ГАЙДУ́ЗЕК ((Gajdusek) Даніэл Карлтан) (н. 9.9.1923, г. Іонкерс, ЗША),
амерыканскі педыятр, вірусолаг і эпідэміёлаг. Чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў, Нац.АН ЗША, Амерыканскай акадэміі неўралогіі. Скончыў Рочэстэрскі ун-т (1943). З 1949 у Гарвардскім ун-це, у 1954 — у Пастэраўскім ін-це ў Тэгеране, у 1955—57 у Ін-це мед.даследаванняў у Мельбурне, з 1958 у Нейралагічным цэнтры Нац. ін-та здароўя (ЗША). Навук. працы па вірусалогіі, эпідэміялогіі, педыятрыі, генетыцы і эвалюцыі чалавека ў ізаляваных папуляцыях. Стваральнік вучэння пра павольныя вірусныя інфекцыі чалавека (хваробы з працяглым інкубацыйным перыядам і пашкоджаннем ц. н. с.). Нобелеўская прэмія 1976 (разам з Б.Бламбергам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУЛЬБЕ́КА ((Dulbecco) Рэната) (н. 22.2.1914, г. Катандзара, Італія),
італа-амерыканскі вірусолаг. Чл.Нац.АН ЗША, замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва і Італьянскай нац.АН. Праф. (1954). Скончыў Турынскі ун-т (1936, Італія). З 1947 у ЗША у Індыянскім ун-це, з 1949 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це, з 1963 і з 1977 у Солкаўскім ін-це біял.даследаванняў, з 1972 нам. дырэктара Лонданскага дзярж. аб’яднання лабараторый па даследаванні рака. Навук. працы па даследаванні механізмаў узаемадзеяння анкагенных вірусаў, якія маюць ДНК, з нармальнымі клеткамі. Эксперыментальна даказаў, што ДНК віруса пранікае ў геном клеткі і становіцца яго часткай. Нобелеўская прэмія 1975 (разам з Д.Балтымарам і Х.М.Тэмінам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯГНАСТЫ́ЧНЫ ЦЭНТР,
медыцынская ўстанова, якая ажыццяўляе абследаванне насельніцтва на аснове канцэнтрацыі і выкарыстання найноўшых сродкаў і метадаў дыягностыкі. Забяспечвае неабходны аб’ём і ўзровень дыягностыкі, комплексную кансультацыю спецыялістаў любога профілю. Структура Д.ц.: кансультацыйнае аддзяленне і 6 дыягнастычных — лабараторна-дыягнастычнае (праводзяцца біяхім., імуналагічныя, мікрабіял. і інш. даследаванні), эндаскапічнае (вызначаецца стан унутр. полых органаў — страўніка, жоўцевага пузыра, бронхаў і інш.), функцыян. дыягностыкі (даследаванні сэрца і сасудаў), ультра-гукавых даследаванняўунутр. органаў, прамянёвай дыягностыкі з камп’ютэрнай тамаграфіяй, клінічнай патамарфалогіі. На Беларусі першы Д.ц. адкрыты ў 1989 у Мінску.
А.В.Таўкачоў.
Дыягнастычны цэнтр у Мінску. 1. Ультрагукавое даследаванне сэрца. 2. Камп’ютэрнае даследаванне галаўнога мозга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РДНЕР ((Gardner) Джон Чэмплін) (21.7.1933, г. Батэйвія, штат Нью-Йорк, ЗША — 14.9.1982),
амерыканскі пісьменнік, гісторык літаратуры, мастак. Аўтар раманаў «Уваскрэсенне» (1966), «Дыялогі з Сонечным» (1972), «Нікелевая гара» (1973), «Кастрычніцкае святло» (1976), «У гарах Самазабойства» (1977), «Кніга Фрэдзі» (1980), «Здані Мікельсана» (1982), аповесцей (зб. «Стараіндыйская абарона», 1974), апавяданняў (зб. «Мастацтва жыць», 1981, і інш.), літаратуразнаўчых даследаванняў. У сваіх творах сцвярджаў гуманіст. ідэалы, маральныя каштоўнасці, прыгажосць натуральнасці і годнасці асобы. Значную ўвагу аддаваў праблемам псіхалогіі і філасофіі пісьменніцкай працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́СЕР ((Gasser) Герберт Спенсер) (5.7.1888, г. Платвіл, ЗША — 11.5.1963),
амерыканскі фізіёлаг. Чл. Нацыянальнай АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Праф. фармакалогіі (1921) і фізіялогіі (1931). Скончыў Вісконсінскі ун-т (1910) і ун-т Дж.Хопкінса ў Балтымары (1915). Вучань Дж.Эрлангера. З 1915 ва ун-це Дж.Вашынгтона ў Сент-Луісе, з 1931 у Корнелскім ун-це (штат Нью-Йорк). З 1935 дырэктар, з 1953 ганаровы дырэктар Ракфелераўскага ін-та мед.даследаванняў у Нью-Йорку. Даследаваў біяэлектрычныя патэнцыялы з дапамогай электроннага асцылографа. Навук. працы па электрафізіялогіі нерв. валокнаў і нерв. клетак. Ганаровы чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Нобелеўская прэмія 1944 (разам з Эрлангерам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕЎ (Мацвей Мацвеевіч) (26.11.1826, г. Вятка, Расія — 22.4.1866),
рускі астраном, адзін з пачынальнікаў астрафіз. даследаванняў. Скончыў Казанскі ун-т (1847). З 1850 у Пулкаўскай астр. абсерваторыі, з 1852 пам. дырэктара Віленскай астр. абсерваторыі. Адзін з першых наладзіў сістэм. фатаграфаванне паверхняў Сонца і Месяца з мэтай даследавання астрафіз. з’яў. Выдаваў першы ў Расіі часопіс па дакладным прыродазнаўстве «Вестник математических наук», пераклаў на рус. мову 3-і («астранамічны») том «Космасу» А.Гумбальта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
тэхнічныя сродкі для гідралагічных назіранняў. Бываюць аўтам. (самапісцы) і неаўтам., кантактныя і некантактныя, дыстанцыйныя. Гідралагічныя прылады агульнага прызначэння: вадамерныя рэйкі і самапісцы ўзроўню вады (вымярэнне ўзроўню вады), паверхневыя і глыбінныя паплаўкі, гідраметрычныя вяртушкі (вызначэнне скорасці і напрамку цячэння, расходу вады), водныя і глыбакаводныя тэрмометры, хвалямерныя вехі, лёда- і шарошамерныя рэйкі, лоты і рэхалоты (вымярэнне глыбіні). З дапамогай спец. белага дыска вызначаюць празрыстасць і колер вады, батометрам бяруць пробы вады і наносаў. Для замераў выпарэння выкарыстоўваюць выпаральнікі вільготнасці глебы — вільгацямеры, для рэчышчавых даследаванняў — прафілографы, гідрадынамометры і інш. У цяжкадаступных месцах абсталёўваюць аўтам. гідралаг. станцыі, якія вядуць вымярэнні па зададзенай праграме, перадаюць інфармацыю ў гідраметцэнтр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСТА́Т (ад гідра...+грэч. statos нерухомы),
1) падводны апарат для выканання даследаванняў і інш. работ. Спускаюць на кабель-тросе з судна-базы. Прызначэнне і метады эксплуатацыі такія, як батысферы, аднак гідрастат разлічаны на меншыя глыбіні.
2) Гідрастат у тэхніцы — устаноўка для гідрастатычнага прасавання парашковых матэрыялаў. Парашок засыпаюць у капсулу, дзе яго вібраўшчыльняюць, вакуумуюць і герметызуюць. Капсулу змяшчаюць у спец. кантэйнер, і парашок прасуецца з дапамогай рабочай вадкасці пад ціскам да 1500 МПа (пры халодным прасаванні; пры гарачым — да 500 МПа). Выкарыстоўваецца для папярэдняга ўшчыльнення парашкоў (халоднае прасаванне) перад газастатычным прасаваннем; атрымання з парашкоў бессітаватых гатовых вырабаў або загатовак для аб’ёмнага (гарачага) прасавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЗНА́ЎСТВА І АГРАХІ́МІІ ІНСТЫТУ́Т(Навукова-даследчае дзяржаўнае прадпрыемства «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі») Акадэміі аграрных навук.
Засн. ў 1958 у Мінску на базе аддзела глебазнаўства і лабараторыі фізікахіміі глеб і радыеактыўных ізатопаў Бел.НДІ земляробства (з 1927), лабараторыі тарфяна-балотных глеб Бел.НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі (з 1930) як Бел.НДІ глебазнаўства. У 1969—96 Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі. Асн. кірункі навук.даследаванняў: вывучэнне глебавага покрыва Беларусі і распрацоўка навук. асноў павышэння ўрадлівасці глеб, аховы іх ад воднай і ветравой эрозіі, забруджвання; распрацоўка сістэм выкарыстання мінер. макра- і мікраўгнаенняў пад с.-г. культуры; займаецца пытаннямі аграхім. абслугоўвання сельскай гаспадаркі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАГЕАГРА́ФІЯ,
кірунак даследаванняў у галіне біял. навукі, сумежнай паміж генетыкай і біягеаграфіяй. Сфармулявана сав. вучоным А.С.Сераброўскім ў 1928—29. Вывучае генетычную гетэрагеннасць прыродных папуляцый і на гэтай аснове генетычную структуру папуляцыі, раскрыццё механізмаў фарміравання, падтрымання і змянення гэтай структуры, што стала пачаткам вывучэння генетыкі папуляцый у прасторы, а таксама выяўленне геагр. пашырэння і, па магчымасці, частот алеляў, адказных за асн. прыкметы і ўласцівасці пэўнага віду арганізмаў. Генагеаграфія высвятляе прычыны пашырэння алеляў. Мае практычнае і прыкладное значэнне пры вызначэнні генафондаў свойскіх жывёл і культ. раслін як адной з асноў пароднага і сартавога раянавання і селекцыі, а таксама ў генетыцы чалавека, асабліва ў мед. генетыцы.