Лешаціцкі, А.Міхалоўскі, Х.Я.Падарэўскі, А.Рубінштэйн, Ю.Турчынскі; спевакі А.Бандроўскі-Сас, А.Дзідур, Э. і Я. Рэшке, М.Зембрых і інш.
Вял. роля ў адраджэнні нац.муз. мастацтва П. ў пач. 20 ст. належала Варшаўскаму муз. т-ву, групе кампазітараў «Маладая Польшча» (Л.Ружыцкі, К.Шыманоўскі, Фітэльберг, А.Шалюта, М.Карловіч), якія імкнуліся аднавіць муз. мову, арыентуючыся на нац., у т. л. фальклорныя, традыцыі і на тагачасныя плыні еўрап. музыкі (позні рамантызм, імпрэсіянізм). Пасля 1918 у муз. жыцці П. найб. пашыраны быў неакласіцызм. У 1920—30-я г.вял. значэнне мела дзейнасць Шыманоўскага — стваральніка сучаснай нац. кампазітарскай школы. Узнікалі новыя муз. т-вы, аркестры, муз.навуч. ўстановы. Адбыліся першыя ў П. міжнар.муз. конкурсы. У першыя пасляваен. гады адной згал. задач дзярж.культ. палітыкі была папулярызацыя музыкі, якая абапіралася на прынцыпы сац. рэалізму. Паліт. перамены ў 2-й пал. 1960-х г. спрыялі аднаўленню кантактаў ззах.-еўрап. краінамі і ўзбагачэнню музыкі новымі элементамі: узніклі дадэкафонія і блізкія да яе муз. тэхнікі (Т.Бэрд, К.Сяроцкі, В.Лютаслаўскі, А.Дабравольскі, К.Пендарэцкі). П. стала адным з цэнтраў сучасных муз. плыней. У 1970-я г. перанасычанасць авангардысцкімі тэндэнцыямі прывяла да таго, што многія творцы пачалі спрашчаць сваю муз. мову (Пендарэцкі, В.Кіляр, Г.М.Гурэцкі, М.Стахоўскі, З.Рудзінскі). Маладое пакаленне кампазітараў (Р.Аўгустын, К.Бацулеўскі, С.Круповіч, М.Малецкі, Л.Зялінская, П.Шыманскі) развівала розныя муз. жанры. Рэліг. музыку пісалі Пендарэцкі, А.Пануфнік, Гурэцкі, Р.Твардоўскі; у оперных т-рах ставіліся творы Пендарэцкага, Бэрда, З.Баргельскага, Р.Палестра, Зялінскай, Бацулеўскага і інш. Сярод прадстаўнікоў польскай музыкі 2-й пал. 20 ст. кампазітары Сяроцкі, Г.Бацэвіч, Б.Шабельскі, К.Сікорскі, В.Рудзінскі, П.Пяркоўскі, В.Шалёнак, А.Блёх, К.Меер, Стахоўскі, З.Рудзінскі, З.Буярскі, Э.Кнапік, дырыжоры З.Ляташэўскі, Б.Вадзічка, В.Равіцкі, С.Віслоцкі, Г.Чыж, Я.Крэнц, К.Корд, Е.Семкаў, Р.Сатаноўскі, Е.Максымюк, хар. дырыжор С.Стуліграш, піяністы З.Джавецкі, Г.Чэрны-Стафанская, К.Цымерман, Б.Гесе-Букоўская, П.Палечны, скрыпачы Я.Умінская, І.Дубская, К.А.Кулька, спевакі Б.Папроцкі, А.Хіёльскі, Б.Ладыш, В.Охман, М.Фолтын, Е.Подлесь, У.Крыгер.
У П. (1997) 9 оперных т-раў, 8 т-раў муз. камедый, 20 філармоній, 29 сімф.арк., ансамблі нар. песні і танца «Мазоўша» і «Шлёнск», 8 муз.ВНУ, у т. л.Муз. акадэмія імя Шапэна, кансерваторыі ў Варшаве (з 1946 Вышэйшая муз. школа), Катавіцах, Познані і інш. Праводзяцца Міжнар. конкурсы: піяністаў імя Шапэна (з 1927, Варшава), скрыпачоў імя Вяняўскага (з 1935, Варшава; з 1952, Познань; з 1956 — таксама кампазітараў, з 1957 — скрыпічных майстроў), міжнар.муз. фестывалі «Варшаўская восень» (з 1956), аратарыяльнай музыкі «Wratislavia Cantans» (з 1966, Вроцлаў), стараж. музыкі краін Усх. Еўропы (Быдгашч), джазавай музыкі «Джаз джамборы» (з 1958, Варшава), эстраднай песні (Сопат); фестываль сучаснай песні (Зялёна-Гура) і інш. У 1945 створаны Саюз польск. кампазітараў.
Многія польск. музыканты былі звязаны з Беларуссю. У 16 ст. пры двары М.Радзівіла Чорнага працавалі і друкавалі свае муз. творы ў Брэсце дзеячы польск. муз. адраджэння Ц.Базылік і Вацлаў з Шамотул. У канцы 18 ст. дырыжорам Нясвіжскага т-ра быў аўтар вядомай камічнай оперы «Агатка» Я.Д.Голанд. У 19 ст. на Беларусі жылі кампазітары М.Клеафас Агінскі, Ф.С.Міладоўскі, С.Манюшка, які паставіў у Мінску свае першыя вадэвілі і камічныя оперы (сярод іх «Сялянка» на бел. і польск. мовах, з шырокім выкарыстаннем бел.муз. фальклору). Бел. фальклорныя мелодыі ўключаў у свае сімф. творы Карловіч, хар. апрацоўкі бел. песень рабілі Д.Шалігоўскі, С.Казура, Рудзінскі. Сярод удзельнікаў Бел.муз.-драм. гуртка ў Вільні (1910-я г.) кампазітар Л.М.Рагоўскі. піяністка М.І.Кімант-Яцына. Уклад у збор і вывучэнне бел.муз. фальклору зрабілі этнографы Кольберг, Карловіч, К.Машынскі, М.Федароўскі. Ураджэнцамі Беларусі былі многія вядомыя польск. музыканты (Манюшка, Міладоўскі, Карловіч, скрыпач К.Горскі, дырыжор Бярдзяеў і інш.).
Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва ў нар. абрадах, ігрышчах, у творчасці вандроўных акцёраў-франтаў. Асн. формы сярэдневяковага т-ра — літургічная драма, містэрыя. У 15—16 ст. у рэліг. сюжэты часам уключаліся свецкія нар. матывы («Гісторыя пра слаўнае Уваскрэсенне Гасподняе» Мікалая з Вільковецка, каля 1570—80). Пашырыліся лялечны т-р шопка і школьны т-р. У 1633 у каралеўскім замку ў Варшаве адкрыта першае пастаяннае тэатр. памяшканне. Пры каралю Станіславе Аўгусце Панятоўскім, тэатр. мецэнаце, у Варшаве пабудаваны т-р «У апельсінавай аранжарэі» (1788), амфітэатр «На востраве» (1790). З 2-й пал. 18 ст. на ўзор прыдворных ствараліся т-ры ў магнацкіх сядзібах. У 1765 у Варшаве адкрыўся публічны пастаянны «Тэатр Нарадовы». Сярод яго акцёраў К.Аўсінскі, Л.Дмушэўскі, А.Жулкоўскі-бацька, Ю.Ледухоўская, К.Б.Свяжаўскі, Т. і А. Трускаляскія, М.Шыманскі. Рух за перадавое дэмакр. мастацтва ўзначаліў стваральнік нац.прафес.т-ра В.Багуслаўскі, які садзейнічаў арганізацыі і станаўленню т-раў у Кракаве, Вільні, Познані і інш. На развіццё т-ра 19 ст. значна ўплывала драматургія А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, А.Фрэдры, З.Красінскага. У 1829 як філіял «Тэатра Нарадовага» адкрыўся т-р «Размаітосці» (зліўся з ім у 1836; першы кіраўнік Б.Кудліч, акцёры А.Жулкоўскі-сын, Л.Гальперт, Я.Круглікоўскі, Ю.Рыхтэр і інш.). З канца 1860-х г. вядучую ролю адыгрываў Кракаўскі т-р, трупа якога (кіраўнік С.Козьмян, акцёры Ф.Бэнда, А.Гофман, В.Рапацкі, пазней А.Зельвяровіч, Г.Маджаеўская, Л.Сольскі і інш.) сфарміравала т.зв. кракаўскую школу, што вызначалася рэаліст. скіраванасцю і псіхалагізмам. На мяжы 19—20 ст. ставіліся сац.-значныя творы С.Выспянскага, С.Жаромскага, Г.Запольскай. Рэаліст. традыцыі развівалі рэжысёры Ю.Катарбінскі, Т.Паўлікоўскі, Л.Шылер, акцёры К.Адвянтовіч, Ю.Астэрва, А.Венгерка, С.Высоцкая, С.Ярач. Лепшыя ўзоры польск. і сусв. драматургіі прапагандаваў «Тэатр Польскі» (засн. ў 1913 у Варшаве). Значны ўплыў на развіццё т-ра П. зрабіла мастацтва Маскоўскага маст.акад.т-ра (т-р «Рэдута», 1919—39). У 2-ю сусв. вайну ўсе польскія т-ры закрыты. У 1940 у Варшаве створана падп. «Тэатральная рада» (кіраўнікі Э.Вярцінскі, Б.Кажанеўскі, Шылер), якая распрацоўвала праграму адраджэння т-ра пасля вызвалення. Дзейнічалі падп.тэатр. групы студыйнага характару, з 1941 у Кракаве — «Тэатр Рапсадычны» (кіраўнік М.Катлярчык) і «Тэатр Незалежны» (кіраўнік Т.Кантар). У 1944—45 адкрыліся т-ры ва ўсіх буйных гарадах П. Значным дасягненнем гэтагачасу сталі пастаноўкі Астэрвы, Вярцінскага, Шылера, рэж. дэбюты Э.Аксера і Кажанеўскага. У рэпертуары — п’есы Б.Брэхта, Ф.Дзюрэнмата, А.Мілера, Ж.П.Сартра, М.Фрыша, польскіх аўтараў Е.Брашкевіча, Э.Брыля, Л.Кручкоўскага, С.Мрожака, Т.Ружэвіча, Е.Юрандата і інш.З канца 1940-х г. дзейнасць т-раў П. падпарадкавана прынцыпам сац. рэалізму. У 1955—56 змены ў паліт. і культ. жыцці П. абумовілі новы ўздым тэатр. жыцця. Пашырыліся пастаноўкі сусв. і нац. класікі, з’явіліся авангардысцкія творы зах.-еўрап. аўтараў (С.Бекет, Ж.Жэнэ, Э.Іанеска) і польскіх драматургаў міжваен. перыяду (С.І.Віткевіч, В.Гамбровіч, Т.Пэйпер). Высокі маст. ўзровень т-ра П. вызначыла творчасць рэжысёраў Аксера, А.Вайды, Е.Гратоўскага, К.Дэймека, Кантара, Л.Рэне, К.Свінарскага, К.Скушанкі, Г.Тамашэўскага, А.Ханушкевіча, Е.Яроцкага, акцёраў Д.Альбрыхскага, Н.Андрыч, Э.Баршчэўскай, Я.Вашчаровіча, М.Войта, Р.Вільгельмі, Г.Галоўбека, К.Яндрусік, Я.Крэчмара, Т.Ламніцкага, Г.Махаліцы, Г.Мікалайскай, М.Паўлікоўскага, Я.Свідэрскага, Т.Фіеўскага, М.Цвіклінскай, І.Эйхлера, сцэнографаў О.Аксера, З.Вярховіч, У.Дашэўскага, Т.Рашкоўскай, А.Стопкі, З.Стшалецкага і інш. У 1990-я г. ў П. працавалі 87 драм. і 32 лялечныя т-ры (1995), найб. значныя — «Тэатр Нарадовы», «Тэатр Драматычны» (з 1956), «Тэатр Вспулчэсны» (з 1945), «Тэатр Польскі», «Атэнэум» (з 1929) у Варшаве, «Тэатр імя Ю.Славацкага» ў Кракаве (з 1893), «Тэатр Новы» ў Лодзі (з 1949), «Тэатр Людовы» ў Нова-Гуце (з 1955) і інш. Сярод найб. значных рэжысёраў Т.Брадэцкі, М.Вайтышка, Е.Гжэгажэўскі, Б.Гусакоўскі, К.Залескі, Р.Зёла, К.Люпа, М.Прус, А.Стшалецкі, М.Энглерт, сярод акцёраў — М.Апаня, Я.Гаяс, З.Запасевіч, М.Камароўская, К.Кольбергер, М.Кондрат, А.Лапіцкі, О.Лукашэвіч, П.Махаліца, Б.Паўлік, Ф.Печка, Е.Радзівіловіч, А.Сяверын, Е.Трэля, П.Франчэўскі, А.Ханушкевіч, Я.Энглерт, К.Янда, сярод сцэнографаў — П.Дабжыцкі, К.Захватовіч, З. дэ Інэс, М.Калодзей, А.Кілян, А.Маеўскі, К.Панкевіч, А.Садоўскі і інш.
Тэатр. сувязі паміж П. і Беларуссю існуюць здаўна. На агульных асновах развіваліся бел. лялечны т-р батлейка і польская шопка. У 1802—09 рэж. С.Дэшнер арганізавала ў Гродне пастаянны т-р. У канцы 18—19 ст. на Беларусі выступалі Варшаўскі т-р В.Багуслаўскага, трупы М.Кажынскага, К.Камінскага, А.Руткоўскага, Я.Хелмікоўскага і інш. У 1925—29 у Гродне гастраліраваў т-р Ю.Астэрвы «Рэдута». У 1913 у Варшаве гастраліравала Першая бел. трупа І.Буйніцкага. У канцы 1920 — пач. 1940-х г. на Беларусі дзейнічалі Польскі дзяржаўны вандроўны тэатр БССР, Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзярж. польскі т-р лялек БССР (кіраўнік У.Ярэма), у т-рах Беларусі ставіліся п’есы Запольскай, Т.Кажушніка, Мрожака, Славацкага, А.Фрэдры, П.Хайноўскага, І.Юргелевіч, інсцэніраваліся творы Э.Ажэшкі, С.Жаромскага. У т-рах П. пастаўлены бел. п’есы В.Вольскага, К.Крапівы, А.Макаёнка і інш.
Кіно. З 1897 у П. здымалі рэпартажы і навук.-папулярныя фільмы (Б.Матушэўскі, К.Прушынскі). У 1902 створана студыя «Плеограф», якая здымала і распаўсюджвала кароткія фільмы з удзелам польскіх тэатр. акцёраў. Першы польскі ігравы фільм — «Вяртанне гулякі» (1902). У 1908—18 з утварэннем кінафірм («Сфінкс» і інш.) пачаўся рэгулярны выпуск фільмаў, пераважна экранізацый твораў нац. л-ры: «Гісторыя граху» паводле аповесці С.Жаромскага (рэж. А.Бяднарчык), «Суд Божы» паводле драмы С.Выспянскага «Суддзі» (рэж. С.Кнаке-Завадзкі), «Меір Езафовіч» паводле Э.Ажэшкі (рэж. Ю.Астоя-Сульніцкі; усе 1911) і інш. Здымаліся таксама меладрамы і камедыі («Антось першы раз у Варшаве», 1908, рэж. Е.Меер). У 1918—25 кінавытв-сць заняпала, выпускаліся фільмы прапагандысцкага характару. У 1926—30-я г. адбыўся пэўны ўздым кінематографа, з 1933 здымаліся гукавыя фільмы. Прапагандай эстэт. каштоўнасці кіно займалася авангардная група «Старт» (1930—34). У 1937—39 дзейнічала Т-ва кінааўтараў. Экранізаваліся творы У.Рэйманта («Зямля запаветная» 1927, рэж. А.Герц, З.Гняздоўскі), А.Міцкевіча («Пан Тадэвуш», 1928, рэж. Р.Ардынскі), Жаромскага («Прадвесне», 1928, рэж. Г.Шара; «Верная рака», рэж. Л.Бучкоўскі; «Ружа», рэж. Ю.Лейтэс, абодва 1936), С.Пшыбышэўскага («Моцны чалавек», рэж. Шара), Г.Запальскай («Паліцмайстар Тагіеў», рэж. Ю.Гардан, абодва 1929), Г.Сянкевіча («Янка-музыкант», 1930, рэж. Ардынскі), П.Гаявічынскай («Дзяўчаты з Наваліпак», 1937), З.Налкоўскай («Мяжа», 1938; абодва рэж. Лейтэс) і інш. Пашырыліся фільмы гіст.-патрыятычнай тэматыкі («У Сібір», 1930; «Дзесяцёра з Павяка», 1931, і інш.). Сярод акцёраў Э.Баршчэўская, З.Бода, Ю.Венгжын, А.Дымша, А.Зельвяровіч, Б.Ляшчынскі, Я.Смасарская, Е.Піхельскі, І.Эйхлер, С.Ярач і інш. У гады ням.-фаш. акупацыі 1939—44 польскае кіно было забаронена. У 1944 кінахранікёры на чале з А.Багдзевічам канспіратыўна здымалі эпізоды Варшаўскага паўстання. З канца 1940-х г. у фільмах пашырылася тэма лёсу польскага народа ў час 2-й сусв. вайны, уздымаліся праблемы асобы і гісторыі: «Забароненыя песенькі» (1947, рэж. Бучкоўскі), «Апошні этап» (рэж. В.Якубоўская), «Стальныя сэрцы» (рэж. С.Урбановіч, у сав. пракаце «Начны выбух»; абодва 1948) і інш. Ставіліся фільмы на тэмы тагачаснага жыцця: «Скарб» (у сав. пракаце «Мой скарб», 1949, рэж. Бучкоўскі), «Першыя дні» (1952, рэж. Я.Рыбкоўскі), «Здарэнне на Марыенштаце» (1954, рэж. Бучкоўскі) і інш. У 1948 створана Вышэйшая кінашкола ў Лодзі (цяпер Вышэйшая школа т-ра, кіно і тэлебачання імя Л.Шылера). Творчасць яе выпускнікоў стала асновай станаўлення польскай школы кіно, якая вызначалася ідэйнай і эстэт. палемікай з метадам сацыяліст. рэалізму, неарамантызмам, экспрэсіўнай эмацыянальнасцю сродкаў выражэння, імкненнем да ўслаўлення або крытыкі нац. характару, адчуваннем ірацыянальнасці бунту і абсурднасці лёсу чалавека ў сутыкненні з катаклізмамі гісторыі, раскрыццём псіхал. стану героя ў канфліктных і драм. сітуацыях, часта з дамешкам іроніі і сарказму: «Зімовыя прыцемкі» (рэж. С.Ленартовіч), «Пятля» (рэж. В.Е.Хас), «Вольны горад» (рэж. С.Ружэвіч), «Канал», «Попел і дыямент» (рэж. А.Вайда), «Героіка» (усе 1958) і «Касавокае шчасце» (1959), «Пасажырка» (1963; абодва рэж. А.Мунк), «Маці Іаанна ад Анёлаў» (1961, рэж. Е.Каваляровіч) і інш. Вядучыя акцёры гэтага перыяду Т.Ламніцкі, З.Цыбульскі, Л.Вініцкая, Г.Галоўбек, Б.Кабеля, Б.Крафт, Э.Кшыжэўская, Л.Немчык, А.Паўлікоўскі, Т.Янчар і інш. У 1960-я г. дэбютавалі рэж. К.Занусі, Р.Палянскі («Нож у вадзе», 1961), Е.Скалімоўскі («Апісанне», 1964) і інш. Сярод лепшых экранізацый «Крыжакі» (1960, рэж. А.Форд), «Пан Валадыеўскі» (1969) і «Патоп» (1974, абодва рэж. Е.Гофман) паводле Сянкевіча, «Фараон» (1965, рэж. Каваляровіч), «Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе» паводле Я.Патоцкага (1965), «Лялька» паводле Б.Пруса (1968; абодва рэж. Хас), «Зямля запаветная» (1975, рэж. Вайда) і інш. Сярод вядучых акцёраў Д.Альбрыхскі, Б.Брыльская, В.Голас, М.Камароўская, А.Лапіцкі, С.Мікульскі, Я.Навіцкі, П.Ракса, Б.Тышкевіч і інш. У 1970—80-я г. ўзнікла т.зв. кіно маральнага неспакою, якое характарызавалася нязгодай з рэчаіснасцю, што дэградавала асобу чалавека: фільмы Вайды («Чалавек з мармуру», 1979; «Чалавек з жалеза», 1981), Занусі («Ілюмінацыя», 1973; «З далёкага краю», 1981), К.Кеслёўскага («Дэкалог», 1988), А.Голанд («Правінцыяльныя акцёры», 1979; «Гарачка» паводле А.Струга, 1980). З’явілася новае пакаленне акцёраў: К.Кольбергер, М.Кондрат, Е.Радзівіловіч, Е.Штур, К.Янда і інш. Здымаліся меладрамы і забаўляльныя фільмы: «Ва-банк 1» (1982), «Ва-банк II» (1985, рэж. абодвух Я.Махульскі), «Знахар» (паводле Т.Далэнгі-Мастовіча, 1982, рэж. Гофман) і інш.З 1989 у выніку паліт. змен пашырылася плынь «звядзення рахункаў», якая запаўняла т.зв. белыя плямы ў гісторыі краіны: «Уцёкі з кіно «Свабода» (рэж. В.Марчэўскі), «300 міль да неба» (рэж. М.Дэйчар, абодва 1989), «80 мм да Еўропы» (1993, рэж. М.Дазінскі), дакумент. фільмы пра Катынь, лёс палякаў у Сібіры, Казахстане і інш. У 1990-я г. ў кінематографе П. значную ролю адыгрывала творчасць новага пакалення рэжысёраў, якія выяўлялі свае адносіны да хуткіх перамен у жыцці грамадства: «Кроль» (1991), «Псы» (1992), «Псы-2» (1994, усе рэж. В.Пасікоўскі), «Чалавек з...» (рэж. К.Шалайскі), «Кантраляваныя размовы» (рэж. С.Хенцінскі), «Лепш быць прыгожай і багатай» (рэж. Ф.Баян, усе 1993) і інш. Агульначалавечая праблематыка ўздымаецца ў фільмах «Падвойнае жыццё Веранікі» (1991), «Тры колеры: Сіні. Белы, Чырвоны» (1992—93, рэж. усіх Кеслёўскі), «Дотык рукі» (1992), «Жыццё як смяротная хвароба, што перадаецца палавым шляхам» (2000, рэж. абодвух Занусі) і інш. Здымаліся фільмы на гіст. тэматыку («Эскадрон», 1992, рэж. Ю.Махульскі). Экранізаваліся творы Міцкевіча («Пан Тадэвуш», рэж. Вайда), Сянкевіча («Агнём і мячом», рэж. Гофман, абодва 1999). Сярод вядучых акцёраў А.Бяджынская, Я.Гаяс, Б.Лінда, О.Любашэнка, Ц.Пазура, А.Ферэнцы і інш. Праводзяцца Усяпольскія фестывалі кароткаметражных (з 1961) Ί маст. (з 1974) фільмаў, Міжнар. фестываль кароткаметражных фільмаў (1964) у Кракаве.
Беларусы ў Польшчы. Бел.-польскія кантакты вядомы з часоў Кіеўскай Русі (гандл. сувязі, дынастычныя шлюбы, ваен. сутыкненні і г.д.), бел. прысутнасць у П. і абмен насельніцтвам пачаліся ў час ВКЛ. Продкі беларусаў часта траплялі на польскія землі як ваеннапалонныя. Напр., калі ў 1325 вял.кн.ВКЛ Гедзімін аддаў сваю дачку Альдону за Казіміра, сына Уладзіслава I Лакеткі, з П. ў ВКЛ была вернута пэўная колькасць ваеннапалонных, а ў складзе світы Альдоны ў П. накіраваны выхадцы зВКЛ. Умоўна лічыцца, што ў сярэдзіне 14 ст. ў П. жыло каля 40 тыс. продкаў беларусаў. У выніку Люблінскай уніі 1569 беларусы і палякі амаль да канца 18 ст. былі ў адзінай федэратыўнай дзяржаве — Рэчы Паспалітай. Пасля 3 падзелаў Рэчы Паспалітай пэўная колькасць беларусаў жыла на этнічна польскіх землях у складзе Рас. імперыі. Паводле перапісу 1897 у Прывіслінскім краі беларусы складалі 6,7% усяго насельніцтва (каля 30 тыс.чал.), найбольш у Сувалкаўскай (27 525 чал.) і Варшаўскай (1354 чал.) губернях. Пасля 1-й сусв. вайны, калі была адноўлена незалежная польская дзяржава, на яе землях засталася частка этн. беларусаў. Павелічэнне тут колькасці беларусаў адбылося за кошт Заходняй Беларусі, якая да вер. 1939 знаходзілася ў складзе П. Паводле падлікаў стат. органаў СССР лічылася, што ў П. засталося 3250 тыс. беларусаў. Паводле польск. перапісу насельніцтва ад 30.9.1921 у краіне налічвалася 1035 тыс. беларусаў, але перапісчыкі не ўлічвалі бел. жыхароў Віленшчыны, запісвалі палякамі беларусаў-католікаў і інш. Вынікі перапісу насельніцтва ад 9.12.1931, які ахопліваў усю тэр. П., таксама не былі дасканалымі: паводле моўнага крытэрыя беларусамі лічылася 990 тыс.чал. (3,1% насельніцтва П.). Розныя даследчыкі вызначаюць колькасць беларусаў у П. ў гэты перыяд ад 1,2 да 2 млн.чал. (ад 4,3 да 6% усяго насельніцтва П.). Па падліках польск. гісторыка А.Жарноўскага, у П. жыло каля 1,7 млн. беларусаў, а паводле Е.Тамашэўскага, — 1,95 млн., у т. л. ў Палескім ваяв. 654 тыс., Навагрудскім 616 тыс., Віленскім 407 тыс., Беластоцкім 269 тыс.чал. Беларусы былі трэцяй па колькасці нац. меншасцю ў П. (пасля ўкраінцаў і яўрэяў). Паводле польск. даследчыкаў Г.Халупчака і Т.Браварака, у П. ў гэты час жыло каля 1,9 млн. беларусаў (5,9% ад усяго насельніцтва П.), у т. л. ў Палескім ваяв. яны складалі 43,4%, Навагрудскім — 39,1%, Віленскім — 22,7% і Беластоцкім — 16,3% насельніцтва. Да 1938 колькасць беларусаў у П. павялічылася да 2750 тыс.чал. Пры гэтым з-за мала- і беззямелля, беспрацоўя, адм. праследаванняў частка беларусаў эмігрыравала ў краіны Зах. Еўропы, Паўн. і Паўд. Амерыкі (з 1921 па 1939 каля 145 тыс.чал., а паводле бел. даследчыка А.А.Ракава — каля 190 тыс.чал.), У Зах. Беларусі — адносна адсталай агр. ускраіне П. — абс. большасць насельніцтва складалі сяляне (каля 90%), 7% — наёмныя рабочыя (да 20 тыс.чал.). Малалікімі былі бел. інтэлігенцыя і памешчыкі (апошнім належала толькі 4,1% маёнткаў). Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў. Як і інш.нац. меншасці, беларусы служылі ў Войску Польскім, удзельнічалі ў абарончых баях пач. 2-й сусв. вайны (гл. ў арт.Польская кампанія 1939), уваходзілі ў Андэрса армію, Армію Краёву, Першую польскую пяхотную дывізію імя Т.Касцюшкі і інш. антыфаш. ваен. фарміраванні. У канцы 2-й сусв. вайны паводле сав.-польск. пагадненняў аб мяжы ад 26.7.1944 і 16.8.1945 улады СССР перадалі П. са складу БССР 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Брэсцкай абласцей, населеныя пераважна беларусамі. У ходзе дэмаркацыі мяжы паміж П. і БССР і ўзаемнай рэпатрыяцыі насельніцтва з Беларусі ў П. (пераважна на Беласточчыну) у 1944—48 пераехалі больш за 270 тыс.чал. (паводле ўмоў рэпатрыяцыі беларусы-католікі дэкларавалі сябе палякамі). З-за тэрору польск. нацыяналіст. падполля, неспрыяльнага эканам. становішча на Беласточчыне частка беларусаў пасялілася ў Альштынскім краі, Памор’і (раёны Гданьска і Шчэціна), Варшаве, Кракаве, Торуні і інш. гарадах. Да 1948 улады П. афіцыйна не прызнавалі існаванне бел.нац. меншасці ў краіне. Арганізаваная нац.-культ. дзейнасць беларусаў, якая пачалася тут у канцы 1940-х г.з аднаўлення бел. школьніцтва, актывізавалася ў 1956, калі ў П. створаны Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ), кафедра бел. філалогіі ў Варшаўскім ун-це і інш.З 1956 выдаецца газ.«Ніва», з 1957 — «Беларускі каляндар», з 1958 дзейнічае літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», створаны бел. ліцэі ў гарадах Бельск-Падляскі і Гайнаўка (Беласточчына). Паводле сац. статуса да канца 1950-х г. большасць беларусаў у П. былі сялянамі. У 1970-я г. і ў час ваен. становішча 1981—83 з-за абмежаванняў з боку польскіх улад назіраўся спад грамадска-культ. актыўнасці беларусаў. У 1980-я г. ўзніклі Бел. аб’яднанне студэнтаў (1981, зарэгістравана ў 1988), Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры, шэраг бел. выд-ваў і перыяд. выданняў. Уліку этнічнага складу насельніцтва П., у т. л. беларусаў, у сучасных перапісах не вядзецца. Да канца 1980-х г. у П., на думку польск. даследчыка К.Падляскага, жыло ад 250 да 400 тыс. беларусаў, паводле звестак Польск. аўтакефальнай правасл. царквы — 290 тыс. беларусаў (1/3 яе вернікаў), а паводле статыстыкі выбараў у сейм 1989 па Беласточчыне беларусы складалі тут 30% насельніцтва (206,8 тыс.чал.), у т. л. ў Беластоку 25% (65,5 тыс.чал.), Бельску-Падляскім і Гайнаўцы па 65% (адпаведна 17,2 і 15,1 тыс.чал.). У 1990-я г. зарэгістраваны Рада бел. арг-цый у П., Саюз гмін усх. Беласточчыны, Зьвяз бел. моладзі, Бел.гіст.т-ва (кіраўнік А.Латышонак), Асацыяцыя бел. журналістаў і інш. Створаны Згуртаванне варшаўскіх беларусаў, бел.культ.-асв.т-ва ў Гданьску «Хатка» (з 1992), бел. гурток у Ольштыне. З 1992 у Варшаве працуе бел. рэдакцыя Польск. радыё. У 1995 бел. мова выкладалася ў 44 школах і 2 ліцэях Беласточчыны. З 1997 у Беластоку існуе ун-т (б. філіял Варшаўскага ун-та), дзе ёсць кафедра бел. культуры. У 1997 у сейм выбраны кіраўнік БГКТ Я.Сычэўскі. Гісторыю, культуру, побыт бел. дыяспары ў П. адлюстроўваюць даследаванні А.Глагоўскай, А. і Я. Мірановічаў, Ю.Туронка і інш. польск. гісторыкаў бел. паходжання; выдаюцца літ. творы А.Барскага (А.Баршчэўскага), М.Гайдука, С.Яновіча, В.М.Шведа і інш.бел. пісьменнікаў П. Абароне правоў і інтарэсаў бел.этн. супольнасці ў П. служаць Дэкларацыя аб бел.-польск. адносінах (падпісана ў кастр. 1990), пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мін-вам нар. адукацыі П. і Мін-вам адукацыі Беларусі (сак. 1992), бел.польскі Дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве ад 23.6.1992 і пагадненне аб магчымасці ўзаемнага працаўладкавання і сац. абароны грамадзян абедзвюх краін.
Літ.:
Краткая история Польши: С древнейших времен до наших дней. М., 1993;
Samsonowicz H. Historia Polski do roku 1795. 5 wyd. Warszawa, 1990;
Kieniewicz S. Historia Polski 1795—1918. Warszawa, 1987;
Roszkowski W. Najnowsza historia Polski 1918—1989. Warszawa, 1991;
Лойко Л.В. Политическая борьба в Польше (70—80 гг.). Мн., 1995;
Часноўскі М.Э. Сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча (1989—1999). Мн., 2000;
История польской литературы. Т. 1—2. М., 1968—69;
Горский И.К. Польский исторический роман и проблема историзма. М., 1963;
Цыбенко Е.З. Польский социальный роман 40—70-х г. XIX в. М., 1971;
Липатов А.В. Возникновение польского просветительского романа. М., 1974;
Лойка А.А., Перкін Н.С. Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.Мн., 1963;
Адам Міцкевіч і сусветная культура. Т. 1—5. Гродна etc., 1998—2000;
Literatura polska: Przewodnik encyklopedyczny. T. 1—2. Warszawa, 1984—85;
Słownik literatury staropolskiej. Wrocław, 1990;
Słownik literatury polskiej XIX wieku. Wrocław, 1991;
Słownik literatury polskiej XX wieku. Wrocław, 1992;
Тананаева Л.И. Польское изобразительное искусство эпохи Просвещения: Живопись. Рисунок. М., 1968;
Яе ж. Сарматский портрет: Из истории пол. портрета эпохи барокко. М., 1979;
Łoziński J.Z. Pomniki sztuki w Polsce. T. 1—2. Warszawa, 1985—92;
Kębłowski J. Dzieje sztuki polskiej. Warszawa. 1987;
Miłobędzki A. Architektura ziem Polski. Kraków, 1994;
Z dziejów polskiej kultury muzycznej. T. 1—2. Kraków, 1958—66;
Baculewski K. Polska twórczośćl kompozytorska, 1945—1984. Kraków, 1987;
Bartkowski B. Polskie śpiewy religijne w żywej tradycji: Style i formy. Kraków, 1987;
Шидловский Р. Театр в Польше. Варшава, 1972;
Dzieje teatru polskiego. T. 1—5. Warszawa, 1977—93;
Almanach sceny polskiej. T. 1—28. Warszawa, 1961—94;
Рубанова И.И. Польское кино: Фильмы о войне и оккупации, 1945—1965. М., 1966;
Соболев Р.П. Встреча с польским кино. М., 1967;
Кушевский С. Современное польское кино: Пер. с пол. Варшава, 1978;
Historia filmu polskiego. T. 1—6. Warszawa, 1966—44;
Encyklopedia kultury polskiej XX wieku: Film. Kinematografia. Warszawa, 1994;
Podlaski K. (Skaradziński B.). Białorusini, Litwini, Ukraincy. Białystok, 1990;
Gomółka K. Białorusini w II Rzeczypospolitej. Gdańsk, 1992;
Mironowicz E. Białorusini w Polsce, 1944—1949. Warszawa, 1993;
Яго ж. Białorusini // Mniejszości narodowe w Polsce: Państwo i społeczeństwo polskie a mniejszości narodowe w okresach przełomów politycznych (1944—1989). Warszawa, 1998.
Герб і сцяг Польшчы.Да арт.Польшча. Вуліца Маршалкоўская ў Варшаве.Да арт.Польшча. Цэнтральная частка г. Катавіцы.Да арт.Польшча. Горад Закапанэ ў перадгор’ях Карпат.Да арт.Польшча. Ландшафт у цэнтральнай частцы краіны.Да арт.Польшча. Спуск на ваду новага судна на верфі ў г. Шчэцін.Да арт.Польшча. Курган Т.Касцюшкі ў Кракаве.Да арт.Польшча. Касцёл Дзевы Марыі (Марыяцкі) у Кракаве. 13 ст.Да арт.Польшча. Бізнес-цэнтр у Варшаве. 1991—93.Да арт.Польшча. Інтэр’ер ратушы ў Познані.Да арт.Польшча. Плошча Рынак у г. Замасць.Да арт.Польшча. Замак у Віснічу.Да арт.Польшча. Гандлёвыя рады «Сукеніцы» ў Кракаве.Да арт.Польшча. Касцёл Ушэсця Хрыста ў Варшаве. 1980—85.Да арт.Польшча. Я.Матэйка. Партрэт дачкі Беаты з канарэйкай. 1882.Да арт.Польшча. С.Выспянскі. Аўтапартрэт. 1902.Да арт.Польшча. Я.Мальчэўскі. Смерць Эленаі. 1907.Да арт.Польшча. Г.Стажэўскі. Фактурная кампазіцыя. 1930—31.Да арт.Польшча. Т.Цяслеўскі. Фантастычная Варшава. 1926.Да арт.Польшча. Вялікі тэатр у Варшаве.Да арт.Польшча. Кадр з кінафільма «Попел і дыямент» А.Вайды 1958.Да арт.Польшча. Кадр з кінафільма «Зямля запаветная» А.Вайды. 1975.Да арт.Польшча. Кадр з кінафільма «Патоп» Е.Гофмана. 1974.Да арт.Польшча. Кадр з кінафільма «Эскадрон» Ю.Махульскага. 1992.Да арт.Польшча. Калектыў «Каласкі» з Беластока ў час выступлення на V агульнапольскім фестывалі «Беларуская песня-98».Да арт.Польшча. Выданні Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. 1960-я г.