шалупі́нне, ‑я, н., зб.

1. Шалупіны. Проста на стол была насыпана бульба ў шалупінні, ад якой ішла пара. Арабей. // Адходы пасля ачысткі пладоў, бульбы і пад. Кожную суботу на ішаку.. [гаспадар] прыязджаў па шалупінне да нашай кухні. Даніленка. Як і на вялікдзень, на Юр’я фарбуюць яйкі. У адным чыгунку Ганьчына маці парыць шалупінне ад цыбулі. Васілевіч.

2. перан.; чаго або якое. Што‑н. непатрэбнае, лішняе, што не мае ніякага значэння, з’яўляецца знешнім прыкрыццём чаго‑н. [Міцкевіч] адкідаў бруд і шалупінне папоўскіх нагавораў. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

элега́нтны, ‑ая, ‑ае.

Зграбны, прыгожы, вытанчаны. На.. [Маі] было элегантнае паліто, у руках чорная сумачка. Ярашэвіч. Цяпер на Сіліцкім быў даволі элегантны плашч, на галаве капялюш, на нагах моцныя чаравікі. Арабей. З пакоя выйшла Зося.. У добра скроеным сінім плацці, з двух’яруснай прычоскай-куклай, расчырванелая, яна мела амаль элегантны выгляд. Шамякін. // З густам, прыгожа адзеты; які трымае сябе галантна, далікатна. У белых кашулях і бліскучых чаравіках элегантныя салісты выконвалі лёгкія эстрадныя песенькі аб каханні, сяброўстве, вернасці — на ўсе тэмы, якія толькі цікавяць людзей. Гаўрылкін.

[Фр. élégant.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падыхо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падыходзіць — падысці (у 1, 4 знач.).

2. Месца, па якім набліжаюцца, падыходзяць да чаго‑н. Падыход да мосцікаў перагароджваў калючы дрот. Карпаў. Шматслойны агонь адсякаў падыходы да рэк і водных каналаў. «Звязда».

3. Сукупнасць спосабаў, прыёмаў разгляду чаго‑н., адносін да каго‑, чаго‑н. Крытычны падыход да справы. □ Размысловіч упэўнены, што чалавек у сваёй аснове добры і толькі трэба знайсці падыход да яго. Арабей. У.. камандзіра атрада быў адзін падыход да ўсіх — грубавата-паблажлівы. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазахо́дзіцца, ‑ходзіцца; ‑ходзімся, ‑ходзіцеся, ‑ходзяцца; зак.

Разм.

1. Дайсці да самай высокай ступені праяўлення якога‑н. пачуцця, стану і пад. — пра ўсіх, многіх. Колькі ні было моладзі, усе аж пазаходзіліся, смеючыся. Дубоўка. // (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Анямець — пра ўсё, многае. Пазаходзіліся пальцы ад холаду.

2. Памерці — пра ўсіх, многіх. [Ніна:] — Памучылася маці з .. [дзецьмі] за вайну, як яны там з голаду не пазаходзіліся. Арабей. [Паўлісе] таксама пара на сваю ферму: каб хаця дзяўчаты не забылі паналіваць вады куранятам, а то пазаходзяцца ад смагі — гарачыня такая!.. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мале́ча, ‑ы, ж.

Разм.

1. зб. Маленькія дзеці, жывыя істоты; драбната, драбяза. Малеча і старыя.. з дня ў дзень снавалі па лесе з лазовымі каробкамі і кошыкамі. Мележ. У школе дзевяцікласнікі не вельмі сябравалі з сямікласнікамі. Лічылі сямікласнікаў малечай. Арабей. Дзятлава малеча ў голым дупле на пацярусе і стружках вырастае. Клышка.

2. Маленькае дзіця, дзіцяня. Але глядзі, чаму не спіць малеча? Чаму з калыскі цягне ручаняткі? Дзяргай. Пашчыпваючы свае, яшчэ не па гадах залацістыя вусы, .. [конюх] гаварыў замілавана: — Малеча... А які конь, брат, вырасце! Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лаві́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; заг. лавіруй; незак.

1. Рухацца пад парусамі супраць ветру, мяняючы напрамак судна; плысці з частымі пераменамі курсу ў абход падводных скал, мелей, ільдзін і пад. З затону ў мора выйшаў першы сейнер, Лавіруючы ўмела паміж крыг. Звонак.

2. Рухацца не прама, а зігзагамі, абмінаючы перашкоды. Машына абганяла фурманкі, лавіравала паміж грузавікоў, даючы кароткія сігналы. Мікуліч.

3. перан. Умела выходзіць з цяжкага становішча, ухіляцца ад чаго‑н. Вінаваты .. [у няўдачы] быў і няўжыўчывы характар Хадасевіча, гэты хлопец ніколі не ўмеў лавіраваць і заўсёды ішоў напралом. Арабей.

[Ад гал. laveeren.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ліхама́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Хваравіты стан, які суправаджаецца гарачкай і дрыготкай. Прастудная ліхаманка.

2. Разм. Малярыя, трасца. — Прыходзіла цётка Рамэ, — сказаў Хоці. — Яна гаварыла, што ў цябе ліхаманка і табе трэба хіна... Арабей.

3. перан. Узбуджаны, трывожны стан; празмерна паспешлівая, гарачкавая дзейнасць. Біржавая ліхаманка. □ Ніхто нічога не ведаў,.. і кардон калаціла ліхаманка трывогі і жаху. Караткевіч.

•••

Балотная ліхаманка — тое, што і малярыя.

Жоўтая ліхаманка — вострая заразная хвароба, якая распаўсюджана ў трапічных краінах.

Крапіўная ліхаманка (уст.) — тое, што і крапіўніца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нічо́га 1,

гл. нішто ​1 (у 1 знач.).

нічо́га 2,

1. прысл. Тое, што і нішто ​2 (у 1 знач.). Жывецца мне нічога.

2. безас. у знач. вык. Хоць бы што, не шкодзіць. Усе даўно стаміліся, а яму нічога.

3. у знач. пабочн. Неістотна, не мае значэння; абыдзецца. — [Васіль:] — Калі пачаць усё расказваць, дык і жыцця не хопіць, .. я і так вас затрымаў, адарваў ад кампаніі. — Нічога, нічога, — адказвае жанчына, — расказвайце. Арабей. — Нічога, знойдзем, — прамовіў дзядзька і павёў хлопца назад у лес. — Шапка — не іголка, знойдзем... С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надрукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што і без дап.

1. Узнавіць тэкст, лічбы, малюнкі і пад. друкарскім спосабам. Надрукаваць загаловак у газеце вялікімі літарамі. // Напісаць або перапісаць што‑н. на пішучай машынцы. Надрукаваць даведку. Надрукаваць рукапіс.

2. Змясціць у друку; выдаць. Сёлета Толя скончыў трэці курс літаратурнага аддзялення універсітэта.. Адзін яго нарыс днямі надрукавала абласная газета. Брыль. Рыгор памятае, як радаваўся ён, калі надрукаваў у часопісе невялічкі раздзел са сваёй дысертацыі. Арабей.

3. Аддрукаваць усё або частку чаго‑н. Надрукаваць збор твораў пісьменніка. Надрукаваць 10 старонак рукапісу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Паштовая картка для адкрытага пісьма; паштовая картка з якім‑н. малюнкам. [Юзік:] Напісаў я табе з дарогі адну паштоўку, ды, мусіць, яна не дайшла да цябе. Крапіва. У пралёце стаялі сталы з раскладзенымі на іх кнігамі, сшыткамі, школьнымі дзённікамі, маляўнічымі паштоўкамі. Карпаў. — Цяпер пабудаваны новы горад. Ды я магу вам паштоўкі паказаць, у мяне акурат ёсць з відамі Мінска. Арабей. // Разм. Фатаграфічная картка такога памеру. [Дошка гонару] была невялікая памерам, і фотакарткі на ёй таксама былі невялікія — звычайныя паштоўкі. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)