данавуковы кірунак развіцця хіміі; своеасаблівая з’ява культуры. Узнікла ў Егіпце (3—4 ст.н.э.), атрымала пашырэнне ў Зах. Еўропе (11—13 ст.). Гал. мэта — пошукі «філасофскага каменя» для ператварэння звычайных металаў у золата і серабро, атрымання эліксіру неўміручасці, універсальнага растваральніку і інш.
Тэарэт. ўяўленні алхіміі — перапляценне рэлігійна-містычных вучэнняў язычніцтва, хрысціянства, іудаізму і ант. філасофіі. На працягу шматвяковых спробаў іх практычнага ўвасаблення алхімікі адкрылі або ўдасканалілі спосабы атрымання мінер. і раслінных фарбаў, лек. сродкаў, шкла, эмаляў, металаў і іх сплаваў, кіслот, шчолачаў, соляў, а таксама распрацавалі прыёмы хім. аперацый (фільтраванне, перагонка, узгонка і інш.). На аснове назапашаных звестак у 17—18 ст. Пачалося станаўленне хіміі як навукі (працы Р.Бойля, М.В.Ламаносава, А.Лавуазье і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАМЕРЫ́Я (ад іза... + грэч. meros доля, частка) y хіміі, з’ява існавання злучэнняў (пераважна арган.) з аднолькавай малекулярнай формулай, але рознай структурнай і прасторавай будовай і таму рознымі фіз. і хім. ўласцівасцямі. Такія злучэнні наз. ізамерамі.
Адкрыта ням. хімікам Ю.Лібіхам (1823), які паказаў, што існуюць 2 розныя па ўласцівасцях рэчывы аднолькавага саставу: AgCNO — фульмінат Ag-O-N=C і ізацыянат Ag-N=C=O серабра. Тэрмін «І.» ўведзены швед. хімікам Ё.Берцэліусам (1830), які даследаваў вінную і вінаградную к-ты. Далейшае развіццё І. атрымала ў навук. працах А.М.Бутлерава, Я.Х.Гофа, Ф.А.Кекуле, А.Пастэра, У.Прэлага. Адрозніваюць структурную ізамерыю (асобны выпадак — таўтамерыя) і прасторавую ізамерыю (стэрэаізамерыю), якую падзяляюць на энантыямерыю (аптычную ізамерыю) і дыястэрэамерыю (асобны выпадак — геаметрычная ізамерыя). Гл. таксама Дыястэрэамеры, Стэрэахімія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФАРМІ́ЗМ (ад позналац. conformis падобны),
пасіўнае прыняцце існуючага парадку, пануючых у грамадстве думак, меркаванняў і інш.; беспрынцыпнае прыстасавальніцтва. К. азначае адсутнасць у асобы ўласнай пазіцыі, некрытычнае перайманне любых узораў, што валодаюць найб. сілай націску (меркаванне большасці, аўтарытэт, традыцыі і інш.). Аб’ектыўна К. як маральна-паліт.з’ява з’яўляецца вынікам паліт. бяспраўя людзей, дысбалансу правоў і абавязкаў дзяржавы і чалавека, бюракратычных органаў кіравання. Ступень К. асобы ў адносінах да групы залежыць ад комплексу аб’ектыўных сац. умоў (становішча індывіда ў групе, узровень агульнай і прававой культуры ў грамадстве і інш.) і суб’ектыўных індывід. асобасных фактараў (узровень інтэлектуальнага, культ. і маральна-этычнага развіцця асобы, устойлівасць самаацэнкі і інш.). Маральна-паліт. К. не трэба атаясамліваць з канформнасцю як псіхал. з’явай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГЛЫНА́ННЕ ГУ́КУ,
з’ява неабарачальнага пераходу энергіі гукавой хвалі ў інш. віды энергіі, напр., у цеплату. Залежыць ад прыроды, вязкасці, цеплаправоднасці і шчыльнасці асяроддзя, а таксама ад частаты гукавых ваганняў. Выкарыстоўваецца для даследаванняў унутр. структуры рэчываў, а таксама ў арх. акустыцы.
Калі праходжанне гуку парушае раўнаважны стан асяроддзя, П.г. павялічваецца з-за рэлаксацыйных працэсаў (гл.Рэлаксацыя акустычная) і суправаджаецца дысперсіяй гуку (гл.Дысперсія хваль). П.г. ў газах залежыць ад ціску ў газе; цеплаправоднасць і зрухавая вязкасць даюць прыкладна аднолькавы ўклад. У вадкасцях у асн. вызначаецца вязкасцю, у цвёрдых целах — унутр. трэннем і цеплаправоднасцю, а на высокіх частотах і пры нізкіх т-рах — рознымі працэсамі ўзаемадзеяння гуку з унутр. ўзбурэннямі ў цвёрдых целах (напр., фанонамі, электронамі праводнасці, спінавымі хвалямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМІТЫ́Ў (ад лац. primitivus першапачатковы, першабытны),
1) неразвітая, простая з’ява ў параўнанні з наступнымі, пазнейшымі з’явамі гэтага ж роду.
2) У мастацтве — твор мастацтва, які адносіцца да ранняга этапу развіцця маст. культуры і не мае прыкмет прафес. дасканаласці. Цікавасць да П. і вызначэнне яго якасцей (маст. цэласнасць і прастата вобразаў, непасрэднасць успрымання) з’явіліся ў 18—19 ст. у выніку яго проціпастаўлення «спеламу», «дасканаламу» мастацтву (грэч. высокая класіка 5 ст. да н.э., Высокае Адраджэнне). Да П. былі аднесены творы першабытнага мастацтва, грэч. архаіка, мастацтва этрускаў, сярэдневяковае мастацтва (да 16 ст.), афр. мастацтва. У 20 ст. тэрмін «П.» ужываўся пераважна да твораў інсітнага мастацтва, часам да ранняга італьян. Адраджэння (т. зв. італьянскія прымітывісты Анджэліка, С.Батычэлі, Ф.Ліпі, С.Марціні, Пізанела, П.Учэла і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́РМІ—ДЗІРА́КА СТАТЫ́СТЫКА,
фізічная статыстыка, якая апісвае ўласцівасці сістэм тоесных часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў), адна з квантавых статыстык. Прапанавана Э.Фермі (1926), у там жа годзе П.Дзірак высветліў яе квантавамех. сэнс.
Аснова статыстыкі — Фермі—Дзірака размеркаванне. Квантавы стан сістэмы характарызуецца хвалевай функцыяй, антысіметрычнай адносна перастановак каардынат і імпульсаў кожнай пары тоесных часціц. Паводле Ф.—Дз.с. ў кожным квантавым стане не можа быць больш за 1 часціцу (гл.Паўлі прынцып). З Ф.—Дз.с. вынікае магчымасць існавання квантавага выраджэння фермі-газу (гл.Выраджаны газ), аднак у адрозненне ад бозе-газу гэтая з’ява не звязана з фазавым пераходам. На падставе Ф.—Дз.с. тлумачацца фіз. ўласцівасці металаў і паўправаднікоў, а таксама з’явы звышправоднасці і звышцякучасці (гл.Купера эфект). Гл. таксама Бозе-Эйнштэйна статыстыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАПАЛЮ́К Аляксандр Пятровіч (н. 13.3.1925, в. Велікарыта Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1989), праф. (1990). Скончыў БДУ (1955). З 1956 у БДУ, з 1971 у НДІ прыкладных фіз. праблем (у 1971—91 заг. лабараторыі). Навук. працы ў галіне фіз. оптыкі і лазернай фізікі. Распрацаваў асновы сінтэзу танкаслойных пакрыццяў з зададзенымі ўласцівасцямі, атрымаў абагульненыя рашэнні ўраўненняў Максвела, даказаў магчымасць аптычнага ахаладжэння, рэзананснага паглынання святла (з’ява, адваротная лазернаму эфекту).
Тв.:
Электромагнитное поле внутри плоскопараллельного слоя в режиме резонансного поглощения // Докл.АНБССР. 1962. Т. 6. № 5;
Условия оптического охлаждения. Четырехуровневая модель // Оптика и спектроскопия. 1986. Т. 61, вып. 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧЫПО́ЎКАзвычайная
(Cobitis taenia),
рыба сям. ўюновых атр. карпападобных. Пашырана ў прэсных вадаёмах Еўропы (да 60°паўн. ш.) і Азіі. Насяляе ціхія мелкаводныя затокі і залівы з іліста-пясчаным грунтам, у які закопваецца. На Беларусі звычайны від. Нар. назвы каза, кусачка, сіколка, сякушка, точка.
Даўж. да 12 см. Цела падоўжанае, сціснутае з бакоў. Афарбоўка стракатая, светла-жоўтая, па баках — паласа бураватых ці чорных плям. Каля рота 6 кароткіх вусікаў. Пад вачыма высоўныя двухраздзельныя шыпы, якімі можа ўкалоць або ўшчыпнуць (адсюль назва). Характэрна поліплаідыя (ікра можа развівацца пры стымуляцыі спермай самцоў блізкароднасных відаў). У лічынак пасля вылуплівання развіваюцца вонкавыя жабры — рэдкая з’ява для прэснаводных рыб. Корміцца дробнымі воднымі беспазваночнымі. Выкарыстоўваецца як прынада пры лоўлі драпежных рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАМАГНІ́ТНАЯ ІНДУ́КЦЫЯ,
з’ява ўзнікнення электрарухальнай сілы (эрс індукцыі) у праводным контуры, які знаходзіцца ў пераменным магн. полі або рухаецца ў пастаянным магн. полі. Эл. ток, выкліканы эрс індукцыі, наз. індукцыйным. Адкрыта ў 1831 М.Фарадэем.
Паводле закону Фарадэя эрс Э.і. εi = −dΦ/dt, дзе dΦ — змена поўнага магнітнага патоку праз плошчу контуру за час dt (dΦ/dt — скорасць змены магнітнага патоку). Знак мінус вызначае напрамак індукцыйнага току ў адпаведнасці з Ленца правілам. У больш агульным сэнсе Э.і. вызначаецца як узнікненне пераменнага ў прасторы (т.зв. віхравога) эл. поля пры змене магн. поля ў часе, што адлюстравана ў 1-м Максвела ўраўненні. Э.і. шырока выкарыстоўваецца ў электра- і радыётэхн. прыладах і прыстасаваннях (генератарах, дроселях, трансфарматарах і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ву́ці-ву́ці-ву́ці ’падзыўныя словы для качак’ (мсцісл., З нар. сл.; гродз., Цых.) ’падзыўныя словы для гусей’ (віл., міёр., карэліц., зэльв., Шатал.). У аснове падзыўнога слова форма мн. л. ад назоўніка ву́ця дзіц. ’качка’; параўн. Смаль-Стоцкі, Приміт., 31; перанос падз. слова на гусей — другасная з’ява, параўн. вут-вут-вут (гл.).