МІ́ЛЕР ((Miller) Глен) (1.3.1904, г. Кларында, ЗША — 16.12.1944),
амерыканскі трамбаніст, аранжыроўшчык, кіраўнік джаз-аркестраў. У 1924—26 вучыўся ва ун-це Каларада, у 1932—35 удасканальваўся ў Дж.Шылінгера (кампазіцыя, аранжыроўка). З 1921 іграў у джаз-аркестрах. У 1935 разам з Р.Ноўблам арганізаваў аркестр, вядомы т.зв. мілераўскім гучаннем (увёў кларнет і тэнарсаксафон у актаву, паміж партыямі якіх размешчаны партыі інш. інструментаў групы язычковых духавых). У 1938 стварыў уласны аркестр, сусветна вядомы пасля ўдзелу ў кінафільме «Серэнада сонечнай даліны» (1941) з яго музыкай. З 1942 з арганізаваным ім Аркестрам ВПС выступаў на фронце і па радыё. Яго творчасці прысвечаны фільм «Гісторыя Глена Мілера» (1954).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ЙТРА, Нёйтра (Neutra) Рыхард Іозеф (8.4.1892, Вена — 16.4.1970), амерыканскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры. Скончыў Вышэйшыя тэхн. школы ў Вене (1917), вучыўся ў Цюрыху (1918—23). У 1921—22 супрацоўнічаў з Э.Мендэльзонам у Берліне. З 1923 жыў у ЗША, працаваў з Ф.Л.Райтам. Асэнсоўваючы вопыт еўрап.функцыяналізму і амер.арганічнай архітэктуры, вял. значэнне надаваў сувязі збудаванняў з наваколлем, будаваў свабодныя паводле аб’ёмнай кампазіцыі дамы з выкарыстаннем жалезабетону, шкла і стальнога каркаса. Асн. работы: Жардынет-апартментс (1927), Лоўэл-хаўс (1927—29) у Лос-Анджэлесе, дом Каўфлана, т.зв. асабняк у пустыні (1946—47) у Палм-Спрынгсе; школы павільённага тыпу, пасёлкі з ізаляванымі трансп. патокамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РКЕР ((Parker) Чарлі) (Чарлз Крыстафер; псеўд.Бёрд; Bird; 29.8.1920, г. Канзас-Сіці, штат Місуры, ЗША — 12.3.1955),
амерыканскі джазавы музыкант, выканаўца на альт-саксафоне, кампазітар. Па паходжанні афраамерыканец. З 1935 выступаў з рознымі джазавымі калектывамі, адначасова ў квінтэце Дж.Гілеспі, з 1947 са створаным ім квінтэтам; іграў і са стр. аркестрам. Яго імправізацыі вызначаліся віртуознасцю, развітым рытмавым і дынамічным мысленнем, асаблівасцямі гуказдабывання і фразіроўкі, што надавала яго выкананню асіметрычнасць і неардынарнасць. Стварыў (разам з Гілеспі) джазавы стыль бібоп («Салёны арахіс», «Звычайная вышыня», 1945). Сярод інш.найб. вядомых кампазіцый: «Цяпер пара», «Канфірмацыя», «Сюіта хатняй птушкі», «Арніталогія»; канцэртны альбом «Квінтэт года» (разам з Гілеспі, 1953) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁРСЕЛ ((Purcell) Эдуард Мілс) (30.8.1912, г. Тэйларвіл, ЗША — 7.3.1997),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1951), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1950). Скончыў Перд’ю ун-т (1933). У 1938—40 і з 1946 у Гарвардскім ун-це (з 1949 праф.). Навук. працы па атамнай, малекулярнай і ядз. фізіцы, біяфізіцы, астрафізіцы. Адкрыў ядзерны магнітны рэзананс (1946; незалежна ад Ф.Блоха). Прапанаваў тэорыю ядз.магн. рэлаксацыі (1948; разам з Н.Бломбергенам, Р.Паўндам). Выявіў выпрамяненне нейтральнага міжзоркавага вадароду на даўж. хвалі 21 см (1951). Нобелеўская прэмія 1952 (разам з Блохам).
Тв.:
Рус.пер. — Электричество и магнетизм. 2 изд. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́СЛІ ((Presley) Элвіс) (8.1.1935, г. Цьюпела, штат Місісіпі, ЗША — 16.8.1977),
амерыканскі эстрадны спявак, гітарыст, кінаакцёр. На сцэне з 1950-х г. Стварыў індывідуальны вакальны стыль, які ўвабраў у сябе паўд.-амер. блюзы, рэліг. песнапенні, музыку кантры. Найб. уплывовы выканаўца рок-н-рола. Экстравагантнасць паводзін, эмацыянальна раскаваны выканальніцкі стыль зрабілі П. кумірам моладзі. Здымаўся ў кіно (больш за 30 фільмаў), у т. л. «Пакахай мяне пяшчотна» (1956), «Каханне да цябе», «Турэмны рок» (абодва 1957), «Двайныя непрыемнасці» (1967). Пра творчасць П. пастаўлены дакумент. фільмы («Элвіс — так гэта адбываецца на самай справе» (1970), «Элвіс у турнэ» (1972), «Гэта Элвіс» (1981), маст. фільм «Элвіс — кіно» (1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БСАН ((Robeson) Поль) (9.4.1898, г. Прынстан. штат Нью-Джэрсі, ЗША — 23.1.1976),
амерыканскі спявак (нізкі бас), драм. акцёр, грамадскі дзеяч. Скончыў Калумбійскі ун-т (1923). З 1921 выступаў як драм. акцёр у амер. і англ. т-рах (лепшая роля — Атэла у аднайм. п’есе У.Шэкспіра; 1930). У 1925 дэбютаваў як спявак. Выканаўца негрыцянскіх і амер.нар., антыфаш. і антываен. песень, песень пратэсту; у рэпертуары былі песні народаў СССР і сав. кампазітараў. Здымаўся ў кіно. Чл.Сусв. Савета Міру (1950). Міжнар. прэмія Міру 1950. Міжнар. Ленінская прэмія 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́РЫ (Homaridae),
сямейства дзесяціногіх марскіх ракаў. 36 відаў. Водзяцца ў Атлантычным ак. і ў злучаных з ім морах. Нагадваюць рачных ракаў, але большыя памерамі. Найб. вядомыя: еўрапейскі амар (Homarus gammarus), даўж. да 65 см, маса да 11 кг; амерыканскі амар (H. americanus), даўж. да 63 см, маса 15 кг; нарвежскі амар (Nephrops norvegicus), даўж. да 32 см, маса 7 кг.
Жывуць на скалістым, камяністым або жвірыстым грунце. Удзень хаваюцца сярод камянёў, ноччу кормяцца малюскамі і інш. беспазваночнымі. Характэрна наяўнасць магутных клюшняў на першай пары хадзільных ног, наступныя 2 пары з клюшнямі меншых памераў. Растуць павольна, жывуць да 50 гадоў. Палавой спеласці дасягаюць на 6-м годзе. Далікатэс, аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭХАПЛО́ДНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
дрэвавыя расліны, якія даюць плады пад агульнай назвай арэхі — ядомыя і пажыўныя ядры ў сухой дравяністай абалонцы. Да іх належаць: арэхі (грэцкі, маньчжурскі, пекан і інш.), ляшчына, фундук, міндаль, каштан, бук, дуб, кедравая хвоя сібірская (кедр сібірскі), фісташка, макадамія (аўстралійскі арэх), берталецыя (бразільскі, ці амерыканскі, арэх) і інш. Арэхаплодныя культуры вырошчваюць для атрымання пладоў (ядры арэхаў маюць да 77% тлушчу, да 22% бялкоў) і драўніны (ідзе на сталярныя і такарныя вырабы), як дэкаратыўныя (для зялёнага будаўніцтва). Жалуды дубоў нарыхтоўваюць для вырабу сурагату кавы. Амаль усе арэхаплодныя культуры ў дзікарослым стане растуць на вялікіх плошчах. На Беларусі пашыраны ляшчына звычайная, дубы звычайны і скальны, некаторыя віды арэхаплодных культур інтрадукаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́КСАН ((Jackson) Майкл) (н. 29.8.1958, г. Гэры, штат Індыяна, ЗША),
амерыканскі рок-спявак і кампазітар. Прафес. выступленні пачаў у 1969 у складзе сямейнай групы «Пяцёрка Джэксанаў» (з 1975 наз. «Джэксаны»), першы сольны «хіт» выканаў у 1971 («Павінен быць тут»). З 1979 супрацоўнічаў са студыяй кампазітара і аранжыроўшчыка К.Джонсана. Сярод найб. вядомых альбомаў: «Са сцяны» (1979), «Трылер» (1982), «Дрэнны» (1987), «Небяспечны» (1991), шматлікія пласцінкі-«сінглы», у т. л. «Білі Джын» (1983). Найб. дасягненне Дж. як кампазітара — песня «Мы — гэта свет» (1985, разам з Л.Рычы), у запісе якой удзельнічалі многія зоркі сусв. музыкі. Яго відэа- і канцэртныя выступленні вылучаюцца экспрэсіяй, пластычнасцю, прадуманай харэаграфіяй, уражвальнымі рэжысёрскімі вырашэннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ДАРД ((Goddard) Роберт) (5.10.1882, г. Вустэр, штат Масачусетс, ЗША — 10.8.1945),
амерыканскі вучоны, адзін з заснавальнікаў ракетнай тэхнікі. Скончыў Вустэрскі політэхн.ін-т (1908). З 1914 ва ун-це Кларка (г. Вустэр; з 1919 праф.). У 1942—45 дырэктар Даследчага авіяц. бюро пры мін-ве ВМФ ЗША. Навук. працы па тэорыі касманаўтыкі, стварэнні і выкарыстанні вадкасных ракет. Аўтар 214 патэнтаў на вынаходствы ў галіне ракетнай тэхнікі. Правёў першы ў свеце запуск ракеты з вадкасным ракетным рухавіком (1926). Імя Годарда прысвоена амер. Цэнтру касм. палётаў НАСА і кратэру на Месяцы. Кангрэс ЗША заснаваў медаль Годарда за дасягненні ў галіне ракетабудавання (1959).